27.03.2019 / FIUV

Пазіцыя № 23. “Надзвычайная форма і Кітай”🕑 12 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 23: НАДЗВЫЧАЙНАЯ ФОРМА І КІТАЙ

У фармаце PDF

Кароткі змест: З-за ўнікальнай гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі надзвычайная форма рымскага абраду надалей цэлебруецца там побач са звычайнай формай. Гэты артыкул прыводзіць аргументы на карысць таго, што ў кантэксце надзвычайнай формы існуе цесная сувязь паміж класічнай кітайскай культурай, перадусім канфуцыянствам, і каталіцкай верай, а каштоўнасці неразрыўнай традыцыі, дысцыпліны і пашаны да сакральнага і ў сённяшнім Кітаі з’яўляюцца ацэненымі і запатрабаванымі. Акрамя таго, надзвычайная форма можа быць карыснай ў тых цяжкасцях, з якімі сутыкаецца Касцёл у Кітаі, сярод якіх лінгвістычны плюралізм, слабы ўзровень катэхізацыі і літургічная недысцыплінаванасць.

 

1. Складаная сучасная гісторыя вельмі дынамічнага [1] Касцёла ў Кітаі прывяла да захавання надзвычайнай формы рымскага абраду побач са звычайнай формай, якая была ўведзена там толькі ў 1980-я гг. [2] Таму варта разгледзець пытанне сувязі надзвычайнай формы з кітайскай культурай, евангелізацыяй, стаўленнем дзяржавы і сённяшнімі патрэбамі і сродкамі Касцёла ў Кітаі.

2. У 1957 г. у якасці альтэрнатывы т. зв. “падпольнаму” Касцёлу была заснавана падкантрольная дзяржаве “Кітайская патрыятычная каталіцкая асацыяцыя” (КПКА) [3]. Сёння большасць біскупаў КПКА выконвае служэнне законна [4], а вернікам падпольнага Кас­цёла дазволена наведваць свае набажэнствы. Аднак усё яшчэ немагчыма заснаваць біскупскую канферэнцыю, якая б прызнавалася Святым Пасадам [5].

Надзвычайная форма, кітайская культура і дзяржава

3. Езуіты-місіянеры XVII і XVIII стст., якія сутыкнуліся з вельмі складанай культурай Імперскага Кітая, зрабілі значныя крокі ў галіне інкультурацыі, выкарыстаўшы тыя аспекты еўрапейскай культуры, якія цікавілі кітайцаў і лічыліся каштоўнымі сярод іх, а таксама ўвёўшы кітайскую культуру ў жыццё зародкавага Касцёла ў Кітаі.

4. Адна з галоўных ідэй езуітаў, якая звязана з працай Слугі Божага кс. Матэа Рычы SJ (1552–1610), заключалася ў блізкасці канфуцыянства да каталіцкай веры [6]. Кс. Рычы дастасаваў канфуцыянскі тэрмін “Пан Неба” для азначэння Бога [7]. Канфуцыянства ро­біць націск на абавязкі асобы ў дачыненні да сям’і і грамадства і пунктуальнасць у рэлігійных і сацыяльных рытуалах [8].

5. Місіі езуітаў моцна перашкаджала доўгая спрэчка наконт “кітайскіх абрадаў” [9], сумяшчальнасць якіх з верай доўга аспрэчвалася, што прывяло да ганенняў на Касцёл. У 1939 г. Папа Пій ХІІ пастанавіў, што каталікі могуць законна ўдзельнічаць у іх [10].

6. Аднак у 1949 г. новы, камуністычны ўрад адкінуў класічную кітайскую культуру, а таксама ўсё, што давала намёк на іншаземнае ўмяшанне. Гэтая палітыка з асаблівай жорсткасцю насаджвалася ў часы культурнай рэвалюцыі (1966–1976). Кітайскія хрысціяне ўсіх канфесій і сёння працягваюць сутыкацца з забаронамі і пераследам [11].

7. У апошнія гады дзяржава змякчыла стаўленне да класічнай культуры і традыцыйных рэлігій, нават заснаваўшы “інстытуты Канфуцыя” па ўсім свеце для прасоўвання кі­тайскай культуры і навукі кітайскай мовы. Калі распад Савецкага Саюза і хуткае эканамічнае развіццё прывялі да падрыву ідэалогіі камунізму, “адсутнасць веры” пачала лічыцца сур’ёзнай сацыяльнай праблемай.

8. Узнікае пытанне, ці магло б каталіцтва афіцыйна разглядацца як крыніца сацыяльнай стабільнасці, а не падрыўной дзейнасці (асабліва іншаземнай) [12]. Аптымістычнай гіс­тарычнай паралеллю магло б быць заканчэнне ў 1878 г. пераследу Каталіцкага Касцё­ла (“Культуркампф”), які праводзіўся пад кіраўніцтвам Бісмарка. Спачатку Бісмарк разглядаў яго як пагрозу дзяржаўнай уладзе, аднак потым пачаў бачыць у ім бастыён супраць сацыялізму. Традыцыйная літургія сваёй мовай і абрадамі перадае каштоў­насці неразрыўнасці традыцыі, яе цэласнасці і пашаны да сакральнага, якія, як паўсюдна прызнаецца, вельмі патрэбныя Кітаю ХХІ стагоддзя [13].

Выкарыстанне народнай мовы і кітайская культура

9. Адным з ранніх праектаў езуітаў стаў пераклад Рымскага Імшала на паўночнакітайскую мову [14], роля якой у класічнай кітайскай культуры дазваляла разглядаць яе як літургічную. Аднак з-за спрэчкі вакол кітайскіх абрадаў і з-за пераследу Касцёла гэты Імшал ніколі не ўвайшоў ва ўжытак.

10. Пераход на народныя мовы пасля Другога Ватыканскага сабору адбываўся без той жа сувязі з класічнай культурай. Кітайская мова Імшы ў звычайнай форме з’яўляецца сучаснай і запісваецца “спрошчанымі” іерогліфамі [15]; малітвы, якія доўгі час існавалі на кітайскай мове, таксама былі перагледжаны [16]. Імшалам звычайнай формы, перакладзеным на паўночнакітайскую мову, могуць карыстацца носьбіты некаторых дыялектаў [17], аднак гэта немагчыма для носьбітаў многіх цалкам асобных моў Кітая [18].

11. Мовы меншасцяў і звязаныя з імі культуры знаходзяцца пад ціскам хуткай урбанізацыі, і існуе небяспека, што Касцёл паспрыяе распаўсюджванню паўночнакітай­скай мовы [19], чаго можна пазбегнуць пры выкарыстанні лацінскай мовы [20].

Патрэбы і сродкі Касцёла ў Кітаі

12. Сёння цэлебрацыям у надзвычайнай форме ў Кітаі перашкаджае перадусім няведанне лацінскай мовы маладымі святарамі. Прабелы ў фармацыі духавенства адзначыў Бенедыкт XVI ў Лісце да кітайскіх каталікоў [21]. Адсутнасць лацінскай мовы ў літургіі прыводзіць да яе адсутнасці ў вывучэнні тэалогіі [22], хоць у той жа час акадэмічнае вывучэнне лацінскай мовы ў Кітаі пашыраецца [23].

13. Іншымі асцярогамі Бенедыкта XVI былі нізкі ўзровень катэхізацыі, у тым ліку дарослых канвертытаў [24], і праблемы з дысцыплінай, перадусім у сферы цэлі­бату святароў [25]. У гэтым кантэксце практыка і тэалагічны змест надзвычайнай фор­мы маюць асаблі­выя перавагі; яны могуць даць важнае сведчанне аб многіх частках каталіцкага вучэн­ня, нават калі гэтая форма практыкуецца нячаста. Тэалагічнае багацце і дакладнасць надзвычайнай формы мае асаблівую каштоўнасць, калі звычайным спосабам навучан­ня перашкаджае афіцыйная варожасць да веры, а таксама недахоп сродкаў.

14. Недазволеныя літургічныя новаўвядзенні, напрыклад удзяленне Камуніі стоячы і ў рукі, таксама знайшлі сваё месца ў практыцы [26]. У такой сітуацыі асабліва карыснай з’яўляецца літургічная дысцыпліна надзвычайнай формы.

15. Нядаўна ў Кітаі з’явіліся важныя рэсурсы для вывучэння надзвычайнай формы [27]; грыгарыянскі спеў таксама адраджаецца [28].

Заключэнне

16. Гэты артыкул прадставіў цесную сувязь папярэдняй літургічнай традыцыі з кітайскай культурай і сённяшнімі патрэбамі кітайскага грамадства, а таксама яе карысць сярод тых выпрабаванняў, з якімі сустракаецца Касцёл у Кітаі.


Дадатак: Малітвы за маўклівы Касцёл

Укладзена Папам Піем ХІІ; апублікавана з далучаным адпустам 16 ліпеня 1957 года [29]

Пане Езу, Кароль мучанікаў, Ты — суцяшэнне пакутуючых і цвёрдая падтрымка для ўсіх, хто церпіць з-за любові да Цябе і з-за сваёй прыхільнасці да Тваёй Нявесты, Святой Маці-Касцёла. У сваёй міласэрнасці схілі вуха да нашай адданай малітвы за нашых братоў у “маўклівым Касцёле”, каб яны ніколі не падалі духам у змаганні і не хісталіся ў веры; няхай яны адчуюць слодыч суцяшэння, якое Ты падрыхтаваў для тых душаў, якія пажадаў залічыць да сваіх сяброў на Крыжовай гары.

Тым, хто вымушаны зносіць катаванні і жорсткасць, голад і стому, будзь непераможнай моцай, якая падтрымае іх у выпрабаваннях і запэўніць ім узнагароду, якую Ты абяцаў тым, хто вытрымае да канца.

Многія ж падвяргаюцца маральнаму прымусу, які часта аказваецца больш небяспечным, бо з’яўляецца больш падступным. Такім людзям будзь святлом, якое асветліць іхнія розумы, каб яны маглі ясна бачыць просты шлях праўды; будзь ім таксама крыніцай моцы і падтрымлівай іх волю, каб яны маглі атрымаць перамогу ў кожным крызісе і ніколі не паддаліся хістанням і слабасці.

Нарэшце, ёсць тыя, хто не можа адкрыта вызнаваць сваю веру, весці нармальнае хрысціянскае жыццё, часта прымаць святыя сакрамэнты і звыкла размаўляць са сваімі духоўнымі кіраўнікамі. Будзь гэтым людзям схаваным алтаром, нябачнай святыняй, поўняй ласкі і айцоўскім голасам, які дапаможа ім і падтрымае іх, даючы лек для цяжкіх сэрцаў і напаўняючы іх радасцю і спакоем.

Няхай ім дапаможа наша адданая малітва; няхай наша братэрская салідарнасць запэўніць іх у тым, што яны не адны. Няхай іх прыклад паспрыяе будаванню ўсяго Касцёла; асабліва няхай ён прынясе карысць нам, якія глядзім на іх з немалой любоўю.

Дай, Пане, каб іхні перыяд выпрабавання скараціўся і каб вельмі хутка ўсе яны, а таксама іхнія навернутыя прыгнятальнікі радаваліся свабоднаму служэнню і пакланенню Табе, Які з Айцом і Духам Святым жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

Укладзена св. Янам ХХІІІ; апублікавана з далучаным адпустам 23 студзеня 1959 года

О Езу, Сыне Божы, Ты з любові да свайго Касцёла аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго і каб ён з’явіўся перад Табою ў славе і без плямы (Эф 5:23-27). Паглядзі са шкадаваннем на няшчасці, якія зносіць Твая містычная Нявеста ў некаторых частках каталіцкага свету, асабліва сёння ў вялікім Кітаі.

Ты добра бачыш, Пане, тыя пасткі, якія пагражаюць душам Тваіх вернікаў; Ты ведаеш пра паклёпы, якія намёкамі прамаўляюць супраць Тваіх пастыраў, Тваіх слугаў і Тваіх верных вучняў, якія жадаюць распаўсюджвання Евангелля і Твайго валадарства, якое не з гэтага свету! Наколькі настойлівыя і разбуральныя высілкі тых, хто імкнецца разарваць нябачнае ўбранне Тваёй Нявесты, адзінага, святога, каталіцкага, Рымскага Касцёла, аддзяляючы мясцовую іерархію і супольнасць ад адзінага цэнтру праўды, улады і збаўлення, ад Пасаду Пятра!

Сутыкнуўшыся з такім злым відовішчам, мы перадусім просім у Цябе прабачэння за ўчыненыя Табе крыўды. Сапраўды, словы, скіраваныя Табою да Саўла з Тарса на шляху ў Дамаск: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне?” (Дз 9:4), настолькі праўдзівыя ў ранейшай і сучаснай гісторыі, можна прымяніць таксама і да нашых дзён.

Аднак, уздымаючыся на Крыж, мы заўсёды будзем давяраць моцы Твайго Айца: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23:34). Як Твая ахвяра была крыніцай адкуплення для ўсіх, так па Тваёй ласцы няхай мучаніцтва, якое ў розных месцах церпіць Касцёл, Твая Нявеста і наша Маці, паспрыяе збаўленню ўсіх людзей!

О Князь спакою, няхай біскупы і святары, кансэкраваныя і свецкія асобы ўсюды і заўсёды стараюцца “захаваць еднасць духа ў саюзе спакою” (Эф 4:3). Няхай Твая ўсемагутнасць перавысіць усялякія людскія абставіны, каб пастыры і аўчарні заставаліся паслухмянымі голасу адзінага паўсюднага пастыра, біскупа Рыма, які ў сваім сэрцы адчувае адказнасць гэтых найвышэйшых слоў любові: “Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы” (Ян 17:11).

Нарэшце, о Збаўца, глянь ласкава на заслугі і малітвы Тваёй і нашай Маці, велічнай Каралевы місій і паўсюднага Касцёла; паглядзі таксама на працу, ахвяры і кроў шматлікіх мучанікаў за веру, якія ўсюды далі і яшчэ даюць сведчанне пра Цябе. А перадусім памятай пра сваю Найдаражэйшую Кроў, за многіх пралітую на адпушчэнне грахоў, і ўдзялі свой спакой Кітаю і ўсяму свету, бо надзея, перамога і спакой паходзяць толькі ад Цябе, нашага Пана і нясмяротнага Караля вякоў і народаў.


[1] Ацэнкі памеру Каталіцкага Касцёла ў Кітаі розняцца, а афіцыйныя ацэнкі не ўключаюць вернікаў пад­польнага Касцёла. Калі ўлічваць і падпольны Касцёл, і КПКА, стрыманая ацэнка дасць 15 млн вернікаў.

[2] КПКА пачала разглядаць звычайную форму рымскага абраду ў 1984 г. Першую Імшу на кітайскай мове ў Шанхайскай дыяцэзіі адслужыў у Шэшаньскай семінарыі кардынал Юзаф Чэнь з Ганконга. Гэта адбы­лося ў свята св. Гераніма (30 верасня) у 1989 г.

[3] Яна з’яўляецца часткай Дзяржаўнай адміністрацыі па справах рэлігіі.

[4] У апошнія гады Святы Пасад загадзя згаджаўся на кансэкрацыю некаторых біскупаў КПКА, а іншыя, кансэкраваныя без дазволу Папы, паядналіся са Святым Пасадам пасля кансэкрацыі.

[5] Бенедыкт XVI, Ліст да кітайскіх каталікоў, 7.

[6] Чаго нельга сказаць пра іншыя філасофска-рэлігійныя сістэмы Кітая, такія як даасізм і будызм.

[7] Tiānzhǔ — гэты тэрмін дагэтуль выкарыстоўваюць кітайскія каталікі. Пратэстанты карыстаюцца іншым словам: Shangdi.

[8] Кс. Рычы можна назваць чалавекам, які прынёс канфуцыянства на Захад, бо ён пераклаў яго ключавыя тэксты на лацінскую мову.

[9] Мова ішла пра абрады ўшанавання сямейных і грамадскіх продкаў і самога Канфуцыя, якія праводзілі­ся ў дамашняй або супольнай абстаноўцы.

[10] Пій ХІІ, дэкрэт Plane compertum (8 снежня 1939 года).

[11] Вынікам гэтага з’яўляецца, напрыклад, тое, што ўвесь горад Пекін з насельніцтвам больш за 21 млн чалавек абслугоўваецца толькі чатырма каталіцкімі касцёламі.

[12] У артыкуле ад 1 лістапада 2014 г. The Economist паведамляе: “У апошнія гады клопат партыі пера­мясціўся з вераванняў людзей на падтрыманне стабільнасці і манаполіі партыі на ўладу. Калі праца з рэлігіямі дапамагае дасягнуць гэтых мэтаў, партыя будзе працаваць з імі, хоць яна і дбае, каб не заахвоціць альтэрнатыўную крыніцу ўлады”. Артыкул адзначае, што асобы ва ўрадзе просяць дапамогі ў хрысціянаў Ганконга ў заснаванні грамадскіх і дабрачынных арганізацый, а мясцовая ўлада фінансуе будову некаторых хрысціянскіх храмаў, нават калі ў іншых месцах іх прымусова руйнуюць. Таксама ён заўважае пройгрышнае становішча каталікоў з-за варожасці кітайскай дзяржавы да факту прыналеж­насці да Святога Пасаду.

[13] Гэтае прызнанне праяўляецца не толькі ў развіцці стаўлення дзяржавы да традыцыйных рэлігій і канфуцыянства, але і ў такіх ініцыятывах, як “Оксфардскі кансэнсус”. Гэтая сумесная заява кітайскіх інтэлектуалаў на сустрэчы ў Оксфардзе (Англія) у 2013 г. выказала перасцярогі наконт новых левых, неаканфуцыянскіх і хрысціянскіх традыцый.

[14] Яго пераклаў кс. Людовік Бульі SJ, а выкарыстанне дазволіў Папа Павел V у 1615 г.

[15] Традыцыйныя кітайскія іерогліфы выкарыстоўваюцца ў Імшалах, як і ў іншых кнігах, у Ганконгу, Тайвані і Макаа. “Спрошчанае” пісьмо пачало ўводзіцца кітайскай дзяржавай у 1950-я гг., а Імшал звычайнай формы, распрацаваны КПКА, з’явіўся ў 1992 г.

[16] Традыцыйныя версіі застаюцца ва ўжытку побач з новымі перакладамі.

[17] Калі паўночнакітайскі тэкст чытаць з іншым вымаўленнем слоў, то атрымліваецца мова, зразумелая для носьбітаў некаторых дыялектаў і пазнавальная імі як афіцыйны стыль іхняй уласнай мовы. Такім чынам, напрыклад, цэлебруецца Імша на кантонскім дыялекце ў тых рэгіёнах краіны, дзе паўночнакі­тайская мова не з’яўляецца агульнавядомай.

[18] Перадусім для носьбітаў мовы хмонг, тыбецкай, уйгурскай і мангольскай моў.

[19] Напрыклад, мовай навучання ў школах часта з’яўляецца не дыялект, а менавіта “стандартная”, паў­ночнакітайская мова.

[20] Пар. св. Ян ХХІІІ, апостальская канстытуцыя Veterum sapientia (1962), 3: “Па сваёй прыродзе лацінская мова найбольш надаецца для спрыяння кожнай форме культуры сярод народаў. Яна не выклікае зайздрасці. Яна не аддае перавагу ніводнай нацыі, але праяўляе аднолькавую бесстароннасць да ўсіх і лёгка прымаецца ўсімі”. (“Suae enim sponte naturae lingua Latina ad provehendum apud populos quoslibet omnem humanitatis cultum est peraccommodata: cum invidiam non commoveat, singulis gentibus se aequabilem praestet, nullius partibus faveat, omnibus postremo sit grata et amica”.)

[21] Ліст да кітайскіх каталікоў, 8.

[22] Пазіцыя № 12, “Выкладанне лацінскай мовы ў семінарыях”.

[23] Перадусім у Лацінскім цэнтры Пекіна; таксама выкладанне лацінскай мовы арганізавана ў Народным універсітэце ў Гуанчжоу і Фуданьскім універсітэце ў Шанхаі.

[24] Ліст да кітайскіх каталікоў, 17.

[25] Ліст да кітайскіх каталікоў, 14.

[26] Не маючы канферэнцыі біскупаў, прызнанай Святым Пасадам, Кітай не можа нават запрасіць на гэта дазвол. Гэтая практыка распаўсюдзілася ў канцы 1990-х гг., а асабліва падчас эпідэміі SARS (атыповай пнеўманіі) у 2003 г., хоць і дагэтуль яна далёка не з’яўляецца паўсюднай.

[27] Сярод іншага, біскуп Лі Цзын-фэн з дыяцэзіі Фэнсяна ў правінцыі Шаньсі па сваёй ініцыятыве выдаў Імшал 1962 года з паралельным перакладам для вучэбных мэтаў. Таксама варта згадаць выхад адукацыйнага відэападручніка для вывучэння надзвычайнай формы, падрыхтаванага Брацтвам св. Пятра, з каментарыямі на паўночнакітайскай і кантонскай мовах. Адбылося гэта ўлетку 2014 г. па ініцыятыве традыцыйнай каталіцкай супольнасці ў Ганконгу.

[28] Грыгарыянскі спеў развівае перадусім музычная школа Гуанцы, якую арганізавала дыяцэзія Шанхая і куды з’язджаюцца на курсы музыканты з усяго Кітая. Таксама варта згадаць нядаўні выхад дыска з грыгарыянскім спевам Cantus Gregorianus, “Tota Pulchra Es”, які падрыхтавала (і бясплатна распаўсюдж­вае) група кітайскіх манахінь. На ім знаходзяцца сталыя часткі Імшы (Missa cum iubilo) і некаторыя іншыя спевы.

[29] Беларускія тэксты гэтых малітваў не зацверджаны касцёльнай уладай; яны падаюцца для мэтаў вывучэння ў перакладзе з англійскай мовы. Адпусты, звязаныя з гэтымі малітвамі не былі пацвер­джаны ў Enchiridion indulgentiarum 1968 года і яго пазнейшых выданнях.

Пакінуць каментар

Scroll Up