12.04.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Таямніца перыяду Мукі Пана і Вялікага тыдня🕑 5 хвілін

У гэтыя дні, калі Касцёл святкуе ўспамін шматлікіх цудоўных падзей, святая літургія поўніцца таямніцамі. Аднак, паколькі галоўная частка гэтых таямніц хаваецца ў абрадах і цырымоніях адпаведных дзён, мы дадзім тлумачэнні пры адпаведнай нагодзе. У гэтым раздзеле засяродзімся на агульным характары таямніц гэтых двух тыдняў.

Наконт лічбы сорак мы падрабязна распавялі ў томе пра Вялікі пост. Святы перыяд пакуты працягвае свой бег, пакуль пост грэшнага чалавека не дасягне па сваёй працягласці посту, які Богачалавек трымаў у пустыні. Армія верных дзяцей Хрыста ўсё яшчэ б’ецца супраць нябачных ворагаў збаўлення чалавека. Яны ўсё яшчэ апрануты ў свае духоўныя даспехі і з дапамогай анёлаў святла тварам у твар змагаюцца з духамі цемры, чынячы скруху сэрца і ўтаймаванне цела.

Як мы ўжо заўважалі, думкі Касцёла падчас Вялікага посту заняты пераважна трыма рэчамі: Мукай нашага Адкупіцеля, якая набліжаецца да нас з кожным тыднем; падрыхтоўкай катэхуменаў да хросту, які яны атрымаюць у вігілію Вялікадня; паяднаннем публічных пенітэнтаў, якія будуць зноў дапушчаны ў Касцёл у Вялікі чацвер — дзень Апошняй вячэры. Чым бліжэй Касцёл набліжаецца да святкавання гэтых падзей, тым большую ўвагу ён скіроўвае на іх.

Цуд, які наш Збаўца здзейсніў пры самай браме Ерузалема і якім Ён вярнуў жыццё Лазару, да найвышэйшай ступені распаліў шаленства Ягоных ворагаў. Разгарэўся таксама энтузіязм людзей, якія жадалі паглядзець на таго, хто чатыры дні праляжаў у магіле, а цяпер ходзіць па вуліцах горада. Людзі пытаюцца адзін у аднаго, ці зробіць Месія, калі прыйдзе, большыя цуды за тыя, што робіць Езус, і ці не павінны яны адразу прызнаць у Езусе Месію і спяваць “гасанна” Сыну Давіда. Яны не могуць стрымаць сваіх пачуццяў: Езус уваходзіць у Ерузалем — і яны вітаюць Яго як свайго караля. Першасвятары і кіраўнікі народа ўстрывожаны гэтай дэманстрацыяй: ім няма часу на пройгрыш, яны вырашаюць забіць Езуса. Мы яшчэ пабачым іхнюю бязбожную змову: кроў Справядлівага будзе прададзена, і кошт яе складзе трыццаць срэбранікаў. Боскай Ахвяры здрадзіць адзін з вучняў; Яе будуць судзіць, асудзяць і ўкрыжуюць. У літургіі мы пабачым усе абставіны гэтай жахлівай трагедыі, прычым не толькі ў словах, але і ў выразных абрадах.

Катэхуменам трэба пачакаць яшчэ некалькі дзён да той Крыніцы, якая дасць ім жыццё. З кожным днём іхняе навучанне становіцца больш поўным: ім тлумачаць знакі Старога Запавету, і зусім мала таямніц збаўлення застаецца ім спазнаць. Хутка ім выкладуць Сімвал веры. Спазнаўшы славу і прыніжэнні Адкупіцеля, яны разам з вернікамі будуць чакаць моманту Яго слаўнага ўваскрасення. У той момант, калі яны пакінуць агіду граху ў жыццядайных водах хросту, мы будзем падтрымліваць іх малітвай і гімнамі, а яны апынуцца чыстымі і заззяюць нявіннасцю, будуць узбагачаны дарамі Духа Святога і накормлены боскім Целам Ягняці, Якое жыве навекі.

Набліжаецца і паяднанне пенітэнтаў. У мешкавіне і попеле яны працягваюць сваю пакутную працу. Касцёл прачытае ім яшчэ некалькі ўрыўкаў са Святога Пісання, якія будуць суцяшэннем і аднаўленнем для іхніх душаў, падобна як і тыя, якія мы ўжо чулі падчас апошніх тыдняў. Хуткае набліжэнне таго дня, калі будзе забіта Ягня, павялічвае іхнюю надзею, таму што яны ведаюць, што Кроў гэтага Ягняці мае бясконцую вартасць і можа змыць грахі ўсяго свету. Перад днём уваскрасення Езуса яны адновяць сваю страчаную нявіннасць; прабачэнне адбудзецца якраз у час і дазволіць ім далучыцца да нас на вялікай Вячэры таго чацвярга, калі Езус скажа сваім гасцям: “Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець” (Лк 22:15).

Вось тыя ўзвышаныя рэчы, якія хутка паўстануць перад намі, аднак у той жа час мы ўбачым смутак нашай Маці-Касцёла, нібы няўцешнай удавы, гора якой большае за ўсякае людское гора. Дагэтуль Касцёл плакаў над грахамі сваіх дзяцей; цяпер ён плача над смерцю свайго боскага Жаніха. Радаснае “аллелюя” даўно знікла са спеваў; цяпер жа знікне яшчэ адзін выраз, які здаецца надта радасным для такога часу. Спачатку часткова [1], а ў апошнія тры дні — цалкам Касцёл адмовіцца ад вельмі дарагой яму формулы: “Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому”. У гэтых словах ёсць адценне радасці, якое не пасуе да гора і смутку, якія чуваць у астатніх спевах Касцёла.

Чытанні начных набажэнстваў бяруцца перадусім з кнігі Ераміі — прарока плачу. Колер убрання Касцёла той жа, як у дзень, калі ён сабраў нас, каб пазначыць попелам. Аднак, калі прыйдзе жахлівы дзень Вялікай пятніцы, фіялетавы колер не здолее ў дастатковай ступені выказаць глыбокі смутак Касцёла, таму ён апранецца ў чорнае (як гэта робяць людзі, смуткуючы з-за смерці кагосьці з блізкіх), бо ў гэты дзень будзе забіты Езус. Грахі чалавецтва і суровасць Божай справядлівасці лягуць на Ягоныя плечы, і ва ўсіх пакутах апошняй агоніі Ён аддасць сваю душу Айцу.

Прадчуванне гэтай страшнай гадзіны прымушае смутную Маці-Касцёл завесіць абраз Езуса: ад вачэй вернікаў хаваюць крыж. Закрываюць таксама і фігуры святых, бо калі слава Настаўніка знаходзіцца ў цемры, то і слуга не павінен паказвацца. Даследчыкі літургіі кажуць нам, што абрад закрывання крыжоў падчас перыяду Мукі Пана адлюстроўвае прыніжэнне, якому падпарадкаваўся наш Збаўца, калі схаваўся ад габрэяў, што пагражалі ўкаменаваць яго, як мы чытаем у Евангеллі нядзелі Мукі Пана. Касцёл пачынае гэты ўрачысты абрад разам з Нешпарамі суботы перад нядзеляй Мукі Пана. Адпаведна, у тыя гады, калі свята Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі прыпадае на тыдзень Мукі Пана, яе фігура застаецца закрытай нават у той самы дзень, калі арханёл прывітаў яе як поўную ласкі і благаслаўлёную паміж жанчынамі.

[1] Калі толькі на нейкі дзень не прыпадзе свята святога, што часта бывае ў першы з гэтых двух тыдняў.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Passiontide and Holy Week, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1887.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up