22.02.2019 / FIUV

Пазіцыя № 19. “Пацалунак спакою”🕑 18 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 19: ПАЦАЛУНАК СПАКОЮ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Пацалунак спакою, альбо pax, у надзвычайнай форме рымскага абраду выконваецца пасля малітвы “Agnus Dei” і ў сваёй найбольш разгорнутай форме (ва ўрачыстай Імшы) заключаецца ў тым, што цэлебрант цалуе алтар і лёгкім жэстам абдымкаў перадае Хрыстовы спакой ад Хрыста, прадстаўленага алтаром і кансэкраванай Гостыяй на алтары, пасвячаным служыцелям, а таксама іншым асобам, якія знаходзяцца ў прэзбітэрыі. Гістарычнае значэнне гэтага абраду заключаецца ў тым, што людзі пацвярджаюць і прымаюць толькі што здзейсненыя таямніцы, а таксама рыхтуюцца да прыняцця святой Камуніі. У ранейшыя часы пацалунак спакою ахопліваў таксама і вернікаў; ён перадаваўся праз абдымкі або пры дапамозе аскуляторыя, які падкрэсліваў паходжанне спакою ад Найсвяцейшага Сакрамэнту і рабіў магчымым абмен пацалункам спакою паміж асобамі розных палоў. Пазней апошні спосаб з практычных меркаванняў прыйшоў у заняпад у большай частцы Еўропы. Аднак вернікі працягваюць духоўна далучацца да вельмі зразумелага сімвалу ўрачыстых абдымкаў, які выконваюць святары ў прэзбітэрыі.

1. У надзвычайнай форме рымскага абраду даволі шырока выкарыстоўваецца літур­гічны пацалунак (osculum), а таксама абдымкі (amplexus) як яго варыянт. На працягу Імшы цэлебрант некалькі разоў цалуе алтар, паварочваецца да народу і кажа “Dominus vobiscum” [1]; таксама ён цалуе алтар перад удзяленнем благаслаўлення вернікам [2].

2. Такая перадача вернікам прывітання або благаслаўлення нашага Пана, Якога ў дадзеным выпадку сімвалізуе алтар, яшчэ больш шырока разгортваецца ў абрадзе пацалунку спакою. Пасля малітвы “Pater noster” чытаецца яе эмбалізм, падчас якога святар робіць на сабе знак крыжа патэнай і цалуе яе. Затым ён гучным голасам кажа: “Pax Domini sit semper vobiscum”, робячы пры гэтым над келіхам тры знакі крыжа часткай Гостыі. На гэта даецца адказ: “Et cum spiritu tuo” [3]. Затым цэлебрант ціха прамаўляе малітву “Haec commixtio”, апускаючы частку Гостыі ў келіх, пасля чаго пераходзіць да малітвы “Agnus Dei”. Ва ўрачыстай Імшы, пакуль спяваецца “Agnus Dei”, цэлебрант і дыякан цалуюць алтар і абменьваюцца пацалункам спакою ў форме лёгкага жэсту абдымкаў. Дыякан перадае спакой субдыякану, а той перадае яго астатняму духавенству і прыслугоўваючым, прысутным у хоры [4]. Пацалунак спакою прапускаецца ў Імшах за памерлых і ў Вялікі чацвер.

3. У пэўных абставінах пацалунак спакою можа перадавацца пры дапамозе аскуляторыя: у такім выпадку гэта магчыма таксама ў спяванай і ціхай Імшы. Спакой перадаецца аскуляторыю ад алтара зноў жа праз пацалунак. Выкарыстанне аскуляторыя ў над­звычайнай форме ў сённяшніх абставінах больш дэтальна апісана ў Дадатку да гэтага артыкула.

4. Практыка надзвычайнай формы ў пэўным сэнсе супярэчыць “знаку спакою”, які ў звычайнай форме рымскага абраду перадаецца пераважна поціскам рукі [5] перад малітвай “Agnus Dei”. Гэты артыкул мае на мэце прадставіць тлумачэнне і абгрунтаванне практыкі надзвычайнай формы [6].

Гістарычнае развіццё пацалунка спакою

5. Пацалунак спакою глыбока ўкаранёны ў лацінскай літургічнай традыцыі [7], аднак яго гісторыя складаная, і тут мы паспрабуем даць толькі агульны нарыс [8]. Юстын Мучанік кажа пра абмен пацалункамі на заканчэнне набажэнства, якое складалася з малітваў і чытанняў [9].

6. Потым мы бачым яго ў галіканскіх абрадах перад аферторыем. Псеўда-Герман піша:

Яны перадаюць адзін аднаму Спакой Хрыстовы такім чынам, каб праз узаемны пацалунак захоўваць пачуццё любові адзін да аднаго [10].

Верагодна, гэта і маецца на ўвазе ў Мц 5:23-24 [11].

7. Аднак у афрыканскай і рымскай літургіях пацалунак спакою знаходзіцца непасрэдна перад абрадамі Камуніі [12]. Менавіта так размяшчаць яго рэкамендаваў св. Інакенцій І ў сваім лісце 416 года:

Па спакоі становіцца зразумела, што людзі даюць сваю згоду на тое, што было здзейснена ў таямніцах, якія служацца ў касцёле. Спакой — гэта пячатка, якая паказвае, што таямніцы здзейсніліся [13].

8. У часы Папы Грыгорыя Вялікага (+604) перад пацалункам спакою ўжо знаходзілася малітва “Pater noster”, што, верагодна, звязана з тэмай узаемнага прабачэння ў гэтай малітве [14]. Таму можна лічыць, што рымская практыка адначасова мае на ўвазе завяршальную “пячатку” для таямніцаў, падобна як “Амэн” напрыканцы Канона, а таксама ўзаемнае прабачэнне, якое падкрэсліваецца ў галіканскай традыцыі.

9. З часам абрад спакою развіўся з сінхроннага абмену пацалункам паміж святарамі пры алтары і суседзямі на касцёле [15] ў больш цырыманіяльную практыку: пацалунак пераходзіў нібы ад самога Пана (Які знаходзіўся ў кансэкраванай Гостыі або быў прад­стаўлены патэнай, алтаром, келіхам, Імшалам, распяццем або нейкай камбінацыяй гэтых рэчаў) да святароў, а потым да вернікаў шляхам перадачы ад асобы да асобы. Гэта дадае яшчэ больш дарэчнасці таму факту, што абрад спакою выконваецца падчас спеву “Agnus Dei” і пасля кансэкрацыі: ствараецца адчуванне, што спакой разыхо­дзіцца ад Ягняці, у пэўным сэнсе забітага на алтары, не толькі таму што пацалунак пачынаецца адтуль, але і дзякуючы адначасоваму гучанню слоў і музыкі. Вось як гэта выказвае Ёзаф Юнгман:

Такім чынам, пацалунак спакою перадаецца так, каб ён паходзіў ад алтара і, перадаваўся далей “іншым і народу”, нібы пасланне або дар, які паходзіць з Сакра­мэнту [16].

Гэтая практыка добра акрэслена ў Пантыфікалах Х ст. У кантэксце нячастага прыняцця святой Камуніі ў тыя часы сімволіка благаслаўлення, якое перадаецца вернікам ад Найсвяцейшага Сакрамэнту на алтары, мела асаблівае значэнне.

10. Адпаведна, у такім выпадку няма пагрозы, што спакой, пра які ідзе гаворка ў гэтым абрадзе, будзе пераблытаны з простай свецкай супольнай гармоніяй: гэта менавіта спакой Хрыстовы; ён паходзіць ад Найсвяцейшага Сакрамэнту, які ў гэты момант прысутнічае на алтары.

11. Ва ўсіх абрадах Касцёла пацалунак прайшоў праз працэс стылізацыі і зрабіўся пакло­нам або пацалункам пальцаў, як у некаторых Усходніх Касцёлах. На Захадзе ён стаў жэстам абдымкаў, якія сёння маюць месца ў надзвычайнай форме, а ў Англіі ў парафіяльных касцёлах пачало прымяняцца элегантнае рашэнне з выкарыстаннем аскуляторыя [17], якое пазней распаўсюдзілася на кантынентальную Еўропу і трапіла ў Рымскі Імшал 1570 года. Часам замест аскуляторыя выкарыстоўвалася распяцце або рэлікварый.

12. Аскуляторый дазволіў перадаваць спакой паміж асобамі рознага полу, што ў іншым выпадку было забаронена (хіба што за выключэннем маладых падчас шлюбнай Імшы) [18].

13. У наступныя стагоддзі ў большасці краін непасрэдны ўдзел вернікаў у абрадзе спа­кою, для якога вельмі добра надаваўся аскуляторый, пачаў прыходзіць у заняпад [19]. Даследчык літургіі Палікарп Радо сцвярджае, што гэта адбылося з меркаванняў гігіе­ны [20]. Іншай практычнай прычынай здаецца тое, што практыка перадачы аскуляторыя паводле сацыяльнага статусу вернікаў прыводзіла да непрыемных дыскусій наконт першынства [21]. Сёння на выкарыстанне аскуляторыя не хапае часу, таму што большасць вернікаў падчас Імшы прыступае да Камуніі [22].

Пытанне ўдзелу і прапановы рэформы

14. Непасрэдны ўдзел вернікаў у перадачы спакою можа прывесці да замяшання, як было апісана вышэй. Адпаведная праблема таксама мае месца ў звычайнай форме рымскага абраду. Яна абмяркоўвалася на сінодзе біскупаў у 2007 г. [23], і да Кангрэгацыі Божага культу была скіравана просьба разгледзець прапанову, звязаную з пераносам знака спакою ў аферторый, каб пазбегнуць гэтага замяшання.

15. Аднак жа, як было паказана вышэй, у надзвычайнай форме больш відавочна, чым у звычайнай форме, спакой звязаны з Найсвяцейшым Сакрамэнтам як крыніцай спакою. Св. Альфонс Лігуоры так піша пра гэта:

Перад удзяленнем спакою святар цалуе алтар, каб паказаць, што ён не можа даць спакой, калі спачатку не прыме яго ад Езуса Хрыста, Які прысутнічае на алтары [24].

Пацалунак алтара побач з Гостыяй і патэнай з’яўляецца першым звяном ланцужка, у якім спакой Хрыстовы перадаецца святарам і іншым асобам у прэзбітэрыі.

16. Надзвычайная форма здольная захаваць гэтую важную і старажытную сімволіку, не ствараючы пагрозы замяшання, калі вернікаў будуць заахвочваць духоўна яднацца з жывой і прыгожай цырымоніяй паміж святарамі ў прэзбітэрыі. Усялякі фізічны знак спакою з’яўляецца сімвалам. Адпаведна паўстае пытанне, ці будзе вернікам лепш засвойваць сімвалічны жэст, які робяць святары, ці рабіць свой уласны сімвалічны жэст. Паміж гэтымі дзвюма магчымасцямі менш розніцы, чым магло б здавацца на першы погляд.

17. Такое развіццё з’яўляецца прыкладам распаўсюджанага феномена ў гісторыі літургіі: па-першае, абрады і цырымоніі зводзяцца да сімвалічна неабходнага мінімуму; па-другое, абрады, у якіх раней удзельнічалі вернікі, цяпер выконваюцца выключна духавенствам ад імя вернікаў. Некаторыя лічаць такую тэндэнцыю вартай шкадавання, аднак Папа Пій ХІІ нагадвае нам, што архаічным літургічным практыкам не заўсёды трэба аддаваць перавагу перад больш развітымі формамі, паколькі развіццё адбылося пад кіраўніцтвам Божага провіду [25].

18. Рымскі абрад часта захоўвае архаічныя цырымоніі ў скарочаным выглядзе або нават у форме следу, што дазваляе сцісла выказаць значэнне ўсяго абраду і нагадаць нам пра яго старажытнасць. Такія сціснутыя значэнні з’яўляюцца лекам супраць банальнасці: найменшыя аспекты надзвычайнай формы, падобна як дэталі вялікіх прац мастацтва, перапоўнены сэнсамі.

Заключэнне

19. Абрад спакою ў надзвычайнай форме з’яўляецца найважнейшым момантам з шэрагу сітуацый, калі цэлебрант перадае вернікам спакой Хрыста, прадстаўленага алтаром, які святар і цалуе. Гэта мае асаблівае значэнне, паколькі ў гэты момант на алтары пад выглядам кансэкраванай Гостыі прысутнічае Божае Ягня.

20. Пацалунак спакою, якім абменьваюцца святары і іншыя асобы, з’яўляецца навочным і красамоўным выразам таго, што адбываецца ў гэты момант, выразам спакою, які выпраменьваецца на вернікаў. У гэтым кантэксце на цэнтральную ідэю спакою, які паходзіць ад Хрыста, абапіраюцца іншыя аспекты: зацвярджэнне здзейсненых таямніц, узаемнае паяднанне і падрыхтоўка да прыняцця святой Камуніі.

21. Няспыннае выкарыстанне аскуляторыя ў некаторых месцах і рэлігійных ордэнах, якое абмяркоўваецца ў Дадатку, дэманструе законную разнастайнасць у надзвычайнай форме і ўказвае на захаванне старых звычаяў у пэўных кантэкстах. Такія звычаі з’яўляюцца часткай аўтэнтычнай літургічнай культуры адпаведных рэгіёнаў і ордэнаў, і іх трэба захоўваць і развіваць пры любой магчымасці.


Дадатак: Аскуляторый

Аскуляторый (лац. osculatorium, instrumentum pacis, ісп. portapaz [26]) — гэта дэкарыраваная срэбраная пласцінка з ручкай. Яна, аднак, можа мець розныя формы і часам нават заключае ў сабе рэліквіі. У Сярэднявеччы аскуляторыі часта рабілі з дрэва і наносілі на іх абразы. Больш сучасныя прыклады маюць пазалоту і лакіраваны абраз. Таксама ў якасці аскуляторыя могуць выкарыстоўвацца распяцці і абразы [27].

Выкарыстанне аскуляторыя ў надзвычайнай форме рымскага абраду трэба разгледзець у трох кантэкстах: па-першае, проста ў рымскім абрадзе; па-другое, у абрадах і звычаях пэўных рэлігійных ордэнаў; па-трэцяе, у звычаях і прывілеях Іспаніі і былой Іспанскай імперыі.

Першы аспект падсумаваны ў падручніку па рубрыках Джона О’Конэла “The Celebra­tion of Mass”:

“Вышэйшым” прэлатам, прысутным на ціхай Імшы, духавенству на спяванай Імшы і свецкім асобам вышэйшага статусу, прысутным на ўрачыстай Імшы або ціхай Імшы, пацалунак спакою перадаецца пры дапамозе instrumentum pacis [28].

Аскуляторый цалуе святар-асістэнт (на пантыфікальнай Імшы) або дыякан (на ўра­чыстай Імшы), які толькі што праз абдымкі (amplexus) атрымаў спакой ад цэлебранта. На ціхай Імшы яго цалуе цэлебрант адразу пасля цалавання алтара, а затым ён перадаецца тым, каго называе О’Конэл.

Што датычыцца другога аспекту, а менавіта абрадаў і звычаяў некаторых рэлігійных ордэнаў, то ў дадатак да сказанага вышэй аскуляторый выкарыстоўваецца для перадачы спакою прыслугоўваючым, а таксама членам супольнасці, прысутным у хоры падчас урачыстай Імшы. Тым самым ён дапаўняе або замяняе абдымкі, якія выконвае духавенства. Напрыклад, дамініканцы не выконваюць amplexus увогуле. Літургіст Арчдэйл Кінг абмяркоўвае гэтае пытанне ў дачыненні да картузіянцаў [29], прэманст­рантаў [30] і дамініканцаў [31]. Таксама дамініканцы выкарыстоўвалі і ў некаторых месцах працягваюць выкарыстоўваць аскуляторый у ціхай Імшы [32]. Юнгман згадвае, што капуцыны выкарыстоўвалі аскуляторый у нядзелі і важныя святы [33].

Звычаі Іспаніі і Іспанскай імперыі, у дадатак да таго, што сказана ў працы О’Конэла, апісвае “Manual de Liturgia” кс. Грэгорыа Марцінэса дэ Антаньяны CMF. Вось заўвагі наконт ціхай Імшы:

Увогуле яго можна перадаваць усім вернікам. (…) Аднак у любым выпадку прынцам і асобам той жа годнасці ён перадаецца праз amplexus. (…) У Іспаніі існуе прывілей, згодна з якім акаліт прыносіць спакой асобам у хоры пры дапамозе аскуляторыя [34].

Іншымі словамі, на ціхай і спяванай Імшы выкарыстанне аскуляторыя можа распаўсюджвацца таксама і на вернікаў, тады як абдымкі належаць толькі асобам высокай годнасці. Такі звычай існаваў у Іспаніі і яе былых уладаннях. Акрамя таго, “прывілей Пія V” дазваляе акаліту пры дапамозе аскуляторыя перадаваць спакой духавенству ў хоры, як гэта робіцца ў згаданых рэлігійных ордэнах.

Прапанова вернікам аскуляторыя ў Іспаніі і на былых іспанскіх тэрыторыях з’яўляецца важным прыкладам захавання сярэднявечнай практыкі Англіі і іншых краін. Сёння, калі часу нестае, аскуляторый пры неабходнасці можна падаць толькі пэўнай прадстаўнічай колькасці асобаў, напрыклад тым, хто знаходзіцца ў першым шэрагу, або першай асобе з кожнай лаўкі.


[1] “Пан з вамі”. На гэта даецца адказ: “Et cum spirito tuo” (“І з духам тваім”). Калі Імшу цэлебруе біскуп, то першы раз ён кажа: “Pax vobis” (“Супакой вам”). Адказ даецца той жа.

[2] “Benedicat vos omnipotens Deus, Pater, et Filius, et Spiritus Sanctus”. (“Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы”.) На гэта даецца адказ “Амэн”.

[3] “Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі”. — “І з духам тваім”.

[4] Калі Імшу цэлебруе біскуп, ён перадае спакой святару-асістэнту, а затым (калі яны не прымаюць Камунію) дыякану і субдыякану. Святар-асістэнт перадае спакой духавенству ў хоры, а затым цырыманіярыю.

[5] Гл. Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, 82: “Што датычыць перадачы самога знаку супакою, то яго спосаб вызначаюць Канферэнцыі Біскупаў згодна з характэрнымі рысамі і звычаямі народаў. Але належыць, каб кожны памяркоўна выказваў супакой толькі бліжэйшым да сябе”. (“Ad ipsum signum pacis tradendæ quod attinet, modus a Conferentiis Episcoporum, secundum ingenium et mores populorum, statuatur. Convenit tamen ut unusquisque solummodo sibi propinquioribus sobrie pacem significet”.)

[6] Поціск рукі замест абдымкаў або цалавання аскуляторыя не сумяшчаецца з практыкай надзвычайнай формы, бо цэлебрант трымае вялікія і ўказальныя пальцы злучанымі ад моманту кансэкрацыі Гостыі да заканчэння Камуніі, калі ён абмывае гэтыя пальцы віном і вадою. Гэтая практыка адлюстроўвае дбанне аб тым, што да пальцаў могуць прыстаць дробныя часцінкі Гостыі. Адмысловае абмыванне пальцаў (у дадатак да ачышчэння келіха) пачынае ўваходзіць у лацінскую літургічную традыцыю з пачатку VIII ст. (Гл. Josef Jungmann, “The Mass of the Roman Rite: its origins and development”, англ. выд.: New York, Benzinger Brothers, 1955, т. II, с. 417.) У Імшале 1970 года абмыванне пальцаў цэлебранта пасля Камуніі прапушчана. Рубрыкі, якія загадваюць святару трымаць пальцы злучанымі, можна бачыць у самых ранніх друкаваных Імшалах канца XV ст.

[7] Арчдэйл Кінг паказвае, што ва ўсіх кельцкіх мовах звычайнае слова “пацалунак” паходзіць ад лацін­скага “pax” праз асацыяцыю з літургічным пацалункам (Archdale A. King, “Liturgies of the Past”, London: Longmans, 1959, с. 270).

[8] Абмеркаванне апошніх даследаванняў, у якіх ставіцца пад пытанне разуменне гістарычнага развіцця, прапанаванае Ёзафам Юнгманам і іншымі, гл. Robert Cabié, “The Eucharist”, перакл. Matthew J. O’Connell, Collegeville: The Liturgical Press, 1986, с. 113–115 (ІІ т. сер. “The Church at Prayer” пад рэд. A. G. Martimort).

[9] Юстын Мучанік, “Апалогія першая”, 65.

[10] Псеўда-Герман, “Expositio brevis antiquae liturgiae gallicanae ‘De Sono’” (PL 72.93D-94A). Урывак працяг­ваецца наступным чынам: “…і каб той, хто заплямлены нейкай нязгодай, мог хутка вярнуцца да ласкі або папрасіць прабачэння ў свайго суседа, каб не апынуцца ў кампаніі Здрадніка, удзяліўшы фальшывы спакой. Таму таксама прыняцце Эўхарыстыі або ўдзяленне благаслаўлення можа быць значна больш плённым, бо Хрыстус бачыць, што сэрцы знаходзяцца ў спакоі, а Ён загадаў сваім вучням, калі ўзыходзіў на неба: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам” (Ян 14:27), і няхай па гэтым усе пазнаюць, што вы мае вучні: любіце адзін аднаго”. (“Pacem autem ideo Christi mutuo proferunt ut per mutuo ósculo teneant  in se caritatis affectum, et qui aliqua fuscatur discordia, cito recurrat ad gratiam vel petat proximo veniam, ne pacem falsam dando incurrat proditoris consortium, et tantum melius proficiat Eucharistia suscepta vel benedictio tradita quantum Christus conspicerit pacifica esse corda quia ipse mandavit discipulis caelos ascendens pacem relinquo vobis pacem meam do vobis (Joan xiv 27) et in hoc cognoscent omnes quod discipuli mei estis si vos invicem dilexeritis”.) Гэты ўрывак часткова цытуецца ў выд. Archdale King, op. cit., с. 171. Кінг таксама цытуе калекту на свята Аб’яўлення з Missale Gothicum: “ut osculum quod in labiis datur in cordibus non negatur” (“каб пацалунак, які перадаецца вуснамі, не знаходзіў супярэчання ў сэрцах”).

[11] “Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі дар свой”. (“Si ergo offeres munus tuum ad altare, et ibi recordatus fueris quia frater tuus habet aliquid adversum te: relinque ibi munus tuum ante altare, et vade prius reconciliari fratri tuo: et tunc veniens offeres munus tuum”.)

[12] Jungmann, op. cit., т. II, с. 322. Гіпаліт адзначаў, што ён знаходзіцца пасля малітвы вернікаў, тады як Аўгустын і Тэртуліян ставяць яго пасля “Pater noster”. Арчдэйл Кінг мяркуе, што рымская практыка магла прыйсці ў адпаведнасць з афрыканскай, калі ў Рыме скасавалі малітву вернікаў. Гл. Archdale A. King, “Liturgy of the Roman Church”, London: Longmans, 1957, с. 360-361.

[13] Св. Інакенцій І, Ліст да Дэцэнцыя, біскупа Губіа, Epistula 25.1.4 (PL 20.553A). Літаральны пераклад больш працяглага фрагмента: “Ты кажаш, што некаторыя святары загадваюць спакой народу перад здзяйсненнем таямніц або што яны перадаюць яго адзін аднаму, хоць нават спакой абавязкова павінен абвяшчацца пасля ўсіх тых рэчаў, якія мне не трэба згадваць яўна, паколькі ім [г. зн. спакоем] паказваецца, што людзі далі сваю згоду на ўсё, што зроблена ў таямніцах і адсвяткавана ў касцёле, і іх здзяйсненне паказваецца знакам заключэння спакою”. (“Pacem igitur asseris ante confecta mysteria quosdam populis imperare vel sibi inter se sacerdotes tradere cum post omnia, quae apperire non debeo, pax sit necessario indicenda, per quam constet populum ad omnia, quae in mysteriis aguntur atque in ecclesia celebrantur, praebuisse consensum, ac finita esse pacis concludentis signáculo demonstrentur”.) Таксама ў гэтым лісце св. Інакенцій І сцвярджае, што рымская практыка перадачы спакою ў гэты момант Імшы з’яўляецца “апостальскай традыцыяй”.

[14] Мц 6:12: “І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым” (“Et dimitte nobis debita nostra, sicut et nos dimittimus debitoribus nostris”).

[15] Jungmann, op. cit., т. II, с. 321, № 1-2. Юнгман цытуе св. Аўгустына як сведку афрыканскай практыкі, а таксама найстарэйшыя рымскія ordines.

[16] Jungmann, op. cit., т. II, с. 326.

[17] Jungmann, op. cit., т. II, с. 328–329. Юнгман цытуе англійскія дыяцэзіяльныя статуты 1248 г. Лічыцца, што аскуляторый з’явіўся каля 1000 г. у англійскіх кляштарах. Гл. Maxwell E. Johnson, “The Eucharistic Liturgies: Their Evolution and Interpretation”, Alcuin Club Collections, № 87, London: SPCK, 2012, с. 215.

[18] Jungmann, op. cit., т. II, с. 327. Аднак у ранейшыя часы мужчыны і жанчыны зазвычай сядзелі па розныя бакі ад навы; такую практыку рэкамендуе Кодэкс кананічнага права 1917 года (кан. 1262.1).

[19] Выключэнні гл. у Дадатку.

[20] Polycarpus Radó OSB, “Enchiridion Liturgicum”, Herder, 1961, том ІІ: “у вельмі многіх месцах ён прыйшоў у заняпад, перадусім з-за гігіенічных прычын” (“plerisque locis nunc in desuetudinem abiit, praecipue ob rationes hygienicas”). Варта адзначыць, што ў звычайнай форме знак спакою некалькі разоў забаранялі на час эпідэмій.

[21] Гл. Eamon Duffy, “The Stripping of the Altars”, New Haven: Yale, 1992, с. 126–127. “У 1494 годзе старасты парафіі Усіх святых у Станінгу [Англія] падалі іск супраць Джааны Д’які за разбіты аскуляторый, які яна кінула на падлогу, “таму што іншая жанчына пацалавала яго перад ёю”. У дзень Усіх святых 1522 года спадар Джон Браўн з парафіі ў Тэйдан-Гарноне ў Эсэксе, пацалаваўшы аскуляторый на парафіяльнай Імшы, ударыў ім па галаве Рычарда Понда, які прыслугоўваў пры святой вадзе і які падаў яму яго, з-за чаго “струмені крыві пацяклі на падлогу”. Браўн быў раз’юшаны, што спакой спачатку перадалі Фрэнсісу Хэмдэну і ягонай жонцы Марджэры нягледзячы на тое, што ў мінулую нядзелю ён папярэджваў Понда: “Калі ты не падасі мне спакою першаму, я зламаю яго аб тваю галаву”.

[22] О’Конэл тлумачыць, якім чынам у такіх выпадках павінен выкарыстоўвацца аскуляторый: “Калі пацалунак спакою неабходна перадаць вялікай колькасці асобаў, гэты абрад павінен скончыцца перад тым, як цэлебрант праспявае “Dominus vobiscum” перад малітвай пасля Камуніі (J. B. O’Connell, “The Celebration of Mass: a study of the Rubrics of the Roman Missal”, 4-е выд., Milwaukee: The Bruce Publishing Company, 1963)”. Здаецца, ён каментуе той выпадак, калі на Імшы ўвогуле няма Камуніі вернікаў, якой сапраўды не было на працягу многіх стагоддзяў, таму што вернікі прыступалі да яе альбо толькі на вялікія святы, альбо па-за Імшою.

[23] Бенедыкт XVI, паслясінадальная адгартацыя Sacramentum caritatis (2007), 49: “Аднак, у сувязі з гэтым падчас Сіноду Біскупаў звернута была ўвага на стрыманасць гэтага жэсту, каб не быў празмерна выражаны, ствараючы некаторае замяшанне ў сходзе вернікаў адразу перад св. Камуніяй. Пажадана прыпомніць, што для захавання належнай атмасферы стрыманасць у гэтым жэсце неабходна. Гэта не зменшыць яго вялікай каштоўнасці. Неабходна абмяжоўвацца, напрыклад, перадачай знаку супакою тым, хто стаіць побач”. (“Synodo Episcoporum, opportunitas est considerata moderandi hunc gestum, qui nimium pondus assumere potest, quandam confusionem gignens inter fideles et quidem ante ipsam Communionem. Probe est asseverandum quemadmodum huius actus praestantiae nihil detrahat sobrietas, necessaria ad servandum idoneum celebrationis spiritum, exempli gratia, cum efficitur ut mutuum signum pacis detur solummodo personae proximae”.)

[24] Цыт. па выд. Thomas Crean OP, “The Mass and the Saints”, Oxford: Family Publications, 2008, с. 180. Цытата паходзіць з твору св. Альфонса Лігуоры “Ахвяра Езуса Хрыста”.

[25] Пій ХІІ, энцыкліка Mediator Dei (1948), 61: “Несумненна, літургія старажытных часоў годная ўсялякай пашаны. Але старажытны звычай не павінен лічыцца больш падыходзячым ці адпаведным, ці то сам па сабе, ці то дзеля свайго значэння для пазнейшых часоў і новых сітуацый, па той толькі прычыне, што ён нясе смак і пах старажытнасці. Больш новыя літургічныя абрады таксама заслугоўваюць пашаны. Яны таксама абавязаныя сваім натхненнем Святому Духу, Які дапамагае Касцёлу ў кожныя часы аж да сканчэння веку. Гэта таксама крыніцы, якія велічная Нявеста Езуса Хрыста выкарыстоўвае для закладання і развіцця святасці чалавека”. (“Utique vetustae aetatis Liturgia veneratione procul dubio digna est; verumtamen vetus usus, non idcirco dumtaxat quod antiquitatem sapit ac redolet, aptior ac melior existimandus est vel in semet ipso, vel ad consequentia tempora novasque rerum condiciones quod attinet. Recentiores etiam liturgici ritus reverentia observantiaque digni sunt, quoniam Spiritus Sancti afflatu, qui quovis tempore Ecclesiae adest ad consummationem usque saeculorum, orti sunt; suntque iidem pariter opes, quibus inclita Iesu Christi; Sponsa utitur ad hominum sanctitatem excitandam procurandamque”.)

[26] Іншыя назвы: англ. paxbrede (pax-brede, paxbred), paxboard; лац. pacificale, paciferum, pax, tabula ad pacem, asser ad pacem.

[27] Polycarpus Radó, op. cit., т. II, с. 1440: “Многія прылады для перадачы спакою прадстаўляюць сабою таблічкі, упрыгожаныя абразом Хрыста ці рэліквіямі святых. Некаторыя з іх зроблены яшчэ больш элегантна, у выглядзе заалтарнай перагародкі, а яшчэ іншыя — у выглядзе шчыта або медальёна. Чацвёртым відам прылады спакою з’яўляецца распяцце, якое называецца пацыфікалам. Яго рабілі з дрэва, а часта і з каменя, слановай косці, срэбра, золата або іншага металу”.

[28] J. B. O’Connell, “The Celebration of Mass: a study of the Rubrics of the Roman Missal”, 4-е выд., Milwaukee: The Bruce Publishing Company, 1963, с. 430.  Пар. Ritus servandus (1962), X, 3.

[29] Archdale King, “Liturgies of the Religious Orders”, London: Longmans, 1955, с. 53.

[30] Ibid., с. 218, 223.

[31] Ibid., с. 388.

[32] Арчдэйл Кінг кажа, што такі звычай захоўвае іспанская правінцыя (ibid.). Сёння ён мае месца ў аўстралійскай правінцыі і ў Брацтве св. Вінцэнта Ферэра (Fraternité Saint-Vincent-Ferrier, FSVF), якое карыстаецца дамініканскім абрадам.

[33] Jungmann, op. cit., с. 330, № 47.

[34] Gregorio Martínez de Antoñana, “Manual de Liturgia”, с. 419, зноска 1.

Пакінуць каментар

Scroll Up