12.02.2019 / кард. Герхард Мюлер

Кардынал Герхард Мюлер. Маніфест веры🕑 9 хвілін

Ад рэдакцыі: 8 лютага былы прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры кардынал Герхард Мюлер апублікаваў “маніфест веры”, у якім, абапіраючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 1983 года, пералічыў асноўныя праўды каталіцкай веры. Матывацыяй для гэтага кроку, па словах кардынала, паслужыла тое, што “перад абліччам нарастаючага замяшання” многія вернікі, у тым ліку святары і біскупы, прасілі яго аб гэтым.

Магчыма, гэты дакумент кардынала Мюлера прайшоў бы незаўважаным, як і яго мінулыя нерашучыя спробы заняць пазіцыю ў дыскусіі вакол адгартацыі Amoris laetitia. Тым больш што раней, займаючы высокую пасаду, кардынал меў магчымасць і нават абавязак пісаць маніфесты веры, аднак гэтага не рабіў. Але змарнавацца справе не даў кардынал Вальтэр Каспер. які выступіў з рэзкай заявай на афіцыйнай старонцы канферэнцыі біскупаў Германіі і заявіў, што сваім маніфестам Мюлер распаўсюджвае “паўпраўды” і “асабістыя тэалагічныя погляды”, сеючы “замяшанне і схізму”. Ён таксама параўнаў Мюлера з Лютэрам.

Падтрымку ж кардыналу Мюлеру выказалі біскуп Джозэф Стрыкланд (Тайлер, штат Тэхас, ЗША), біскуп Томас Тобін (Провідэнс, штат Род-Айленд, ЗША) і біскуп Марыян Элеганці (Шур, Швейцарыя).

Афіцыйны тэкст даступны на некалькіх мовах, у тым ліку на польскай. Ніжэй мы прыводзім неафіцыйны пераклад маніфеста з англійскай мовы.

* * *

МАНІФЕСТ ВЕРЫ

“Няхай не трывожыцца сэрца вашае” (Ян 14:1)

Перад абліччам нарастаючага замяшання вакол веравучэння многія біскупы, святары, кансэкраваныя і свецкія асобы Каталіцкага Касцёла прасілі, каб я прынёс публічнае сведчанне наконт праўды аб’яўлення. Самай непасрэднай задачай пастыраў з’яўляецца накіроўванне давераных ім асобаў на шлях збаўлення. Дасягнуць гэтага можна толькі тады, калі яны самі ведаюць гэты шлях і ідуць ім. З гэтым звязаны словы апостала: “Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў” (1 Кар 15:3). Сёння многія хрысціяне больш не ведаюць базавых праўд веры, таму ўзнікае ўсё большая небяспека сысці са шляху да вечнага жыцця. Аднак непасрэднай мэтай Касцёла застаецца весці чалавецтва да Езуса Хрыста, святла народаў (пар. Lumen gentium, 1). У такой сітуацыі ўзнікае пытанне напрамку. Згодна са словамі Яна Паўла ІІ, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла з’яўляецца “вернай нормай выкладу веры” (Fidei Depositum, IV). Ён быў напісаны з мэтай умацавання ў веры тых братоў і сясцёр, чыя вера аказалася пад сур’ёзнай пагрозай з-за “дыктатуры рэлятывізму”.

1. Бог, адзіны ў трох Асобах, аб’явіўся ў Езусе Хрысце

Кароткі выклад веры ўсіх хрысціянаў заключаецца ў вызнанні Найсвяцейшай Тройцы. Мы сталі вучнямі Езуса, дзецьмі і сябрамі Бога праз тое, што былі ахрышчаны ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Адрозненне гэтых трох Асобаў у боскай еднасці (ККК 254) з’яўляецца фундаментальным адрозненнем [нашай] веры ў Бога і [нашага] вобразу чалавека ад вызнання іншых рэлігій. Рэлігіі не згаджаюцца паміж сабою менавіта наконт гэтай веры ў Езуса Хрыста. Ён з’яўляецца сапраўдным Богам і сапраўдным Чалавекам, зачатым ад Духа Святога і народжаным з Дзевы Марыі. Слова, якое сталася целам, Сын Божы з’яўляецца адзіным Збаўцам свету (ККК 679) і адзіным Пасрэднікам паміж Богам і людзьмі (ККК 846). Таму першае пасланне апостала Яна называе анты­хрыстам таго, хто адмаўляе Ягоную боскасць (1 Ян 22:2). Езус Хрыстус, Сын Божы, спрадвеку з’яўляецца адзінасутным Богу, свайму Айцу (ККК 663). Нам трэба з яснай рашучасцю супрацьстаяць паўтарэнню старажытных ерасяў, якія ў Езусе Хрысце бачылі толькі добрага чалавека, брата і сябра, прарока і мараліста. Найперш і перадусім Ён — Слова, якое было ў Бога і якое з’яўляецца Богам, Сын Айца, Які прыняў нашу людскую прыроду, каб адкупіць нас, і Які прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Мы пакланяемся Яму аднаму ў еднасці з Айцом і Духам Святым як Богу, адзінаму ў трох Асобах (ККК 691).

2. Касцёл

Езус Хрыстус заснаваў Касцёл як бачны знак і інструмент збаўлення, які прабывае ў Каталіцкім Касцёле (ККК 816). Свайму Касцёлу, што нарадзіўся з прабітага боку Хрыста, Які памёр на Крыжы (ККК 766), Ён даў містычную структуру, якая захаваецца аж да поўнага выканання Валадарства (ККК 765). Хрыстус, Галава, і вернікі як члены цела, з’яўляюцца містычнай асобай (ККК 795), і менавіта таму Касцёл з’яўляецца святым, што адзіны Пасрэднік устанавіў і падтрымлівае яго бачную структуру (ККК 771). У ім адкупленчая праца Хрыста робіцца прысутнай у часе і прасторы праз цэлебрацыю святых сакрамэнтаў, асабліва праз Эўхарыстычную ахвяру, святую Імшу (ККК 1330). Касцёл перадае Божае аб’яўленне аўтарытэтам Хрыста, які распаўсюджваецца на ўсе элементы вучэння, у тым ліку на маральнае вучэнне, без якіх збаўчыя праўды веры не могуць захоўвацца, тлумачыцца і выконвацца (ККК 2035).

3. Сакрамэнтальны парадак

Касцёл з’яўляецца паўсюдным сакрамэнтам збаўлення ў Езусе Хрысце (ККК 776). Ён адлюстроўвае не сваё святло, а святло Хрыста, якое праліваецца на ягонае аблічча. Аднак гэта адбываецца толькі тады, калі кропкай апоры становіцца праўда, аб’яўленая ў Езусе Хрысце, а не погляды большасці або духу часу; бо сам Хрыстус даверыў Каталіцкаму Касцёлу паўнату ласкі і праўды (ККК 819) і сам прысутнічае ў сакрамэнтах Касцёла.

Касцёл не з’яўляецца створанай людзьмі асацыяцыяй, структуру якой яе ўдзельнікі галасаваннем паклікалі да існавання. Ён мае боскае паходжанне. Сам Хрыстус з’яўляецца крыніцай служэння ў Касцёле. Ён устанавіў яго, даў яму ўладу і місію, напрамак і мэту (ККК 874). І сёння захоўвае актуальнасць перасцярога апостала з пракляццем для тых, хто абвяшчае іншае евангелле, “калі б нават мы ці анёл з неба пачалі абвяшчаць вам добрую навіну” (Гал 1:8). Перадача веры неразрыўна звязана з чалавечай надзейнасцю яе абвяшчальнікаў, якія ў некаторых выпадках пакінулі даручаны ім народ, устрывожыўшы яго і моцна пашкодзіўшы ягоную веру. Слова Святога Пісання кажа пра тых, хто не слухае праўды і ідзе за сваімі ўласнымі пажаданнямі, хто адварочвае свой слых, таму што не можа зносіць здаровага вучэння (пар. 2 Цім 4:3-4).

Задачай Магістэрыя Касцёла з’яўляецца аберагаць Божы люд ад памылак і слабасцяў, каб забяспечыць яму аб’ектыўную магчымасць без памылак вызнаваць сапраўдную веру (ККК 890). Гэта асабліва датычыцца ўсіх сямі сакрамэнтаў. Святая Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай і вяршыняй хрысціянскага жыцця (ККК 1324). Эўхарыстычная ахвяра, у якой Хрыстус уключае нас у сваю крыжовую Ахвяру, скіравана на дасягненне найбольш цеснага яднання з Ім (ККК 1382). Таму Святое Пісанне папярэджвае нас у тым, што датычыцца прыняцця святой Камуніі: “Таму той, хто будзе есці гэты Хлеб ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты ў граху супраць Цела і Крыві Пана” (1 Кар 11:27). Кожны, хто ўсведамляе цяжкі грэх, павінен перад тым, як прыступіць да камуніі, прыняць сакрамэнт паяднання (ККК 1385). З унутранай логікі сакрамэнтаў зразумела, што разведзеныя асобы, якія заключылі паўторны грамадзянскі шлюб і чыё сакрамэнтальнае сужэнства існуе перад Богам, а таксама тыя хрысціяне, якія не знаходзяцца ў поўнай еднасці з каталіцкай верай і Касцёлам, падобна як і ўсе, хто не мае адпаведнай унутранай паставы, не могуць плённа прыняць святую Эўхарыстыю (ККК 1457), таму што гэта не вядзе іх да збаўлення. Указанне на гэта з’яўляецца справай міласэрнасці да душы бліжняга.

Вызнанне грахоў у святой споведзі прынамсі раз на год з’яўляецца адным з прыказанняў Касцёла (ККК 2042). Калі вернікі больш не вызнаюць сваіх грахоў і не прымаюць адпушчэння грахоў, збаўленне становіцца немагчымым; усё ж Езус Хрыстус стаў чалавекам, каб адкупіць нас ад нашых грахоў. Улада прабачэння, якую ўваскрослы Пан даў апосталам і іх наступнікам у служэнні біскупаў і святароў, датычыцца таксама смяротных і штодзённых грахоў, якія мы здзяйсняем пасля хросту. Сённяшняя папулярная практыка споведзі дае зразумець, што сумленне вернікаў не з’яўляецца дастаткова сфарміраваным. Божая міласэрнасць дадзена нам для таго, каб мы маглі выканаць Яго прыказанні і з’яднацца з Яго святой воляй, а не для таго, каб пазбягаць закліку да пакаяння (ККК 1458).

Святар працягвае працу адкуплення на зямлі (ККК 1589). Пасвячэнне святара дае яму святую ўладу (ККК 1592), якая з’яўляецца незаменнай, бо праз яе Езус становіцца сакрамэнтальна прысутным у сваім збаўчым дзеянні. Таму святары дабравольна выбіраюць цэлібат як знак новага жыцця (ККК 1579). Сэнс яго заключаецца ў сама­ахвяраванні дзеля служэння Хрысту і набліжэння Яго Валадарства.

4. Маральны закон

Вера і жыццё нераздзельныя, бо вера без учынкаў мёртвая (ККК 1815). Маральны закон з’яўляецца справай Божай мудрасці і вядзе чалавека да абяцанага шчасця (ККК 1950). Адпаведна, веданне Божага і натуральнага закону з’яўляецца неабходным, каб рабіць дабро і дасягнуць гэтай мэты (ККК 1955). Прыняцце гэтай праўды з’яўляецца істотным для ўсіх людзей добрай волі. Бо той, хто памрэ ў смяротным граху без пакаяння, будзе назаўсёды аддзелены ад Бога (ККК 1033). Гэта вядзе да практычных наступстваў у жыцці хрысціянаў, якія сёння часта ігнаруюцца (пар. ККК 2270–2283; 2350–2381). Маральны закон з’яўляецца не ярмом, а элементам той вызваляючай праўды (пар. Ян 8:32), дзякуючы якой хрысціянін ідзе шляхам збаўлення і якую нельга рэлятывізаваць.

5. Вечнае жыццё

Многія сёння задаюцца пытаннем, у чым жа заключаецца мэта існавання Касцёла, калі нават біскупам больш падабаецца быць палітыкамі, а не абвяшчаць Евангелле як настаўнікам веры. Ролю Касцёла нельга разбаўляць банальнасцямі; неабходна звярнуць увагу на яе адпаведнае месца. Кожны чалавек мае несмяротную душу, якая пры смерці аддзяляецца ад цела і мае надзею на ўваскрашэнне з памерлых (ККК 366). Смерць робіць рашэнне чалавека за або супраць Бога канчатковым. Кожны непасрэдна пасля смерці павінен стаць на прыватным судзе (ККК 1021). Тады чалавек альбо патрабуе ачышчэння, альбо ідзе наўпрост у нябеснае шчасце, дзе яму дазволена сузіраць Бога тварам у твар. Існуе таксама страшная магчымасць таго, што асоба застанецца ў супрацьстаянні Богу да самага канца і, канчаткова адкінуўшы Ягоную любоў, асудзіць сябе неадкладна і назаўсёды (ККК 1022). Бог стварыў нас без нашага ўдзелу, аднак Ён не пажадаў збаўляць нас без нашага ўдзелу (ККК 1847). Вечнае пакаранне ў пекле з’яўляецца жахлівай рэальнасцю, якая, згодна са сведчаннем Святога Пісання, чакае ўсіх, хто памрэ ў стане смяротнага граху (ККК 1035). Хрысціянін уваходзіць праз вузкую браму, бо “шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе” (Мц 7:13).

Маўчаць пра гэтыя і іншыя праўды веры, а таксама навучаць людзей адпаведна — гэта найбольшы падман, супраць якога сурова папярэджвае Катэхізіс. Ён прадстаўляе апошняе выпрабаванне Касцёла, калі чалавек будзе ўведзены ў рэлігійную ілюзію, цану адыходу ад праўды (ККК 675); гэта падман антыхрыста. “А прыход беззаконніка будзе (…) з усякім нягодным ашуканствам тых, якія ідуць на згубу, бо яны не палюбілі праўды, каб збавіцца” (2 Тэс 2:10).

Заклік

Як працаўнікі ў вінаградніку Пана, мы ўсе нясём адказнасць за тое, каб нагадваць гэтыя фундаментальныя праўды, трымаючыся таго, што самі прынялі. Мы жадаем заахвочваць рашуча ісці шляхам Езуса Хрыста, каб атрымаць вечнае жыццё, выконваючы Ягоныя прыказанні (ККК 2075).

Папросім Пана паказаць нам, наколькі вялікім з’яўляецца дар каталіцкай веры, які адкрывае дзверы да вечнага жыцця. “Хто будзе саромецца Мяне і Маіх словаў перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца свайго са святымі aнёламі” (Мк 8:38). Таму мы прысвячаем сябе ўмацаванню веры, вызнаючы праўду, якою з’яўляецца сам Езус Хрыстус.

Да нас таксама, асабліва да біскупаў і святароў, звяртаецца Павел, апостал Езуса Хрыста, які дае такое настаўленне свайму супрацоўніку і наступніку Цімафею: “Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса, які будзе судзіць жывых і памерлых, Яго аб’яўленнем і валадарствам я заклінаю цябе: прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні. Бо настане час, калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб тыя цешылі ім слых. І адвернуць слых ад праўды, і звернуцца да баек. Але ты будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу дабравесніка, споўні сваё служэнне” (2 Цім 4:1-5).

Няхай Багародзіца Марыя выпрасіць для нас ласку без вагання заставацца вернымі вызнанню праўды пра Езуса Хрыста.

Яднаючыся ў веры і малітве,

Кардынал Герхард Мюлер,
Прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры, 2012–2017


Крыніца: LifeSiteNews
Фотаmichael_swan / Flickr (CC BY-ND)

Маніфест веры багата спасылаецца Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, часам даючы парафразы, а ў некалькіх месцах наўпрост цытуючы яго. Паколькі Катэхізіс на беларускай мове яшчэ не выдадзены, ва ўсіх прамых запазычаннях мы апускаем двукоссі, каб не цытаваць яшчэ не існуючы дакумент або свой уласны пераклад яго з англійскай мовы.

Пакінуць каментар

Scroll Up