03.05.2019 / Te igitur

Каталіцкія навукоўцы і святары вінавацяць Папу Францішка ў ерасі🕑 4 хвілін

30 красавіка 2019 года група каталіцкіх навукоўцаў і святароў накіравала адкрыты ліст біскупам Каталіцкага Касцёла з мэтай абвінаваціць Папу Францішка ў “кананічным правапарушэнні ерасі” і папрасіць біскупаў прыняць неабходныя меры ў сітуацыі Папы-ерэтыка. Сярод падпісантаў ліста знаходзяцца такія сусветна прызнаныя тэолагі, як а. Эйдан Нікалс ОР. На момант напісання гэтага артыкула зварот падпісаў ужо 51 прадстаўнік каталіцкай інтэлігенцыі і духавенства.

Што гэта за ліст?

Аўтары называюць свой адкрыты ліст трэцім крокам у шэрагу мер, прадпрынятых супраць памылковага вучэння Папы Францішка. Першым крокам быў прыватны ліст, накіраваны ў 2016 годзе кардыналам і ўсходнім патрыярхам. У ім пералічваліся ерэтычныя і сур’ёзна памылковыя сцвярджэнні, дапушчаныя ў апостальскай адгартацыі Amoris laetitia.

У наступным годзе, калі Папа Францішак працягнуў распаўсюджваць тыя ж памылкі, група з 40 чалавек накіравала Папу “сыноўскае выпраўленне“. Падпісанты таго ліста, аднак, не імкнуліся выносіць суджэнне наконт таго, ці ўсведамляе Папа Францішак, што ягоныя дакументы, словы і ўчынкі спрыяюць распаўсюджванню ерасяў.

Цяперашні ліст з’яўляецца наступным крокам і мае на мэце сцвердзіць, што Папа Францішак “вінаваты ў злачынстве ерасі”. Аўтары ўдакладняюць, што выкарыстоўваюць тэрмін “ерась” у сцісла тэалагічным сэнсе, называючы ім такую сітуацыю, калі “каталік свядома і ўпарта адмаўляе штосьці, пра што, як ён ведае, Касцёл навучае як пра аб’яўленую Богам праўду”. На думку аўтараў ліста, некаторыя ўчынкі Папы Францішка сістэматычна сведчаць пра аспрэчванне ім праўдаў, звязаных з вучэннем Касцёла пра шлюб, сэксуальнае жыццё, маральнае права, ласку і прабачэнне грахоў.

Пра якія ерасі ідзе мова?

Адкрыты ліст пералічвае сем сцвярджэнняў, якія супярэчаць аб’яўленай Богам праўдзе. Аўтары мяркуюць, што Францішак верыць у гэтыя памылковыя сцвярджэнні і што ён дэманструе гэта публічна і пастаянна. Большасць гэтых сцвярджэнняў паходзіць з Amoris laetitia. Сярод іх, напрыклад, ёсць такія:

IV. Сумленне можа сапраўдна і справядліва меркаваць, што сэксуальныя адносіны паміж асобамі, якія заключылі паміж сабою грамадзянскі саюз, хоць адна ці абедзве з іх сакрамэнтальна ажэненыя з іншай асобай, часам могуць быць маральна правільнымі або пра іх можа прасіць ці нават патрабаваць Бог.

VI. Маральныя прынцыпы і маральныя праўды, якія ўтрымліваюцца ў Божым аб’яўленні і натуральным праве, не ўключаюць у сябе негатыўных забаронаў, якія абсалютна забараняюць пэўныя віды дзеянняў, паколькі гэтыя дзеянні заўсёды з’яўляюцца сур’ёзна незаконнымі з увагі на свой аб’ект.

Ёсць у гэтым пераліку і адно сцвярджэнне, звязанае з дэкларацыяй, нядаўна падпісанай з прадстаўнікамі ісламскай рэлігіі ў Абу-Дабі:

VII. Бог не толькі дазваляе, але станоўча жадае плюралізму і разнастайнасці рэлігій, як хрысціянскіх, так і нехрысціянскіх.

Да кожнага такога пункта ў адкрытым лісце прыводзіцца набор сцвярджэнняў са Святога Пісання і настаўніцкіх дакументаў, пры дапамозе якіх можна прадэманстраваць, што гэтыя памылковыя пункты супярэчаць аб’яўленай праўдзе.

Якія доказы?

Аўтары не хаваюць, што такое сур’ёзнае абвінавачанне павінна быць падмацавана грунтоўнай аргументацыяй. У прыватнасці, аргументы павінны паказваць, што Папа ведае пра тое, што сваімі дзеяннямі і занядбаннем распаўсюджвае ерасі, і ўпарціцца ў гэтым. У якасці сведчання пра гэта яны прыводзяць публічныя сцвярджэнні Францішка, у якіх ён адмаўляе згаданыя праўды веры. Гэта перадусім падазроныя сцвярджэнні з самой адгартацыі Amoris laetitia, а таксама перапіска з біскупамі Аргенціны, якіх Францішак пахваліў за правільную інтэрпрэтацыю адгартацыі, тады як тая ж інтэрпрэтацыя дапускае асобаў у паўторным “шлюбе” да святой Камуніі.

Таксама ў лісце прыводзяцца фрагменты пахвальных прамоваў Папы ў адрас Лютэра і ягонага вучэння пра апраўданне і ўрывак з дэкларацыі, падпісанай у Абу-Дабі.

Асобным раздзелам аўтары адкрытага ліста прыводзяць учынкі Папы, якія сведчаць пра падтрымку тых ці іншых ерасяў. У тым ліку пералічваюцца факты спрыяння неартадаксальным прадстаўнікам духавенства, іх прасоўванне на ключавыя пазіцыі і ўвядзенне ў калегію кардыналаў. Аўтары дэманструюць таксама тое, што Францішак павінен быў быць знаёмы з адпаведнымі пунктамі каталіцкага вучэння, бо ён скончыў тэалагічную вучобу, атрымаў ступені ліцэнцыяту, выкладаў тэалогію, працаваў рэктарам, а падчас яго святарскага і біскупскага служэння выйшлі адпаведна адгартацыя Familiaris consortio і энцыкліка Veritatis splendor, якія ён цытаваў у сваіх працах, пра якія дакладваў на навуковых канферэнцыях і якія асуджаюць некаторыя з прыведзеных ерэтычных сцвярджэнняў. У пацвярджэнне таго, што Папа ведае пра праблемнасць сваіх паводзінаў, аўтары згадваюць і ранейшыя спробы выпраўлення, прадпрынятыя падчас пантыфікату Францішка.

У чым матывацыя?

Падпісанты ліста сцвярджаюць, што прадпрымаюць гэтую меру як “апошні сродак адказаць на накапленне шкоды, якую цягам некалькіх гадоў выклікалі словы і дзеянні Папы Францішка, што прывяло да аднаго з найгоршых крызісаў у гісторыі Каталіцкага Касцёла”. На іх думку, у цяперашніх абставінах недастаткова проста навучаць веры абстрактным спосабам або ў агульных тэрмінах асуджаць “замяшанне” ў Касцёле.

Ці маюць права свецкія асобы і святары асудзіць Папу ў ерасі?

Не маюць. Згодна са старадаўнім кананічным прынцыпам, апостальскі пасад нікім не судзіцца (“prima sedes a nemine iudicatur”). Аўтары прызнаюць, што не маюць улады вынесці такое суджэнне, каб гэта прывяло да рэальных кананічных наступстваў. Таму яны звяртаюцца па дапамогу да біскупаў, якіх называюць намеснікамі Хрыста ў межах сваёй юрысдыкцыі (а не намеснікамі Папы), і просяць выправіць Папу Францішка, таму што, на іх думку, не існуе сумнення, што ён распаўсюджвае ерэтычныя меркаванні, а значыць, існуе прычына сур’ёзна ўспрыняць высунутыя абвінавачванні.

Хто гэтыя людзі?

Найбольш знакамітыя навукоўцы сярод падпісантаў — гэта а. Эйдан Нікалс ОР, сусветна прызнаны дамініканскага тэолаг, і прафесар Джон Рыст, спецыяліст у класічнай філасофіі і гісторыі тэалогіі, былы прафесар у многіх універсітэтах, у тым ліку ў рымскім універсітэце Augustinianum.

Дакумент быў апублікаваны на англійскай, галандскай, іспанскай, італьянскай, нямецкай і французскай мовах. Гэта адбылося ў той дзень, калі ў традыцыйным рымскім календары адзначаецца свята св. Кацярыны Сіенскай — святой, якая ў свой час рабіла заўвагі некалькім Папам. Кароткі змест на англійскай мове даступны тут. На сайце LifeSiteNews ідзе абнаўленне спісу падпісантаў.

Фота: Republic of Korea / Flickr (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up