11.04.2019 / Henri de Villiers

Велікапосная заслона🕑 15 хвілін

Вялікі пост — гэта час устрымання. У мінулыя часы, каб падрыхтавацца да перажывання вялікай таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста, вернікі не толькі ўстрымліваліся ад ежы, але практыкавалі таксама пост для слыху і вачэй.

Пост для слыху набываў форму таго, што скасоўвалася выкарыстанне аргана і музычных інструментаў, а ў звычаях некаторых дыяцэзій — таксама званоў.

Устрыманне вачэй выяўлялася ў тым, што крыж і фігуры святых закрывалі тканінай і нават забаранялі ўпрыгожваць алтар кветкамі. Таксама практыкавалася закрыванне прэзбітэрыя вялікай заслонай — velum quadragesimale.

І, напрыклад, у Парыжы такая заслона вісела ад першай нядзелі Вялікага посту да Вялікай серады прыкладна да 1870 года. Рабілася гэтая вялікая заслона са льну, пафарбаванага ў фіялетавы або попельны колер; яна цалкам закрывала прэзбітэрый і хавала ад вачэй галоўны алтар. У Вялікую сераду падчас спеву Мукі паводле св. Лукі яе скідалі на падлогу прэзбітэрыя дакладна ў той момант, калі расказчык даходзіў да моманту “et obscuratus est sol: et velum templi scissum est medium”, г. зн. “Сонца зацьмілася, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне” (Лк 23:45).

Гэты драматычны візуальны акт надаваў жыццё словам Евангелля і ўзмацняў іх рэха ў сэрцах слухачоў.

Гэтая вялікая заслона, якая называлася velum quadragesimale або velum templi, была характэрнай не толькі для Парыжа, таму што мы знаходзім яе на ўсіх землях старажытнай тэрыторыі імперыі Каралінгаў. Яе выкарыстанне ўхвалена многімі саборамі і сярэднявечнымі статутамі і сягае каранямі старажытнасці хрысціянства. Набыўшы да канца Сярэднявечча цудоўную прыгажосць, асабліва ў Германіі, велікапосная заслона перажыла рэформу Лютэра і сёння зноў прыцягвае да сябе цікаўнасць.

1. Велікапосная заслона ў старажытным парыжскім абрадзе

НІжэй мы прыводзім некалькі абзацаў наконт упрыгожвання касцёлаў падчас Вялікага посту, узятых са стандартнай працы для разумення старажытнага парыжскага абраду — Caeremoniale Parisiense, апублікаванага ў 1662 годзе кардыналам Рэцам і адрэдагаванага Мартэнам Санэ, святаром і бенефіцыярыем Касцёла ў Парыжы. Гэты ўрывак апісвае працэс упрыгожвання касцёлаў на час Вялікага посту, які адбываўся перад І Нешпарамі першай нядзелі Вялікага посту. Наконт велікапоснай заслоны Парыжскі цырыманіял кажа не толькі тое, калі яе неабходна змясціць у прэзбітэрыі, але і апісвае дакладныя моманты, калі яе трэба адкрываць і закрываць.

* * *

Ад нядзеляў і будняў Вялікага посту да Пальмавай нядзелі

Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад (Мц 4:2)

1. Першая нядзеля Вялікага посту з’яўляецца паўдвайным святам першага класа. Паўдвайным — адносна цэлебрацыі Афіцыя; першага класа — адносна сваёй ступені.

2. У суботу перад Нешпарамі цырыманіярый упэўніваецца, што касцёльны стараста або сакрыстыян і ягоныя памочнікі цалкам і дастойна закрылі фіялетавай або попельнай тканінай з камлоту, дамасту ці шоўку ўсе крыжы, рэлікварыі або рэліквіі святых, абразы ва ўсім касцёле і нават працэсійны крыж. Ён таксама правярае, каб галоўны алтар і іншыя алтары ў касцёле былі закрыты антыпендыямі таго ж колеру.

3. Да серады Вялікага тыдня перад галоўным алтаром, паміж хорам і прэзбітэрыем, ад аднаго боку да іншага вешаюць доўгую і шырокую заслону або вялікую фіранку з фіялетавага ці попельнага камлоту, якую можна пра патрэбе адсунуць, скласці або скінуць, або завесіць, закрыць і зацягнуць.

4. Гэтую вялікую заслону завешваюць толькі ў буднія гадзіны [Афіцыя] і ўдзень, і ўначы, але ніколі не завешваюць ані падчас Імшы, ані падчас нядзельнага Афіцыя ад першых Нешпараў да другіх, ні ўдзень, ні ўначы, ані на Афіцый двайных і паўдвайных святаў, ні ўдзень, ні ўначы.

5. Акрамя таго, ва ўсім касцёле прыбіраюцца дываны і драпіроўкі з прыступак і прэдэлы галоўнага алтара і іншых алтароў. Агулам да Пасхі ўвесь касцёл застаецца без упрыгожванняў.

* * *

Паглядзім цяпер, як той жа цырыманіял крыху пазней апісвае падыманне велікапоснай заслоны, калі кажа пра Вялікую сераду:

* * *

11. Дыякан спявае Муку Пана паводле св. Лукі, якую цэлебрант тым часам чытае на баку Евангелля, як пазначана для папярэдняга аўторка. Вось жа, калі ён прыбывае да свайго месца ў сярэдзіне хора, цырыманіярый завешвае вялікую заслону паміж хорам і алтаром, як звычайна. Заслону з двух бакоў хора прыпадымаюць; яе трымаюць два клерыкі да наступных словаў Мукі: “…і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне”. Калі дыякан прамовіў гэтыя словы, па сігнале цырыманіярыя два згаданыя клерыкі адразу адпускаюць заслону, каб яна магла раптоўна ўпасці на падлогу хора, і пасля ўсяго яе прыбірае сакрыстыян.

* * *

Цікава адзначыць, што велікапосная заслона застаецца адкрытай на працягу ўсёй нядзелі, ад першых Нешпараў да другіх: дзень Пана, Dies Domini, заўсёды быў святам уваскрасення, нават на працягу Вялікага посту. Пост у гэты дзень забаронены.

Caeremoniale Parisiense кардынала Наая, апублікаваны ў 1703 годзе даволі разумна пераносіць усталяванне заслоны на час паміж Камплетай першай нядзелі Вялікага посту і начным Афіцыем панядзелка: паколькі заслона заставалася адкрытай на працягу ўсёй нядзелі, яе ўсталяванне перад першымі Нешпарамі першай нядзелі Вялікага посту абсалютна не было неабходным (наколькі б лагічным не здавалася ўсталёўваць яе з надыходам Вялікага посту). Згодна з гэтым цырыманіялам, іншыя заслоны на абразах і крыжах усё ж рыхтуюцца перад першымі Нешпарамі першай нядзелі Вялікага посту. Як мы пабачым, практыка ўсталявання велікапоснай заслоны пасля Камплеты першай нядзелі ўжо знаходзілася ў большасці сярэднявечных манаскіх кніг з Х ст. Магчыма, гэта нават падарунак са старажытных часоў — да св. Грыгорыя Вялікага! — калі пост не пачынаўся да панядзелка.

2. Велікапосная заслона ў астатняй частцы Еўропы

Да надыходу Рэнесансу і друку першых дыяцэзіяльных цырыманіялаў не заўсёды лёгка дэтальна вызначыць развіццё разнастайных літургічных абрадаў: рубрыкі ў старых сярэднявечных Імшалах фрагментарныя або іх няма ўвогуле. Але мы ўсё ж можам пазбіраць некаторыя карысныя звесткі ў актах правінцыяльных сабораў, а таксама ў цырыманіялах абацтваў, якія дакладна рэгулявалі дэталі супольнага жыцця ў кожным вялікім манаскім цэнтры.

І так мы знаходзім згадкі пра велікапосную заслону ў шэрагу сярэднявечных англа-нарманскіх сабораў: яна згадваецца ў спісе таго, што неабходна мець у кожным касцёле. Гэта саборы ў Эксетэры (1217), Кентэрберы (1220), Вінчэстэры (1240), Эвро (1240) і Оксфардзе (1287).

Да гэтых сабораў пра звычай закрываць прэзбітэрый заслонай на час Вялікага посту згадваюць цырыманіялы, канстытуцыі і статуты сярэднявечных абацтваў.

Найбольш старая згадка гэтага звычаю знаходзіцца ў Consuetudines Farfenses, канстытуцыях абацтва ў Фарфе каля Рыма, выдадзеных каля 1010 года (раздз. XLII). Яны зазначаюць пра вечар першай нядзелі Вялікага посту:

Nam denique secraetarius cortinam exacta vespera in fune ordinet et completorio consummato in circulos extendant.

І, нарэшце, калі Нешпары скончыліся, сакрыстыян устанаўлівае фіранку на вяроўцы, і ў канцы Камплеты яе завешваюць.

Св. Ланфранк (+1089), абат абацтва св. Стэфана ў Кане, а з 1070 года — арцыбіскуп Кентэрберыйскі, кажа ў сваіх статутах пра велікапосную заслону, якую трэба ўсталяваць пасля Камплеты першай нядзелі Вялікага посту, а таксама пра завешванне крыжоў і абразоў у наступны дзень перад Тэрцыяй:

Dominica prima Quadragesimae post Completorium suspendatur cortina inter Chorum et altare. Feria secunda ante Tertiam debent esse coopertae Crux, Coronae, Capsae, textus qui imagines deforis habent.

У першую нядзелю Вялікага посту пасля Камплеты трэба павесіць фіранку паміж хорам і алтаром. У панядзелак перад Тэрцыяй неабходна закрыць крыж, кароны, рэлікварыі і вырабы, на якіх ёсць абразы (Статуты, раздз.1, § 3).

Вось яшчэ некалькі спасылак, якія, праўда, сведчаць пра некаторыя адрозненні паміж сярэднявечнымі манаскімі звычаямі, аднак якія дазваляюць нам ацаніць шырокае распаўсюджанне велікапоснай заслоны:

  • Post Completorium appenditur velum inter altare et chorum quod nullus praeter Sanctuarii Custodes, atque Ministros, absque rationabili causa audet transire. — Пасля Камплеты паміж алтаром і хорам вешаецца заслона, за якую ніхто, акрамя даглядчыкаў і святароў, не можа заходзіць без важнай прычыны. (Liber Consuetudinum S. Benigni Divionensis)
  • Dominica post completam debet Secretarius tendere cortinam inter chorum et altare et Crucifixum cooperire. — У нядзелю пасля Камплеты сакрыстыян павінен нацягнуць паміж хорам і алтаром фіранку і закрыць крыж. (Liber Usuum Beccesnsium)
  • Hac die post Completorium cruces cooperiantur, et cortina ante Presbyterium tendatur, quae ita omnibus diebus privatis per XL usque ad quartam feriam ante Pascha post Completorium remanebit. (…) In Sabbatis vero et in vigiliis SS. duodecim Lectionum ante Vesperas a conspectu Presbyterii est cortina retrahenda, et in crastino post Completorium est remittenda. Similiter retrahentur ad Missam pro praesenti defuncto, et ad exequias: Non intres in iudicium, donec septem psalmi finiantur post sepulturam. S et ad benedictionem novitii. (…) Ad missam vero privatis diebus, ut Sacerdos libere ab Abbate, si assuerit, ad Evangelium legendum benedictionem petat, Subdiaconus cornu cortinae in parte Abbatis modice retrahat, et data benedictione, ut prius erat, remittat. Diaconus vero accedat ad cortinam, ubi sublevata est, quaerens benedictionem. — У гэты дзень пасля Камплеты няхай крыжы будуць закрыты, а перад прэзбітэрыем будзе нацягнута фіранка, якая павінна заставацца ў такім стане ва ўсе буднія дні на працягу Вялікага посту да часу пасля Камплеты ў сераду перад Пасхай. […] Аднак у суботы і вігіліі святаў з дванаццаццю чытаннямі фіранка павінна адсоўвацца перад Нешпарамі, каб прэзбітэрый было відаць, і зноў завешвацца ў наступны дзень пасля Камплеты. Таксама яе трэба адсоўваць на пахавальную Імшу ў прысутнасці цела і на пахавальныя абрады ад “Non intres in judicium” да таго, пакуль не закончацца сем пакутных псальмаў пасля пахавання, а таксама на благаслаўленне навіцыя. […] На Імшах жа ў буднія дні, каб святар мог, калі захоча, свабодна папрасіць благаслаўлення абата на чытанне Евангелля, няхай субдыякан крыху адхіліць канец фіранкі з боку абата, а пасля благаслаўлення няхай верне ўсё, як было. Але няхай дыякан падыдзе да фіранкі, да месца, дзе яна паднята, і папросіць аб благаслаўленні (Liber Usuum Cisterciensium, раздз. 15: De Dominica prima XL).
  • Hac die post IX ante Sanctuarium cortina a Sacrista tendatur, et cruces in ecclesia cooperiantur. (…) In festis vero SS. XII. Lectionum, et Dominicis, die praecedente ad Vesperas a conspectu Sanctuarii cortina abstrahenda est, et in die festi post Completorium rehrahenda: similiter singulis diebus ante elvationem Domin Corporis abstrahantur, et ea facta retrahetur. — У гэты дзень пасля Ноны няхай сакрыстыян нацягне фіранку перад прэзбітэрыем, і няхай усе крыжы ў касцёле будуць закрытыя […] Аднак у святы святых з дванаццаццю чытаннямі і ў нядзелі няхай у папярэдні дзень на Нешпарах фіранку адкрыюць, каб прэзбітэрый было відаць, а пасля Камплеты свята няхай яе завесяць зноў. Падобным чынам, няхай яе кожны дзень адкрываюць перад узнясеннем Цела Пана і закрываюць адразу пасля яго (Tullense S. Apri Ordinarium).
  • Vesperae autem diei praecedentis diem cinerum, cruces, et imagines cooperiantur, et cortina ante Presbyterium tendatur, quae ita omnibus diebus privatis usque ad quartam feriam hebdomadae palmarum dum canitur: Et velum Templi scissum est, remanebit. (…) Et omnibus etiam privatis diebus ad elevationem Dominici Corporis et Sanguinis Missae conventualis, quae cantantur in summo altari. — На Нешпарах жа дня перад Папяльцовай серадой няхай закрыюць крыжы і абразы, а перад прэзбітэрыем няхай нацягнуць фіранку, якая будзе заставацца так на буднія дні да серады Пальмавага тыдня, калі спяваецца: “Et velum templi scissum est”. […] але не на ўзнясенне Цела і Крыві Пана падчас канвентуальнай Імшы, якая спяваецца пры галоўным алтары (Caeremoniae Bursfeldenses, раздз. 31, 1474-1475).

3. Fastentuch у Германіі

Велікапосная заслона засталася ў выкарыстанні ў некаторых месцах Сіцыліі і Іспаніі. але менавіта ў Германіі і Аўстрыі яна захавалася да нашых дзён. Несумненна, на яе захаванне і пастаяннае выкарыстанне паўплываў той факт, што велікапосныя заслоны (альбо Fastentuch па-нямецку) сталі там сапраўднымі творамі мастацтва.

Велікапосная заслона ў Парыжы найчасцей была б звычайным кавалкам тканіны з воўны (з камлоту, калі паўтарыць тэхнічны тэрмін, выкарыстаны Марцінам Санэ ў цырыманіяле 1662 года). На працягу доўгага часу на ёй не рабілася аніякіх дэкарацый і яна заставалася ў сваім першасным стане. Ніводная з такіх заслонаў не захавалася, і мы не здолелі знайсці ніякіх старажытных іканаграфічных выяваў.

З іншага боку, мы бачым, што з канца ХІІІ ст. у Фландрыі і Германіі велікапосныя заслоны сталі ўпрыгожваць, спачатку вышыўкай, а затым роспісам. Так заслоны рабіліся ўсё больш і больш багатымі і каштоўнымі.

Асаблівымі мастацкімі творамі свайго часу сталі велікапосныя заслоны ў паўднёвай Германіі і Аўстрыі, дзе яны ператварыліся ў карціны, якія прадстаўлялі сцэны Мукі Пана.

Велікапосная заслона ў катэдры Фрайбурга (1612)

У катэдры Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Фрайбургу (Германія) захоўваецца найвялікшая велікапосная заслона, вядомая ў Еўропе. Яна датуецца 1612 годам, мае памеры больш за 10×12 метраў і важыць амаль адну тону. Цэнтральная сцэна ўкрыжавання акружана 25 квадратамі, у якіх паказаны розныя эпізоды Мукі Пана.

Велікапосная заслона ў абацтве Мільштат у Аўстрыі (1593)

Велікапосная заслона абацтва Мільштат у Карынціі (Аўстрыя), якая паходзіць з 1593 года, трапіла ў занядбанне. Пасля аднаўлення яе зноў павесілі і зноў пачалі выкарыстоўваць кожны Вялікі пост з 1984 года.

Велікапосная заслона ў катэдры г. Гурк, Аўстрыя (1458)

Такія велікапосныя заслоны выконвалі функцыю катэхетычнага дапаможніка, праз святыя выявы навучаючы людзей гісторыі збаўлення.

Велікапосная заслона ў катэдры г. Гурк, Аўстрыя, складзеная з 99 абразоў на тэмы Святога Пісання (1458)

На поўначы Германіі велікапосная заслона мела значна прасцейшы дызайн: яе рабілі з белага льну і ўпрыгожвалі вышыўкай, якая зазвычай мела адсылкі да Святога Пісання або літургіі. Гэтыя прыкметы мы таксама знаходзім у старажытных велікапосных заслонах Фландрыі: цяпер яны захоўваюцца ў музеях Бельгіі, а самая старажытная з іх паходзіць з XIV ст. Музей катэдры ў Брандэнбургу каля Берліна мае адну заслону, якая датуецца 1290 годам.

Марцін Лютэр, які ненавідзеў саму ідэю Вялікага посту і пакуты, стараўся зрабіць так, каб велікапосныя заслоны пазнікалі ва ўсёй Германіі. Пакрысе яны трапілі ў заняпад і пад канец ХІХ ст. практычна перасталі выкарыстоўвацца. На дзіва, гэтая старажытная традыцыя пачала хутка адраджацца з 1974 года, калі дабрачынная арганізацыя “Misereor” пачала выпуск велікапосных заслонаў у якасці канкрэтнага выразу хрысціянскіх велікапосных высілкаў. Гэтая ініцыятыва знайшла водклік па ўсёй Германіі, што прывяло да адкрыцця гэтай традыцыі, аднаўлення шматлікіх гістарычных заслонаў, якія чакалі ў сутарэннях музеяў і касцёлаў, і вяртання ім уласцівага месца ў прэзбітэрыях. Цікаўнасць была такая вялікая, што іх павесілі нават лютэране! Паводле цяперашніх ацэнак, у кожным трэцім нямецкім каталіцкім касцёле і ў сотнях лютэранскіх парафій падчас Вялікага посту вісіць велікапосная заслона. З Германіі гэтая практыка пашыраецца на Швейцарыю, Бельгію, Ірландыю і нават Францыю.

4. Традыцыя з каранямі ў старажытным хрысціянстве

Несумненна, заходняя практыка завешвання абразоў, крыжоў і рэліквій падчас Вялікага посту з’яўляецца старажытнай. У жыццяпісе св. Элігія, напісаным св. Аўдаэнам (+686), мы чытаем, што каштоўную труну гэтага святога на ўвесь Вялікі пост накрывалі вэлюмам. Аднак гэта не зусім датычыцца тэмы гэтага артыкула.

Практыка завешвання прэзбітэрыя заслонай сягае самых старажытных часоў.

У Старым Запавеце, які з’яўляецца правобразам Новага, ідзе мова пра заслону, якая закрывала Святое святых спачатку ў падарожным намёце, затым у ерузалемскай Святыні (паводле св. Паўла, у момант смерці Хрыста разарвалася другая заслона, а першая заслона закрывала Святое месца; пар. Гбр 9:3).

Заслонай для прэзбітэрыя карысталіся першыя хрысціянскія святыні як на Захадзе, так і на Усходзе.

Старажытны алтар зазвычай знаходзіўся пад цыборыем (у сэнсе вялікага балдахіна), а паміж слупамі навешваліся заслоны.

Акрамя таго, сам прэзбітэрый быў аддзелены ад хора і навы загародай, якая называлася templon і магла таксама мець слупы, паміж якімі навешваліся заслоны. Прэзбітэрый базілікі Анастасіса (сёння храм Гроба Пана), збудаванай Канстанцінам у пачатку IV ст., аддзяляўся дванаццаццю слупамі. Як кажуць розныя тэксты Айцоў Касцёла, гэтыя слупы служылі для падтрымкі заслонаў. Заслона ў прэзбітэрыі Святой Сафіі ў Канстанцінопалі, з неверагоднай шчодрасці падараваная імператарам Юстыніянам, была зроблена з залатой і срэбранай тканіны прыкладным коштам 2000 мінаў.

Гэты двайны шэраг заслонаў — заслона прэзбітэрыя і заслона цыборыя — азначаў межы Святога месца і Святога Святых ў святынях Новага Запавету.

Заслоны былі закрыты або адкрыты ў залежнасці ад моманту літургічнага дзеяння. Іхняе адкрыванне заўсёды азначала поўную перадачу ласкі і сімвалізавала адкрытыя нябёсы.

“Калі нябесная гостыя знаходзіцца на алтары, — кажа св. Ян Хрызастом, — калі Езус Хрыстус, каралеўскае Ягня, прыносіцца ў ахвяру, калі вы чуеце гэтыя словы: “Разам памолімся Пану”, калі вы бачыце, што заслоны і фіранкі алтара адсунуты, лічыце, што вы сузіраеце нябёсы, якія адкрыліся, і анёлаў, якія сыходзяць на зямлю”.

Захад не адставаў у гэтым сэнсе: у Liber Pontificalis ёсць некалькі згадак пра Папаў (напрыклад, пра Сяргея І, Грыгорыя ІІІ, Захарыя, Адрыяна І), якія дарылі заслоны, каб упрыгожыць цыборыі прэзбітэрыі Рымскіх касцёлаў.

У многіх старажытных усходніх і заходніх літургіях ёсць адпаведная малітва, якую цэлебрант прамаўляў падчас аферторыя, калі пакідаў хор і ўваходзіў у прэзбітэрый праз заслону, якая яго аддзяляла.

Наступная малітва з літургіі св. Якуба адлюстроўвае старажытны звычай Касцёла ў Ерузалеме і заслугоўвае цытавання:

“Дзякуем Табе, Пане, наш Божа, што Ты даў нам адвагу ўвайсці ў Твае святыя месцы, якія Ты аднавіў для нас як новы і жыццядайны шлях праз заслону цела Твайго Хрыста. Таму Мы, якіх Ты палічыў годнымі ўвайсці ў месца сховішча Тваёй славы, прабываць пад заслонай і сузіраць Святое Святых, ніцма падаем перад Тваёй дабрынёю: Пане, май літасць да нас, бо мы напаўняемся страхам і трымценнем, набліжаючыся да Твайго святога алтара і рыхтуючыся прынесці гэтую страшную і некрывавую ахвяру за свае ўласныя грахі і за памылкі люду. Пашлі, о Божа, Тваю ласку і асвяці нашыя душы, целы і дух, і скіруй нашыя думкі да святасці, каб у чыстым сумленні мы маглі скласці Табе мірнае прынашэнне, ахвяру хвалы.

(Уголас.) Міласцю і чалавекалюбствам Твайго Адзінароднага Сына, з Якім благаслаўлёны Ты разам з Тваім усесвятым, добрым і жыццядайным Духам, цяпер і заўсёды.

R. Амэн”.

Асіра-халдзейская, Армянская, Копцкая і Эфіопская Цэрквы захавалі выкарыстанне фіранкі, якая аддзяляе прэзбітэрый. У Армянскай Царкве лічыцца, што калі ў святыні няма заслоны, то святыня не выкарыстоўваецца. У Візантыйскай Царкве слупы, якія трымалі заслону, з цягам часу пакрыліся абразамі і сталі іканастасам: фіранка захавалася, але найчасцей яна мае шырыню брамы ў прэзбітэрый.

На Усходзе заслона закрывае прэзбітэрый на працягу ўсяго года, аднак падчас Вялікага посту існуюць асаблівыя звычаі. Напрыклад, у Армянскай Царкве звычайная заслона на час Вялікага посту замяняецца чорнай. Гэтая чорная заслона застаецца завешанай падчас усёй Імшы і ўсяго велікапоснага Афіцыя, сімвалізуючы выгнанне Адама і Евы з раю. Яна не адкрываецца да Пальмавай нядзелі.

Рускія таксама падчас будніх дзён Вялікага посту замяняюць сваю зазвычай яркую заслону на заслону цёмных колераў. Усе іншыя вэлюмы і заслоны ў царкве таксама замяняюцца. Яркія фіранкі вяртаюцца ў Вялікую суботу падчас Пасхальнай вігіліі, непасрэдна перад спевам Евангелля пра ўваскрасенне, пакуль хор спявае: “Паўстань, о Божа, каб судзіць зямлю”.

Заканчэнне

Ці можна чакаць, што ў Францыі гэты звычай будзе адноўлены, як гэта адбылося ў Германіі?

Юрыдычна гэтаму нічога не перашкаджае, паколькі Кангрэгацыя абрадаў пацвердзіла, што выкарыстанне велікапоснай заслоны, якая закрывае прэзбітэрый, з’яўляецца дазволеным (Decr. auth. 3448, 11 мая 1878 года).

Тым часам у нас ёсць частка “візуальнага Вялікага посту” ад нашых продкаў, бо мы ўсё яшчэ захавалі звычай закрываць крыжы і статуі перад першымі Нешпарамі Нядзелі Мукі Пана (за 15 дзён да Вялікадня). Нават калі гэты артыкул не датычыцца непасрэдна гэтага звычаю, магчыма, ён можа дапамагчы нам лепш зразумець яго паходжанне і ацаніць яго гістарычную і сімвалічную глыбіню.


Аўтар: Henri de Villiers
Крыніца: Canticum Salomonis

Тэкст перакладзены з англійскай версіі і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up