16.04.2019 / Henri de Villiers

Гісторыя складзенага арната. Частка 1🕑 13 хвілін

Складзены арнат — гэта літургічнае ўбранне, якое дыякан і субдыякан выкарыстоўваюць замест далматыкі і тунікі падчас перыядаў пакаяння. Выкарыстанне складзенага арната паходзіць з самых ранніх часоў Касцёла, калі ў арнаты ўбіралася ўсё духавенства.

Гісторыя

Напачатку арнат быў свецкім убраннем, якім карысталася яшчэ цывілізацыя этрускаў. У І ст. н. э. арнат распаўсюдзіўся па ўсёй Рымскай імперыі і пачаў шырока выкарыстоўвацца як элегантны элемент адзення. Гэта было круглае адзенне, у якое праз выраз у цэнтры прасоўвалася галава і якое закрывала пярэднюю частку цела да каленяў. Яно мае некалькі назваў: найчасцей у старажытным Рыме яго называлі “pænula”, а таксама “casula” (літаральна “хатка”), бо яно выглядала як невялікі шацёр; “planeta” (рымскія літургічныя кнігі менавіта так гэта называюць, хоць астатняя Заходняя Еўропа аддавала перавагу слову “casula”); Айцы Касцёла з Галіі пераважна выкарыстоўвалі слова “amphibalus”.

Этруская pænula (закатаная на руках), IV ст. да н. э.

У пачатку нашай эры арнат павінен быў замяніць старую тогу, таму што яна была вельмі цяжкая і не такая практычная. Рымскія аратары, удзельнічаючы ў судовых пасяджэннях, нават настойвалі на выкарыстанні арната замест тогі, каб мець больш свабоды ў рытарычных жэстах [1]. Пры імператары Траяне (98–117) трыбуны насілі арнаты, а Комад (180–192) загадаў, каб тыя, хто ўдзельнічае ў публічных відовішчах, рабілі гэта ў арнатах, а не ў тогах. У 382 годзе арнат стаў сенатарскім адзеннем.

Хрысціяне, натуральна, таксама выкарыстоўвалі гэтае адзенне [2], і ў пачатку ІІІ ст. Тэртуліян рабіў вымову вернікам, якія здымалі арнаты падчас літургічных малітваў па прычынах, якія ён называў забабоннымі [3]. Калі арнат стаў ганаровым адзеннем вышэйшых чыноўнікаў Імперыі, хрысціяне вырашылі даць сваім трыбунам і сенатарам — біскупам, святарам і дыяканам — падобную адзнаку.

У хрысціянскіх творах першая згадка пра арнат як тыпова літургічнае ўбранне сустракаецца адносна позна: яна знаходзіцца ў другім з двух лістоў св. Германа Парыжскага (+576), дзе ўтрымліваецца знакамітае апісанне Імшы паводле старажытнага галіканскага абраду?

Арнат, вядомы як “amphibalus”, які носіць святар, паказвае першапачатковую еднасць усіх, якую ўстанавіў Майсей Заканадаўца. Цяпер Пан загадаў зрабіць рознае ўбранне, каб людзі не асмельваліся насіць тое, што носіць святар. Таму ў арната няма рукавоў, бо абавязак святара — благаслаўляць, а не служыць. Адпаведна, ад пачатку ён рабіўся з аднаго кавалку матэрыі, не разразаўся і не адкрываўся, бо шмат ёсць схаваных таямніц Святога Пісання, якія адукаваны святар павінен хаваць, нібы пад пячаткай, і захоўваць цэласнасць веры, не трапляючы ў ерась або схізму.

Тым не менш яшчэ да першай пісьмовай згадкі шматлікія фрэскі, мазаікі і мініяцюры з IV ст. і далей паказваюць, што менавіта ў гэты перыяд на Захадзе і Усходзе арнат быў з большага прыняты як літургічнае ўбранне.

Св. Амброзій Медыяланскі ў арнаце. Звярніце ўвагу на разрэз, які дапамагае рухам правай рукі. Мазаіка датуецца 375 годам і знаходзіцца ў капліцы св. Віктара ў базіліцы св. Амброзія

У той час арнат быў агульным убраннем для ўсяго духавенства: не толькі біскупаў і святароў, але таксама дыяканаў, субдыяканаў і — па словах Алкуіна (каля 730–804) — у пэўных абставінах нават акалітаў! Амалярый з Меца (775–850) кажа нам, што ў яго часы арнат яшчэ насіла ўсё духавенства без адрознення. Ён называе яго “generale indumentum sacrorum ducum” [4]. У ХІ ст. у некаторых рэгіёнах яго ўсё яшчэ насілі акаліты [5].

Для цэлебранта (біскупа або святара) гэтае ўбранне не стварала нейкага дыскамфорту пры выкананні святых абрадаў. Св. Герман Парыжскі заўважае: “У арната няма рукавоў, бо абавязак святара — благаслаўляць, а не служыць”. Аднак прыслугоўваючым — дыякану і субдыякану — прыходзілася дастасоўваць арнат да сваіх патрэбаў: яны складвалі пярэднюю частку арната так, каб мець свабодныя рукі для трымання святога начыння. Таму іх назвалі “складзенымі арнатамі”, альбо “planetæ plicatæ ante pectus”, як кажуць лацінскія літургічныя кнігі.

Каб лепш зразумець форму гэтага складвання, ніжэй прывядзём некалькі фотаздымкаў, узятых з часопіса L’Art d’Église (№ 4, 1948), які паказвае вельмі ўдалую спробу манахаў абацтва св. Андрэя ў Бельгіі зноў стварыць складзены арнат старажытнай формы.

Складзены арнат субдыякана

Ад спеву Евангелля да канца Імшы дыякан, каб быць больш свабодным у сваіх рухах, скручваў свой арнат і вешаў яго праз плячо наверх стулы

Арнат дыякана: скручаны і перавешаны праз плячо або проста складзены (у залежнасці ад моманту Імшы)

Арнат цэлебранта не трэба было складваць [6] менавіта таму, што дыякан і субдыякан дапамагалі яму, падымаючы яго бакі ў пэўныя моманты Імшы, падчас акаджэнняў і ўзнясення. Рымская літургія верна захавала гэты прыгожы жэст, нават калі ён перастаў быць патрэбны, бо арнаты цэлебрантаў абрэзалі і змянілі ім форму.

Складзеныя арнаты дыякана і субдыякана былі ясным сімвалам іх належнай літургічнай функцыі святых служыцеляў, г. зн. іхняй ролі слугаў цэлебранта.

З V ст. складзеныя арнаты дыякана і субдыякана пачалі замяняцца двума новымі ўбраннямі: далматыкай і тунікай. Гэтыя прадметы ўбрання мелі рукавы, таму дыякану і субдыякану стала яшчэ больш зручна выконваць свае літургічныя і службовыя функцыі.

Аднак Рым яшчэ доўга не прымаў гэтае новаўвядзенне, і Ordines Romani, якія апісваюць рымскую літургію ў часы св. Грыгорыя Вялікага і крыху пазней (VII ст.), усё яшчэ называюць арнат убраннем, якое носяць Папа, дыяканы і субдыяканы. Акрамя таго, біёграф св. Грыгорыя Вялікага (каля 540–604) Ян Дыякан (каля 825–880) у сваёй працы “Vita Gregorii Magni” называе астатняе духавенства, якое суправаджала Папу ў працэсіях, тэрмінам “planeti”, г. зн. тыя, хто носіць арнаты (planetæ).

Калі Рым нарэшце прыняў выкарыстанне далматык і тунік, ён тым не менш захаваў выкарыстанне дыяканам і субдыяканам складзеных арнатаў падчас Вялікага посту і пакаянных перыядаў, згодна з агульным літургічным прынцыпам, што перыяды, якія лічыліся найбольш святымі, трэба было абараняць ад літургічных інавацый.

Акрамя таго, далматыка і туніка — гэта прыгожыя ўбранні, якія сімвалізуюць радасць і нявіннасць. На працягу доўгага часу яны павінны былі быць белага колеру, а старажытныя далматыкі таксама ўпрыгожвалі дзвюма яркімі пурпурнымі вертыкальнымі палосамі (lati claves), якія ў старажытнасці ўпрыгожвалі сенатарскае адзенне. У традыцыйным абрадзе пры пасвячэнні дыякана біскуп апранае яго ў далматыку з такімі словамі: “Няхай Пан апране цябе ў вопратку збаўлення і ўбранне радасці, і далматыкай справядлівасці няхай заўсёды ахінае цябе”. (“Induat te Dominus indumento salutis, et vestimento laetitiae, et dalmatica justitiae circumdet te semper”.) Аналагічная малітва пры апрананні субдыякана ў туніку таксама кажа пра вопратку радасці (“indumento laetitiae”). Таму выкарыстанне далматыкі і тунікі зусім не адпавядае пакутным перыядам, падчас якіх яны замяняюцца на старажытны складзены арнат.

Раздача свечак падчас свята Ачышчэння

Інструкцыі для літургічнага выкарыстання

Такім чынам, складзеныя арнаты выкарыстоўваюцца ў рымскай літургіі падчас перыядаў пакаяння. Дакладныя дні іх выкарыстання апісаны ў раздзеле XIX, §§ 6–7 рубрык Рымскага Імшала св. Пія V (“De qualitate paramentorum”) [7]:

“У катэдрах і вялікіх касцёлах арнат складваецца на грудзях у посныя дні (акрамя вігілій святых), таксама ў нядзелі і будні Адвэнту і Вялікага посту, у вігілію Спаслання Духа Святога перад Імшою (акрамя нядзелі Gaudete і выпадкаў, калі гэтая Імша паўтараецца на працягу тыдня; нядзелі Lætare, вігіліі Божага Нараджэння, Вялікай суботы падчас благаслаўлення свечкі і падчас Імшы і сухіх дзён Спаслання Духа Святога), а таксама падчас благаслаўлення свечак і працэсіі ў дзень Ачышчэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, падчас благаслаўлення попелу і благаслаўлення пальмаў і працэсіі.

У меншых жа касцёлах у вышэйзгаданыя посныя дні (дыякан і субдыякан) служаць толькі ў альбе: субдыякан з маніпулам, а дыякан таксама ў стуле, якая звісае з левага пляча пад правым”.

Сакрамэнт пасвячэння ў сухую суботу: дыякан і субдыякан, якія прыслугоўваюць біскупу, носяць складзеныя арнаты

Тут мы больш дэтальна спынімся на гэтай інструкцыі. Нягледзячы на сваю меркаваную складанасць яна следуе пэўным простым і лагічным прынцыпам.

1. Складзеныя арнаты выкарыстоўваліся толькі ў пакаянныя перыяды, а таму мелі толькі фіялетавы або чорны колер. Яны не выкарыстоўваліся (хоць нават рубрыка не згадвае пра гэта яўна) у Імшы Вялікага чацвярга, якая служыцца ў белым, але іх апраналі на Імшу раней асвячаных дароў у Вялікую пятніцу, якая служыцца ў чорным. Да рэформаў 1950-х гг. вігілія Спаслання Духа Святога лічылася амаль што другой Пасхальнай вігіліяй, і перад пачаткам Імшы тады чыталася шэсць чытанняў. Гэтая прадымша цэлебравалася ў фіялетавым убранні; адпаведна, выкарыстоўваліся складзеныя арнаты. Далейшая Імша служылася ў чырвоным. Падобна і ў Вялікую суботу дыякан благаслаўляў пасхальную свечку ў белай далматыцы, затым зноў апранаў на прадымшу (якая складася з 12 чытанняў і благаслаўлення вады) фіялетавы складзены арнат. Сама Імша служылася ў белым убранні.

2. Нядзелі Адвэнту і Вялікага посту не з’яўляюцца поснымі днямі (у нядзелі ніколі няма посту, таму што ў нядзелю заўсёды святкуецца ўваскрасенне Хрыста), аднак усё ж уваходзяць у пакаянныя перыяды, таму што яны цэлебруюцца ў фіялетавым. Тым не менш рубрыка не згадвае нядзелю Сямідзясятніцы, якая таксама служыцца ў фіялетавым. За некаторымі выключэннямі, сярэднявечныя каментатары не рэкамендуюць выкарыстоўваць фіялетавыя складзеныя арнаты ў перыяд Перадпосця. (Калі дакладна выконваць рубрыку, іх не трэба выкарыстоўваць у нядзелі падчас Перадпосця, аднак можна абдумаць іх выкарыстанне ў панядзелкі, серады і пятніцы гэтых трох тыдняў, таму што калісьці яны былі поснымі днямі).

3. Нядзелі Gaudete і Lætare з’яўляюцца перапынкамі ў Адвэнце і Вялікім посце — днямі радасці, калі Касцёл дае вернікам прадчуванне тых эмоцый, якія чакаюць іх напрыканцы гэтых двух пакутных перыядаў. Выкарыстоўваецца ружовае ўбранне, алтары ўпрыгожваюць кветкамі, дазваляецца граць на аргане і іншых музычных інструментах. Імша нядзелі Gaudete можа цэлебравацца зноў падчас наступнага тыдня, і тады яна мае тыя самыя прывілеі. (Імша нядзелі Lætare не можа паўтарацца на тыдні, таму што кожны будні дзень Вялікага посту мае сваю Імшу.)

4. Сухія дні Спаслання Духа Святога — гэта адзіныя сухія дні без посту, таму што яны знаходзяцца ў актаве Спаслання Духа Святога. Таму, у адрозненне ад сухіх дзён верасня, Адвэнту і Вялікага посту, падчас гэтых Імшаў не выкарыстоўваюцца складзеныя арнаты.

5. Пад “вялікімі касцёламі” рубрыка мае на ўвазе катэдры, калегіяцкія касцёлы, а таксама парафіяльныя касцёлы. Гэта было пацверджана рашэннем Святой Кангрэгацыі абрадаў ад 11 верасня 1847 года, скіраваным да біскупа Лондана Нікаласа Вайзмана, які тады аднаўляў каталіцкую іерархію ў Англіі і чые новыя парафіі ўсё яшчэ адчувалі недахоп святога ўбрання. Тое ж рашэнне давала яму параду лепш цэлебраваць Імшу ў сваёй катэдры без дыяканаў і субдыяканаў, чым мець дыяканаў і субдыяканаў без складзеных арнатаў. Верагодна, гэтае рашэнне палічылі крыху жорсткім, таму што ў пазнейшых зборніках дэкрэтаў Кангрэгацыі яно было скасавана: у вялікім касцёле, дзе няма складзеных арнатаў, дыякан і субдыякан могуць заўсёды служыць без іх, апранаючы толькі альбу, стулу і маніпул.

6. Меншым касцёлам дазволена было не выкарыстоўваць складзеныя арнаты не столькі таму, што іх не было, колькі таму, што цяжка было падабраць тры аднолькавыя арнаты, два з якіх былі б складзеныя.

7. Яшчэ адзін адказ Святой Кангрэгацыі абрадаў (№ 5385 ад 31 жніўня 1867 года) удакладняе, што складзеныя арнаты неабходна выкарыстоўваць падчас Імшаў перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам падчас саракагадзіннага набажэнства, якое адбываецца ў Адвэнце або Вялікім посце.

8. Выкарыстанне складзеных арнатаў было звязана з ідэяй літургічнага часу, таму яны не выкарыстоўваліся падчас жалобных Імшаў, якія не прывязаны да нейкага канкрэтнага перыяду; падчас іх, як звычайна, выкарыстоўваліся чорная далматыка і чорная туніка.

Літургічнае выкарыстанне

Каб служыцелі маглі дапамагаць цэлебранту, дастаткова скласці толькі пярэднюю частка іхніх арнатаў. Аднак, калі дыякан і субдыякан выконваць заданні, належныя іх стану, яны цалкам здымаюць гэтае ўбранне або яшчэ больш складаюць яго.

Так, субдыякан здымае свой складзены арнат перад спевам Паслання і зноў апранае яго адразу пасля гэтага [8].

Уласнае служэнне дыякана пачынаецца ад спеву Евангелля і працягваецца да канца Камуніі; у гэтым часе ён не здымае складзены арнат зусім, а носіць яго скручаным і перавешаным праз левае плячо, наверх стулы, завязваючы шнурочкі пад правай рукой (а часам і проста на вузел). Пасля Камуніі ён раскручвае арнат і носіць яго складзеным так, як раней.

Скручаны арнат дыякана падчас спеву Евангелля

Каб спрасціць гэтую працэдуру, узнік звычай загадзя скручваць іншы арнат, каб дыякан у адпаведны час мог накласці яго на стулу. Пазней гэты скручаны арнат замянілі простай палоскай такой самай тканіны, назваўшы яго шырокай стулай [9].

Развіццё скручанага арната ў шырокую стулу: злева — скручаны арнат на сярэднявечнай статуі Уэлскай катэдры ў Англіі; справа — шырокая стула ў сучасным выглядзе: простая паласа тканіны без упрыгожвання на краях.

Падчас пантыфікальнай Імшы дыяканы-асістэнты апранаюць сваё ўбранне — складзены арнат на комжу ці ракету — пад канец Тэрцыі, перад тым, як біскуп спявае калекту [10].

Субдыякан-круцыферарый таксама носіць складзены арнат [11].

Складзены арнат і шырокая стула з базілікі Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі ў Рыме.

Ад складзенага арната да абрэзанага

Выкарыстанне арнатаў, у якіх пярэдняя частка сапраўды складваецца і ўтрымліваецца ў такой форме шнурочкамі або кручкамі, захавалася да нашых дзён.

Сапраўдныя складзеныя арнаты дыякана і субдыякана. Англія

У XVII ст. Пісакара Кастальда адзначыў, што складзеныя арнаты не павінны адрознівацца ад арната цэлебранта [12]. У XVIII ст. Мерата, каментуючы Гаванта, удакладніў, што кручкі, якія трымаюць арнат у складзеным выглядзе, трэба паміж абрадамі здымаць, каб не пашкодзіць арнаты і каб святары маглі нармальна карыстацца гэтымі арнатамі на ціхіх Імшах [якія служацца без дыякана і субдыякана] [13].

Таму складзены арнат — гэта якраз тое, пра што кажа яго назва: такі самы арнат, як любы іншы, у якім пярэдняя частка складваецца знізу да ўзроўня локцяў і зашчэпліваецца дзвюма стальнымі зашчэпкамі.

Касцёл Mater Ecclesiae, Берлін, штат Нью-Джэрсі

Тым не менш, калі з цягам стагоддзяў арнаты для цэлебрантаў дзеля зручнасці абрэзалі з бакоў, складзеныя часткі ў арнатаў дыяканаў і субдыяканаў таксама пачалі прышываць, а потым лішак тканіны сталі адразаць увогуле. Таму можна казаць пра абрэзаныя арнаты, хоць у паўсюдным ужытку іх працягваюць называць складзенымі арнатамі.

Зноскі

[1] Пар. “De Oratoribus”, раздз. XXXIX, прыпісваецца Тацыту (58 — каля 120).

[2] Ёсць шмат арнатаў, якія, як сцвярджаюць, належалі св. Паўлу.

[3] Тэртуліян, “De Oratione”, раздз. XV.

[4] Амалярый з Меца, “De ecclesiasticis officiis”, II, 19 (PL 105, 1095).

[5] A. King, “Liturgy of the Roman Church”, London-New York-Toronto, Longmans, 1957, с. 130.

[6] Хоць нават арнаты цэлебрантаў часам мелі складкі; так было ў катэдры Рэймса.

[7] “De qualitate paramentorum”, т. XIX, № 6, 7. “In diebus vero ieiuniorum [præterquam in vigiliis Sanctorum) et in Dominicis et feriis Adventus et Quadragesimæ ac in vigilia Pentecostes ante Missam (exceptis Dominica Gaudete, si eius Missa infra hebdomadam repetatur, et Dominica Lætare, Vigilia Nativitatis Domini, Sabbato Sancto in benedictione Cerei et in Missa, ac quatuor temporibus Pentecostes) item in benedictione Candelarum et Processione in die Purificationis Beatæ Mariæ, et in benedictione Cinerum ac benedictione Palmarum et Processione, in Cathedralibus et præcipuis Ecclesiis utuntur Planetis plicatis ante pectus ; quam planetam Diaconus dimittit, etc. In minoribus autem Ecclesiis, prædictis diebus ieiuniorum Alba tantum induti ministrant : Subdiaconus cum manipulo, Diaconus etiam cum stola ab humero sinistro pendente sub dextrum”.

[8] “Калі святыя служыцелі носяць складзеныя арнаты, першы акаліт падымаецца падчас апошняй калекты перад Пасланнем і бярэ ў субдыякана складзены арнат, затым апошні бярэ кнігу, спявае Пасланне і цалуе руку цэлебранта. Вярнуўшы кнігу, ён зноў апранаецца ў складзены арнат пры алтары або пры крэдэнсе і пераносіць Імшал на бок Евангелля разам з падушкай або падстаўкай” Pio Martinucci, “Manuale sacrarum Caerimoniarum”, раздз. VI, № 14.

[9] “Пасля таго як цэлебрант пачаў чытаць Евангелле [ціхім голасам], дыякан сыходзіць ад алтара бакавымі прыступкамі, як было сказана. Пры крэдэнсе ён здымае складзены арнат і апранае шырокую стулу; затым ён бярэ кнігу Евангелляў, нясе яе да алтара і выконвае астатнія свае функцыі” Pio Martinucci, “Manuale sacrarum Caerimoniarum”, раздз. VI, № 15.

[10] Caeremoniale Episcoporum, кн. II, раздз. XIII, № 3.

[11] Pierre Jean Baptiste de Herdt, “Pratique de la liturgie selon le rite romain”, с. 213.

[12] A. Pisacara Castaldo, “Praxis caeremoniarum”, Neapoli, Scoriggium, 1645, с. 178.

[13] B. Gavantus—G.M. Merato, “Thesaurus Sacrorum Rituum”, Venetiis, Balleoniana, 1792, I, с. 48.


Аўтар: Henri de Villiers
Крыніца: New Liturgical Movement

Тэкст перакладзены з англійскага перакладу і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up