25.03.2019 / Папа Леў ХІІІ

Леў ХІІІ. Энцыкліка “Vi è ben noto” пра Ружанец і грамадскае жыццё (1887)🕑 5 хвілін

VI È BEN NOTO

Энцыкліка Папы Льва ХІІІ пра Ружанец і грамадскае жыццё

Біскупам Італіі.

Шаноўныя Браты,

ВЫ ДОБРА ВЕДАЕЦЕ, які давер сярод цяперашняй небяспекі Мы ўскладаем на слаўную Дзеву святога Ружанца дзеля бяспекі і дабрабыту хрысціянскага свету, а таксама міру і спакою ў Касцёле. Памятаючы, што ў моманты найбольшых выпрабаванняў пастыры і люд заўсёды з поўнай упэўненасцю прыбягалі да велічнай Багародзіцы, у руках якой знаходзяцца ўсе ласкі; упэўненыя таксама ў тым, што набажэнства да Маці Божай Ружанцовай з’яўляецца найбольш адпаведным для патрэбаў гэтых часоў, Мы пажадалі паўсюль адрадзіць гэтае набажэнства і як найбольш пашырыць яго сярод вернікаў свету. Ужо шмат разоў, рэкамендуючы гэтую пабожную практыку прысвячэння кастрычніка ўшанаванню Найсвяцейшай Дзевы, Мы звярталі ўвагу на сваю матывацыю і надзею, а таксама на формы, якія неабходна захоўваць; і ўвесь Касцёл, паслухмяны Нашым жаданням, заўсёды праяўляў у адказ асаблівую пабожнасць, а сёння рыхтуецца да прынясення Марыі на працягу ўсяго месяца штодзённай пашаны ў настолькі дарагім для яе набажэнстве. Італія ніколі не адставала ў гэтым пабожным спаборніцтве, бо на гэтай зямлі пабожнасць да Дзевы прыжылася вельмі глыбока і шырока; і мы не сумняваемся, што ў гэтым годзе Італія таксама дасць слаўны прыклад любові да велічнай Багародзіцы і прынясе Нам новыя прычыны для суцяшэння і надзеі. Тым не менш Мы жадаем скіраваць да вас, шаноўныя Браты, прынамсі некалькі словаў закліку, каб месяц, прысвечаны Найсвяцейшай Дзеве Марыі Ружанцовай, у кожнай дыяцэзіі Італіі адзначаўся з асаблівым і адноўленым запалам.

2. Лёгка ўявіць сабе, якія Мы маем для гэтага прычыны. Бог паклікаў Нас кіраваць сваім Касцёлам на зямлі, таму Мы імкнуліся выкарыстаць для асвячэння душаў і пашырэння ўладарання Езуса Хрыста кожны магчымы сродак, які здаўся Нам прыдатным. Са сваёй штодзённай увагі Мы не выключылі ніводную нацыю, ніводзін народ, ведаючы, што наш Збаўца праліў сваю Найдаражэйшую Кроў на Крыжы і адкрыў валадарства ласкі і славы для ўсіх. Не трэба, аднак, здзіўляцца, што асаблівы клопат Мы аказвалі італьянскаму народу, бо наш Боскі Настаўнік Езус Хрыстус з усіх месцаў свету абраў Італію, каб яна была пасадам Яго Намесніка на зямлі, і ў сваіх пастановах Провіду прызначыў Рым быць сталіцай каталіцкага свету. З гэтай прычыны італьянскі народ пакліканы жыць блізка да Бацькі ўсёй хрысціянскай сям’і і асаблівым чынам дзяліць з ім яго смутак і радасць. На жаль, многае ў Італіі засмучае Нашую душу. Веру і хрысціянскую маральнасць — каштоўную спадчыну, перададзеную нашымі продкамі, і славу нашай краіны і вялікіх людзей Італіі ў мінулыя часы — атакуюць па-майстэрску і скрытнымі спосабамі, а пэўная група людзей нават адкрыта, з агідным цынізмам стараецца скрасці ў іншых тую веру і маральнасць, якую сама страціла. У гэтым найбольш заўважна праца сектаў і тых, хто ў большай ці меншай ступені з’яўляецца іх ахвочымі прыладамі. Іхнія высілкі і д’ябальскія планы з бязлітаснай настойлівасцю засяроджаны перадусім на Рыме, дзе Намеснік Хрыста мае свой пасад.

3. Не трэба казаць вам, шаноўныя Браты, якой горыччу напаўняецца Нашая душа, калі Мы бачым, якая небяспека пагражае збаўленню так многіх Нашых узлюбленых дзяцей. Наш смутак павялічваецца яшчэ больш з-за таго, што аказваецца немагчымым супрацьстаяць такому вялікаму злу з той збаўчай эфектыўнасцю, з якой Мы жадалі б і выкарыстаць якую маем права, бо вы ведаеце, шаноўныя Браты, і ўвесь свет ведае тыя ўмовы жыцця, да якіх Нас давялі. З гэтай прычыны мы адчуваем яшчэ большае жаданне заклікаць Багародзіцу і прасіць яе аб дапамозе. Няхай усе добрыя італьянцы моляцца за сваіх падманутых братоў, за іх агульнага бацьку, Рымскага Пантыфіка, каб Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці пачуў малітвы бацькі і яго сыноў і адказаў на іх. А сваю самую жывую і пэўную надзею мы ўскладаем на Каралеву Ружанца, якая з тых часоў, як яе сталі заклікаць пад гэтым тытулам, праявіла сваю гатоўнасць дапамагаць Касцёлу і хрысціянскім народам у іх патрэбах. Мы ўжо згадвалі пра гэтыя цуды і вялікія перамогі над альбігойцамі і іншымі магутнымі ворагамі — цуды і перамогі, якія прынеслі не толькі карысць хвораму і пераследаванаму Касцёлу, але і зямны дабрабыт народам і нацыям. Чаму ў гэтую гадзіну патрэбы Нам зноў не сузіраць такія цуды магутнасці і дабрыні велічнай Дзевы дзеля дабра Касцёла і яго Галавы, а таксама ўсяго хрысціянскага свету, калі вернікі ў такіх умовах толькі адраджаюць са свайго боку цудоўныя прыклады пабожнасці, дадзеныя іх продкамі? Каб жа выпрасіць у наймагутнейшай Каралевы ўсё большую прыхільнасць, трэба яшчэ больш ушаноўваць яе ў набажэнстве Ружанца і пашыраць гэтае набажэнства. Таму пачынаючы з бягучага года мы вырашылі для ўсяго Касцёла ўзняць свята Ружанца да двайнога абраду 2 класа [a rito doppio di seconda classe]. Мы таксама жадаем, каб падчас гэтага месяца кастрычніка каталікі Італіі з той жа мэтай і з жывой верай заклікалі гэтую велічную Дзеву і з любоўю дакучалі яе мацярынскаму сэрцу, молячыся да яе аб трыумфе Касцёла і Апостальскай Сталіцы, аб свабодзе для Намесніка Езуса Хрыста на зямлі, аб спакоі і грамадскім дабрабыце. А паколькі плёны такіх малітваў будуць залежаць ад унутранай паставы тых, хто іх узносіць, Мы горача заклікаем вас, шаноўныя Браты, прысвяціць увесь свой клопат і стараннасць распальванню сярод тых, хто даручаны вашай апецы, моцнай, жывой і актыўнай веры і закліку праз пакаянне вярнуцца да ласкі і вернага выканання сваіх абавязкаў. Найважнейшым сярод такіх абавязкаў з улікам стану нашага часу неабходна прызнаць адкрытае і шчырае вызнаванне веры і вучэння Езуса Хрыста, адкіданне ўсялякай людской пашаны і кіраванне ўвагі перадусім на інтарэсы рэлігіі і збаўлення душаў. Нельга хаваць, што хоць дзякуючы Божай міласэрнасці рэлігійныя пачуцці сярод італьянцаў моцныя і паўсюдныя, тым не менш з-за злога ўплыву людзей і часоў рэлігійная абыякавасць пашыраецца, і таму назіраецца змяншэнне той павагі і сыноўскай любові да Касцёла, якою праславіліся нашыя продкі і якую яны паставілі ў якасці свайго найвышэйшага імкнення. Няхай вашай працай, шаноўныя Браты, будзе адраджэнне сярод вашых людзей гэтага хрысціянскага пачуцця, зацікаўленасці справамі Касцёла, упэўненасці ў дапамозе Найсвяцейшай Дзевы і духа малітвы. Несумненна, велічная Каралева, якую такім добрым спосабам будзе заклікаць шмат яе сыноў, злітуецца і выслухае іхнія малітвы, суцешыць Нас у Нашым смутку і звянчае нашыя высілкі для Касцёла і для Італіі, даўшы абаім лепшыя часы. З гэтымі жаданнямі Мы ўдзяляем вам, шаноўныя Браты, духавенству і люду, даручанаму вашай апецы, апостальскае благаслаўленне як знак ласкі і найлепшых нябесных дабротаў.

Дадзена ў Ватыкане 20 верасня 1887 года.

ЛЕЎ ХІІІ


Пераклад зроблены з афіцыйнай англійскай версіі энцыклікі.
Ілюстрацыя: GO69 (CC BY-SA), герб Льва ХІІІ на вітражы касцёла Сен-Сюльпіс у Фужэры, Францыя.

Пакінуць каментар

Scroll Up