16.05.2019 / FIUV

Пазіцыя № 27. “Традыцыя, рэформа і аднаўленне”🕑 16 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 27: ТРАДЫЦЫЯ, РЭФОРМА І АДНАЎЛЕННЕ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Аднаўленне старажытнай формы рымскага абраду пры алтарах нашых касцёлаў можа сустрэцца з крытыкай, заснаванай на двух аргументах: што такое аднаўленне супя­рэчыць духу рэформы, да якой заклікаў Другі Ватыканскі сабор, і што традыцыя мае на ўвазе неразрыўнасць, а не аднаўленне таго, што было страчана або адкінута. Што да першага пытання, то Сабор, у адпаведнасці з шматвекавой тэрміналогіяй настаў­ніцкага вучэння, увесь час выкарыстоўвае слова “аднаўленне” (“instauratio”), хоць яго таксама перакладаюць як “рэформа”. Каб адказаць на патрэбы сённяшняга дня, трэба заўсёды “аднаўляць”, вяртацца да традыцыі. Што датычыцца пытання традыцыі і неразрыўнасці, то Другі Ватыканскі сабор зноў жа паказвае, што вяртанне таго, што было адкінута, магчымае (“ad pristinam sanctorum Patrum normam”), і аднаўленне надзвычайнай формы да выкарыстання ў літургічным жыцці насамрэч з’яўляецца значна больш сціплым праектам, чым аднаўленне выкарыстання тэкстаў і абрадаў, звязанае з рэформай Вялікага тыдня ў 1955 г. і стварэннем Рымскага Імшала 1970 г.

1. Гэты артыкул разглядае два магчымыя аргументы супраць адраджэння надзвычайнай формы рымскага абраду: што такі праект супярэчыць духу рэформы, да якой заклікае Касцёл, асабліва Другі Ватыканскі сабор; і што такі праект супярэчыць прыродзе самой традыцыі, якая павінна толькі перадавацца, а не паўторна адкрывацца.

2. Для мэтаў гэтага артыкула неабходна правесці розніцу паміж паняццямі рэформы і аднаўлення і паасобнымі праектамі рэформы і аднаўлення. У гісторыі Касцёла было шмат такіх праектаў, як прапанаваных, так і рэалізаваных: адны былі арганізаваны Папамі ці саборамі, іншыя — паасобнымі біскупамі, рэлігійнымі настаяцелямі, рухамі і індывідуальнымі навукоўцамі. Гэтыя праекты могуць знаходзіцца ў пярэчанні адзін з адным, і кожны з іх трэба ацэньваць на падставе ўласных гістарычных і тэалагічных якасцяў. У гэтай серыі Пазіцый мы разглядалі мінулыя рэформы (такія як увядзенне Псалтыра Пія ХІІ [1] і рэформу Вялікага тыдня ў 1955 г. [2]) і самі прапаноўвалі некаторыя сціплыя рэформы (напрыклад, змены ў абавязковых святах [3] і дысцыпліне эўхарыстычнага посту [4]). Аднак дадзены артыкул мае на мэце не прывесці аргументы за ці супраць канкрэтных прапаноў, а праясніць самі паняцці рэформы і аднаўлення.

Instauratio: рэформа ці аднаўленне?

3. Пашырэнне надзвычайнай формы можна апісаць як вяртанне або аднаўленне традыцыі; сюды адносяцца і блізкія па мэце рухі, звязаныя з сакральнай музыкай, народнымі формамі пабожнасці, тэалагічнымі крыніцамі і г. д. Перадусім трэба разгледзець пытанне, наколькі рух аднаўлення з’яўляецца дарэчным у святле закліку да рэформы, які часта гучыць у Касцёле, а асабліва быў выказаны Другім Ватыканскім саборам. Іншымі словамі, аргумент заключаецца ў тым, што паняцці аднаўлення і рэформы супярэчаць адно адному.

4. У мове Касцёла, аднак, паміж гэтымі дзвюма ідэямі няма супярэчнасці. Наадварот, у канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію Sacrosanctum concil­ium і яе афіцыйным [беларускім] перакладзе мы бачым, што лацінскі назоўнік “instau­ratio” (і адпаведны дзеяслоў “instaurare”) перакладаецца як словам “аднаўленне”, так і словам “рэформа” [5]. Дзеясловы “restituere”, вяртаць [6], і “recognoscere”, які перакладаюць як “пераглядаць” або іншымі варыянтамі, часта выкарыстоўваюцца ў Sacrosan­ctum concilium для выказвання той жа ідэі.

5. Да змены якога кшталту тады заклікаюць гэтыя выразы? Канстытуцыя Sacrosanctum concilium тлумачыць гэта ў адпаведнасці са шматвекавым выкарыстаннем тэрмінало­гіі (гл. Дадатак), загадваючы, каб абрады:

…былі асцярожна і грунтоўна перагледжаны [recognoscantur] ў духу [mens] здаровай традыцыі, і каб ім была нададзена новая жыццёвасць у адпаведнасці з сённяшнімі абставінамі і патрэбамі [7].

Дзеяслоў “recognoscantur” у дадзеным выпадку азначае “быць правераным на аўтэн­тычнасць і дакладнасць”; варыянт “перагледжаны” можна зразумець няверна [8]. Як і “instauratio”, гэтае слова мае на ўвазе праверку таго, ці з’яўляецца штосьці карэктным і адпаведным святлу традыцыі.

6. Такім чынам, першаснай працоўнай ідэяй у дадзеным выпадку з’яўляецца ідэя аднаў­лення. Пераклад любога з гэтых тэрмінаў як “рэформа” з’яўляецца недакладным, уліч­ваючы тое значэнне, у якім зазвычай выкарыстоўваецца слова “рэформа”; “пераглядаць” і “перагляд” таксама знаходзіцца пад пытаннем [9]. “Instauratio” — гэта пошук сапраўднай, карэктнай і старой формы рэчаў з мэтай зноў зрабіць штосьці жыццёвым, надаўшы яму першасную мэту [10].

7. Важным прыкладам у Sacrosanctum concilium з’яўляецца instauratio грыгарыянскага спеву [11]; сярод іншых прыкладаў можна назваць згадку пра харызму заснавальнікаў як ключ да рэформы рэлігійнай супольнасці ці закона, пра што кажа дэкрэт Другога Ватыканскага сабору пра абнаўленне манаскага жыцця [12]; таксама сюды адносіцца акцэнт на вучэнні айцоў Касцёла, пра які кажа саборны дэкрэт пра фармацыю святароў [13]. Так ці інакш, “рэформа” з’яўляецца справай аднаўлення [14].

8. Зноў жа, калі справа даходзіць да канкрэтыкі, канстытуцыя пра святую літургію кажа:

…элементы, страчаныя цягам вякоў, неабходна вярнуць згодна з даўняй традыцыяй айцоў Касцёла, калі гэта будзе карысна ці неабходна [15].

9. Канкрэтныя прапановы канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра святую літур­гію Sacrosanctum concilium гістарычна прывялі да ўвядзення таго, што сёння вядома як звычайная форма рымскага абраду. Папа Бенедыкт XVI дазволіў выкарыстанне “па­пярэдняй літургічнай традыцыі” [16] ў якасці надзвычайнай формы рымскага абраду. Калі звычайная форма з’яўляецца адной спробай правесці instauratio рымскага абраду, то выкарыстанне надзвычайнай формы на сёння з’яўляецца іншай спробай аднаўлення выкарыстання абрадаў, якія мелі месца раней, у адпаведнасці з сённяшнімі патрэбамі. Мы не ставілі сабе за мэту разгледзець, наколькі правільныя літур­гічныя прынцыпы былі задзейнічаны ў першым і другім выпадку, як яны суадносяцца паміж сабою і які аўтарытэт маюць. Для цяперашніх мэтаў дастаткова ўстанавіць цэнтральны характар ідэі instauratio ў самасвядомасці Касцёла і яе пастаянную рэлевантнасць для развіцця літургіі.

Праблема парушэння неразрыўнасці

10. Этымалогія слова “традыцыя” (traditio) нагадвае нам, што традыцыя — гэта тое, што перадаецца. Паняцце традыцыі засноўваецца перадусім на тым, што кожнае пакаленне перадае наступнаму тое, што атрымала ад папярэдняга пакалення [17]. Instauratio, звязанае з пашырэннем даступнасці надзвычайнай формы, не проста імкнецца захаваць тое, што было перададзена нам нашымі бацькамі і настаўнікамі: яно ўключае ў сябе вяртанне тых рэчаў, якія на нейкі перыяд часу сапраўды былі страчаны або амаль страчаны. У гэтым, аднак, праяўляецца больш сціплая форма instauratio, чым у выпадку праектаў, арганізаваных Другім Ватыканскім саборам ці рэформай Вялікага тыдня 1955 года, калі да выкарыстання вярталіся абрады і тэксты, якія цалкам выпалі з выкарыстання не на дзесяцігоддзі, а на стагоддзі.

11. У сваёй энцыкліцы Mediator Dei (1947) Папа Пій ХІІ заклікае да асцярожнасці тых, хто імкнецца да аднаўлення рэчаў, страчаных у аддаленых стагоддзях, указваючы на тое, што арганічнае развіццё літургіі ў Сярэднявеччы і пазней было справай Божага провіду [18]. Тым не менш, аднаўленне традыцыі з распаду або няправільнага развіцця, несумненна, не забараняецца, і існуюць важныя прэцэдэнты такіх праектаў.

12. Першы і найбольш радыкальны прыклад — гэта аднаўленне традыцыі нашым Панам у Евангеллях. Наш Пан крытыкуе фарысеяў: “Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй” [19]; зноў жа, наконт разводаў Ён кажа: “Аднак спачатку так не было” [20]. Адкідаючы ў адным выпадку людскую традыцыю, а ў другім выпадку паслабленне [21], наш Пан вяртае сапраўдную традыцыю.

13. Такая апеляцыя да найбольш старажытных элементаў традыцыі насуперак практы­цы многіх стагоддзяў належыць Валадарству, устаноўленаму нашым Панам; яна становіцца магчымай дзякуючы Ягонай уладзе. Радыкальнае аднаўленне такога кшталту не заўсёды магчымае без падобнай улады, а беспамылковасці Касцёла зазвычай дастаткова для таго, каб зрабіць такое аднаўленне непатрэбным.

14. Да другой катэгорыі, менш радыкальнай з пункту гледжання працягласці разрыву, але больш складанай у дэталях, належыць аднаўленне храмавага культу, запісанага ў Старым Запавеце, пасля перыядаў вераадступніцтва і замежнай акупацыі [22]. Гэта важны прыклад instauratio, пададзены ў запісаных апавяданнях [23]. Мерапрыемствы па аднаўленні былі неабходнымі і тэрміновымі з-за таго факту, што храмавы культ і ін­шыя правілы былі прадпісаны Божым правам.

15. У часы Касцёла мы бачым, як адны літургічныя практыкі і тэксты, што выкарыстоў­ваюцца ў дадзеным месцы, падвяргаюцца ўплыву іншых або замяняюцца імі, калі першыя з іх лічацца скажонымі або нейкім чынам горшымі. Сярод прыкладаў можна назваць уплыў рымскай літургіі на тэрыторыях франкаў у VIII ст. [24] і ўплыў германскіх літургічных практык у Рыме ў Х ст. [25]

16. Да трэцяга тыпу instauratio належыць тое, што многія кансэкраваныя асобы імкнуцца вярнуць сваім ордэнам дух заснавальнікаў, ад якога гэтыя ордэны паступова адыхо­дзілі, або, напрыклад, аднаўленне грыгарыянскага спеву ў Салемскім абацтве ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. [26]

17. Цікава адзначыць, што салемскі даследчык спеву а. Жазэф Пацье надаваў вялікае значэнне не толькі надзейнасці нотных манускрыптаў. Ён таксама непасрэдна дбаў пра каштоўнасць грыгарыянскага спеву ў сваім уласным асяроддзі, разважаючы, якім чынам можна было б лёгка і прыгожа выконваць спеў, і імкнучыся разгледзець у спеўнай практыцы сваіх дзён “нязначнае рэха магутнай традыцыі” [27]. Такое аднаў­ленне не было пазбаўлена памылак [28], аднак спроба яго прадпрыняць была неабходнай для таго, каб багацці спеўнай традыцыі зрабіліся даступнымі Касцёлу ва ўсёй сваёй паўнаце.

Заключэнне

18. Instauratio, прадстаўленае пашырэннем цэлебрацыі надзвычайнай формы, з’яўляецца прыкладам пошуку ў скарбніцы Касцёла новых і старых рэчаў, якія могуць быць карыснымі для вернікаў і евангелізацыйнай місіі Касцёла [29].

19. З практычнага пункту гледжання, гэты праект мае шмат аргументаў на сваю карысць. Ён неабавязкова павінен засноўвацца толькі на вывучэнні кніг, таму што цэлебрацыя старэйшай формы Імшы не спынялася цалкам [30]. Калі св. Ян Павел ІІ ў 1984 і 1988 гг. даваў шырокія дазволы на цэлебрацыю надзвычайнай формы, гэта было ўсё яшчэ пры жыцці тых, хто быў экспертам у літургіцы да 1962 года. Акрамя таго, пісьмовыя крыніцы, якія датычацца папярэдняй літургічнай традыцыі, вылучаюцца сваёй дэтальнасцю.

20. Гэтае instauratio і звязаныя з ім праекты ў сферы спеву, форм пабожнасці і тэалогіі не ставяць сабе за мэту вяртанне ў мінулую эпоху, як не ставілі такой мэты і стваральнікі Імшала 1970 года, аднаўляючы пэўныя старэйшыя літургічныя практыкі [31]. Хутчэй гэта пытанне таго, каб у сучасных абставінах вярнуць да працы літургічную спадчыну Касцёла.


Дадатак: Выразы, якія датычацца рэформы і аднаўлення, у дакументах Касцёла

На працягу старажытнасці і Сярэднявечча высілкі па змаганні з несправядлівасцю і сапсаванасцю зазвычай прадстаўлялі (з гістарычным абгрунтаваннем або без яго) як высілкі па вяртанні да справядлівай і аўтэнтычнай практыкі мінулага. Прыкладам гэтага з’яўляецца рыторыка інстытутаў Рымскай рэспублікі ў імперскі перыяд. У выразах Касцёла пры змаганні з распадам, заняпадам і сапсаванасцю таксама прасочваюцца згадкі пра аднаўленне.

Вульгата: 2 Кр (2 Пар) выкарыстоўвае дзеяслоў “instaurare” ў значэнні фізічнага рамонту і аднаўлення Храма Эзэкіяй (29:3) і Ёсіяй (34:8, 10; 35:20). У Нм 9 мы бачым, што “навяртацца” (“eos conversique sunt et clamaverunt ad te”, 9:28) азначае вяртацца да закону (“contestatus es eos ut reverterentur ad legem tuam”, 9:29). Гэтая тэма таксама бачная ў знаходжанні кнігі закону пры ўладаранні Ёсіі (2 Кр 34:14).

Св. Пій V, Quo primum (1570): Св. Пій V піша, што Трыдэнцкі сабор загадаў яму апублі­каваць і выправіць (“edere”; “emendare”) Рымскі Імшал і Брэвіярый. Адпаведна, ён выправіў (“castigare”) Брэвіярый. Затым ён аднавіў (“restituere”) Імшал да арыгінальнай формы і абраду (“normam ac ritum”) святых Айцоў. Св. Пій V кажа: “Quod recognitum iam et castigatum”. У дадзеным выпадку “recognitum” азначае “правераны”. Эксперты, пры­значаныя да гэтай працы (“eruditi delecti viri”), праглядзелі ўсе даступныя манускрып­ты, каб праверыць тэксты.

Тэрміналогія, якая выкарыстоўваецца ў Quo primum, сустракаецца таксама ў далей­шых дакументах, звязаных з літургічнай рэформай. “Recognitio” — гэта тэрмін, які выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах касцёльнага жыцця для апісання працэсу, калі Святы Пасад зацвярджае нейкія тэксты (напрыклад, падрыхтаваныя на месцы пераклады). Наступныя выданні Рымскага Імшала маюць на сваіх тытульных старонках імёны Папаў, якія далі ім сваё recognitio.

Клімэнт VIII, Cum sanctissimum (1604): Гэты дакумент пералічвае вольнасці, якія былі ўнесены ў тэкст Рымскага Імшала друкарамі і іншымі асобамі; recognitio Імшала з’яўляецца прыкметай яго вернасці тэксту, зацверджанаму св. Піем V.

Урбан VIII, Si quid est (1634): Гэты дакумент спасылаецца на св. Пія V і Клімэнта VIII як на тых, хто ўдзяліў “recognitio” і здзейсніў “instauratio”. Паводле іх прыкладу, рубрыкі былі вернуты да “старой формы і абраду” і растлумачаны, а біблійныя ўрыўкі былі старанна правераны.

Св. Пій Х, Divino afflatu (1911): Гэты дакумент кажа пра неабходнасць зрабіць крок да “emendatio” Рымскага Імшала і Брэвіярыя і ўстанаўлівае “Consilium seu Commissio­nem” навукоўцаў, якія зробяць гэта. Аднак у той жа час дакумент кажа пра неабходнасць больш тэрміновай працы па “instauratio” значнай колькасці (“nonulla”) рэчаў у існуючых кнігах.

Пій ХІІ, Maxima redemptionis nostrae (1955) (пра рэвізію Вялікага тыдня): Дакумент мае загаловак “Decretum … quo liturgicus Ordo Hebdomadae Sanctae Ordo instauratur”. Парадак называецца “Ordo Instauratus”.

Другі Ватыканскі сабор, Sacrosanctum concilium (1962): Параграф 4 кажа пра “recognoscere”, у дадзеным выпадку “ex integro”, грунтоўна, і “ў духу здаровай традыцыі”. Прапанаваная рэформа мае больш радыкальную прыроду, аднак усё ж яна падкрэслена звязана з нормамі ранейшай традыцыі. Далей, кажучы пра планаваныя дзеянні, дакумент выкарыстоўвае слова “instauratio”, паўтараючы ў параграфе 50 (“resti­tuantur ad pristinam sanctorum Patrum normam nonulla quae tempora iniuria deciderunt”) за Quo primum (“ad pristinam… sanctorum Patrum normam ac ritum restituerunt”).

Бл. Павел VI, Missale Romanum (1970): Дакумент выкарыстоўвае тэрмін “instauratio” разам з “renovatio” і “novitas”, уключна з выразам “instaurationis novitas”. Гэтым самым дакумент робіць дадатковы крок, прызнаючы, што рэч, якая публікуецца, утрымлівае штосьці новае (“novitas”), аднак гэта ўсё яшчэ апраўдваецца адсылкай да паняцця “аднаўлення”. Такім чынам, апостальская канстытуцыя цытуе Sacrosanctum concilium, 50 і падае спіс рэчаў, якія аднаўляюцца “ad pristinam sanctorum Patrum normam” (на дзіва, туды ўключаны абрад пакаяння).


[1] Пазіцыя № 5, “Выкарыстанне Вульгаты і старажытных лацінскіх Псалтыроў”.

[2] Пазіцыя № 14, “Рэформа Вялікага тыдня ў 1955 годзе” (часткі 1 і 2).

[3] Пазіцыя № 13, “Абавязковыя святы”.

[4] Пазіцыя № 10, “Эўхарыстычны пост”.

[5] Пераглядаючы [беларускі] пераклад канстытуцыі Sacrosanctum concilium на старонцы Ватыкана, мы знаходзім наступныя пераклады слоў “instauratio” і “instaurare” (вылучаны тлустым шрыфтам): “агульнае аднаўленне Літургіі” (21); “з апошняга аднаўлення Літургіі” (23); “пра аднаўленне святой Літургіі, яе развіццё і дастасаванне” (24); “пры правядзенні аднаўлення” (33); “з улікам адноўленага катэхумэнату” (66); “працягваючы аднаўленне” (87); “у аднаўленні Афіцыя” (89); “пры правядзенні рэформы” (90); “пасля рэформы св. Пія Х” (117); “менш адпаведнымі адноўленай Літургіі” (128).

[6] Sacrosanctum concilium выкарыстоўвае гэтае слова пяць разоў, і на беларускую мову яно перадаецца як дзеясловам “вярнуць”, так і дзеясловам “аднавіць” (вылучана тлустым шрыфтам): “пэўныя элементы, страчаныя цягам вякоў, неабходна вярнуць” (50); “пасля Евангелля і гаміліі трэба аднавіць «агульную малітву», або «малітву вернікаў»” (53); “гімнам, наколькі здасца адпаведным, трэба вярнуць першапачатковую форму” (93); “літургічны год павінен быць перагледжаны так, каб пры захаванні ці аднаўленні традыцыйных звычаяў” (107); “добра будзе аднавіць некаторыя элементы з даўняй традыцыі” (119а).

[7] Sacrosanctum concilium, 4: “Нарэшце, верна трымаючыся традыцыі, Святы Сабор заяўляе, што святая Маці-Касцёл лічыць роўнымі ў правах і годнасці ўсе законна прызнаныя абрады, хоча захаваць іх на будучыню і ўсяляк развіваць. Жадае таксама, каб там, дзе неабходна, яны былі асцярожна і грунтоўна перагледжаны ў духу здаровай традыцыі, і каб ім была нададзена новая жыццёвасць у адпаведнасці з сённяшнімі абставінамі і патрэбамі”. (“Traditioni denique fideliter obsequens, Sacrosanctum Concilium declarat Sanctam Matrem Ecclesiam omnes Ritus legitime agnitos aequo iure atque honore habere, eosque in posterum servari et omnimode foveri velle, atque optat ut, ubi opus sit, caute ex integro ad mentem sanae traditionis recognoscantur et novo vigore, pro hodiernis adiunctis et necessitatibus, donentur”.)

[8] Для дзеяслова “recognoscere” Оксфардскі лацінскі слоўнік дае наступныя значэнні: “1. To examine, review, inspect. …b to examine, check (a document) in order to establish authenticity, accuracy, etc. 2. To give recognition to, acknowledge. 3. To recall (something previously known), to recognise”. Відавочна, рэлевантным тут з’яўляецца значэнне 1b [даследаваць, правяраць (дакумент), каб устанавіць яго аўтэнтычнасць, дакладнасць і г. д.]. У беларускім перакладзе канстытуцыі Sacrosanctum concilium гэтае слова перадаецца неаднародна: “рэформе паасобных частак Літургіі павінны заўсёды папярэднічаць (…) даследаванні” (23); “у першую чаргу трэба даследаваць і паправіць літургічныя кнігі” (25); “падчас перагляду літургічных кніг” (31); “пры пераглядзе і выпраўленні літургічных кніг” (38); “парадак Імшы неабходна перагледзець” (50); “трэба перагледзець абодва абрады хросту” (66), аналагічна 67, 71, 72, 76, 77, 79, 82, 107, 128; “малітвы, якія ўваходзяць у склад абраду намашчэння хворых, перапрацаваць” (75); “пры рэфармаванні рытуалаў” (79); “адносна рэформы календара” (дадатак). Агулам гэтае слова сустракаецца 19 разоў.

[9] Оксфардскі лацінскі слоўнік не дае значэння “рэформа” для лацінскага назоўніка “instauratio” або дзеяслова “instaurare”, даючы ў якасці першых значэнняў словы з адценнем паўтарэння, хоць для дзеяслова даецца таксама “аднаўляць”, “вяртаць”, а “instaurator” — гэта “асоба, якая аднаўляе або вяртае”.

[10] У Дадатку прыведзена падрабязнае апісанне выкарыстання гэтага слова.

[11] Sacrosanctum concilium, 117.

[12] Perfectae caritatis, 2: “Таму трэба верна распазнаваць i захоўваць дух і мэту сваіх Заснавальнікаў, а таксама здаровыя традыцыі, бо ўсё гэта з’яўляецца спадчынай кожнага інстытута”. (“Ideo fideliter agnoscantur et serventur Fundatorum spiritus propriaque proposita, necnon sanae traditiones, quae omnia cuiusque instituti patrimonium constituunt”.)

[13] Optatam totius, 16: “Дагматычную тэалогію трэба выкладаць так: спачатку прадставіць біблійныя тэмы; затым трэба паказаць семінарыстам ролю айцоў Усходняга і Заходняга Касцёлаў у верным перадаванні i тлумачэнні паасобных праўд Аб’яўлення”. (“Theologia dogmatica ita disponatur ut ipsa themata biblica primum proponantur; quid Patres Ecclesiae Orientis et Occidentis ad singulas Revelationis veritates fideliter transmittendas et enucleandas contulerint necnon ulterior dogmatis historia – considerata quoque ipsius relatione ad generalem Ecclesiae historiam – alumnis aperiatur”.)

[14] Пар. Бенедыкт XVI, зварот да Рымскай курыі, 22 снежня 2005 года: “З аднаго боку, існуе інтэрпрэтацыя, якую я назваў бы “герменеўтыкай непаслядоўнасці і разрыву з мінулым”; яна часта карысталася сімпатыяй мас-медыя і часткі сучасных тэалагаў. З іншага боку, існуе “герменеўтыка рэформы”, аднаўлення ў паслядоўнасці суб’екта-Касцёла, які Пан даў нам. Касцёл з’яўляецца суб’ектам, які з часам расце і развіваецца, аднак заўсёды застаецца тым самым, адзіным суб’ектам — людам Божым у дарозе”.

[15] Sacrosanctum concilium, 50: “…restituantur vero ad pristinam sanctorum Patrum normam nonnulla quae temporum iniuria deciderunt, prout opportuna vel necessaria videantur”.

[16] Папа Бенедыкт XVI выкарыстаў гэты выраз (“traditio liturgica antecedens”) у motu proprio Summorum Pontificum (2007), 5.1. У лісце да біскупаў, які суправаджаў motu proprio, выкарыстаны выраз “старажытная лацінская літургічная традыцыя” (“antica tradizione liturgica latina”).

[17] Пар. 1 Кар 15:3: “Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў”. (“Tradidi enim vobis in primis quod et accepi”).

[18] Пій ХІІ, энцыкліка Mediator Dei (1947), 61: “Несумненна, літургія старажытных часоў годная ўсялякай пашаны. Але старажытны звычай не павінен лічыцца больш падыходзячым ці адпаведным, ці то сам па сабе, ці то дзеля свайго значэння для пазнейшых часоў і новых сітуацый, па той толькі прычыне, што ён нясе смак і пах старажытнасці. Больш новыя літургічныя абрады таксама заслугоўваюць пашаны. Яны таксама абавязаныя сваім натхненнем Святому Духу, Які дапамагае Касцёлу ў кожныя часы аж да сканчэння веку [Мц 28:20]. Гэта таксама крыніцы, якія велічная Нявеста Езуса Хрыста выкарыстоўвае для закладання і развіцця святасці чалавека”. (“Utique vetustae aetatis Liturgia veneratione procul dubio digna est; verumtamen vetus usus, non idcirco dumtaxat quod antiquitatem sapit ac redolet, aptior ac melior existimandus est vel in semet ipso, vel ad consequentia tempora novasque rerum condiciones quod attinet. Recentiores etiam liturgici ritus reverentia observantiaque digni sunt, quoniam Spiritus Sancti afflatu, qui quovis tempore Ecclesiae adest ad consummationem usque saeculorum (cfr. Matth. 28, 20), orti sunt; suntque iidem pariter opes, quibus inclita Iesu Christi Sponsa utitur ad hominum sanctitatem excitandam procurandamque”).

[19] Мк 7:13: “Rescindentes verbum Dei per traditionem vestram quam tradidistis”. Праблема заключаецца ў выкарыстанні паняцця “корбан” (дар для Бога), каб пазбегнуць выкарыстання рэчаў для дапамогі бацькам.

[20] Мц 19:8: “…ab initio autem non sic fuit”.

[21] Пар. Дрг 24:1.

[22] Гэтую працу рабілі Эзэкія (2 Кр 29-30), Ёсія (2 Кр 34-35), Ездра (Езд 6; Нм 8-9) і Юда Макабэй (2 Мак 10). Пры гэтым варта памятаць таксама пра вялікія праграмы па фізічнай рэстаўрацыі, якую неабходна было праводзіць час ад часу, і пра поўную перабудову Храма пра Ірадзе Вялікім.

[23] Ключавым момантам у аднаўленні, якое праводзілі кароль Ёсія (2 Кр 34:13f) і прарок Ездра (Нм 8:1-3), з’яўляецца знаходжанне кнігі закону і аднаўленне яе абвяшчэння і выканання. Тым не менш, многія дэталі адноўленага храмавага культу павінны былі захавацца ў другасных дакументах і вуснай традыцыі, калі яны захаваліся ўвогуле.

[24] J. Jungmann, “The Mass of the Roman Rite: its origins and development”, New York: Benzinger, т. I, с. 74–75.

[25] Goddard, “Festa Paschalia”, c. 57–58.

[26] У абацтве св. Пятра ў французскім Салеме ў той час (1830), калі бенедыктынская традыцыя вымірала, аднаўлялася само бенедыктынскае манаства.

[27] Цыт. па выд. Katherine Bergeron, “Decadent Enchantments: The Revival of Gregorian Chant at Solesmes”, Berkeley CA: University of California Press, 1998, с. 15.

[28] У выпадку грыгарыянскага спеву дыскусіі пра ролю старажытных манускрыптаў і практычнай маг­чымасці вяртання пэўных рэчаў да сучаснага выкарыстання і не думаюць заканчвацца.

[29] Пар. Мц 13:52: “Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое”. (“ideo omnis scriba doctus in regno caelorum similis est homini patri familias, qui profert de thesauro suo nova et vetera”.)

[30] Перадусім дзякуючы дазволу, адразу дадзенаму старэйшым святарам, якія маглі працягваць выкарыстоўваць гэты абрад пасля ўвядзення Рымскага Імшала 1970 года, а таксама англійскаму індульту 1971 года.

[31] А менавіта малітву вернікаў, непасрэдны ўдзел свецкіх у пацалунку спакою і некаторыя старажытныя літургічныя тэксты.

Пакінуць каментар

Scroll Up