13.02.2019 / Peter Kwasniewski

Ці варта святару прапаноўваць старажытную форму Імшы вернікам, якія пра яе не просяць?🕑 8 хвілін

Пачнём з найбольш відавочнай рэчы, пра якую ўсё ж трэба сказаць. Згодна з апостальскім пасланнем Summorum Pontificum, калі самі вернікі просяць аб традыцыйнай лацінскай Імшы, пробашч павінен альбо арганізаваць ім яе, альбо прынамсі стварыць умовы, каб яе мог служыць іншы святар. Яму не дазволена проста сказаць “не”. Ён можа сказаць: “Так, але спачатку мне трэба навучыцца” (і тады вернікі, падрыхтаваўшыся загадзя, паабяцаюць яму пакрыць усе звязаныя з гэтым выдаткі) альбо “Так, але ў такой складанай сітуацыі — з новай пачатковай школай, служэннем у турме, з домам пажылых і нядаўняй смерцю вікарыя — я не змагу ёй навучыцца, таму я распытаюся навокал і пастараюся, каб гэтая Імша пачалася ў наступным месяцы”. І, зразумела, усё гэта пробашч будзе казаць з усмешкай і ўдзячнасцю за прыхільнасць сваіх вернікаў багатым традыцыям Каталіцкага Касцёла.

Але што рабіць у сітуацыі, калі людзі ў цэлым задаволены тым, што яны маюць? Яны прызвычаіліся да “звычайнай формы” і не ведаюць нічога іншага; яны не просяць больш ні пра што. Скажам нават, дзеля аргумента, гэтая парафія знаходзіцца ў верхняй частцы шкалы Ратцынгера і ўжо рэалізуе на практыцы ідэалы “рэформы рэформы”: прымае паставу ad orientem, выкарыстоўвае лацінскія і грыгарыянскія спевы, сакральную музыку, прыгожае літургічнае ўбранне, укленчвае на святую Камунію і гэтак далей. Ці ёсць чаго жадаць такой супольнасці? Ці ёсць нейкія прычыны для таго, каб пробашч сам увёў usus antiquior?

Так, на гэта ёсць дзве асноўныя прычыны.

Па-першае, гэта карысна для самога святара. Catholic World Report апублікаваў артыкул (адзін з многіх падобных артыкулаў у інтэрнэце), у якім мы знаходзім сведчанні святароў пра тое, які эфект аказала на іх цэлебрацыя usus antiquior і чаму яны знаходзяць яе такой хвалюючай. Адзін святар кажа: “Гэтая Імша з яе выкарыстаннем лацінскай мовы, жэстаў, арыентацыі алтара і малітваў, значна больш прыгожых, чым сёння, мае містычныя, сузіральныя і таямнічыя рысы”. Іншы святар заўважае: “Я — каталік з самага дзяцінства, і я ніколі не перажываў Імшы такім чынам. Нават не ўяўляў сабе, што такая Імша існуе. Я захапіўся ёю. Калі я служу традыцыйную Імшу, усё засяроджана не на мне, не на святары, а на Богу”. Трэці святар кажа: “Трыдэнцкая Імша змяніла мяне. Мне падабаецца гэтая пашана; яна дапамагла мне паглядзець на Імшу як на Ахвяру, а не просты ўспамін”.

Кожны вядомы мне святар, які цэлебруе традыцыйную лацінскую Імшу — а за апошнія гады я размаўляў з сотнямі такіх святароў — вельмі магутна, амаль што нутром адчувае веліч Найсвяцейшай Ахвяры Імшы і таямніцы святарства. Адбываецца гэта дзякуючы тым многім элементам літургіі, якія, на жаль, падчас рэформаў 1960-х гг. былі выдалены. У пачатку Імшы — сціплы падыход да алтара, напоўнены стрыманасцю і пабожнасцю, як і належыць пры выкананні справы Айца; затым шматлікія моманты, калі святар павінен пакланіцца або ўкленчыць, частыя пацалункі алтара і знакі благаслаўлення; выключная ўвага да значных дэталяў у паставе цела і душы; глыбокія малітвы аферторыя; пагружэнне ў цішыню Канона, настолькі востра засяроджанага на таямніцы, у якой прынясенне Хрыста ў ахвяру аднаўляецца ў нашай душы; дбанне, якое акружае кожны аспект, звязаны з Целам і Крывёю Пана (ад злучэння вялікага і ўказальнага пальца да стараннага абмывання келіха); малітва “Placeat tibi” і Апошняе Евангелле, якое зноў нагадвае нам пра маштабы таго, што адбылося — пра адкупленчае ўцелаўленне, якое адбываецца ўнутры нас. Як жа ўсё гэта можа не паўплываць на духоўнае жыццё святара, ведучы яго шляхам паклікання і асвячэння?

Другая прычына, чаму святару варта зрабіць старажытную форму Імшы даступнай нават тады, калі вернікі не прасілі пра яе, гэта духоўная карысць саміх вернікаў. Адзін са святароў у вышэйзгаданым артыкуле сказаў вось што: “Сёння 90 % каталікоў не мае досведу таго Касцёла, які існаваў да Другога Ватыканскага сабору. Яны не ведаюць пра традыцыйнае мастацтва, архітэктуру і літургію”. Ёзаф Ратцынгер не раз скардзіўся, што калі не ў тэорыі, то на практыцы дакладна адбыўся разрыў. Каталікі былі аддзелены ад традыцый Касцёла, ды і саму вернасць традыцыям пачалі разглядаць як пэўную здраду Другому Ватыканскаму сабору і таму новаму духу, які ён прынёс і які быццам бы меў заахвоціць сучасны свет і прынесці плёны новай евангелізацыі. Як здаецца, гэтага не адбылося, альбо прынамсі не ў тых маштабах, як таго жадалі ці абяцалі. Калі штосьці і прыйшло, то гэта заахвота скептычнага стаўлення да ўсяго дасаборнага і праметэева спакуса перайначыць Касцёл у адпаведнасці з найноўшымі прыхамацямі і тэорыямі.

Здаецца, найгоршы “мёртвы сезон” ужо скончыўся (прынамсі ў большасці месцаў), аднак Божы люд усё яшчэ пакутуе ад наступстваў гэтага паўсюднага выкаранення. Што можа дапамагчы яму зноў пусціць карані ў двухтысячагадовай глебе каталіцтва, як не ўзбагачэнне той формай культу, якая выхавала вялікіх святых Сярэднявечча, эпохі рэнесансу, эпохі барока і ўсяго трыдэнцкага перыяду, які працягваўся чатыры з паловай стагоддзі? Кажучы памятнымі словамі ліста Папы Бенедыкта XVI да біскупаў, “мы ўсе павінны захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца”.

Для вернікаў у парафіі такая Імша будзе толькі плюсам. Яна будзе развіваць іх у правільным накірунку. Яна дапаможна развіць новыя звычкі медытатыўнай і сузіральнай малітвы. Яна будзе моцным пацвярджэннем таго, што Імша з’яўляецца сапраўднай і належнай ахвярай. Яна ўмацуе іх у жаданні пакланяцца Найсвяцейшай Эўхарыстыі і ў павазе да службовага святарства (якая не з’яўляецца праявай клерыкалізму). Яна адкрые іхнія розумы на больш шырокі свет каталіцкай культуры і тэалогіі. Нарэшце, яна падтрымае спробы цэлебраваць Імшу Novus Ordo больш традыцыйным спосабам, паказаўшы, адкуль увогуле ўзялася ідэя “рэформы рэформы” — іншымі словамі, чаму мы робім пэўныя рэчы такім чынам, а не іншым.

Гэтую частку нашых разважанняў мы можам завяршыць важнымі словамі кардынала Дарыё Кастрыльёна Оёса, якія ён прамовіў, калі быў старшынёю Папскай камісіі “Ecclesia Dei”:

Дазвольце мне сказаць шчыра: Святы Айцец жадае, каб старажытны звычай Імшы зрабіўся нармальнай з’явай у літургічным жыцці Касцёла і каб усе хрысціянскія вернікі — маладыя і старыя — маглі пазнаёміцца са старэйшымі абрадамі і чэрпаць з іх намацальнай прыгажосці і трансцэндэнтнасці. Святы Айцец жадае гэтага як па пастырскіх, так і па тэалагічных прычынах (Лондан, 14 чэрвеня 2008).

Калі ў той жа дзень на прэс-канферэнцыі ў яго спыталіся, ці жадае Папа, каб многія звычайныя парафіі стварылі ўмовы для грыгарыянскага абраду, Яго Эмінэнцыя адказаў:

Усе парафіі. Не многія — усе парафіі, таму што гэта дар Бога. Ён прапануе гэтыя багацці, і новым пакаленням вельмі важна ведаць мінуўшчыну Касцёла. Гэты від малітвы настолькі шляхетны, настолькі прыгожы; гэта найглыбейшы тэалагічны выраз нашай веры. Малітва, музыка, архітэктура, мастацтва — усё гэта стварае цэльны скарб. Святы Айцец жадае прапанаваць гэтую магчымасць усім людзям. Не толькі некаторым групам, якія яе патрабуюць — але каб кожны ведаў гэты спосаб цэлебрацыі Эўхарыстыі ў Каталіцкім Касцёле.

Практычныя пытанні

І свецкія вернікі, і духавенства часта задаюць мне адно і тое ж пытанне: “Як трэба ўводзіць надзвычайную форму там, дзе яна яшчэ не існавала?” Мне здаецца, яны маюць на ўвазе пераважна практычныя аспекты: калі, як часта, з якімі суправаджальнымі мерапрыемствамі і падрыхтоўкай.

Я заўсёды даваў параду рабіць гэта паступова: пачынаць ціха (у сэнсе, без фанфараў), паставіўшы ў расклад адну Імшу ў месяц. Калі пра цэлебрацыю гэтай Імшы стане вядома і на яе пачне збірацца пэўная колькасць вернікаў, прапанаваць у гаміліях катэхезу для астатняй часткі парафіі і зрабіць ветлівае запрашэнне. Калі гэта ўдасца рабіць, а Імша пачне ўспрымацца як здзейснены факт, яе частату можна павялічыць да двух разоў у месяц або да адной Імшы ў тыдзень. У гэты момант святар становіцца на раздарожжы: калі ён лічыць, што парафія адкажа прыхільна і ягоную галаву на талерцы не прынясуць у курыю, ён можна пачаць служыць usus antiquior некалькі разоў на тыдзень. Мне прыходзілася бачыць парафіяльныя расклады, дзе традыцыйная Імша стаяла па аўторках, чацвяргах і суботах або ў нядзелю і нейкі будні дзень.

Калі казаць яшчэ больш канкрэтна, то часта добрым выхадам было прызначэнне традыцыйнай лацінскай Імшы на раніцу суботы, таму што ў касцёлах гэта ціхі час; адпаведна, існуе найменшая верагоднасць нарабіць замяшання. У некаторых парафіях суботняй ранішняй Імшы няма ўвогуле, таму з раскладу нічога не прыйдзецца выкідаць. Іншы варыянт — гэта першыя пятніцы і / або першыя суботы, таму што гэта ўсімі любімыя, але традыцыйныя дні пабожнасці. У гэтыя дні лацінская Імша можа разглядацца як натуральны элемент, як штосьці асаблівае да дня асаблівай малітвы. Адзін мой знаёмы пробашч увёў раз на месяц вечаровую Імшу толькі для мужчын і хлопцаў разам з адарацыяй, ружанцам і сяброўскім вечарам. У хуткім часе ён плануе ўвесці штомесячную вечаровую Імшу толькі для жанчын і дзяўчат.

Увядзенне традыцыйнай Імшы ў нядзелі і абавязковыя святы з’яўляецца адначасова самым важным крокам, але таксама самым цяжкім. Вельмі важна зрабіць гэта раней ці пазней, бо толькі так скарб старой літургіі зможа дасягнуць найбольшай колькасці вернікаў. Але гэта цяжка, таму што ў многіх месцах адзін святар вымушаны служыць вялікую колькасць Імшаў; да таго ж, існуе праблема, што парафіяне непрыхільна прымуць змены ў нядзельным раскладзе. Але і тут можна штосьці прадпрыняць. Калі ў раскладзе ўжо ёсць ціхая ранішняя Імша, можна паспрабаваць замяніць яе на традыцыйную ціхую Імшу, звярнуўшы ўвагу на тое, каб перад гаміліяй паўтараць чытанні на народнай мове. Калі ў раскладзе ёсць “сучасная моладзевая Імша”, чаму б не паспрабаваць дзікі эксперымент па новай евангелізацыі і не паставіць замест яе спяваную Імшу з грыгарыянскім спевам? Многія маладыя каталікі нудзяцца ад псеўда-поп-музыкі і незаўважнага спрашчэння, якое арганізатары літургіі лічаць неабходным для пакалення смартфонаў. Як заўсёды, частка моладзі можа перастаць прыходзіць, але іншыя ўбачаць у гэтым радыкальна новы досвед, які спадабаецца ім сваёй таямнічасцю. Прыйдуць новыя людзі і прывядуць з сабою новых людзей. Вынік можа быць цалкам паспяховым.

Кажучы пра ўсё гэта, я вельмі добра ўсведамляю рэаліі на месцы. Многія святары адчуваюць, што іхнія рукі звязаны з-за варожага стаўлення біскупа, курыі, святарскай супольнасці або парафіі да ўсяго традыцыйнага. Гэта жаласны аспект нашай упадніцкай сітуацыі, але гэта не тупік. У такіх выпадках святар усё адно атрымлівае карысць ад вывучэння usus antiquior, бо ён можа служыць старажытную Імшу прыватна раз на тыдзень у свой выходны дзень. Па ўжо згаданых прычынах гэта прынясе яму духоўную карысць, а таксама злучыць яго з багаццем традыцыі, палепшыць ягонае разуменне таго, што такое літургія і якім чынам яе трэба служыць у любым абрадзе і любой форме.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up