09.02.2019 / бп. Атаназіус Шнайдэр

Біскуп Атаназіус Шнайдэр: “Хрысціянская вера — адзіная праўдзівая і жаданая Богам рэлігія”🕑 9 хвілін

Біскуп Атаназіус Шнайдэр
Адмыслова для Rorate Caeli
8 лютага 2019

Дар усынаўлення

Хрысціянская вера — адзіная праўдзівая і жаданая Богам рэлігія

Праўда пра ўсынаўленне ў Хрысце, звышнатуральнае па сваёй сутнасці, з’яўляецца сінтэзам усяго Божага аб’яўлення. Прыняцце Богам людзей у якасці сыноў заўсёды з’яўляецца дабравольным дарам ласкі, найвышэйшым дарам Бога чалавецтву. Атрымаць яго, аднак, можна толькі праз асабістую веру ў Хрыста і праз прыняцце хросту, як таму вучыць сам Пан: “Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Народжанае з цела, ёсць целам, а народжанае з Духа, ёсць духам. Не здзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба нарадзіцца нанова” (Ян 3:5-7).

У мінулыя дзесяцігоддзі можна было часта пачуць — нават з вуснаў некаторых прадстаўнікоў іерархіі Касцёла — сцвярджэнні пра тэорыю “ананімных хрысціянаў”. Гэтая тэорыя заключаецца ў наступным: місія Касцёла ў свеце заключаецца па вялікім рахунку ў пашырэнні свядомасці ўсіх людзей пра сваё збаўленне ў Хрысце і, адпаведна, пра іхняе ўсынаўленне ў Хрысце. Бо, згодна з той жа тэорыяй, кожны чалавек ужо мае Божае сыноўства ў глыбіні сваёй асабовасці. Аднак такая тэорыя наўпрост супярэчыць Божаму аб’яўленню і таму, як навучаў Хрыстус і што Ягоныя апосталы і Касцёл больш за дзве тысячы гадоў перадавалі без зменаў і найменшых сумненняў.

У сваім эсэ “Касцёл, які складаецца з юдэяў і язычнікаў” (Die Kirche aus Juden und Heiden) знакаміты канвертыт і экзэгет Эрык Пітэрсан ужо доўгі час (да 1933 года) папярэджваў аб небяспецы такой тэорыі, заяўляючы, што нельга зводзіць быццё хрысціянінам (“Christsein”) да натуральнага парадку, у якім плёны адкуплення, здабытыя Езусам Хрыстом, агульна прымяняюцца да кожнай людской істоты падобна спадчыне толькі таму, што гэтая істота падзяляе людскую натуру з уцелаўлёным Божым Словам. Гэта значыць, што ўсынаўленне ў Хрысце не з’яўляецца аўтаматычным вынікам, гарантаваным прыналежнасцю да роду людскога.

Святы Атаназій (пар. Oratio contra Arianos II, 59) пакінуў нам простае і ў той жа час удалае тлумачэнне розніцы паміж натуральным станам чалавека як Божага стварэння і славай быцця Божым сынам у Хрысце. Святы Атаназій выводзіць гэтае тлумачэнне са словаў святога Евангелля паводле Яна, якія кажуць: “А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся” (Ян 1:12-13). Ян выкарыстоўвае выраз “нарадзіліся”, каб паказаць, што людзі становяцца Божымі сынамі не па натуры, а праз усынаўленне. Гэта паказвае любоў Бога, Які, з’яўляючыся Стварыцелем чалавека, затым праз ласку становіцца таксама яго Айцом. Гэта, як кажа апостал, здзяйсняецца тады, калі чалавек прымае ў сваё сэрца Духа Уцелаўлёнага Сына, Які ўсклікае ў ім: “Абба, Ойча!” Святы Атаназій працягвае сваё тлумачэнне, кажучы, што як створаныя істоты, людзі не могуць стаць Божымі сынамі інакш, як толькі праз веру і хрост, калі яны атрымліваюць Духа сапраўднага Божага Сына паводле натуры. Менавіта дзеля таго Слова сталася целам, каб зрабіць людзей здольнымі да ўсынаўлення ў якасці Божых сыноў і да ўдзелу ў боскай натуры. Адпаведна, паводле натуры Бог не з’яўляецца ў сціслым сэнсе Айцом ўсіх людзей. Толькі той, хто свядома прымае Хрыста і хрост, можа ўсклікаць у праўдзе: “Абба, Ойча!” (Рым 8:15; Гал 4:6).

Як сведчыць Тэртуліян, ад самых пачаткаў Касцёла існавала сцвярджэнне: “Хрысціянамі не нараджаюцца, хрысціянамі становяцца” (Apol., 18, 5). Гэтую ж праўду красамоўна сфармуляваў св. Кіпрыян Карфагенскі, кажучы: “Не можа мець Бога Айцом той, хто не прымае Касцёл як Маці” (De unit., 6).

Найбольш пільным заданнем Касцёла ў нашыя часы з’яўляецца клопат пра змену духоўнай атмасферы і пра духоўную міграцыю, а менавіта пра тое, каб атмасфера нявер’я ў Езуса Хрыста, атмасфера адкідання ўладарання Хрыста змянілася ў атмасферу выражанай веры ў Езуса Хрыста, у атмасферу прыняцця Ягонага ўладарання, каб чалавек мог міграваць з бядоты духоўнага рабства бязвер’я ў шчасце прыналежнасці да сыноў Божых, з грахоўнага жыцця ў стан асвячальнай ласкі. Вось тыя мігранты, пра якіх нам трэба неадкладна паклапаціцца.

Хрысціянства з’яўляецца адзінай рэлігіяй, пажаданай Богам, таму яго ніколі нельга прыстаўляць побач з іншымі рэлігіямі. Тыя, хто сцвярджае, што разнастайнасць рэлігій з’яўляецца Божай воляй, парушаюць праўду Божага аб’яўлення, беспамылкова пацверджаную ў першым прыказанні дэкалогу. Згодна з воляй Хрыста, вера ў Яго і Ягонае боскае навучанне павінны замяніць іншыя рэлігіі, аднак не прымусам, а любячым перакананнем, як спяваецца ў гімне Ютрані ў свята Хрыста Валадара: “Non Ille regna cladibus, non vi metuque subdidit: alto levatus stipite, amore traxit omnia” (“Не мячом, прымусам і страхам Ён падпарадкоўвае народы, а, узняты на Крыжы, з любоўю прыцягвае ўсе рэчы да сябе”).

Да Бога ёсць толькі адзін шлях, і гэта Езус Хрыстус, бо Ён сам сказаў: “Я — дарога” (Ян 14:6). Ёсць толькі адна праўда, і гэта Езус Хрыстус, бо Ён сам сказаў: “Я — праўда” (Ян 14:6). Ёсць толькі адно звышнатуральнае жыццё душы, і гэта Езус Хрыстус, бо Ён сам сказаў: “Я — жыццё” (Ян 14:6).

Уцелаўлёны Божы Сын навучаў, што па-за верай у Яго не можа існаваць іншай праўдзівай і прыемнай Богу рэлігіі: “Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены” (Ян 10:9). Бог загадаў усім людзям без выключэння слухаць свайго Сына: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце” (Мк 9:7). Бог не сказаў: “Вы можаце слухаць Майго Сына, а можаце слухаць заснавальнікаў іншых рэлігій, бо Мая воля, каб існавалі розныя рэлігіі”. Бог забараніў нам прызнаваць законнасць рэлігій іншых багоў: “Не май іншых багоў, апроч Мяне” (Зых 20:3) і “Што агульнага паміж святлом ды цемраю? Што за згода паміж Хрыстом і Бэліарам? Што яднае веруючага з няверуючым? Што святыня Бога мае агульнага з ідаламі?” (2 Кар 6:14-16).

Калі іншыя рэлігіі таксама адпавядаюць Божай волі, то ў часы Майсея Бог не асудзіў бы рэлігію залатога цяльца (пар. Зых 32:4-20). Тады сённяшнія хрысціяне маглі б беспакарана развіваць рэлігію новага залатога цяльца, паколькі ўсе рэлігіі, паводле гэтай тэорыі, таксама прыемныя Богу.

Бог даў апосталам, а праз іх Касцёлу на ўсе часы ўрачысты загад навучаць усе народы і паслядоўнікаў усіх рэлігій адзінай сапраўднай веры, вучыць іх выконваць Ягоныя боскія загады, а таксама хрысціць іх (пар. Мц 28:19-20). З часоў прапаведавання апосталаў і першага Папы, святога Пятра, Касцёл заўсёды абвяшчаў, што няма збаўлення ні ў адным іншым імені, гэта значыць ні ў воднай іншай веры пад небам, якою чалавек мог бы быць збаўлены, акрамя імені Езуса Хрыста і веры ў Яго (пар. Дз 4:12).

Словамі святога Аўгустына Касцёл навучаў ва ўсе часы: “Хрысціянская рэлігія — гэта адзіная рэлігія, якая валодае ўніверсальным шляхам збаўлення душы; ніхто не можа быць збаўлены, акрамя як гэтым шляхам. Гэты нібы каралеўскі шлях, які адзін вядзе да таго валадарства, якое не гіне, як усе часовыя годнасці, а цвёрда стаіць на вечных падмурках” (De civitate Dei, 10, 32, 1).

Наступныя словы вялікага Папы Льва ХІІІ сведчаць пра тое самае нязменнае вучэнне Магістэрыя ва ўсе часы: “Погляд, што ўсе рэлігіі падобныя, разлічаны на тое, каб прывесці ў заняпад усе формы рэлігіі, а асабліва каталіцкую рэлігію, якая, з’яўляючыся адзінай праўдзівай, не можа без вялікай несправядлівасці лічыцца проста роўнай іншым рэлігіям” (энцыкліка Humanum genus, 16).

У апошнія часы Магістэрый прадставіў па сутнасці тое ж нязменнае вучэнне ў дакуменце Dominus Iesus (6 жніўня 2000 года), з якога мы працытуем наступныя вартыя згадвання сцвярджэнні:

“Часта тэалагальная вера, якая ёсць прыняццем праўды, аб’яўленай Богам, атаясамліваецца з вераваннем у іншых рэлігіях, якое ёсць рэлігійным досведам, што яшчэ толькі шукае абсалютнай праўды і яшчэ не выяўляе прыняцця Бога, які аб’яўляецца. Гэта адна з прычынаў, з-за якіх існуе імкненне да памяншэння, а часам нават да сцірання адрозненняў паміж хрысціянствам і іншымі рэлігіямі” (7). “Трэба прызнаць супрацьлеглымі хрысціянскай і каталіцкай веры тыя прапановы рашэнняў, якія дапускаюць магчымасць збаўчага дзеяння Бога незалежна ад адзінага пасрэдніцтва Хрыста” (14). “Нярэдка тэолагі імкнуцца пазбегнуць такіх азначэнняў як “адзінасць”, “паўсюднасць”, “абсалютнасць”, бо іх прымяненне стварае быццам бы ўражанне, што занадта моцна падкрэсліваюцца значэнне і вартасць збаўчай падзеі Езуса Хрыста ў параўнанні з іншымі рэлігіямі. На самай справе словы гэтыя адлюстроўваюць проста вернасць аб’яўленню” (15). “Каталіцкай веры супярэчыла б бачанне Касцёла як аднаго са шляхоў збаўлення, які існуе побач з іншымі, гэта значыць паралельна з іншымі рэлігіямі, што павінны былі б дапаўняць Касцёл і нават мець у прынцыпе такую самую, як ён, вартасць, кіруючыся, што праўда, так, як ён, да эсхаталагічнага Валадарства Божага” (21). “Касцёл (…) рашуча адкідвае пазіцыю індыферэнтызму, “прасякнутую рэлігійным рэлятывізмам, які вядзе да пераканання, што “адна рэлігія мае такую самую вартасць, як і іншая” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Redemptoris missio, 36)” (22).

Апосталы і незлічоныя хрысціянскія мучанікі ўсіх часоў, асабліва мучанікі першых трох стагоддзяў, пазбеглі б мучаніцтва, калі б сказалі: “Язычніцкая рэлігія і яе культ пэўным спосабам таксама адпавядаюць Божай волі”. Тады не існавала б, напрыклад, хрысціянскай Францыі, “старэйшай дачкі Касцёла”, калі б святы Рэмігій сказаў каралю франкаў Хлодвігу: “Не пагарджай язычніцкай рэлігіяй, якой ты трымаўся дагэтуль, і пакланяйся Хрысту, Якога ты пераследаваў дагэтуль”. Фактычна гэты святы біскуп сказаў іншае, хоць і даволі жорсткімі словамі: “Пакланіся таму, што ты спаліў, і спалі тое, чаму пакланяўся!”

Сапраўднае паўсюднае братэрства можа існаваць толькі ў Хрысце і паміж ахрышчанымі асобамі. Поўную славу Божых сыноў мы здабудзем толькі ў благаслаўлёным бачанні Бога ў небе, як навучае Святое Пісанне: “Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі! Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. Умілаваныя, цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць” (1 Ян 3:1-2).

Ніводная ўлада на зямлі, нават калі гэта найвышэйшая ўлада Касцёла, не мае права вызваліць людзей іншых рэлігій ад яўнай веры ў Езуса Хрыста як уцелаўлёнага Сына Божага і адзінага Збаўцу чалавецтва запэўніваннем, што розныя рэлігіі як такія таксама з’яўляюцца жаданымі самім Богам. Непраходзячымі застаюцца словы Сына Божага, напісаныя Божым пальцам і дасканала празрыстыя ў сваім значэнні: “Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага” (Ян 3:18). Гэтыя словы, праўдзівыя для ўсіх хрысціянскіх пакаленняў да гэтага часу, застануцца праўдзівымі да канца часоў нягледзячы на тое, што некаторыя людзі ў Касцёле нашага пераменлівага, баязлівага, канфармісцкага і разлічанага на сенсацыю часу надаюць гэтай праўдзе значэнне, супрацьлеглае яе відавочнаму зместу, выстаўляючы гэтае пераасэнсаванне як неразрыўнасць у межах развіцця вучэння.

Па-за хрысціянскай верай няма іншай рэлігіі, якая можа быць сапраўднай і жаданай Богам, таму што выразнай воляй Бога з’яўляецца тое, каб людзі паверылі ў Ягонага Сына: “Бо такая воля Айца Майго, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае” (Ян 6:40). Па-за хрысціянскай верай няма іншай рэлігіі, здольнай перадаваць сапраўднае звышнатуральнае жыццё: “А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста” (Ян 17:3).

+ Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Астане


Аўтар: біскуп Атаназіус Шнайдэр
Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыя: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу рэдакцыі Rorate Caeli. Тэкст дэкларацыі Dominus Iesus цытуецца па публікацыі ў часопісе “Наша вера”.

Пакінуць каментар

Scroll Up