18.02.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Гісторыя перыяду Перадпосця🕑 7 хвілін

Перадпосце — гэта тры тыдні, якія непасрэдна папярэднічаюць Вялікаму посту. Яно з’яўляецца адным з асноўных перыядаў літургічнага года і дадаткова дзеліцца на тры часткі, кожная па тыдні: першая называецца Сямідзясятніцай (Septuagesima), другая — Шасцідзясятніцай (Sexagesima), а трэцяя — Пяцідзясятніцай (Quinquagesima[1].

Усе тры назвы бяруць паходжанне ад сваёй лічбавай сувязі з Вялікім постам, які на касцёльнай мове называецца Чатырыдзясятніцай (Quadragesima), таму што да вялікага свята Пасхі мы рыхтуемся на працягу сарака дзён. Словы “Сямідзясятніца”, “Шасцідзясятніца” і “Пяцідзясятніца” паказваюць нам, што вялікая ўрачыстасць ужо віднее на гарызонце і змушаюць нас скіраваць усе свае думкі, імкненні і пабожныя дзеянні на гэтую мэту.

Вось жа, да свята Пасхі неабходна падрыхтавацца саракадзённым перыядам засяроджанасці і пакуты. Гэтыя сорак дзён з’яўляюцца адным з галоўных перыядаў літургічнага года і вельмі магутным сродкам, які Касцёл выкарыстоўвае для таго, каб абудзіць у сэрцах сваіх дзяцей дух хрысціянскага паклікання. Надзвычай неабходна, каб гэты час ласкі здзейсніў у нашых душах сваю працу, аднавіўшы ў нас духоўнае жыццё. Таму Касцёл устанавіў падрыхтоўку да святога часу Вялікага посту. Ён дае нам тры тыдні Перадпосця, падчас якіх, наколькі гэта магчыма, адцягвае нас ад шумнага свету, каб глыбей падзейнічала тое ўрачыстае папярэджанне, якое ён дае нам у пачатку посту, пазначаючы нашыя галовы попелам.

У раннія стагоддзі хрысціянства гэтыя ўводзіны да перыяду Вялікага посту не былі вядомыя: верагодна, іх першапачаткова ўстанавілі ў Грэцкай Царкве. Акрамя шасці нядзеляў Вялікага посту, у якія, паводле паўсюднага звычаю, вернікі ніколі не пасцілі, грэцкая практыка забараняла таксама пасціць ў суботы. Адпаведна, іхні пост быў на дванаццаць дзён карацейшы за тыя сорак дзён, якія наш Збаўца пасціў у пустыні. Каб нагнаць гэтую розніцу, ім прыходзілася пачынаць пост на столькі ж дзён раней, пра што мы яшчэ скажам у нашым наступным томе.

Рымскі Касцёл не меў прычыны пачынаць пакутны перыяд раней за свой час, бо ад самай ранняй старажытнасці ён адзначаў суботы Вялікага посту як посныя дні (як і суботы астатняй часткі года, калі таго патрабавалі абставіны). У адной са сваіх гамілій св. Грыгорый Вялікі згадвае, што ў пачатку VI ст. пост займаў менш за сорак дзён з-за нядзеляў, якія прыпадаюць на гэты перыяд. “Ад гэтага дня (І нядзелі Вялікага посту) да радаснага свята Пасхі — шэсць тыдняў, гэта значыць сорак два дні. Паколькі мы не захоўваем пост у шэсць нядзеляў, застаецца трыццаць шэсць посных дзён… якія мы ахвяруем Богу як дзесяціну ад нашага года” [2]. Адпаведна, ужо пасля пантыфікату св. Грыгорыя да Вялікага посту дадалі яшчэ чатыры дні, каб лічба посных дзён складала дакладна сорак. Да ІХ ст. абавязак пачынаць Вялікі пост у Папяльцовую сераду існаваў ва ўсім Лацінскім Касцёле. Усе рукапісныя копіі сакрамэнтарыя св. Грыгорыя, дзе ёсць гэтая дата, называюць яе “In capite ieiunii”, г. зн. у дзень пачатку посту. Таксама Амалярый, які дэтальна апісвае кожны аспект літургіі ІХ ст., кажа нам, што ўжо тады існавала правіла пачынаць Вялікі пост за чатыры дні да І нядзелі Вялікага посту. Гэтую ж практыку пацвярджаюць два саборы, праведзеныя ў ІХ ст. [3] Аднак з павагі да ўкладу Божага Афіцыя, які стварыў св. Грыгорый, у кананічных гадзінах гэтых чатырох дзён Касцёл не робіць ніякіх істотных зменаў. Да Нешпараў суботы захоўваюцца рубрыкі, прадпісаныя для Пяцідзясятніцы, і толькі тады пачынаюцца посныя змены.

П’ер дэ Блуа, які жыў у ХІІ ст., апавядае пра тое, якой была практыка ў тыя часы. Ён кажа: “Усе кансэкраваныя асобы пачынаюць Вялікі пост у нядзелю Сямідзясятніцы; грэкі — у нядзелю Шасцідзясятніцы; духавенства — у нядзелю Пяцідзясятніцы; а астатнія хрысціяне, якія фарміруюць ваюючы Касцёл на зямлі, пачынаюць пост у сераду, што наступае пасля нядзелі Пяцідзясятніцы” [4]. Як бачна з гэтых словаў, секулярнае духавенства пачынала Вялікі пост крыху раней за свецкіх асобаў, хоць розніца і складала ўсяго два дні — панядзелак і аўторак (гэта мы бачым з жыцця св. Ульрыка, біскупа Аўгсбурга, напісанага ў Х ст.). Клермонцкі сабор (1095 г.) пад кіраўніцтвам Папы Урбана ІІ пастанавіў, што духавенства абавязана пачынаць устрыманне ад мяса ў нядзелю Пяцідзясятніцы. І сапраўды гэтая нядзеля называлася “Dominica carni privii” або “carnis privium sacerdotum”, г. зн. нядзеля карнавалу святароў. Аднак разумець гэта трэба так, што ў гэтую нядзелю рабілася абвестка, што ўстрыманне павінна пачацца на наступны дзень. Мы таксама ўбачым, што падобны звычай захоўваўся ў тры перадпосныя нядзелі ў Грэцкай Царкве. Як бачна з пастановаў сабору ў Анжэ, гэты закон, які патрабаваў ад духавенства двух дадатковых дзён устрымання, дзейнічаў у ХІІІ ст. Ён жа пагражаў забаронай у служэнні ўсім святарам, якія праз занядбанне не пачнуць Вялікі пост у панядзелак пасля Пяцідзясятніцы.

Гэтая практыка, аднак, была хутка адкінута, і ў XV ст. секулярнае духавенства і нават манахі пачыналі пост у Папяльцовую сераду, разам з іншымі вернікамі.

Несумненна, першапачатковай прычынай заўчаснага пачатку Вялікага посту, які пасля некалькіх зменаў стаў пачынацца за чатыры дні да І нядзелі, з’яўляецца жаданне пазбегнуць прэтэнзій з боку грэкаў, якія маглі б сказаць, што лаціняне не посцяць дакладна сорак дзён. Ратамн у сваёй “Палеміцы з грэкамі” так пра гэта і кажа. Аднак Лацінскі Касцёл не палічыў неабходным яшчэ больш паказваць сваю паблажлівасць і імітаваць грэцкія перадпосныя звычаі, якія, як мы заўважылі вышэй, паходзілі з усходняга звычаю не пасціць у суботы [5].

Такім чынам, Рымскі Касцёл сваім апярэджваннем Вялікага посту на чатыры дні ўстанавіў працягласць гэтага святога перыяду роўнай сарака дням, наследуючы саракадзённы пост нашага Збаўцы ў пустыні. Застаючыся верным свайму старажытнаму ўспрыманню суботы як дня, адпаведнага для пакутных практыкаванняў, Касцёл з радасцю запазычыў у Грэцкай Царквы звычай падрыхтоўкі да Вялікага посту, надаючы літургіі трох папярэдніх тыдняў адценне святога смутку. Яшчэ ў пачатку ІХ ст., як апісвае Амалярый, у набажэнствах Перадпосця апускаліся “Аллелюя” і “Gloria in excelsis”. Манахі падпарадкаваліся гэтаму ўвядзенню, хоць правіла св. Бенедыкта прадпісвала іншае. Нарэшце, у другой палове ХІ ст. Папа Аляксандр ІІ ўстанавіў поўнае скасаванне “Аллелюя” ў якасці паўсюднай нормы, якая прымянялася ад Нешпараў суботы, што папярэднічала нядзелі Сямідзясятніцы. Гэты Папа ўсяго толькі паўтараў той жа наказ, які раней у гэтым стагоддзі санкцыянаваў і дадаў у корпус кананічнага права [6] Папа Леў ІХ.

Так пасля многіх зменаў гэты важны перыяд з’явіўся ў літургічным календары Касцёла. Яго існаванне працягваецца ўжо тысячу гадоў. Назва “Сямідзясятніца”, як мы ўжо адзначалі, указвае на лічбавую сувязь з Чатырыдзясятніцай, хоць насамрэч ад нядзелі Сямідзясятніцы да Пасхі не 70 дзён, а толькі 63. Пра таямніцу гэтай назвы мы пагаворым у наступным раздзеле. Першая нядзеля Вялікага посту называецца Чатырыдзясятніцай, а кожная папярэдняя нядзеля дадае да лічбы 40 яшчэ дзясятак: найбліжэйшая называецца “Пяцідзясятніцай”, наступная — “Шасцідзясятніцай”, а трэцяя — “Сямідзясятніцай”.

Паколькі дата Сямідзясятніцы залежыць ад даты святкавання Пасхі, яна можа прыпадаць раней ці пазней у залежнасці ад перасоўвання гэтага вялікага свята. Дні 18 студзеня і 22 лютага называюцца “ключамі Сямідзясятніцы”, таму што гэтая нядзеля не можа прыпадаць раней за першую дату і пазней за другую.


[1] Сёння ў нашай мове Пяцідзясятніцай найчасцей называюць Спасланне Духа Святога. Паколькі для назвы нядзелі Quinquagesima няма іншага ўдалага адпаведніка, нам прыходзіцца выкарыстоўваць тое самае слова і для яе. Гэта варта ўлічваць, каб пазбегнуць блытаніны. — Заўв. перакл.

[2] Шаснаццатая гамілія на Евангеллі.

[3] У гарадах Мо і Суасон.

[4] Казанне 13.

[5] Галіканская літургія захавала некаторыя звычаі Усходніх Касцёлаў, якім яна часткова абавязана сваім паходжаннем. Адпаведна, у Галіі звычай посту і ўстрымання ў суботы ўводзіўся не без пэўных цяжкасцяў. Пакуль касцёлы ў гэтым краі не прынялі рымскі звычай у дадзеным элеменце дысцыпліны, ім прыходзілася пачынаць Вялікі пост раней. Першы Арлеанскі сабор, які праходзіў у пачатку VI ст., наказаў вернікам захоўваць перад Пасхай Чатырыдзясятніцу, а не Пяцідзясятніцу, каб, па словах Сабору, “захоўвалася еднасць звычаю”. Пад канец таго самага стагоддзя ў тым жа горадзе прайшоў чацвёрты Сабор, які паўтарыў гэтую забарону і растлумачыў матывы, якія стаялі за ёй, удакладніўшы, што суботы Вялікага посту павінны быць поснымі днямі. Перад гэтым Аранжскія саборы ў 511 і 541 гг. змагаліся з той жа практыкай і таксама не дазвалялі вернікам пачынаць пост у нядзелю Пяцідзясятніцы. Калі стараннямі Піпіна і Карла Вялікага ў Францыі была ўведзена рымская літургія, субота ў гэтай краіне нарэшце была ўстаноўлена ў якасці пакутнага дня, а пачатак Вялікага посту перастаў прыпадаць на нядзелю Пяцідзясятніцы (акрамя як для духавенства, пра што мы сказалі вышэй). У ХІІІ ст. адзіным мясцовым Касцёлам, які пачынаў адзначаць Вялікі пост раней за Рымскі Касцёл, быў Касцёл у Польшчы: там пост пачынаўся ў панядзелак пасля Сямідзясятніцы. Гэта было звязана са звычаямі Грэцкай Царквы, якая тады была вельмі распаўсюджана ў гэтай краіне. У 1248 г. Папа Інакенцій IV скасаваў гэты звычай і для Польшчы.

[6] Cap. Hi duo. De consec. Dist. 1.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Christmas, vol. I, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1886.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up