07.05.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Таямніца Велікоднага перыяду🕑 8 хвілін

З усіх перыядаў літургічнага года Велікодны перыяд найбольш багаты на таямніцы. Можна нават сказаць, што Вялікдзень з’яўляецца вяршыняй таямніцы святой літургіі. Хрысціянін, які меў шчасце ўсім сваім розумам і сэрцам увайсці ў веданне і любоў пасхальнай Таямніцы, дакрануўся да самага цэнтру звышнатуральнага жыцця. І менавіта таму Касцёл прадпрымае ўсе высілкі, каб гэта ажыццявіць: усё, што ён рабіў дагэтуль, задумана як падрыхтоўка да Вялікадня. Святое чаканне Адвэнту, салодкая радасць Божага Нараджэння, суровыя праўды Перадпосця, скруха і пакаянне Вялікага посту, цяжкія сцэны Мукі — усё гэта толькі накіроўвала і вяло нас да вялікай і слаўнай Пасхі, да якой мы цяпер і дабраліся.

А каб мы пераканаліся ў найвышэйшай важнасці гэтай урачыстасці, Бог пажадаў, каб хрысціянскі Вялікдзень і Пяцідзясятніца былі падрыхтаваны габрэйскім законам: на працягу пяці тысяч гадоў прыгожыя сімвалы прадказвалі рэальнасць — і вось мы знаходзімся ў гэтай рэальнасці!

Такім чынам, у гэтыя дні мы маем перад сабою дзве вялікія праявы Божай дабрыні да чалавека: Пасху Ізраэля і хрысціянскую Пасху; Пяцідзясятніцу Сіная і Пяцідзясятніцу Касцёла. У нас яшчэ будзе нагода распавесці, якім чынам старажытныя правобразы выканаліся ў рэаліях новай Пасхі і новай Пяцідзясятніцы і як прыцемкі Майсеевага закону перамяніліся ў ясны дзень Евангелля — аднак мы не можам стрымацца перад пачуццём святой пашаны пры той думцы, што ўрачыстасці, якія мы цяпер адзначаем, маюць больш за тры тысячы гадоў і што іх неабходна ўзнаўляць штогод, пакуль не пачуецца голас анёла, які кажа: “Ужо няма часу!” (Ап 10:6). У той момант адкрыюцца брамы вечнасці.

Вечнасць у небе — гэта сапраўдная Пасха, таму нашая Пасха на зямлі — гэта свята святаў, урачыстасць урачыстасцяў. Род людскі быў мёртвы; ён быў ахвярай таго прысуду, якім ён быў сказаны на вечнае ляжанне пылам у магіле; брамы жыцця былі закрытыя. Але вось, Сын Божы ўстае са сваёй магілы і здабывае вечнае жыццё. І Ён не адзіны, хто больш ніколі не памрэ, таму што, як вучыць апостал, Ён “першародны з памерлых” (Клс 1:18). Таму Касцёл жадае, каб мы лічылі сябе ўваскрослымі разам з Езусам, лічылі сябе ўладальнікамі вечнага жыцця. Айцы Касцёла просяць нас разглядаць гэтыя пяцьдзясят дзён Пасхі як правобраз свайго вечнага шчасця; усялякі смутак забаронены, і Касцёл не можа прамаўляць да свайго Боскага Жаніха, не далучаючы да сваіх словаў таго слаўнага нябеснага воклічу “Аллелюя”, якім, як кажа святая літургія [1], няспынна пераліваюцца вуліцы і плошчы нябеснага Ерузалема. На працягу апошніх дзевяці тыдняў нам забаранялася выкарыстоўваць гэтае радаснае слова; нам належала памерці з Хрыстом — аднак цяпер, калі мы ўваскрэслі разам з Ім з магілы і пастанавілі ніколі больш не паміраць той смерцю, якая забівае душу і прымушае нашага Адкупіцеля паміраць на крыжы, мы маем права на сваё “Аллелюя”.

Божы провід, які ўстанавіў гармонію паміж бачным светам і звышнатуральным дзеяннем ласкі, пажадаў, каб уваскрасенне нашага Пана адбылося ў канкрэтны перыяд года, калі сама прырода нібы ўстае з магілы. Лугі зноў даюць сваю зеляніну, лісце на дрэвах зноў распускаецца, птушкі лётаюць у нябёсах са сваімі песнямі, а Сонца — сімвал трыумфуючага Езуса — пралівае сваё святло на зямлю, адноўленую цудоўнай вясною. На Божае Нараджэнне Сонца мела менш сілы і яго прабыванне з намі было кароткім. У гэтым была гармонія са сціплым нараджэннем нашага Эмануэля, Які прыйшоў да нас сярод ночы і быў спавіты ў пялюшкі. Але цяпер Ён “быццам асілак, які збіраецца бегчы, і нішто не схаваецца ад ягонага жару” (Пс 18:6, 7). Прамаўляючы ў Песні песняў да вернай душы і запрашаючы яе ўзяць удзел у гэтым новым жыцці, якое Ён цяпер удзяліў кожнаму стварэнню, наш Пан кажа: “Устань, любая мая, прыгожая мая, і выйдзі! Вось зіма ўжо мінула; прайшоў дождж і сціх. Кветкі з’явіліся на зямлі; прыйшоў час спеваў, і голас галубкі чутны ў нашай краіне. Смакоўніца ўжо напоўніла сокам свае плады, і квітнеючыя вінаградныя лозы прыемна пахнуць. Устань, каханая мая, прыгожая мая, і выйдзі!” (Пп 2:10-13).

У папярэднім раздзеле мы растлумачылі, чаму наш Збаўца выбраў нядзелю ў якасці дня свайго ўваскрасення, якім Ён перамог смерць і даў свету жыццё. Менавіта ў гэты прывілеяваны дзень за чатыры тысячы год да гэтага Ён стварыў святло; выбраўшы ж яго цяпер для пачатку новага жыцця, ласкава ўдзеленага чалавеку, Ён паказвае нам, што Вялікдзень — гэта аднаўленне ўсяго стварэння. Адгэтуль найвялікшым днём года будзе не толькі гадавіна Яго слаўнага ўваскрасення — кожная нядзеля на працягу года будзе ў пэўнай ступені Вялікаднем, святым і абраным днём. Па Божым загадзе Сінагога свяціла суботу, або шабат, робячы гэта ў гонар Божага адпачынку пасля шасці дзён стварэння. Касцёл жа, абранніца Пана, атрымаў наказ ушаноўваць працу Пана. Касцёл прапускае суботу — дзень, калі Пан адпачываў у магіле. Але цяпер, асветлены яснасцю Уваскрасення Пана, ён аддаецца сузіранню Яго працы ў першы дзень тыдня. Гэта дзень святла, бо ў гэты дзень Ён паклікаў да існавання матэрыяльнае святло (якое было першай праявай жыцця пасярод хаосу), і ў гэты ж дзень Той, хто з’яўляецца адлюстраваннем Айца (Гбр 1:3) і Святлом свету (Ян 8:12), уваскрос з цемры магілы.

Таму няхай пройдзе тыдзень са сваім шабатам. Чаго мы, хрысціяне, жадаем, дык гэта восьмага дня — дня, які выходзіць па-за вымярэнне часу, дня вечнасці, дня, святло якога з’яўляецца не часовым або частковым, а бясконцым і бязмежным. Так кажуць Айцы Касцёла, калі тлумачаць замену суботы нядзеляй. Насамрэч было правільна, што ў якасці дня свайго штотыднёвага духоўнага адпачынку чалавек выкарыстоўваў той дзень, калі адпачываў сам Творца бачнага свету — але гэта была памятка толькі матэрыяльнага стварэння. Спрадвечнае Слова сыходзіць у створаны сабою свет; Яно прыходзіць, схаваўшы прамяні свайго боства пад сціплым покрывам нашага цела; Яно прыходзіць выканаць вобразы Старога Запавету. Перад скасаваннем шабату Яно захоўвае яго, як і кожную рыску закону; пасля працы сваёй Мукі Яно ў цішыні магілы праводзіць шабат як дзень адпачынку, аднак раніцай восьмага дня ўваскрасае да жыцця, прычым жыцця праслаўленага. “Пакінем жа габрэям, — кажа пабожны і разумны абат Руперт, — насалоджвацца старажытным шабатам, які з’яўляецца памяткай матэрыяльнага стварэння. Яны не ведаюць, як любіць, жадаць або заслугоўваць штосьці, акрамя зямных рэчаў… Яны не прызнаюць гэтага Стварыцеля свету сваім Каралём, таму што Ён сказаў: благаслаўлёныя бедныя і гора багатым! Але наш шабат быў перанесены з сёмага дня на восьмы, таму што мы, хрысціяне, знаходзім сваю радасць у лепшай справе, чым стварэнне свету… Няхай прыхільнікі свету адзначаюць шабат з нагоды стварэння гэтага свету, але нашая радасць — гэта збаўленне свету, бо нашае жыццё, ды і ўсе мы, схаваны з Хрыстом у Богу[2].

З таямніцай сёмага дня, за якім ідзе святы восьмы дзень, мы зноў сустракаемся ў колькасці тыдняў, якія фарміруюць Велікодны перыяд. Гэтых тыдняў сем: яны фарміруюць тыдзень тыдняў, а іхнім заўтра з’яўляецца зноў нядзеля, свята хвалебнага Спаслання Духа Святога. Кіруючы справай святкавання Пасхі, апосталы следавалі за гэтымі містычнымі лічбамі, якія замацаваў сам Бог, устанавіўшы першую Пяцідзясятніцу пасля першай Пасхі. Пра гэта мы даведваемся ад св. Гілярыя, св. Ісідора, Амалярыя, Рабана Маўра і ўсіх старажытных каментатараў таямніц святой літургіі. “Калі мы памножым сем на сем, — кажа св. Гілярый, — мы ўбачым, што гэты святы перыяд сапраўды з’яўляецца шабатам шабатаў. Але што вянчае яго і што ўзносіць яго да поўні Евангелля, дык гэта восьмы дзень, які наступае за ім, — першы і восьмы дзень адначасова. Апосталы далі гэтым сямі тыдням такое святое ўстанаўленне, што падчас іх ніхто не павінен стаяць на каленях або псаваць постам духоўную радасць гэтага доўгага свята. Гэтае ж устанаўленне было расцягнута на кожную нядзелю, бо гэты дзень, які ідзе за суботай, дзякуючы прымяненню прагрэсу Евангелля стаў выкананнем суботы і днём святкавання і радасці” [3].

Такім чынам, увесь Велікодны перыяд пазначаны таямніцай, якая ўтрымліваецца ў кожнай нядзелі года. Нядзеля з’яўляецца для нас галоўным днём нашага тыдня, таму што яна асвячана бляскам уваскрасення нашага Пана, правобразам якога было стварэнне матэрыяльнага святла. Мы ўжо сказалі, што гэтае ўстанаўленне мела свае сімвалы ў старым законе, хоць габрэйскі народ гэтага абсалютна не ўсведамляў. Іхняя Пяцідзясятніца прыпадала на пяцідзясяты дзень пасля Пасхі; яна была заўтрашнім днём для сямі тыдняў. Іншым вобразам са Старога Запавету з’яўляецца юбілейны год, які Майсей прадпісаў народу па загадзе Бога. Кожны пяцідзясяты год усе дамы і землі, якія былі адчужаны на працягу папярэдніх сарака дзевяці гадоў, вярталіся да сваіх першапачатковых уладальнікаў, а тыя ізраільцяне, якія з-за сваёй беднасці былі прымушаны прадаць сябе ў рабства, зноў атрымлівалі свабоду. Гэты год, які называўся шабатнім годам, быў працягам сямі тыдняў гадоў і сімвалізаваў наш восьмы дзень, калі Сын Марыі сваім уваскрасеннем адкупіў нас ад рабства магілы і вярнуў нам спадчыну нашай несмяротнасці.

У цяперашняй дысцыпліне Касцёла існуе два абрады, характэрныя для Велікоднага перыяду: пастаяннае паўтарэнне “Аллелюя”, пра што мы ўжо казалі раней, і колер убрання, які выкарыстоўваецца для дзвюх яго вялікіх урачыстасцяў: белы для першай і чырвоны для другой. Уваскрасенню пасуе белы колер; гэта таямніца спрадвечнага святла, якое не ведае ані ценю, ані плямы; гэта таямніца, якая выклікае ў душы вернай душы адчуванне чысціні і радасці. Пяцідзясятніца, якая дае нам Духа Святога, паглынаючы агонь (Гбр 12:29), святкуецца ў чырвоным убранні, якое выражае таямніцу Боскага Суцяшальніка, Які ў выглядзе вогненных языкоў сышоў на тых, хто сабраўся ў Вячэрніку. Што датычыцца старажытнага звычаю не ўкленчваць на працягу Велікоднага перыяду, то мы ўжо сказалі, што сёння ў лацінскай літургіі засталіся толькі сляды гэтай практыкі.

Святы святых, якія прыпыніліся на час Вялікага тыдня, таксама выключаны на працягу першых васьмі дзён Велікоднага перыяду. Аднак калі гэтыя дні скончацца, святы вернуцца ў поўным багацці, нібы яркае сузор’е вакол Езуса, Боскага Сонца справядлівасці. Святы будуць суправаджаць нас і пры святкаванні Унебаўшэсця, але таямніца Спаслання Духа Святога такая вялікая, што ад вігіліі гэтага дня святы зноў прыпыняюцца, пакуль не скончыцца Велікодны перыяд.

Абрады ранняга Касцёла, звязаныя з неафітамі, якія былі адноўлены водамі хросту ў Пасхальную ноч, вельмі цікавыя і павучальныя. Аднак, паколькі яны характэрныя для актаваў Пасхі і Пяцідзясятніцы, мы растлумачым іх, калі будзем разглядаць літургію гэтых дзён.

[1] Pontificale Romanum, In Dedic. Eccles.

[2] De Divinis Officiis, lib. VII, cap. XIX.

[3] “Prologus in Psalmos”.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Paschal Time, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1888.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up