17.04.2019 / Henri de Villiers

Гісторыя складзенага арната. Частка 2🕑 8 хвілін

Знікненне складзеных арнатаў?

Агульнапрынятая практыка адразання пярэдняй часткі складзенага арната, хоць і была зручнай, прывяла да таго, што складзены арнат пачаў успрымацца як убранне, адрознае ад арната цэлебранта, тады як спачатку было не так. Дзіўна, але з-за гэтага ўзнікла неахвота да яго выкарыстання. У 1914 годзе кс. Браўн SJ [14] скардзіўся на знікненне складзеных арнатаў па ўсёй Германіі. Францыя ў той жа час наўрад ці была лепшай; хоць друкаваныя цырыманіялы працягвалі апісваць выкарыстанне складзеных арнатаў, фактычныя прыклады выкарыстання і нават фотаздымкі з XX ст. знайсці вельмі цяжка. Здаецца, іх выкарыстанне найдаўжэй працягвалася ў Італіі, на Пірэнейскім паўвостраве і Брытанскіх астравах.

У новых, эксперыментальных літургіях 1951 і 1952 гг. складзеныя арнаты былі скасаваны для Пасхальнай вігіліі, а з рэформамі 1955 года яны ўвогуле зніклі з набажэнстваў Вялікага тыдня. Іх месца занялі фіялетавыя і чорныя далматыкі і тунікі. У астатняй частцы Вялікага посту і ў іншыя пакаянныя перыяды выкарыстанне складзеных арнатаў працягвалася. Гэтая анамалія скончылася з увядзеннем у 1960 г. новага кодэкса рубрык, дзе напрыканцы агульных рубрык сцвярджалася, што “складзеныя арнаты і шырокія стулы больш не выкарыстоўваюцца” [15].

Папскі цырыманіярый мансіньёр Леон Грамье падчас сваёй знакамітай канферэнцыі, прысвечанай рэформам Вялікага тыдня, заўважыў:

Складзеныя арнаты з’яўляюцца адной з найбольш старажытных характарыстык рымскага абраду. Яны паходзяць з тых часоў, калі арнаты насіла ўсё духавенства; яны захаваліся дзеля найбольш суровай пакуты. Іх адкіданне робіць хлуснёю малюнкі ў катакомбах. Гэта невыказная страта і сур’ёзная знявага гісторыі. Каб апраўдаць сваё злачынства, яны даюць фальшывае тлумачэнне, што складзеныя арнаты цяжка знайсці. Але праўда адваротная: фіялетавыя арнаты, якія можна скласці, ёсць паўсюль, тады як фіялетавыя далматыкі значна больш рэдкія [16]. Акрамя таго, заўсёды застаецца магчымасць служыць у альбе.

Да гэтага можна дадаць здзіўленне з таго факту, што скасаванне складзеных арнатаў якраз у той момант, калі паўсюль прапагандавалася вяртанне да старажытнай, больш шырокай формы арната.

З іншага боку, выкарыстанне складзеных арнатаў сярод англакаталікоў ніколі не спынялася (магчыма, іх выкарыстанне будзе паступова аднаўляцца рознымі новымі ардынарыятамі, праз якія адбываецца прыманне гэтых супольнасцяў ва ўлонне Каталіцкага Касцёла). Да таго ж, адраджэнне літургічных даследаванняў у традыцыйных каталіцкіх супольнасцях прыводзіць да росту колькасці людзей, якія вяртаюць гэты старажытны звычай.

Іншыя заходнія абрады

Выкарыстанне складзеных арнатаў не абмяжоўваецца рымскім абрадам. З рознымі варыяцыямі яно сустракаецца ў наступных літургіях:

1. Амбразіянскі абрад. Складзеныя арнаты выкарыстоўваюцца падчас Адвэнту, Вялікага посту, вялікіх і малых літаній (г. зн. падчас крыжовых дзён, якія ў гэтым абрадзе адбываюцца ў панядзелак, аўторак і сераду пасля Унебаўшэсця Пана і падчас якіх праводзіцца пасыпанне попелам) і ў іншыя посныя дні на працягу года. Як і ў рымскім абрадзе, субдыякан здымае свой складзены арнат на спеў Паслання. Дыякан скручвае свой арнат на рымскі манер ад Евангелля да канца Камуніі. У нядзелі Вялікага посту дыякан спявае вельмі старажытныя літаніі пасля інтроіта напачатку Імшы; робячы гэта, ён таксама скручвае арнат і вешае яго на плячо, таму што гэта яго ўласнае служэнне. Літургічныя колеры ў амбразіянскім абрадзе адрозніваюцца ад рымскага звычаю: падчас Адвэнту і ў нядзелі Вялікага посту выкарыстоўваецца цёмна-фіялетавы колер, а ў будні Вялікага посту — чорны. Вялікія літаніі служацца ў цёмна-фіялетавым, а малыя літаніі — у чорным. Падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту ў пакутныя дні складзеныя арнаты выкарыстоўваюцца абавязкова, нават у невялікіх касцёлах. Заўважным адрозненнем ад рымскага абраду з’яўляецца тое, што падчас усяго Вялікага тыдня (які пачынаецца напярэдадні Пальмавай нядзелі) выкарыстоўваюцца чырвоныя далматыка і туніка.

2. Брагскі абрад. Звычай ідэнтычны рымскаму, толькі што падчас працэсіі з пальмамі выкарыстоўваюцца далматыка і туніка.

3. Ліёнскі абрад. Вельмі цікава, што складзеныя арнаты пачынаюць выкарыстоўвацца толькі пасля першай нядзелі Вялікага посту. Гэта след практыкі часоў св. Грыгорыя Вялікага, калі першым днём Вялікага посту быў панядзелак пасля гэтай нядзелі. Дыякан здымае свой арнат перад спевам Евангелля, аднак не скручвае яго і не вешае на плячо (такім чынам, ён робіць тое ж, што і субдыякан пры спеве Паслання). Складзеныя арнаты не выкарыстоўваюцца ў Вялікую пятніцу.

4. Парыжскі абрад. Арнаты не складваюцца, а скручваюцца на плечы (цырыманіялы кажуць пра “planetis tranversis super humeros”). Яны не выкарыстоўваюцца падчас нядзеляў Адвэнту, якія ў Парыжы служацца ў белым: замест іх апранаюць далматыку і туніку. Тым не менш, у большых касцёлах з вялікай колькасцю духавенства складзеныя арнаты выкарыстоўваюцца падчас будніх дзён Адвэнту; малыя касцёлы вызвалены ад гэтага абавязку. Упершыню скручаныя арнаты выкарыстоўваюцца ў Папяльцовую сераду, затым у нядзелі Вялікага посту, а затым у Вялікую пятніцу; кожны раз убранне мае чорны колер. У будні Вялікага посту дыякан і субдыякан нават у катэдры служаць толькі у альбе, стуле і маніпуле, без арнатаў. Верасеньскія сухія дні служацца ў чырвоных скручаных арнатах, паколькі гэтыя дні належаць да перыяду пасля Спаслання Духа Святога, які ў Парыжы мае чырвоны колер.

5. Прэманстранты. Цікавым момантам гэтага абраду з’яўляецца тое, што выкарыстанне складзеных арнатаў пачынаецца ў перыяд Перадпосця.

6. Цыстэрцыянцы, дамініканцы і кармеліты. Абрады гэтых трох ордэнаў падобныя: падчас перыядаў пакаяння дыякан і субдыякан служаць у альбе, стуле і маніпуле, як у меншых касцёлах у рымскім абрадзе. У дамініканскім абрадзе ў будніх Імшах на працягу года далматыка і туніка не выкарыстоўваюцца.

7. Картузіянцы. Гэты абрад вельмі скарочаны і на працягу года ўвогуле не карыстаецца далматыкай і тунікай. Падчас Імшы дыякан на спеў Евангелля апранае толькі стулу. Складзеныя арнаты таксама не выкарыстоўваюцца.

Што на Усходзе?

Засноўваючыся на сведчанні старажытных мастацкіх выяў, можна сцвярджаць, што візантыйскі Усход прыняў арнат у якасці літургічнага ўбрання прынамсі з V ст. Па-грэцку ён называецца φαιλόνιον — фелонь.

Тэафіл Александрыйскі. Мініяцюра на папірусе, V ст.

У выніку цікавага развіцця, якое нагадвае заходні звычай, пярэдняя частка фелоні абразаецца такім чынам, каб аблегчыць жэсты цэлебранта.

Абраз св. Яна Наўгародскага: фелонь складзена над рукамі

Візантыйскі святар, апрануты ў фелонь. Пярэдняя частка абрэзана, каб аблегчыць літургічныя жэсты.

Пэўныя іспанскія складзеныя арнаты вельмі нагадваюць па форме сучасныя візантыйскія фелоні, абрэзаныя спераду.

Іспанскія складзеныя арнаты, вельмі падобныя па форме да візантыйскіх

Мы нідзе не знаходзім сведчання, што дыяканы і субдыяканы на Усходзе калісьці насілі арнаты; і тыя, і другія карысталіся далматыкамі [17]. Аднак у рускім абрадзе падчас пасвячэння кантара ці лектара біскуп накладае на ягоныя плечы кароткую фелонь, якая, верагодна, з’яўляецца ўсходнім аналагам заходняга складзенага арната.

Пасвячэнне лектара ў рускім абрадзе

Кароткая фелонь здымаецца, як толькі лектар праспяваў Пасланне.

Новапасвячаны візантыйскі лектар носіць кароткую фелонь падчас спеву Паслання

Пры пасвячэнні субдыякана, які не з’яўляецца манахам, кандыдат становіцца перад біскупам у кароткай фелоні. Гэтае ўбранне не выкарыстоўваецца па-за двума згаданымі абрадамі пасвячэнняў [18], але цалкам можа быць следам больш старажытнага звычаю, калі арнат насілі ўсе прадстаўнікі ніжэйшага духавенства.

Руская фелонь і кароткая фелонь

Іншыя ўсходнія абрады зазвычай не выкарыстоўваюць арнат, і нават цэлебрант носіць капу. Армяне, аднак, маюць эквівалент рускай кароткай фелоні [19] — кароткую капу, якая пакрывае плечы ніжэйшых клерыкаў у гэтым абрадзе і ў нашы дні зазвычай прымацоўваецца да альбы:

Імша ў армянскім абрадзе (армянакаталіцкая катэдра Святога Крыжа ў Парыжы)

Пасвячэнне армянскіх дыяканаў

Заканчэнне

Энтузіязм кс. Буньіні, звязаны са скасаваннем складзеных арнатаў (ён зняважліва адзначае, што ніхто не будзе сумаваць па іх [20]), прымушае задаць больш шырокае пытанне, якое натуральным чынам паўстае пры вывучэнні літургічных рэформаў 1951–1969 гг. У той час гэтыя рэформы прадстаўляліся вернікам як шчырае вяртанне да літургіі старажытнага хрысціянства, нарэшце ачышчанай ад смецця Высокага Сярэднявечча і эпохі барока. Але, калі гэта праўда, як нам растлумачыць высакамернае скасаванне такога сапраўды старажытнага элементу рымскага абраду, як складзены арнат, — таго элементу, які яднае нас у малітве і практыцы з нашымі прабацькамі ў веры і сягае самых ранніх стагоддзяў? На жаль, гэты прыклад далёка не ўнікальны, і ён толькі падкрэслівае адкіданне многіх старажытных элементаў на карысць чыста выдуманых канструктаў, якія былі ўведзены цягам гэтых рэформаў. Калі казаць больш глабальна, можна задаць пытанне пра прыроду літургічнай рэформы 1951–1969: яна з’яўляецца неразрыўным арганічным развіццём літургіі Касцёла ці радыкальным разрывам са шматвекавой практыкай рымскага абраду?

Цікава назіраць, як у розных частках свету традыцыйныя супольнасці пачынаюць адраджаць выкарыстанне складзеных арнатаў. Мы ўпэўнены, што гэтыя супольнасці разумеюць, што яны аднаўляюць багацце сімвалаў, якое пакінула нам традыцыя і якое ў нас несправядліва забралі.

Імша манс. Анджэла Амадэа ў Пантэоне, Рым

Складзены арнат, Рым

Папяльцовая серада

Вялікая пятніца, Лондан

Шырокая стула для Вялікай пятніцы, Лондан

Мука паводле св. Мацвея. Пантыфікальная Імша ў Пальмавую нядзелю, Рым

Другая нядзеля Вялікага посту 2016, калегіяцкі касцёл Сэн-Жуста ў Ліёне

Акрапленне ў ІІ нядзелю Вялікага посту. Супольнасць св. Гуго з Клюні, штат Канектыкут

ІІ нядзеля Вялікага посту. Супольнасць св. Гуго з Клюні. Звярніце ўвагу, што скручаны арнат сапраўды скручаны.

Раздача свечак у свята Ахвяравання Пана. Інстытут Хрыста Валадара, Грычыльяна

Зноскі

[14] G. Braun, “Die liturgischen Paramente”, 1914, p. 98.

[15] Rubricae generales XIX, № 137: “Planetae plicatae et stola latior amplius non adhibentur”.

[16] Сапраўды, строга кажучы, фіялетавыя далматыкі выкарыстоўваюцца толькі ў тры нядзелі: Сямідзясятніцу, Шасцідзясятніцу і Пяцідзясятніцу.

[17] Гэтыя далматыкі частка маюць крой, значна больш старажытны за грэцкі абрад.

[18] Лектар-кантар зазавычай выкарыстоўвае для служэння стыхар (στιχάριον), падобны да тунікі. Некаторыя парафіі імкнуліся адрадзіць больш частае выкарыстанне кароткай фелоні.

[19] Паводле R. Pilkington, “I riti orientali”, Turin, L.I.C.E. — Berruti, с. 31.

[20] Пар. A. Bugnini—C. Braga, “Ordo Hebdomadae Sanctae instauratus commentarium”. Bibliotheca Ephemerides Liturgicae Sectio Historica 25, Roma, Edizioni Liturgiche, 1956, p. 56, n. 28.


Аўтар: Henri de Villiers
Крыніца: New Liturgical Movement (франц. Schola Sainte Cécile)

Тэкст перакладзены з англійскага перакладу і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up