23.05.2019 / FIUV

Пазіцыя № 28. “Малітва за юдэяў у Вялікую пятніцу”🕑 19 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 28: МАЛІТВА ЗА ЮДЭЯЎ У ВЯЛІКУЮ ПЯТНІЦУ Ў НАДЗВЫЧАЙНАЙ ФОРМЕ

У фармаце PDF

Гэтая Пазіцыя мае тры дадаткі, даступныя толькі ў файле PDF. Просім прабачэння за нязручнасці.

Кароткі змест: У 2008 г. Папа Бенедыкт XVI ўклаў новую малітву “Pro conversione Iudaeorum”, якая павінна выкарыстоўвацца ў літургіі Вялікай пятніцы ў надзвычайнай форме рымскага абраду. Просьбу аб навяртанні юдэяў, якая выказваецца ў гэтай малітве, трэба разумець у эсхаталагічным кантэксце і ў ключы Паўлавай, патрыстычнай і сучаснай тэалогіі, якая кажа пра супольнае навяртанне юдэяў на апошнім этапе гісторыі. Менавіта такім чынам апошнія афіцыйныя дакументы пагаджаюць універсальнае місіянерскае пасланніцтва Касцёла з абставінамі сённяшняга дня, калі ў кантэксце халакосту мова пра накіраваную місію ў дачыненні да юдэйскага народа мова не ідзе.

1. Малітва “Pro conversione Iudaeorum”, адна з orationes sollemnes ва ўрачыстай літургіі Вялікай пятніцы, на працягу многіх гадоў выклікала спрэчкі. Сёння адпаведнасць выкарыстанай у ёй лексікі зноў ставіцца пад пытанне. У гэтай Пазіцыі мы прыводзім гістарычны і тэалагічны кантэкст гэтай малітвы і абараняем яе карэктнасць пры ўмове правільнага разумення.

Развіццё гэтай малітвы да 2008 года

2. Дзевяць урачыстых малітваў з літургіі Вялікай пятніцы належаць да найбольш стара­жытнага слоя рымскіх літургічных тэкстаў і паходзяць, верагодна, з ІІІ ст. [1] Даследчык літургіі бл. Ільдэфонса Шустэр кажа пра гэтыя малітвы:

Прамаўляючы малітву такой шанаванай старажытнасці, мы, здаецца, уваходзім у больш цесныя духоўныя адносіны з тымі раннімі пакаленнямі мучанікаў і вызнаўцаў веры, якія карысталіся тымі самымі словамі да нас і так атрымлівалі ласкі, неабходныя для таго, каб адпавядаць свайму высокаму пакліканню і сведчыць пра сваю веру ўласнай крывёю [2].

3. Гэты шэраг малітваў з’яўляецца цэласным як па характары, так і па сваёй мэце. Ён ахоплівае розныя групы асобаў у Касцёле і па-за ім [3]. Да рэформы Вялікага тыдня ў 1956 г. малітва за юдэяў адрознівалася ад іншых просьбаў тым, што не ўключала ў сябе ўкленчванне.

4. Гэтыя малітвы заставаліся нязменнымі да самых апошніх часоў [4]. У Дадатку В абмяркоўваецца тая версія малітвы за юдэяў, якая выкарыстоўвалася да 1956 г., і яе рубрыкі. Падрабязная сучасная гісторыя гэтай малітвы разглядаецца ў Дадатку А.

5. У 2008 г. Папа Бенедыкт XVI замяніў старажытны тэкст малітвы за юдэяў новым тэкстам. Крытыка, выказаная ў адрас тэкста Бенедыкта XVI, датычыцца таксама таго тэкста, што быў заменены. Сэнс гэтых тэкстаў неабходна разглядаць у святле тэалогіі Айцоў Касцёла, якая развівалася ў часы стварэння арыгінальнай малітвы, а таксама ў святле апошніх настаўніцкіх дакументаў. Паколькі гэта вялікая тэма, наш аналіз будзе па неабходнасці кароткім.

Айцы Касцёла і Сярэднявечча

6. Цэнтральнае пытанне заключаецца ў сэнсе просьбы аб навяртанні юдэяў у старажытнай малітве і малітве 2008 года. Тэалагічным кантэкстам у дадзеным выпадку з’яўляецца кансэнсус Айцоў па гэтым пытанні, заснаваны на вучэнні св. Паўла [5]. Св. Грыгорый Вялікі дае тыповы прыклад:

…надыдзе дзень, калі Ён [Хрыстус] дасць пазнаць сябе таксама і Сінагозе. Гэта, несумненна, здарыцца напрыканцы часоў [6].

Эсхаталагічны акцэнт малітвы за юдэяў падкрэсліваецца тым, што яны згадваюцца там як супольнасць (“гэты народ”, “illius populi”) [7].

7. Яшчэ адзін элемент патрыстычнага погляду бачны ў св. Аўгустына. Ён надаваў вялікае значэнне працягу існавання юдэйскай супольнасці ў вернасці закону Майсея:

Нявер’е юдэяў зрабілася выключнай карысцю для нас, так што тыя, хто не прымае гэтыя праўды ў сваё сэрца дзеля свайго дабра, тым не менш трымаюць у сваіх руках дзеля нашай карысці тыя пісанні, у якіх гэтыя праўды заключаны [8].

8. Такім чынам, нам не абыякавае непрыняцце юдэямі Евангелля: з аднаго боку, іхняга навяртання трэба аддана чакаць у святле набліжэння Другога прыйсця, а з іншага боку, іхняе часовае нявер’е надае больш верагоднасці тым прадказанням Хрыста, якія яны захоўваюць у сваіх пісаннях. На гэтым грунце сфарміраваўся тэалагічны фундамент для практычнай палітыкі талерантнасці і любові да юдэяў, хоць часам Айцы Касцёла выказваліся пра іхняе нявер’е моцнымі словамі.

9. Такую пазіцыю ўхваляў сам св. Грыгорый Вялікі [9]. Яна была паўторана таксама пазней з прычыны гвалту ў дачыненні да юдэяў у кантэксце крыжовых паходаў [10]. Зрабіў гэта Папа Калікст ІІ ў сваёй буле Sicut Iudeis (1210) [11]. У ёй Папа пагражаў экскамунікай усім, хто скрадзе маёмасць юдэяў, будзе перашкаджаць іхнім рэлігійным набажэнствам і прымушаць іх да хросту. У 1146 г. св. Бернард з Клерво, “апошні з Айцоў”, паўтарыў асуджэнне нападаў на юдэяў, выказанае св. Аўгустынам, назваўшы іх “жывымі словамі Пісання” і “жывымі сведкамі нашага адкуплення” [12].

10. Аднак гэты афіцыйны супраціў гвалту ў дачыненні да юдэяў быў пастаўлены пад пытанне ў ХІІІ ст. Так, у 1238 г. Нікаля Данін [13] нападаў на Талмуд, сцвярджаючы, што ён уводзіць юдэяў у памылку і блюзнерства, і падрываючы меркаванне, што юдэі даюць сведчанне праўдзе [14]. У наступныя стагоддзі рэлігійныя кнігі юдэяў забіралі для праверкі і знішчэння (часам па загадзе Папы), набажэнствы ў сінагогах перапынялі, члены рэлігійных ордэнаў рабілі спробы агрэсіўнага празелітызму, у многіх еўрапейскіх краінах ладзіліся масавыя высылкі і нават шукалася тэалагічнае апраўданне для гвалтоўнага хросту [15].

11. Трэба падкрэсліць, што ў гэтым трагічным перыядзе гісторыі Касцёла вінаватая не тэалогія Айцоў Касцёла, з якой паходзіць малітва за юдэяў, а якраз яе адкіданне. На працягу ўсяго гэтага перыяду рабіліся спробы абараніць погляд Айцоў Касцёла (перадусім гэта рабіў св. Тамаш Аквінскі) і аспрэчыць заявы Даніна пра Талмуд [16], прычым гэтае аспрэчванне было канчаткова прынята пасля Трыдэнцкага сабору [17] насуперак поглядам Марціна Лютэра [18]. Менавіта патрыстычны, тамістычны і трыдэнцкі погляд у спалучэнні з пазнейшым Магістэрыем, які мы разгледзім у наступным раздзеле, з’яўляецца пастаянным вучэннем Касцёла, дае правільны кантэкст, у якім неабходна інтэрпрэтаваць малітву за юдэяў з гістарычнага і тэалагічнага пункту гледжання, і мае аўтарытэтны характар для каталікоў, прывязаных да надзвычайнай формы.

Другі Ватыканскі сабор і пазнейшыя часы

12. Другі Ватыканскі сабор выказаўся пра адносіны з юдэямі ў дагматычнай канстытуцыі Lumen gentium, 16 і дэкларацыі Nostra aetate, 4, зрабіўшы гэта ў адпаведнасці з вучэннем Айцоў Касцёла. Дэкларацыя Nostra aetate выказвае эсхаталагічную надзею на навяртанне юдэяў:

Разам з прарокамі і гэтым Апосталам Касцёл чакае таго дня, вядомага толькі Богу, калі ўсе народы звернуцца да Пана адным голасам і будуць служыць Яму аднадушна (пар. Саф 3:9) [19].

У той жа час канстытуцыя Lumen gentium пацвярджае місію Касцёла:

Таму, каб паспрыяць хвале Божай і іхняму збаўленню, Касцёл старанна клапо­ціцца аб развіцці місій, памятаючы наказ Пана: “Абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16:16) [20].

13. Малітва за юдэяў у літургіі Вялікай пятніцы ў звычайнай форме рымскага абраду просіць аб тым, каб яны змаглі дасягнуць “паўнаты адкуплення”. Паколькі ў ёй не ўдакладняюцца сродкі іх збаўлення [21], гэта выклікала дыскусіі, у якіх некаторыя сцвярджалі, што сродкам збаўлення для юдэяў сёння з’яўляецца Стары Запавет. Але іншыя малітвы ў звычайнай форме рымскага абраду сфармуляваны зразумела. У Нешпарах Велікоднай нядзелі ёсць малітва, якая кажа: “Няхай Ізраэль прызнае ў Табе свайго Месію”. Іншыя прыклады прыводзяцца ў Дадатку Б [22]. Патрыстычны погляд на гэтую справу, пра які мы казалі вышэй (6–8), праілюстраваны таксама ў многіх фрагментах Святога Пісання, якія выкарыстоўваюцца ў Гадзіне чытанняў у звычайнай форме.

14. Сэнс гэтых малітваў не павінен здзіўляць, бо яны адлюстроўваюць тое, што Бог жадае збаўлення кожнага [23], а таксама тое, што хрысціяне жадаюць вяртання Пана ў хвале [24]. У малітве Алену, якую штодзённа выкарыстоўваюць артадаксальныя юдэі, гучыць просьба аб адкіданні ідалапаклонства і прызнанні Адзінага Бога. Адказваючы на крытыку малітвы за юдэяў 2008 года, рабін Якаб Нойснер заўважыў пэўную паралель:

Каталіцкая малітва праяўляе той самы дух альтруізму, якім характарызуецца вера юдаізму [25].

15. Афіцыйныя дакументы Апостальскай сталіцы па неабходнасці пастаянна асуджалі погляд, што юдэі могуць быць збаўлены інакш, як толькі праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста [26]. Нядаўняя заява Камісіі па рэлігійных адносінах з юдэямі ясна выказалася пра гэта:

Тэорыя, згодна з якой могуць існаваць два розныя шляхі збаўлення, юдэйскі шлях без Хрыста і шлях з Хрыстом, за якога хрысціяне лічаць Езуса з Назарэта, фактычна можа паставіць пад пагрозу асновы хрысціянскай веры. Вызнанне ўніверсальнага, а таму таксама выключнага збаўчага пасрэдніцтва Езуса Хрыста належыць да асноваў хрысціянскай веры [27].

Крытыка малітвы 2008 года

16. Крытыка малітвы за юдэяў 2008 года звязана з трыма яе аспектамі [28]. Па-першае, крытыцы было падвергнута выкарыстанне лексікі, звязанай з “асвятленнем”, якая нібыта намякае, што юдэі на цяперашні момант знаходзяцца ў стане цемры. Такую крытыку, аднак, цяжка абараніць, улічваючы, што гэтая фраза паўтарае выраз св. Паўла (2 Кар 4:3-6) [29]. Само ж па сабе выкарыстанне Паўлам жывой і часам жорсткай мовы працяг­вае традыцыю прарокаў Старога Запавету і нашага Пана.

17. Па-другое, некаторыя крытыкі, здаецца, не прымаюць таго, што ўсялякае збаўленне здзяйсняецца праз Хрыста [30]. Як было заўважана вышэй, Касцёл ніколі не прызнае абгрунтаванасць такой крытыкі, бо яна цэліць у самае сэрца хрысціянскай веры.

18. Па-трэцяе, застаецца пытанне місіі ў дачыненні да юдэяў. Тут асаблівае значэнне мае гістарычны кантэкст. Дыскусіі наконт адносінаў з юдэямі, якія з новай сілай разгарэліся з прычыны Другога Ватыканскага сабору, мелі месца ў кантэксце халакосту, з-за якога выжыванне юдэйскага народа аказалася пад пагрозай, які ніколі ў гісторыі. Хуткая асіміляцыя некаторых юдэйскіх супольнасцяў пасля Другой сусветнай вайны можа здавацца накіраванай на той жа вынік ужо пры дапамозе негвалтоўных сродкаў. Сістэматычныя спробы навярнуць юдэяў у хрысціянства ў выпадку сваёй паспяховасці таксама могуць разглядацца як падобная пагроза [31].

19. У святле вучэння Айцоў Касцёла пра ролю юдэяў у гісторыі збаўлення нельга назваць апраўданым погляд, што малітва за юдэяў 2008 года або яе аналагі ў ранейшых Імшалах рымскага абраду маюць на ўвазе рэалізацыю сістэматычнага праекту па знішчэнні юдаізму. Айцы Касцёла, а таксама св. Павел перад імі і св. Тамаш Аквінскі пасля іх, разлічвалі, што нехрысціянская юдэйская супольнасць будзе працягваць сваё існаванне да апошніх дзён, і надзялялі яе важнай сімвалічнай роляй на працягу гэтага часу, а таксама на апошнім этапе гісторыі. Трэба падкрэсліць, што такое чаканне згаджаецца з універсальным місіянерскім пасланніцтвам Касцёла, з навяртаннем да хрысціянства паасобных юдэяў, а таксама з чаканнем поўнага навяртання юдэяў, звязанага з жаданнем вяртання Хрыста ў славе.

20. Касцёл павінен прызнаць успрымальнасць сённяшняй эпохі ў перыяд пасля халакосту. Ён таксама павінен заставацца верным місіі, даверанай яму Хрыстом, Яго Галавою. Калі паглядзець лагічна, то рэалізацыя “мэтанакіраванага празелітызму” не вынікае з універсальнага місіянерскага паклікання Касцёла, таму што Касцёл не можа рабіць націск адначасова на ўсе групы людзей. Было б разумна браць пад увагу гістарычныя, палітычныя і культурныя фактары і выбіраць, куды скіроўваць свае місіянерскія высілкі. Правільным адказам на крытыку малітвы за юдэяў, з улікам дакументаў, працытаваных у папярэднім раздзеле, з’яўляецца далейшае тлумачэнне вучэння Касцёла, а не спробы паддацца ціску і схаваць гэтае вучэнне [32].


[1] Josef Jungmann, “The Mass of the Roman Rite”, New York: Benzinger Brothers, 1955, т. І, с. 481–482. Юнгман адзначае, што ў гэтых малітвах, “рэха якіх адгукаецца ў першым стагоддзі, мы маем агульную малітву Касцёла ў дакладна той фармуліроўцы, у якой яна выконвалася… з трэцяга стагоддзя”. Зноскі тлумачаць выраз пра рэха ў першым стагоддзі цытатай са св. Клімэнта Рымскага, “Ad Corinth.”, 59–61, дзе прыводзіцца спіс малітоўных просьбаў, які ўражвае сваім падабенствам на orationes sollemnes. Юнгман тлумачыць, што гэтыя малітвы першапачаткова прамаўляліся на працягу ўсяго года. Гл. таксама выд. Philip Goddard, “Festa Paschalia”, с. 174 і далей. Англіканскі даследчык Дж. Г. Уіліс адзначаў, што калекты напісаны рытмічнай прозай (т. зв. cursus), якая выкарыстоўвалася з IV да VII стст., а просьбы, што ідуць перад імі — з большага не. Адпаведна, на яго думку, просьбы маглі быць укладзены да IV ст. (G. G. Willis, “The Solemn Prayers of Good Friday” у выд. “Essays in Early Roman Liturgy”, London, SPCK: 1964, с. 1–48, с. 45–47).

[2] Bl. Ildefonso Schuster, “The Sacramentary (Liber Sacramentorum): Historical and Liturgical Notes on the Roman Missal”, англ. выд.: London: Burns & Oates, 1925, перакл. Arthur Levelis-Marke, т. II, с. 211.

[3] Канкрэтна выкарыстоўваюцца наступныя малітвы: “Pro Sancta Ecclesia” (за святы Касцёл), “Pro Summo Pontifice” (за Вярхоўнага Пантыфіка), “Pro Omnibus ordinibus gradibusque fidelium” (за ўсе станы і ступені вернікаў), “Pro res publicas moderantibus” (за кіраўнікоў), “Pro catechumenis” (за катэхумэнаў), “Pro fidelium necessitatibus” (у патрэбах вернікаў), “Pro unitate Ecclesiae” (аб еднасці Касцёла, г. зн. за ерэтыкоў і схізматыкаў), “Pro conversione Iudaeorum” (аб навяртанні юдэяў) і “Pro conversione infidelium” (аб навяртанні язычнікаў).

[4] У 1956 г. старажытная малітва за імператара была адаптавана да кіраўнікоў дзяржаў. На працягу стагоддзяў яна прамаўлялася за імператара Святой Рымскай імперыі, а затым за імператара з дынастыі Габсбургаў. Пасля 1918 г. яна не выкарыстоўвалася. Перагледжаная малітва (“Pro res publicas moderan­tibus”) выкарыстоўвала выразы з малітвы за імператара і іншай калекты з сакрамэнтарыя Льва Вялікага “Auxiliare, domine temporibus nostris” (“Mohlberg Sacramentarium Veronense”, 1966, с. 64, № 480).

[5] На працягу ўсёй гісторыі тэалагічнага абмеркавання цэнтральную ролю адыгрывалі словы св. Паўла ў Пасланні да Рымлянаў (11:25-29): “…упартасць ахапіла Ізраэль часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў. І так увесь Ізраэль збавіцца, як напісана: “Прыйдзе з Сіёна Вызваліцель і адверне бязбожнасць ад Якуба. Гэта запавет Мой з імі, калі забяру грахі іхнія”. Паводле Евангелля — яны ворагі праз вас; а паводле выбрання — умілаваныя з прычыны айцоў. Бо дары і пакліканне Божае нязменныя!”

[6] Св. Грыгорый Вялікі, “Каментарый на кнігу Ёва”. Гл. таксама св. Аўгустын, “Пытанні пра Евангеллі Мацвея і Лукі”, кн. 2, пыт. 33. У гэтым пытанні абмяркоўваецца прыпавесць пра марнатраўнага сына: “Ён [старэйшы брат] злуецца нават і цяпер і ўсё яшчэ не жадае ўвайсці. Таму, калі ўвойдзе паўната язычнікаў, яго бацька выйдзе ў адпаведны час, каб увесь Ізраэль таксама мог быць збаўлены  ”. Св. Ян Дамаскін, “Дакладны выклад артадаксальнай веры”, кн. 4, 26: “Будуць жа пасланыя Энох і Ілля Фесвіцянін, і яны схіляць сэрцы бацькоў да дзяцей, гэта значыць сінагогу да нашага Пана Езуса Хрыста і да прапаведавання апосталаў”. Такое разуменне таксама ляжыць у аснове каментарыя св. Беды на кнігу Тобія.

[7] У паралельных малітвах за ерэтыкоў і схізматыкаў, а таксама за язычнікаў такога няма.

[8] На англ. мове цыт. па выд. Steven Boguslawski, OP, “Thomas Aquinas on the Jews”, New York, NY: Paulist Press, 2008, с. 68.

[9] Св. Грыгорый ухваляў навяртанне юдэяў пры ўмове, што яно рабілася не пад прымусам. Ён загадаў, каб ім дазволілі свабодна і без перашкод адзначаць свае святы, а таксама забараніў разбураць сінагогі дзеля будавання касцёлаў, прадпісваючы, каб там, дзе гэта ўжо адбылося, юдэйскай супольнасці кампенсавалі страту яе ўласнасці, а іх святыя кнігі, калі яны былі канфіскаваныя, вярнулі. Гл. R. A. Markus, “Gregory the Great and His World”, Cambridge: Cambridge University Press, 1997, с. 76–80.

[10] Таксама ў межах гвалту супраць юдэяў прымалася заканадаўства, якое абавязвала іх зарабляць сабе на жыццё банкаўскай справай і ліхвярствам, што выклікала негатыўныя пачуцці да іх.

[11] Гэтая була таксама вядомая пад назвай “Канстытуцыя юдэяў”.

[12] Ліст св. Бэрнарда да англічанаў, цыт. па выд. Boguslawski, op. cit., с. 22.

[13] Нікаля Данін з Ла-Рашэль быў юдэем, які навярнуўся ў хрысціянства і стаў францысканцам.

[14] Іншы канвертыт з юдаізму, дамініканец з Манпелье Поль Крысцьен развіваў падобную тэалагічную лінію атакі на папярэдні кансэнсус, абвінаваціўшы юдэяў у забойстве Бога (у 1269 ці 1270 г.) і зрабіўшы выснову, што “яны заслугоўваюць быць забітымі, і гора тым стварэнням, якія церпяць іх”. Гэтую аргументацыю разбурыў у сваім каментарыі на 1 Кар 2:8 св. Тамаш Аквінскі. Гл. David Decosimo “Ethics as a Work of Charity”, Stanford CA: Stanford University Press, 2014, с. 25.

[15] Сцвярджэнне, што нягледзячы на антысемітызм папярэдняга стагоддзя ХІІІ стагоддзе стала часам заўважнага пагаршэння ўмоў для еўрапейскіх юдэяў у сувязі з крытыкай ранейшага кансэнсусу наконт іхняй ролі ў гісторыі збаўлення, выказана ва ўплывовым даследаванні Jeremy Cohen, “The Friars and the Jews: A study in the development of medieval anti-Semitism”, Ithaca NY: Cornell University Press, 1982. Меркаванне Коэна, што св. Тамаш Аквінскі браў удзел у гэтай крытыцы, было абвергнута пазнейшымі даследаваннямі (гл. Boguslawski, op. cit., Decosimo, op. cit.). У абарону прымусовага хросту выступаў Дунс Скот, які толькі сімвалічна прызнаваў патрыстычны погляд на значэнне навяртання юдэяў перад Другім прыйсцем і прапаноўваў дазволіць групе юдэяў жыць на востраве ў поўнай ізаляцыі ад хрысціянскай супольнасці. Гл. Henry A. Krop, “Duns Scotus and the Jews: Scholastic theology and forced conversion in the 13th century”, Netherlands Archief voor Kerkgeschiedenis 69 (1989), с. 161–175.

[16] Перадусім трэба назваць працу дамініканца Рамона Марці “Pugio fidei”, апублікаваную каля 1270 г.

[17] Кангрэгацыя Індэкса патрабавала толькі таго, каб была выдалена вельмі невялікая колькасць вершаў, якія згадваюць нашага Пана. Гэтая пастанова азначала, што, па меркаванні Касцёла, Талмуд можна было свабодна друкаваць і распаўсюджваць. Гл. John Lamont “Why the Jews are Not the Enemies of the Church”, Homiletic and Pastoral Review, 6 сакавіка 2014 года, http://www.hprweb.com/2014/03/why-the-jews-are-not-the-enemies-of-the-church

[18] Сфарміраваныя погляды Марціна Лютэра на юдэяў выкладзены ў ягоным трактаце “Пра юдэяў і іхнюю хлусню” (“Von den Jüden und iren Lügen”, 1543). Лютэр не толькі аспрэчвае шчырасць юдэяў і іхняй рэлігіі, але і прапануе разбураць іхнія сінагогі, высяляць і нават забіваць іх. У 1998 г. Лютэранская царква Баварыі выдала заяву, у якой адмежавалася ад поглядаў Лютэра: “Надзвычай важна, каб Лютэранская царква, якая абавязана працам і традыцыі Марціна Лютэра, сур’ёзна паставілася таксама да яго антыюдэйскіх прамоваў, усвядоміла іх тэалагічную функцыю і асэнсавала іх наступствы. Яна павінна адмежавацца ад усялякага антыюдаізму ў лютэранскай тэалогіі” (“Хрысціяне і юдэі: дэкларацыя Лютэранскай царквы Баварыі”, 24 лістапада 1998 года).

[19] Дэкларацыя пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій Nostra aetate, 4: “Una cum Prophetis eodemque Apostolo Ecclesia diem Deo soli notum expectat, quo populi omnes una voce Dominum invocabunt et “servient ei humero uno” (Soph 3,9)”.

[20] Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 16: “Qua propter ad gloriam Dei et salutem istorum omnium promovendam, Ecclesia, memor mandati Domini dicentis: “Praedicate evangelium omni creaturae” (Mc 16,15), missiones fovere sedulo curat”.

[21] Просьба ў малітве 1970 года амаль ідэнтычная той, што была ўведзена цягам прамежкавай рэформы ў 1965 годзе, аднак калекта была зменена: у версіі 1965 года гучала просьба, каб юдэі “прызналі Езуса Хрыста, нашага Пана, Адкупіцелем усіх людзей” (гл. Дадатак А).

[22] Гл. таксама Дз 4:5-12. Св. Пётр як юдэй, які звяртаецца да юдэяў (да першасвятароў і іх сем’яў), кажа ім, што “няма іншага імя [акрамя імя Езуса Хрыста] пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне” (“Et non est in alio aliquo salus nec enim nomen aliud est sub caelo datum hominibus in quo oportet nos salvos fieri”.).

[23] Напрыклад: “Жыву Я, — кажа Госпад Бог, — не хачу смерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад дарогі сваёй і жыў” (Эзх 33:11, БТ). “Так няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з тых малых” (Мц 18:14). “Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння” (2 П 3:9). “[Бог] хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды” (1 Цім 2:4).

[24] Напрыклад, аб гэтым заклікае малітва Панская ў просьбе “прыйдзі Валадарства Тваё” (Мц 6:10; Лк 11:2), а таксама вокліч “Марана-та”, “Прыйдзі, Пане Езу!” (1 Кар 16:22; Ап 22:20; Дзідахэ 10:6).

[25] Die Tagespost, 23 лютага 2008 года, http://chiesa.espresso.repubblica.it/articolo/193041?eng=y.

[26] Камісія па рэлігійных адносінах з юдэямі, “Заўвагі пра карэктны спосаб прадстаўлення юдэяў і юдаізму ў прапаведаванні і катэхізацыі ў Рымска-каталіцкім Касцёле” (1985), 7: “На моцы сваёй боскай місіі Касцёл, які з’яўляецца “паўсюднай прыладай збаўлення”, бо “паўнату збаўчых сродкаў можна атрымаць” толькі ў ім (Unitatis redintegratio, 3), “павінен па сваёй прыродзе абвяшчаць Езуса Хрыста свету” (пар. Інструкцыі і прапановы [па рэалізацыі саборнай дэкларацыі Nostra aetate], I). Сапраўды, мы верым, што менавіта праз Яго мы прыходзім да Айца (пар. Ян 14:6), “а вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста” (Ян 17:3).

Езус пацвярджае (там жа, 10:16), што “будзе адзін статак і адзін пастыр”. Таму Касцёл і юдаізм няможна разглядаць як два паралельныя шляхі збаўлення, і Касцёл павінен даваць сведчанне Хрысту як Збаўцы кожнага, “у той самы час як найбольш сур’ёзна захоўваючы павагу да рэлігійнай свабоды ў адпаведнасці з вучэннем Другога Ватыканскага сабору (дэкларацыя Dignitatis humanae)” (Інструкцыі і прапановы, І)”.

Гл. таксама Кангрэгацыя дактрыны веры, дэкларацыя Dominus Iesus (2000), 13: “Менавіта з увагі на гэтае ўсведамленне адзінага і паўсюднага дару збаўлення, які паходзіў ад Айца праз Сына ў Духу (пар. Эф 1:3-14), першыя хрысціяне звярнуліся да Ізраіля, абвяшчаючы яму здзяйсненне збаўлення, якое пераступала Права”.

[27] Камісія па рэлігійных адносінах з юдэямі, “Дары і пакліканне Божае нязменныя (Рым 11:29): Разважанне над тэалагічнымі пытаннямі, звязанымі з хрысціянска-юдэйскімі адносінамі з нагоды 50-гадовага юбілею дэкларацыі Nostra aetate (№ 4)” (2015), 35.

[28] Версію малітвы, актуальную ў 1962 г., пачалі крытыкаваць у 2007 г., пасля публікацыі motu proprio Summorum Pontificum. Гэтая крытыка паходзіла ад пазакасцёльных груп, перадусім ад Антыдыфамацыйнай лігі ў ЗША, а таксама знутры. Публікацыя малітвы ў рэдакцыі Бенедыкта XVI ў 2008 г. прыпала незадоўга да пачатку Каталіцкага дня ў Германіі. Гэта важны сход нямецкамоўных каталікоў, які адбываецца кожныя два гады і ў 2008 г. праходзіў у Оснабруку. Некаторыя юдэйскія супрацоўнікі ў знак пратэсту адмянілі свой удзел у гэтым мерапрыемстве, а на самой падзеі гучала шмат крытычных галасоў, якія затым трапілі ў нямецкую прэсу. Гл. Hans Hermann Henrix, “The Controversy Surrounding the 2008 Good Friday Prayer in Europe: The Discussion and its Theological Implications”, Studies in Christian-Jewish Relations, т. 3 (2009). Пазней канферэнцыя біскупаў Англіі і Уэльса зацвердзіла заяву, у якой выказвалася крытыка малітвы Бенедыкта XVI: “Малітва 1970 года, якая цяпер выкарыстоўваецца ва ўсім Касцёле, фактычна просіць аб тым, каб юдэйскі народ працягваў узрастаць у любові Божага імя і ў вернасці Запавету — Запавету, які, згодна з ясным тлумачэннем св. Яна Паўла ІІ ў 1980 годзе, не быў адкліканы. Малітва ж 2008 года для выкарыстання ў надзвычайнай форме літургіі, наадварот, вяртаецца да просьбы аб навяртанні юдэяў у хрысціянства” (Канферэнцыя біскупаў Англіі і Уэльса, Рэзалюцыя наконт малітвы за юдэяў у Вялікую пятніцу, 24 лістапада 2015 года).

[29] “Калі ж і закрыта нашае Евангелле, то закрыта для тых, хто гіне, для няверуючых, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім не ззяла святло Евангелля славы Хрыста, які ёсць вобразам Бога”. (“Quod si etiam opertum est evangelium nostrum in his qui pereunt est opertum, in quibus deus huius saeculi excaecavit mentes infidelium ut non fulgeat illis illuminatio evangelii gloriae Christi qui est imago Dei”.)

[30] Напрыклад, дыскусійная група Центральнага камітэту нямецкіх каталікоў у адказ на дыскусіі, выкліканыя малітвай 2008 года, сцвердзіла, што “для юдэяў, якія не вераць у Езуса як у Месію, існуе збаўленне, таму што Бог заключыў з імі запавет”. Кардынал Каспер крытыкаваў гэтую фармуліроўку за тое, што яна намякае на магчымасць збаўлення па-за Хрыстом. Гл. Henrix, op. cit.

[31] Пар. Д-р Ёрам Хазоні, “What the Vatican Didn’t Say-and what It Did”, у блогу “Torah Musings”: “Вельмі вымоўна, што гэты сказ [“Дары і пакліканне Божае нязменныя”.] датычыцца хрысціянскага місіянерства як пагрозы існаванню юдэйскага народа “ў іхніх вачах” (г. зн. у вачах юдэяў). Касцёл усё яшчэ не можа інтуітыўна зразумець тое, што відавочна амаль для кожнага юдэя, а менавіта што юдэйская супольнасць, якая прыме хрысціянства, неадкладна знікне як дзеючая асоба юдэйскай гісторыі, падобна як і юдэйская супольнасць, якая прыме іслам, таксама дойдзе да свайго непасрэднага гістарычнага завяршэння”. http://www.torahmusings.com/2015/12/what-the-vatican-didnt-say-and-what-it-did/

[32] Абараняючы малітву за юдэяў версіі 2008 года, кардынал Вальтэр Каспер выказаў меркаванне наконт шчырасці ва ўсякім тэалагічным дыялогу: “Шчыры дыялог паміж юдэямі і хрысціянамі… магчымы, з аднаго боку, толькі на аснове супольнай веры ў адзінага Бога, Стварыцеля неба і зямлі, і ў абяцанні, дадзеныя Абрагаму і айцам; а з іншага боку, ва ўсведамленні і павазе фундаментальнай розніцы, якая заключаецца ў веры ў Езуса як у Хрыста і Адкупіцеля ўсіх людзей”, L’Osservatore Romano, 10 красавіка 2008 года. http://chiesa.espresso.repubblica.it/articolo/197381?eng=y.

Пакінуць каментар

Scroll Up