21.03.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Практыкаванне Вялікага посту🕑 17 хвілін

Правёўшы тры тыдні Перадпосця ў разважанні над нашымі духоўнымі слабасцямі і ранамі, якія нанёс нам грэх, мы павінны быць гатовыя ўвайсці ў той пакутны перыяд, які пачаўся ў Касцёле. Цяпер мы лепш разумеем Божую справядлівасць і святасць, а таксама небяспеку, якая чакае нераскаяную душу. А каб нашае пакаянне было шчырым і трывалым, мы развіталіся з пустымі радасцямі і цацкамі гэтага свету. Наша пыха атрымала папярэджанне, што нашы целы хутка стануць попелам, падобным да таго, якім на нашых лбах ставяць памятны знак пра смерць.

Падчас гэтых сарака дзён пакаяння, якія нашай слабой прыродзе здаюцца вельмі доўгім часам, мы не застанемся без суправаджэння нашага Пана. Падчас тыдняў Перадпосця здавалася, што Ён быў забраны ад нас, бо тады ўсё гучала, як асуджэнне грэшнага чалавека. Аднак гэтая адсутнасць пайшла нам на карысць. Яна навучыла нас трымцець перад голасам Божага гневу. Боязь Пана — гэта пачатак мудрасці (Пс 110:10); мы ўбачылі, што гэта так. Мы напоўнены духам пакання, таму што мы перажылі боязь.

Цяпер паглядзім на Таго, хто перад намі. Гэта наш Эмануэль, той самы Езус, аднак Ён ужо не тое салодкае дзіця, якое мы ўшаноўвалі ў бэтлеемскіх яслях. Ён дасягнуў паўнаты ўзросту чалавека і прыпадобніўся да нас, грэшнікаў, з трымценнем і ў пакоры прыносячы сябе як ахвяру перапрашэння бясконцай велічы свайго Айца, Якога мы зняважылі сваімі грахамі. Езус любіць нас братэрскай любоўю і, бачачы, што пачаўся перыяд нашага пакаяння, прыходзіць падбадзёрыць нас сваёй прысутнасцю і сваім уласным прыкладам. Мы правядзём сорак дзён у посце і ўстрыманні — Езус, сама невінаватасць, праходзіць праз тую ж пакуту. Мы на час адасобіліся ад прыемнасцяў і забаваў свету — Езус таксама сыходзіць ад кампаніі і дасяжнасці людзей. Мы збіраемся больш старанна наведваць набажэнствы і больш горача маліцца — Езус у самай пакорнай малітве праводзіць сорак дзён і сорак начэй, і ўсё гэта дзеля нас. Мы плануем абдумаць нашы мінулыя грахі і аплакаць іх горкімі слязьмі — Езус пакутуе за іх і плача над імі ў цішыні пустыні так, быццам Ён сам здзейсніў іх.

Як толькі Ён атрымаў хрост з рук св. Яна, Святы Дух вывеў Яго ў пустыню. Прыйшоў час, каб Ён паказаўся свету, і адразу Ён дае свету ўрок незвычайнай важнасці. Ён пакідае свайго святога Прадвесніка і цікаўныя натоўпы людзей, якія бачылі, як на Яго сыходзіць Дух Божы, і чулі, як голас Айца абвяшчае Яго ўмілаваным Сынам; Ён пакідае іх і ідзе ў пустыню. Непадалёк ад Ярдана ўзвышаецца пакручастая гара, якая ў пазнейшыя часы атрымала назву Кварантана. З яе адкрываецца від на ўрадлівую раўніну Ерыхона, Ярдан і Мёртвае мора. Менавіта ў гэтыя дзікія каменныя мясціны цяпер уваходзіць Сын Божы, а Ягоным адзіным таварыствам тут будуць толькі жывёлы, якія абралі сабе гэтае ж месца ў якасці схованкі. У Яго няма ежы, каб суцішыць пакуты голаду; голая скала не дасць Яму вады; адзіным ягоным ложкам стане камень. Тут Ён правядзе сорак дзён, а затым Яго наведаюць анёлы і прынясуць Яму ежу.

Так перад намі на шлях Вялікага посту стаў наш Збаўца. Ён сам знёс усе абмежаванні і цяжкасці, каб мы, калі прыйдзе наш час прайсці вузкай сцежкай велікапоснага пакаяння, мелі перад сабою Ягоны прыклад і гэтым прыкладам перамагалі свае апраўданні, сафізмы і непаслядоўнасць самалюбства і пыхі. Гэта надта просты ўрок, каб яго не зразумець: наказ чыніць пакуту за грахі паказаны тут надзвычай проста, і мы не можам казаць, што не ведалі гэтага. Нам трэба шчыра прыняць гэтае настаўленне і ўвесці яго ў практыку. Езус пакідае пустыню, дзе правёў сорак дзён, і пачынае прапаведаваць гэтымі словамі, якія Ён кіруе да ўсяго чалавецтва: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 4:17). Не будзем жа закрываць сэрцы на гэтае запрашэнне, каб не споўнілася жахлівая пагроза, якая ўтрымліваецца ў іншых словах нашага Адкупіцеля: “Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (Лк 13:3).

Вось жа, пакаянне заключаецца ў каянні душы і ўтаймаванні цела. Гэта два істотныя складнікі пакаяння. Душа жадала граху; цела часта супрацоўнічала ў яго здзяйсненні. Акрамя таго, чалавек складаецца як з душы, так і з цела, а таму і душа, і цела павінны аддаваць належнае свайму Стварыцелю. Цела павінна будзе раздзяліць з душою як радасці неба, так і катаванні пекла. Адпаведна, не можа існаваць глыбокага хрысціянскага жыцця або шчырага пакаяння, калі цела не прымае ў іх удзел разам з душою.

Аднак рэалізуе пакаянне перадусім душа. Евангелле вучыць нас гэтаму на прыкладах марнатраўнага сына, Марыі Магдалены, Закхея і св. Пятра. Менавіта душа павінна ўзяць на сябе рашэнне адмовіцца ад усялякага граху; яна павінна глыбока шкадаваць над тымі грахамі, якія здзейсніла; яна павінна ненавідзець грэх; яна павінна пазбягаць нагоды да граху. Святое Пісанне мае адмысловае слова для гэтай унутранай паставы; хрысціянскі свет прыняў яго, і ім зручна выказваць той стан душы, калі яна адвярнулася ад сваіх грахоў: гэтае слова — навяртанне. Такім чынам, падчас Вялікага посту хрысціянін павінен вучыцца ўзбуджаць у сабе гэтае раскаянне сэрца і разглядаць яго як аснову ўсіх сваіх велікапосных практыкаванняў. Аднак трэба памятаць, што такое духоўнае пакаянне будзе ўсяго толькі ілюзіяй, калі яно не будзе суправаджацца ўтаймаваннем цела. Няхай жа хрысціянін наследуе прыклад, дадзены яму Збаўцам, Які шкадуе за нашыя грахі і нават плача над імі, але таксама прыносіць кампенсацыю за іх сваімі цялеснымі пакутамі. Менавіта таму Касцёл — беспамылковы інтэрпрэтатар волі свайго Боскага Настаўніка — кажа нам, што пакаянне нашага сэрца не будзе прынята Богам, калі яно не будзе ісці поруч з устрыманнем і постам.

Наколькі ж вялікая тады ілюзія тых хрысціянаў, якія забываюцца пра свае мінулыя грахі або параўноўваюць сябе з тымі, чыё жыццё яны лічаць яшчэ горшым за сваё, і таму, задаволеныя сабою, не бачаць шкоды і небяспекі ў тым, каб да канца сваіх дзён весці сваё лёгкае жыццё! Яны скажуць вам, што няма сэнсу памятаць пра свае ранейшыя грахі, бо яны прыступілі да добрай споведзі! Ці ж тое жыццё, якое яны вядуць з таго часу, не з’яўляецца дастатковым доказам іхняй цвёрдай пабожнасці? Чаму хтосьці будзе казаць ім пра Божую справядлівасць і ўтаймаванне цела?.. Адпаведна, калі надыходзіць Вялікі пост, яны збіраюць усе магчымыя адгаворкі. Устрыманне ад мяса — гэта нязручна; пост шкодзіць іхняму здароўю і не дае выконваць абавязкі. Бо гэта ж такая вялікая змена ў іхнім штодзённым стылі жыцця; бо ёсць жа столькі людзей, лепшых за іх саміх, і яны ніколі не посцяць і не адмаўляюцца ад мяса. І так ім да галавы ніколі не прыходзіць думка, што да пакутных практык, прадпісаных Касцёлам, можна дадаваць іншыя пакутныя практыкі, і таму гэтыя асобы паступова і незаўважна страчваюць хрысціянскі дух.

Касцёл бачыць гэты жахлівы распад звышнатуральнага запалу, аднак ён стараецца захаваць тое, што засталося, год за годам робячы велікапосную практыку лягчэйшай. Маючы надзею захаваць хаця б столькі і вярнуць штосьці ў будучыні, Касцёл пакідае Божай справядлівасці тых сваіх дзяцей, якія не прыслухоўваюцца да яго, калі ён вучыць іх, якім чынам яны могуць, нават цяпер, суцішыць Божы гнеў. На жаль, тыя ягоныя дзеці, пра якіх мы кажам, вельмі задаволены існым станам рэчаў. Яны і не думаюць параўноўваць свае паводзіны з прыкладамі Езуса і Яго святых або з правіламі хрысціянскага пакаяння.

Вядома, ёсць і выключэнні, аднак наколькі яны рэдкія, асабліва ў нашых вялікіх гарадах! Неабгрунтаваная прадузятасць, пустыя адгаворкі, кепскі прыклад — усё гэта адводзіць чалавека ад захавання Вялікага посту. Ці ж не шкада чуць, як у якасці прычыны, чаму людзі не захоўваюць устрыманне і пост, яны называюць тое, што ім гэта адчувальна? Напэўна, яны забываюцца, што сама мэта ўстрымання і посту заключаецца ў тым, каб гэтае грэшнае цела (Рым 6:6) адчувала і пакутавала. Што ж яны адкажуць у судны дзень, калі наш Збаўца пакажа ім, што нават туркі, паслядоўнікі вульгарнай і пачуццёвай рэлігіі, мелі адвагу кожны год на працягу сарака дзён практыкаваць абмежаванні свайго рамадану?

Аднак самі іхнія паводзіны будуць ім найбольш суровым абвінаваўцам. Тыя самыя асобы, якія пераконваюць сябе, што не маюць дастаткова сілаў, каб знесці велікапосныя ўстрыманне і пост нават у цяперашняй зменшанай форме, нават не задумваюцца, калі ім прыходзіцца прайсці праз яшчэ большыя цяжкасці дзеля часовай карысці і зямных задавальненняў. Пастановы Касцёла, якія былі парушаны ў пагоні за фрывольнай і заўсёды небяспечнай прыемнасцю, стрымалі б увесь іхні імпэт, калі б іхнімі паводзінамі кіравалі Божыя законы і законы Касцёла, а не жаданне спадабацца свету. Але абыякавасць, з якой ставяцца да захавання Вялікага посту, настолькі вялікая, што гэта ніколі не ўзбуджае ў сумленні найменшых праблем і шкадавання. Тыя ж, хто вінаваты ў такіх паводзінах, будуць спрачацца з вамі, што ў Сярэднявеччы людзі былі больш здольныя трымаць Вялікі пост, але сёння і пытання пра гэта няма. Яны скажуць кожнаму ў твар, што Касцёл дастасаваў сваю велікапосную дысцыпліну да фізічнай і маральнай слабасці сучаснага пакалення! Як жа атрымліваецца, што ўсе гэтыя людзі, выхаваныя або навернутыя ў веру сваіх продкаў, забыліся, што захаванне Вялікага посту з’яўляецца істотнай рысай каталіцтва і што, калі пратэстанты ўзяліся рэфармаваць яго ў XVI ст., іхняе галоўнае шкадаванне, сярод іншага, заключалася ў тым, што каталіцтва прымушае сваіх дзяцей утаймоўваць сябе постам і ўстрыманнем!

Прагучыць пытанне: “Але ж існуюць законныя дыспенсацыі?” Мы адказваем, што яны існуюць і што сёння яны больш патрэбныя, чым у мінулыя часы, з увагі на агульную мяккасць нашага заканадаўства. Аднак існуе і вялікая небяспека падмануць саміх сябе. Часам у нас дастаткова сілы, каб знесці большыя цяжкасці, калі гэта выгадна нашаму самалюбству, то як тады аказваецца, што нам цяжка ўстрымацца ад мяса? Калі гэтай нашай пакуце перашкаджае найменшая нязручнасць, то як увогуле мы будзем прыносіць расплату за свае грахі, калі расплата балючая па вызначэнні? Меркаванне лекара, што пост аслабіць нас, можа быць праўдзівым або непраўдзівым, але ці ж не з’яўляецца ўтаймаванне цела менавіта той мэтай, да якой Касцёл імкнецца, ведаючы, што наша душа атрымае карысць, калі цела будзе ёй падпарадкавана? Але прымем варыянт, што дыспенсацыя сапраўды патрэбная: калі мы будзем дакладна выконваць велікапосныя прадпісанні, нашаму здароўю будзе зроблена шкода, а нашы жыццёвыя абавязкі застануцца занядбанымі. Ці імкнёмся мы ў такім выпадку іншымі пакутнымі справамі навярстаць тыя рэчы, выканаць якія нам не дазваляе нашае здароўе? Ці адчуваем мы смутак і шкадаванне, што не можам далучыцца да астатніх верных дзяцей Касцёла ў нясенні велікапоснага ярма? Ці просім мы ў нашага Пана даць нам у наступным годзе ласку раздзяліць заслугі нашых братоў-хрысціянаў і выканаць тыя святыя практыкі, якія даюць душы ўпэўненасць у міласэрнасці і прабачэнні? Калі так, то дыспенсацыя не будзе разбурэннем для нашага духоўнага жыцця, і тады ў дзень надыходу свята Пасхі мы зможам упэўнена заняць месца побач з тымі, хто пасціў; бо хоць цялесная слабасць не дазволіла нам знешне крочыць з імі ў адным тэмпе, нашае сэрца засталося верным духу Вялікага посту.

Які ж вялікі спіс доказаў мы можам прывесці таму занядбанню ў адносінах да посту і ўстрымання, да якога сучасны дух паблажлівасці давёў многіх з нас! У кожнай частцы свету можна знайсці каталікоў, якія прыступаюць да велікоднай святой Камуніі і вызнаюць сябе дзецьмі Каталіцкага Касцёла, аднак нічога не ведаюць пра абавязкі Вялікага посту. Само паняцце пра пост і ўстрыманне ў іх вельмі размытае. Яны не ведаюць, што паміж імі існуе адрозненне і што дыспенсацыя ад адной з практык ніякім чынам не датычыцца другой. Калі яны законна ці незаконна атрымалі дазвол не захоўваць устрыманне ад мяса, ім не прыходзіць да галавы, што яны ўсё яшчэ абавязаны на працягу сарака дзён захоўваць пост. Або, атрымаўшы дыспенсацыю ад посту, яны лічаць, што ім можна есці любую ежу, якую яны захочуць. Гэтае няведанне з’яўляецца натуральным вынікам абыякавасці да загадаў і звычаяў Касцёла.

Дагэтуль мы казалі пра незахаванне Вялікага посту ў дачыненні да паасобных каталікоў; цяпер жа скажам некалькі слоў пра ўплыў, які тое ж незахаванне аказвае на народы і нацыі. Існуе вельмі мала сацыяльных пытанняў, якія б з ўсёй здольнасцю і натхненнем не разгледзелі тыя аўтары нашага стагоддзя, якія прысвяцілі свой талент вывучэнню таго, што называецца палітэканоміяй. Мы часта здзіўляліся, чаму яны не прааналізавалі такую вельмі цікавую тэму, як сацыяльныя наступствы адкідання Вялікага посту — падзеі, якая, накладаючы на народ штогадовую адплату за грахі, асаблівым чынам падтрымлівае ў грамадскай свядомасці разуменне маральна добрых і дрэнных рэчаў. Не трэба мець асаблівай праніклівасці, каб убачыць розніцу паміж двума народамі, адзін з якіх штогод выконвае саракадзённую пакуту ў якасці адплаты за парушэнні супраць Божага права, а другі адкідвае ў прынцыпе ўсялякае ўрачыстае пакаянне. Нават калі паглядзець з іншага боку: ці не варта баяцца таго, што празмернае спажыванне жывёльнай ежы не ўмацуе, а аслабіць арганізм чалавека? Мы перакананы, што прыйдзе час, калі дыета з большым утрыманнем расліннай і меншым утрыманнем жывёльнай ежы будзе лічыцца істотным сродкам для падтрымання сілы людскога цела.

Таму няхай дзеці Касцёла адважна выконваюць велікапосныя пакутныя практыкаванні. Спакойнае сумленне надзвычай важнае для хрысціянскага жыцця, а дасягнуць яго могуць толькі тыя душы, якія чыняць пакаянне. Страчаная нявіннасць здабываецца пакорным вызнаннем грахоў і адпушчэннем святара. Аднак няхай вернікі асцерагаюцца небяспечнай памылкі, якая будзе пераконваць іх, што пасля прабачэння ім не трэба нічога рабіць. Няхай памятаюць пра суровае папярэджанне, якое дае ім Дух Святы ў Пісанні: “Бойся, ці Бог адпусціць табе грэх, і не дадавай грэх да граху” (Сір 5:5, БТ). Наша ўпэўненасць у прабачэнні павінна адпавядаць змене або навяртанню нашага сэрца: чым большая наша цяперашняя нянавісць да мінулых грахоў, тым больш шчырае наша жаданне пакутаваць за іх да канца жыцця і тым большая наша ўпэўненасць, што яны будуць прабачаны. Тая ж святая кніга запэўнівае нас, што не ведае чалавек, будзе ён годны любові ці нянавісці (Экл 9:1), але той, хто захоўвае ў душы дух пакуты, мае ўсе прычыны спадзявацца, што Бог любіць яго.

Але адважнае захаванне касцёльных наказаў адносна посту і ўстрымання падчас Вялікага посту павінна суправаджацца дзвюма іншымі вельмі добрымі справамі, да якіх Бог так часта заахвочвае нас у Святым Пісанні: малітвай і міласцінай. Як пад словам “пост” Касцёл збірае ўсялякае ўтаймаванне цела, так пад словам “малітва” ён разумее ўсе тыя віды пабожнасці, дзякуючы якім душа мае адносіны з Богам. Больш часты ўдзел у набажэнствах Касцёла, штодзённая Імша, духоўнае чытанне, разважанне над спрадвечнымі праўдамі і мукай Пана, слуханне казанняў і перадусім прыняцце сакрамэнтаў пакуты і Эўхарыстыі — вось галоўныя сродкі, якія падчас гэтага перыяду дазваляюць верніку выканаць перад Богам абавязак малітвы.

Міласціна — гэта ўсялякія справы міласэрнасці ў дачыненні да нашага бліжняга. Далучыць міласціну да велікапосных ахвяраў посту і малітвы заахвочваюць усе святыя настаўнікі Касцёла. Бог устанавіў міласціну ў якасці закону, якому сам жа падпарадкаваўся: любоў, праяўленая да нашых бліжніх з намерам задаволіць нашага Стварыцеля, будзе ўзнагароджана так, быццам яна праяўлена да Яго самога. Як жыва гэта паказвае нам рэальнасць і святасць сувязі, якая існуе паміж усімі людзьмі! Гэтая сувязь настолькі неабходная, што наш Нябесны Айцец не прыме добрых справаў ніводнага сэрца, калі яно не праявіць міласэрнасці. І, наадварот, Ён прымае добрыя ўчынкі кожнага хрысціяніна, які справамі міласэрнасці да бліжняга прызнае і ўшаноўвае тую высокую еднасць, якая ўсіх людзей яднае ў адзіную сям’ю, бацькам у якой з’яўляецца Бог. Менавіта таму міласціна, учыненая з адпаведным намерам, не проста з’яўляецца актам людской дабрыні, а ўзносіцца да годнасці рэлігійных актаў, якія сваім непасрэдным аб’ектам маюць самога Бога і здольныя ўлагоджваць Божую справядлівасць.

Варта памятаць параду, якую арханёл Рафаэль даў Тобію. Перад тым, як пакінуць гэтую святую сям’ю і вярнуцца ў неба, ён сказаў наступныя словы: “Малітва з постам, і міласціна са справядлівасцю — гэта добра. Лепш мала, але са справядлівасцю, чым шмат з беззаконнем. Лепш даваць міласціну, чым збіраць залатыя скарбы. Міласціна вызваляе ад смерці і ачышчае ад усялякага граху. Тыя, хто дае міласціну, будуць насычаны жыццём” (Тоб 12:8-9). Падобна ж да гэтай цноты заахвочвае кніга Сіраха: “Вада тушыць палымнеючы агонь, так міласціна ачышчае грахі” (Сір 3:33, БТ). І яшчэ: “Схавай міласціну для сэрца беднага, і гэта цябе выбавіць ад усякага няшчасця” (Сір 29:15, БТ). Хрысціяніну варта трымаць у памяці гэтыя суцяшальныя абяцанні, асабліва падчас Вялікага посту. Багаты чалавек павінен паказаць беднаму, у якога пост цэлы год, што і ў яго ёсць час, калі ён прымае на сябе дабравольныя абмежаванні. Вернае захаванне посту натуральным чынам прыводзіць да эканоміі; няхай жа зэканомленае будзе аддадзена Лазару. Няма нічога больш супярэчнага духу Вялікага посту, чым трымаць настолькі ж багаты і вытанчаны стол, як у іншыя поры года, калі Бог дазваляе нам карыстацца ўсім камфортам, сумяшчальным з тымі сродкамі, якія Ён нам даў. Аднак наколькі ж адпавядае хрысціянскаму духу, каб падчас гэтых дзён пакуты і спраў міласэрнасці дзякуючы таму ўдзелу, які багатыя людзі па ўсім свеце прымаюць у цяжкасцях і абмежаваннях сваіх пакутуючых братоў, жыццё беднага чалавека зрабілася больш камфортным! Тады багатыя і бедныя ва ўсёй прыгажосці братэрскай любові паміж імі стануць на боскай гасціне пасхальнай урачыстасці, на якую нас па заканчэнні сарака дзён запросіць наш уваскрослы Пан.

Ёсць і яшчэ адзін сродак, дзякуючы якому мы можам больш надзейна здабываць багатыя ласкі Вялікага посту: гэта дух самоты і адасобленасці ад свету. Наша штодзённае жыццё, якое мы вядзём на працягу астатняй часткі года, павінна аддаць належнае святому перыяду пакаяння, іначай збаўчы эфект, які на нас аказалі абрады Папяльцовай серады, хутка будзе сцёрты. Таму хрысціянін павінен забараніць сабе на час Вялікага посту ўсе пустыя прыемнасці, забавы і вечарыны таго свету, у якім жыве. Што датычыцца тэатраў і балаў, якія з’яўляюцца светам у самым шкодным значэнні гэтага слова, то ніводзін чалавек, які называе сябе вучнем Хрыста, не можа нават прысутнічаць там, калі толькі яго не абавязвае да гэтага неабходнасць або пазіцыя ў грамадстве. Калі ўсё ж, зрабіўшы свой свабодны выбар, нейкі чалавек пасярод святога перыяду пакуты і засяроджанасці кідаецца ў сярэдзіну такой небяспекі, то ён наносіць шкоду сваёй душы і, напэўна, забываецца, што ёсць грахі, за якія ён мусіць прынесці пакаянне і папрасіць у Бога прабачэння. Свет (у сэнсе, тая яго частка, якая з’яўляецца хрысціянскай) адкінуў усе знешнія праявы смутку і пакаяння, якія, як мы чытаем, пабожна захоўваліся ў стагоддзі веры. Няхай так будзе, аднак ёсць адна рэч, якая ніколі не змяняецца: Божая справядлівасць і, адпаведна, абавязак чалавека суцішваць гэтую справядлівасць. Свет можа колькі заўгодна паўставаць супраць наступнага сцвярджэння, але гэтае сцвярджэнне нельга адклікаць назад: “Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (Лк 13:3). Гэта словы, прамоўленыя самім Богам. Можна казаць, што многія сёння не прыслухоўваюцца да іх, але з гэтай прычыны многія гінуць. Тыя ж, хто чуе гэтае слова, не павінны таксама забывацца пра папярэджанне, дадзенае нам самім нашым боскім Збаўцам у Евангеллі, якое чытаецца ў нядзелю Шасцідзясятніцы. Ён кажа нам, што адно зерне патапталі пры дарозе або яго падзяўблі нябесныя птушкі; іншае зерне ўпала на скалу і засохла, а яшчэ іншае заглушылі церні. Будзем жа разважлівымі і не пашкадуем высілкаў, каб стаць добрай глебай, якая не толькі прыме Божае зерне, але і прынясе сторазовы плён на Вялікдзень, які ўжо набліжаецца.

У розумах некаторых нашых чытачоў, якія праглядаюць гэтыя старонкі, дзе мы пастараліся адлюстраваць настрой Касцёла не толькі паводле літургіі, але і паводле пастаноў сабораў і прац Айцоў, узнікне адно непазбежнае адчуванне. Мы маем на ўвазе шкадаванне, што падчас гэтага літургічнага перыяду яны не знойдуць кранальнай і вытанчанай паэзіі, якая надавала асаблівую атмасферу ўрачыстасці Нараджэння Пана. Спачатку прыйшло Перадпосце, якое кінула цень на чароўныя сюжэты бэтлеемскай таямніцы, а цяпер мы трапілі на пустынную зямлю з цернямі на кожным кроку і без крыніцаў вады, якія маглі б напаіць нас. Аднак не трэба скардзіцца: Святы Касцёл ведае нашы сапраўдныя патрэбы і жадае насыціць іх. Не трэба таксама здзіўляцца, што Касцёл настойвае на больш суровай падрыхтоўцы да Вялікадня, чым да Божага Нараджэння. Ва ўрачыстасць Нараджэння Пана мы набліжаліся да Езуса, калі Ён быў дзіцём. Тады мы праходзілі ўсяго толькі праз адвэнтавыя практыкаванні, а таямніцы, што стаялі перад нашымі вачыма, былі толькі пачаткам.

З тых жа, хто пайшоў да ясляў, было шмат такіх, каго можна назваць, як бедных бэтлеемскіх пастухоў, людзьмі простымі, хаця б у тым сэнсе, што яны не ўсведамлялі ў дастатковай ступені ані святасці Уцелаўлёнага Бога, ані мізэрнасці і віны свайго ўласнага сумлення. Аднак цяпер, калі Сын Божы стаў на шлях пакуты, калі мы бачым Яго ахвярай усялякага прыніжэння і нават смерці на Крыжы, Касцёл не шкадуе нас. Ён уздымае нас з нашага няведання і нашай самазадаволенасці. Ён прымушае нас біць сябе ў грудзі, мець раскаянне ў душы і ўтаймоўваць цела — таму што мы грэшнікі. Усё нашае жыццё павінна быць пакутай; гарачыя душы заўсёды аддаюцца пакаянню; ці ж не з’яўляецца справядлівым і неабходным тое, каб і мы падчас гэтых дзён, калі Езус посціць у пустыні і памірае на Кальварыі, знеслі нейкую пакуту? Пра гэта кажа наш Адкупіцель, у дзень сваёй мукі звяртаючыся да дачок ерузалемскіх. Прыменім гэтыя словы да сябе: “Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?” (Лк 23:31). Якая ж праўда ў гэтых словах! І ўсё ж, па міласэрнасці Езуса, Які кажа гэта, сухое дрэва можа стаць зялёным, і тады яно не будзе спалена.

Касцёл спадзяецца і нават прыкладае ўсю сваю сілу, каб так сталася, таму ён заклікае нас узяць на сябе ярмо і дае нам Вялікі пост. Станем адважна на шлях пакаяння, і Святло паступова пральецца на нас. Калі сёння мы далёка ад Бога з-за грахоў, якія абцяжарваюць нас, то гэты перыяд стане для нас тым, што святыя называлі ачышчальным жыццём, і дасць нам тую чысціню, якая дазволіць нам бачыць Пана ў хвале Ягонай перамогі над смерцю. Калі ж мы ўжо жывём асвятляльным жыццём, калі падчас трох тыдняў Перадпосця мы адважна даследавалі глыбіні сваёй мізэрнасці, гэты Вялікі пост дасць нам больш яснае бачанне Таго, хто з’яўляецца нашым святлом. І калі мы маглі, сузіраючы Дзіця ў Бэтлееме, прызнаць у Ім Бога, вочы нашай душы таксама распазнаюць Яго ў боскім Пакутніку ў пустыні і ў крывавай Ахвяры Кальварыі.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Lent, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1887.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up