25.02.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Практыкаванне перыяду Перадпосця🕑 5 хвілін

Радасць Божага Нараджэння, здаецца, скончылася. Сорак дзён святочнага настрою, якія нам прынесла нараджэнне Эмануэля, прайшлі. Атмасфера ў святым Касцёле зрабілася больш пахмурнай, і мы атрымліваем папярэджанне, што хмары будуць зацягвацца ўсё мацней. Ці ж страцілі мы Таго, каго так старанна і аддана чакалі на працягу чатырох доўгіх тыдняў Адвэнту? Ці спыніла свой бег наша боскае Сонца справядлівасці, якое так ярка ўзышло ў Бэтлееме, і ці пакінула Яно нашу грэшную зямлю?

Не, гэтага не адбылося. Сын Божы, Дзіця Марыі, нас не пакідае. Слова сталася целам, каб прабываць паміж намі. Яго чакае слава, яшчэ большая за славу нараджэння, калі анёлы спявалі свае гімны, і мы раздзелім гэтую славу з Ім. Толькі што Ён павінен заваяваць гэтую новую і большую славу незразумелымі і шматлікімі цярпеннямі; Ён павінен набыць яе найбольш жорсткай і ганебнай смерцю. А мы, калі жадаем атрымаць свой удзел у трыумфе Яго ўваскрасення, павінны пайсці за Ім дарогай крыжа, прамочанага слязьмі і Крывёю, якую Ён праліў за нас.

Хутка мы пачуем сур’ёзны матчын голас Касцёла, які запросіць нас да велікапоснай пакуты. Але ён жадае, каб мы падрыхтаваліся да гэтага “цяжкога хросту”, выкарыстаўшы дадзеныя нам тры тыдні для разважання над глыбокімі ранамі, якія нашай душы нанёс грэх. Сапраўды, прыгажосць і прывабнасць малога Дзіцяці, народжанага для нас у Бэтлееме, не ведаюць межаў; аднак нашы душы настолькі патрабуючыя, што ім неабходныя таксама іншыя ўрокі, акрамя тых, якія Бог даў нам у сваёй пакоры і прастаце. Езус з’яўляецца ахвярай Божай справядлівасці, і цяпер Ён дасягнуў паўнаты свайго ўзросту; алтар, на якім Ён павінен быць прынесены, гатовы; і паколькі Ён павінен быць забіты менавіта за нас, нам трэба паразважаць над тым, якія даўгі мы займелі перад бясконцай справядлівасцю, што яна вось-вось пакарае Нявіннага замест нас, вінаватых.

Таямніца Бога, Які з любові да свайго стварэння прымае людское цела, адкрыла нам шлях да асвятляльнага жыцця, аднак мы яшчэ не бачылі самага яркага святла. Няхай не трывожыцца нашае сэрца: Божыя цуды, якія мы ўбачым у дзень трыумфу Езуса, будуць большыя за тое, што мы бачылі ў Бэтлееме. Але, каб нашыя вочы маглі сузіраць гэтыя будучыя таямніцы, яны павінны быць ачышчаны адважным позіркам у прадонне нашых уласных слабасцяў. Бог дасць нам сваё святло для гэтага даследавання, і калі мы спазнаем саміх сябе, зразумеем цяжар першароднага граху, убачым зло нашых уласных грахоў і ўсвядомім, прынамсі да нейкай ступені, бясконцую міласэрнасць Бога да нас, мы будзем падрыхтаваныя да святой расплаты Вялікага посту і невымоўнай радасці Вялікадня.

Таму перыяд Перадпосця з’яўляецца надзвычай сур’ёзным. Магчыма, нам не ўдасца лепш перадаць тыя пачуцці, якімі Касцёл імкнецца напоўніць сваіх дзяцей у гэты перыяд літургічнага года, чым гэта зрабіў знакаміты Іва Шартрскі ў сваёй цудоўнай прамове да люду на нядзелю Сямідзясятніцы. Да вернікаў ХІ ст. ён казаў наступныя словы [1]: “Мы ж ведаем, — кажа апостал, — што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага” (Рым 8:22-23). Пад стварэннем тут маецца на ўвазе душа, якая была адноўлена з грэшнай сапсаванасці да Божага падабенства. Яна стогне ў сабе, бачачы, наколькі яна схільная да марнасці. Яна таксама пакутуе, напаўняецца болем і мучыцца глыбокім жаданнем апынуцца ў той краіне, якая ўсё яшчэ далёка. Менавіта гэтыя пакуты і боль адчуваў псальміст, калі ўсклікаў: “Гора мне, што маё прабыванне падоўжылася!” (Пс 119, Вульгата). Нават апостал, які быў адным з першых членаў Касцёла і атрымаў Духа Святога, тужыў па тым, каб у поўні атрымаць Божае ўсынаўленне, на якое спадзяваўся. Таму ён таксама ўсклікае ў сваім болю: “Маю жаданне памерці і быць з Хрыстом” (Флп 1:28). (…) Таму падчас гэтых дзён мы павінны рабіць тое ж, што і ва ўсе іншыя перыяды года, толькі рабіць гэта больш аддана і горача: мы павінны ўздыхаць і плакаць па той краіне, з якой мы былі выгнаны ў выніку падзення ў пастку грэшных задавальненняў; мы павінны падвоіць свае высілкі, каб зноў здабыць гэтую краіну раскаяннем і плачам сэрца. (…) Пральем жа слёзы ў дарозе, каб затым узрадавацца ў нашай краіне. Пабяжым па дарозе гэтага жыцця так, каб мы надзейна здабылі “ўзнагароду высокага паклікання” (Флп 3:14). Не будзем, як неразумныя вандроўнікі, якія забываюцца пра нашу краіну і аддаюць перавагу не дому, а часоваму выгнанню. Не будзем, як тыя нячулыя калекі, якія не адчуваюць сваіх хваробаў і не шукаюць лячэння. Нам шкада хворага чалавека, якога не папярэдзілі, што ён у небяспецы. Таму пабяжым жа да Пана, да Лекара, Які дае вечнае збаўленне. Пакажам Яму нашыя раны і ва ўсёй шчырасці ўсклікнем: “Змілуйся нада мною, Пане, бо я слабы, вылечы мяне, Пане, бо ўстрывожаныя мае косткі” (Пс 6:3). Тады Ён прабачыць нам нашыя беззаконні, вылечыць нашыя слабасці і задаволіць нашае жаданне дабротаў”.

З усяго гэтага бачна, што хрысціянін, які жадае правесці перыяд Перадпосця ў згодзе з духам Касцёла, павінен пачаць вайну з тым падманлівым пачуццём бяспекі, той самазадаволенасцю, якою адзначаюцца распешчаныя і абыякавыя душы і якая прыводзіць да духоўнай бясплоднасці. Добра, калі гэтая ілюзія не давядзе іх паступова да поўнай страты хрысціянскага духу. Той, хто думае, што яму можна не захоўваць пастаянную чуйнасць, якую нам так моцна наказваў наш боскі Настаўнік (Мк 13:37), ужо знаходзіцца пад уладай ворага. Той, хто не адчувае патрэбы бітвы і змагання дзеля вытрымкі і ўзрастання ў цнотах (хіба што яму ўжо быў удзелены прывілей, адначасова рэдкі і небяспечны), павінен баяцца, што ён увогуле не знаходзіцца на шляху да таго Божага Валадарства, якое здабываецца толькі сілай (Мц 11:12). Той, хто забываецца пра грахі, прабачаныя яму Божай міласэрнасцю, павінен баяцца стаць ахвярай небяспечнай ілюзіі (Сір 5:5). Будзем жа падчас гэтых дзён, якія мы прысвячаем шчыраму і рашучаму разважанню над нашымі слабасцямі, аддаваць хвалу нашаму Богу і ад Яго чэрпаць веды пра сябе, будучы ўпэўненымі ў Тым, хто нягледзячы на нашыя сапсаванасць і грэх так прынізіў сябе, што стаў адным з нас, каб узнесці нас да еднасці з сабою.

[1] Дванаццатае казанне на Сямідзясятніцу.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Christmas, vol. I, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1886.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up