07.03.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Гісторыя Вялікага посту (1)🕑 14 хвілін

Ад рэдакцыі: У гэтым урыўку а. Праспэр Геранжэ абмяркоўвае тую посную дысцыпліну, якая існавала пры ягоным жыцці, у сярэдзіне ХІХ ст. Гэтыя звесткі маюць гістарычны характар і не адпавядаюць сучасным патрабаванням Касцёла.

Саракадзённы пост, які мы называем Вялікім постам [1], быў устаноўлены на самым пачатку хрысціянства і выкарыстоўваецца Касцёлам для падрыхтоўкі да Пасхі. Наш благаслаўлёны Пан сам даў такі прыклад, сорак дзён і начэй посцячы ў пустыні. Ён не наклаў абавязак посту на свет выразным загадам (у такім выпадку ад яго нельга было б вызваліць), аднак сваім прыкладам паказаў, што пост, шматразова загаданы Богам у Старым законе, павінны практыкаваць таксама дзеці Новага закону.

Аднойчы вучні св. Яна Хрысціцеля прыйшлі да Езуса і спыталіся ў Яго: “Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?”. “А Езус сказаў ім: «Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць»” (Мц 9:14-15).

Адпаведна, у Дзеях апосталаў мы бачым, што пасля заснавання Касцёла вучні нашага Пана аддаюцца поснай практыцы. Таксама і ў сваіх пасланнях яны рэкамендуюць пост вернікам. Па-іншаму і быць не магло. Хоць боскія таямніцы, якімі наш Збаўца здабыў нам адкупленне, ужо здзейсніліся, усё ж мы засталіся грэшнікамі: а дзе ёсць грэх, там павінна быць адплата.

Таму дзеля нашай слабасці апосталы на самым пачатку хрысціянскага Касцёла пастанавілі, што ўрачыстасць Пасхі павінна папярэджвацца паўсюдным постам. Натуральна, разумеючы, што наш боскі Настаўнік асвяціў лічбу сорак уласным постам, яны вырашылі зрабіць гэты перыяд саракадзённым. Св. Геранім [2], св. Леў Вялікі [3], св. Кірыл Александрыйскі [4], св. Ісідор Севільскі [5] і іншыя Айцы запэўніваюць нас, што Вялікі пост быў устаноўлены апосталамі, хоць на самым пачатку не існавала аднароднай практыкі ў яго захаванні.

Пры абмеркаванні перыяду Перадпосця мы ўжо адзначалі, што ўсходнія хрысціяне пачынаюць Вялікі пост значна раней за лацінскіх хрысціянаў, бо ў іх існуе звычай ніколі не захоўваць пост у суботы (а ў некаторых месцах — нават у чацвяргі). Адпаведна, каб набраць неабходныя сорак дзён, яны абавязаны пачынаць Вялікі пост у панядзелак, які папярэднічае нядзелі Шасцідзясятніцы. Гэта ў нейкім сэнсе выключэнне, якое пацвярджае агульнае правіла. Мы таксама паказалі, што Лацінскі Касцёл, які яшчэ нават у VI ст. меў толькі 36 посных дзён на працягу шасці тыдняў Вялікага посту (бо Касцёл ніколі не дазваляў захоўваць пост у нядзелі), пазней палічыў неабходным дадаць да посту яшчэ чатыры апошнія дні нядзелі Пяцідзясятніцы, каб агулам Вялікі пост складаў дакладна сорак дзён.

Вялікі пост настолькі часта і поўна разглядаўся ў літаратуры, што прыведзеную тут гісторыю мы наколькі гэта магчыма скароцім. Характар нашай працы не дазваляе нам зрабіць больш, чым проста даць тое, што неабходна для ўваходу ў дух кожнага літургічнага перыяду. З Божай дапамогай мы спадзяёмся паказаць вернікам важнасць святога ўстанаўлення Вялікага посту. Нельга недаацаніць яго ўплыў на духоўнае жыццё і на збаўленне кожнага з нас.

Такім чынам, Вялікі пост — гэта час, асаблівым чынам прысвечаны пакуце, і гэтая пакута здзяйсняецца пераважна постам. Пост — гэта ўстрыманне, якое чалавек дабравольна накладае на сябе ў якасці адплаты за грэх і якое падчас Вялікага посту практыкуецца ў паслухмянасці агульнаму праву Касцёла. Згодна з дзейнай дысцыплінай Заходняга Касцёла, Вялікі пост не з’яўляецца больш патрабавальным, чым той, што прадпісаны на вігіліі пэўных святаў і сухія дні, аднак ён працягваецца сорак дзён з перапынкамі на нядзелі.

Напэўна, няма сэнсу даводзіць важнасць і перавагі посту. Святое Пісанне Старога і Новага Запавету напоўнена праслаўленнем гэтай святой практыкі. Традыцыі кожнага народа пацвярджаюць тую паўсюдную пашану, якою акружаны пост у свеце, бо не існуе ані народа, ані рэлігіі — хоць многія ўжо страцілі чысціню першасных звычаяў — якія б не мелі таго пераканання, што чалавек можа задаволіць Бога, аддаючыся пакутным практыкаванням.

Св. Базыль, св. Ян Хрызастом, св. Геранім і св. Грыгорый Вялікі заўважаюць, што ў зямным раі нашым першым прабацькам быў дадзены наказ устрымання і што, не выканаўшы гэтай цноты, яны склікалі ўсялякае зло на сябе і сваіх дзяцей. Жыццё ў нястачы, якое гаспадар стварэння павінен быў з таго часу весці на зямлі (бо зямля не радзіла яму нічога, акрамя калючак і чартапалоху), з’яўляецца найбольш яскравым прыкладам таго, які закон пакуты наклаў Божы гнеў на чалавека-паўстанца.

На працягу дзвюх з нечым тысяч гадоў, які папярэднічалі патопу, чалавек не меў іншай ежы, акрамя пладоў зямлі, і тыя ён мусіў здабываць коштам цяжкой працы. Аднак калі Бог, як мы ўжо заўважалі, міласціва скараціў жыццё чалавека (каб той меў менш часу і сілаў для граху), Ён дазволіў яму есці мяса жывёлаў для дадатковага сілкавання ў стане зменшанай сілы. Менавіта тады пад Божым натхненнем Ной здабыў вінаградны сок, з якога атрымаўся другі прадукт для падтрымкі чалавечай слабасці.

Такім чынам, пост — гэта ўстрыманне ад ежы такога кшталту, якая была дазволена для ўмацавання людскога цела. Па-першае, ён заключаецца ва ўстрыманні ад мяса, таму што гэта ежа, якую Бог даў чалавеку са спачування ягонай слабасці і якая не з’яўляецца абсалютна неабходнай для падтрымкі жыцця. Адмова ад спажывання мяса, большая ці меншая паводле загадаў Касцёла, складае самую сутнасць посту. Хоць у некаторых краінах дапускаецца спажываць яйкі, малочныя прадукты і нават тлушч ці сала, устрыманне ад мяса захоўваецца ўсюды, бо яно з’яўляецца істотным для посту. На працягу многіх стагоддзяў яйкі і малако спажываць таксама не дазвалялася, бо яны належаць да жывёльнай ежы: ва Усходніх Касцёлах яны забаронены да сённяшняга дня. Лацінскі Касцёл дазваляе іх толькі на моцы штогадовай дыспенсацыі. Наказ устрымання ад спажывання мяса з’яўляецца настолькі істотным для Вялікага посту, што нават у нядзелі, калі пост прыпыняецца, устрыманне ад мяса застаецца абавязкам і датычыцца нават тых, хто вызвалены ад пастоў на працягу тыдня, хіба што той ці іншы чалавек атрымаў дазвол на спажыванне мяса ў нядзелі.

У раннія стагоддзі хрысціянства пост уключаў у сябе таксама ўстрыманне ад віна, пра што мы даведваемся ад св. Кірыла Ерузалемскага [6], св. Базыля [7], св. Яна Хрызастома [8], Тэафіла Александрыйскага [9] і іншых. На Захадзе гэты звычай хутка прыйшоў у заняпад. Усходнія Касцёлы захоўвалі яго значна даўжэй, хоць і там ён з часам перастаў лічыцца абавязковым.

Нарэшце, пост уключае ў сябе адмову ад пэўнай колькасці звычайнай ежы, бо ён дапускае толькі адзін прыём ежы ў дзень. Ад стагоддзя да стагоддзя ў дысцыпліну Вялікага посту ўносіліся шматлікія змены, аднак пералічаныя пункты датычацца самой істоты посту, як гэта бачна ў паўсюднай практыцы Касцёла.

Стары закон наказваў габрэям не спажываць адзіны прыём ежы, дазволены ў посныя дні, да заходу сонца. Хрысціянскі Касцёл прыняў той самы звычай. На працягу многіх стагоддзяў яго старанна практыкавалі нават у заходніх краінах. Аднак з IX ст. у Лацінскім Касцёле наступіла пэўнае паслабленне. Так, Тэадульф, біскуп Арлеана, які жыў у той час, у сваім капітулярыі пратэстуе супраць практыкі, калі некаторыя спажывалі ежу ў гадзіну Ноны, гэта значыць у тры гадзіны дня [10]. Паслабленне, аднак, хутка пашыралася. У Х ст. знакаміты Ратэрый, біскуп Вероны, сцвярджае, што вернікі ў той час мелі дазвол спыняць свой пост у гадзіну Ноны [11]. Пэўны пратэст мы знаходзім у ХІ ст., калі Руэнскі сабор забараніў вернікам спажываць ежу да таго, як у Касцёле напрыканцы Ноны пачынаюць спявацца Нешпары [12]. Аднак з гэтага мы бачым, што пашыраўся звычай заўчаснай цэлебрацыі Нешпараў, каб вернікі маглі раней спажыць свой пасілак.

Прыкладна да гэтага ж часу існаваў звычай не цэлебраваць Імшу ў посныя дні да таго, як будзе праспяваны Афіцый Ноны (прыкладна каля 15:00), а таксама не спяваць Нешпары да заходу сонца. Калі посная дысцыпліна пачала паслабляцца, Касцёл захаваў парадак Божага Афіцыя, які паходзіў з вельмі ранніх часоў. Адзінай зменай была заўчасная цэлебрацыя Нешпараў, і гэта прывяло да таго, што Нона і Імша пачалі адбывацца значна раней — настолькі рана, што, калі вернікам пачалі дазваляць прымаць ежу апоўдні, да гэтай гадзіны ўжо заканчалася цэлебрацыя ўсіх гадзінаў, нават Нешпараў.

У ХІІ ст. паўсюль пераважаў звычай захоўваць пост да Ноны. Пра гэта мы даведваемся ад Гуго Сэн-Вікторскага [13]. А ў ХІІІ ст. гэты звычай быў дазволены навучаннем схаластаў. Аляксандр Гэльскі як найбольш выразна сцвярджае, што гэты звычай з’яўляецца законным [14], а св. Тамаш Аквінскі не менш адназначна падтрымлівае гэтае меркаванне [15].

Аднак нават пост да Ноны (г. зн. да 15:00) падаўся надта суровым, і было зроблена далейшае паслабленне. Напрыканцы ХІІІ ст. знакаміты францысканец Рычард Мідлтанскі навучаў, што тыя, хто захоўвае пост толькі да Сэксты (г. зн. да поўдня), не павінны лічыцца парушальнікамі касцёльнага наказу. Ён прыводзіць наступны аргумент: такая практыка ўжо пашырылася ў многіх месцах, а пост заключаецца не столькі ў позняй гадзіне прыняцця ежы, колькі ў тым, што вернікі спажываюць ежу толькі адзін раз на працягу 24 гадзінаў [16].

У XIV ст. меркаванне Рычарда Мідлтанскага набыло тэалагічны аўтарытэт і моц паўсюднага звычаю. Дастаткова будзе працытаваць адукаванага дамініканца Дзюрана, біскупа Мо, які кажа, што прыём ежы апоўдні з’яўляецца несумненна законным. Ён дадае, што менавіта такі звычай тады захоўвалі Папа, кардыналы і нават рэлігійныя ордэны [17]. Таму не трэба здзіўляцца, што ў XV ст. гэтае ж меркаванне падтрымліваюць такія сур’ёзныя аўтары, як св. Антанін, кардынал Каэтан і інш. Аляксандр Гэльскі і св. Тамаш імкнуліся прадухіліць паслабленне практыкі посту да Ноны, аднак іхнія намаганні не прынеслі поспеху, і цяперашняя дысцыпліна была ўстаноўлена, можна сказаць, пры іхнім жыцці.

З аднаго боку, прынятае паслабленне, згодна з якім ежу можна было спажываць апоўдні, зрабіла пост лягчэйшым; з іншага боку, пост зрабіўся больш суровым. Цела стамлялася ад працы ў другой палове дня, а пасілак, які ўвечары задавольваў гэтую стому, быў ужо спажыты раней. Тады было вырашана зрабіць пэўнае паслабленне для вечара. Яго назвалі collatio. Гэтае слова было ўзята з правіла св. Бенедыкта, якое многія стагоддзі да ўвядзення гэтай змены ў велікапоснай практыцы дазваляла манахам пэўнага кшталту вячэру. Правіла св. Бенедыкта, акрамя агульнакасцёльнага Вялікага посту, прадпісвала яшчэ шмат пастоў, аднак паміж пастамі існавала розніца: Вялікі пост абавязваў манахаў і іншых вернікаў устрымлівацца ад ежы да заходу сонца, а манаскія пасты дазвалялі спажываць ежу ўжо ў гадзіну Ноны. Паколькі ж манахі падчас летніх і восеньскіх месяцаў займаліся цяжкай ручной працай (прычым менавіта на гэтыя месяцы і выпадала шмат такіх пастоў да Ноны, часам па некалькі дзён на тыдзень, а з 14 верасня ўвогуле кожны дзень), Правіла дазваляла абату ўдзяляць сваім манахам дазвол на спажыванне невялікай колькасці віна перад Камплетай у якасці падмацавання пасля цяжараў другой паловы дня. Віно спажывалася ўсімі адначасова, падчас вячэрняга чытання, якое называлася канферэнцыяй (па-лацінску collatio), таму што яно бралася пераважна са знакамітых канферэнцый (Collationes) Касіяна. Адсюль і назва гэтай манаскай вячэры.

У 817 годзе капітул у Ахене пашырыў гэтае паслабленне нават на Вялікі пост з увагі на вялікую стому манахаў з-за таго аб’ёму Афіцыя, які ім даводзілася цэлебраваць падчас гэтага святога перыяду. Аднак досвед паказаў, што калі разам з віном не спажываць нейкай цвёрдай ежы, то гэты вячэрні прыём віна наносіць шкоду здароўю многіх манахаў. Адпаведна, пад канец XIV ст. або ў пачатку XV ст. быў уведзены звычай з’ядаць невялікі кавалак хлеба разам з напоем.

Як і варта было чакаць, гэтыя змяншэнні старажытнай суровасці посту хутка перанесліся з кляштараў у свет. У посныя дні паступова з’явіўся звычай выпіваць штосьці па-за гадзінай прыёму ежы. Яшчэ ў ХІІІ ст. св. Тамаш Аквінскі абмяркоўвае пытанне, ці павінен прыём гэтага напою лічыцца парушэннем наказу посту [18]. Ён дае адмоўны адказ, але не дазваляе разам з напоем спажываць аніякай цвёрдай ежы. Аднак калі ў паўсюдную практыку ўвайшло тое, што на працягу поснага дня адзіны прыём ежы прыпадаў апоўдні (гэта адбылося ў другой палове ХІІІ ст. і яшчэ больш замацавалася на працягу XIV ст.), узнікла меркаванне, што аднаго напою недастаткова, каб даваць падтрымку целу, і да напою пачалі дадаваць хлеб, травы, садавіну і г. д. Гэта практыкавалася як у свеце, так і ў кляштары. Існавала, аднак, разуменне, што колькасць гэтых дадаткаў не павінна быць такой, каб гэты вячэрні падмацунак ператвараўся ў другі прыём ежы.

Вось так заняпад пабожнасці і агульнае цялеснае аслабленне людзей у заходніх краінах прывялі да парушэння першаснай поснай практыкі. Каб нашае апісанне гэтых абразлівых зменаў было больш-менш поўным, неабходна згадаць пра яшчэ адно паслабленне. На працягу некалькіх стагоддзяў устрыманне ад мяса ўключала ў сябе таксама забарону на спажыванне ўсялякай ежы, якая належыла да так званага жывёльнага царства, за адзіным выключэннем рыбы, якую тым, хто пасціў, было заўсёды дазволена спажываць з-за яе халаднакроўнай прыроды, а таксама па некаторых містычных прычынах, якія знаходзяцца ў Святым Пісанні. Усялякія віды малочных прадуктаў таксама былі забаронены; у Рыме ж нават да гэтага дня падчас Вялікага посту не дазваляецца спажываць масла і сыр, хіба толькі ў тыя дні, на якія ўдзелены дазвол на спажыванне мяса.

Пачынаючы з ІХ ст. у Заходняй Еўропе, асабліва ў Германіі і паўночных краінах, прыняўся звычай спажываць падчас Вялікага посту малочныя прадукты. Сабор у Кедлімбургу ў ХІ ст. паспрабаваў пакласці канец гэтаму парушэнню, аднак безвынікова [19]. Касцёлы ў гэтых краінах даводзілі сваю рацыю і абаранялі свой звычай тымі дыспенсацыямі, якія ўдзялялі ім Вярхоўныя Пантыфікі (насамрэч яны былі часовымі). Спрэчка скончылася тым, што іх пакінулі ў спакоі, дазволіўшы радавацца тым, што яны робяць. Францыя супраціўлялася гэтаму новаўвядзенню да XVI ст., аднак у XVII ст. яна таксама паддалася, і ва ўсёй французскай дзяржаве падчас Вялікага посту пачалі спажываць малочныя вырабы. У якасці кампенсацыі за парушэнне старажытнай дысцыпліны Парыж устанавіў урачысты абрад, якім хацеў абазначыць сваё шкадаванне за тое, што Францыі прыйшлося саступіць гэтаму паслабленню. У нядзелю Пяцідзясятніцы ўсе парафіі накіроўваліся ў працэсіі да касцёла Нотр-Дам. У шэсці прымалі ўдзел дамініканцы, францысканцы, кармеліты і аўгустынцы. Мітрапалітальны капітул і чатыры парафіі, якія яму падпарадкоўваліся, у той жа дзень праводзілі стацыйнае набажэнства на дзядзінцы палаца, спяваючы гімн перад рэліквіяй сапраўднага Крыжа, выстаўленай у Сэн-Шапэль. Гэтая пабожная практыка, якая мела нагадваць людзям пра розніцу паміж мінулай і цяперашняй дысцыплінай Вялікага посту, практыкавалася да рэвалюцыі.

Але гэты дазвол на спажыванне малочных вырабаў не датычыўся яек. У гэтым сэнсе старажытная дысцыпліна захоўвалася: яйкі спажываць не дазвалялася, акрамя як з дыспенсацыі, якая мусіла абнаўляцца кожны год. У Рыме яны дазволены толькі ў тыя дні, калі дазволена спажываць мяса. У іншых месцах яны дазволены ў адны дні, а ў іншыя — асабліва на Вялікім тыдні — забаронены. Аднак паўсюль мы бачым, што Касцёл, занепакоены духоўнай карысцю сваіх дзяцей, стараецца захаваць ўсё магчымае са старажытнай поснай дысцыпліны, каб гэта паслужыла адплатай Божай справядлівасці. Менавіта з гэтым намерам Папа Бенедыкт XIV, устрывожаны празмернай лёгкасцю атрымання і аднаўлення дыспенсацый, урачыстай канстытуцыяй (выдадзенай 10 чэрвеня 1745 года) забараніў у посныя дні спажываць рыбу і мяса падчас таго самага прыёму ежы.

Той жа Папа, чый дух устрымання ніколі не ставіўся пад пытанне, не ўзышоў на папскі трон, пакуль не звярнуўся да біскупаў каталіцкага свету з энцыклікай, у якой выказаў свой глыбокі смутак з прычыны таго, што неабдуманымі і непатрэбнымі дыспенсацыямі сярод вернікаў уводзяцца вялікія паслабленні. Адпаведны ліст датаваны 30 мая 1741 года. У ім ёсць наступныя словы:

Велікапосная дысцыпліна з’яўляецца эмблемай хрысціянскай бітвы. Ёю мы даказваем, што мы не ворагі Хрыстовага крыжа. Ёю мы адхіляем біч Божай справядлівасці. Ёю мы здабываем сілу супраць уладароў цемры, бо яна акружае нас нябеснай дапамогай. Варта толькі чалавецтву страціць стараннасць ў захаванні Вялікага посту, як гэта адразу стане шкодай для Божай хвалы, ганьбай для каталіцкай рэлігіі і небяспекай для хрысціянскіх душаў. Няма аніякіх сумневаў, што такое занядбанне стане для свету крыніцай няшчасцяў, грамадскага неспакою і асабістых бядотаў [20].

З таго моманту, як Намеснік Хрыста абвясціў свету гэтае ўрачыстае папярэджанне, мінула больш за сто гадоў. За гэты час тое паслабленне, супраць якога ён змагаўся, паступова нарастала. Наколькі ж мала мы сустракаем хрысціянаў, якія дакладна захоўваюць Вялікі пост нават у яго цяперашняй мяккай форме! Той вялікі спіс агульных дыспенсацый, якія біскупы штогод удзяляюць сваім аўчарням, мог бы навесці нас на думку, што абсалютная большасць вернікаў старанна захоўвае той пост і тое ўстрыманне, якія яшчэ засталіся, але ці так гэта на самай справе? І ці не з-за гэтай усё большай неўтаймаванасці цела ўзнікае паўсюдная распешчанасць характараў, якая, нарэшце, прыводзіць да страшнага сацыяльнага бязладдзя? Смутныя прадказанні Папы Бенедыкта XIV збываюцца як найбольш дакладна. Тыя народы, у якіх практыка пакаяння знікае, збіраюць супраць сябе гнеў Божы і правакуюць Божую справядлівасць знішчыць іх альбо бічом грамадскай нязгоды, альбо бічом захопу. У нашай краіне існуе непаслядоўнасць, якая кожны думаючы розум павінна прымусіць задумацца: з аднаго боку, захоўваецца дзень Пана; з іншага боку, не захоўваюцца дні пакаяння і посту. Першае з’яўляецца вельмі добрай прыкметай і сведчыць (калі не браць пэўныя пурытанскія экстравагантнасці) пра глыбокую рэлігійнасць. Другое ж з’яўляецца вельмі кепскім знакам на будучыню. Божае слова кажа вельмі ясна: “Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (Лк 13:3). Хто ведае: калі б нашае бесклапотнае і матэрыялістычнае пакаленне вярнулася, як нінівіцяне, да занядбанага шляху пакуты і пакаяння, можа, Божая рука, якая ўжо паднялася, каб ударыць нас, дала б нам благаслаўленне, а не пакаранне?


[1] У многіх мовах назва Вялікага посту адлюстроўвае яго працягласць у сорак дзён. Англійскае ж слова “Lent” азначае “вясенні пост”, бо ў старажытнай англа-саксонскай мове вясенні сезон называўся “Lenten-Tide”. — Заўв. перакл. англ. выд.

[2] Ліст 27 да Марцэлы.

[3] Казанні 2, 5, 9 на Вялікі пост.

[4] Пасхальная гамілія.

[5] “De Ecclesiast. Officiis”, кн. 6, раздз. 19.

[6] Катэхезы, 4.

[7] Гамілія 1 пра пост.

[8] Гамілія 4 да люду Антыёхіі.

[9] Пасхальныя лісты, 3.

[10] Капіт. 39, Labb. Conc., т. 8

[11] Казанне 1 на Вялікі пост.

[12] Ардэрык Віталій, “Гісторыя”, кн. 4.

[13] “Пра правіла св. Аўгустына”, раздз. 3.

[14] Summa, IV, Q. 28, a. 2.

[15] Summa, 2a 2ae, Q. 147, a. 7.

[16] In iv. Dist. xv., quaest. 8, art. 3.

[17] In iv. Dist. xv., quaest. 9, art. 7.

[18] In iv. Quaest. cxlvii., art. 6.

[19] Лабэ, “Concilia”, т. 10.

[20] Канстытуцыя “Non ambigimus”.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Lent, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1887.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up