15.04.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Практыкаванне перыяду Мукі Пана і Вялікага тыдня🕑 13 хвілін

Мінулыя чатыры тыдні, як здаецца, былі падрыхтоўкай Касцёла да таго смутку, які яму трэба перажыць цягам гэтых двух. Касцёл ведае, што людзі шукаюць Езуса і што яны сур’ёзна настроеныя на Ягоную смерць. Не пройдзе дванаццаці дзён — і мы пабачым, як на Яго па-блюзнерску падымуць рукі. Касцёл пойдзе за Ім на Кальварыю; ён будзе з Ім пры Яго апошнім уздыху; ён пабачыць, як да ўваходу ў магілу, дзе ляжыць нежывое цела, прываляць вялікі камень. Таму не трэба здзіўляцца, што падчас гэтых тыдняў ён запрашае сваіх дзяцей сузіраць Таго, на каго скіравана ўся яго любоў і ўвесь смутак.

Аднак наша Маці просіць ад нас большага, чым проста спачування і слёз; Касцёл жадае, каб мы вучыліся дзякуючы тым урокам, якія даюць нам мука і смерць нашага Адкупіцеля. Ідучы на Кальварыю, Ён сам сказаў святым жанчынам, што мелі адвагу паказаць сваё спачуванне нават перад тым, хто асудзіў Яго на смерць: “Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых” (Лк 23:28). Ён адмовіўся ад іхніх слёз не таму, што не быў задаволены доказам іх прывязанасці, але сказаў гэта з любові да іх. Перадусім Ён жадаў, каб яны зразумелі важнасць той падзеі, сведкамі якой яны з’яўляюцца, і навучыліся таму, наколькі няўмольнай з’яўляецца Божая справядлівасць перад грахом.

Падчас папярэдніх чатырох тыдняў Касцёл вёў грэшнікаў да навяртання. Цяпер, калі гэтае навяртанне адбылося, Касцёл будзе ўдасканальваць яго. Цяпер ён прапануе нашай увазе не пост і малітву Езуса ў пустыні, а таго самага Езуса, Які з’яўляецца вялікай Ахвярай, прынесенай дзеля збаўлення свету. Гадзіна смерці блізкая; моц цемры імкнецца выкарыстаць той час, што застаўся; найбольшае са злачынстваў амаль здзейснена. Праз некалькі дзён Сын Божы будзе аддадзены ў рукі грэшнікаў, якія Яго заб’юць. Касцёлу больш не трэба заклікаць сваіх дзяцей да пакаяння; цяпер яны добра ведаюць, што такое грэх, калі ён патрабуе такой адплаты. Касцёл цалкам пагружаны ў думкі пра тую страшную падзею, якою скончыцца жыццё Богачалавека на зямлі, і, выказваючы свае думкі праз літургію, ён вучыць нас, якімі павінны быць нашыя пачуцці.

Пераважны характар малітваў і абрадаў гэтых двух тыдняў — гэта глыбокі смутак ад бачання таго, як ворагі пераследуюць Справядлівага аж да смерці, а таксама моцнае абурэнне супраць забойцаў Бога. Формулы, якія выказваюць гэтыя два пачуцці, узяты з большага ад Давіда і прарокаў. У гэтых словах сам наш Збаўца адкрывае нам боль сваёй душы; гэта сам Касцёл прамаўляе страшныя анафемы супраць тых, хто асудзіў Езуса на смерць. Пакаранне, якое напаткае юдэйскую нацыю, выказана ў прароцтвах ва ўсіх самых страшных дэталях, а ў апошнія тры дні мы пачуем, як прарок Ерамія прамаўляе свой плач над няверным горадам. Касцёл не стараецца выклікаць пустыя эмоцыі; яго галоўнай мэтай з’яўляецца ўзбудзіць у сэрцах сваіх дзяцей збавенны страх. Калі злачынства Ерузалема кране страхам іхнюю душу і калі яны адчуюць свой удзел у гэтым злачынстве, тады іхнія слёзы будуць пралівацца багата.

Таму пастараемся зрабіць усё магчымае, каб прыняць гэтыя моцныя ўражанні, якія, на жаль, з-за павярхоўнай пабожнасці вельмі малавядомыя ў нашы часы. Паразважаем з любоўю і спачуваннем пра Сына Божага, Які з такім даверам паставіўся да свайго стварэння, правёў трыццаць тры гады сярод яго, не толькі ў пакоры і спакоі, але нават ходзячы і робячы дабро (Дз 10:38). І цяпер гэтае жыццё, поўнае дабрыні, спачування і пакоры, будзе перарвана ганебнай смерцю, на якую асуджалі толькі рабоў, — смерцю на крыжы. Падумаем, з аднаго боку, пра гэтых грэшных людзей, якія, не здолеўшы абвінаваціць Езуса ў злачынствах, абвінавачваюць яго ў станоўчых рысах і даводзяць сваю ганебную няўдзячнасць да такой ступені, што праліваюць Кроў гэтага нявіннага і боскага Ягняці. І затым звернемся да Езуса, самага Справядлівага сярод людзей, і паглядзім, як Ягоная душа смуткавала ажно да смерці (Мц 26:38), як Ён стаў ахвярай усіх найгоршых пакутаў, якія зваліліся на Яго пад пракляццем нашага граху, і як Ён да самага дна выпіў келіх, пра які прасіў Айца, каб Той адвёў яго. Паслухаем Яго перадсмяротныя словы: “Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў?” (Мц 27:46). Вось што напаўняе Касцёл глыбокім смуткам; вось што ён прапануе нам для разважання, бо ён разумее, што калі мы аднойчы правільна зразумеем пакуты Езуса, то нашы прывязанасці да граху абавязкова будуць знішчаны, бо сваім грахом мы самі сябе робім вінаватымі ў тым злачынстве, якое ненавідзім у гэтых юдэях.

Але Касцёл ведае, наколькі цвёрдым з’яўляецца сэрца чалавека і наколькі чалавек павінен напоўніцца страхам, каб рашыцца на шчырае пакаянне. Па гэтай прычыне ён ставіць перад намі тыя страшныя пракляцці, якія прарокі, прамаўляючы ад імя Езуса, казалі супраць тых, хто асудзіў нашага Пана на смерць. Гэтыя прароцкія пракляцці ў літаральным сэнсе выканаліся супраць тых зацвярдзелых юдэяў. Яны таксама вучаць нас, чаго трэба баяцца хрысціянінам, калі, паводле трапнага выказвання апостала, мы зноў укрыжуем Сына Божага (Гбр 6:6). Слухаючы, што кажа нам цяпер Касцёл, мы не можам не трымцець, калі нам прыходзяць на думку іншыя словы таго ж апостала: “Падумайце, наколькі большага пакарання заслугоўваюць тыя, хто зняважыў Божага Сына і зганьбіў кроў запавету, якой быў асвячаны, і пагардзіў Духам ласкі? Мы ж ведаем таго, хто сказаў: “Помста за Мною, Я адплачу”. І далей: “Сам Пан будзе судзіць свой народ”. Жахлівая рэч – патрапіць у рукі жывога Бога” (Гбр 10:29-31).

О, сапраўды жахлівая гэта рэч! Які ж урок дае нам Бог пра сваю няўмольную справядлівасць падчас гэтых дзён Мукі! Той, Які не пашкадаваў свайго Сына (Рым 8:32), Якога ўпадабаў (Мц 3:17), — ці пашкадуе нас, калі пасля ўсіх ласкаў, якія Ён спаслаў на нас, знойдзе нас у граху, які Ён так неміласэрна пакараў нават у Езусе, калі Той узяў яго на сябе, каб стаць ахвярай за нас? Разважанні пра справядлівасць Бога ў дачыненні да самай нявіннай і велічнай з ахвяраў і пра пакаранні, якія напаткалі нераскаяных юдэяў, павінны, несумненна, знішчыць у нас усялякую прывязанасць да граху, выклікаўшы ў нас той збавенны страх, які з’яўляецца надзейным падмуркам цвёрдай надзеі і адданай любові.

Бо калі сваімі грахамі мы зрабіліся вінаватымі ў смерці Божага Сына, то таксама праўда і тое, што Кроў, якая выцякае з Яго святых ранаў, мае моц ачысціць нас ад віны нашага злачынства. Справядлівасць нашага нябеснага Айца нельга задаволіць нічым, акрамя гэтай каштоўнай Крыві, а міласэрнасць таго ж нашага Айца жадае, каб гэтая Кроў пралілася як выкуп за нас. Жорсткасць выканаўцаў прысуду зрабіла ў святым целе Езуса пяць ранаў, і з гэтых ранаў выцякае пяць крыніцаў збаўлення, якія ачышчаюць свет і аднаўляюць у кожным з нас Божы вобраз, знішчаны грахом. Наблізімся ж з упэўненасцю да гэтай Крыві адкуплення, якая шырока адкрывае перад грэшнікам брамы неба і каштоўнасць якой такая, што яна магла б адкупіць мільён светаў, нават калі б яны былі яшчэ больш грэшныя за наш. Мы набліжаемся да таго дня, калі яна была праліта; многія стагоддзі прайшлі з таго моманту, калі яна выцекла з параненага цела Езуса і струменямі ўпала з крыжа на няўдзячную зямлю; і ўсё ж яе моц такая ж вялікая, як і тады.

Пойдзем жа тады і зачэрпнем з крыніцаў збаўлення (Іс 12:3); нашы душы напоўняцца жыццём, ачысцяцца і заззяюць нябеснай прыгажосцю; на іх не застанецца ніводнай плямы старога бруду, а нябесны Айцец палюбіць нас той жа любоўю, якою Ён любіць свайго Сына. Навошта ж Ён тады аддаў свайго ўзлюбленага Сына на смерць? Ці ж не для таго, каб зноў здабыць нас, сваіх страчаных дзяцей? З-за сваіх грахоў мы сталі ўласнасцю сатаны; пекла заявіла пра свае прэтэнзіі на нас — і вось нас раптоўна вырвалі з-пад улады абодвух і вярнулі нам нашы першасныя правы. Аднак Бог не выкарыстоўваў насілля, каб вызваліць нас ад ворага; як здарылася, што цяпер мы свабодныя? Паслухаем, што кажа апостал: “Бо вы куплены за вялікую цану” (1 Кар 6:20). Што гэта за цана? Князь апосталаў тлумачыць гэта: “Не тленным серабром ці золатам адкуплены вы ад марнага жыцця, дадзенага вам айцамі, але каштоўнаю крывёю Хрыста як беззаганнага і чыстага Баранка” (1 П 1:18-19). Гэтая боская Кроў была пакладзена на вагі Божай справядлівасці і настолькі пераважыла нашыя беззаконні, што гэта прывяло да выніку на нашу карысць. Моц гэтай Крыві знішчыла самі брамы пекла, пашкодзіла нашы кайданы і прымірыла зямное з нябесным (Клс 1:20). Прымем жа гэтую каштоўную Кроў, абмыем у ёй свае раны і пазначым ёю свае лбы, зрабіўшы незнішчальны знак, які ў дзень гневу абароніць нас ад мяча помсты.

Ёсць і іншы прадмет, які падчас гэтых двух тыдняў вельмі дарагі Касцёлу і які ён прапануе нам для нашага глыбокага ўшанавання: гэта Крыж, які з’яўляецца нібы алтаром, на якім прыносіцца наша непараўнаная Ахвяра. Двойчы на працягу года — у свята Знаходжання і свята Узвышэння — мы ўшаноўваем гэтае Дрэва як знак перамогі Езуса, але цяпер яно стаіць перад намі як знак пакутаў і не прыносіць з сабою іншых думак, як толькі пра прыніжэнне. У Старым Запавеце Бог кажа, што пракляты той, хто павешаны на дрэве (Дрг 21:23). Ягня, Якое ўратавала нас, не палічыла недастойным панесці гэтае пракляцце, і менавіта таму гэтае Дрэва — дрэва ганьбы — стала для нас бязмерна дарагім. Гэта прылада нашага збаўлення, гэта высокі дар любові Езуса да нас. Таму Касцёл так шчодра ўшаноўвае і любіць яго, і мы таксама імкнёмся далучыцца да яго, як і ва ўсім, што ён робіць. Любячая ўдзячнасць Крыві, што нас адкупіла, і глыбокае ўшанаванне святога Крыжа — вось два пачуцці, якія павінны валодаць нашым сэрцам у гэтыя два тыдні.

Але што мы зробім для самога Ягняці — для Таго, хто даў нам гэтую Кроў і так шчодра прыняў Крыж, які нас збавіў? Ці не было б справядліва прабываць пры Ім і быць больш вернымі за апосталаў, якія пакінулі Яго ў гадзіну Мукі? Ці не варта нам дзень за днём і нават гадзіна за гадзінай ісці за Ім па крыжовым шляху, які Ён пракладае для нас? Так, мы будзем Яго вернымі сябрамі падчас гэтых апошніх дзён Яго жыцця, калі Ён паддаецца прыніжэнню і мусіць хавацца ад сваіх ворагаў. Мы будзем зайздросціць шчасліваму лёсу тых нямногіх адданых, якія ўкрывалі Яго ў сваіх дамах і сваёй адважнай гасціннасцю выстаўлялі сябе на гнеў Ягоных ворагаў. Мы будзем спачуваць Ягонай Маці, якая адчувала такое гора, якога не адчувала ніводнае сэрца, бо ніводнае стварэнне не магло любіць Яго так, як любіла яна. У духу мы пойдзем у той ненавісны сінедрыён, дзе ствараўся бязбожны план супраць жыцця Справядлівага. Раптам мы ўбачым яркі пробліск на цёмным гарызонце: вуліцы і плошчы Ерузалема адгукнуцца воклічам “Гасанна Сыну Давіда”. Гэтая нечаканая пашана Езусу, гэтыя пальмавыя галінкі, гэтыя гучныя галасы любячых юдэйскіх дзяцей на момант прынясуць зацішша ў нашым смутным прадчуванні. Наша любоў прымусіць нас узяць удзел у адданні пашаны Каралю Ізраэля, Які так пакорна прыходзіць наведаць дачку Сіёна, як прадказваў прарок — аднак гэтая радасць будзе кароткай і ў сваёй душы мы зноў вернемся да глыбокага смутку.

Здрадлівы вучань заключыць здзелку з першасвятарамі, апошняя Пасха будзе адсвяткавана, і мы пабачым як месца сімвалічнага ягняці зойме сапраўднае Ягня, Цела Якога стане нашай ежай, а Кроў Якога стане нашым напоем. Гэта будзе наша Вячэра Пана. Апранутыя ў вясельную вопратку, мы зоймем наша месца разам з вучнямі, бо гэта дзень паяднання, які збірае разам пры тым самым святым стале раскаянага грэшніка і справядлівага, які заўсёды заставаўся верным. Затым мы накіруемся ў пагібельны сад, дзе спазнаем, што такое грэх, бо ўбачым агонію Езуса пад яго цяжарам і тое, як Ён просіць Айца аб палёгцы. Затым пасярод цёмнай ночы слугі першасвятароў і жаўнеры, прыведзеныя нізкім Іскарыётам, падымуць свае бязбожныя рукі на Сына Божага, а легіёны анёлаў, якія пакланяюцца Яму, будуць стрыманы ад пакарання такога страшнага блюзнерства. Пасля гэтага мы наведаем розныя суды, куды завядуць Езуса, і пабачым трыумф несправядлівасці. Час паміж арыштам у садзе і нясеннем Крыжа на гару Кальварыю будзе напоўнены праявамі здзеклівага суда: хлуснёй, абгаворамі, няшчаснай баязлівасцю рымскага кіраўніка, знявагамі разявак і выкрыкамі няўдзячнага люду, які жадае нявіннай крыві. Мы ўбачым усе гэтыя рэчы; нашая любоў не дазволіць нам пакінуць узлюбленага Адкупіцеля, які зносіць іх дзеля нас, дзеля нашага збаўлення.

Нарэшце, мы ўбачым Яго збітага і апляванага, і пасля жорсткага бічавання і знявагі каронаю з церня мы пойдзем за Езусам на гару Кальварыю. Мы пазнаем Ягоны шлях па крывавых слядах. Мы будзем прадзірацца праз натоўп і чуць жахлівыя пракляцці ў адрас нашага Боскага Настаўніка. Дайшоўшы да месца пакарання, мы ўбачым, як гэтую найдастойнейшую Ахвяру распранаюць, прыбіваюць да крыжа, падымаюць увысь, каб яшчэ больш выставіць Яе на знявагі! Мы падыдзем бліжэй да Дрэва жыцця, каб ніводная кропля Крыві, што ачышчае свет, не ўпала на зямлю дарэмна, каб не было дарэмным ніводнае слова, прамоўленае паміраючым Езусам для навучання свету. Мы будзем спачуваць Ягонай Маці, сэрца якой праб’е меч смутку; мы будзем стаяць пры ёй, калі яе Сын за некалькі момантаў да сваёй смерці даручыць нас яе апецы. Пасля трох гадзінаў агоніі мы ўбачым, як Яго святая галава ўпадзе на грудзі і з любоўю пачуем Ягоны апошні ўздых.

Пабітае і знявечанае цела, здранцвелае ад холаду смерці — вось што засталося нам ад Сына Чалавечага, чыё першае прыйсце на свет выклікала такую радасць! Сын Спрадвечнага Айца не задаволіўся тым, каб вырачыся самога сябе і прыняць постаць слугі (Флп 2:7): Ягонае нараджэнне ў целе было толькі пачаткам Яго ахвяры; Ягоная любоў павінна была давесці Яго да смерці, нават смерці крыжовай. Ён прадбачыў, што не здабудзе нашую любоў іначай, як толькі коштам такога шчодрага самаахвяравання, і Ягонае сэрца не завагалася перад гэтым коштам. “Мы любім Бога, — кажа св. апостал Ян, — бо Ён першы палюбіў нас” (1 Ян 4:19). Палюбіць Бога — вось тая мэта, якую ставіць перад сабою Касцёл, адзначаючы гэтыя ўрачыстыя дні. Упакорыўшы нашую пыху, зламаўшы наш супраціў перад ласкай, паказаўшы нам, як Божая справядлівасць ставіцца да граху, Касцёл вядзе нашыя сэрцы да любові таго Езуса, Які аддаў сябе патрабаванням гэтай справядлівасці замест нас. Гора нам, калі гэты Вялікі тыдзень не абудзіць у нас справядлівага адказу Таму, хто палюбіў нас больш за сябе, хоць мы былі — і самі сябе зрабілі — Ягонымі ворагамі. Скажам разам з апосталам: “Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага” (2 Кар 5:14-15). Мы знаходзімся ў даўгу перад ім за гэтую магчымасць вярнуцца да Яго — да Таго, хто зрабіў сябе Ахвярай дзеля нас і хто да апошняга моманту не прамовіў заслужаны намі прысуд, а маліўся і здабываў для нас міласэрнасць і ласку. Аднойчы Ён зноў з’явіцца ў аблоках нябёсаў, і людзі, як кажа прарок, “будуць глядзець на таго, каго прабілі” (Зах 12:10). Дай Бог, каб мы былі сярод тых, хто, выправіўшы сваёй любоўю злачынствы, учыненыя супраць Божага Ягняці, будзе з упэўненасцю глядзець на гэтыя раны!

Будзем спадзявацца, што дзякуючы Божай міласэрнасці той святы час, у які мы цяпер уваходзім, здзейсніць у нас шчаслівую перамену, каб у судны дзень мы адважна ўглядаліся ў Таго, каго цяпер сузіраем у руках грэшнікаў. Смерць Езуса наводзіць трывогу на ўсю прыроду: сонца апоўдні цямнее, падмуркі зямлі скаланаюцца, скалы трушчацца; няхай і нашыя сэрцы зрушацца з месца і пяройдуць ад абыякавасці да страху, ад страху да надзеі і, нарэшце, ад надзеі да любові, каб мы сышлі з Укрыжаваным да самых глыбіняў смутку, заслужылі ўзняцца з Ім у святло і радасць, якія пралівае на нас Ягонае ўваскрасенне, і, маючы ў сабе задатак новага жыцця, больш ніколі не паміралі.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Passiontide and Holy Week, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1887.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up