03.05.2019 / FIUV

Пазіцыя № 25. “Надзвычайная форма і Чорная Афрыка”🕑 15 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 25: НАДЗВЫЧАЙНАЯ ФОРМА І ЧОРНАЯ АФРЫКА

У фармаце PDF

Кароткі змест: Касцёл у Афрыцы сустракаецца з выклікамі, якія ўзнікаюць з-за ўплыву секулярызаванай заходняй культуры, праблем з аўтэнтычнай інкультурацыяй, напружання і канфліктаў паміж супольнасцямі, раздзеленымі паводле племянной і моўнай прыкметаў. Ва ўсіх гэтых выкліках надзвычайная форма рымскага абраду можа аказацца карыснай, бо яна заключае ў сабе клопат пра традыцыю, прынцыпы пашаны, пачуцця граху і сакральнасці, характэрныя для афрыканскай духоўнасці. Таксама яна з’яўляецца надзейнай абаронай перад сінкрэтызмам, дазваляючы больш адкрытае стаўлен­не да афрыканскіх культурных звычаяў, вырашае праблемы перавагі адной з моў, напрыклад былой каланіяльнай, над іншымі. Біскупам і рэлігійным ордэнам Афрыкі варта выкарыстаць магчымасці, якія яна прадстаўляе.

1. Паслясаборны папскі Магістэрый [1] называе некалькі праблем, з якімі сутыкаецца вельмі дынамічны Касцёл у Афрыцы. З аднаго боку, традыцыйныя афрыканскія рэлігіі, культура і племянны сацыяльны лад ствараюць як магчымасці, так і выклікі для евангелізуючага Касцёла, стабільнасці і развіцця грамадства. З іншага боку, хуткае эканамічнае развіццё, урбанізацыя і ўплыў заходняй культуры таксама ствараюць як выклікі для Касцёла, так і магчымасці для афрыканцаў, якія жадаюць пазбегнуць беднасці.

Традыцыйная афрыканская культура

2. Істотнай справай з’яўляецца важнасць традыцыйнай афрыканскай культуры, у тым ліку рэлігійнай. Св. Ян Павел ІІ выказаўся гэта ў апостальскай адгартацыі Ecclesia in Africa (1995):

…гэтыя [традыцыйныя] рэлігіі з’яўляюцца жывым выразам душы вялікіх груп людзей [2].

Што датычыцца ўплыву заходняй культуры, якая часта ўносіць разлад у любы тып духоўнасці, ён заклікаў афрыканцаў:

Паглядзіце ўнутр сябе. Паглядзіце на багацці вашых уласных традыцый; пагля­дзіце на веру, якую мы святкуем на гэтым сходзе [3].

3. Надзвычайная форма рымскага абраду дае выраз многім фундаментальным прынцыпам афрыканскай культуры, не ствараючы небяспекі рэлігійнага сінкрэтызму. Сярод гэтых прыцыпаў першае месца займае характэрная для афрыканскай культуры глыбокая павага да традыцыі і роднаснай сувязі [4], калі папярэднія пакаленні ў сям’і і племені надалей разглядаюцца як члены грамадства [5]. Афрыканскі тэолаг Бенезе Буджа піша:

Такім чынам, традыцыя ў афрыканскім стылі мыслення не разглядаецца дэтэрміністычным і тым больш фаталістычным спосабам. Яе трэба разглядаць больш як патэнцыял, які асоба можа вырашыць актуалізаваць або не. Поспех і няўдача залежаць ад асабістага выбару: свабодна прыгадваючы жыццядайныя ўчынкі або словы продкаў, асоба выбірае жыццё, а занядбоўваючы гэтыя рэчы, асоба выбірае смерць.

4. Сярод іншых афрыканскіх культурна-рэлігійных прынцыпаў можна назваць літургічныя прынцыпы таямніцы і пашаны, а таксама вельмі жывое адчуванне духоўнай рэальнасці і граху [6].

5. Старажытная лацінская літургічная традыцыя глыбока прасякнута гэтымі прынцыпамі, якія ў пэўнай ступені з’яўляюцца агульнымі для многіх традыцыйных грамадстваў і самой традыцыйнай каталіцкай духоўнасці. Гэта таксама агульная рыса лацін­скай традыцыі і тых літургічных абрадаў, якія развіваліся ў самой Афрыцы, абрадаў “вялікіх афрыканскіх Касцёлаў Егіпта і Эфіопіі” [7]. Хоць гэтыя абрады, як і ўсходнія абрады ўвогуле, шмат чым адрозніваюцца ад лацінскага, яны ўсё ж маюць шмат агульнага з надзвычайнай формай, пра што ішла мова ў Пазіцыі № 21 [8].

6. У гэтым кантэксце важна, што сінкрэтычная рэлігійная група, вядомая як “Legio Maria” [9], якая з Кеніі распаўсюдзілася ў многія краіны Усходняй Афрыкі [10], захавала лацінскую літургію ад сваіх каталіцкіх каранёў [11].

7. Прапаноўваючы ў выглядзе надзвычайнай формы літургічны і духоўны каркас, які аддае належную павагу пералічаным вышэй традыцыйным прынцыпам, Касцёл тым самым дае прыстанішча рэлігійнай культуры, якая ў іншым выпадку будзе знаходзіцца пад пагрозай з-за ўплыву паставаў і практык, натхнёных пасляасветніцкімі заходнімі ідэямі, у асабліва нізкаякаснай, камерцыялізаванай форме. Папа Бенедыкт XVI называў гэтую культурную інвазію “культурным шокам” [12]; біскупы Афрыкі на сінодзе 1994 года ўсклікалі: “Нашая ідэнтычнасць мелецца ў млыне”. Гэтую атаку на афрыканскую культуру справядліва называлі “неакаланіялізмам”.

8. Гэты канфлікт паміж традыцыйнымі прынцыпамі афрыканскай духоўнасці і заходнім культурным уплывам стварае незнаёмы кантэкст для многіх прыхільнікаў літургічнага прагрэсу, якія часта лічылі свае прапановы спробай дамовіцца з трыумфам пасляасветніцкай культуры — трыумфам, які, на іх погляд, больш нельга аспрэчваць. Як бы мы ні ацэньвалі гэты праект у кантэксце развітага свету, прапанова пайсці на ўступкі рацыяналізму (напрыклад, шляхам адмовы ад цішыні ці складаных цырымоній у літургіі) або рамантызму (прасоўваючы нефармальнасць і спантаннасць) у афрыканскім кантэксце набывае іншы выгляд. Гэтыя тэндэнцыі спрыяюць неакаланіяльным атакам на прыроджаную афрыканскую духоўнасць і з’яўляюцца сапраўды небяс­печнымі.

Інкультурацыя

9. Калі паглядзець на гістарычнае развіццё веры ў Еўропе, Лацінскай Амерыцы і Азіі, становіцца зразумела, што, хоць лацінскае каталіцтва аказвае важны ўплыў на мясцо­выя культуры, яно не выкрэслівае іх [13], а хутчэй дапамагае ім развівацца ў якасці аў­тэнтычнага выразу генія народаў гэтых рэгіёнаў [14]. У выніку атрымліваецца цудоўная разнастайнасць каталіцкай культуры, якую можна бачыць па ўсім свеце. Адначасовая культурная, палітычная і рэлігійная трансфармацыя ў Афрыцы ў каланіяльны перыяд робіць невідавочнай датычнасць гэтага абагульнення да Афрыкі, аднак на гэтым неабходна зрабіць акцэнт і менавіта ў такім кантэксце трэба разглядаць патрабаванне “інкультурацыі”. Бл. Павел VI выказаў гэта наступным чынам:

Бо паколькі Хрыстова вучэнне і адкупленне даводзіць да выканання, абнаўляе і ўдасканальвае ўсе добрыя рэчы, характэрныя для традыцыйных паводзін чалавека, з гэтага следуе, што афрыканец, які прымае хрысціянскую рэлігію, ніякім чынам не змушаецца да адкідання самога сябе; наадварот, ён зноў прымае “ў духу і праўдзе” (Ян 4:24) старажытную моц свайго народа [15].

10. Пытанне, аднак, ускладняецца з-за канкурэнцыі сілаў сінкрэтызму і евангелічнага пратэстантызму: апошні з іх схільны адкідаць усе сляды афрыканскай культуры. Сінкрэтычныя культы і евангелічныя супольнасці вельмі распаўсюджаны ў Афрыцы; яны пашыраюцца і далей, выказваючы крытыку ў бок Каталіцкага Касцёла.

11. Гэтая сітуацыя падкрэслівае важную ролю распазнавання ў інкультурацыі, на што неаднаразова ўказваў папскі Магістэрый [16]. Неабачлівая інкультурацыя час ад часу прыводзіла да літургічных злоўжыванняў [17] і будавання касцёлаў, не годных літургіі [18].

12. Найлепшыя ўмовы для інкультурацыі стварае ўстойлівая літургія, якая ясна адроз­ніваецца ад язычніцкага культу, аднак у той жа час адказвае на аўтэнтычную афрыканскую рэлігійную адчувальнасць. У гэтым кантэксце, напрыклад, не было б праблемай дазволіць важныя для афрыканцаў практыкі, напрыклад выкуп нявесты або выкарыстанне мясцовых імёнаў, насуперак тым, хто лічыць адмаўленне ад такіх рэчаў неабходным для адмаўлення ад самога язычніцтва [19].

13. Яшчэ адна праблема, якую падкрэслівае Магістэрый, заключаецца ў забабонах, вядзь­марстве і страху перад варожымі духамі; гэтыя рэчы можна знайсці ў традыцыйных афрыканскіх рэлігіях і іх нялёгка выкараніць у маладых хрысціянскіх супольнасцях [20]. Надзвычайная форма рымскага абраду, асабліва дзякуючы благаслаўленням, заключаным у Рымскім Рытуале, сапраўды абараняе вернікаў, адначасова супакойваючы розумы забабонных. Гэтая літургічная традыцыя сама гістарычна развівалася ў грамадстве, якое было ахвярай забабонаў і вядзьмарства, сапраўднага і ўяўнага, таму яна адлюстроўвае мудрасць Касцёла ў змаганні з імі [21].

Літургічны плюралізм у Афрыцы

14. Літургія на народнай мове ў Афрыцы выглядае такім чынам, што для вялікай колькасці афрыканцаў гэта літургія не на роднай, а на іншай, часта каланіяльнай, мове, або ва Усходняй Афрыцы — на мове суахілі [22]. У Афрыцы размаўляюць на вялізнай колькасці моў (у адной Нігерыі існуе 500 моўных груп), а гэта азначае, што немагчыма ані выдаць Імшалы на кожнай мове [23], ані падрыхтаваць святароў, якія змогуць гэтымі Імшаламі карыстацца. Напрыклад, у Паўднёва-Афрыканскай Рэспуб­ліцы з дзевяці афіцыйных карэнных моў у каталіцкай літургіі выкарыстоўваецца толькі чатыры [24]; у Кеніі — краіне з 69 мовамі — выкарыстоўваюцца толькі англійская мова і суахілі.

15. Нават калі б гэтую перашкоду можна было пераадолець, многія гарадскія парафіі з’яўляюцца домам для носьбітаў разнастайных моў, сярод якіх могуць быць мігранты або бежанцы з іншых краін. Абмежаваная колькасць часу і святароў зноў жа азначае, што неабходна выкарыстоўваць фармальны ці нефармальны лінгва франка.

16. У выніку на практыцы назіраецца шырокае выкарыстанне ў літургіі былых калані­яльных моў і адпаведнае павелічэнне ўяўнага прэстыжу гэтых моў. Станоўчая рыса лацінскай мовы заключаецца ў тым, што яна не толькі не належыць ніякаму канкрэтнаму племені [25], але і не з’яўляецца мовай аніякай каланіяльнай улады або сучаснага еўрапейскага ці амерыканскага ўплыву. Св. Ян ХХІІІ выказаў гэта так:

Па сваёй прыродзе лацінская мова найбольш надаецца для спрыяння кожнай форме культуры сярод народаў. Яна не выклікае зайздрасці. Яна не аддае перавагу ніводнай нацыі, але праяўляе аднолькавую бесстароннасць да ўсіх і лёгка прымаецца ўсімі [26].

17. Адным з вынікаў моўнага плюралізму ў Афрыцы з’яўляецца жаданне афрыканцаў вывучаць новыя мовы; веданне другой або трэцяй мовы з’яўляецца нормай нават для менш адукаваных людзей. Гэтае жаданне ніякім чынам не будзе выключаць лацінскай мовы, калі ёй даць месца ў літургіі.

Перспектывы надзвычайнай формы ў Афрыцы

18. Сёння ў Афрыцы надзвычайная форма рымскага абраду мае нізкую распаўсюджанасць [27]. У Афрыцы, як і паўсюль, існуюць праблемы з падрыхтоўкай адпаведнай колькасці святароў для цэлебрацыі надзвычайнай формы. Іншым фактарам з’яўляецца моцная занепакоенасць афрыканскіх каталікоў еднасцю са Святым Пасадам, якая развілася за той доўгі перыяд, пакуль юрыдычны статус ранейшых літургічных кніг заставаўся няясным. Цяпер, калі гэтае пытанне растлумачана, гэтае стаўленне можа пачаць змяняцца.

19. Цяпер клопат аб тым, каб “багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла” [28], былі даступныя афрыканскім каталікам, як і ўсім іншым, ляжыць на афрыканскіх біскупах і рэлігійных ордэнах, якія дзейнічаюць у Афрыцы. Абставіны, у якіх знаходзіцца Касцёл у Афрыцы, павінны не стрымліваць нас ад таго, каб прапаноўваць там гэты скарб, а заахвочваць да як мага шырэйшага яго распаўсюджвання. Надзвычайная форма рымскага абраду адыграла сваю ролю ў евангелізацыі Афрыкі ў мінулым, а таму яна можа працягваць выхоўваць духоўнае жыццё афрыканскіх каталікоў і сёння.


[1] Варта адзначыць, што ў Рыме прайшлі два адмысловыя сіноды па пытанні Афрыкі: па выніках сінода 1994 г. была выдадзена апостальская адгартацыя св. Яна Паўла ІІ Ecclesia in Africa (1995); сінод 2009 г. у якасці плёну даў апостальскую адгартацыю Бенедыкта XVI Africae munus (2011).

[2] Ecclesia in Africa, 47: “…quandoquidem ipsae significanter animum exprimunt magnae gentium partis”. Пар. Пасланне сінода (1994), 21: “Асаблівую ўвагу варта звярнуць на нашы звычаі і традыцыі, бо яны ствараюць нашу культурную спадчыну”.

[3] Ecclesia in Africa, 48: “…ut intra vos inspiciatis. Vestrarum traditionum divitias respicite, fidem respicite quam hac in congressione celebravimus”. Гэта цытата з казання св. Яна Паўла ІІ ў Лілонгвэ падчас візіту ў Афрыку (6 мая 1989 года).

[4] Bénézet Bujo, “African Theology in its Social Context”, перакл. John O’Donohue, Eugene OR: Wipf and Stock, 1992; першая публікацыя на ням. мове, 1986, с. 30.

[5] Bujo, op. cit., с. 25 і інш.

[6] Ecclesia in Africa, 42: “Афрыканцы маюць глыбокае рэлігійнае пачуццё, адчуванне сакральнага, прысут­насці Бога-Творцы і духоўнага свету. У свядомасці гэтых людзей моцна прысутнічае рэальнасць граху ў яго індывідуальнай і сацыяльнай формах, а таксама патрэба абрадаў ачышчэння і адплаты”. (“Africani alto religionis sensu praediti sunt, sacrarum rerum sensu, Dei creatoris existentiae sensu et rerum spiritualium. Peccatum, in suis tum privatis tum socialibus formis, in illorum populorum conscientia inest, atque necessitas quoque purificationis et expiationis rituum animadvertitur”.) Пар. Папа Бенедыкт XVI, Прамова на сустрэчы з журналістамі (23 сакавіка 2009 года): “З іншага боку, на мяне зрабіў вялікае ўражанне дух засяроджанасці ў літургіі, моцнае адчуванне сакральнага: на набажэнствах групы людзей не выстаўлялі сябе напаказ, яны не прыцягвалі да сябе ўвагу, але там была прысутнасць сакральнага, прысутнасць самога Бога. Таксама і ў іх рухах заўсёды адчувалася павага і ўсведамленне Божай прысутнасці. Гэта зрабіла на мяне вялікае ўражанне”. Пар. бл. Павел VI, motu proprio Africae terrarum (1967), 8.

[7] Пасланне, падрыхтаванае спецыяльным сінодам біскупаў па пытанні Афрыкі (6 мая 1994 года). Пар. Ecclesia in Africa, 31: “Прыгадваючы старажытную славу хрысціянскай Афрыкі, мы жадаем выказаць нашу глыбокую павагу Касцёлам, з якімі мы не знаходзімся ў поўнай еднасці: Грэцкай Царкве Александрыйскага патрыярхату, Копцкай Царкве Егіпта і Эфіопскай Царкве, якія дзеляць з Каталіцкім Касцёлам супольнае паходжанне і дактрынальную і духоўную спадчыну вялікіх Айцоў і святых не толькі сваёй уласнай тэрыторыі, але і ўсяго ранняга Касцёла. Яны шмат працавалі і пакутавалі, каб хрысціянскае імя Афрыкі жыло нягледзячы на нягоды гісторыі”. (“Attamen, dum veterum Africae christianae laudum redintegramus memoriam, eas impensa prosequi observantia placet Ecclesias, quibus haud plena utimur communione: Ecclesiam dicimus Graecam Alexandrini Patriarchatus, Ecclesiam Coptam Aegypti et Ecclesiam Aethiopicam. Ipsae enim communes cum catholica Ecclesia et doctrinam et spiritualem disciplinam hereditarias habent a magnis Patribus sanctisque viris, qui non modo ad earum regiones, sed ad universam etiam Ecclesiam antiquam pertinent. Huc accedit quod tot egregia opera patraverunt durasque acerbitates perpessae sunt, ne umquam per varietatem temporum christianum nomen in Africa restingueretur”.) Гэты ўрывак з’яўляецца часткай працяглай цытаты з motu proprio Africae terrarium (1967).

[8] Пазіцыя № 21, “Надзвычайная форма і Усходнія Касцёлы”.

[9] Поўная назва гэтай групы: “Легіён Марыі афрыканскай касцёльнай місіі”. Заснаваная сярод кенійскага народа Луа ў пачатку 1960-х гг., сёння яна налічвае больш за мільён прыхільнікаў.

[10] Перадусім гэта Танзанія, Уганда, Руанда, Бурундзі, Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Эфіопія.

[11] Гл. Matthew Kustenbauder, “Believing in the Black Messiah: The Legio Maria Church in an African Christian Landscape”, Nova Religio: The Journal of Alternative and Emergent Religions, 2009, т. 13, № 1, с. 11–40; с. 14: “Матэрыяльныя элементы рымска-каталіцкага хрысціянства — вельмі лёгка распазнавальныя для заходніх назіральнікаў шырокае ўбранне, вялікія ружанцы і лацінская Імша прыхільнікаў Legio Maria — застаюцца некранутымі настолькі, наколькі яны дапамагаюць Legio пераасэнсаваць хрысціянскую веру ў межах свайго ўласнага культурнага комплексу”.

[12] Africae munus, 11; пар. Пасланне сінода, 15: “Але культура, якая дала такую ідэнтычнасць нашаму народу, знаходзіцца ў сур’ёзным крызісе. На парозе ХХІ ст., калі нашая ідэнтычнасць мелецца ў млыне безлітаснага бегу падзей, існуе фундаментальная неабходнасць, каб нашыя прарокі паўсталі і ў імя Бога прамовілі пра надзею на стварэнне новай ідэнтычнасці”.

[13] Пар. Ecclesia in Africa, 59: “У некалькіх выпадках Айцы сінода падкрэслівалі асаблівую важнасць інкультураванай евангелізацыі, у працэсе якой “катэхізацыя “прымае цела” ў розных культурах”. (“Crebrius extulerunt synodales Patres momentum praecipuum quod habet in ipsa evangelizatione insertio in culturam: processus nempe quo catechetica institutio diversis in culturis veluti concorporatur“.) Гэты ўрывак цытуе св. Яна Паўла ІІ, Catechesi tradendae, 53.

[14] У многіх выпадках Касцёл адыгрываў дапаможную ролю ў дачыненні да мясцовых культур, дапамагаючы ім выстаяць перад патэнцыйна разбуральным уплывам, што праявілася перадусім у стварэнні трывалых запісаў важнай літаратуры і музыкі і адкрыцці новых мастацкіх і архітэктурных магчымасцей для выразу мясцовых культурных ідэй. Сярод прыкладаў можна называць захаванне народнай паэзіі Брытанскіх астравоў і Скандынавіі, а таксама мастацкіх традыцый Ірландыі. Гэтыя культурныя помнікі Ранняга Сярэднявечча да сёння працягваюць лічыцца фундаментальнымі для адрозных культурных традыцый гэтых краін. Таксама Касцёл зрабіў магчымым выключны і ўнікальны ўнёсак архітэктуры Лацінскай Амерыкі ў стыль барока.

[15] Бл. Павел VI, motu proprio Africae terrarum (1967), 14: “Cum enim Christi doctrina et redemptio omnia compleat, renovet et perficiat bona, in traditis hominum moribus insita, Africanus idcirco homo, dum christianis sacris initiatur, non cogitur quidem semetipsum repudiare, sed veteres suae gentis virtutes in spiritu et veritate (Ян 4:24) resumit”.

[16] Africae munus, 37: “Дух Святы дазваляе Евангеллю пранікаць ва ўсе культуры, не падпарадкоўваю­чыся аніякай. Біскупы павінны чуваць над гэтай патрэбай інкультурацыі, паважаючы нормы, устаноў­леныя Касцёлам. Распазнаючы, якія культурныя элементы і традыцыі супярэчаць Евангеллю, яны змогуць аддзяліць пшаніцу ад каласоўніка (пар. Мц 13:26)”. Пар. Africae terrarum, 8.

[17] Africae munus, 153: “Я заклікаю ўвесь Касцёл Афрыкі праявіць асаблівы клопат пра цэлебрацыю Эўхарыстыі, успаміну Ахвяры Хрыста Езуса, знаку еднасці і сувязі любові, пасхальнай гасціны і задатку вечнага жыцця. Эўхарыстыю трэба цэлебраваць годна і прыгожа, у адпаведнасці з устаноўленымі нормамі”.

[18] Africae munus, 154: “Неабходна таксама звярнуць увагу на тое, каб архітэктура гэтых сакральных будынкаў была годнай таямніцы, якая ў іх цэлебруецца, і згаджалася з касцёльным заканадаўствам і мясцовым стылем”.

[19] Гл. Bujo, op. cit., с. 44–47. Хоць здаецца, што Буджа хацеў бы пашырыць прыняцце Касцёлам афрыкан­скай культуры да палігаміі і выкарыстання неваліднай матэрыі для Імшы ўключна, ягоны спіс рэчаў, страчаных цягам хрысціянізацыі, уключае карэнныя імёны, веды пра медыцынскія расліны, барабанны бой, мастацтва і ўсялякія звычаі, звязаныя з паляваннем і жыццёвымі падзеямі.

[20] Africae munus, 93: “Вядзьмарства, заснаванае на традыцыйных рэлігіях, сёння перажывае пэўнае адраджэнне. Старыя страхі зноў выходзяць на паверхню і ствараюць паралізуючыя сувязі залежнасці. Трывога пра здароўе, дабрабыт, дзяцей, клімат і абарону ад злых духаў часам прымушае людзей звяртацца да практык традыцыйных афрыканскіх рэлігій, несумяшчальных з хрысціянскім вучэннем. Праблема “двайнога членства” — у хрысціянстве і ў традыцыйных афрыканскіх рэлігіях — застаецца выклікам”.

[21] Папа Бенедыкт XVI ў сваім лісце да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum (2007) адзначае “сакральнасць” надзвычайнай формы рымскага абраду.

[22] Суахілі з’яўляецца роднай мовай толькі для 15 млн афрыканцаў, аднак карыстаецца ёю і разумее яе значна больш асобаў.

[23] Біскупы абмяркоўвалі праект перакладу Святога Пісання на ўсе афрыканскія мовы ў Пасланні сінода, 18. Кангрэгацыя Божага культу падкрэслівае праблему пошуку адпаведнага сакральнага стылю для кожнай мовы ў інструкцыі Liturgiam authenticam (2001), 21. Кажучы пра “пераклады, зробленыя для народаў, нядаўна прыведзеных да хрысціянскай веры”, яна папярэджвае: “У прыватнасці, неабходна  з асцярожнасцю ўводзіць словы, узятыя з нехрысціянскіх рэлігій”.

[24] У Яганэсбургу — сталіцы з насельніцтвам 6 млн чалавек, сярод якіх ёсць носьбіты ўсіх афіцыйных моў — у выкарыстанні знаходзяцца максімум тры з іх. Трэба заўважыць, што Касцёл у ПАР мае непараўнальна больш рэсурсаў, чым у іншых афрыканскіх краінах. У вялікіх шматмоўных гарадскіх парафіях нават самыя важныя карэнныя мовы зазвычай атрымліваюць менш зручныя гадзіны цэлебрацый.

[25] Ecclesia in Africa, 49: “Было справядліва заўважана, што ў межах, пакінутых каланіяльнымі ўладамі, суіснаванне этнічных груп з рознымі традыцыямі, мовамі і нават рэлігіямі сустракаецца з праблемамі, што вынікаюць з сур’ёзнай узаемнай варожасці. “Племянныя супрацьстаянні часамі пагражаюць калі не міру, то прынамсі імкненню да супольнага дабра грамадства”. Менавіта таму Касцёл у Афрыцы адчувае асаблівае заданне залечвання гэтых раздзяленняў”. (“Merito sane dictum est intra fines qui ex colonicis regiminibus manarunt, translaticiarum consuetudinum, sermonum et etiam religionum diversarum coniunctam exsistentiam saepe ob mutuas contentiones impedimento esse. “Tribuum dissentiones in discrimen vocant, si non pacem, in universum societatis saltem bonum commune adipiscendum, atque difficultates quoque afferunt Ecclesiarum vitae necnon aliarum stirpium pastoribus recipiendis”.) Гэты фрагмент цытуе дакумент Папскай камісіі “Iustitia et pax” I pregiudizi razziali. La Chiesa di fronte al razzismo (1988).

[26] Св. Ян ХХІІІ, апостальская канстытуцыя Veterum sapientia (1962), 3: “Suae enim sponte naturae lingua Latina ad provehendum apud populos quoslibet omnem humanitatis cultum est peraccommodata: cum invidiam non commoveat, singulis gentibus se aequabilem praestet, nullius partibus faveat, omnibus postremo sit grata et amica”.

[27] Інстытут Хрыста Валадара вядзе апостальскую місію ў дыяцэзіі Муілы ў Габоне, а Брацтва св. Пятра — у дыяцэзіі Орлу ў Нігерыі. Таксама надзвычайная форма рымскага абраду цэлебруецца ў некаторых месцах Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі дзякуючы працы “Una Voce South Africa”. Вэб-старонак Wikimissa таксама пералічвае месцы цэлебрацыі дыяцэзіяльнымі святарамі ў Націцінгу (Бенін) і Лібрэвілі (Габон). Іншыя краіны абслугоўваюцца святарамі FSSPX, якія таксама прысутнічаюць у некаторых пералічаных краінах: Бужумбура ў Бурундзі; Яундэ і Дуала ў Камеруне; Акра ў Гане; Маўрыкій; Найробі і іншыя месцы ў Кеніі; Рэюньён; Арывунімаму на Мадагаскары; Амаруру і Віндхук у Намібіі; Кампала і іншыя месцы ва Угандзе; Дар-эс-Салам у Танзаніі; Манса ў Замбіі; Харарэ і Тафара ў Зімбабвэ. Крыніца: http://honneurs.free.fr/Wikini/wakka.php?wiki=AfriquE, доступ 20 красавіка 2015 года.

[28] Бенедыкт XVI, ліст да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum.

Пакінуць каментар

Scroll Up