13.05.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Практыкаванне Велікоднага перыяду🕑 8 хвілін

Практыкаванне гэтага святога перыяду заключаецца пераважна ў духоўнай радасці, якую ён выклікае ў кожнай душы, што ўваскрэсла разам з Езусам. Гэтая радасць з’яўляецца прадчуваннем вечнага шчасця, і хрысціянін павінен лічыць сваім абавязкам падтрымліваць яе ў сабе, горача шукаючы жыцця ў нашым Боскім Пану і старанна пазбягаючы граху, які вядзе да смерці. Цягам апошніх дзевяці тыдняў мы аплаквалі свае грахі і пакутавалі за іх, мы ішлі за Езусам на Кальварыю, але цяпер святы Касцёл, наша Маці, моцна заклікае нас радавацца. Ён сам адклаў убок усялякі смутак, а голас яго плачу змяніўся ў песню ўзрадаванай Нявесты.

Жадаючы раздзяліць гэтую радасць з усімі сваімі дзецьмі, Касцёл бярэ пад увагу іх слабасць. Нагадаўшы ім пра неабходнасць адплаты, ён даў ім сорак дзён на пакуту, а затым, зняўшы ўсякія посныя абмежаванні, прывёў нас у Велікодны перыяд, нібы ў зямлю, дзе ёсць толькі радасць, святло, жыццё, весялосць, спакой і салодкае спадзяванне на несмяротнасць. Так ён выклікае ў душах тых сваіх дзяцей, якія не адчуваюць радаснага настрою, пачуцці, адпаведныя гэтаму вялікаму святу. Дзякуючы гэтаму ўсе вернікі, як адданыя, так і абыякавыя, яднаюць свае галасы ў адзіным гімне хвалы нашаму ўваскросламу Пану.

Руперт, абат Дойца, вялікі літургіст ХІІ ст., кажа пра пэўны пабожны прыём, які дазваляў напоўніць усіх радасным духам Вялікадня: “Ёсць некаторыя цялесныя розумы, якія, здаецца, не здольныя адкрыць свае вочы на духоўныя рэчы, пакуль іх да гэтага не абудзіць нейкае незвычайнае хваляванне. Таму Касцёл карыстаецца адпаведнымі сродкамі. Напрыклад, да Найсвяцейшай Пасхальнай ночы доўжыцца Вялікі пост, які мы прыносім Богу як штогадовую дзесяціну; затым ідуць пяцьдзясят дзён, калі няма ніводнага поснага дня. Атрымліваецца так, што, паколькі цела да Пасхальнай ночы ўтаймоўваецца і знаходзіцца ў аслабленым стане, гэтую ноч ахвотна чакаюць нават тыя, хто зацікаўлены толькі фізічнымі справамі. Яны чакаюць, пакуль не прыйдзе гэтая ноч і старанна падлічваюць кожны з сарака дзён, як стомлены вандроўнік падлічвае кіламетры. Таму для ўсіх гэтая святая ўрачыстасць з’яўляецца чаканай, дарагой і жаданай, нібы святло для тых, хто ходзіць у цемры, нібы крыніца жывой вады для тых, хто прагне, нібы палатка, якую Пан паставіў для стомленых вандроўнікаў” [1].

Які ж шчаслівы быў час, калі, як кажа св. Бэрнард, ніводзін чалавек ва ўсім хрысціянскім войску не занядбоўваў сваім велікодным абавязкам і калі ўсе, як справядлівыя, так і грэшнікі, разам ішлі дарогай велікапоснай дысцыпліны! На жаль, тыя часы прайшлі, і на людзей нашага пакалення Вялікдзень не дзейнічае тым жа чынам! Прычына заключаецца ў тым, што з-за любові да лёгкага жыцця і з-за скрыўленага сумлення яны ставяцца да велікапоснага правіла з такім занядбаннем, як быццам такога правіла ўвогуле не існуе. Таму яны ўспрымаюць Вялікдзень як свята, можа, як вялікае свята, аднак амаль не перажываюць той захапляльнай радасці, якая напаўняе сэрца Касцёла ў гэты перыяд і робіцца бачнай у кожнай справе, якую ён робіць. І калі такая сітуацыя з гэтымі людзьмі назіраецца ў сам святочны дзень, то як можна чакаць, што яны будуць прабываць у духу гэтай радасці, якая з’яўляецца самой сутнасцю Вялікадня, на працягу пяцідзесяці дзён? Яны не захоўвалі ані посту, ані ўстрымання ад мясных страваў. Паслабленая дысцыпліна, якую Касцёл сёння падае сваім дзецям у Вялікім посце з увагі на іхнюю слабасць, была для іх надта суровай! Яны шукалі або атрымалі поўную дыспенсацыю ад гэтага велікапоснага ўтаймавання, не адчуваючы шкадавання і раскаяння. “Аллелюя” вяртаецца і не знаходзіць водгуку ў іхніх душах — а як магло знайсці? Пакута не зрабіла сваёй ачышчальнай працы, не накіравала іх да духоўных рэчаў. Як яны могуць ісці за Уваскрослым Езусам, чыё жыццё цяпер з’яўляецца больш нябесным, чым зямным?

Але гэтыя разважанні надта смутныя для такога перыяду, як гэты: будзем прасіць нашага Уваскрослага Пана асвятліць тыя душы промнямі сваёй перамогі над светам і целам і ўзняць іх да сябе. Цяпер жа нічога не павінна адцягваць нас ад радасці. “Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх?” (Мц 9:15). Езус будзе з намі яшчэ сорак дзён; Ён не будзе пакутаваць і больш не памрэ; няхай жа нашыя пачуцці адпавядаюць гэтай бясконцай славе і ззянню. Так, гэта праўда, што Яму прыйдзецца пакінуць нас, узняцца на неба да правіцы Айца, аднак Ён не пакіне нас сіротамі. Ён спашле нам Боскага Суцяшальніка, Які будзе прабываць з намі вечна (Ян 14:16-18). На працягу Велікоднага перыяду нас павінны суправаджаць наступныя словы: “Дзеці Жаніха не могуць смуткаваць, пакуль Жаніх з намі”. Яны з’яўляюцца ключом да ўсёй літургіі гэтага святога перыяду. Яны павінны быць заўсёды перад намі, і тады мы вопытным шляхам даведаемся, што велікодная радасць з’яўляецца настолькі ж збавеннай, як пакаянне і пакута Вялікага посту. Езус на Крыжы і Езус Уваскрослы — гэта той самы Езус, але цяпер Ён жадае, каб мы былі побач з Ім разам з Яго Найсвяцейшай Маці, вучнямі і Марыяй Магдаленай, якія радуюцца Ягонай перамозе і ўжо забыліся пра смутныя дні Ягонай Мукі.

Аднак гэты наш Вялікдзень скончыцца; яркае бачанне Уваскрослага Езуса пройдзе, і ўсё, што нам застанецца, гэта успамін пра невымоўную славу і цудоўную блізкасць, з якою Ён да нас ставіўся. Што нам рабіць, калі Той, хто з’яўляецца самім Жыццём і Святлом, пакіне нас і ўзыдзе на неба? Быць мужнымі і чакаць наступнага Вялікадня. Кожны год дае нам паўтарэнне таго, што мы перажываем цяпер. За кожным Вялікаднем будзе чарговы, пакуль, нарэшце, не наступіць той Вялікдзень у небе, які не скончыцца ніколі і які, святкуючы на зямлі, мы можам толькі прадчуваць. Але гэта не ўсё. Паслухайце, што кажа Касцёл. У адной са сваіх малітваў ён раскрывае нам вялікую таямніцу таго, якім чынам мы можам увекавечыць свае Вялікадні нават тут, у выгнанні: “Божа, дай Тваім слугам, каб сваім спосабам жыцця яны падтрымлівалі тую таямніцу, якую прынялі сваёй верай” [2]. Так таямніца Пасхі будзе заўсёды бачнай на зямлі. Наш Пан узыходзіць на неба, аднак Ён пакідае нам адбітак свайго Уваскрасення, які мы павінны захаваць да таго часу, калі Ён наведае нас зноў.

А як жа можа стацца, што мы не захаваем гэты Божы адбітак у нас? Ці ж таямніцы нашага Боскага Настаўніка не з’яўляюцца таксама нашымі таямніцамі? Адразу пры сваім першым прыйсці ў целе Ён зрабіў нас саўдзельнікамі ўсяго, што здзейсніў сам. Ён нарадзіўся ў Бэтлееме: мы нарадзіліся разам з Ім. Ён быў укрыжаваны: былы наш чалавек укрыжаваны з Ім (Рым 6:6). Ён быў пахаваны: мы пахаваныя разам з Ім (Рым 6:4). Таму таксама, калі Ён падняўся з магілы, мы атрымалі ласку хадзіць у абноўленым жыцці (там жа).

Так вучыць апостал, які працягвае далей: мы ведаем, што “Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога” (Рым 6:9-10). Ён наша Галава, мы — Ягоныя члены: мы маем удзел ва ўсім, што Ягонае. Зноў памерці ў граху азначала б адрачыся ад Яго, аддзяліцца ад Яго, страціць права на тыя Ягоныя смерць і ўваскрасенне, якімі Ён вырашыў міласэрна падзяліцца з намі. Таму будзем жа захоўваць у сабе тое жыццё, якое з’яўляецца жыццём Езуса і якое належыць нам як наш уласны скарб. Бо Ён здабыў яго перамогай над смерцю і затым даў яго нам з усімі сваімі іншымі заслугамі. Таму вы, што перад Вялікаднем былі грэшнікамі, але цяпер вярнуліся да жыцця ў ласцы, глядзіце, каб больш не паміралі: няхай вашыя справы кажуць пра вашае ўваскрасенне. А вы, каму гэтая пасхальная ўрачыстасць прынесла рост у ласцы, паказвайце гэтае павелічэнне сваімі прынцыпамі і сваімі паводзінамі. І тады ўсе будуць хадзіць у абноўленым жыцці.

Спынімся на гэтым і скончым з урокамі, якім навучае нас Уваскрасенне Езуса. Астатняе мы пакінем для сціплага каментарыя, якім дадзім да літургіі гэтага святога перыяду. Тады мы зможам усё больш ясна бачыць не толькі свой абавязак наследаваць уваскрасенне нашага Боскага Настаўніка, але і веліч галоўнай таямніцы Богачалавека. Вялікдзень з трыма сваімі цудоўнымі праявамі Божай любові і моцы — Уваскрасеннем, Унебаўшэсцем і Спасланнем Духа Святога — з’яўляецца вяршыняй працы адкуплення. Усё, як у парадку часоў, так і ў справах літургіі, было падрыхтоўкай да Вялікадня. Чатыры тысячы гадоў, якія прайшлі ад моманту абяцання, дадзенага Богам нашым першым прабацькам, былі ўвенчаны падзеяй, якую мы цяпер святкуем. Усё, што Касцёл рабіў для нас ад самага пачатку Адвэнту, таксама было накіравана да гэтай слаўнай падзеі. І цяпер, калі мы дайшлі да яе, нашы чаканні выканаліся з лішкам, а магутнасць і мудрасць Бога сталі перад намі так жыва, што нашы былыя веды пра іх не ідуць ні ў якае параўнанне з нашым цяперашнім успрыманнем і любоўю да іх. Самі анёлы аслеплены гэтай вялікай таямніцай, як кажа нам Касцёл у адным са сваіх велікодных гімнаў: “З трымценнем углядаюцца анёлы ў змену ў чалавецтве: цела грашыць, Цела ачышчае, і Бог, Які ўладарыць, гэта Бог, Які стаўся Целам” [3].

Таксама Велікодны перыяд належыць да таго, што называецца асвятляльным жыццём. Больш за тое, ён з’яўляецца найважнейшай часткай гэтага жыцця, бо ён, у адрозненне ад папярэдніх чатырох літургічных перыядаў, абвяшчае нам не толькі прыніжэнні і пакуты Богачалавека, але і прадстаўляе нам Яго ў велічы славы. Гэты перыяд дазваляе нам убачыць, як Ён у сваёй людской прыродзе паказвае найвышэйшую ступень перамянення стварэння ў свайго Бога. Прыйсце Духа Святога дадасць гэтаму асвятленню дадатковую яснасць і пакажа нам адносіны, якія існуюць паміж душою і Трэцяй Асобай Найсвяцейшай Тройцы. І тут мы бачым шлях і развіццё вернай душы. Яна сталася нібы ўсыноўленым Дзіцём Нябеснага Айца; настаўленнем і прыкладам Уцелаўлёнага Слова ёй былі растлумачаны ўсе абавязкі і таямніцы яе высокага паклікання; наведваннем Духа Святога яна была ўдасканалена. Адсюль вынікаюць тыя некалькі хрысціянскіх практыкаванняў, што дазваляюць душы імітаваць гэты боскі прыклад і рыхтуюць яе да той еднасці, да якой запрашае яе Бог, Які даў тым, якія прынялі Яго, уладу стаць Божымі дзецьмі па нараджэнні не ад крыві, не ад жадання цела, а ад Бога (Ян 1:12-13).

[1] De Divinis Officiis, lib. VI, cap. XXVII.

[2] Калекта на аўторак у І тыдзень пасля Пасхі.

[3] Гімн Ютрані Унебаўшэсця Пана: “Tremunt videntes Angeli / Versam vicem mortalium: / Peccat caro, mundat caro, / Regnat Deus Dei caro”.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Paschal Time, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1888.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up