05.06.2019 / Te igitur

Апошні допіс на Te igitur🕑 2 хвілін

Англійскі пісьменнік Івлін Во сцвярджаў, што “празмерная зацікаўленасць свецкіх людзей справамі рэлігіі зазвычай з’яўляецца першай праявай вар’яцтва”. Час пакажа, ці дойдзе ажно да вар’яцтва, але ўжо цяпер празмерную зацікаўленасць прыйдзецца абмежаваць.

З практыкі вядома, што на секунду адарваць ад зямлі цяжкі мех бульбы проста, але гэта не мае сэнсу. Лепш няхай мех будзе лягчэйшы, але яго дасца нейкі час несці на дзясяты паверх. Таксама гераічна выглядала б пастанова маліцца чатыры часткі Ружанца штодзень. Але карысць будзе тады, калі пастанова будзе ў разы меншая, але працягнецца больш за адзін дзень. Карацей кажучы, лепш менш ды больш, чым больш ды менш. Або неяк так.

Блог “Te igitur” існуе з лютага 2016 года. За тры гады стала зразумела, што бліцкрыгу не будзе, а змаганне за традыцыйную лацінскую Імшу — гэта пытанне не высілку, а часу. Таму неабходна нейкім чынам перагрупіравацца, знізіць энергаспажыванне і падрыхтавацца да халоднай зімы. Бо, як кажа папскі Магістэрый, “час важнейшы за прастору” (Amoris laetitia, 3).

Што канкрэтна ў сувязі з гэтым зменіцца? Блог пяройдзе з платнага хостынгу на бясплатны хостынг WordPress. Гэта прывядзе да страты імя і рэдызайну, але дазволіць захоўваць больш за 500 існуючых допісаў на працягу бясконца доўгага часу, так што аўтар гэтых радкоў памрэ, а Ватыкан усё яшчэ будзе мець магчымасць аналізаваць апублікаваныя тэксты ў межах беатыфікацыйнага працэсу. Таксама знікнуць пэўныя прыгажосці і забаўкі, але ўсё неабходна для таго, каб выйсці на штогадовы кошт у BYN 0,00. Разам з тым застанецца галоўнае: магчымасць чытаць тэксты, прысвечаныя рымскай літургіі і каталіцкай традыцыі.

Калі казаць пра псіхалагічныя аспекты такога рашэння, то экзістэнцыяльныя пакуты прыходзяць кожны год у чэрвені. Менавіта ў гэты час правайдэр дасылае на пошту рахунак на чарговы тэрмін. І тады высвятляецца, што жаданне чытаць, пісаць і рыхтаваць матэрыялы для блога не залежыць ад актыўнасці чытачоў. (Бо праверана, што на “Te igitur” наведвальнасць ніяк не звязана з тым, ці выходзяць новыя матэрыялы.) А вось жаданне або нежаданне плаціць за хостынг абумоўлена якраз сацыяльным фактарам. Таму, калі разглядаць з гэтага боку, можна сказаць, што спроба зэканоміць звязана таксама з аб’ектыўнай статыстыкай блога. Добрая ж навіна ў тым, што тэксты выходзіць будуць нават тады, калі іх ніхто не будзе чытаць. Не будуць сёння — будуць заўтра. Vita brevis, ars longa, калі можна так сказаць.

Пасля такога доўгага ўступу дазвольце запрасіць на новы адрас:

https://scriptoriumnostrum.wordpress.com/

З гэтага часу ўсе артыкулы будуць выходзіць па новым адрасе. Што трэба зрабіць падпісчыкам, каб далей іх атрымліваць?

1. Калі вы даведваецеся пра новыя артыкулы праз сацыяльныя сеткі (Фэйсбук, VK) або Тэлеграм, рабіць нічога не трэба. Спасылкі на новыя артыкулы будуць прыходзіць, як і раней. З часам памяняюцца малюнкі і назвы, але змест застанецца той самы.

2. Калі вы чытаеце блог праз RSS, то трэба будзе падпісацца на новую стужку (RSS) і выдаліць старую.

3. Калі вы атрымлівалі паведамленні пра новыя артыкулы на e-mail, то далей, на жаль, мы гэтую функцыю падтрымліваць не будзем.

Рэгулярны выхад тэкстаў на “Scriptorium nostrum” пачнецца неўзабаве. Гэтая ж старонка дапрацуе да канца месяца і закрыецца.

Дзякуй усім, хто чытае, і да пабачэння.

Святы Гераніме, маліся за нас.

Пакінуць каментар

Scroll Up