05.04.2019 / FIUV

Пазіцыя № 24. “Малітвы за пераследаваны Касцёл і малітвы Папы Льва ХІІІ”🕑 19 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 24: МАЛІТВЫ ЗА ПЕРАСЛЕДАВАНЫ КАСЦЁЛ І МАЛІТВЫ ПАПЫ ЛЬВА ХІІІ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Для вырашэння праблемы пераследу хрысціянаў ва ўсім свеце, а асабліва на Блізкім Усходзе, пра што часта згадвае Папа Францішак, каталікі, прывязаныя да надзвычайнай формы рымскага абраду, натуральна, захочуць звярнуцца да публічнай і літургічнай малітвы. У Сярэднявеччы на працягу трох стагоддзяў, пачынаючы з 1188 г., у розных варыянтах шырока выкарыстоўвалася малітва аб вызваленні Святой зямлі, а ў 1859 г. Папа Пій ІХ з увагі на іншы крызіс увёў малітвы пасля ціхай Імшы, якія пасля дастасаванняў Папа Леў ХІІІ ў 1884 г. распаўсюдзіў на ўвесь Касцёл. Пахвальным звычаем з’яўляецца служэнне ватыўных Імшаў і выкарыстанне камемарацый за пераследаваных хрысціянаў; Святы Пасад і мясцовыя ардынарыі могуць паспрыяць гэтай справе, даўшы дазвол на іх больш частае выкарыстанне.

1. Гэты артыкул з’яўляецца адказам на шчыры заклік Папы Францішка:

Мы з’яўляемся сведкамі з’явы тэрарызму ў такіх маштабах, якіх раней нельга было ўявіць. Так шмат нашых братоў і сясцёр трапілі пад пераслед і былі вымушаны пакінуць свае дамы, часам з прымусу. Здаецца, што ўсведамленне каштоўнасці людскога жыцця страчана. Здаецца, што з чалавекам не лічацца, што чалавек можа быць прынесены ў ахвяру дзеля іншых інтарэсаў. І да ўсяго гэта, на жаль, дадаецца абыякавасць многіх.

Акрамя нашай пастаяннай малітвы, гэтая несправядлівая сітуацыя таксама патрабуе адпаведнага адказу з боку міжнароднай супольнасці. Я ўпэўнены, што з Божай дапамогай сённяшняя сустрэча прывядзе да важных разважанняў і прапаноў, якія дапамогуць нашым пакутуючым братам і сёстрам і якія дазволяць нам справіцца з трагедыяй памяншэння хрысціянскай прысутнасці на тых землях, дзе хрысціянства нарадзілася і адкуль распаўсюджвалася [1].

Сённяшні пераслед параўноўваюць з “глабальнай вайной супраць хрысціянаў” [2]; ён асабліва сур’ёзны на Блізкім Усходзе, але таксама востра адчуваецца ў некаторых час­тках Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі.

2. Акрамя прыватнай малітвы [3], каталікі, прывязаныя да надзвычайнай формы рымска­га абраду, натуральна, захочуць звярнуцца да публічнай і літургічнай малітвы — найбольш дасканалай формы малітвы, якую ўвесь Касцёл няспынна ўзносіць да Бога. У кантэксце надзвычайнай формы тут існуе некалькі магчымасцей, якія можна спалучаць адна з адной [4].

Гістарычныя прэцэдэнты малітваў Папы Льва ХІІІ

3. Важнай з’явай сярэднявечнай літургіі была малітва аб вызваленні Святой зямлі, якая паўстала ў выніку мясцовых ініцыятываў і папскага дазволу пасля бітвы пры Хаціне ў 1187 г. і выкарыстоўвалася на працягу наступных трох стагоддзяў [5]. Яна чыталася адразу пасля “Pax Domini”, перад “Pater noster” або пасля “Agnus Dei”; у пэўным варыянце яна таксама чыталася ў Афіцыі. Яна складалася з псальма “Deus venerunt gentes” з вершамі і калектай. У святы яе прапускалі. У Сярэднія вякі такія малітвы існавалі для розных намераў.

4. Даўнім прэцэдэнтам дадавання малітваў напрыканцы Імшы з’яўляюцца малітвы за суверэна “Domine salvum fac”, якія і цяпер чытаюцца пасля Імшы ў некаторых краінах [6].

Гісторыя і намер малітваў Папы Льва ХІІІ

5. Першапачаткова малітвы пасля ціхай Імшы (orationes post missam), або “малітвы Папы Льва” [7] былі ўстаноўлены Піем ІХ у 1859 г. для выкарыстання ў Папскай вобласці. У сваёй першаснай форме яны складаліся з трох “Вітай, Марыя”, “Salve Regina” і чатырох калектаў з Рымскага Імшала [8]. Намерам гэтых малітваў было захаванне Папскай вобласці, апошнія тэрыторыі якой былі захоплены Італіяй у 1870 г.

6. У 1884 г. Папа Леў ХІІІ замяніў чатыры калекты новай, напісанай з нуля, і зрабіў гэтыя малітвы абавязковымі для ўсіх, “каб атрымаць Божую дапамогу, патрэбную ў часы такіх цяжкасцей і выпрабаванняў” [9]. У 1886 г. гэтая калекта была істотна перапісана, і да яе была дададзена малітва да св. Міхала. (Патройны заклік да Найсвяцейшага Сэрца Езуса дадаў св. Пій Х у 1904 г. [10])

7. Гэтымі зменамі Папа Леў пашырыў намер гэтых малітваў, але агульны сэнс просьбы аб патрэбнай дапамозе для Касцёла і яго членаў захаваўся. Гістарычным кантэкстам гэтых малітваў было “рымскае пытанне”, якое прывяло да страты Папам зямной улады. Пасля ўтварэння ў 1929 г. горада-дзяржавы Ватыкан Папа Пій ХІ загадаў (у 1930 г.), каб гэтыя малітвы надалей прамаўляліся аб “аднаўленні спакою і свабоды веравызнання для пакутуючага народа Расіі” [11]. У 1952 г. гэты намер быў паўтораны Папам Піем ХІІ [12], і ён не страціў свайго значэння і сёння [13].

8. Прадпісваючы гэтыя малітвы для паўсюднага выкарыстання, Папа Леў падкрэсліў, што іх можна прамаўляць на народнай мове. Аднак заданне перакладу было пакінута мясцовым ардынарыям, з-за чаго ў розных месцах пачалі выкарыстоўвацца крыху адрозныя версіі, як можна бачыць, напрыклад, па англійскіх або нямецкіх перакладах.

9. Згодна з правіламі, актуальнымі на 1962 г., у пэўных сітуацыях малітвы Папы Льва можна прапускаць [14]. У 1964 г. інструкцыя Inter oecumenici (№ 14) скасавала іх выкарыстанне.

10. Св. Ян Павел ІІ так каментаваў малітву да св. Міхала Арханёла:

Няхай малітва ўмацуе нас для духоўнай барацьбы, пра якую кажа Пасланне да Эфесцаў: “Мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай” (Эф 6:10). Кніга Апакаліпсіса кажа пра тую самую барацьбу, прадстаўляючы нам вобраз св. Міхала Арханёла (пар. Ап 12:7). Папа Леў ХІІІ, несумненна, меў гэтую карціну перад вачыма, калі напрыканцы мінулага стагоддзя ўводзіў для ўсяго Касцёла адмысловую малітву да св. Міхала: “Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа…” Хоць гэтая малітва больш не прамаўляецца пасля Імшы, я прашу кожнага не забываць яе і прамаўляць, каб атрымаць дапамогу ў барацьбе супраць моцы цемры і супраць духа гэтага свету [15].

У 2013 г. Папа Францішак прысвяціў горад-дзяржаву Ватыкан св. Міхалу, просячы маліцца да яго, каб ён перамог шатана [16].

11. 24 студзеня 2012 г. біскуп Пеорыі (ЗША) Дэніэл Джэнкі загадаў, каб у ягонай дыяцэзіі малітву да св. Міхала прамаўлялі ў межах малітвы вернікаў [17] на кожнай нядзельнай Імшы, просячы “аб свабодзе Каталіцкага Касцёла ў Амерыцы”. Гэта было звязана з праблемай, якую стварыў закон аб абароне пацыентаў і даступнай ахове здароўя (Affordable Care Act, 2010) [18].

12. Малітвы Папы Льва не з’яўляюцца часткай святой Імшы і ніколі не ўключаліся ў Імшал. Тым не менш цэлебрант прамаўляе іх у літургічным убранні, перад выхадам з прэзбітэрыя [19], таму яны цесна звязаны з літургіяй і літургічным досведам вернікаў, якія ўдзельнічаюць у ціхай Імшы. Як калекта, так і малітва да св. Міхала з’яўляюцца добрымі прыкладамі кампазіцыі і вельмі падабаюцца каталікам, прывязаным да над­звычайнай формы рымскага абраду.

13. На практыцы малітвы Папы Льва з’яўляюцца падзякай пасля Імшы і дапамагаюць сфарміраваць важную звычку адразу дзякаваць за Імшу і прыняцце святой Камуніі.

Імшы ў асаблівых намерах

14. Зразумела, у намеры сканчэння пераследу можна адслужыць саму Імшу; больш за тое, у Імшале ёсць ватыўныя Імшы і камемарацыі [20] ў гэтым намеры.

15. Згодна з правіламі, актуальнымі на 1962 г., ватыўныя Імшы ў цэлым можна служыць у буднія дні і святы 4 класа [21]; камемарацыі ў цэлым можна выкарыстоўваць у ціхай Імшы [22]. Аднак Святы Пасад і ардынарыі могуць заахвочваць і раней заахвочвалі да выкарыстання канкрэтных ватыўных Імшаў і камемарацый, удзяляючы больш шырокі дазвол або загадваючы іх выкарыстоўваць. Самы вядомы прыклад прывілеяванай ватыўнай Імшы — гэта Імша пра Найсвяцейшае Сэрца ў першыя пятніцы месяца [23]. Камемарацыі за пашырэнне веры, за біскупа і Папу таксама маюць прывілеяваны статус, які дазваляе выкарыстоўваць іх часцей [24]. Ардынарыі маюць права ўстанавіць oratio imperata — пэўную камемарацыю, якую трэба абавязкова дадаваць да Імшы на працягу пэўнага часу пад пэўнымі акрэсленымі правіламі [25]. Правілы наконт камемарацый, прынятыя ў 1960 г., больш абмежавальныя ў параўнанні з папярэднімі [26].

16. Акрамя Імшаў, вельмі старажытнай формай публічнай малітвы ў акрэсленым намеры з’яўляюцца публічныя працэсіі. У Англіі і Уэльсе дазволены працэсіі “Падчас вайны супраць ворагаў Святога Касцёла” з адмысловымі малітвамі на заканчэнне (Дадатак В) [27].

Заключэнне і практычныя прапановы

17. Малітвы Папа Льва ХІІІ, якія ўзносяцца за “свабоду і ўзвышэнне” Касцёла, нагадваюць нам пра патрэбу заклікаць дапамогу неба ў справах Касцёла, які сёння пераследуецца настолькі ж, наколькі і ў часы Пія ІХ або Льва ХІІІ, хоць нават геаграфічны акцэнт гэтых і ранейшых малітваў па меры разгортвання сусветных падзей пераносіўся са Святой зямлі ў Рым і Расію.

18. Акрамя таго, святары могуць служыць Імшы, і вернікі могуць удзельнічаць у Імшах, якія ахвяруюцца за пераследаваных, асабліва, дзе гэта магчыма, з выкарыстаннем адпаведных ватыўных Імшаў і камемарацый. Міжнародная федэрацыя “Una Voce” заклікае ўсіх каталікоў карыстацца гэтымі нагодамі. Як адзначана вышэй, гэтай справе можа паспрыяць дазвол Святога Пасаду або мясцовага ардынарыя.


Дадатак А: Малітвы пасля ціхай Імшы

Чатыры калекты з малітваў, прадпісаных Папам Піем ІХ у 1859 годзе

Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем ду­шы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю [28].

Божа, Ты нікога не адкідаеш, але ў сваёй пяшчотнай міласці суцішваешся пакаяннем нават самых вялікіх грэшнікаў, глянь ласкава на нашыя пакорныя малітвы і асвятлі нашыя сэрцы, каб мы былі здольныя выканаць Твае прыказанні [29].

Божа, ад Цябе паходзяць святыя жаданні, правільныя суджэнні і справядлівыя ўчынкі: дай Тваім слугам спакой, якога свет даць не можа, каб нашыя сэрцы былі схільныя слухацца Тваіх прыказанняў і каб нашыя часы, свабодныя ад страху перад ворагамі, былі мірнымі пад Тваёй абаронай [30].

Божа спакою, Ты прыхільнік і абаронца любові [31]; дай усім ворагам сапраўдны спакой і любоў, удзялі ім адпушчэнне ўсіх іхніх грахоў і сваёй моцаю вызвалі нас ад іхніх пастак. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн [32].

Калекта, якую прадпісаў Папа Леў ХІІІ ў 1884 годзе

Божа, прыстанішча нашае і сіла, выслухай пабожныя малітвы Твайго святога Касцёла і дай, каб праз заступніцтва слаўнай і беззаганнай Багародзіцы Дзевы Марыі, святога Юзафа, святых апосталаў Тваіх Пятра і Паўла і ўсіх святых мы дзейсна атрымалі тое, аб чым у цяперашніх патрэбах пакорна просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн [33].

Калекта і малітва да св. Міхала, прадпісаная ў 1886 годзе [34]

Божа, прыпынішча нашае і сіла, ласкава ўзглянь на народ, што Цябе моліць, і праз заступніцтва Багаслаўлёнай і Непавіннай Дзевы Маці Божай Марыі, з святым Ёзэфам, яе Улюбенцам, святымі апосталамі Тваімі Пятром і Паўлам і з усімі святымі, паслухай літосна і ласкава просьбы, якую за наварот грэшных, за свабоду і ўзвышэнне святой Маці Касцёла да Цябе заносім. Праз Хрыстуса Пана нашага. Амэн.

Святы Міхале Арханеле, барані нас у змаганні; проці злосці і хітрасці шатана будзь нам абаронай! Няхай Бог яго ўстрымае, пакорна таго просім; а Ты, о Князю войска нябес­нага, шатана і іншых злых духаў, што на згубу душ людзкіх па свеце лунаюць, пры помачы Божай скінь у пекла. Амэн.

Малітвы, якія выкарыстоўваліся ў 1962 годзе (поўны лацінскі тэкст)

V: Ave Maria, grátia plena, Dóminus tecum; benedícta tu in muliéribus, et benedíctus fructus ventris tui, Iesus.

R: Sancta María, Mater Dei, ora pro nobis peccatóribus, nunc et in hora mortis nostræ. Amen. (ter)

Salve Regína, Mater misericórdiæ; vita, dulcédo et spes nostra, salve. Ad te clamámus, éxsules fílii Evæ. Ad te suspirámus, geméntes et flentes in hac lacrimarum valle. Eia ergo, advocáta nostra, illos tuos misericórdes óculos ad nos convérte. Et Iesum, benedíctum fructum ventris tui, nobis, post hoc exsílium, osténde. O clemens, o pia, o dulcis Virgo María.

V: Ora pro nobis, sancta Dei Génetrix.

R: Ut digni efficiámur promissiónibus Christi.

V: Orémus.

Deus, refúgium nostrum et virtus, pópulum ad te clamántem propítius réspice; et intercedénte gloriósa et immaculáta Virgine Dei Genetríce María, cum beáto Ioseph, eius Sponso, ac beátis Apóstolis tuis Petro et Paulo, et ómnibus Sanctis, quas pro conversióne peccatórum, pro libertáte et exaltatióne sanctæ Matris Ecclésiæ, preces effúndimus, miséricors et benígnus exáudi. Per eúndem Christum Dóminum nostrum.

R: Amen.

V: Sancte Míchaële Archángele, defénde nos in proélio, contra nequítiam et insídias diáboli esto præsídium. Imperet illi Deus, súpplices deprecámur: tuque, princeps milítiæ cæléstis, Sátanam aliósque spíritus malígnos, qui ad perditiónem animárum pervagántur in mundo, divína virtúte in inférnum detrúde.

R: Amen.

V: Cor Iesu sacratíssimum.

R: Miserére nobis. (ter)


Дадатак Б: Урывак з прамовы Папы Пія ХІ пра малітвы Льва ХІІІ [35]

Шаноўныя Браты, несумненна, вы памятаеце, што калі з прычыны праблем з рэлігіяй у расійскіх рэгіёнах мы прадпісалі, каб у святы дзень у гонар Патрыярха [св.] Юзафа пад Нашым кіраўніцтвам у ватыканскай базіліцы ўзносіліся супольныя малітвы да Бога Найлепшага і Найвялікшага, то разам з Намі прысутнічалі вельмі шматлікія і вельмі пабожныя людзі, а прыклад рымскіх жыхароў, а таксама ўсіх іншых, хто сабраўся памаліцца ў іншых святых касцёлах Горада, быў амаль паўсюдна пахвальным чынам падхоплены іншымі.

Як вы ведаеце, наша прапанова сустрэлася з паўсюднай згодай не толькі з боку каталіцкіх народаў, але і з боку многіх тых, хто ад нас аддзелены. У іхніх святынях, нібы з братняй згоды, трывалі маленні; у адносінах да нас яны публічна і прыватна праяўлялі дух гасціннасці.

Аднак тое, што такая вялікая гармонія ў малітве не аказалася бясплённай або бескарыснай, мы прыпісваем найвялікшай дабрыні міласэрнага Бога. Мы асмельваемся спадзявацца, што ў будучыні яна будзе яшчэ больш плённай, хоць у апошнія часы ворагі Божага імя і культу яшчэ больш жорстка ўзяліся за пераслед Касцёла.

Таму мы павінны ўпрошваць Хрыста, Збаўцу роду людскога, каб Ён аднавіў спакой і свабоду веравызнання для пакутуючых дзяцей Расіі. І каб кожны мог рабіць гэта без праблем і нязручнасці, Мы жадаем, каб тыя самыя малітвы, якія Наш Папярэднік святой памяці Леў ХІІІ загадаў святарам і народу прамаўляць пасля святой Імшы, чыталіся з тым самым намерам, а менавіта за Расію. Няхай біскупы і святары вельмі старанна рэкамендуюць гэта свайму люду і ўвогуле кожнаму, хто прысутнічае на святой Імшы, і няхай вельмі часта нагадваюць ім пра гэта.


Дадатак В: Працэсія “Падчас вайны супраць ворагаў Святога Касцёла”

Зборнік малітваў (“Manual of Prayer”) для Англіі і Уэльса ўтрымлівае малітвы на працэсію ў дадзеным намеры. Да Вялікай літаніі далучаюцца наступныя малітвы:

Просім Цябе, міласэрны Пане, дай Твайму Касцёлу, каб Ён, сабраны ў адно Духам Святым, ніякім чынам не меў клопату з-за нападаў сваіх ворагаў.

Божа, Цябе крыўдзіць грэх, а суцішвае пакута, міласэрна ўзглянь на малітвы Твайго народу, які ўзносіць да Цябе свае просьбы, і адхілі біч Твайго гневу, які мы заслужылі сваімі грахамі.

Усемагутны вечны Божа, у Тваёй руцэ моц і панаванне над усімі рэчамі: паглядзі і дапамажы хрысціянскаму люду, каб язычніцкія народы, якія пакладаюцца на жор­сткасць сваёй ўласнай моцы, былі зруйнаваныя моцай Тваёй рукі. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, Які ў Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.


Дадатак Г: Малітвы за Святую зямлю

З невялікімі адрозненнямі ў тэксце гэтыя дзве калекты найбольш шырока выкарыстоўваліся ў Сярэднявеччы для малітвы за Святую зямлю.

Deus, qui ad exhibenda nostre redemptionis mysteria terram promissionis elegisti, libera eam, quaesumus, ab instantia paganorum, ut gentilium incredulitate confusa populus Christianus de tue virtutis potentia glorietur [36].

Божа, Ты выбраў Абяцаную зямлю, каб паказаць таямніцы нашага адкуплення; вызвалі яе, просім, ад прысутнасці язычнікаў, каб бязвер’е народаў было разбурана, а хрысціянскі люд мог хваліцца магутнасцю Тваёй сілы.

Deus qui ammirabili providentia cuncta disponis, te suppliciter exoramus, ut terram, quam unigenitus filius tuus proprio sanguine consecravit, de manibus inimicorum crucis eripiens restituas cultui christiano, vota fidelium ad eius liberationem instantium misericorditer dirigendo in viam salutis eterne. Per [37].

Божа, Ты цудоўным провідам уладкоўваеш усе рэчы, з мальбою ўпрошваем Цябе, каб тую зямлю, якую Адзінародны Сын Твой кансэкраваў сваёй уласнай крывёю, Ты вырваў з рук ворагаў крыжа і аднавіў культ хрысціянскі, міласэрна кіруючы малітвамі вернікаў, якія просяць аб яе вызваленні і вяртанні на шлях вечнага збаўлення. Праз.


[1] Францішак, Прамова на звычайным публічным кансісторыі, 20 кастрычніка 2014 года.

[2] John Allen, “The Global War on Christians: dispatches from the front lines of anti-Christian persecution”, Image Books, 2014.

[3] Да прыватнага прамаўлення калекты камемарацыі “За святы Касцёл супраць ганіцеляў” у 1934 г. быў далучаны адпуст: “Просім Цябе, Пане, ласкава выслухай малітвы Твайго Касцёла, каб яго ворагі і ўсе памылкі былі зведзены на нішто і каб ён служыў Табе ў дасканалай бяспецы і свабодзе”. (“Ecclesiae tuae, quaesumus, Domine, preces placatus admitte: ut, destructis adversitatibus et erroribus universis, secura tibi serviat libertate. Per Christum Dominum nostrum. Amen”.) Гэтая малітва не ўключана ў Enchiridion indulgentiarum 1968 года і яго пазнейшыя выданні, якія з’яўляюцца значна карацейшымі за ранейшыя кнігі. Папярэднія зборнікі адпуставых малітваў уключаюць некалькі іншых адпаведных прыватных малітваў.

[4] У Англіі і Уэльсе дазволены працэсіі “Падчас вайны супраць ворагаў святога Касцёла” з адмысловымі малітвамі на заканчэнне (гл. Дадатак В).

[5] Першыя пісьмовыя згадкі пра выкарыстанне гэтай малітвы адносяцца да Лондана і датуюцца 1188 г. Поўнае абмеркаванне гл. Amnon Linder, “Raising Arms: liturgy in the struggle to liberate Jerusalem in the Late Middle Ages”, Turnhout, Belgium: Brepols, 2003, с. 1–95. Дзве самыя частыя калекты гл. у Дадатку Г.

[6] У тых краінах, дзе іх выкарыстоўваюць (гэта пераважна каталіцкія манархіі, але таксама Англія і Уэльс), яны чытаюцца пад кіраўніцтвам цэлебранта перад выхадам з прэзбітэрыя пасля галоўнай Імшы ў нядзелю незалежна ад таго, ціхая яна, спяваная ці ўрачыстая.

[7] Таксама іх называюць менш дакладным выразам “малітвы аб навяртанні Расіі”.

[8] Чатыры калекты прыведзены ў Дадатку А.

[9] Дэкрэт Святой Кангрэгацыі абрадаў Iam inde (1884): “У 1859 годзе святой памяці Папа Пій ІХ загадаў ва ўсіх касцёлах Папскай вобласці пасля святой Ахвяры Імшы прамаўляць пэўныя малітвы, да якіх ён далучыў адпусты, каб атрымаць Божую дапамогу, патрэбную ў часы такіх цяжкасцей і выпрабаванняў. І паколькі Каталіцкі Касцёл, акружаны вельмі сур’ёзным злом (якое пагражае непазбежна стаць яшчэ больш сур’ёзным), настолькі моцна патрабуе асаблівай Божай абароны, наш святы Уладар Папа Леў ХІІІ палічыў неабходным, каб гэтыя малітвы, крыху змененыя ў некаторых частках, прамаўляліся па ўсім свеце, каб гэтая малітва, узнесеная аб’яднаным хрысціянскім людам, магла выпрасіць у Бога тое, што датычыцца дабра ўсяго хрысціянства, і каб праз павелічэнне колькасці тых, хто просіць, можна было лягчэй атрымаць даброты Божай міласэрнасці. Таму гэтым Дэкрэтам Святой Кангрэгацыі абрадаў Яго Святасць загадаў, каб у будучыні ва ўсіх касцёлах Горада і каталіцкага свету напрыканцы кожнай Імшы без музыкі на каленях прамаўляліся наступныя малітвы, узбагачаныя 300 днямі адпусту”.

[10] Гл. Дадатак А.

[11] Гл. Дадатак Б.

[12] Пій ХІІ, апостальскае пасланне Sacro vergente anno (1952) цытуе Папу Пія ХІ ў дачыненні да намеру малітваў Папы Льва і дадае: “Мы ахвотна пацвярджаем і аднаўляем гэты заклік і гэты загад, паколькі рэлігійная сітуацыя сярод вас да гэтага моманту напэўна не палепшылася і паколькі Мы адчуваем да народаў Расіі тую самую гарачую прыхільнасць і той самы клопат”.

[13] Пасля анексіі Крыма Расійскай Федэрацыяй біскуп Багдан Дзюрах, генеральны сакратар сінода УГКЦ, сказаў у інтэрв’ю выданню Catholic Herald (8 красавіка 2014 года): “Грэка-каталіцкім супольнасцям, такім як нашыя, у Расійскай Федэрацыі адмаўляюць у правах, што мы разглядаем як парушэнне свабоды сумлення і веравызнання. (…) Мы спадзяваліся, што гэтыя абмежаванні не будуць датычыцца нашай Царквы ў Крыме, аднак нам паведамілі, што ўсе рэлігійныя супольнасці павінны цяпер прайсці перарэгістрацыю. Гэта азначае, што мясцовае кіраўніцтва прысвойвае ўладу адхіляць заяўкі тых супольнасцяў, якія яна разглядае як пагрозу. Пасля нядаўняй этнічнай чысткі гэта прывядзе да рэлігійнай чысткі”.

[14] Літургіст Дж. О’Конэл пералічвае выпадкі, калі малітвы Папы Льва можна прапусціць: калі ціхая Імша служыцца з “пэўнай урачыстасцю”, як у выпадку, напрыклад, шлюбнай Імшы або Імшы з абрадам акраплення; калі пасля Імшы “непасрэдна і адпаведным чынам” наступае іншае набажэнства, напрыклад адарацыя з благаслаўленнем; калі перад, падчас ці пасля Імшы прамаўляецца гамілія; калі ціхая Імша служыцца з “дыялогам” у нядзелі і святы; калі непасрэдна за гэтай Імшой пачынаецца наступная, а цэлебрант не пакідае алтара (напрыклад, у дзень усіх памерлых вернікаў). У падтрымку гэтых прынцыпаў О’Конэл цытуе шэраг рашэнняў Святой Кангрэгацыі абрадаў: SCR 3705, 3855, 3936, 3682, 3805. Гл. J. B. O’Connell, “The Celebration of Mass”, Milwaukee: Bruce Publishing Company, 1963, с. 121–122.

[15] Св. Ян Павел ІІ, прамова перад малітвай Rorate caeli, 24 красавіка 1994 года.

[16] Прамова Папы Францішка з нагоды благаслаўлення статуі св. Міхала Арханёла ў Ватыканскіх садах, 5 ліпеня 2013 года: “Прысвячаючы горад-дзяржаву Ватыкан св. Міхалу Арханёлу, папросім яго абараняць нас ад злога і выкінуць яго”.

[17] Oratio universalis.

[18] Прычына заключалася ў патрабаванні, каб у межах дзяржаўнай медыцынскай страхавой сістэмы ЗША каталіцкія ўстановы плацілі за “абартыўныя сродкі, стэрылізацыю і кантрацэптыўныя паслугі”. Пазней гэтае патрабаванне да дыяцэзій знялі.

[19] Некаторыя святары здымаюць маніпул перад прамаўленнем малітваў Папы Льва, як і ў выпадку з казаннем.

[20] Тады як ватыўная Імша з’яўляецца цэльным імшальным фармулярам, камемарацыя дадае да тых малітваў, што прамаўляюцца падчас Імшы дня яшчэ адну калекту, сакрэту і малітву пасля Камуніі. У Рымскім Імшале 1962 года ёсць шмат ватыўных Імшаў і камемарацый; ватыўныя Імшы і камемарацыі ёсць таксама ў Імшале звычайнай формы.

[21] Гл. Novum rubricarum (1960), 306–389.

[22] Ibid., 106–114.

[23] Ватыўныя Імшы “першага чацвярга”, “першай пятніцы” і “першай суботы”, а таксама Імша за памерлага ў трэці, сёмы ці трыццаты дзень пасля смерці або пахавання маюць 3 клас, таму іх можна служыць у святы 3 класа, у святы 4 класа і ў буднія дні.

[24] Камемарацыі за Папу, біскупа і пашырэнне веры можна прамаўляць не толькі на ціхіх, але таксама на спяваных і ўрачыстых Імшах.

[25] Пра oratio imperata Novum rubricarum сцвярджае (459): “Падчас публічнай бяды або патрэбы, якія маюць працяглы характар (напрыклад, вайна, эпідэмія або іншае), мясцовы ардынарый можа абавязаць прамаўляць адпаведную oratio imperata на працягу ўсяго перыяду бяды; аднак гэтая малітва… прамаўляецца толькі ў панядзелкі, серады і пятніцы” і не ў святы 1 і 2 класа. У выпадку кароткіх нагодаў абмежаванне да панядзелка, серады і пятніцы не прымяняецца (гл. 457).

[26] Правілы, якія дзейнічалі да 1960 г., можна падсумаваць наступным чынам. Што датычыцца “прыватных” камемарацый, то цэлебранты Імшаў у святы simplex або ніжэйшыя буднія дні мелі свабоду дадаваць ватыўныя малітвы, пакуль іх агулам не будзе пяць ці сем у кожнай Імшы. У дні semiduplex, калі неабходна было выбраць трэцюю калекту, гэтыя цэлебранты маглі дадаць малітву на свой выбар. У калегіяцкіх, парафіяльных касцёлах і ў законных дамах рэктар або настаяцель мог вызначыць дадатковую малітву. Нават публічныя спяваныя ці ўрачыстыя Імшы ў важныя святы дазвалялі цэлебранту дадаваць малітву на свой выбар.

[27] У паслядоўных выданнях кнігі “Manual of Prayers”, афіцыйнага дапаможніка па паралітургічных набажэнствах, зацверджанага іерархіяй Англіі і Уэльса (да 1954 года).

[28] Гэтая калекта з ватыўнай Імшы пра Найсвяцейшую Дзеву Марыю выкарыстоўваецца таксама ў ін­шых месцах, напрыклад на заканчэнне Ларэтанскай літаніі. “Concede nos famulos tuos, quaesumus Domine Deus, perpetua mentis et corporis sanitate gaudere, et gloriosa Beatae Mariae semper Virginis intercessione, a praesenti liberari tristitia, et aeterna perfrui laetitia”.

[29] Калекта з камемарацыі “Pro remissione peccatorum” (“Аб адпушчэнні грахоў”). “Deus, qui nullum respuis, sed quantumvis peccantibus, per pænitentiam pia miseratione placaris, respice propitius ad preces humilitatis nostræ, et illumina corda nostra, ut tua valeamus implere praecepta”.

[30] Калекта з ватыўнай Імшы “Pro pace” (“Аб спакоі”); да 1912 года яе таксама прамаўлялі ў буднія дні ў Нешпарах і Ютрані. Яна знаходзіцца ў Сакрамэнтарыі Папы Гелазія VII ст. і ў англіканскай “Кнізе агульнай малітвы”. “Deus a quo sancta desideria, recta consilia et iusta sunt opera: da servis tuis illam quam mundus dare non potest, pacem; ut et corda nostra mandatis tuis dedita, et hostium sublata formidine, tempora sint, tua protectione tranquilla”.

[31] Або: “Божа, Ты прыхільнік і абаронца спакою і любові”. Такі пераклад адпавядае пунктуацыі ў Імшале 1962 года, аднак пар. 1 Тэс 5:23; Флп 4:9 і 2 Кар 13:11 (выраз “Бог спакою”).

[32] Калекта з камемарацыі “Pro inimicis” (“За ворагаў”). “Deus, pacis caritatisque amator et custos: da omnibus inimicis pacem, caritatemque veram; et cunctorum eis remissionem tribue peccatorum, nosque ab eorum insidiis potenter eripe. Per Christum Dominum nostrum. Amen”.

[33] “Deus, refugium nostrum et virtus adesto piis Ecclesiae tuae precibus, et praesta; ut intercedente gloriosa et Immaculata Virgine Dei Genitrice Maria, beato Josepho, ac beatis apostolis tuis Petro et Paulo et omnibus sanctis, quod in praesentibus necessitatibus humiliter petimus, efficaciter consequamur. Per Christum Dominum nostrum. Amen”.

[34] Цыт. па Ks. K. Stepowič, “Hołas dušy. Knižka da nabaženstwa dla biełarusaŭ-katalikoŭ”, II wyd., Wilnia, 1934. У арыгінале тэкст запісаны беларускай лацінкай.

[35] 30 чэрвеня 1930 года; Acta Apostolicis Sedis, 1930, т. XXII, с. 300–301.

[36] Linder, op. cit., с. 37.

[37] Linder, op. cit., с. 40.

Пакінуць каментар

Scroll Up