05.05.2018 / Te igitur

Cura pastoralis: чарговая петыцыя ў абарону каталіцкай веры🕑 2 хвілін

Група святароў просіць біскупаў свету і Папу Францішка “пацвердзіць вучэнне Хрыста” і выправіць “пры дапамозе поўнай улады свайго апостальскага служэння” памылковы падыход да хрысціянскага маральнага жыцця, які сёння часта сустракаецца і які наносіць шкоду тым, хто яму давярае.

У “Пастырскай просьбе да біскупаў аб апостальскім пацвярджэнні Евангелля“, падпісанай 22 красавіка 2018 года, у нядзелю Добрага Пастыра, святары тлумачаць, у чым заключаецца гэты памылковы падыход:

У сваёй базавай форме гэты памылковы падыход сцвярджае, што тыя асобы, якія здзяйсняюць аб’ектыўна дрэнныя ўчынкі, але суб’ектыўна лічаць сябе свабоднымі ад віны, дапускаюцца да прыняцця святой Камуніі. У больш развітай форме ён адмаўляе, што пэўны тып паводзінаў з’яўляецца заўсёды дрэнным, і сцвярджае, што ў некаторых абставінах такія паводзіны могуць быць найбольш рэалістычным дабром, якога можна дасягнуць, ці нават проста быць добрымі. Яшчэ больш крайні варыянт сцвярджае, што такія паводзіны можа ўхваліць ці прапанаваць Бог. Такім чынам, жыццё і маральнае вучэнне Хрыста прадстаўляюць як абстрактныя ідэалы, якія трэба падладжваць пад нашыя абставіны, а не як рэальнасць, ужо накіраваную на тое, каб ратаваць нас ад граху і зла ў любой сітуацыі.

Аўтары закліку не згадваюць канкрэтных прыкладаў рэалізацыі такога памылковага падыходу, аднак, несумненна, тут варта працытаваць восьмы раздзел апостальскай адгартацыі Папы Францішка Amoris laetitia. У параграфе 303 гэтага дакумента ў кантэксце “нестандартных” сужэнскіх сітуацый (эўфемізм для чужаложных саюзаў) гучаць якраз тыя самыя прапановы, супраць якіх выступаюць святары ў сваім закліку:

Зразумела, мы павінны заахвочваць да сталасці асветленага і сфарміраванага сумлення, якому спадарожнічае адказнае i сур’ёзнае разуменне пастыра, i прапанаваць штораз большы давер да ласкі. Аднак сумленне можа прызнаць не толькі тое, што дадзеная сітуацыя аб’ектыўна не адпавядае агульным пастулатам Евангелля, але можа таксама шчыра і сумленна прыняць тое, што ў дадзеную хвіліну з’яўляецца велікадушным адказам, які можна даць Богу, і адкрыць з нейкай маральнай упэўненасцю, што гэта дар, якога патрабуе сам Бог сярод канкрэтных складаных абмежаванняў, хоць гэта яшчэ не цалкам аб’ектыўны ідэал (AL 303, вылучэнне дададзена).

Датычнасць Amoris laetitia ва створанай петыцыі пацвердзіў карэспандэнту National Catholic Register Эдварду Пенціну адзін з падпісантаў петыцыі кс. Джэральд Мюрэй з архідыяцэзіі Нью-Ёрка. У інтэрв’ю ён таксама выказаў неспакой, што падобны памылковы погляд можа закрануць і іншыя грахі:

Калі каталікі, каб лічыцца годнымі прыняцця святой Камуніі, больш не абавязаны падпарадкоўваць сваё жыццё вучэнню Хрыста наконт неразрыўнасці сужэнства, тады падобны перагляд можа закрануць многія іншыя грахі. Гэта будзе катастрофа.

Каб прадухіліць распаўсюджванне гэтай памылкі, арганізатары звяртаюцца да біскупаў з просьбай фармальна пацвердзіць вучэнне Хрыста, не недаацэньваючы пастырскай каштоўнасці сваёй апостальскай падтрымкі і кіравання. Разам з тым, святары “ў братэрскім і сыноўскім духу” падаюць дзесяць пунктаў, на якія, як яны спадзяюцца, біскупы звернуць увагу ў сваім фармальным выпраўленні згаданых памылак.

Адначасова святары просяць прыняць гэтыя пункты як сведчанне веры, якую яны вызнаюць “у еднасці з Калегіяй біскупаў і яе галавою, біскупам Рыма”.

Арганізатары запрашаюць далучыцца да ініцыятывы таксама іншых святароў з усяго свету, падпісаўшы дадзены заклік і даслаўшы яго свайму біскупу для разважання.

Тэкст петыцыі апублікаваны на старонцы CuraPastoralis.org на англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, польскай, партугальскай і іспанскай мовах. На дадзены момант зварот падпісалі 160 святароў.

Ілюстрацыя: скрыншот са старонкі CuraPastoralis.org

Пакінуць каментар

Scroll Up