10.07.2018 / John O'Brien

№89. Цэлебрацыя Імшы: узнясенне святых постацяў🕑 2 хвілін

Як мы адзначылі, непасрэдна пасля кансэкрацыі Найсвяцейшае Цела нашага Пана высока ўздымаюць, каб людзі маглі пакланіцца яму. Да ХІ ст. у гэтай частцы Імшы не было ўзнясення: яно рабілася пазней, падчас малітвы “Omnis honor et gloria”, незадоўга да “Pater noster”. Сёння мы называем яго малым узнясеннем.

Цяперашняя дысцыпліна была ўведзена ў якасці ўрачыстага пратэсту супраць Берэнгарыя, які меў нахабства аспрэчваць транссубстанцыяцыю. Спачатку гэты звычай развіваўся ў Францыі, бо Берэнгарый паходзіў з гэтай краіны і быў архідыяканам Анжэ; з Францыі ён трапіў у Германію, а затым у іншыя краіны Еўропы, пакуль, нарэшце, не стаў устаноўленым у Касцёле законам, абавязковым для кожнага месца. Гэта, аднак, не азначае, што пры ўвядзенні новай дысцыпліны ўзнясення святых постацяў уздымаліся і Гостыя, і келіх. Доўгі час келіх не ўздымалі ўвогуле; след гэтай практыкі цяпер можна бачыць у картузіянцаў [1]. Узнясенне толькі адной постаці лічылася дастатковым, бо пад адной постаццю наш Пан знаходзіцца настолькі ж поўна, як і пад дзвюма. Аднак хутка пачалі ўздымаць і келіх, бо Дзюран, біскуп Мо, які памёр у 1296 годзе, згадвае пра гэтай у сваёй кнізе “Rationale Divinorum” (с. 265, № 52).

Што датычыцца спосабу ўзнясення, то звычаі адрозніваліся ў залежнасці ад месца. Некаторыя накрывалі келіх палай, як гэта і сёння робяць у масарабскім абрадзе.

Часам пытаюцца, ці існаваў ад пачатку нейкі звычай уздымаць святыя постаці. Усе згаджаюцца, што існаваў, аднак кардынал Бона кажа, што немагчыма ведаць дакладна, ці ўзносілі святыя постаці вышэй, чым гэта робіцца сёння пры малым узнясенні. У якасці папярэдніка нашай практыкі можна згадаць практыку старога закону, калі ахвяры ўздымалі пры ахвярапрынашэннях (Зых 29; Лев 7; 23).


[1] Картузіянцы ўзносяць келіх у звычайным месцы, як і мы, аднак робяць гэта не вышэй, чым мы падчас малога ўзнясення.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up