26.02.2019 / FIUV

Пазіцыя № 20. “Перадпосце, вігіліі і актавы”🕑 18 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 20: ПЕРАДПОСЦЕ, ВІГІЛІІ І АКТАВЫ

У фармаце PDF

Кароткі змест: У календары надзвычайнай формы рымскага абраду існуе некалькі асаблівых рысаў, якія адсутнічаюць ў календары звычайнай формы: перадусім гэта перыяд Перадпос­ця, большая колькасць і асаблівая роля вігілій, а таксама большая колькасць актаваў. Да рэформы 1955 года вігілій і актаваў у календары было яшчэ больш. Гэтыя вельмі старажытныя рысы календара дазвалялі вернікам глыбей уваходзіць у таямніцы, прадстаўленыя ў літургічным годзе, спрыялі падрыхтоўцы да іх і далейшаму разважанню над імі. Таксама яны стваралі больш рэзкі кантраст паміж пакутнымі і радаснымі днямі і літургічнымі перыядамі.

1. Перыяд Перадпосця, вігіліі і актавы складалі важную частку старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі. Яны знаходзяць сваё месца ў календары 1962 года, хоць у 1956 годзе колькасць вігілій і актаваў была моцна скарочана [1]. Дадзены артыкул мае на мэце растлумачыць, якую ролю адыгрывалі гэтыя элементы ў гістарычных літургічных календарах. Многія аргументы, прыведзеныя ў артыкуле, можна прымяніць таксама да Сухіх і Крыжовых дзён, аднак з-за абмежаванасці месца мы не здолеем разгледзець іх асобна.

Гісторыя перыяду Перадпосця

2. Гэты літургічны перыяд ахоплівае нядзелі Сямідзясятніцы, Шасцідзясятніцы і Пяці­дзясятніцы, а таксама адпаведныя тыдні, якія яны пачынаюць. Перадпосце выконвае ролю падрыхтоўкі да Вялікага посту. Падчас гэтага перыяду яшчэ не дзейнічае посная дысцыпліна, аднак выкарыстоўваецца фіялетавы літургічны колер, а радасныя “Аллелюя” і “Gloria in excelsis” прапускаюцца [2]. Гэтая асаблівасць, нароўні з іншымі ўласнымі літургічнымі тэкстамі гэтага перыяду, выказвае пакутны характар гэтых дзён.

3. Падрыхтоўчы перыяд перад Вялікім постам пачаў устанаўлівацца ў рымскай літургіі ў часы Папы Грыгорыя Вялікага (+604). У VI ст. ён пашырыўся на нядзелю Шасцідзясятніцы, а пазней павялічыўся яшчэ на тыдзень і ахапіў нядзелю Сямідзясятніцы [3]. Евангельскія ўрыўкі гэтага перыяду, у прыватнасці, рыхтуюць вернікаў да перыяду Вялікага посту і Велікоднага перыяду [4].

4. На важнасць гэтых трох нядзеляў указвае месца цэлебрацыі папскай Імшы: гэта тры базілікі за старажытнымі мурамі Рыма (св. Лаўрэнція ў Сямідзясятніцу, св. Паўла ў Шасцідзясятніцу і св. Пятра ў Пяцідзясятніцу). У Афіцыі Сямідзясятніцы пачынаецца чытанне кнігі Быцця, якое працягваецца ў нядзелі Вялікага посту.

5. Назвы гэтых нядзеляў, а таксама нядзелі Чатырыдзясятніцы — першай нядзелі Вялі­кага посту — паказваюць прыкладны час, які застаецца да Вялікадня. Сярэднявечны аўтар літургічных каментарыяў Амалярый заўважаў, што назва Сямідзясятніцы нага­двае пра 70 гадоў вавілонскага палону [5].

6. Усходнія абрады таксама маюць старажытны перадпосны перыяд: з Мясапуснай ня­дзелі пачынаецца ўстрыманне ад мяса, а з Сырапуснай — устрыманне ад яек і малочных прадуктаў.

7. Перыяд Перадпосця існуе ў англіканскай “Кнізе агульнай малітвы” і ў гістарычнай практыцы многіх лютэранскіх супольнасцяў.

8. Канстытуцыя Другога Ватыканскага сабору пра святую літургію Sacrosanctum concili­um кажа пра літургічныя перыяды наступнае:

Літургічны год павінен быць перагледжаны так, каб пры захаванні ці аднаўлен­ні традыцыйных звычаяў і практык, звязаных з літургічнымі перыядамі, згодна з умовамі нашага часу, захаваўся іх адметны характар дзеля належнага падмацавання пабожнасці вернікаў праз цэлебрацыю таямніц хрысціянскага Адкуплення, асабліва Пасхальнай таямніцы [6].

9. Таму дзіўна, што пасля завяршэння Сабору камісія вырашыла скасаваць перыяд Перадпосця, тым больш што гэта якраз перыяд падрыхтоўкі да Пасхі. Арцыбіскуп Аніба­ле Буньіні згадвае пра адпаведную дыскусію ў зносцы сваёй кнігі:

Наконт скасавання перыяду Перадпосця згоды не было. Некаторыя бачылі ў гэтых тыднях крок насустрач Вялікадню. Пры нейкай нагодзе Папа Павел VI параўнаў сукупнасць Перадпосця, Вялікага посту, Вялікага тыдня і Пасхальнага трыдуума са званамі, якія заклікаюць людзей на нядзельную Імшу. Яны звоняць за гадзіну, за паўгадзіны, за пятнаццаць і за пяць хвілін да пачатку Імшы, і гэта аказвае псіхалагічны эфект і рыхтуе вернікаў да цэлебрацыі літургіі фізічна і духоўна. Аднак затым пераважыў погляд, што трэба ўвесці спрашчэн­не: немагчыма было вярнуць Вялікаму посту яго поўнае значэнне, не ахвяраваўшы Перадпосцем, якое з’яўляецца працягам Вялікага посту [7].

Абгрунтаванне практыкі старэйшых календароў

10. Матывацыя гэтай змены засноўваецца, верагодна, на тым, што перыяд Перадпосця мае пакутны характар: выкарыстанне фіялетавага колеру і пропуск “Аллелюя” і “Glo­ria” блыталі вернікаў і адцягвалі ўвагу ад Вялікага посту. Даследчык літургіі Лорэн Прыстас піша:

Перыяд падрыхтоўкі заўсёды павышае важнасць той падзеі, да якой адбываецца падрыхтоўка, і ніколі яе не прыніжае; акрамя таго, падрыхтоўка зазвычай забяспечвае больш поўны і добры ўдзел у самой падзеі.

11. Сур’ёзная роля Вялікага посту патрабуе стараннай падрыхтоўкі да яго: калі падрыхтоўку скасаваць, узнікне небяспека, што вернікі будуць спрабаваць дастасоўвацца або нават вырашаць, якім чынам правесці Вялікі пост, ужо ў самім Вялікім посце. Акрамя таго, перыяд Перадпосця мае асабліва старажытную і багатую літургію. Літургічны навуковец Ласла Добшаі разам з іншымі прыхільнікамі “рэформы рэформы” прапаноўваў вярнуць перыяд Перадпосця ў каляндар звычайнай формы [8]. У нядаўна прынятым календары персанальнага ардынарыята Маці Божай Уолсінгемскай гэты перыяд прысутнічае.

Гісторыя і роля вігілій і актаваў

12. Вігіліі з’яўляюцца вельмі старажытнай асаблівасцю рымскага календара. З улікам іх паходжання прынята адрозніваць “старажытны рымскі” звычай начной вігіліі — набажэнства, якое складалася з малітваў і чытанняў і вяло да цэлебрацыі Імшы на світанні, прыняты ў Рыме і на ўсім лацінскім Захадзе з IV ст. [9], і грэцкі звычай дня “прадсвята”, якое прадчувае свята і рыхтуе да яго. Так, свята Нараджэння Пана мае абодва віды вігілій: Імшу апоўначы і асобную вігілійную Імшу напярэдадні. Даследчык літургіі бл. Ільдэфонса Шустэр выказаў меркаванне, што, калі звычай цэлебрацыі Імшы на світанні зрабіўся нязручным, фармуляр Імшы на світанні пачаў выкарыстоўвацца для вігілійнай Імшы, а для Імшы ў само свята прыйшлося складаць новы фармуляр [10].

13. Далей прынялася практыка ўводзіць у дзень перад святам вігілію з цэлебрацыяй ранішняй Імшы. Мэтай такіх вігілій, як сцвярджае Парш, было стварыць “дзень падрыхтоўкі, дзень духоўнай акліматызацыі і ўнутранага ачышчэння” [11]. Літургія ў гэты дзень мае пераважна пакутны характар і часта засяроджваецца на нейкім асаблівым аспекце свята, які можа быць не заўважаны ў галоўнай цэлебрацыі.

14. Практыка перыяду пакутнай падрыхтоўкі да нейкай падзеі, асабліва важнай у духоўным сэнсе, мае глыбокія біблейскія карані і найбольш яскрава праяўляецца ў літу­ргіі Адвэнту і Вялікага посту [12]. На працягу астатняй часткі года для самых важных святаў гэтую функцыю ў старажытным календары выконваюць вігіліі.

15. Як у Старым, так і ў Новым Запавеце сустракаюцца згадкі пра актавы святаў, звязаных з культам святыні [13]. Да 1956 г. падчас Ютрані (matutinum) [14] з Афіцыя ў актаву пасвя­чэння касцёла чыталася сімвалічнае тлумачэнне цэлебрацыі актавы, дадзенае біскупам Авранша Янам (+1079):

Галоўныя святы адзначаюцца на працягу васьмі дзён, таму што свет развіваецца на працягу шасці эпох. Сёмая эпоха — гэта час адпачынку святых душаў перад агульным уваскрасеннем. Восьмая эпоха — гэта Божае валадарства, якое надыдзе пасля вечнага ўваскрасення. Менавіта таму дзень актавы адзначаецца больш урачыста: бо слава Хрыста ў тым Валадарстве будзе вечнай, а радасць невымоўнай. І калі мы паўторна святкуем святы святых, то ў дзень самой урачыстасці мы ўдзельнічаем у радасці душаў ад адпачынку, а ў дзень актавы — у славе іх уваскрасення [15].

Сувязь паміж святкаваннем актавы і нябесным жыццём адлюстравана ва ўласных тэкстах некаторых актаваў.

16. Пій Парш дае практычнае тлумачэнне:

Касцёл, наша Маці, з’яўляецца добрым псіхолагам; ён дасканала разумее людскую прыроду. Калі надыходзіць свята, душа знаходзіцца ў захапленні і не вельмі гатовая глыбока разважаць над яго таямніцай, але ў наступныя дні розуму ўжо лягчэй паглядзець на гэтую таямніцу з усіх бакоў са спачуваннем і праніклівасцю; восьмы ж дзень дае магчымасць спалучыць усе абдуманыя тэмы [16].

17. Зразумела, што ў каляндар можна ўключыць толькі абмежаваную колькасць вігілій і святаў, каб яны не перашкаджалі адно аднаму і іншым святам, і гэтая праблема вырашалася цягам чарговых рэформ календара, перадусім падчас рэформы 1910 г. [17] Рэ­форма ж 1955 г. прадстаўляла сабою значна больш радыкальнае скарачэнне, чым усё, што было да таго ці пасля, і гэта з’яўляецца аргументам на карысць аднаўлення многіх старажытных вігілій і актаваў. Нават Рымскі Імшал 2002 года мае для свята Аб’яў­лення Пана вігілійную Імшу, якая была скасавана ў выніку рэформы 1955 г. [18]

Заключэнне

18. Важным аспектам літургічнага года з’яўляецца раўнавага паміж радаснымі і пакутнымі перыядамі. Гэтай раўнавазе спрыяюць як посная дысцыпліна, якая не разглядаецца ў гэтым артыкуле [19], так і чыста літургічныя сродкі, а менавіта раскрыццё і падаўжэнне радасці святаў і кантраст гэтай радасці з днём або перыядам, кажучы словамі Парша, “унутранага ачышчэння”, калі выкарыстоўваецца фіялетавы колер, а лі­тургія нагадвае нам пра неабходнасць прабачэння і трывання ў ласцы.

19. Гэта праўда, што раней дысцыпліна Касцёла ўвогуле была больш патрабавальнай у сэнсе пакуты і гэта адлюстроўвалася ў пакутных аспектах літургіі. Аднак больш правільна будзе сказаць, што каляндар Імшала 1962 года, а тым больш каляндар, які выкарыстоўваўся да 1956 года, у параўнанні з календаром 1970 года, мае шэраг больш вострых кантрастаў паміж пакутай і святкаваннем. Часткова гэта тлумачыцца большым націскам на цыкл святых. Аднак важным з’яўляецца таксама і тое, што падоўжанае святкаванне святаў і іх актаваў ураўнаважана больш частымі і працяглымі перыя­дамі падрыхтоўкі — вігіліямі і перыядам Перадпосця. Гэта можна назваць элементам генія старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі, у якім яна праяўляе падабенства да візантыйскай літургіі. Дзякуючы гэтаму вернікі атрымліваюць багаты і разнастайны рацыён, які дазваляе ім адарвацца ад саміх сябе і глыбей увайсці ў змест літургічнага года Касцёла.


Дадатак А: Вігіліі і актавы ў рэформах 1955 і 1970 гг.

Святы з вігіліямі і/або актавамі да рэформы 1955 года, якая набыла моц у 1956 годзе. Элементы, якія не былі скасаваны ў выніку гэтай рэформы і таму засталіся ў календары 1962 года, пазначаны тлустым шрыфтам.

Нерухомыя святы

6 студзеня: Аб’яўленне Пана:  вігілія і актава
(21 студзеня: св. Агнешкі: актава) [20]
24 лютага: св. Мацея, апостала: вігілія
24 чэрвеня: Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля: вігілія і актава
29 чэрвеня: св. Пятра і Паўла: вігілія [21] і актава
25 ліпеня: св. Якуба, апостала: вігілія
10 жніўня: св. Лаўрэнція: вігілія [22] і актава
15 жніўня: Унебаўзяцце НПМ: вігілія і актава
24 жніўня: св. Барталамея: вігілія [23]
8 верасня: Нараджэнне НПМ: актава
21 верасня: св. Мацвея, евангеліста: вігілія [24]
28 кастрычніка: св. Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў: вігілія
1 лістапада: Усіх Святых: вігілія і актава
30 лістапада: св. Андрэя, апостала: вігілія
8 снежня: Беззаганнае Зачацце НПМ: вігілія і актава
21 снежня: св. Тамаша, апостала: вігілія
25 снежня: Нараджэнне Пана: вігілія і актава
26 снежня: св. Стэфана: актава
27 снежня: св. Яна, евангеліста: актава
28 снежня: св. Немаўлят: актава

Рухомыя святы

Вялікдзень: вігілія [25] і актава
Св. Юзафа: актава [26]
Унебаўшэсце Пана: вігілія і актава
Спасланне Духа Святога: вігілія і актава
Божае Цела: актава
Найсвяцейшага Сэрца: актава

Мясцовыя святы

Тытул касцёла: актава
Пасвячэнне касцёла: актава
Тытул катэдральнага касцёла: актава
Пасвячэнне катэдральнага касцёла: актава
Святы апякун [27]: актава

На ўсе вігіліі, якія служыліся да 1956 г., было прадпісана фіялетавае ўбранне, акрамя вігілій Аб’яўлення Пана і Унебаўшэсця Пана, якія служыліся ў белым убранні. Кодэкс кананічнага права 1917 года (кан. 1252) загадваў захоўваць пост і ўстрыманне ў чатыры вігіліі: Спаслання Духа Святога, Унебаўзяцця, Усіх Святых і Нараджэння Пана [28].

Паміж 1910 і 1955 гг. актавы падзялялі на прывілеяваныя (першага, другога і трэцяга класа), агульныя і простыя. На працягу актавы найвышэйшага рангу не адзначаліся ніякія іншыя святы; для актавы найніжэйшага рангу адзначаўся толькі восьмы дзень. У кожным выпадку ў восьмы дзень прадугледжана цэлебрацыя, звязаная з самім святам: альбо паўтарэнне Імшы свята, альбо ўласная Імша восьмага дня.

Як адзначана ў зносках да прыведзенага вышэй спісу, да 1956 г. вігіліі мелі 15 святаў, прычым у чатырох выпадках вігіліі супадалі з іншым важным святам. У такім выпадку вігілія магла адзначацца ў Імшах без удзелу люду, а ў калегіяцкіх касцёлах служыліся дзве асобныя Імшы з розных святаў. Святы, якія супадалі з пяццю вігіліямі, што захаваліся пасля 1956 года, былі перанесены. Таксама былі зроблены высілкі, каб скараціць колькасць святаў, што прыпадалі на захаваныя актавы [29].

У календары 1970 года адсутнічае канцэпцыя вігілійнай Імшы як літургіі дня, што папярэднічае святу; замест гэтага мы знаходзім “уласную вігілію”, “якая адзначаецца ўвечары папярэдняга дня, калі цэлебруецца вечаровая Імша” [30]. У Рымскім Імшале 2008 года прысутнічаюць наступныя вігілійныя Імшы такога тыпу:

Нерухомыя святы

6 студзеня: Аб’яўленне Пана
24 чэрвеня: Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля
29 чэрвеня: св. Пятра і Паўла
15 жніўня: Унебаўзяцце НПМ
25 снежня: Нараджэнне Пана

Рухомыя святы

Унебаўшэсце Пана
Спасланне Духа Святога

Гэты спіс адрозніваецца ад спісу вігілій Рымскага Імшала 1962 года тым, што ў ім адсутнічае вігілія свята св. Лаўрэнція і прысутнічае вігілія Аб’яўлення Пана. Вігілія Аб’яўлення Пана была скасавана ў 1955 годзе.

Вігілія ў значэнні Імшы, якая цэлебруецца ўначы перад світанкам святочнага дня, а на практыцы часта цэлебруецца ў вечар перад святам, існуе таксама для Вялікадня і Нараджэння Пана (у апошнім выпадку гэта дадатковая цэлебрацыя, акрамя “ўласнай вігіліі”).

У календары 1970 года прысутнічаюць актавы Вялікадня і Нараджэння Пана. У календары 1962 года дадаткова прысутнічае актава Спаслання Духа Святога.


Дадатак Б: Страта рэпертуару спеваў у рэформе 1955 года

Некаторыя спевы, якія выкарыстоўваліся ў вігіліі і ўласныя актавы, скасаваныя ў 1955 годзе, выкарыстоўваюцца ў іншыя дні літургічнага года, але іншыя, калі толькі іх не спяваюць у мясцовыя святы або святы рэлігійных ордэнаў, страчаны. Вось іх пералік.

Агульная Імша ў вігілію святаў апосталаў
(выкарыстоўваецца для св. Мацвея, св. Якуба, св. Барталамея і св. Тамаша)
Інтроіт “Ego autem sicut oliva”

Вігілія свята Усіх Святых
Інтроіт “Iudicant sancti”
Градуал “Exsultabunt sancti in gloria”

Вігілія свята св. Андрэя
Інтроіт “Dominus secus mare”
Антыфона на Камунію “Dicit Andreas Simoni”

Вігілія свята св. Сымона і Юды Тадэвуша
Градуал “Vindica Domine sanguinem”

Актава свята св. Пятра і Паўла
Аллелюя “V. Vos estis qui permansistis”

Вігілія свята Беззаганнага Зачацця
Інтроіт “Venite, audite, et narrabo”
Градуал “Sapientia aedificavit”
Аферторый “Ego dilecto meo”
Антыфона на Камунію “Quae est ista”

Спевы для свята Беззаганнага Зачацця складзены адносна нядаўна, аднак амаль усе іншыя пералічаныя спевы належаць да найстарэйшага ідэнтыфікаванага гістарычнага перыяду, які датуецца раней за 800 год [31]. Кс. Дамінік Ёнэр у сваім каментарыі да Рымскага Градуала (які, на жаль, не займаецца непасрэдна вігіліямі і актавамі), называе антыфону на Камунію з вігіліі свята св. Андрэя “Dicit Andreas Simoni” “адной з жамчужын Градуала” [32].

Пяць спеваў з гэтага пераліку былі адноўлены ў Рымскім Градуале 1974 года [33], што з’яўляецца прыкладам аднаўлення элементаў літургіі “згодна з даўняй традыцыяй айцоў Касцёла” [34], да якога заклікаў Другі Ватыканскі сабор. Іх адсутнасць у кнігах, якія выкарыстоўваюцца для цэлебрацый у надзвычайнай форме, вартая шкадавання.


[1] Дэкрэт Святой Кангрэгацыі абрадаў Cum nostra, які рэфармаваў вігіліі і актавы, быў апублікаваны ў 1955 годзе і набыў моц у 1956 годзе. Гл. таксама Дадатак А.

[2] Як і падчас Вялікага посту, спеў Аллелюя перад Евангеллем замяняецца трактам.

[3] Lauren Pristas, “Parachuted into Lent”, Usus Antiquior 2010, т. 1, № 2, с. 95–109, с. 96. У артыкуле цытуюцца Каміль Калеварт і св. Грыгорый Вялікі: Пар. Homiliae in evangelia XIX.1; Callewaert, “L’oeuvre liturgique de S. Grégoire: la septuagésime et l’alléluia”, Louvain: Université catholique de Louvain, 1937, с. 648 і № 46.

[4] У нядзелю Сямідзясятніцы чытаецца Евангелле пра працаўнікоў у вінаградніку (Мц 20:1-16), у нядзелю Шасцідзесятніцы — Евангелле пра сейбіта (Лк 8:4-15), у нядзелю Пяцідзясятніцы — Евангелле пра выхад Езуса ў Ерузалем і аздараўленне сляпога пад Ерыхонам (Лк 18:31-43).

[5] Amalarius, “De ecclesiasticis officiis” I.1, PL 105.993ff.

[6] Sacrosanctum concilium, 107: “Annus liturgicus ita recognoscatur ut, servatis aut restitutis sacrorum temporum traditis consuetudinibus et disciplinis iuxta nostrae aetatis condiciones, ipsorum indoles nativa retineatur ad fidelium pietatem debite alendam in celebrandis mysteriis Redemptionis christianae, maxime vero mysterio paschali”.

[7] Annibale Bugnini, “The Reform of the Liturgy 1948–1975”, англ. выд.: Collegeville MN: The Liturgical Press, 1990, с. 307, № 6. У асноўным тэксце ён абмяркоўвае рашэнне камісіі ў 1965 г. і піша, што “ў асноўным цяперашнія тэксты застануцца на месцы”. Нягледзячы на прыхільнасць дарадчыкаў, у якіх пыталіся пра іхняе меркаванне, гэта аказалася немагчымым. Паколькі перад Вялікім постам і пасля Велікоднага перыяду планавалася ўвесці неразрыўны шэраг нядзеляў “звычайнага перыяду”, адна і тая ж нядзеля магла ў адным годзе выпадаць непасрэдна перад Вялікім постам, а ў іншым — пасля Спаслання Духа Святога або за некалькі тыдняў да Вялікага посту. Калі было вырашана скасаваць Перадпосце як асоб­ны літургічны перыяд, ужо не было магчымасці ўставіць імшальныя фармуляры ў адпаведнае месца і яны былі страчаны. Працэс абмеркавання і яго вынік падрабязна абмяркоўваецца ў Pristas, op. cit.

[8] László Dobszay, “The Restoration and Organic Development of the Roman Rite”, London: T&T Clark, 2010, с. 133.

[9] Цэлебрацыя вігіліі свята св. Лаўрэнція згадваецца ў жыццяпісе св. Меланіі Малодшай: калі яна была дзіцём, ёй не дазволілі ўдзельнічаць у гэтай Імшы, бо яна была надта малая (гл. Pius Parsch, “The Church’s Year of Grace”, англ. выд.: Collegeville, MN: The Liturgical Press, 1962, т. IV, с. 304). Ildefonsus Schuster, “The Sacramentary”, англ. выд.: London, Burns Oates & Washbourne, 1929, т. IV, с. 2: “Ад Понцыя, дыякана, прыстаўленага да св. Кіпрыяна, мы даведваемся, што ў Карфагене гадавіну мучаніцтва папярэджвала… начная вігілія, а з дзеяў св. Сатурніна з Тулузы мы робім выснову, што ягоны natalis святкаваўся не толькі начным чуваннем, але таксама спевам гімнаў і прынашэннем Найсвяцейшай Ахвяры на досвітку”.

[10] Гл. Schuster, op. cit., т. IV, с. 263. Падобны працэс, несумненна, адбыўся з Сухімі суботамі: тая Імша, якая цяпер служыцца (у надзвычайнай форме) у суботу, раней была вігілійным набажэнствам, складзеным з чытанняў і малітваў, пасля якога служылася нядзельная Імша на досвітку. Тая ж Імша, якая цяпер служыцца ў нядзелю, мае тое самае Евангелле і больш позняе паходжанне.

[11] Parsch, op. cit., т. IV, с. 318.

[12] Праспэр Геранжэ заўважае: “Майсей пасціў сорак дзён, рыхтуючыся атрымаць дзесяць запаведзяў (Зых 34:28). Прарок Даніэль пасціў тры тыдні перад тым, як атрымаць сваю візію (Дан 10:2-6). Прарок Ілля пасціў сорак дзён перад тым, як Бог прамовіў да яго (1 Вал 19:8). Усе мы ведаем, што Хрыстус, наш Збаўца, пасціў сорак дзён, рыхтуючыся да спакушэння д’яблам і да пачатку свайго служэння (Мц 4:1-11; Лк 4:1-13)”. Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, англ. выд.: Great Falls, MT, St Bonaventure Publications, 2000, т. I, с. 469.

[13] Лев 23:36 піша пра свята Шатроў: “Восьмы дзень будзе ў вас найбольш урачысты і найбольш святы, і прынясеце Пану ахвяру спалення” (“dies quoque octavus erit celeberrimus atque sanctissimus et offeretis holocaustum Domino”). Падобнае ж мы бачым падчас пасвячэння святыні Саламона (1 Вал 8:65-66; 2 Кр 7:8-9) і ў адноўленым свяце Шатроў, які адзначаў Ездра (Езд 8:18). Падчас свайго актыўнага служэння наш Пан паўдзельнічаў у гэтым свяце разам з яго актавай: “У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: “Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е” (Ян 7:37). Гэтыя выпадкі адзначаны ў Guéranger, op. cit., т. I, с. 469.

[14] У другім накцюрне. Там яно прыпісваецца Папу Феліксу IV (+530), “De consecratione”, ч. 1, раздз. 2 і 17.

[15] “De officiis ecclesiasticis”, PL 147, col. 42C: “Ideo praecipuae festivitates octo diebus coluntur, quia sex aetatibus vergitur mundus; septima aetas est usque ad universalem resurrectionem requies animarum sanctarum; octava, regnum Dei post resurrectionem sempiternam: et ideo octava dies agitur celebrior, quia in ipso regno Christi gloria erit sempiterna, et ineffabilis exsultatio. Et iterum dum sanctorum festa celebramus, in die solemnitatis eorum animarum requiei congaudemus, in octavo eorum in gloria resurrectioni”.

[16] Parsch, op. cit., т. I, с. 244.

[17] Актава найвышэйшага рангу скасоўвае ўсе іншыя святы, якія на яе прыпадаюць. Нават калі актава мае ніжэйшы ранг, сам восьмы дзень, як і вігілія, можа перашкаджаць іншым святам. Такія прыклады прыведзены ў Дадатку А.

[18] У кантэксце звычайнай формы рымскага абраду такія вігілійныя Імшы могуць служыцца толькі вечарам таго дня, які папярэднічае святу: гл. Дадатак А.

[19] Аднак гл. Дадатак А ніжэй.

[20] Другое свята св. Агнешкі, якое адзначаецца 29 студзеня, зазвычай не называюць актавай, але яно, несумненна, нагадвае яе. У сакрамэнтарыі Папы Гелазія і Вюрцбургскім спісе Евангелля гэтыя два вельмі старажытныя святы называюць адпаведна святамі яе “мукі” і “нараджэння” (для неба). У Імшале 1962 года гэтыя святы пазначаюцца як “primo” і “secundo”, як у Сакрамэнтарыі Грыгорыя Вялікага, дзе гэтыя святы таксама сустракаюцца. Гл W. H. Frere, “Studies in Early Roman Liturgy”, т. I: The Kalendar, Oxford: Oxford University Press, 1930, с. 891.

[21] Супадае са святам св. Ірынэя.

[22] Супадае са святам св. Яна Марыі Віянэя.

[23] Супадае са святам св. Філіпа Беніцы.

[24] Супадае са святам св. Эўстафія і паплечнікаў.

[25] У 1955 годзе Пасхальная вігілія была перанесена з дня, што папярэднічаў Вялікадню, на час пасля поўначы самой Велікоднай нядзелі.

[26] Гэтае свята адзначалася ў трэцюю сераду пасля Вялікадня. У 1955 годзе яго скасавалі на карысць свята св. Юзафа, рамесніка (1 мая), якое не мае сваёй актавы.

[27] Як тлумачыць у сваім слоўніку літургічных тэрмінаў літургіст О’Конэл, гэта “святы, якога абірае месца (краіна, правінцыя, дыяцэзія, горад, мястэчка) або асоба (супольнасць) і які ўстанаўліваецца дазволам Святога Пасаду як суб’ект асаблівага ўшанавання і як асаблівы заступнік гэтага месца або асобы перад Богам”. J. B. O’Connell, “The Celebration of Mass: a study of the rubrics of the Roman Missal”, Milwaukee WI: The Bruce Publishing Company, 1964. Пар. таксама Кодэкс кананічнага права 1917 года, кан. 1268.

[28] Акрамя таго, гэты канон загадваў захоўваць пост і ўстрыманне ў Папяльцовую сераду, усе пятніцы і суботы Вялікага посту і Сухія дні. Устрыманне без посту прадпісвалася на ўсе пятніцы па-за Вялікім постам, а пост без устрымання — на ўсе іншыя дні Вялікага посту, за выключэннем абавязковых святаў. Калі свята прыпадала на панядзелак, вігілія адзначалася ў суботу, але ўжо без посту.

[29] Пар. Pius Parsch, op. cit., т. 1, с. 232: “Адзначэнне святаў св. Тамаша і св. Сільвестра падчас актавы Божага Нараджэння ўносіла дэзарганізацыю, бо яны не мелі ўнутранай сувязі з гэтым святам. Аднак пры рэформе 1960 г. іх панізілі да рангу ўспамінаў, што дазволіла даўжэй разважаць над таямніцай Нараджэння Пана”.

[30] “Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала: універсальныя нормы літургічнага календара і агульны рымскі каляндар”, 11.

[31] Выключэннем з’яўляецца Аллелюя “V. Vos estis”. Яго, аднак, можна знайсці ў 15 спеўніках, якія датуюцца перад канцом ХІ ст. Гл. Karl-Heinz Schlager, “Thematischer Katalog der ältesten Alleluia-Melodien”, Munich: W. Ricke, 1965, с. 217–218.

[32] Dom Dominic Johner, “Chants of the Vatican Graduale”, перакл. з ням.: манахі абацтва св. Яна, Collegeville MN: St John’s University Press, 1940, с. 356.

[33] А менавіта інтроіты “Ego autem”, “Iudicant sancti” і “Dominus secus mare”, градуал “Exsultabunt sancti” і антыфона на Камунію “Dicit Andreas Simoni”.

[34] Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum concilium, 50: “…пэўныя элементы, страчаныя цягам вякоў, неабходна вярнуць згодна з даўняй традыцыяй айцоў Касцёла, калі гэта будзе карысна ці неабходна” (“restituantur vero ad pristinam sanctorum Patrum normam nonnulla quae temporum iniuria deciderunt, prout opportuna vel necessaria videantur”).

Пакінуць каментар

Scroll Up