12.03.2019 / FIUV

Пазіцыя № 21. “Надзвычайная форма і Усходнія Касцёлы”🕑 14 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 21: НАДЗВЫЧАЙНАЯ ФОРМА І УСХОДНІЯ КАСЦЁЛЫ

У фармаце PDF

Кароткі змест: З моманту выдання Папам Львом ХІІІ ў 1894 г. важнай энцыклікі Orientalium dignitas адназначная і канкрэтная палітыка Святога Пасаду заключалася ў тым, што літургічныя абрады старажытных Усходніх Касцёлаў годныя найвышэйшай пашаны і ў тых Касцёлах, якія знаходзяцца ў еднасці са Святым Пасадам, іх трэба абараняць ад несправядлівага лацінскага ўплыву і аднаўляць у адпаведнасці з іх уласнымі традыцыямі. Тое самае падкрэслівалі Другі Ватыканскі сабор і св. Ян Павел ІІ. Такая пазіцыя, аднак, падрываецца, празмернай крытыкай літургічных звычаяў Лацінскага Касцёла і адмовай ад элементаў, агульных для лацінскай і ўсходняй літургічных традыцый, напрыклад ад малітвы ad orientem, выкарыстання ціхай малітвы, сузіральнага спосабу ўдзелу ў літургіі і пашаны да літургічнай традыцыі. Увядзенне надзвычайнай формы рымскага абраду ў нармальнае літургічнае жыццё Лацінскага Касцёла з’яўляецца неабходным крокам да рэалізацыі практычнай паставы пашаны ў дачыненні да традыцый Усходніх Касцёлаў.

1. Захаванне і развіццё на Захадзе заходняй старажытнай літургічнай традыцыі мае істотную важнасць для хрысціянаў іншых старажытных літургічных традыцый, як тых, што знаходзяцца ў еднасці са Святым Пасадам, так і тых, што не знаходзяцца з ім у еднасці. Пашана да надзвычайнай формы рымскага абраду і яе пастаяннае выкарыстанне — гэта неабходныя практычныя наступствы даўняй афіцыйнай палітыкі Святога Пасаду, накіраванай на пашану да традыцый Усходніх Касцёлаў.

Развіццё еднасці і пашана да ўсходніх традыцый

2. У сваёй энцыкліцы Orientalium dignitas (1894) Папа Леў ХІІІ праясніў і падкрэсліў належную паставу пашаны да ўсходніх абрадаў. Кажучы пра адносіны Апостальскай Сталіцы да ўсходніх каталікоў, ён кажа:

Не занядбоўвала яна і тым, каб пастаянна абараняць і ахоўваць у цэласнасці тыя асаблівыя звычаі і сакрамэнтальныя абрады ўсіх усходніх народаў, якія ў сваёй моцы і мудрасці яна пастанавіла лічыць законнымі [1].

І зноў:

Адпаведна, у захаванні ўсходніх абрадаў можна ўбачыць яшчэ большую важнасць. Шанаваная старажытнасць надае шляхетнасць гэтым разнастайным абрадам, яна з’яўляецца каштоўным упрыгожаннем для ўсяго Касцёла і пацвярджае боскую еднасць каталіцкай веры [2].

3. Практычныя пастановы гэтай энцыклікі накіраваны на супрацьстаянне “лацінізацыі” ўсходніх каталікоў, якая праяўлялася ў замене (поўнай ці частковай) усходніх абрадаў рымскім, а таксама далучэнні паасобных каталікоў усходняга абраду або цэлых груп да рымскага абраду; у мінулым Святы Пасад часам дазваляў такія працэсы [3].

4. Гэтым словам Папы Льва ХІІІ дакладна следуе дэкрэт Другога Ватыканскага сабору Orientalium Ecclesiarum, які кажа пра ачышчэнне ўсходніх абрадаў ад лацінскіх элементаў, якія, на жаль, увайшлі ў іх:

Няхай усе ўсходнія хрысціяне ведаюць і будуць цвёрда перакананы, што заўсёды могуць і павінны захоўваць свае законныя літургічныя абрады i дысцыплінарныя нормы і не змяняць іх, калі толькі гэта не будзе карысным для іх асабістага арганічнага развіцця. Усё гэта павінна з найбольшай дакладнасцю захоўвацца самімі ўсходнімі хрысціянамі, якія павінны глыбей пазнаваць гэтыя рэчы і больш дасканала іх выкарыстоўваць. Калі з-за акалічнасцяў часу або асоб яны нейкім чынам адыдуць ад гэтага, то няхай імкнуцца вярнуцца да традыцыі продкаў [4].

Акрамя таго, Сабор прызнаў, што ўласныя традыцыі Усходу захавалі адрозныя тэалагічныя фармуліроўкі, якія маюць каштоўнасць для ўсяго Касцёла [5].

5. Тыя самыя погляды і палітыку паўтарыў св. Ян Павел ІІ ў сваім апостальскім пасланні Orientale lumen, апублікаваным з нагоды стагоддзя энцыклікі Orientalium dignitas. Ён патрабаваў:

…поўнай павагі да годнасці іншых і адкідання меркавання, быццам увесь корпус абрадаў і традыцый Лацінскага Касцёла з’яўляецца больш поўным і больш адпаведным для дэманстрацыі паўнаты правільнай дактрыны [6].

6. Важнасць гэтай палітыкі ў адносінах з Усходнімі Касцёламі падкрэсліў Другі Ватыканскі сабор. Дэкрэт Orientalium Ecclesiarum патрабаваў, каб усходнія каталікі спрыялі еднасці з іншымі ўсходнімі хрысціянамі, сярод іншых рэчаў, праз “пабожную вернасць старажытным усходнім традыцыям” [7]. Тое ж пацвердзіла Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў у інструкцыі Il Padre, incomprensibile (1996):

Таму пры кожнай спробе літургічнай адновы неабходна ўлічваць практыку праваслаўных братоў, ведаючы яе, паважаючы яе і адыходзячы ад яе як найменш, каб не павялічваць ужо існуючага раздзялення [8].

Гэты ўрывак нагадвае добра вядомае выказванне св. Пія Х: літургія каталікоў нелацінскага абраду ў выніку далучэння да поўнай еднасці ў Пятровым Пасадам павінна быць “nec plus, nec minus, nec aliter” (ані большай, ані меншай, ані іншай) [9].

Лацінская літургічная рэформа

7. Літургічная рэформа, якая адбылася пасля Другога Ватыканскага сабору, стварыла новую сітуацыю ў адносінах з Усходнімі Касцёламі. Далейшыя лацінізуючыя тэндэнцыі адгэтуль будуць заснаваны на рэфармаваных абрадах, якія ў шматлікіх момантах яшчэ больш аддаляюцца ад усходніх літургічных прынцыпаў, чым папярэдняя лацінская літургічная традыцыя. Акрамя таго, папулярныя тэалагічныя тлумачэнні рэформы і матывацыі, якія стаяць за многімі заходнімі літургічнымі парушэннямі, часта фармуляваліся такім спосабам, які ясна даваў зразумець, што традыцыйныя ўсходнія практыкі з’яўляюцца сур’ёзна дэфектыўнымі.

8. Напрыклад, літургічная рэформа прывяла да амаль паўсюднага адкідання лацінскай традыцыі літургічнай арыентацыі, згодна з якой святар цэлебраваў Імшу тварам на літургічны ўсход, гэта значыць (за рэдкімі выключэннямі) у той жа бок, куды глядзяць вернікі [10]. Прасоўванне гэтай змены, якая не абмяркоўвалася Другім Ватыканскім саборам і ніколі не была абвешчана абавязковай для Лацінскага Касцёла, суправаджалася палемікай, накіраванай супраць традыцыйнай практыкі, якую прыніжальна апісвалі так, быццам “святар павярнуўся плячыма да людзей”. Афіцыйныя дакументы Касцёла не заахвочваюць гэтую палеміку і часта яе крытыкуюць; сярод іншага, ёй супрацьстаяў Папа Бенедыкт XVI [11]. Яна, тым не менш, з’яўляецца распаўсюджанай і яўна мае дачыненне да аналагічнай традыцыі малітвы ad orientem ва ўсходніх абрадах. Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў палічыла неабходным узняць гэтае пытанне ў інструкцыі Il Padre, incomprensibile:

Справа не ў тым, як часта сцвярджаюць, што цэлебрацыя ўзначальваецца плячыма да людзей. Хутчэй гэта суправаджэнне люду ў падарожжы да Валадарства, якое мы згадваем у малітве, пакуль не вернецца Пан. Гэты звычай, які аказаўся пад пагрозай у многіх Усходніх Касцёлах з-за новага і нядаўняга лацінскага ўплыву, мае глыбокае значэнне і павінен быць захаваны як сапраўды адпаведны для ўсходняй літургічнай духоўнасці (107).

9. Падобным чынам, тая самая інструкцыя лічыць неабходным абараняць усходнюю традыцыю ўдзялення Камуніі толькі духавенствам; даўжэйшы эўхарыстычны пост, чым прадпісаны сёння для Лацінскага Касцёла; “пакутную накіраванасць” літургіі і выкарыстанне традыцыйнага сакральнага мастацтва і архітэктурных форм у храмах. Усё гэта належыць да рысаў лацінскай літургічнай традыцыі, якія на працягу дыскусіі вакол літургічнай рэформы падвергліся крытыцы, прыніжэнню і нават высмейванню.

10. Ранейшы дакумент Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў “Заўвагі наконт парадку святой Імшы Сіра-малабарскага Касцёла 1981 года“ (1984) прыводзіць яшчэ больш прыкладаў гэтага феномену. Напрыклад, мова ідзе пра папулярную тэалагічную крытыку ціхіх малітваў у літургіі:

Часам кажуць, што ўсе літургічныя малітвы трэба прамаўляць уголас, каб кожны мог іх чуць. З гістарычнага і літургічнага пункту гледжання, гэта памылковы прынцып. Некаторыя малітвы ўкладзены адмыслова для [паралельнага] выкарыстання падчас спеву, працэсій і іншай дзейнасці вернікаў або з’яўляюцца выбачэннямі pro clero. Як духавенства не мусіць спяваць усяго, што спяваюць вернікі, так і вернікі не абавязаны чуць усе малітвы. Сапраўды, рэцытацыя ўсіх малітваў уголас перашкаджае адпаведнаму бегу парадку літургіі [12].

11. Гэтым нападам на ціхія малітвы Імшы таксама актыўна супрацьстаяў Папа Бенедыкт XVI [13]. Яны ні ў якім разе не ўваходзяць у афіцыйную тэалогію літургічнай рэформы, і нават Імшал 1970 года ўтрымлівае некалькі ціхіх малітваў святара. Аднак праўда і тое, што рэформа і яе рэалізацыя [14] вельмі далёка адсунулі практыку Лацінскага Касцёла ад выкарыстання ціхіх малітваў, і гэта прывяло да ўзнікнення палемічных аргументаў, быццам бы такія малітвы несправядліва выключаюць вернікаў з удзелу ў літур­гіі [15].

12. Згаданая інструкцыя таксама просіць біскупаў Сіра-малабарскага Касцёла супраціў­ляцца тэндэнцыям лацінізацыі, якія будуць уводзіць у іхні абрад непрадпісаныя малітвы, абвяшчэнне Святога Пісання ад кафедры замест алтара, надта складаныя працэсіі на аферторый і спантанныя малітвы вернікаў. Наконт апошняга яна заўважае, маючы на ўвазе літургічныя эксперыменты ў Лацінскім Касцёле: “Не трэба паўтараць памылкі іншых”.

13. Галоўная аналогія паміж усходнімі літургічнымі традыцыямі і надзвычайнай формай рымскага абраду заключаецца ў агульным падыходзе да ўдзелу ў літургіі, які не засноўваецца на тым, што вернік павінен бачыць усе дзеянні святара або чуць усе яго словы. Св. Ян Павел ІІ заўважаў:

Больш працяглыя цэлебрацыі, паўтарэнне заклікаў — усё выражае пастаянна ўзрастаючае атаясамліванне ўсёй цэласнасці асобы чалавека з цэлебраванай таямніцай [16].

Роля надзвычайнай формы рымскага абраду

14. Папулярная тэалагічная аргументацыя супраць многіх аспектаў агульнай літургічнай спадчыны Касцёла і нават самой ідэі традыцыі [17] перашкаджае праграме захавання і аднаўлення ўсходніх абрадаў, да якой заклікаў Другі Ватыканскі сабор, а таксама падрывае давер да заяваў пра пашану да традыцый усходніх хрысціянаў, якія не знаходзяцца ў еднасці з Рымам.

15. Змясціць гэтыя рэчы ў правільны кантэкст і наблізіцца да канкрэтнай рэалізацыі аўтэнтычнага вучэння Касцёла на мясцовым узроўні можна шляхам надання “належнага месца” ўласнай літургічнай традыцыі Захаду, аб чым прасіў Папа Бенедыкт XVI [18]. Калі надзвычайная форма знойдзе сваё месца ў нармальным літургічным жыцці парафій і дыяцэзій і атрымае бачнае заахвочванне з боку біскупаў і святароў, то знікне сама ідэя таго, быццам памылковыя тэалагічныя прынцыпы, згаданыя з гэтым артыкуле, належаць да афіцыйнага вучэння Касцёла. Больш за тое, калі каталікі будуць мець досвед гэтай формы рымскага абраду, яны значна лепш зразумеюць каштоўнасць усходніх абрадаў, характар удзелу свецкіх асобаў у гэтых абрадах і значэнне літургічнай традыцыі як такой [19].

16. Дадатковую моц гэтым аргументам надае тое, што ў краінах з пераважна лацінскай літургічнай спадчынай устанаўліваюцца супольнасці каталікоў нелацінскіх абрадаў. У гэтым кантэксце св. Ян Павел ІІ заахвочваў каталікоў лацінскага абраду знаёміцца з літургіяй сваіх усходніх братоў [20]. Надзвычайная форма рымскага абраду можа рознымі спосабамі будаваць мост, які дапаможа такому ўзаемаразуменню.

17. Таму не здзіўляе, што тагачасны Патрыярх Маскоўскі Алексій ІІ станоўча ўспрыняў motu proprio Папы Бенедыкта XVI Summorum Pontificum [21]. Сапраўды, нельга чакаць, што заявы каталікоў лацінскага абраду пра каштоўнасць старажытных традыцый усходніх абрадаў будуць успрымаць сур’ёзна, калі яны не згаджаюцца шанаваць нават сваю ўласную традыцыю.


[1] Леў ХІІІ, энцыкліка Orientalium dignitas (1894), Acta Sanctae Sedis, т. 27, с. 257: “Neque ultimum illud fuit vigilantiae officium, ut proprias cuiusque orientalis gentis consuetudines sacrorumque rationes, quas pro potestate et sapientia sua legitimas eduxisset,integras in eis perpetuo custodiret ac tueretur”.

[2] Ibid., с. 258: “Siquidem in ritum orientalium conservatione plus inest quam credi possit momenti. Augusta enim, qua varia ea rituum genera nobilitantur, antiquitas, et praeclaro est ornamento Ecclesiae omni, et fidei catholicae divinam unitatem affirmat”.

[3] Гл. інструкцыя Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў Il Padre, incomprensibile, 24: “Гэтыя ўмяшанні сталі эфектам ментальнасці і пераканання таго часу, з-за якіх адчувалася пэўная падпарадкаванасць нелацінскіх літургій — лацінскай, якую лічылі ritus praestantior. Такая пастава магла прывесці да ўмяшання ва ўсходнія літургічныя тэксты, якія сёння ў святле тэалагічных даследаванняў і прагрэсу патрабуюць перагляду ў сэнсе вяртання да традыцыі продкаў”.

[4] Другі Ватыканскі сабор, дэкрэт Orientalium Ecclesiarum, 6: “Sciant ac pro certo habeant omnes Orientales, se suos legitimos ritus liturgicos suamque disciplinam semper servare posse et debere, ac nonnisi ratione proprii et organici progressus mutationes inducendas esse. Haec omnia, igitur, maxima fidelitate ab ipsis Orientalibus observanda sunt; qui quidem harum rerum cognitionem in dies maiorem usumque perfectiorem acquirere debent, et, si ab iis ob temporum vel personarum adiuncta indebite defecerint, ad avitas traditiones redire satagant”. Паралельнае сцвярджэнне ў дачыненні да рэформы літургіі лацінскага абраду можна знайсці ў канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію Sacrosanctum concilium, 50: “…пэўныя элементы, страчаныя цягам вякоў, неабходна вярнуць згодна з даўняй традыцыяй айцоў Касцёла, калі гэта будзе карысна ці неабходна” (“…restituantur vero ad pristinam sanctorum Patrum normam nonnulla quae temporum iniuria deciderunt, prout opportuna vel necessaria videantur”).

[5] Другі Ватыканскі сабор, дэкрэт Unitatis redintegratio, 17: “На Усходзе i на Захадзе пры вывучэнні праўд Аб’яўлення выкарыстоўваліся розныя метады i падыходы да пазнання i вызнання боскіх рэчаў. Таму нічога дзіўнага, што ў адных больш адпаведна прадстаўлены i лепш асветлены, чым у другіх, некаторыя аспекты таямніц Аб’яўлення, у выніку чаго гэтыя розныя тэалагічныя фармуліроўкі нярэдка ўзаемадапаўняюцца, чым супярэчаць сабе”. (“Etenim in veritatis revelatae exploratione methodi gressusque diversi ad divina cognoscenda et confitenda in Oriente et in Occidente adhibiti sunt. Unde mirum non est quosdam aspectus mysterii revelati quandoque magis congrue percipi et in meliorem lucem poni ab uno quam ab altero, ita ut tunc variae illae theologicae formulae non raro potius inter se compleri dicendae sint quam opponi”.) Пар. св. Ян Павел ІІ, Orientale lumen (1995), 5: “Хрысціянская традыцыя Усходу звязана з пэўным спосабам прыняцця, разумення веры ў Пана Езуса і жыцця ёю. У гэтым сэнсе яна надзвычай блізкая да хрысціянскай традыцыі Захаду, якая нарадзілася і ўзгадавалася на той самай веры. Аднак яе законна і пахвальна аддзяляюць ад апошняй, паколькі ўсходнія хрысціяне маюць свой уласны спосаб успрымання і разумення, а таксама самабытны спосаб перажываць свае адносіны са Збаўцам” (“Certum enim modum secum importat orientalis traditio suscipiendi intellegendi vivendi Domini Iesu fidem. Ita profecto proxime illa ad christianam accedit Occidentis traditionem quae eadem nascitur aliturque fide. Tamen legitime atque insignite ab illa differt, cum proprium habeat sentiendi percipiendique morem christifidelis orientalis, ac propterea nativam aliquam rationem suae colendae necessitudinis cum Salvatore”). Пар. таксама Orientalium Ecclesiarum, 5: “[Святы Сабор] урачыста сцвярджае, што Касцёлы, як Усходнія, так i Заходнія, маюць права i абавязак кіравацца ўласнымі спецыяльнымі нормамі, бо яны маюць старажытнае паходжанне, а таксама больш адпавядаюць мясцовым звычаям вернікаў i здаюцца больш прыдатнымі ў клопаце пра дабро душ” (“Quamobrem sollemniter declarat, Ecclesias Orientis sicut et Occidentis iure pollere et officio teneri se secundum proprias disciplinas peculiares regendi, utpote quae veneranda antiquitate commendentur, moribus suorum fidelium magis sint congruae atque ad bonum animarum consulendum aptiores videantur”).

[6] Orientale lumen, 20: “Certe, hodiernae menti videtur vera coniunctio fieri posse aliorum plene observata dignitate, dempta simul illa opinione universos mores et consuetudines Ecclesiae Latinae pleniores esse et aptiores ad rectam doctrinam demonstrandam;”

[7] Orientalium Ecclesiarum, 24: “religiosa erga antiquas traditiones orientales fidelitate”.

[8] Il Padre, incomprensibile, 21.

[9] Св. Пій Х сказаў гэтыя словы ў пачатку 1911 г. на прыватнай аўдыенцыі з Наталляй Ушаковай у сувязі з прапановамі па лацінізацыі, якія тады абмяркоўваліся ў рускай каталіцкай супольнасці.

[10] Напрыклад, калі цэлебрант пры галоўным алтары ў базіліцы св. Пятра глядзіць на ўсход, ён аказваецца тварам да навы касцёла, да галоўных дзвярэй. Пра гістарычнае значэнне такіх выключных касцёлаў гл. Пазіцыя № 4, “Літургічная арыентацыя”, 6–7.

[11] Йозеф Ратцингер, “Богословие литургии” (Благотворительный фонд имени святителя Григория Богослова, 2017), “Дух литургии”, с. 85–86.

[12] Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў, інструкцыя Observations on: ‘The Order of the Holy Mass of the Syro-Malabar Church 1981’. Гэтая інструкцыя была адказам на рэформу сіра-малабарскіх літургічных кніг, прапанаваную сіра-малабарскай біскупскай канферэнцыяй. Сіра-малабарскі Касцёл не з’яўляецца аўтакефальным і знаходзіцца пад непасрэднай уладай Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў.

[13] Йозеф Ратцингер, op. cit., c. 213–217.

[14] Напрыклад, магчымасць ціха прамаўляць малітвы аферторыя падчас спеву хора, дадзеная ў рэфармаваным Імшале, выкарыстоўваецца рэдка, прынамсі ў англамоўным свеце, і нават ціхія святарскія малітвы часта прамаўляюцца ўголас.

[15] Гл. Пазіцыя № 9, “Цішыня і нячутнасць у надзвычайнай форме рымскага абраду”.

[16] Orientale lumen, 11: “Extractum longius celebrationum tempus, iteratae invocationes, omnia denique comprobant aliquem paulatim in celebratum mysterium ingredi tota sua cum persona”. Пар. Кангрэгацыя Божага культу, інструкцыя Liturgiam authenticam (2001), 28: “Святая літургія ахінае не толькі інтэлект чалавека, але і ўсю асобу, якая “падпарадкоўваецца” поўнаму і свядомаму ўдзелу ў літургічнай цэлебрацыі”. (“Sacra Liturgia non solum hominis intellectum devincit, sed totam etiam personam, quae est “subiectum” plenae et consciae participationis in celebratione liturgica”.)

[17] Інструкцыя Il Padre выказвае гэта так: “Першым абавязкам усялякага літургічнага аднаўлення на Усходзе (як гэта адбываецца таксама ў выпадку літургічнай рэформы на Захадзе) з’яўляецца паўторнае адкрыццё поўнай вернасці ўласным літургічным традыцыям шляхам выкарыстання іх багацця і скасавання таго, што парушыла іхнюю аўтэнтычнасць. Такая дбайнасць павінна не падпарадкоўвацца так званаму абнаўленню, а папярэднічаць яму”. Пар. урывак з Orientale lumen, 8, які цытуецца ў зн. 19.

[18] Бенедыкт XVI, ліст да біскупаў з нагоды motu proprio Summorum Pontificum: “Тое, што было святым для папярэдніх пакаленняў, застаецца святым і вялікім і для нас, і гэта няможна адразу цалкам забараніць ці нават палічыць шкодным. Мы ўсе павінны захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца”.

[19] Orientale lumen, 8: “Сёння мы часта адчуваем сябе закладнікамі цяперашняга часу. Ёсць адчуванне, што чалавек страціў пачуццё прыналежнасці да гісторыі, якая была перад ім і будзе пасля яго. Гэтую спробу знайсці сваё месца паміж мінуўшчынай і будучыняй, ад сэрца дзякуючы за атрыманыя і чаканыя даброты, асабліва прапануюць усходнія абрады, якія адзначаюцца ясным пачуццём неразрыўнасці, якая называецца Традыцыяй і эсхаталагічным чаканнем”. (“Captivos hodie saepius nos temporis praesentis esse sentimus: quasi si notionem homo amiserit sese esse particulam alicuius historiae praecedentis et subsequentis. Huic magno labori, quo contendit quis ut se inter praeteritum collocet futurumque tempus cum grato sane animo tam de acceptis quam de donis postmodum accipiendis, clarum praestant Orientales Ecclesiae sensum continuationis, quae sibi Traditionis atque eschatologicae exspectationis nomina sumit”.)

[20] Orientale lumen, 24: “Я лічу, што адным з важных шляхоў узрастання ва ўзаемным разуменні і еднасці з’яўляецца менавіта паглыбленне нашых ведаў пра адзін аднаго. Дзеці Каталіцкага Касцёла ўжо ведаюць шляхі, якія Святы Пасад вызначыў для дасягнення гэтага: ведаць літургію Усходніх Касцёлаў”. (“Putamus sane magnum pondus ad crescendum in mutua comprehensione atque unitate tribuendum esse meliori mutuae intellegentiae. Catholicae Ecclesiae filii iam noverunt vias quas Sancta Sedes significavit ut ii eiusmodi propositum consequi valeant: liturgiam Ecclesiarum Orientalium noscere [выпраўлена з “nascere”]”.) (Цытаваны фрагмент заканчваецца зноскай на інструкцыю In Ecclesiasticum futurorum (1979), 48).

[21] Агенцтва навінаў Zenit паведаміла з Рыма 29 жніўня 2007 года наступнае. “Крок Бенедыкта XVI па аднаўленні больш шырокай цэлебрацыі паводле Рымскага Імшала 1962 года атрымаў станоўчы водгук ад праваслаўнага Патрыярха Маскоўскага Алексія ІІ. “Аднаўленне і ацэнка старажытнай літургічнай традыцыі — гэта факт, які мы станоўча вітаем”, — сказаў Алексій ІІ італьянскаму штодзённіку Il Giornale. Апостальскае пасланне Бенедыкта XVI Summorum Pontificum, апублікаванае ў ліпені, тлумачыць новыя нормы, якія дазваляюць выкарыстанне Імшала 1962 года ў якасці надзвычайнай формы літургічнай цэлебрацыі. “Мы вельмі моцна трымаемся традыцыі, — працягнуў ён. — Калі б не вернае захоўванне літургічнай традыцыі, Руская праваслаўная Царква не змагла б ператрываць час пераследу”.

Пакінуць каментар

Scroll Up