20.03.2019 / FIUV

Пазіцыя № 22. “Галаўныя ўборы ў касцёле”🕑 21 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 22: ГАЛАЎНЫЯ ЎБОРЫ Ў КАСЦЁЛЕ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Многія каталікі, прывязаныя да надзвычайнай формы рымскага абраду, трымаюцца апостальскага звычаю, згодна з якім жанчыны ў касцёле павінны пакрываць галаву. Св. Павел вучыць, што жанчынам варта пакрываць галаву, а мужчынам — здымаць галаўны ўбор, і тлумачыць гэта, карыстаючыся аналогіяй паміж адносінамі мужа і жонкі і адносінамі Хрыста і Касцёла. Як навучаў св. Ян Павел ІІ, жанчыны асаблівым чынам прадстаўляюць Касцёл; адпаведна, яны сімвалізуюць нявесту з галавою, пакрытай на знак паслухмянасці і святасці. У Дадатках да артыкула разглядаецца сцвярджэнне, быццам гэты звычай ранняга Касцёла быў запазычаны з іншых культур, а таксама прыводзіцца досвед жанчын, якія сёння адкрываюць для сябе традыцыю пакрывання галавы.

Уводзіны

1. Звычай, згодна з якім жанчыны павінны пакрываць галаву, а мужчыны павінны не пакрываць яе, адлюстраваны ў Кодэксе кананічнага права 1917 года (кан. 1262 § 2) [1] і з’яўляецца апостальскай традыцыяй, пра якую казаў св. Павел [2]. Гэты звычай захоўваецца ва Усходніх Касцёлах, а таксама яго прытрымліваюцца многія вернікі, прывязаныя да надзвычайнай формы рымскага абраду. У заходнім культурным кантэксце галаўны ўбор можа прымаць форму капелюша, шаліка, капюшона або мантыльі [3]. Хоць у Кодэксе кананічнага права 1983 года гэтая традыцыя не згадваецца [4], тагачасны прэ­фект Апостальскай сігнатуры кардынал Рэйманд Бёрк казаў, што яе выкананне “чакаецца” ад удзельніц цэлебрацый у надзвычайнай форме [5]. У motu proprio Summorum Pontificum Папа Бенедыкт XVI цытуе Агульныя ўводзіны да Рымска­га Імшала:

Як гэта было са спрадвечных часоў, так і ў будучыні павінен выконвацца “прынцып, паводле якога кожны асобны Касцёл павінен знаходзіцца ў згодзе з Паўсюдным Касцёлам не толькі ў тым, што датычыцца веравучэння і сакрамэн­тальных знакаў, але і ў тым, што адносіцца да паўсюдна прынятай практыкі, якая ўзыходзіць да неразрыўнай апостальскай традыцыі, якую належыць ахоў­ваць не толькі для пазбягання памылак, але і дзеля перадачы веры ў цэласнасці, бо закон малітвы (lex orandi) Касцёла адпавядае яго закону веры (lex credendi)” [6].

У святле ўсяго згаданага здаецца, што захаванне гэтага звычаю не толькі добра адпавядае старажытнай літургіі, але і з’яўляецца пахвальным само па сабе як выраз вернасці апостальскай традыцыі.

Вучэнне св. Паўла пра камплементарнасць палоў

2. Тлумачэнне той практыкі, якую загадвае выконваць св. Павел, засноўваецца на камплементарнасці палоў [7].

Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны — Хрыстус, галава жанчыны — мужчына, а Хрысту галава — Бог. Кожны мужчына, які моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сябе. (…) Мужчына не павінен пакры­ваць сабе галаву, бо ён вобраз і адлюстраванне хвалы Божай. Жанчына ж — адлюстраванне хвалы мужчыны [8].

3. Гэты ўрывак трэба чытаць у кантэксце таго, як св. Павел апісвае адносіны ў сужэнстве ў пасланні да Эфесцаў:

Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану, бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — Галава Касцёла. Ён — Збаўца цела. Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім [9].

4. Улада Хрыста над Касцёлам, да якой па аналогіі падобная ўлада мужа над жонкай, таксама звязана па аналогіі з адносінамі паміж галавою і целам. Жанчына, з’яўляючыся “целам” сям’і і па аналогіі целам Касцёла, звязана з поглядам на Найсвяцейшую Дзеву Марыю як на мадэль і правобраз Касцёла, пра што кажа св. Амброзій [10], якога цытуе канстытуцыя Lumen gentium [11] і за якім паўтарае св. Ян Павел ІІ ў апостальскім пасланні Mulieris dignitatem [12]. Зноў жа, жанчына з’яўляецца нявестай свайго мужа, таму і Касцёл як нявеста прадстаўлены жанчынай. Св. Ян Павел ІІ навучае:

Гэтае сужэнскае вымярэнне, якое з’яўляецца часткай усяго кансэкраванага жыцця, мае асаблівае значэнне для жанчын, якія знаходзяць у ім сваю жаноц­кую ідэнтычнасць і пэўным чынам адкрываюць асаблівы геній сваіх адносінаў з Панам [13].

5. Падсумоўваючы гэтую доўгую традыцыю, нямецкі тэолаг Манфрэд Хаўке называе Найсвяцейшую Дзеву Марыю “архетыпам Маці-Касцёла” [14] і заўважае:

Таму па аналогіі жанчыны таксама з’яўляюцца прадстаўніцамі Касцёла і ўце­лаўляюць яго. У адрозненне ад мужчын і мужчынскага святарства, яны сімвалі­зуюць рэальнасць, якой яны самі ідэнтычныя [15].

6. Кажучы коратка, выкарыстанне жанчынамі галаўных убораў у касцёле з’яўляецца сімвалічным прызнаннем як камплементарных роляў палоў у сужэнстве, так і падпа­радкавання Касцёла Хрысту. Касцёл, прадстаўлены жаночай часткай вернікаў, адмаў­ляецца ад уласнай славы — натуральнай прыгажосці галавы, — каб аддаць славу Богу. Непакрытыя галовы мужчынскай часткі вернікаў з’яўляюцца прызнаннем улады Хрыста, пад якую падпадаюць і самі мужчыны як члены Касцёла.

Пакрыванне тканінай і святасць

7. Тое, якім чынам св. Павел разумее сэнс закрывання тканінай, можна бачыць у пазней­шым фрагменце 1 Кар, які зноў вяртае нас да аналогіі Касцёла як цела:

І тыя [члены цела], якiя лічым менш пачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашым непрыстойным [мы надаём] больш прыстойнасці [16].

Пакрыванне галавы лічыцца сімвалам знаходжання пад уладай (у 1 Кар 11:10 св. Павел піша, што жанчына “павінна мець на галаве [знак] улады над ёю”) [17], тым не менш пакрыванне з’яўляецца спосабам надзялення пашанай таго, што пакрываецца. Кас­цёл, прадстаўлены жанчынай, пакрываецца на знак падпарадкаванасці і святасці, бо гэта беззаганная Нявеста Хрыста [18].

8. Вернікам, прывязаным да старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі, знаёмае па­крыванне святых рэчаў. Пакрыванне не толькі хавае рэч: яно ў пэўным сэнсе прыцяг­вае да яе ўвагу, падкрэсліваючы яе важнасць. Так, напрыклад, тканінай пакрываецца Найсвяцейшы Сакрамэнт у цыборыі або келіх на алтары [19]. Касцёл як Нявеста выкарыстоўвае пакрыванне тканінай не толькі для таго, каб паказаць падпарадкаванасць Хрысту, але і каб падкрэсліць чысціню і святасць.

9. На сучасным Захадзе, як і ў іншых культурах, гэтая сімволіка захавалася перадусім у шлюбнай цырымоніі. Вэлюм паказвае стрыманасць нявесты і ў той жа час яе чысціню і прыгажосць. Пакрыванне як сімвал сакральнасці падкрэслівае Аліса фон Гільдэ­бранд [20]; такое разуменне таксама прысутнічае ў ісламскім свеце [21]. І, наадварот, распрананне сімвалізуе няёмкасць, сорам і прыніжэнне: распранаць азначае адбіраць гонар і выстаўляць на сорам [22].

Пакрыванне галавы ў мужчын

10. З міжкультурнай перспектывы практыка таго, што мужчыны-хрысціяне здымаюць свае галаўныя ўборы ў касцёле, значна больш дзіўная, чым практыка таго, што жанчы­ны апранаюць іх. Той факт, што мужчыны і жанчыны на Захадзе зазвычай больш не носяць галаўных убораў, перашкаджае нам убачыць, што на працягу большай часткі гісторыі хрысціянства менавіта мужчына мусіў пры ўваходзе ў касцёл здымаць капялюш, у той час як жанчына не павінна была пакрываць галаву, бо яна ўжо і так мела галаўны ўбор.

11. Тут варта згадаць і іншую справу, а менавіта тое, што, хоць пратэстанты ў ХХ ст. зазвычай і выконвалі наказ св. Паўла пра галаўныя ўборы [23] (меншая частка выконвае яго дагэтуль), існавала істотная розніца ў практыцы: адкідаючы саму тэалагічную катэгорыю святога будынка, мужчыны-пратэстанты здымалі галаўны ўбор не пры ўваходзе, а менавіта калі пачыналі маліцца [24].

Сучаснае значэнне пакрывання галавы

12. Захаванне гэтай апостальскай традыцыі на Захадзе, нават калі толькі ў кантэксце надзвычайнай формы рымскага абраду, з’яўляецца каштоўнай сувяззю з раннім Касцёлам і знакам салідарнасці з Усходнімі Касцёламі [25]. Пра гэта згадвае інструкцыя Il Padre:

З гістарычных і культурных прычын яны захавалі больш непасрэдную сувязь з духоўнай атмасферай хрысціянскіх вытокаў, што ўсё часцей нават Захад прызнае не прыкметай застою і адсталасці, а каштоўнай вернасцю крыніцам збаў­лен­ня [26].

Вернасць Усходніх Касцёлаў і каталікоў, прывязаных да надзвычайнай формы ў Ла­цінскім Касцёле, можа быць знакам і натхненнем для ўсяго Касцёла, як вернасць рэхабітаў, якая была знакам для Ізраэля ў часы прарока Ераміі [27].

13. На Захадзе контркультурны характар гэтага звычаю павялічвае яго моц, дзякуючы чаму ён можа даваць сведчанне традыцыі і святасці таго кантэксту, у якім прымяня­ецца [28].

14. Што датычыцца нехрысціянскіх грамадстваў, якія захавалі або нанова адкрылі выкары­станне галаўных убораў, то традыцыйная каталіцкая практыка можа стаць пачаткам шчырага дыялогу. У 2011 годзе катэдральны касцёл св. Люцыі ў Каломба вярнуў патрабаванне галаўных убораў для жанчын менавіта ў кантэксце вяртання да “сціпла­га і паважлівага адзення” ў месцах культу ўсіх вераванняў на Шры-Ланцы [29].

15. У публічных месцах па ўсёй Еўропе, а таксама ў традыцыйна ісламскіх краінах стала прывычна бачыць мусульманак, ахінутых сваім традыцыйным убраннем [30]. Акрамя таго, часта з боку прадстаўнікоў ісламу можна пачуць крытыку заходніх жанчын, якім, па іх словах, нестае стрыманасці і, адпаведна, годнасці. Пакрыванне галавы каталічкамі ў касцёлах з’яўляецца сігналам, хоць і слабым, што каталікі не застаюцца абсалютна глухімі да голасу ісламскіх крытыкаў Захаду і што мы не ўхваляем страту жаночай годнасці, а дакладней страту пачуцця жаночай святасці, якая наступіла пасля сэксуальнай рэвалюцыі.


Дадатак А: Пакрыванне галавы ў культурным кантэксце св. Паўла

Часта сцвярджаецца, што практыка ранняга Касцёла, звязаная з пакрываннем галавы, адлюстроўвала больш шырокі культурны кантэкст. Гэтае сцвярджэнне, як зазвычай лічыцца, адмяняе аўтарытэт наказу св. Паўла. Так, у інструкцыі Кангрэгацыі дактрыны веры Inter insigniores (1976) гэтая практыка адкідваецца як проста “культурны факт” [31]. Аднак праблема такога падыходу заключаецца ў тым, што цяжка вызначыць хоць нейкую культуру, з якой першыя хрысціяне знаходзіліся б у кантакце і якая карысталася б практыкай, апісанай у 1 Кар 11.

Выявы язычніцкіх ахвярапрынашэнняў, роўна як і іх літаратурныя апісанні, праясняюць рымскі звычай, які заключаўся ў тым, што падчас прынясення ахвяры асоба — любога полу — павінна была пакрываць галаву, напрыклад, часткай тогі. Здаецца, гледачы і тыя, хто ўдзельнічаў у ахвярнай працэсіі, не рабілі таго ж самага, хоць на выявах часта можна бачыць, што яны носяць вянкі. Трэба памятаць, што ахвяры (таксама і ўзліванні) прыносіліся не толькі святарамі ў храмах, але і штодзённа ў дамашніх умовах.

Калі разглядаць не менш шматлікія выявы язычніцкага ахвярнага культу ў грэцкай культуры, якія мы маем пераважна на грэцкіх вазах, таксама становіцца відавочна, што галаўныя ўборы не выкарыстоўваліся, хоць зноў жа асобы абодвух палоў насілі вянкі [32].

Ні ў адной, ні ў другой сітуацыі мы не знаходзім прэцэдэнту, каб жанчыны пакрывалі галаву ў кантэксце культу, а мужчыны здымалі галаўныя ўборы.

Калі звярнуцца да габрэйскіх звычаяў, то традыцыйная практыка, якую сёння захоў­ваюць артадаксальныя габрэі, а таксама паўсюдная практыка да ХХ ст. заключаецца ў тым, што галаву пакрываюць мужчыны, прычым часам яны выкарыстоўваюць нават два галаўныя ўборы [33]. Ярмолку (або кіпу) мужчыны і хлопчыкі [34] носяць на працягу ўсяго дня, а жанатыя мужчыны на час малітвы, асабліва малітвы “Шма”, апранаюць таксама таліт [35].

Жанчыны не абавязаны апранаць гэтыя галаўныя ўборы [36], і з гэтай прычыны традыцыйна лічыцца, што ім непрыстойна рабіць гэта. Замужнія жанчыны абавязаны пакрываць галаву з меркаванняў сціпласці [37], аднак гэтае правіла не звязана з часам малітвы або з нейкім рытуальным галаўным уборам [38].

Немагчыма ўстанавіць адназначна, якой была практыка ў І ст., аднак здаецца зразумелым, што тады, як і пазней, выкарыстанне галаўных убораў падчас малітвы было больш характэрным і мела большае рэлігійнае значэнне для мужчын, а не жанчын.

Святары, якія ўзначальвалі культ у Храме, мелі абавязак насіць льняную мітру або турбан, а першасвятар меў дадатковае залатое ўпрыгожванне на сваім галаўным убо­ры [39]. Майсей [40] і Ілля [41] пакрывалі галаву ў Божай прысутнасці. Святое Пісанне згадвае пра тое, што галаву пакрывалі і жанчыны, як у выпадку Рэбэкі, калі яна ўпершыню бачыць свайго заручанага [42], або ўзлюбленай з Песні песняў [43], аднак робіцца гэта па-за канкрэтным рэлігійным кантэкстам.

Спасылкі, якія наконт пакрывання галавы ў кантэксце малітвы дае Мідраш, датычацца мужчын: Мардэхая [44], Нікадэма бэн-Гурыёна [45] і ўвогуле рабінаў і мудрацоў [46]. Апошні выпадак падтрымліваецца спасылкай на філактэрыі і махры фарысеяў у Мц 23:5, а таксама на выяву Майсея, цесна загорнутага ў таліт на фрэсках у сінагозе ІІІ ст. у Дура-Эўрапасе.

Падводзячы вынік, можна сказаць, што адметнасцю звычаю першых хрысціянаў з’яўляецца адрозненне ў практыцы для мужчын і жанчын. Гэтага адрознення няма ў тагачаснай практыцы язычнікаў, а габрэйская практыка мае супрацьлеглую накіраванасць адносна хрысціянскай. У святле гэтых дадзеных было б няправільна сцвярджаць, што хрысціянская практыка проста адлюстроўвала распаўсюджаную культурную норму і што тэалагічнае тлумачэнне св. Паўла было, адпаведна, проста яе абгрунтаваннем. Наадварот, усё сведчыць пра тое, што хрысціянская практыка адрознівалася ад звычаяў сумежных культур і што яна была новай і абранай наўмысна.

Калі, акрамя тэалагічнага аргумента св. Паўла, шукаць дадатковае тлумачэнне, то было б лагічна меркаваць, што тут праяўляецца свядомае адасабленне ад практыкі іншых, хто было характэрна для самога юдаізму, паводле прынцыпу “шляхамі іхнімі не хадзіце” [47]. Сярод іншых прыкладаў адыходу хрысціянаў ад габрэйскай практыкі можна назваць кірунак малітвы [48], выбар посных дзён [49] і скасаванне габрэйскіх святаў [50]. Гэтыя фактары маюць нязменнае тэалагічнае, а не часовае культурнае значэн­не; яны даюць нам тую камбінацыю падабенства і адрознення, якая характарызуе адносіны паміж юдаізмам і хрысціянствам.


Дадатак Б: Сведчанне маладых жанчын пра практыку пакрывання галавы

Выкарыстанне жанчынамі галаўных убораў у касцёле, асабліва падчас цэлебрацый у надзвычайнай форме рымскага абраду, спарадзіла шмат абмеркавання: у інтэрнэце можна знайсці разнастайныя тлумачэнні і выказванні ў абарону гэтай практыкі ў выглядзе відэафільмаў і допісаў у блогах [51]. Засяроджваюцца яны пераважна на досведзе маладых жанчын, якія пачалі карыстацца галаўнымі ўборамі ў выглядзе карункавай мантыльі. У гэтых тлумачэннях часта згадваецца, што гэты ўбор мае сімвалічную сувязь з сужэнскай натурай жанчыны. Гэта можна бачыць таксама ў падабенстве паміж мантыльяй і традыцыйнай (і дагэтуль вельмі папулярнай) фатой нявесты. Варта адзначыць, што прадстаўленыя ў інтэрнэце тлумачэнні прыводзяць яшчэ некалькі аргументаў, якія не прадстаўлены ў гэтай Пазіцыі, але маюць значэнне для таго культурнага кантэксту, у якім знаходзяцца гэтыя жанчыны.

Выкарыстанне галаўнога ўбору з’яўляецца для сённяшняй заходняй жанчыны моцным контркультурным знакам, асабліва калі выкарыстоўваецца мантылья, якая сёння асацыіруецца з чымсьці канкрэтна рэлігійным. Таму прысутнасць на Імшы жанчын у мантыльях з’яўляецца эфектыўным сведчаннем аб святасці Імшы і аб Рэальнай Прысутнасці нашага Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэтае сведчанне мацнейшае, чым у тых культурных абставінах, дзе жанчыны апранаюць той самы галаўны ўбор і ў касцёле, і ў іншых месцах.

Гэта таксама эфектыўнае сведчанне аб вернасці асобы традыцыйным прадпісанням, бо яна адкідвае асабістыя перавагі і ціск сучасных модных тэндэнцый на карысць старажытнай мудрасці Касцёла.

Што датычыцца моды, то сённяшняя звычка мець распушчаныя валасы і яе сувязь з цяперашнім разуменнем прыгажосці і сэксуальнасці падкрэслівае важную ролю пакрывання галавы. Гэта звязана з меркаваннем, што маладыя жанчыны, якія пакрываюць галаву ў касцёле, менш адцягваюць увагу мужчын.

Многія маладыя жанчыны таксама сцвярджаюць, што мантылья дапамагае ім засяродзіцца і стварае больш глыбокае адчуванне асабістай прасторы. Зноў жа, пакрыванне галавы пры ўваходзе ў касцёл, падобна як выкананне знака крыжа святой вадою, можа дапамагчы засяродзіцца на святасці будынка, прысутнасці Найсвяцейшага Сакрамэнту і літургіі.

Таму жанчыны, якія сёння адкрываюць для сябе звычай пакрывання галавы, даюць адказ на наступныя словы Папы Бенедыкта XVI:

Грэцкае слова, якім называюць навяртанне, азначае “перагледжваць” — ставіць пад пытанне ўласны і распаўсюджаны стыль жыцця, дазваляць Богу ўваходзіць у крытэрыі нашага жыцця, не судзіць жыццё толькі паводле актуальных меркаванняў. Таму навяртацца азначае не жыць, як жывуць усе астатнія; не рабіць таго, што робяць усе; не адчуваць сябе апраўданым у сумнеўных, неадназначных, кепскіх учынках толькі таму, што ўсе іншыя так робяць; пачынаць глядзець на сваё жыццё Божымі вачыма, шукаючы тым самым дабра, нават калі яно нязручнае; імкнуцца не да адабрэння большасці людзей, а да Божай справядлівасці — іншымі словамі, шукаць новы стыль жыцця, новае жыццё [52].


[1] Канон 1262 § 2: “Мужчыны, у касцёле ці па-за касцёлам, калі ўдзельнічаюць у святых абрадах, няхай будуць з непакрытай галавою, калі іначай не вызначаць ухваленыя звычаі народа або асаблівыя абста­віны; жанчыны ж няхай будуць з пакрытай галавою і сціпла апранутыя, асабліва калі яны прыступаюць да стала Пана”. (“Viri in ecclesia vel extra ecclesiam, dum sacris ritibus assistunt, nudo capite sint, nisi aliud ferant probati populorum mores aut peculiaria rerum adiuncta; mulieres autem, capite cooperto et modeste vestitae, maxime cum ad mensam Dominicam accedunt”.)

[2] 1 Кар 11:1-16.

[3] Практыка надзвычайнай формы розная ў розных краінах. Там, дзе да 1960-х гг. было прадпісана выка­рыстанне мантыльі ў касцёлах, вярнуць гэты звычай аказалася лягчэй, чым выкарыстанне капелюшоў, якія выйшлі з моды амаль ва ўсіх кантэкстах.

[4] Абавязваючая моц гэтага прадпісання ўжо скасавана Кангрэгацыяй дактрыны веры ў інструкцыі Inter insigniores (1976): “Іншае пярэчанне засноўваецца на часовым характары, які можна бачыць сёння ў некаторых прадпісаннях святога Паўла адносна жанчын, а таксама на цяжкасцях, якія ў гэтай сувязі ствараюць некаторыя аспекты яго вучэння. Аднак трэба заўважыць, што гэтыя распараджэнні, вера­годна, натхнёныя звычаямі таго часу, наўрад ці закранаюць штосьці большае, чым дысцыплінарныя практыкі невялікай важнасці, такія як абавязак пакрываць галаву, накладзены на жанчын (1 Кар 11:2-16); такія патрабаванні больш не маюць нарматыўнага значэння. Аднак забарона жанчынам прамаў­ляць на сходах (1 Кар 14:34-35; 1 Цім 2:12) мае іншую прыроду, і экзэгеты тлумачаць яе значэнне наступным чынам: Павел ніякім чынам не аспрэчвае права прарочыць на сходах, якое ён у іншых месцах прызнае за жанчынамі (1 Кар 11:15); забарона датычыцца выключна афіцыйнай функцыі навучання на хрысціянскіх сходах. Для святога Паўла гэтае прадпісанне цесна звязана з Божым планам стварэння (1 Кар 11:7; Быц 2:18-24): было б цяжка бачыць у гэтым выразе культурны факт”. Пытанне таго, ці натхнялася пакрыванне галавы жанчынамі “звычаямі таго часу”, разглядаецца далей.

[5] Прыватны ліст ад 04.04.2011: https://www.ewtn.com/expert/answers/head_coverings_in_church.htm, доступ: 19 сакавіка 2019 года.

[6] Бенедыкт XVI, motu proprio Summorum Pontificum: “Ab immemorabili tempore sicut etiam in futurum, principium servandum est “iuxta quod unaquaeque Ecclesia particularis concordare debet cum universali Ecclesia non solum quoad fidei doctrinam et signa sacramentalia, sed etiam quoad usus universaliter acceptos ab apostolica et continua traditione, qui servandi sunt non solum ut errores vitentur, verum etiam ad fidei integritatem tradendam, quia Ecclesiae lex orandi eius legi credendi respondet”. Унутраная цытата ўзята з Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала (2002), 397. Пар. Папская камісія “Ecclesia Dei”, інструкцыя Universae Ecclesiae (2011): “27. Што датычыцца дысцыплінарных правілаў, якія адносяцца да служэння надзвычайнай формы, трэба прытрымлівацца касцёльнай дысцыпліны Кодэкса кананічнага права, выдадзенага ў 1983 годзе. 28. Надалей, маючы моц асаблівага закону, апостальскае пасланне Summorum Pontificum у тым, што датычыцца яго прадмету, адмяняе ўсе літургічныя законы пра святыя абрады, якія былі выдадзены пасля 1962 года і не згаджаюцца з рубрыкамі літургічных кніг 1962 года”. (“27. Quoad regulas disciplinares ad celebrationem formae extraordinariae pertinentes, applicetur disciplina ecclesiastica Codicis Iuris Canonici anno. 1983 promulgati. 28. Praeterea, cum sane de lege speciali agitur, quoad materiam propriam, Litterae Apostolicae Summorum Pontificum derogant omnibus legibus liturgicis, sacrorum rituum propriis, exinde ab anno 1962 promulgatis, et cum rubricis librorum liturgicorum anni 1962 non congruentibus”.)

[7] Гл. Пазіцыя № 1, “Служба мужчын і хлопцаў пры алтары”.

[8] 1 Кар 11:3-4, 6: “Volo autem vos scire quod omnis viri caput Christus est caput autem mulieris vir caput vero Christi Deus. Omnis vir orans aut prophetans velato capite deturpat caput suum. … Vir quidem non debet velare caput quoniam imago et gloria est Dei mulier autem gloria viri est”.

[9] Эф 5:22-24: “Mulieres viris suis subditae sint sicut Domino, quoniam vir caput est mulieris sicut Christus caput est ecclesiae; ipse salvator corporis sed ut ecclesia subiecta est Christo. Ita et mulieres viris suis in omnibus”. Грэцкае слова “kephale”, якое выкарыстоўваецца ў гэтых урыўках, Айцы Касцёла выкарыстоўвалі як у значэнні “галавы”, так і ў значэнні “кіраўніка”.

[10] Св. Амброзій, Expos. Lc. II, 7: PL 15, 1555.

[11] Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя Lumen gentium, 63.

[12] Св. Ян Павел ІІ, апостальскае пасланне Mulieris dignitatem, 27: “Mariam Nazarethanam Ecclesiae esse “figuram”. Пар. св. Ян Павел ІІ, энцыкліка Redemptoris Mater (1987), 44: “Марыя — гэта мадэль і правобраз Касцёла” (“exemplar ac typus Ecclesiae”).

[13] Св. Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Vita consecrata, 34: “Hac in sponsali ratione quae praecipua est omnis consecratae vitae, mulier, propriam quasi indolem detegens suae cum Domino coniunctionis, se reperit ipsa”. Больш даслоўна гэта можна перадаць наступным чынам: “У гэтым сужэнскім спосабе мыслення, які з’яўляецца першараднай справай кожнага кансэкраванага жыцця, жанчына, адкрываючы асаблівы характар сваёй сувязі з Панам, знаходзіць сябе”.

[14] Manfred Hauke, “Women in the Priesthood? A systematic analysis in the light of the Order of Creation and Redemption”, San Francisco CA: Ignatius Press, 1986, с. 322.

[15] Ibid., c. 324, вылучэнне ў арыгінале.

[16] 1 Кар 12:23: “Et quae putamus ignobiliora membra esse corporis his honorem abundantiorem circumdamus et quae inhonesta sunt nostra abundantiorem honestatem habent”. Пар. 2 Кар 3:13, дзе св. Павел згадвае пра закрыты твар Майсея як прыкмету славы Старога Запавету.

[17] “Debet mulier potestatem habere supra caput”.

[18] Эф 5:22: “Бо муж — галава жонкі, як і Хрыстус — Галава Касцёла. Ён — Збаўца цела”. (“Quoniam vir caput est mulieris sicut Christus caput est ecclesiae ipse salvator corporis”.) Пар. 2 Кар 11:2: “Бо я заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць вас перад Хрыстом, як чыстую дзеву”. (“Despondi enim vos uni viro virginem castam exhibere Christo”.) Пар. таксама Рым 7:3-4.

[19] Яшчэ адзін прыклад з Пісання: Майсей, які пакрывае твар, каб схаваць ад людзей яго ззянне пасля размовы з Панам: Зых 34:33 і далей.

[20] Alice von Hildebrand, “Man and Woman: a Divine invention”, Ave Maria FL: Sapientia Press, 2010, с. 41 і інш.

[21] Этнограф Фадва Эль Гуіндзі тлумачыць, што мусульманкі на Захадзе пачалі апісваць мэту свайго пакрывання галавы словам “сціпласць”, але больш дакладнай формулай было б “святасць — асцярож­насць — павага” (Fadwa El Guindi, “Veil”, с. 82). Яна адзначае таксама пакрыванне хаабы, найсвяцейшага месца ў мусульманскім свеце і цэнтру пілігрымскі хадж (с. 95).

[22] У біблейскай традыцыі гэта бачна перадусім у Ліч 5:18, дзе згадваецца, што святар здымае галаўны ўбор з жанчыны, падазраванай у чужалостве; пар. Пп 5:7. У ісламе вэлюмы як вопратка паважаных жанчын робяцца больш вытанчанымі для жанчын вышэйшага статусу і прасцейшымі або ўвогуле не выкарыстоўваюцца сярод жанчын ніжэйшага статусу; часам яны ўвогуле ім забаронены: гл. Guindi, с. 104.

[23] Царква Англіі фармальным чынам скасавала патрабаванне для жанчын пакрываць галовы пры пры­няцці Камуніі ў 1942 годзе (кан. 18 Царкоўных канонаў Царквы Англіі).

[24] Напрыклад, яны апраналі капелюшы, калі слухалі казанне. На многіх карцінах XVII ст. можна бачыць, як яны наведваюць набажэнствы ў капелюшах. Здыманне капелюша пры падыходзе да дзвярэй храма магло ў кантэксце англіканства лічыцца праявай каталіцкай ментальнасці.

[25] Св. Ян Павел ІІ, апостальскае пасланне Orientale lumen, 8: “Сёння мы часта адчуваем сябе закладнікамі цяперашняга часу. Ёсць адчуванне, што чалавек страціў пачуццё прыналежнасці да гісторыі, якая была перад ім і будзе пасля яго. Гэтую спробу знайсці сваё месца паміж мінуўшчынай і будучыняй, ад сэрца дзякуючы за атрыманыя і чаканыя даброты, асабліва прапануюць усходнія абрады, якія адзначаюцца асаблівым пачуццём працягласці, якая называецца Традыцыяй і эсхаталагічным чаканнем”. (“Captivos hodie saepius nos temporis praesentis esse sentimus: quasi si notionem homo amiserit sese esse particulam alicuius historiae praecedentis et subsequentis. Huic magno labori, quo contendit quis ut se inter praeteritum collocet futurumque tempus cum grato sane animo tam de acceptis quam de donis postmodum accipiendis, clarum praestant Orientales Ecclesiae sensum continuationis, quae sibi Traditionis atque eschatologicae exspectationis nomina sumit”.)

[26] Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў, інструкцыя Il Padre, incomprensibile (1996), 9.

[27] Гл. Ер 35.

[28] Гл. Дадатак Б і Пазіцыя № 11, “Евангелізацыя і заходняя культура”.

[29] Подпіс да фота ў UCA News 20 студзеня 2011 года: “Катэдральны касцёл у Каломба патрабуе ад жанчын пакрываць галаву падчас Імшы”. Тэкст навіны дадае: “Каталіцкая нацыянальная асацыяцыя свецкіх (CNAL) на Шры-Ланцы падтрымала заклік да людзей усіх вераванняў сціпла апранацца ў месцах культу. (…) У закліку да вернікаў сакратар CNAL Віктар Сільва заўважыў “з вялікім смуткам і неспакоем годную шкадавання тэндэнцыю сярод некаторых свецкіх каталікоў нясціпла і вельмі непаважліва апранацца для ўдзелу ў літургічных набажэнствах і звяртаць недастатковую ўвагу на пачуццё сакральнага”. (…) Урад Шры-Ланкі стварыў раду з прадстаўнікоў розных рэлігій, якая падрыхтуе дрэс-код для месцаў культу”. http://www.ucanews.com/news/sri-lankan-lay-catholics-call-for-dress-code/3230, доступ: 19 сакавіка 2019 года.

[30] Пакрыванне галавы ў ісламе асацыіруецца пераважна з жанчынамі, аднак і на людзях, і для малітвы галаўныя ўборы носяць абодва палы, прычым закрыванне твару вядомае таксама і для мужчын.

[31] Цытата ў кантэксце прыведзена ў зносцы 4.

[32] Платон кажа пра “залатыя кароны”, якія насілі мужчыны, што ўдзельнічалі ў рэлігійным фестывалі (Ion 535 d).

[33] Так робяць ультраартадаксальныя габрэі, якія накладаюць на ярмолку капялюш, а падчас малітвы накладаюць на яе таліт.

[34] Зазвычай з трохгадовага ўзросту.

[35] Гэта звязана з загадамі ў Дрг 22:12 і Ліч 15:37-38. Апошні ўрывак з’яўляецца часткай малітвы “Шма”, таму таліт у ёй выкарыстоўваецца вельмі дарэчы. Варта адрозніваць вялікі таліт і малы таліт: апошні не накладаюць на галаву і носяць на працягу ўсяго дня. Жанатыя мужчыны, калі моляцца малітвай “Шма”, акрамя таго, накладаюць на галаву вялікі таліт. “Шма” прамаўляецца як у ранішніх, так і ў вечаровых малітвах.

[36] Паколькі гэта запаведзь, звязаная з часам (яна не абавязвае ўначы), яна датычыцца толькі мужчын. Гэты агульны прынцып інтэрпрэтацыі мы бачым ужо ў І ст.: “Усе пазітыўныя запаведзі, звязаныя з часам, выконваюцца мужчынамі, а жанчыны ад іх вызвалены. А ўсе пазітыўныя запаведзі, не звязаныя з часам, датычацца аднолькава мужчын і жанчын, гэта абавязак абаіх. А ўсе негатыўныя запаведзі, звязаныя ці не звязаныя з часам, датычацца аднолькава мужчын і жанчын, гэта абавязак абаіх” (Мішна Кідушын 1:7).

[37] У артадаксальных габрэяў на людзях гэтую функцыю можа выконваць парык (шэйтэль).

[38] Хоць патрабаванне сціпласці натуральным чынам ухваляецца ў рэлігійным кантэксце.

[39] Зых 28:4, 36-37. Пар. Зых 39:26, 30; Лев 16:4.

[40] Зых 34:33 і далей.

[41] 1 Вал 19:13.

[42] Быц 24:65.

[43] Пп 4:1. Гл. фрагменты, якія ўжо згадваліся ў сувязі са здыманнем галаўнога ўбору: Ліч 5:18 і Пп 5:7.

[44] Mid. Rab. Leviticus 23:6.

[45] Гл. Juday Goldin, перакл. “The Fathers According to Rabbi Nathan [‘Abot deRabbi Natan]”, Yale, 1995, с. 45.

[46] Mid. Rab. Ecclesiastes 2:15; 4:1. Прыклады з Мідраша абмяркоўваюцца ў арт.: Tim Hegg, 2001: “Should I remove my Kippah? A Jewish perspective of 1 Corinthians 11:2-16”

http://www.torahresource.com/EnglishArticles/1Cor11_Kippah_Final.pdf, доступ 19 сакавіка 2019 года.

[47] Прып 1:15. У выданні Біблейскага таварыства (2017): “Сыне мой, не хадзі з імі, утрымай нагу сваю ад іх сцежак”.

[48] Хрысціянская малітва была скіравана ў бок Аліўнай гары, а пазней на ўсход, а не на Храм. Гл. Fr Uwe Michael Lang, “Turning Towards the Lord”, San Francisco CA: Ignatius Press, 2004, с. 37–38.

[49] Пераход адбыўся ад пабожнай габрэйскай практыкі захоўваць пост у панядзелак і чацвер (гл. Лк 18:12), якую дагэтуль захоўваюць габрэі-ашкеназы, да практыкі посту ў сераду і пятніцу. (Хоць кароткі пост у пятніцу таксама сустракаецца ў габрэйскай традыцыі: гл. Талмуд Псахім, 99b.)

[50] Гл. Гал 4:10.

[51] Прыклады відэафільмаў можна знайсці па наступных адрасах: http://youtu.be/lFqSae_ZwRY; http://youtu.be/Q9d4eLBAPFA; http://youtu.be/zoNovGyyuKI, доступ: 19 сакавіка 2019 года. Іншыя прыклады можна знайсці пры дапамозе пошукавых сістэм на старонках відэахостынгаў.

[52] Кард. Ёзаф Ратцынгер, Прамова да катэхетаў і настаўнікаў рэлігіі, Юбілей катэхетаў, 12 снежня 2000 года.

Пакінуць каментар

Scroll Up