05.03.2019 / Eric Sammons

Палюбіць пост🕑 12 хвілін

У лютым 1992 года, за тыдзень да Вялікага посту, я вырашыў стаць каталіком. Зразумела, я захапіўся жыццём па-каталіцку і захацеў акунуцца ў яго з галавою. Набліжалася Папяльцовая серада, і я разважаў над тым, аб чаго б мне адмовіцца на час Вялікага посту (як былы пратэстант, я ніколі дагэтуль не перажываў Вялікі пост). У сваім юнацкім энтузіязме я вырашыў адмовіцца… ад ежы. Я прачытаў, што святы Францішак Асізскі — ужо тады мой любімы святы — цягам аднаго Вялікага посту пасціў усе сорак дзён, і да мяне прыйшла думка: “А чаму не я?” Свой пост я крыху спрасціў, дазволіўшы сабе трохі хлеба і ваду, а таксама адзін прыём ежы ў нядзелю.

Як жа прайшоў мой першы Вялікі пост? Я кінуў яго ўжо да першай нядзелі, пасля чатырох дзён слабасці, раздражнёнасці і агульнай няшчаснасці. Я не мог засяродзіцца на вучобе, і мяне было цяжка зносіць побач з сабою. У панядзелак я вярнуўся да піцы, гамбургераў і іншай нездаровай ежы. Такі вось юнацкі энтузіязм.

Першая спроба посту зрабілася прадвеснікам наступных двух дзесяцігоддзяў. Кожны Вялікі пост, а часам і ў іншыя поры года, я стараўся захоўваць пост, крыху большы за цяперашнія ўказанні Касцёла (адзін прыём ежы ў дзень плюс два меншых, якія разам не складаюць поўнага). Я прапускаў абед ці сняданне або еў менш пры кожным пасілку. Аднак, што б я ні рабіў, усе мае спробы прыводзілі да таго, што я станавіўся няшчасны, нязносны і, напэўна, не набліжаўся да Хрыста больш, чым быў напачатку.

Аднак у мінулым годзе я знайшоў спосаб пасціць — нават днямі, — каб гэта дазваляла мне выконваць абавязкі жыццёвага стану і прыносіла духоўную і разумовую яснасць. Што ж змянілася?

Гісторыя хрысціянскага посту

Перад тым як перайсці да таго, чаму я навучыўся, спачатку разгледзім, чаму для хрысціянскай веры пост настолькі важны. Пост быў часткай хрысціянства ад самага пачатку. Наш Пан пасціў у пустыні, каб падрыхтавацца да свайго публічнага служэння, і хоць Ён сказаў, што Ягоныя вучні не будуць пасціць, “пакуль з імі жаніх”, аднак Ён дадаў, што наступяць “дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць” (Мц 9:15). Першыя хрысціяне прынялі гэтыя словы да сэрца, зрабіўшы пост звыклай часткай свайго духоўнага жыцця.

У першыя гады хрысціянства пост меў дзве галоўныя формы. Усе хрысціяне захоўвалі пост кожную сераду і пятніцу (гл. Дзідахэ, раздз. 8) на ўспамін пра здраду Юды і ўкрыжаванне Хрыста. Акрамя таго, катэхумены пасцілі ў дні, якія папярэднічалі іхняму хросту ў Пасхальную вігілію. Хоць і першы, і другі звычай пазней перасталі практыкавацца, яны далі пачатак духоўна важным перыядам года: штотыднёвы пост у сераду і пятніцу стаў штоквартальнымі сухімі днямі (серада, пятніца, субота), а пост катэхуменаў перад Вялікаднем стаў Вялікім постам.

У IV ст. хрысціянства стала легальным, і некаторыя вучні Хрыста пажадалі ўзяць на сябе больш аскетычны стыль жыцця, чым той, што існаваў тады ў рымскай культуры. Так з’явіліся манахі. Акрамя іншых ахвяраў, манахі прынялі “рэгулярны пост”, згодна з якім яны адмаўляліся ад ежы штодзённа. Найбольш распаўсюджаная форма манаскага посту заключалася ў тым, што яны мелі адзін прыём ежы ў дзень, зазвычай у другой палове дня, аднак перад заходам сонца. Для манахаў пост быў істотным інструментам для перамогі над неўпарадкаванымі людскімі жарсцямі. Святы Бенедыкт у сваім “Правіле” (раздз. 4) казаў, што ягоныя манахі павінны “палюбіць пост”.

Айцец Касцёла і манах канца IV — пачатку V стст. св. Ян Касіян пісаў, што манахі (і ўсе хрысціяне) павінны перамагчы восем заганаў: абжорства, распусту, прагнасць, гнеў, смутак, ляноту, славалюбства і пыху. Парадак гэтых заганаў не адвольны: Касіян высветліў, што перамога над адной заганай зазвычай залежыць ад перамогі над папярэднімі заганамі ў гэтым шэрагу, і таму размяшчэнне абжорства ў самым пачатку мае істотнае значэнне.

У сваёй пятай прамове Касіян параўноўвае перамогу хрысціянаў над заганамі з тым, як народ выбраны перамагаў насельніцтва зямлі абяцанай. Заняць гэтую зямлю ён мог толькі пасля таго, як пераможа ўсіх гэтых ворагаў. Канкрэтна, Касіян параўноўвае восем заганаў з сямю народамі, якія ізраільцяне павінны былі перамагчы. Адразу на думку прыходзіць пытанне: “Чаму заганаў восем, а народаў сем?” Касіян піша, што першую загану — абжорства — трэба параўнаць з Егіптам, з якога ізраільцянам спачатку трэба было ўцячы, каб прынамсі распачаць сваё падарожжа ў абяцаную зямлю. Іншымі словамі, калі хтосьці не перамог неўмеркаванасць у ежы, ён не можа нават пачынаць змаганне з астатнімі заганамі! Таксама Касіян апісвае тры віды абжорства: спажыванне ежы перад вызначаным часам, празмернае спажыванне ежы і жаданне вытанчаных страваў. Для манаха спажываць ежу перад вызначаным часам азначала есці па-за межамі аднаго пасілку ў дзень, прадпісанага манаскім правілам.

Для Айцоў Касцёла кантроль за спажываннем ежы быў істотным для духоўнага жыцця, і яны часта супрацьпастаўлялі пост першароднаму граху. Як Адам зграшыў, з’еўшы тое, што не было дазволена, і тады, калі не было дазволена, так мы можам перамагчы грэх, не спажываючы таго, што дазволена, і тады, калі гэта дазволена.

Знікненне рэгулярнага посту

Цягам стагоддзяў суровы рэгулярны пост манахаў быў аслаблены. Для гэтага існавала шмат прычын, але зазвычай стан унутры кляштараў адлюстроўваў тую культуру, якая іх акружала. Да апошніх стагоддзяў людзі ў цэлым не елі больш за два разы ў дзень, таму адзін прыём ежы ў дзень у старажытных манахаў быў не настолькі абмежавальны, як гэта можа здавацца сучаснаму воку (і страўніку). Аднак, калі грамадства стала больш багатым у матэрыяльным плане, большыя і дадатковыя прыёмы ежы сталі нормай, і ўсе хрысціяне, у тым ліку манахі, далучыліся да гэтых зменаў. Да ХІХ ст. амаль усе манахі мелі тры пасілкі, як і ўсе астатнія.

Спрашчэнне посных абмежаванняў дасягнула сваёй кульмінацыі ў тым, як Касцёл акрэслівае пост сёння. На гэты момант вызначаны наступныя крытэрыі посту: спажыванне аднаго звычайнага пасілку плюс двух меншых пасілкаў, якія разам не дацягваюць да аднаго поўнага. Тры звычайныя прыёмы ежы ў дзень — гэта не пост. Па азначэнні, пост азначае не есці. Таму, калі хтосьці спажывае тры звычайныя пасілкі ў дзень, то ён не посціць. Магчыма, ён у чымсьці сабе адмаўляе; можа, ён нават галодны, аднак ён не посціць. Па вялікім рахунку, практыка посту, настолькі істотная для першага тысячагоддзя хрысціянства, знікла з хрысціянскай свядомасці.

Чаму так сталася? Прычын шмат. Як ужо згадвалася, павелічэнне матэрыяльнага дастатку ва ўсім свеце, асабліва на Захадзе, прывяло да большай даступнасці ежы і большага спажывання ежы ў цэлым. Гэтыя змены можна бачыць па сучаснай і цяпер паўсюднай практыцы ранішняга сняданку. Некаторыя сцвярджаюць, што сучаснае жыццё змякчае посную практыку з-за большай патрабавальнасці нашых штодзённых абавязкаў. Аднак у той жа час іншыя кажуць, што сучасны чалавек фізічна слабейшы за сваіх продкаў, і таму ён не здольны ўтрымаць пост. Гэтыя аргументы здаюцца супярэчлівымі: калі ў нас больш патрабавальныя абавязкі, з-за якіх мы спажываем больш ежы, то як мы можам быць слабейшымі за нашых продкаў?

Больш верагодная прычына, калі не ўлічваць просты заняпад аскетычнага духу, заключаецца ў сучаснай дыеце. Сёння мы спажываем ежу, багатую на цукар і іншыя вугляводы, якія стымулююць цела есці часцей. Калі на абед вы з’ясце бігмак і бульбу фры, то да вечара вы згаладнееце. У выпадку ж ежы, багатай на тлушч і бялкі, то ў вячэрні час ваш страўнік не будзе так бунтавацца.

Якія б ні былі прычыны, факт застаецца фактам: тое, што хрысціяне ў раннім Касцёле лічылі надзвычай важным, многім сёння нават не прыходзіць на думку. Ці ж страціў пост сваю важнасць? Альбо нам варта зноў адкрыць і прыняць старажытную практыку?

Неабходнасць посту

Мне здаецца, што адказ відавочны: нам трэба зноў вярнуцца да посту. Манахі пустыні настойвалі, што нельга перамагчы ніводную з нашых неўпарадкаваных жарсцяў, калі не навучыцца спачатку кантраляваць наш першы апетыт: жаданне ежы. Пакуль мы маем неўпарадкаваную прывязанасць да ежы, мы не можам мець упарадкаванай прывязанасці да Бога. Як казаў св. Ян Касіян, мы не можам перамагчы свае заганы і ўвайсці ў абяцаную зямлю, калі спачатку не ўцячэм з Егіпта нашага абжорства.

Як жа гэта зрабіць? Я гадамі змагаўся з постам і ведаю, што гэта няпростая справа. Нельга проста сказаць: “Сёння я пачынаю пасціць” — і чакаць, што ўсё атрымаецца без зменаў як у духоўным жыцці, так і фізічнай дыеце.

Каб пост атрымаўся, найперш трэба ўстанавіць сабе мінімальную колькасць малітвы ў дзень. Магчыма, арганізм дазваляе вам трымаць пост, аднак, калі пост не будзе суправаджацца малітвай, гэта будзе проста дыета, а не спосаб набліжэння да нашага Пана. Многія духоўныя кіраўнікі рэкамендуюць тым, хто не належыць да рэлігійных ордэнаў, маліцца адну гадзіну ў дзень. Такой павінна быць мэта для кожнага каталіка. Калі вы пакуль не дасягнулі гэтай мэты, пастарайцеся дадаваць па 5-10 хвілін кожны тыдзень, пакуль не дойдзеце да адной гадзіны. Аднойчы хтосьці сказаў арцыбіскупу Фултану Шыну, што не мае часу, каб маліцца гадзіну ў день. Шын адказаў: “Тады вам трэба маліцца дзве гадзіны ў дзень”.

Але і тады, калі хтосьці моліцца гадзіну кожны дзень, пост усё ж можа быць вельмі цяжкім фізічна. Доўгі час мне здавалася, што я не здольны да посту, таму што ў мяне пераддыябетычны стан, які не дазваляе мне рабіць вялікія перапынкі паміж прыёмамі ежы. Але, даведаўшыся пра практыку перарывістага посту, калі ежу не прымаюць на працягу 16–23 гадзінаў у дзень, я зразумеў, што маёй галоўнай праблемай быў не пераддыябет, а кепская, багатая на вугляводы дыета. Спажыванне вугляводаў павялічвае колькасць інсуліну ў целе чалавека значна больш, чым спажыванне бялкоў ці тлушчу. Пазней, калі канцэнтрацыя інсуліну непазбежна падае, у вас адбываецца “зрыў”. Як толькі я зменшыў колькасць вугляводаў і пачаў спажываць больш тлушчу і бялкоў, узровень майго інсуліну стабілізаваўся, зрывы скончыліся, а пост стаў значна лягчэйшы.

Правільная ахвяра

Ужо чую пярэчанне: “Ці не павінен пост быць цяжкім? Ён жа і павінен быць ахвярай!”

Так, пост быў задуманы як ахвяра, і таму павінен быць цяжкі. Аднак многія з нас няправільна разумеюць, які павінен быць гэты цяжар. Возьмем для аналогіі трэніроўкі марафонцаў. Пры падрыхтоўцы да марафону трэба чакаць, што на трэніроўках будзе балюча. “No pain, no gain”, правільна? І калі пасля (або падчас) бегу я стаміўся і аслабеў, мне трэба перамагчы гэта сваёй сілай волі і дысцыплінай. Але што, калі я пашкоджу калена? Яно баліць, і мне трэба таксама перамагчы гэта? Вядома, не. Калі я так зраблю, то ўвогуле рызыкну самой магчымасцю ўдзельнічаць у марафоне. Мне здаецца, што ў большасці выпадкаў тыя, хто корміцца па-сучаснаму, падобныя да бегуноў з пашкоджанымі каленямі, якія спрабуюць дабегчы марафон да канца. Сучасная дыета робіць пост балючым, аднак гэта няправільны від болю, бо ён робіць духоўна карысны пост практычна немагчымым.

Пакуль я не змяніў сваю дыету, падчас посту я рабіўся слабым і раздражнёным. Я не мог выконваць дамашнія і працоўныя абавязкі, абавязкі мужа і бацькі. Я часта думаў пра сябе: “І як гэты пост зробіць мяне больш падобным да Хрыста?” Кароткі адказ: ніяк. Аднак пост, спалучаны з агульнай больш здаровай дыетай, сапраўды дапамагае перамагчы неўпарадкаваныя прывязанасці, наблізіцца да Хрыста і пры гэтым дазваляе выконваць свае абавязкі ў канкрэтным стане жыцця. Акрамя таго, правільная практыка посту сапраўды прыносіць станоўчую карысць таму, хто посціць, дапамагаючы здабыць духоўную і разумовую яснасць і энергію для служэння бліжнім. Пост не павінен паралізаваць нас. Ён павінен дапамагчы нам лепш служыць Хрысту.

Ці азначае гэта, што пост можа стаць простым? Не зусім. Нам усё ж трэба будзе перамагаць перашкоды і змагацца з неўпарадкаванымі жарсцямі. Перадусім рэгулярны пост супярэчыць нашай неўпарадкаванай прывязанасці да ежы. Большасць з нас не разумее, наколькі вялікую ролю ежа адыгрывае ў нашым штодзённым жыцці. За дзень мы маем тры (зазвычай нездаровыя) прыёмы ежы, аднак і да іх мы дадаём яшчэ тры закускі (таксама зазвычай нездаровыя). Пра сябе я ведаю, што я еў шэсць разоў у дзень (тры прыёмы ежы плюс тры закускі), а таксама часам даставаў чыпсы з буфета, калі праходзіў побач. Акрамя фізічнай шкоднасці, гэта несла таксама духоўную шкоду, бо мы не зможам апанаваць свае душы, калі не апануем спачатку свае целы. Гэта ўрок, які пустэльнікі паўтараюць пастаянна.

Зноў палюбіць пост

Практыкуючы пост (у значэнні колькаснага ўстрымання ад ежы), мы павінны перамагаць спакусу задавальняць сваё цела — спакусу, якая ў сучасным свеце заўсёды перад намі. Чалавек, які жыў у ХІ ст., не меў пастаяннага доступу да ежы, аднак у сённяшнім развітым свеце мы можам есть тое, што хочам, тады, калі хочам, і там, дзе хочам. Практыка посту дысцыплінуе цела і ў пэўным сэнсе супрацьстаіць першароднаму граху Адама.

Калі мы паглядзім на сённяшнія праблемы Касцёла і свету, то зможам зрабіць выснову, што многія з гэтых праблемаў паходзяць з недахопу самадысцыпліны ў дачыненні да фізічных задавальненняў. Відавочны прыклад — гэта аборты, якія вельмі распаўсюджаны, таму што многія ўступаюць у сэксуальныя адносіны па-за сужэнствам. Аднак, на мой погляд, нават штосьці такое, як літургічнае парушэнне, можна звязаць з адсутнасцю самадысцыпліны. Сучасныя Імшы шмат у чым нагадваюць фастфуд: хутка, лёгка і, па вялікім рахунку, нездавальняюча. Сучасны чалавек хутчэй схопіць штосьці ў Макдональдсе, чым будзе практыкаваць дысцыпліну, ахвярнасць і высілак, гатуючы ежу дома. Так і большасць каталікоў аддае перавагу хуткаму і лёгкаму, аднак нездавальняючаму прапаведаванню (або музыцы) на тыповай парафіяльнай Імшы.

Набліжаецца Вялікі пост, які з’яўляецца дасканалым часам для таго, каб зноў адкрыць і практыкаваць пост. Аднак дазвольце сказаць слова папярэджання: каб не спужацца маштабаў і не кінуць усю справу, мы нарошчваем колькасць штодзённай малітвы павольна. Падобна трэба нарошчваць і пост. Калі вы прывыклі есці кожныя некалькі гадзінаў, пачніце з устрымання ад закусак паміж трыма прыёмамі ежы. Таксама сачыце за тым, што вы ясце ў гэтыя прыёмы ежы. Пост будзе прасцей выканаць, калі вы не спажываеце пастаянна цукар і іншыя вугляводы. Затым падумайце над магчымасцю адмовіцца ад снядання (гэта міф, што сняданне — найбольш важны прыём ежы за дзень, пра што скажа вам кожны, хто жыў да ХІХ ст.). З часам ваш арганізм зможа зносіць больш доўгі пост, прыняты з духоўных прычын. З постам усё адно будуць звязаны ахвяра і дысцыпліна, аднак ён будзе прыносіць вам разумовую і духоўную яснасць і энергію, адначасова не перашкаджаючы выконваць абавязкі жыццёвага стану.

Пра аднаго асабліва магутнага дэмана наш Пан аднойчы сказаў: “Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай і постам” (Мк 9:29). Думаю, кожны згодзіцца з тым, што наш свет і наш Касцёл сёння мае справу з асабліва магутнымі дэманамі, і калі мы хочам перамагчы іх, нам трэба зноў палюбіць пост.

Крыніцы:


Аўтар: Eric Sammons
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: Jean Fortunet (CC BY)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара і рэдакцыі 1Р5.

2 Responses

  1. Екатерина says:

    Што цікава, у сучасным перакладзе, як і у грэцкім арыгінале, у гэтым урыуку з Евангелля Мк 9, 29 не сказана пра пост… http://www.bible.in.ua/underl/pdf/NT/Mk.pdf

    • Te igitur says:

      Так, гэта праўда. У паралельным месцы Мацвея, мусіць, таксама няма? Бедныя, бедныя гэтыя арыгіналы. У Вульгаце ўсё на месцы.

Пакінуць каментар

Scroll Up
%d bloggers like this: