11.03.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Гісторыя Вялікага посту (2)🕑 10 хвілін

Вернемся зноў да нашай гісторыі і пашукаем для сябе настаўленне, разглядаючы тую адданасць, з якой хрысціяне былых часоў захоўвалі дысцыпліну Вялікага посту. Спачатку мы прапануем нашым чытачам некалькі прыкладаў таго, якім чынам раней удзяляліся дыспенсацыі.

У ХІІІ ст. арцыбіскуп Брагі звярнуўся да Папы Інакенція ІІІ з пытаннем пра тое, якую кампенсацыю яму варта патрабаваць ад тых сваіх людзей, якім з-за недахопу звычайнай ежы прыходзіцца спажываць мяса падчас Вялікага посту. Таксама ён спытаўся ў Пантыфіка, як неабходна дзейнічаць у выпадку хворых людзей, якія прасілі дыспенсацыю ад устрымання ад мяса. Адказ Папы Інакенція, змешчаны таксама ў кананічным праве [1], як і можна было чакаць, вельмі тактоўны і палюбоўны. Аднак з самога пытання мы даведваемся, што павага да вялікапоснага права была настолькі высокай, што існавала неабходнасць звярнуцца да Папы Рымскага, каб атрымаць неабходныя дыспенсацыі. Такіх прыкладаў у гісторыі Касцёла шмат.

Кароль Багеміі Вацлаў захварэў на такую хваробу, што велікапосная дыета пагражала ягонаму здароўю. У 1297 годзе ён звярнуўся да Папы Баніфацыя VIII з просьбай дазволіць яму есці мяса. Пантыфік выслаў да яго двух цыстэрцыянскіх абатаў, каб даведацца сапраўдны стан здароўя караля. У выпадку неабходнасці абаты павінны былі ўдзяліць дыспенсацыю, аднак пры наступных умовах: што кароль не абавязаўся прысягай пажыццёва пасціць у Вялікім посце; што дыспенсацыя не будзе датычыцца пятніцы, суботы і вігіліі свята св. Мацея; і, нарэшце, што кароль не будзе спажываць ежу ў прысутнасці іншых і будзе захоўваць устрыманасць у тым, што ён спажывае [2].

У XIV ст. мы знаходзім два брэвэ, у якіх Папа Клімэнт VI ў 1351 годзе ўдзяляе дыспенсацыі каралю Францыі Яну і ягонай кансорт-каралеве. Улічваючы, што падчас войнаў, у якіх кароль удзельнічае, ён часта аказваецца ў месцах, дзе складана знайсці рыбу, Папа ў першым з гэтых брэвэ удзяляе спаведніку караля ўладу дазволіць каралю і асобам, што яго суправаджаюць, спажываць мяса ў дні ўстрымання, за выключэннем, аднак, усяго Вялікага посту, усіх пятніц года і некаторых вігілій. І гэта ўсё пры той умове, што ані ён сам, ані іншыя згаданыя асобы не знаходзяцца пад прысягай пастаяннага ўстрымання [3]. У другім брэвэ Папа, адказваючы на просьбу караля аб дыспенсацыі ад посту, зноў жа ўдзяляе цяперашняму і будучым спаведнікам караля і каралевы адпаведную ўладу пры ўмове папярэдняй кансультацыі з лекарамі [4].

Праз некалькі гадоў, а менавіта ў 1376 годзе, Папа Грыгорый ХІ выдае брэвэ для французскага караля Карла V і ягонай жонкі Жанны. У ім ён удзяляе іхняму спаведніку ўладу дазваляць ім спажываць падчас Вялікага посту яйкі і малочныя прадукты, калі, па меркаванні лекара, гэтая дыспенсацыя ім спатрэбіцца. Аднак і спаведніку, і лекару ён кажа, што рашэнне будзе ляжаць на іхнім сумленні і што яны адкажуць за яго перад Богам. Такі ж дазвол даецца іхнім слугам і кухарам, аднак толькі на тыя выпадкі, калі ім прыйдзецца спрабаваць ежу, якую яны будуць падаваць каралю і каралеве.

XV стагоддзе таксама дае нам прыклады, калі Святы Пасад удзяляў дыспенсацыі на Вялікі пост. Тут мы згадаем брэвэ, якое Папа Сікст IV у 1483 годзе адрасаваў каралю Шатландыі Якубу ІІІ. У ім ён дае яму дазвол спажываць мяса ў дні ўстрымання пры ўмове, што спаведнік палічыць такую дыспенсацыю неабходнай [5]. У наступным стагоддзі Папа Юлій ІІ дае падобную дыспенсацыю каралю Даніі Іагану і кансорт-каралеве Крысціне [6]. Праз некалькі гадоў Клімэнт VII дае дыспенсацыю імператару Карлу V [7], а таксама Генрыху ІІ Наварскаму і ягонай жонцы Маргарыце [8].

Вось так тры стагоддзі таму ставіліся да саміх кіраўнікоў дзяржаў, калі яны прасілі спрасціць для іх святую дысцыпліну Вялікага посту. Што нам думаць пра сённяшнюю абыякавасць у гэтай справе? Якое параўнанне можна правесці паміж хрысціянамі ранейшых часоў, якія са страхам перад Божым прысудам і ў духу пакаяння радасна праходзілі праз гэтыя сорак дзён утаймавання — і хрысціянамі сённяшніх дзён, калі любоў да задавальненняў і патуранне сваім жаданням усё больш заглушаюць страх перад грахом? Калі перад неабходнасцю адпакутаваць за грэх няма страху або калі гэты страх вельмі малы, тады і меншая перашкода стрымлівае нас ад яго здзяйснення.

Дзе сёння тая простая і нявінная радасць ад надыходу Вялікадня, якую дэманстравалі нашыя продкі, калі пасля суровага Вялікага посту спажывалі тлустую і смачную ежу? Спакой, які прыходзіць на сумленне пасля доўгіх і істотных устрыманняў, даваў ім здольнасць, калі не сказаць права, з лёгкім сэрцам вяртацца да жыццёвага камфорту, ад якога яны адмаўляліся, каб правесці сорак дзён у пакуце, засяроджанасці і адарванасці ад свету. Гэтыя разважанні прыводзяць нас да яшчэ некаторых дэталяў, якія варта згадаць, каб дапамагчы чытачу зразумець, чым быў Вялікі пост у стагоддзі веры.

Гэта быў перыяд, калі свецкімі ўладамі былі забаронены не толькі ўсе забаўляльныя і тэатральныя мерапрыемствы [9] — нават суды былі закрыты, і гэта дзеля таго, каб захаваць у сэрцах спакой і цішыню, так неабходныя душы для самааналізу і паяднання са сваім пакрыўджаным Творцам. Яшчэ ў 380 годзе Грацыян і Тэадозій пастанавілі, што суддзі абавязаны на сорак дзён перад Пасхай прыпыніць усе справы і слуханні [10]. Кодэкс Тэадозія ўтрымлівае некалькі законаў на гэты конт, а саборы, якія праводзіліся ў ІХ ст., заклікаюць тагачасных каралёў захоўваць тое, пра што мы ўжо сказалі, бо гэта было санкцыянавана канонамі і зацверджана Айцамі Касцёла [11]. У краінах Еўропы гэтыя цудоўныя хрысціянскія традыцыі даўно прыйшлі ў заняпад, аднак яны дагэтуль існуюць у туркаў, якія на час сарака дзён рамадану забараняюць усе судовыя працэсы. Якое прыніжэнне для нас, хрысціянаў!

Паляванне падчас Вялікага посту на працягу доўгага часу таксама лічылася забароненым: дух гэтага святога часу быў надта сакральны і не сумяшчаўся з такім узбуджальным і шумным відам спорту. У ІХ ст. Папа св. Мікалай І забараніў паляванне балгарам [12], якія толькі што навярнуліся ў хрысціянскую веру. Яшчэ нават у ХІІІ ст. мы знаходзім настаўленне св. Раймунда Пеньяфорцкага, што тыя, хто падчас Вялікага посту бярэ ўдзел у паляванні, якое суправаджаецца пэўнымі абставінамі, якія ён удакладняе, не можа апраўдвацца, што не мае граху [13]. Гэтая забарона ўжо доўгі час з’яўляецца мёртвай літарай, але св. Караль Барамей на адным са сваіх сінодаў зноў увёў яе ў сваёй Міланскай правінцыі.

Нас не будзе здзіўляць, што паляванне падчас Вялікага посту павінна быць забаронена, калі мы ўспомнім, што ў тыя хрысціянскія часы падчас гэтага святога перыяду павінна была спыніцца нават вайна, якая часам вельмі неабходная для дабрабыту народа. У IV ст. імператар Канстанцін Вялікі загадаў не праводзіць аніякіх вайсковых практыкаванняў у нядзелі і пятніцы з пашаны да нашага Пана Езуса Хрыста, Які ў гэтыя два дні цярпеў і ўваскрос, а таксама каб не парушаць спакой і цішыню, неабходныя для годнага святкавання такіх велічных таямніц [14]. У ІХ ст. дысцыпліна Лацінскага Касцёла паўсюль абавязвала да спынення вайны на ўвесь Вялікі пост, за выключэннем выпадкаў неабходнасці [15]. Інструкцыі св. Мікалая І да балгараў рэкамендуюць тую ж практыку [16]. З ліста св. Грыгорыя VII да Дэзідэрыя, абата Монтэкасіна, мы бачым, што гэты звычай захоўваўся яшчэ ў ХІ ст. [17] Прыклад гэтага ёсць і ў нашай краіне: ён прыпадае на ХІІ ст. Тады, як апавядае Уільям Мальмсберыйскі, імператрыца Мацільда, графіня Анжу і дачка караля Генрыха І, спрачалася за права наследавання трона з графам булонскім Стэфанам. Два войскі ўжо знаходзіліся ў зрокавай даступнасці, аднак прыйшлося захоўваць часовае перамір’е, бо пачаўся Вялікі пост 1143 года [18].

Нашы чытачы, несумненна, чулі пра рух пад назвай “Pax et treuga Dei” (Божы спакой і перамір’е), калі Касцёлу ў ХІ ст. удалося забараніць карыстацца зброяй ад серады да раніцы панядзелка на працягу ўсяго года. Гэты рух быў санкцыянаваны ўладай Папаў і сабораў і ажыццяўляўся ўсімі хрысціянскімі кіраўнікамі дзяржаў. Гэта было пастаяннае, па чатыры дні ў тыдзень на працягу ўсяго года, велікапоснае ўстрыманне ад вайны. Наш святы кароль Эдуард Спаведнік нават пашырыў яго, прыняўшы закон (пацверджаны ягоным пераемнікам Вільгельмам Заваёўнікам), паводле якога Божае перамір’е павінна было няспынна захоўвацца ад пачатку Адвэнту да актавы Вялікадня, ад Унебаўшэсця да актавы Спаслання Духа Святога, ва ўсе Сухія дні, у вігіліі святаў і, нарэшце, кожны тыдзень ад Ноны серады да раніцы панядзелка, што і так ужо было прадпісана [19].

На Клермонцкім саборы, які праходзіў у 1095 годзе, Папа Урбан ІІ, выдаўшы інструкцыі для крыжакоў, скарыстаўся сваёй уладай, каб пашырыць Божае перамір’е, якое тады захоўвалася падчас Вялікага посту. Сваім дэкрэтам, які быў паўтораны ў наступным годзе Руэнскім саборам, ён пастанавіў наступнае: каб усе ваенныя дзеянні прыпыняліся ад Папяльцовай серады да панядзелка пасля актавы Спаслання Духа Святога, ва ўсе вігіліі і святы Найсвяцейшай Дзевы Марыі і апосталаў, а таксама ад серады да панядзелка на працягу ўсяго года, што і так было ўстаноўлена [20].

Вось так свет у знак сваёй павагі да святой дысцыпліны Вялікага посту заснаваў на перыядах і святах літургічнага года адзін са сваіх найбольш мудрых рухаў. Саракадзённая пакута таксама вельмі моцна ўплывала на паасобных людзей. Яна аднаўляла энергію чалавека, давала яму свежыя сілы ў змаганні са сваімі жывёльнымі інстынктамі, а праз абмежаванні, накладзеныя на пачуццёвасць, узвышала ягоную душу. Так, абмежаванні былі паўсюль, і сённяшняя дысцыпліна Касцёла, якая забараняе заключэнне сужэнства ў Вялікім посце, нагадвае хрысціянам пра тое святое ўстрыманне ў сужэнскім жыцці, якое як наказ захоўвалася ў Вялікім посце на працягу стагоддзяў і якое ўсё яшчэ рэкамендуюць такія святыя літургічныя кнігі, як Імшал [21].

З неахвотай мы заканчваем сваё апавяданне пра гісторыю Вялікага посту, пакідаючы многія дэталі незакранутымі. Напрыклад, мы маглі б раскрыць перад чытачамі вялікія багацці, разглядаючы велікапосныя звычаі Усходніх Касцёлаў, якія захавалі вельмі шмат са старажытнай дысцыпліны! І ўсё ж мы не ўтрымаемся, каб не прысвяціць апошнюю старонку наступным дэталям.

У папярэднім томе мы згадалі, што наша нядзеля Сямідзясятніцы ў грэкаў называецца “Prophoné” (абвяшчэнне), таму што ў гэты дзень абвяшчаецца пачатак Вялікага посту. Панядзелак за гэтай нядзеляй лічыцца першым днём наступнага тыдня, які закрывае нядзеля “Apocreos” (у нас гэта нядзеля Шасцідзясятніцы). На гэтым тыдні Грэцкая Царква пачынае ўстрыманне ад мяса. Наступны ж панядзелак пачынае тыдзень “Tyrophagos”, які заканчваецца нядзеляй з такой жа назвай (у нас гэта нядзеля Пяцідзясятніцы). На працягу гэтага тыдня дазволены малочныя прадукты. Затым наступае першы дзень першага тыдня Вялікага посту, а разам з ім паўнавартасны пост. У Лацінскім жа Касцёле чакаюць яшчэ да серады.

Падчас усяго Вялікага посту забараняецца спажываць малочныя прадукты, яйкі і нават рыбу. Адзіная ежа, якую дазволена спажываць з хлебам, гэта гародніна, мёд і, для тых, хто жыве каля мора, малюскі. На працягу многіх стагоддзяў не спажывалася і віно, але цяпер яно дазволена. У свята Звеставання і Пальмавую нядзелю дазваляецца есці рыбу.

Акрамя Вялікага посту перад Пасхай, грэкі захоўваюць яшчэ тры пасты: Пятроў пост, які працягваецца ад актавы Спаслання Духа Святога да свята св. апосталаў Пятра і Паўла; Успенскі пост, які пачынаецца 1 жніўня і заканчваецца вігіліяй Унебаўзяцця; і, нарэшце, Калядны пост, які доўжыцца 40 дзён. Пост і ўстрыманне ў гэтыя перыяды не такія суровыя, як у Вялікі пост. Іншыя хрысціянскія народы Усходу таксама прытрымліваюцца некалькіх пастоў, прычым яшчэ больш суровых, чым у грэкаў, аднак усе гэтыя падрабязнасці завядуць нас далёка. Таму цяпер мы пераходзім да таямніцаў, якія хавае гэты святы перыяд.


[1] Дэкрэталіі, кн. 3, раздз. “Concilium”; De ieiunuo, раздз. 46.

[2] Адарыка Райнальдзі, “На год 1297”.

[3] Ашэры, “Spicilegium”, т. 4.

[4] Ашэры, “Spicilegium”, т. 4.

[5] Адарыка Райнальдзі, “На год 1484”.

[6] Той жа, “На год 1505”.

[7] Той жа, “На год 1524”.

[8] Той жа, “На год 1533”.

[9] Ад Фоція мы даведваемся, што гэты закон прыняў імператар Юстыніян. “Nomocanon”, кн. 7, раздз. 1. У Рыме ён дзейнічае дагэтуль.

[10] “Кодэкс Тэадозія”, кн. 9, раздз. 35, закон 4.

[11] Лабэ, “Concilia”, т. 7 і 9.

[12] “Ad Consultat. Bulgarorum”; Лабэ, “Concilia”, т. 8.

[13] “Summ. cas. Poenit.”, кн. 3, раздз. 29. De laps. et disp., § 1.

[14] Эўсэбій, “Vita Constantini”, кн. 4, раздз. 18-19.

[15] Лабэ, “Concilia”, т. 7.

[16] Там жа, т. 8.

[17] Там жа, т. 10.

[18] Уільям Мальмсберыйскі, “Hist. nov.”, № 30.

[19] Лабэ, “Concilia”, т. 9.

[20] Ардэрык Віталій, “Гісторыя”, кн. 9.

[21] Рымскі Імшал, Missa po sponso et sponsa.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Lent, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1887.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up