09.05.2019 / FIUV

Пазіцыя № 26. “Надзвычайная форма і мужчыны”🕑 12 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 26: НАДЗВЫЧАЙНАЯ ФОРМА І МУЖЧЫНЫ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Сацыёлагі рэлігіі адзначаюць, што ў каталіцкіх супольнасцях існуе недахоп мужчын; у 2005 г. даследаванне ў ЗША паказала, што мужчыны складаюць толькі 37 % ад агульнай колькасці наведвальнікаў Імшаў. Надзвычайная форма рымскага абраду больш паспяхова прываблівае і затрымлівае мужчын: у тыповых супольнасцях іх 55 %. Важнасць гэтага эфекту звязана з важнасцю ролі бацькі ў сям’і, а таксама з тым унёскам у евангелізацыю мужчын, які можа зрабіць гэтая форма Імшы. Гэтая з’ява трапляе ў больш шырокую заканамернасць, паводле якой больш патрабавальныя рэлігійныя групы з фармальнай літургіяй, якая падкрэслівае трансцэндэнтнае вымярэнне, маюць у мужчын большы поспех, чым літургічна нефармальныя групы, арыентаваныя на супольнасць. Надзвычайная форма таксама звязана з наборам традыцыйных малітоўных практык, у тым ліку з пешымі пілігрымкамі, якія з’яўляюцца асабліва прывабнымі для мужчын і моладзі.

1. Феномен знікнення мужчын з Касцёла, які пасля 1970-х гг. назіраецца ва ўсім раз­вітым свеце, адлюстроўваецца статыстыкай Злучаных Штатаў Амерыкі. Так, у 1974 г. “цвёрдымі каталікамі” лічылі сябе 46 % апытаных мужчын і 45 % жанчын; у 2012 г. так называлі сябе 24 % мужчын і 30 % жанчын [1]. Апытанне 2005 г. паказала, што толькі 37 % ад агульнай колькасці рэгулярных наведвальнікаў Імшаў у ЗША складаюць мужчыны [2]. Даследаванне, апублікаванае ў 1985 г., паказала, што 70-90 % відаў дзейнасці ў парафіях (катэхізацыя, служэнне, вывучэнне Бібліі) кіруюць жанчы­ны [3].

2. Гэта было заўважана на сінодзе па справах свецкіх у 1987 г. Тады св. Ян Павел ІІ казаў:

У сінадальнай зале не бракавала галасоў, якія выказвалі асцярогу ў сувязі з тым, што канцэнтрацыя занадта вялікай увагі на становішчы і ролі жанчын можа прывесці да недапушчальнага занядбання праблемаў, звязаных з асобаю мужчыны. Сапраўды, у многіх сферах касцёльнага жыцця адчуваецца цалкавіты альбо частковы недахоп прысутнасці мужчын, якія ў многіх выпадках пакіда­юць жанчынам выконваць тое, што належыць да іх асабістай касцёльнай адказнасці. Між іншым, тут маецца на ўвазе ўдзел у літургічнай малітве, якая адбываецца ў Касцёле, выхаванне, а перадусім катэхізацыя ўласнага патомства і іншых дзяцей, удзел у рэлігійных і культурных сустрэчах, супрацоўніцтва з дабрачыннымі і місійнымі ініцыятывамі [4].

3. Пільнасць гэтай праблемы звязана з тым, што Касцёлу патрэбны мужчыны для папаўнення шэрагаў духавенства. Калі разглядаць сітуацыю больш агульна, то бацькі, як здаецца, заўважна больш уплываюць на перадачу веры сваім дзецям, чым маці [5]. Найпрасцей растлумачыць гэтае назіранне можна тым, што дзеці мацней асацыююць бацьку з дарослым светам, да якога, падрастаючы, самі стараюцца далучыцца.

4. Ролю бацькі ў выхаванні сваіх дзяцей падкрэсліваў Папа Бенедыкт XVI. Ён звяртаўся да афрыканскіх бацькаў з наступнымі словамі:

Рэалізуючы і пражываючы на зямлі ўласнае бацькоўства Бога (пар. Эф 3:15), вы пакліканы гарантаваць асабістае развіццё ўсім членам сям’і, якая з’яўляецца калыскай і самым эфектыўным сродкам гуманізацыі грамадства і месцам сустрэчы розных пакаленняў [6].

5. Таму той факт, што Імшы ў надзвычайнай форме наведвае больш збалансаваная колькасць мужчын і жанчын, мае вельмі вялікае значэнне. Гэта вельмі проста праверыць. Дасланыя па просьбе Міжнароднай федэрацыі “Una Voce” лічбы з усяго свету пацвярджаюць згаданую вышэй інфармацыю, згодна з якой мужчыны складаюць 37 % наведвальнікаў Імшы ў звычайнай форме. У надзвычайнай форме тыповай здаецца лічба 55 %: працэнт мужчын вагаецца ад 50 да 75 %.

Мужчыны і рэлігія

6. У большасці пратэстанцкіх супольнасцяў на ўсім Захадзе жанчын больш, чым мужчын, прычым ёсць аргументы за тое, што гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя многіх пратэстанцкіх канфесій [7]. Аднак у іншых рэлігіях гэта не так. Пра баланс у Каталіцкім Касцёле ў ЗША ў 1974 г. згадвалася вышэй. Артадаксальны юдаізм і іслам, здаецца, нават на Захадзе прывабліваюць больш мужчын, чым жанчын; усходняе праваслаўе на Захадзе прываблівае збалансаваную колькасць канвертытаў [8]. Сённяшні дысбаланс у Ката­ліц­кім Касцёле на Захадзе патрабуе спецыяльнага тлумачэння.

7. Верагодна, важным фактарам тут з’яўляецца роля эмоцый: шырока адзначаецца, што мужчынам больш няёмка выражаць свае эмоцыі, чым жанчынам [9]. Празмерная эмацыйнасць многіх пратэстанцкіх канфесій можа тлумачыць доўгатэрміновую праблему з прыцягненнем мужчын. Англійскі апалагет мансіньёр Х’ю Бэнсан напярэдадні Першай сусветнай вайны заўважаў:

Сярод каталікоў не ўхваляецца празмерная эмацыйнасць і нават моцныя пачуцці… сэрцам рэлігіі лічыцца хутчэй вернасць і паслухмянасць волі. Зразумела, што ў выніку каталікі з адносна непабожным характарам будуць працягваць практыкаваць сваю рэлігію, а часам, пры скупым характары, толькі самы мінімум сваіх абавязкаў; у той жа час англікане кінуць яе ўвогуле [10].

Бэнсан суадносіць гэта з балансам паміж паламі і сцвярджае, што, згодна з ягоным досведам, пры іншых роўных умовах на каталіцкіх набажэнствах можна ўбачыць больш мужчын, чым жанчын [11].

8. Акрамя дыскамфорту, звязанага з празмернай эмацыйнасцю, мужчын характарызуе наданне перавагі больш шырокаму набору спосабаў камунікацыі, а не проста вербальнай камунікацыі, а таксама інтарэс да “вертыкальнага”, а не “гарызантальнага” вымярэння культу, да сувязі з Богам, а не з супольнасцю. Усё гэта прыводзіць да выбару больш фармалізаванай і сакральнай формы культу, як заўважае езуіт, сацыёлаг Патрык Арнальд:

Яшчэ больш цэнтральным для мужчынскага культу з’яўляецца паняцце Трансцэндэнтнага. Прыбіраючы цягам апошніх пакаленняў акцэнты з абсалютаў і ўльтыматумаў, з неба і пекла, з вечнасці і бясконцасці, сучаснае хрысціянства зрабіла рэзкі паварот у накірунку рэлігіі для жанчын, якая зацікаўлена пераважна іманентнымі і ўвасобленымі справамі, пошукам Бога ў малых рэчах, у штодзённым і свецкім. (…) Ліберальная рэлігія ўсё больш падкрэслівае іманентнае і “гарызантальнае” вымярэнне веры аж да выключэння трансцэндэнтнай і “вертыкальнай” рэальнасці, таму яна неасцярожна ігнаруе няўтольны апетыт мужчын да Вялікага, Цалкам Іншага і Спрадвечнага [12].

Зноў жа:

Літургія, прывабная для мужчын, валодае якасцю, якую габрэі называлі kabod (“слава”), а рымляне — gravitas (“сур’ёзнасць”); абодва словы па сутнасці аба­значаюць “важкасць” і перадаюць сэнс годнай важнасці і сур’ёзнасці.

9. Варта згадаць рэмарку кардынала Джона Хінана, якую ён зрабіў наконт ранняй версіі рэфармаванай Імшы, якую прадэманстравалі ў 1967 г.:

У нас на Імшу рэгулярна прыходзяць не толькі жанчыны і дзеці, але таксама бацькі сем’яў і маладыя мужчыны. Калі мы прапануем ім такі абрад, які мы бачылі ўчора ў Сікстынскай капліцы [падчас дэманстрацыі Нарматыўнай Імшы], то хутка застанемся пераважна з супольнасцю жанчын і дзяцей [13].

10. Магчыма, на гэта ўплываюць і іншыя фактары, аднак разгляд пытання з такой перспектывы, здаецца, дазваляе растлумачыць розны поспех ў прыцягненні мужчын у розных рэлігіях. Артадаксальны юдаізм, іслам і ўсходняе праваслаўе ў сваёй тэалогіі, літургіі або нейкай камбінацыі абедзвюх робяць націск на трансцэндэнтнае і таямнічае, а таксама на фармалізаваны абрад [14]. Пратэстанцкія канфесіі з больш ліберальнай тэалогіяй і нефармальнай літургіяй маюць прапарцыянальна большыя праблемы з затрыманнем мужчын [15], а ліберальны юдаізм менш паспяховы за артадаксаль­ны юдаізм. Паспяховасць надзвычайнай формы ў прывабліванні і затрыманні муж­чын адпавядае гэтай больш шырокай заканамернасці.

Надзвычайная форма і мужчыны

11. Сакральная фармальнасць і адсутнасць спантаннасці ў надзвычайнай форме рымска­га абраду, яе скіраванасць на трансцэндэнтнае і здольнасць выказваць глыбокія праўды, не патрабуючы адкрытага вербальнага адказу або эмацыянальнага водгуку ад вернікаў, — гэта рысы, якія не накладаюць на мужчын патрабаванняў, ад якіх яны адчуваюць сябе нязручна. У той жа час гэтыя рысы прапануюць мужчынам штосьці асабліва прывабнае: выраз ідэй праз дзеянне, драматычнасць абрадаў. Змест рытуалу і многіх літургічных тэкстаў таксама падкрэслівае трансцэндэнтную, ахвярную прыроду Імшы і неабходнасць ушанавання Хрыста, Які робіцца прысутным на алтары. Нарэшце, надзвычайная форма ставіць перад мужчынамі пэўны выклік, ад якога яны адчуваюць сябе ўтульна і нават знаходзяць яе прывабнай: заклік да змены жыцця ў кантэксце яснага выказвання рэальнасці граху і неабходнасці ласкі.

12. Акрамя таго, надзвычайная форма рымскага абраду зазвычай у большай ступені, чым у іншых кантэкстах Лацінскага Касцёла, асацыіруецца з цікаўнасцю да многіх традыцыйных форм пабожнасці і іх практыкаваннем, што можа быць таксама цікавым для мужчын. Найбольш яскравы прыклад — гэта пешыя пілігрымкі, якія арганізуюцца каталікамі, прывязанымі да надзвычайнай формы, у многіх краінах [16]. Фізічнае вымаганне доўгага шляху (удзельнікі пілігрымкі ў Шартр пераадольваюць 100 км за тры дні) асабліва падабаецца мужчынам і моладзі. У гэтым сэнсе каталікі, прывязаныя да надзвычайнай формы, зноў жа з’яўляюцца часткай больш шырокага феномену: у апо­шнія гады значна павялічылася колькасць людзей, часта няверуючых або слабай ве­ры, якія вырушаюць нават у больш доўгую дарогу ў Сант’яга-дэ-Кампастэ­ла [17]. Духоў­ныя патрэбы гэтых “пілігрымаў”, калі выкарыстаць гэтае слова ў шырокім значэнні, дапамагае вырашыць фізічны характар многіх традыцыйных форм пабожнасці.

Заключэнне

13. Станоўчыя рысы надзвычайнай формы рымскага абраду, прывабныя для мужчын, не абавязкова з’яўляюцца непрывабнымі для жанчын. Некаторыя літургічныя тэндэнцыі прынята апісваць як “жаноцкія” (празмерная эмацыйнасць, крэатыўнасць, спантаннасць, акцэнт на супольнасць), але гэта зусім не азначае, што жанчынам падабаецца, калі гэтыя рысы пераважаюць у іхняй малітве. Што дакладна можна заўважыць, дык гэта тое, што зрух рэлігійнасці ў “жаноцкім” кірунку, зразуметым такім чынам, выклікае асаблівыя праблемы з затрымліваннем мужчын.

14. Мужчыны, як і жанчыны, маюць сваю ролю ў эканоміі збаўлення. Пытанне евангелізацыі мужчын таксама нельга ігнараваць. Зноў працытуем словы Папы Бенедыкта XVI да афрыканскіх мужчын:

Я заахвочваю мужчын-каталікоў у межах сем’яў рабіць рэальны ўнёсак у людское і хрысціянскае выхаванне сваіх дзяцей, а таксама прымаць і абараняць жыццё ад моманту зачацця. Я заахвочваю іх прыняць хрысціянскі спосаб жыцця, укаранёны і ўмацаваны ў любові (пар. Эф 3:17). Разам са святым Паўлам я яшчэ раз заклікаю іх: “Любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго… Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела. Хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, але корміць і даглядае яго, як і Хрыстус свой Касцёл” (Эф 5:25, 28) [18].


[1] Гэтая статыстыка прыведзена ў выд. National Catholic Reporter: “Losing their religion” (Cathy Lynn Grossman, 20 лютага 2015 г.); даследаванне апублікавана цэнтрам CARA (“Centre of Research in the Apostolate”), які знаходзіцца ў Джорджтаўне (ЗША).

[2] Апытанне Гэлапа (Gallup Poll) для каталікоў (2005), пытанне 75.

[3] David C. Leege, Thomas A. Tozzolo “Participation in Catholic Parish Life: Religious Rites and Parish Activities in the 1980s”, Notre Dame Study of Catholic Parish Life, 3 (1985), с. 14.

[4] Св. Ян Павел II, паслясінадальная адгартацыя Christifideles laici (1988), 52: “In synodali aula eorum vox non defuit qui timorem expresserunt ne nimia insistentia relate ad mulierum conditionem et munus in silentium quoddam inacceptabile illabi posset, in illud nempe ad viros se referens. Re quidem vera, in diversis ecclesialibus adiunctis absentia vel nimis parca virorum praesentia dolenda est, quorum quaedam pars se propriis ecclesialibus responsabilitatibus abdicat, illas permittens solummodo a mulieribus absolvi; sic, exempli gratia, participationem in liturgica Ecclesiae oratione, educationem et peculiariter propriorum filiorum et aliorum puerorum catechesim, in religiosis et culturalibus occursibus praesentiam, ad caritativa et missionalia incepta collaborationem”. Цыт. па пер. выд. Pro Christo: http://pro-christo.catholic.by/text/laici.htm.

[5] Маштабнае даследаванне ў Швейцарыі ў 1994 г. паказала, што ў сям’і з непрактыкуючай маці і практыкуючым бацькам практыкуюць сваю веру ў сярэднім каля 2/3 дзяцей. У сям’і з практыкуючай маці і непрактыкуючым бацькам практыкуе сваю веру толькі 1/3 дзяцей. Пол дзяцей не адыгрывае вялікай ролі. Гл. Werner Haug, Phillipe Warner, Federal Statistical Office, Neuchâtel: “The demographic characteristics of the linguistic and religious groups in Switzerland”, Population Studies No. 31: The Demographic Characteristics of National Minorities in Certain European States, рэд. Werner Haug і інш. (The Council of Europe Directorate General III, Social Cohesion, Strasbourg 2000).

[6] Бенедыкт XVI, паслясінадальная адгартацыя Africae munus (2011), 53.

[7] Дадзеныя перапісу насельніцтва ЗША ў 1936 г. даюць наступную статыстыку, якая цытуецца ў выд. Leon Podles, “The Church Impotent: the feminization of Christianity”, Dallas: Spence Publishing Company, 1999, с. 11: “…ва ўсходнім праваслаўі суадносіны колькасці жанчын да мужчын складаюць 0,75-0,99 да аднаго; у рыма-каталікоў — 1,09 да аднаго; у лютэранаў — 1,04-1,23 да аднаго; у менанітаў — 1,14-1,16 да аднаго; у сяброў [квакераў] — 1,25 да аднаго; у прэсвітарыянаў — 1,34 да аднаго; у епіскапаліянаў — 1,37 да аднаго; ва ўнітарыянаў — 1,40 да аднаго; у метадыстаў — 1,33-1,47 да аднаго; у баптыстаў — 1,35 да аднаго; у членаў Асамблей Бога — 1,71 да аднаго; у пяцідзясятнікаў — 1,71-2,09 да аднаго; у членаў хрысціянскай навукі — 3,19 да аднаго”.

[8] Гл. зноску 14, а таксама Podles, op. cit., c. іх.

[9] Паралельная і лёгкая да вывучэння сітуацыя — гэта параўнальнае нежаданне мужчын звяртацца са сваімі медыцынскімі праблемамі да лекараў. “Прыблізная колькасць зваротаў [да лекараў агульнай практыкі ў Вялікабрытаніі] мужчын была на 32 % ніжэйшая ў параўнанні з колькасцю зваротаў жанчын. (…) Найбольшы разрыў паміж паламі пры звароце па першую дапамогу назіраўся ва ўзростах ад 16 да 60 гадоў. Палавая розніца ў сэнсе зваротаў была большая ў людзей з бяднейшых рэгіёнаў, чым у людзей з забяспечаных рэгіёнаў. Падлік зваротаў з праблемамі рэпрадуктыўнай функцыі зменшыў палавы разрыў, але не выключыў яго да канца”. Wang Y, Hunt K, Nazareth I, et al. Do men consult less than women? An analysis of routinely collected UK general practice data. BMJ Open 2013; 3: e003320. doi: 10.1136/bmjopen-2013-003320.

[10] Mgr Hugh Benson, “Confessions of a Convert”, London: Longmans, 1913, с. 111.

[11] Ibid., c. 110: “Тут няма “адчужэння мужчын” [у Каталіцкім Касцёле]; наадварот, у гэтай краіне, а таксама ў Італіі і Францыі мяне пастаянна здзіўляе надзвычайная перавага мужчынскага полу над жаночым у прысутнасці на Імшы і практыкаванні прыватнай малітвы ў нашых касцёлах. Калі пры нядаўняй нагодзе я сказаў пробашчу прыгараднай парафіі пра гэты феномен, ён адказаў мне, што напярэдадні ўвечары яму давялося падлічыць прысутных ад заходняй галерэі, і прапорцыя мужчын да жанчын склала прыблізна два да аднаго. Несумненна, гэта выключным чынам ілюструе маю думку”.

[12] Patrick Arnold, “Wildmen, Warriors, and Kings: Masculine spirituality and the Bible”, New York NY: Crossroad, 1992, с. 77–78.

[13] Цыт. па выд. Michael Davies, “Pope Paul’s New Mass”, Kansas City MI: the Angelus Press, 1980, с. 111.

[14] Пар. Frederica Matthewes-Green, “Facing East: A Pilgrim’s Journey into the Mysteries of Orthodoxy”, New York NY: Harper Collins, 1997, с. xii: “Штосьці ў праваслаўі было незвычайна прывабным для мужчын, і гэтае штосьці іхнія жонкі, асабліва тыя, што прывыклі маліцца ў больш мяккім евангелічным стылі, схоплівалі не так хутка. Заклік далучыцца да гэтай шырокай, старажытнай, цвёрдай еднасці, відаць, вельмі нагадвае заклік далучыцца да марскіх пехацінцаў. Патрабаванняў будзе да чорта, і ніхто не прыслужыць тваім асабістым прыхамацям, аднак, калі ты пройдзеш праз гэта, ты будзеш кімсьці большым, чым нават спадзяваўся быць. Гэта будзе вымагаць не смерці на полі бітвы, а смерці для самога сябе мільёнам балючых спосабаў, а галоўнакамандуючым будзе Бог. Гэта мужчынская справа. Вам не зразумець”.

[15] Гл. статыстыку ў зносцы 7 вышэй.

[16] Найбольш вядомай сярод іх з’яўляецца пілігрымка з Парыжа ў Шартр, якую арганізуе Notre-Dame de Chrétienté і ў якой рэгулярна бяруць удзел 8-10 тыс. чалавек. Сярод іншых можна згадаць пілігрымку Christus Rex у Аўстраліі, Уолсінгемскую пілігрымку ў Англіі, Орысвілскую пілігрымку ў ЗША.

[17] Колькасць пілігрымаў, якія пераадольваюць шлях св. Якуба, запісваецца, і статыстыка даступная з сярэдзіны 1980-х гг. У 1985 г. іх было ўсяго 690; у 1990 г. колькасць павялічылася да 4910; у 2000 г. — да 55 004; у 2011 г. — да 179 919 (гэта год пасля святога года 2010, калі колькасць пілігрымаў была незвычайна вялікай); у 2014 г. — да 237 886.

[18] Africae munus, 52.

Пакінуць каментар

Scroll Up