03.04.2019 / Папа Павел VI

Павел VI. Апостальская канстытуцыя Missale Romanum (1969)🕑 7 хвілін

Апостальская канстытуцыя
MISSALE ROMANUM
якою ўводзіцца ў карыстанне Рымскі Імшал, адноўлены па загадзе Другога Ватыканскага Сусветнага сабору

Біскуп Павел
Слуга слуг Божых
на вечную памяць

Рымскі Імшал, уведзены ў 1570 годзе Нашым Папярэднікам св. Піем V па загадзе Трыдэнцкага сабору (1), быў прыняты ўсімі як адзін са шматлікіх і цудоўных плёнаў, якія гэты святы Сабор распаўсюдзіў па ўсім Касцёле Хрыстовым. На працягу чатырох стагоддзяў ён не толькі забяспечваў святароў лацінскага абраду нормамі адносна цэлебрацыі Эўхарыстычнай Ахвяры, але і разносіў святую вестку Евангелля амаль па ўсім свеце. Акрамя таго, бясконцая колькасць святых знаходзіла багатую падтрымку сваёй пабожнасці ў яго чытаннях са Святога Пісання і ў яго малітвах, агульны ўклад якіх па сутнасці сягае каранямі часоў св. Грыгорыя Вялікага.

З таго часу сярод хрысціянскага люду ўзрасло і распаўсюдзілася літургічнае аднаўленне, якое, па словах Нашага святой памяці Папярэдніка Пія ХІІ, паказвае ў наш час знакі Божага провіду і збаўчае дзеянне Духа Святога ў Ягоным Касцёле (2). Гэтае аднаўленне таксама ясна паказала, што формулы Рымскага Імшала варта перагледзець і ўзбагаціць. Пачатак гэтага аднаўлення паклала праца Нашага Папярэдніка, таго ж Пія ХІІ, які аднавіў Пасхальную вігілію і абрады Вялікага тыдня (3), што стала першым этапам дастасавання Рымскага Імшала да ментальнасці цяперашніх часоў.

Нядаўна Другі Ватыканскі Сусветны сабор, публікуючы канстытуцыю Sacrosanctum concilium, устанавіў аснову для агульнага перагляду Рымскага Імшала, сцвердзіўшы, што “неабходна так упарадкаваць тэксты і абрады, каб яны ясней выяўлялі святую рэчаіснасць, якую абазначаюць” (4); загадаўшы перагледзець “парадак Імшы (…) так, каб больш выразна выяўляўся ўласны характар усіх яе частак і іх узаемасувязь, а таксама каб аблегчыць вернікам пабожны і актыўны ўдзел” (5); прадпісаўшы “падрыхтаваць для вернікаў багацейшы стол Божага слова, (…) шырэй адчыніць біблійныя скарбніцы, каб у адпаведны адрэзак гадоў народу чыталася важнейшая частка Святога Пісання” (6); загадаўшы, нарэшце, “укласці новы абрад канцэлебрацыі і размясціць яго ў Пантыфікале і Рымскім Імшале” (7).

Не варта, аднак, думаць, што гэты перагляд Рымскага Імшала быў недальнабачным. Несумненна, развіццё, якога літургічныя навукі дасягнулі за апошнія чатыры стагоддзі, падрыхтавала гэты шлях. Пасля Трыдэнцкага сабору, як кажа ў сваёй апостальскай канстытуцыі Quo primum Наш Папярэднік св. Пій V, перагляду Рымскага Імшала вельмі дапамагло вывучэнне “старажытных рукапісаў Ватыканскай бібліятэкі і рукапісаў, знойдзеных у іншых месцах”. Аднак з таго часу былі адкрыты і апублікаваны больш старажытныя літургічныя крыніцы, і ў той жа час сталі больш вядомымі літургічныя формулы Усходніх Касцёлаў. Многія пажадалі, каб гэтыя багацці, як дактрынальныя, так і духоўныя, не былі схаваны ў цемры бібліятэк, а наадварот былі вынесены на святло, каб асвятляць і карміць дух і душу хрысціянаў.

Акрэслім цяпер у агульных рысах новы ўклад Рымскага Імшала. Па-першае, у Агульных уводзінах, якія служаць прадмовай да гэтай кнігі, выкладзены новыя інструкцыі адносна цэлебрацыі Эўхарыстычнай Ахвяры, звязаныя з абрадамі і функцыямі кожнага ўдзельніка, а таксама са святымі прыладамі і месцамі.

Галоўная інавацыя датычыцца Эўхарыстычнай малітвы. Калі ў Рымскім абрадзе першая частка гэтай малітвы — прэфацыя — на працягу стагоддзяў мела разнастайныя фармуліроўкі, а другая частка, якая называецца “Canon Actionis”, падчас IV і V стст. набыла нязменную форму, то ўсходнія літургіі, наадварот, дазвалялі разнастайнасць у сваіх анафарах. У гэтай справе, аднак, акрамя таго факту, што Эўхарыстычная малітва была ўзбагачана вялікай колькасцю прэфацый, якія паходзяць са старажытнай традыцыі Рымскага Касцёла або былі ўкладзены нядаўна, Мы вырашылі дадаць да гэтай малітвы тры новыя Каноны. Такім спосабам будуць падкрэслены розныя аспекты таямніцы збаўлення, а гэтыя Каноны забяспечаць больш багатыя тэмы для падзякі. Аднак з пастырскіх прычын і для аблягчэння канцэлебрацыі Мы загадалі, каб словы нашага Пана ў кожнай фармуліроўцы Канона былі ідэнтычныя. Такім чынам, Мы жадаем, каб у кожнай Эўхарыстычнай малітве словы прамаўляліся так: над хлебам: “ACCIPITE ET MANDUCATE EX HOC OMNES: HOC EST ENIM CORPUS MEUM, QUOD PRO VOBIS TRADETUR”; над келіхам: “ACCIPITE ET BIBITE EX EO OMNES: HIC EST ENIM CALIX SANGUINIS MEI NOVI ET AETERNI TESTAMENTI, QUI PRO VOBIS ET PRO MULTIS EFFUNDETUR IN REMISSIONEM PECCATORUM. HOC FACITE IN MEAM COMMEMORATIONEM”. Словы “MYSTERIUM FIDEI”, якія ўзяты з кантэксту словаў Хрыста Пана і якія прамаўляе святар, служаць уводзінамі да акламацыі вернікаў.

Што датычыцца абраду Імшы, то “абрады неабходна спрасціць, дакладна захоўваючы іх сутнасць” (8). Таксама “трэба скасаваць тое, што з цягам часу стала паўторам ці дадаткам без асаблівай карысці” (9), перадусім у абрадах ахвяравання хлеба і віна, а таксама ламання хлеба і Камуніі.

Таксама “пэўныя элементы, страчаныя цягам вякоў, неабходна вярнуць згодна з даўняй традыцыяй айцоў Касцёла, калі гэта будзе карысна ці неабходна” (10): напрыклад, гамілію (11), “агульную малітву”, або “малітву вернікаў” (12), акт пакаяння, або акт паяднання з Богам і з братамі напачатку Імшы, дзе будзе адноўлены яго адпаведны акцэнт.

Згодна з пастановамі Другога Ватыканскага сабору, які прадпісаў, каб “у адпаведны адрэзак гадоў народу чыталася важнейшая частка Святога Пісання” (13), увесь корпус чытанняў на нядзельныя дні падзелены на трохгадовы цыкл. У дадатак, для нядзеляў і святаў чытанне Паслання і Евангелля папярэджана чытаннем са Старога Запавету або, падчас Велікоднага перыяду, з Дзеяў апосталаў. Такім чынам больш ясна падкрэсліваецца дынаміка таямніцы збаўлення, паказаная ў тэксце Божага аб’яўлення. Гэтыя шырока выбраныя біблійныя чытанні, якія даюць вернікам на святы больш важную частку Святога Пісання, дапаўняюцца іншымі часткамі святых кніг, якія чытаюцца ў іншыя дні.

Усё гэта мудра ўладкавана такім чынам, што сярод вернікаў усё больш і больш развіваецца “голад Божага слова” (14), які пад кіраўніцтвам Духа Святога, вядзе народ Новага Запавету да дасканалай еднасці Касцёла. Мы цалкам упэўнены, што як святары, так і вернікі, больш глыбока разважаючы над Святым Пісаннем, яшчэ больш пабожна і супольна падрыхтуюць свае сэрцы на Вячэры Пана і ў той самы час будуць дзень за днём карміцца словамі Пана. У выніку атрымаецца, што, згодна з жаданнямі Другога Ватыканскага сабору, Святое Пісанне будзе адначасова вечнай крыніцай духоўнага жыцця, першарадным інструментам перадачы хрысціянскага вучэння і цэнтрам усялякай тэалогіі.

У гэтым пераглядзе Рымскага Імшала, акрамя трох змен, згаданых вышэй, а менавіта змен у Эўхарыстычнай малітве, абрадах Імшы і біблійных чытаннях, таксама былі перагледжаны і істотна зменены іншыя часткі: уласныя тэксты літургічных перыядаў, уласныя тэксты пра святых, агульныя тэксты пра святых, абрадавыя і ватыўныя Імшы. Ва ўсіх гэтых зменах асаблівае дбанне датычылася малітваў: не толькі была павялічана іх колькасць, каб новыя тэксты лепш адпавядалі новым патрэбам, але і іхні тэкст быў адноўлены згодна са сведчаннем найбольш старажытных крыніц. Уласная малітва была ўкладзена для кожнага будняга дня галоўных літургічных перыядаў: Адвэнту, Божага Нараджэння, Вялікага посту і Велікоднага перыяду.

Тэкст Рымскага Градуала, прынамсі той, які датычыцца спеву, зменены не быў, аднак для лепшага разумення быў адноўлены рэспансарыйны псальм, пра які часта згадваюць св. Аўгустын і св. Леў Вялікі, а антыфоны на ўваход і Камунію былі дастасаваны да чытаных Імшаў.

На заканчэнне Мы жадаем надаць законную моц усяму, што Мы выклалі адносна новага Рымскага Імшала. Публікуючы афіцыйнае выданне Рымскага Імшала, Наш Папярэднік св. Пій V прадставіў яго як прыладу літургічнай еднасці і як сведку чысціні культу Касцёла. Пакідаючы ў новым Імшале, згодна з загадам Другога Ватыканскага сабору, прастору для “апраўданых адрозненняў і дастасаванняў” (15), Мы тым не менш спадзяёмся, што гэты Імшал будзе прыняты вернікамі як прылада, якая дае сведчанне і якая пацвярджае супольную еднасць нас усіх. Тады ў вялікай разнастайнасці моў адна выключная малітва, як прыемная ахвяра, узнясецца да нашага Айца ў небе праз нашага Першасвятара Езуса Хрыста ў Духу Святым.

Мы пастанаўляем, што прадпісанні гэтай Канстытуцыі набываюць моц 30 лістапада гэтага года, у першую нядзелю Адвэнту.

Мы жадаем, каб гэтыя Нашы пастановы і прадпісанні мелі моц і сілу цяпер і ў будучыні нягледзячы, наколькі гэта акажацца патрэбным, на апостальскія канстытуцыі і загады, выдадзеныя Нашымі Папярэднікамі, і на іншыя прадпісанні, нават тыя, якія заслугоўваюць асаблівай згадкі і скасавання.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, у Вялікі чацвер 3 красавіка 1969 года, у шосты год Нашага пантыфікату.

ПАВЕЛ VI, ПАПА

ЗНОСКІ

1. Пар. апост. канст. Quo primum, 13 ліпеня 1570 года.

2. Пар. Пій XII, Прамова да ўдзельнікаў Первага міжнароднага кангрэсу па пастырскай літургіі ў Асізі, 22 мая 1956 года: A.A.S. 48 (1956) 112.

3. Пар. Святая Кангрэгацыя абрадаў, дэкрэт Dominicae Resurrectionis, 9 лютага 1951 года: A.A.S. 43 (1951) 128ff.; дэкрэт Maxima Redemptionis nostrae mysteria, 16 лістапада 1955 года: A.A.S. 47 (1955) 838ff.

4. Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum concilium, 21: A.A.S. 56 (1964) 106.

5. Там жа, 50: A.A.S. 56 (1964) 114.

6. Там жа, 51: A.A.S. 56 (1964) 114.

7. Там жа, 58: A.A.S. 56 (1964) 115.

8. Там жа, 50: A.A.S. 56 (1964) 114.

9. Там жа,

10. Пар. там жа,

11. Пар. там жа, 52: A.A.S. 56 (1964) 114.

12. Пар., там жа, 53: A.A.S. 56 (1964) 114.

13. Там жа, 51: A.A.S. 56 (1964) 114.

14. Пар. Ам 8:11.

15. Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum concilium, 38: A.A.S. 56 (1964).


Неафіцыйны пераклад зроблены з англійскага перакладу апостальскай канстытуцыі. Цытаты з канстытуцыі Sacrosanctum concilium даюцца паводле афіцыйнага перакладу. Папскі герб: Magul (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up