07.02.2019 / FIUV

Пазіцыя № 17. “Прыняцце Камуніі толькі пад постаццю хлеба”🕑 31 хвілін

Ад рэдакцыі: Для лепшага разумення гэтай Пазіцыі варта мець на ўвазе, што яна напісана ў кантэксце асаблівых літургічных абставінаў, з якімі большасць беларускіх вернікаў не сустракалася. У многіх месцах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі святая Камунія вернікам удзяляецца не толькі пад постаццю хлеба, але і пад постаццю віна. Робіцца гэта зазвычай праз падаванне верніку келіха, з якога ён адпівае сам. Да такога спосабу ўдзялення Камуніі прыбягаюць нават у прысутнасці вялікай колькасці вернікаў, з-за чаго на Імшы прыходзіцца выкарыстоўваць шмат віна, кансэкраваць яго ў некалькіх келіхах, а для ўдзялення Найдаражэйшай Крыві вернікам карыстацца дапамогай свецкіх прыслугоўваючых.

Надзвычайная форма рымскага абраду не дапускае ўдзялення вернікам Камуніі пад дзвюма постацямі, таму пры яе ўвядзенні ў парафіях узнікае кантраст, які заканамерна прыводзіць да незадаволенасці і прапановаў удзяляць Найдаражэйшую Кроў і ў традыцыйнай Імшы. Абароне традыцыйнай практыкі і прысвечаны гэты артыкул.

ПАЗІЦЫЯ № 17: ПРЫНЯЦЦЕ КАМУНІІ ТОЛЬКІ ПАД ПОСТАЦЦЮ ХЛЕБА Ў НАДЗВЫЧАЙНАЙ ФОРМЕ РЫМСКАГА АБРАДУ

У фармаце PDF

Кароткі зместЗгодна з літургічным правам, якое кіруе цэлебрацыямі ў надзвычайнай форме рым­скага абраду, вернікі не могуць прымаць Найдаражэйшую Кроў, а толькі Гостыю, што супярэчыць распаўсюджанай практыцы ў звычайнай форме, прынамсі ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Гістарычна вернікі на Захадзе прымалі Найдаражэйшую Кроў праз трубачку, або фістулу, пакуль гэты звычай з пэўнымі выключэннямі не быў адкінуты ў ХІІ ст. Канстытуцыя Sacrosanctum concilium прапанавала адрадзіць звычай прыняцця Найдаражэйшай Крыві ў выключных выпадках, але ў хуткім часе дазвол стаў больш шырокім. Практыка, якая захоўваецца ў надзвычайнай форме, мае пэўныя перавагі. Яна падкрэслівае ахвярную прыроду Імшы, у кантэксце якой прыняцце Найдаражэйшай Крыві святаром з’яўляецца рытуальна неабходным, а прыняцце яе вернікамі — не. Гэтая практыка ахоўвае характэрную для надзвычайнай формы павагу да святога начыння, што адрозніваецца ад тыповай практыкі ў звычайнай форме. Яна дазваляе пазбегнуць некаторых практычных цяжкасцяў і літургічных злоўжыванняў, якія часам назіраюцца ў звычайнай форме. Таксама яна абараняе ад пэўных праблем, звязаных з аховай здароўя.

1. Характэрнай рысай надзвычайнай формы рымскага абраду з’яўляецца прыняцце Камуніі толькі пад постаццю хлеба. У гэтым артыкуле прыводзіцца абгрунтаванне актуальнага заканадаўства і практыкі [1]. Таксама ў ім абараняюцца абмежаванні, накладзеныя на ўдзяленне Камуніі пад дзвюма постацямі ў звычайнай форме рымскага абраду.

Гістарычныя звесткі

2. Калі браць агульна, то ва Усходніх Касцёлах ўдзяляецца Камунія пад дзвюма постацямі з выкарыстаннем пагружэння. Старажытная практыка лацінскага Захаду невя­домая [2], але з VII ст. рымскія ordines прадпісваюць пераліваць частку Найдаражэйшай Крыві ў асобны келіх з некансэкраваным віном; затым вернікі прымаюць Камунію з гэтага келіха праз трубачку (фістулу) [3]; пазней фістулу пачалі выкарыстоўваць і для неразбаўленай Найдаражэйшай Крыві. Выглядае, што на поўначы Еўропы выкарыстанне фістулы выцесніла практыку пагружэння [4]. Удзяленне вернікам келіха на Захадзе пачало занікаць у ХІІ ст.; фістулу ж працягвалі выкарыстоўваць у асаблівых выпадках і ў пэўных рэлігійных супольнасцях да XIV ст. і нават пазней. Напрыклад, ёю карыстаўся манарх у дзень сваёй каранацыі, у некаторых месцах — дыякан і субдыякан на ўрачыстай спяванай Імшы [5], а таксама Папа на папскіх Імшах да Другога Ватыканскага сабору.

3. Даследчык літургіі Ёзаф Юнгман мяркуе, што ўдзяленне келіха на Захадзе спынілася з-за “больш яснага разумення, што per concomitantiam увесь Хрыстус прысутнічае пад абедзвюма постацямі” [6], а таксама з-за пастаяннай насцярожанасці, што існуе небяс­пека праліць Найдаражэйшую Кроў [7]. Гэтыя факты можна натуральным чынам звязаць з развіццём пабожнасці да Найсвяцейшага Сакрамэнту [8] і распаўсюджаннем практыкі прыняцця Камуніі па-за святой Імшою [9].

4. Пасля таго як удзяленне Камуніі пад дзвюма постацямі ўвялі ў сябе гусіты, а затым лютэране і іншыя, некаторым рэгіёнам паміж 1433 [10] і 1621 [11] гадамі даваўся дазвол на гэтую практыку. У познесярэднявечнай Германіі фістулу працягвалі выкарыстоўваць для прыняцця некансэкраванага “Ablutionswein” пасля Імшы. Яе вярнулі для Камуніі як у лютэранскіх, так і ў каталіцкіх супольнасцях [12], хоць пазней лютэране фістулу забаранілі [13].

5. Гусіцкія утраквісты сцвярджалі, што наш Пан загадаў прымаць Камунію пад дзвюма постацямі [14], што гэта неабходна для збаўлення, што наш Пан не прысутнічае цалкам пад кожнай постаццю і што ў Касцёла няма сур’ёзных прычын абмяжоўваць удзялен­не Камуніі да адной постаці. Гэтыя сцвярджэнні беспамылкова асудзіў Трыдэнцкі сабор [15].

6. Пытанне ўдзялення Камуніі з келіха падняла канстытуцыя пра літургію Другога Ватыканскага сабору Sacrosanctum concilium, 55:

Захоўваючы вызначаныя Трыдэнцкім Саборам дагматычныя прынцыпы, у выпадках, акрэсленых Апостальскай Сталіцай, біскуп можа дазволіць св. Камунію пад дзвюма постацямі як дыяцэзіяльнаму духавенству і кансэкраваным асобам, так і свецкім, напрыклад тым, якія ў дадзенай Імшы атрымалі пасвячэнне ці далі манаскія абяцанні, або новаахрышчаным на Імшы, якая адбываецца пасля іх хросту [16].

7. Інструкцыя Sacramentale communione (1970) сцвярджае, што з дазволу Святога Пасаду:

Ардынарыі могуць вызначыць канкрэтныя выпадкі, але пры той умове, што дазвол будзе не агульны, а для ясна акрэсленых цэлебрацый, і што яны звернуць увагу на тое, пра што трэба дбаць. Таксама яны павінны выключаць выпадкі, калі будзе прысутнічаць вялікая колькасць тых, хто прымае Камунію. Групы, якія атрымаюць гэты дазвол, павінны таксама быць канкрэтнымі, арганізаванымі і аднароднымі.

8. Гэтая інструкцыя папярэджвае пра небяспеку “непаразумення” і прафанацыі. Першай небяспецы трэба было супрацьпаставіць “неабходную катэхізацыю” (§ 5). Прафанацыі ж трэба было асцерагацца:

…выконваючы [удзяленне Камуніі] з годнасцю, пабожнасцю, прыстойнасцю і пазбягаючы небяспекі непавагі.

9. Гэтыя агульныя прынцыпы пазней былі паўтораны ў інструкцыях Inaestimabile donum (1980) [17] і Redemptionis Sacramentum (2004) [18]. У 1984 годзе, аднак, Кангрэгацыя Божага культу дазволіла біскупам Злучаных Штатаў пашырыць дазвол на ўдзяленне келіха на нядзелі і святы [19], і цяпер гэтая практыка вельмі шырока распаўсюдзілася па тэрыторыі Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

10. Як растлумачыла інструкцыя Universae Ecclesiae [20], практыка надзвычайнай формы рымскага абраду кіруецца літургічным заканадаўствам, якое існавала ў 1962 годзе: Камунію з келіха прымае толькі цэлебрант.

Каштоўнасць дысцыпліны 1962 года

11. Перад аналізам сітуацыі трэба згадаць некалькі рэчаў.

12. Па-першае, цяперашнюю практыку звычайнай формы нельга ў сціслым сэнсе лічыць аднаўленнем старажытнай практыкі. Сёння ў звычайнай форме рымскага абраду дазволены гістарычныя спосабы ўдзялення келіха, якія заснаваны на пагружэнні або на выкарыстанні фістулы і выключаюць сітуацыю, калі б вернік трымаў келіх, аднак на практыцы яны амаль не выкарыстоўваюцца [21]. Сучасны спосаб прыняцця келіха больш блізкі да практыкі пратэстанцкіх груп [22], і сапраўды экуменічнае вымярэнне такой практыкі часта падкрэслівалася [23].

13. Акрамя таго, прыняцце Камуніі з келіха ў Раннім Сярэднявеччы, а таксама ў гусітаў і ранніх пратэстантаў [24] адбывалася ў кантэксце нячастага прыняцця святой Камуніі, што змяншала наступствы такой практыкі з пункту гледжання як пашаны, так і гігіены.

14. Нарэшце, сучасная практыка звычайнай формы рымскага абраду мае месца ў кантэк­сце амаль паўсюднай практыкі ўдзялення Камуніі ў руку і вельмі распаўсюджанай наяўнасці надзвычайных служыцеляў святой Камуніі. Першы фактар перашкаджае выкарыстоўваць пагружэнне [25], а ўдзяленне келіха вялікай колькасці вернікаў, у сваю чаргу, быццам бы апраўдвае наяўнасць надзвычайных служыцеляў [26].

15. Св. Ян Павел ІІ і Бенедыкт XVI заўважалі развіццё легкадумных адносін да прыняцця святой Камуніі [27]. Адмова ад практыкі ўдзялення вернікам Камуніі з келіха ўмацоўвае іхнюю паставу пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту двума непасрэднымі спосабамі: змяншаецца верагоднасць праліцця Найдаражэйшай Крыві і выключаецца сітуацыя, калі вернікі будуць дакранацца да келіха. Больш наконт пашаны да святога начыння сказана ў Дадатку А.

16. Практыка, прынятая ў надзвычайнай форме рымскага абраду, дапамагае пазбегнуць шэрагу іншых праблем і нагоды да некаторых літургічных злоўжыванняў, якім у сучасных умовах часам дае пачатак практыка звычайнай формы і з якімі прыйшлося разбірацца Кангрэгацыі Божага культу [28].

17. Акрамя таго, стварэнне кантрасту паміж святарскім прыняццем Камуніі пад абедзвю­ма постацямі і прыняццем Камуніі вернікамі толькі пад постаццю хлеба паказвае і падкрэслівае ахвярную прыроду Імшы. У сваім рытуальным аспекце двайная кансэк­рацыя хлеба і віна, якая прадстаўляе раздзяленне цела нашага Пана і крыві, якую Ён праліў падчас сваёй Мукі, а таксама прыняцце святаром як Гостыі, так і Найдаражэйшай Крыві з’яўляюцца элементамі, неабходнымі для здзяйснення эўхарыстычнай Ахвяры. Камунія вернікаў з’яўляецца дадатковым аспектам абраду, які нічога не дадае да сапраўднасці ахвяры, прынесенай як святаром, так і вернікамі, і можа быць поўна­сцю здзейснена шляхам прыняцця вернікам адной толькі Гостыі.

18. Двайная прырода Імшы як Ахвяры і Сакрамэнту з’яўляецца стандартнай тэмай традыцыйнай катэхізацыі і духоўнасці [29]; яснае раздзяленне гэтых аспектаў уведзена для таго, каб аддаць належнае абодвум. Як заўважыў кардынал Ёзаф Ратцынгер, гэтая рыса надзвычайнай формы з’яўляецца карысным проціяддзем супраць аднабаковага разумення Імшы як супольнага пасілку [30].

19. Нарэшце, трэба закрануць праблему гігіены. Гэтае пытанне ўзнікла асабліва ў 2009 г. ў кантэксце сусветнай эпідэміі “свінога грыпу” (H1N1). Тады многія дыяцэзіі забаранілі ўдзяленне вернікам Камуніі з келіха. Больш падрабязна гл. у Дадатку Б.

Заключэнне

20. Канстытуцыя Sacrosanctum concilium прапанавала адрадзіць і пашырыць познесярэднявечную традыцыю, якая дажыла да нашых часоў, калі пэўныя асобы на вельмі непастаяннай аснове, як, напрыклад, манархі з нагоды сваёй каранацыі, прымалі Камунію з келіха. У кантэксце Сярэднявечча мы чытаем, што такія дазволы ўдзяляліся дзеля “павелічэння ласкі” [31]: улічваючы навучанне Трыдэнцкага сабору, гэта трэба разумець не ў сэнсе сакрамэнтальнай ласкі, а як стымуляванне асаблівай пабожнасці.

21. Згаданая пабожнасць стымулявалася часткова дзякуючы сімволіцы келіха, а часткова з-за выключнасці такога прывілею; канстытуцыя Sacrosanctum concilium менавіта і мела на ўвазе такое выключнае прыняцце свецкімі Камуніі з келіха. Аднак, калі б гэтую практыку сёння пашырылі на надзвычайную форму рымскага абраду, стварыць адчуванне прывілею не ўдалося б, бо ў звычайнай форме гэтая практыка распаўсюдзілася настолькі, што зрабілася руцінай. Што датычыцца ўзмоцненай пабожнасці пры прыняцці святой Камуніі, то яе можна стымуляваць пры дапамозе асаблівых абставін яе прыняцця, як у надзвычайнай форме: на каленях, у вусны, з камунійнай патэнай і заўсёды ад святара або (у парадку выключэння) дыякана.

22. Увядзенне ў надзвычайную форму ўдзялення Камуніі з келіха створыць у гэтай форме рымскага абраду як практычны, так і тэалагічны дысананс [32]. На практыцы гэта будзе цяжка рэалізаваць без надзвычайных служыцеляў святой Камуніі і ўвядзе непазбежную рызыку праліцця. А гэта будзе ўваходзіць у кантраст з мерамі перасцярогі, якія прадпрымаюцца ў надзвычайнай форме, каб пазбегнуць страты нават малой часткі кансэкраванай Гостыі. З пункту гледжання тэалогіі, гэта будзе супярэчыць агульнаму акцэнту на пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту і да святога начыння, а таксама акцэнту на ахвярную прыроду Імшы. Фактычна, тыя рысы надзвычайнай формы, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з удзяленнем Камуніі з келіха, з’яўляюцца найбольш каштоўным сведчаннем пра Касцёл як пра цэлае і пра Рэальную Прысутнасць нашага Пана ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.


Дадатак А: Пашана, якая належыць святому начынню

Не будзе перабольшваннем сказаць, што пасля 1962 года адносіны каталікоў да келіха, цыборыя, патэны і пурыфікатара змяніліся рэвалюцыйным чынам, прычым праявілася гэта як у практыцы, так і ў літургічным праве. Камунія пад дзвюма постацямі не з’яўляецца адзіным фактарам у гэтых рэвалюцыйных зменах, аднак яна адыгрывае даволі істотную ролю. Тое, як Камунія ўдзяляецца з келіха ў звычайнай форме, несумяшчальна з традыцыйнымі нормамі абыходжання са святым начыннем.

Гэтыя нормы адлюстроўваюць традыцыю, пра якую сведчыць яшчэ св. Грыгорый Назіянскі (+389/390): ён лічыў дадзеным, што свецкія асобы не могуць дакранацца да святога начыння [33]. Рымскі Катэхізіс тлумачыць:

Каб усялякім чынам абараніць годнасць такога дастойнага сакрамэнту, улада яго ўдзялення даручана выключна святарам, аднак да таго ж Касцёл забараніў сваім правам, каб хтосьці, акрамя пасвячаных асобаў, па-за выпадкамі сур’ёзнай неабходнасці асмельваўся браць ці дакранацца да святога начыння, бялізны або іншых прадметаў, неабходных для яго завяршэння [34].

Забарона тым, хто не належыць да духавенства, дакранацца да святога начыння ўвайшла ў Codex iuris canonici праз Дэкрэт Грацыяна (укладзены ў ХІІ ст.), які цытуе фальшывую дэкрэталію Папы Сатэра (+174) [35]; таксама і Liber Pontificalis (каля 500 г.) указвае, што Папа Сікст І (+ каля 124 г.) пастанавіў, што дакранацца да святога начыння можа толькі духавенства.

Гэта паўтараецца ў Кодэксе кананічнага права 1917 года (кан. 1306.1):

Трэба дбаць пра тое, каб келіх, патэну, а таксама — перад ачышчэннем — пурыфікатары, палы і карпаралы, якія выкарыстоўваліся ў ахвяры Імшы, не кранаў ніхто, акрамя духавенства альбо тых, хто захоўвае гэтыя рэчы.

Старанная рэалізацыя гэтай паставы была характэрнай для дасаборнай літургічнай фармацыі [36]. Яна моцна паўплывала на пабожнасць вернікаў. Пісьменнік Марцін Мозэбах падкрэсліваў культурны аспект гэтай практыкі [37]. Яна стварала моцнае адчуванне сакральнасці рэчаў, найбольш сцісла звязаных з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, і, адпаведна, самога Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пастава, заключаная ў гэтым заканадаўстве, дагэтуль мае сваё месца ў надзвычайнай форме рымскага абраду [38].

У Кодэксе кананічнага права 1983 года мы знаходзім наступнае (кан. 1171):

Да святых рэчаў, якія актам пасвячэння або благаслаўлення вызначаны для Божага культу, трэба ставіцца з пашанай і ніколі не выкарыстоўваць для свецкіх або неўласцівых мэтаў, нават калі яны знаходзяцца ў прыватнай ўласнасці [39].

Падобна выказваюцца таксама Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала (327):

Сярод рэчаў, якія патрэбныя для цэлебрацыі Імшы, у асаблівай пашане павінна быць літургічнае начынне, перадусім — келіх і патэна, у якіх ахвяруюцца, асвячаюцца і прымаюцца віно і хлеб.

Інструкцыя Redemptionis Sacramentum (2004), паўтараючы за Агульнымі ўводзінамі [40], удакладняе, што ачышчаць і адносіць начынне павінен святар, дыякан або ўстаноўлены акаліт [41]. Аднак ачышчэнне начыння надзвычайнымі служыцелямі святой Камуніі застаецца распаўсюджаным злоўжываннем.

Як было заўважана вышэй, удзяленне вернікам Камуніі з келіха пры наяўнасці пэўнай колькасці прысутных зазвычай патрабуе дапамогі надзвычайных служыцеляў святой Камуніі. Нават калі гэта і не так, то яе ўдзяленне, за выключэннем практыкі пагружэння або гістарычна распаўсюджанай заходняй практыкі выкарыстання фістулы, амаль заўсёды мае на ўвазе, што вернік павінен узяць у рукі келіх.

Неспакой, звязаны з недастатковай пашанай вернікаў да Найсвяцейшага Сакрамэнту, які часта гучыць у папскім навучанні, мае да гэтай сітуацыі відавочнае дачыненне. Практыка надзвычайнай формы, якая натуральным чынам адпавядае традыцыйнай дысцыпліне, можа ў гэтым сэнсе паслужыць каштоўным урокам для ўсяго Касцёла.


Дадатак Б: Пытанне гігіены

Дбанне пра ахову здароўя пры ўдзяленні святой Камуніі заўсёды ўваходзіла ў практыку Лацінскага Касцёла. Св. Тамаш Аквінскі кажа такія незабыўныя словы:

Калі выявіцца, што віно было атручана, святар ні ў якім выпадку не павінен прымаць яго сам або ўдзяляць яго іншым, каб жыццядайны келіх не зрабіўся келіхам смерці [42].

Тое ж паўтараюць інструкцыі Рымскага Імшала 1962 года [43].

Таму не дзіўна, што пасля парады медыкаў з прычыны эпідэміі свінога грыпу (H1N1) у 2009 годзе ў англійскіх дыяцэзіях Плімута, Брэнтвуда, Ланкастэра, Портсмута, а таксама ў некаторых парафіях архідыяцэзіі Ліверпуля было забаронена ўдзяленне Камуніі з келіха. У дыяцэзіі Портсмута таксама забаранілі Камунію ў вусны і пацісканне рук падчас знака супакою [44]. Падобныя перасцярогі былі прыняты ў некаторых дыяцэзіях у Паўночнай Амерыцы і іншых месцах, а таксама ў некаторых англіканскіх дыяцэзіях [45].

Праводзіліся шматлікія даследаванні выжывання віруса на “фамітах”, г. зн. паверхнях, якія былі заражаны носьбітам віруса. Напрыклад, адно рэцэнзаванае даследаванне дазволіла высветліць, што вірус H1N1 жыве на такой паверхні на працягу чатырох гадзін [46]. Разглядаючы праблему фамітаў больш агульна, даследаванне наравіруса — вельмі распаўсюджанай прычыны страўнікава-кішачных хваробаў — паказала складанасці з дэзінфекцыяй паверхні: выкарыстанне звычайнай анучы з дэтэргентам прыводзіла толькі да заражэння анучы і ўсякай раней не заражанай паверхні, да якой гэтая ануча затым дакраналася [47]. На наравірус не дзейнічаюць дэтэргенты, таму што ў яго няма ліпіднай віруснай абалонкі, аднак яго можна знішчыць разбаўленым сродкам для адбельвання. Ад віруса свінога грыпу рэкамендуюць антыбактэрыяльныя агенты.

Зразумела, што звычайная практыка выцірання краю келіха пурыфікатарам і лёгкага павароту келіха пры перадачы ад асобы да асобы мае выключна сімвалічнае значэнне. Абмен сліны сярод вялікай групы асобаў, звязаны са стандартнай практыкай прыняцця Найдаражэйшай Крыві на лацінскім Захадзе, ідэальна надаецца для перадачы ўсялякай інфекцыі.

Калі паўтараць аргументы, прыведзеныя вышэй, то нячастае прыняцце святой Камуніі ў Раннім Сярэднявеччы азначае, што гэтая праблема не была тады настолькі важнай. Зноў жа, дакументы, якія дазваляюць удзяленне Камуніі з келіха, сістэматычна выключаюць з гэтага дазволу вялікія супольнасці. Аднак рэальнасць у Еўропе і Паўночнай Амерыцы іншая.

Што ж датычыцца ўдзялення Гостыі ў вусны, то, калі яно праводзіцца правільна, рызыка перадачы інфекцыі павінна быць выключана, таму што пальцы святара не будуць дакранацца да языка верніка. Тое самае датычыцца практыкі пагружэння з выкарыстаннем лыжачкі ва Усходніх Касцёлах: змесціва лыжачкі акуратна змяшчаецца ў рот верніка, а вернік не закрывае рот з лыжачкай усярэдзіне. У гэтых выпадках перасцярогі перад верагоднай перадачай інфекцыі маглі б быць аргументам на карысць карэктнага выканання традыцыйнай практыкі, а не яе спынення.

Хоць свіны грып выклікаў асаблівыя перасцярогі, пытанне гігіены сёння з’яўляецца агульным і больш важным, чым у 1970-я гады, калі цяперашняя практыка была прапанавана і распаўсюджана [48]. У сувязі з вялікай частатой прыняцця святой Камуніі і вялікім памерам супольнасцяў сучасная практыка ўздымае пытанне аховы здароўя.


Дадатак В: Цэліякія

Пабочнае пытанне ў кантэксце ўдзялення Камуніі з келіха звязана з цэліякіяй. Асобы, хворыя на цэліякію, не могуць спажываць глютэн — бялок, які знаходзіцца ў збожжы і, адпаведна, у звычайных гостыях. Гэтая справа атрымала ўвагу з боку Кангрэгацыі дактрыны веры, і ў 2003 г. яе прэфект кардынал Ёзаф Ратцынгер выдаў адпаведныя нормы [49]. Для свецкіх асобаў, якія пакутуюць на гэтую хваробу, маюць актуальнасць наступныя прынцыпы [50]:

А. 1. Гостыі, якія абсалютна не ўтрымліваюць глютэну, з’яўляюцца несапраўднай матэрыяй для цэлебрацыі Эўхарыстыі.

А. 2. Гостыі з нізкім утрыманнем глютэну (часткова безглютэнавыя) з’яўляюцца сапраўднай матэрыяй пры ўмове, што яны ўтрымліваюць дастаткова глютэну, каб такі хлеб можна было выпякаць без дадатку іншародных рэчываў і без выкарыстання працэсаў, якія б змянілі істоту хлеба.

Б. 1. Свецкая асоба, якая пакутуе на цэліякію і не здольная прымаць Камунію пад постаццю хлеба (уключна з нізкаглютэнавымі гостыямі), можа прымаць Камунію толькі пад постаццю віна.

В. 1. Ардынарый мае ўладу ўдзяліць індывідуальнаму святару або свецкай асобе дазвол на выкарыстанне для цэлебрацыі Эўхарыстыі нізкаглютэнавых гостый або мусту. Дазвол можа быць дадзены на ўвесь час, пакуль трывае сітуацыя, якая выклікала ўдзяленне дазволу.

Трэба адзначыць, што (амерыканскае) Каталіцкае таварыства хворых на цэліякію з некалькіх прычын не лічыць прыняцце Камуніі толькі з келіха ідэальным варыянтам. Гэта тлумачыцца, напрыклад, тым фактам, што ў абрадзе commixtio ў келіх апускаецца частка вялікай Гостыі, праз якую ў віно трапляюць следавыя колькасці глютэну; праблема павялічваецца, калі папярэднія вернікі апускалі ў Найдаражэйшую Кроў свае Гостыі [51].

Сёння нізкаглютэнавыя гостыі шырока даступныя і зацверджаны як касцёльнай уладай, так і асацыяцыямі асобаў, якія пакутуюць на гэтую хваробу. Стандартнай практыкай зрабілася тое, што святар, які будзе ўдзяляць Камунію хворым асобам, кансэкруе такія гостыі ў асобным цыборыі.

Тыя ж асобы, якія не могуць без шкоды для здароўя зрэдку прыняць нават маленькую частку нізкаглютэнавай гостыі, вельмі нешматлікія, а гэта значыць, што яны ўжо з’яўляюцца малой групай. Выпадкі, калі асоба з-за праблем са здароўем можа не быць здольнай да прыняцця Камуніі, у гісторыі Касцёла вядомыя. Адзіным спосабам удзя­ліць цалкам безглютэнавую Камунію была б кансэкрацыя віна ў асобным келіху, куды не апускалася б Гостыя. Хоць колькасць людзей, якім гэта было б неабходна, сапраўды малая, законнасць такога вырашэння ў кантэксце надзвычайнай формы варта было б праясніць.


[1] А. Эйдан Нікалс ОР прапаноўваў пашырыць удзяленне келіха на надзвычайную форму: Fr Aidan Nichols, “Looking at the Liturgy: a critical view of its contemporary form”, San Francisco: Ignatius Press, 1996, с. 121.

[2] Ёзаф Юнгман спасылаецца на Ёзафа Браўна, аднак ніводзін з іх не прадстаўляе добрых сведчанняў наконт практыкі, якая была прынята да VII ст. Гл. Jungmann, “The Mass of the Roman Rite”, New York: Benzinger Brothers, 1955 (англ. выд., перакл. Francis Brunner CSsR), т. II, с. 382 і зн. 58–60; Braun, “Das christliche Altargeraet”, Munich: Max Hueber, 1932 (спасылкі Юнгмана), с. 79, 247 і ўкл. X. Малюнак 28 на ўклейцы Х паказвае мазаіку з гары Афон, на якой апосталы прымаюць Камунію непасрэдна з вялікага келіха на (меркавана) Апошняй вячэры, аднак гэтая мазаіка можа адлюстроўваць практыку духавенства ў тыя часы, а таму гэта нельга перанесці на свецкіх. Тым не менш, што датычыцца ранніх стагоддзяў, распаўсюджанае прыняцце Камуніі з келіха з выкарыстаннем аднаго з метадаў дастаткова аўтарытэтна падкрэслівае, напрыклад, Папа Леў Вялікі (+461), які заўважае, што пазбяганне келіха можа быць прыкметай маніхейства (бо маніхеі адмаўляліся піць віно). Sermo 4, de Quadr. (PL, 54, 279f.): “[Маніхеі], калі і асмельваюцца наведаць нашыя сходы з мэтай схаваць сваю нявернасць, так падыходзяць да прыняцця таямніц, што, хочучы мець магчымасць схавацца цалкам, яны прымаюць сваімі нягоднымі вуснамі Цела Хрыста, аднак цалкам пазбягаюць прыняцця Крыві нашага адкуплення. Я звяртаю на гэта вашу пабожную ўвагу для таго, каб па гэтай прыкмеце вы маглі распазнаць гэты тып людзей і, калі іхні блюзнерскі падман будзе заўважаны, святары сваёй уладай выгналі іх з супольнасці святых”. (“Cumque ad tegendam infidelitatem suam nostris audeant interesse conventibus, ita in sacramentorum communione se temperant, ut interdum, ne penitus latere non possint, ore indigno Christi corpus accipiant, sanguinem autem redemptionis nostrae haurire omnino declinent. Quod ideo vestrae notum facimus sanctitati, ut vobis hujuscemodi homines et his manifestantur indiciis, et quorum deprehensa fuerit sacrilega simulatio, a sanctorum societate sacerdotali auctoritate pellantur”.)

[3] Таксама яе называюць calamus, pugillaris і іншымі назвамі.

[4] Напрыклад, практыка пагружэння была забаронена Брагскім саборам у 675 г. і Клермонскім саборам у 1096 г.

[5] Што датычыцца гэтага параграфа, гл. Jungman, op. cit., т. II, с. 382–387; Archdale A. King, “Liturgy of the Roman Church”, London: Longmans, 1957, с. 402–403. Браўн (op. cit., с. 249–265) больш дэтальна апісвае тэрыторыю распаўсюджання і выкарыстання фістулы, а таксама назвы, якія ёй даваліся.

[6] Jungmann, op. cit., с. 385.

[7] Занепакоенасць магчымасцю прафанацыі пры ўдзяленіі свецкім Камуніі з келіха выказвалі св. Іво, біскуп Шартра (+1116), і Эрнульф, біскуп Рочэстэра (+1124); Рудольф, абат Сінт-Тройдэна, яшчэ ў 1110 г. выступаў за скасаванне практыкі ўдзялення свецкім келіха. Камунія пад адной постаццю стала абавязковай у Лацінскім Касцёле пасля пастановы Канстанцкага сабору (1415). Гл. Archdale King, op. cit., с. 369–370.

[8] Гэтая пабожнасць таксама праявілася ў падаўжэнні эўхарыстычнага посту і менш частым прыняцці святой Камуніі. Гл. Пазіцыя № 10, “Эўхарыстычны пост”, 2–3.

[9] Гл. Archdale King, op. cit., с. 370.

[10] Першы такі дазвол даў Базэльскі сабор у 1433 г. Трыдэнцкі сабор пакінуў вырашэнне гэтага пытання на волю Папы (сесія ХХІІ, раздз. 11); Папа Пій IV зрабіў гэта ў сваім брэвэ ад 29 ліпеня 1564 года.

[11] У выпадку Баварыі дазвол быў адкліканы ў 1571 г., у выпадку Аўстрыі — у 1584 г.; для Багеміі і ўсіх астатніх тэрыторый — у 1621 г.: гл. Jungmann, op. cit., т. ІІ, с. 286. У 1630-я гг. уздымалася пытанне наконт такога дазволу для англіканаў у выпадку іх масавага вяртання, але абмеркаванне не дало вынікаў.

[12] Braun, op. cit., с. 257: “Пасля таго як Папа дазволіў такое прыняцце пры пэўных абмежаваных умовах, правінцыяльны сінод Зальцбурга выдаў у 1564 г. дэкрэт пра прыняцце свецкімі асобамі Камуніі з келіха, ясна акрэсліўшы, што Найсвяцейшая Кроў павінна прымацца праз “маленькую саломінку”.

[13] Ibid., с. 258: “На лютэранскай эўхарыстыі саломінка выкарыстоўвалася ажно да XVIII ст. Рэфармацкія тэолагі і сіноды змагаліся з гэтай практыкай, але лютэране ў цэлым абаранялі яе, прыводзячы як практычныя аргументы, так і аргументы знешняй прыстойнасці. Канец выкарыстанню саломінак паклаў эдыкт Дацкага караля Фрэдэрыка IV, дадзены ў 1705 г. у Альтоне, а ў хуткім часе каралеўскімі дэкрэтамі іх забаранілі і ў Прусіі”.

[14] Утраквісты абгрунтоўвалі сваё меркаванне, сярод іншага, наступнымі тэкстамі: “Bibite ex hoc omnes” (“Піце з яго ўсе”, Мц 26:27 і паралельныя месцы); “Nisi manducaveritis carnem Filii hominis, et biberitis ejus sanguinem, non habebitis vitam in vobis” (“Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця”, Ян 6:54, і прамова пра Хлеб жыцця ў цэлым). Трыдэнцкі сабор каментуе (сесія ХХІ, раздз. 1): “Той, хто сказаў: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця (54), сказаў таксама: Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі (59); і Той, хто сказаў: Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае (55), сказаў таксама: Хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету (52); і, нарэшце, Той, хто сказаў: Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім (57), тым не менш сказаў: Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі (59)”.

[15] Трыдэнцкі сабор, сесія ХІІІ (1551), кан. 3: “Калі хто адмаўляе, што ў велічным сакрамэнце Эўхарыстыі ўвесь Хрыстус прысутнічае пад кожнай з постацяў і, калі іх раздзяляюць, у кожнай частцы кожнай постаці, няхай будзе адлучаны”. Сесія ХХІ (1562), кан. 1: “Калі хто кажа, што па Божым загадзе або па неабходнасці для збаўлення ўсе і кожны з вернікаў Хрыстовых павінен прымаць абедзве постаці Найсвяцейшага Сакрамэнту, не кансэкруючы яго, няхай будзе адлучаны”. Кан. 2: “Калі хто кажа, што святы Каталіцкі Касцёл не кіраваўся справядлівымі прычынамі і разважаннямі, калі абмяжоўваў удзя­ленне Камуніі свецкім асобам і духавенству, якое не здзяйсняе кансэкрацыі, толькі да постаці хлеба, няхай будзе адлучаны”. Кан. 3: “Калі хто адмаўляе, што Хрыстус, Крыніца і Творца ўсіх ласкаў, цалкам і поўнасцю прымаецца пад адной постаццю хлеба, бо, як некаторыя памылкова сцвярджаюць, Яго не прымаюць, згодна з устанаўленнем самога Хрыста, пад дзвюма постацямі, няхай будзе адлучаны”.

[16] Sacrosanctum concilium, 55: “Communio sub utraque specie, firmis principiis dogmaticis a Concilio Tridentino statutis, in casibus ab Apostolica Sede definiendis, tum clericis et religiosis, tum laicis concedi potest, de iudicio Episcoporum, veluti ordinatis in Missa sacrae suae ordinationis, professis in Missa religiosae suae professionis, neophytis in Missa quae Baptismum subsequitur”.

[17] Кангрэгацыя Божага культу, інстр. Inaestimabile donum (1980), 12: “Канферэнцыі біскупаў і ардынарыі таксама не павінны выходзіць за межы таго, што выкладзена ў цяперашняй дысцыпліне: удзяленне дазволу на Камунію пад дзвюма постацямі не павінна быць агульным, але трэба дакладна акрэсліць такія цэлебрацыі; групы, якія карыстаюцца гэтай магчымасцю, павінны быць ясна акрэсленымі, арганізаванымі і аднароднымі”.

[18] Кангрэгацыя Божага культу, інструкцыя Redemptionis Sacramentum (2004), 101: “Каб удзяляць свец­кім хрысціянам святую Камунію пад дзвюма постацямі, трэба належным чынам ацаніць абставіны, вынесці суджэнне пра якія першым належыць дыяцэзіяльнаму біскупу”. (“Ut christifidelibus laicis sacra Communio sub utraque specie ministretur, congruenter aestimanda erunt adiuncta, de quibus iudicent praeprimis Episcopi dioecesani”.) 102: “Келіх не павінен удзяляцца свецкім хрысціянам там, дзе да Камуніі прыступае такая вялікая колькасць асобаў, што будзе цяжка ацаніць колькасць віна для Эўхарыстыі, каб “у канцы не заставалася празмерная колькасць Крыві Хрыста для спажывання”. (“Ne ministretur calix christifidelibus laicis ubi tantus adsit communicandorum numerus, ut difficile evadat quantitatem vini ad Eucharistiam aestimare, et periculum exstet, ut “copia Sanguinis Christi plus aequo remaneat in fine celebrationis sumenda”). Унутры гэтага фрагмента цытуюцца Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, 285а.

[19] Прат. CD 1297/78. За гэтым наступіла шырокае ўдзяленне келіха па-за межамі інструкцый, дадзеных у ранейшых дакументах.

[20] Папская камісія Ecclesia Dei, інструкцыя Universae Ecclesiae (2011), 28: “Надалей, маючы моц асаблівага закону, апостальскае пасланне Summorum Pontificum у тым, што датычыць яго прадмету, адмяняе ўсе літургічныя законы пра святыя абрады, якія былі выдадзеныя пасля 1962 года і не згаджаюцца з рубрыкамі літургічных кніг 1962 года”. (“Praeterea, cum sane de lege speciali agitur, quoad materiam propriam, Litterae Apostolicae Summorum Pontificum derogant omnibus legibus liturgicis, sacrorum rituum propriis, exinde ab anno 1962 promulgatis, et cum rubricis librorum liturgicorum anni 1962 non congruentibus”.)

[21] Redemptionis Sacramentum, 103: “Нормы Рымскага Імшала дапускаюць прынцып, што ў тых выпадках, калі Камунія ўдзяляецца пад дзвюма постацямі, “Кроў Хрыстову можна прымаць альбо п’ючы непасрэд­на з самога келіха, альбо абмакваючы Гостыю, альбо з дапамогаю трубачкі ці лыжачкі”. Што датычыцца ўдзялення Камуніі свецкім хрысціянам, біскупы могуць выключыць магчымасць удзялення Камуніі з дапамогай трубачкі ці лыжачкі там, дзе няма такога мясцовага звычаю, тады як варыянт удзялення Камуніі праз пагружэнне заўсёды застаецца магчымым”. (“Normae Missalis Romani admittunt principium quo, in casibus ubi Communio sub utraque specie ministretur, “sanguis Domini sumi potest vel ex ipso calice directe bibendo, vel per intinctionem, vel cum calamo, vel cum cochleari”. Quoad Communionis christifidelibus laicis ministrationem, Episcopi Communionem cum calamo vel cum cochleari excludi possunt, ubi usus loci non sit, manente tamen semper optione Communionis per intinctionem ministrandae”.) Унутры гэтага фрагмента цытуюцца Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, 245.

[22] Варта заўважыць, што ў англіканаў звычайная практыка наступная: служыцель Эўхарыстыі трымае келіх і нахіляе яго, каб вернік мог прыняць Камунію; пры гэтым вернік дакранаецца да келіха не рукамі, а толькі вуснамі. Гэтая практыка, сумяшчальная з цяперашнім літургічным правам, была перанесена ў практыку персанальнага ардынарыята Маці Божай Уолсінгемскай.

[23] Тут ёсць паралель з прыняццем Гостыі ў руку: гл. Пазіцыя № 3, “Спосаб прыняцця святой Камуніі”.

[24] Частае прыняцце Камуніі ў гісторыі пратэстантызму з’яўляецца выключэннем, якое можна агулам прыпісаць каталіцкаму ўплыву ў ХХ ст. Варта таксама заўважыць, што прынамсі ў Англіі і Уэльсе англіканскія супольнасці значна меншыя за каталіцкія (бо англікане маюць больш месцаў культу), што робіць тыповае эўхарыстычнае набажэнства больш асабістай справай, а таксама зазвычай больш рэдкай.

[25] У 1979 г., пішучы на піке дыскусіі пра ўвядзенне Камуніі пад дзвюма постацямі ў ЗША, Майкл Дэвіс цытуе кс. Тома Маэра, які быў выканаўчым дырэктарам “літургічнай службы” кардынала Бернардына: “Варта згадаць, што мы не рэкамендуем прымаць хлеб і віно пры дапамозе пагружэння, гэта значыць апускання хлеба ў віно. Такая практыка памяншае знак спажывання і піцця і, акрамя таго, перашкаджае людзям прымаць Камунію ў руку”, Michael Davies, “Communion Under Both Kinds”, Long Prairie: The Neumann Press, перагл. выд. 1989, с. 28.

[26] Стандартная парада біскупскіх канферэнцый заключаецца ў тым, каб на кожнага служыцеля, які ўдзяляе Гостыі, прадугледжваць двух служыцеляў, якія ўдзяляюць Камунію з келіха. Адпаведна, малаверагодна, што Камунію пад дзвюма постацямі будуць удзяляць выключна святары і дыяканы. З іншага боку, дапамога надзвычайных служыцеляў святой Камуніі вельмі абмежавана літургічным правам. Таму вельмі дзіўна заяўляць, што іхняя дапамога з’яўляецца апраўданай, бо іначай удзяленне Камуніі заняло б зашмат часу, тады як яно займае шмат часу менавіта таму, што вялікім супольнасцям, насуперак агульнаму правілу, удзяляецца Камунія з келіха.

[27] Гл. Пазіцыя № 3, “Спосаб прыняцця святой Камуніі”; Пазіцыя № 10, “Эўхарыстычны пост”. Гл. св. Ян Павел ІІ, Dominicae cenae (1980): “Часам, а насамрэч даволі часта, да Камуніі прыступае кожны ўдзельнік эўхарыстычнай супольнасці; і ў некаторых выпадках, што пацвярджаюць дасведчаныя пастыры, не прадпрымаецца адпаведнага дбання пра ўдзел у сакрамэнце пакуты для ачышчэння свайго сумлення”. (“Interdum scilicet, immo compluribus in casibus, cuncti eucharisticae celebrationis participes ad communionem accedunt, tametsi nonnumquam — ut comprobant periti rerum pastores — habita non est debita cura, ut prius Paenitentiae Sacramentum reciperent propriam ad conscientiam mundandam”.) Папа Бенедыкт XVI, паслясінадальная апостальская адгартацыя Sacramentum caritatis (2007), 55: “Без сумненняў, поўны ўдзел у Эўхарыстыі адбываецца тады, калі мы асабіста прыступаем да алтара, каб прыняць св. Камунію. Аднак неабходна звярнуць увагу на тое, каб гэтае справядлівае сцвярджэнне не вяло да пэўнага аўтаматызму сярод вернікаў, быццам праз сам толькі факт знаходжання ў касцёле падчас літургіі існуе права ці магчыма абавязак прыступаць да эўхарыстычнага Стала”. (“Sine dubio plena participatio Eucharistiae habetur cum quis accedit etiam personaliter ad altare Communionis recipiendae gratia. Attamen cavendum est ne haec iusta affirmatio forsitan introducat inter fideles quendam automatismum, quasi quispiam ob solam praesentiam in ecclesia, liturgiae tempore, ius habeat, vel forsitan etiam officium, ad Mensam eucharisticam accedendi”.)

[28] Інструкцыя Redemptionis Sacramentum адказвае на праблемы, звязаныя з удзяленнем Найдаражэйшай Крыві вернікам, наступнымі праясненнямі, дазволамі і забаронамі. Па-першае, “звяртацца па дапамогу надзвычайных служыцеляў у цэлебрацыі літургіі трэба толькі пры наяўнасці сапраўднай неабходнасці” (“Solummodo ex vera necessitate recurrendum erit ad auxilium ministrorum extraordinariorum in Liturgiae celebratione”) (151). Па-другое, як было заўважана вышэй, удзяленне келіха там, дзе прысутнічае вялікая колькасць вернікаў, робіць складанай ацэнку колькасці віна, неабходнага для кансэкрацыі (102). Па-трэцяе, звязаная з гэтым праблема вялікай колькасці кансэкраванай Найдаражэйшай Крыві прымушае інструкцыю асудзіць практыку пералівання яе з аднаго начыння ў іншае пасля кансэкрацыі (106). Па-чацвёртае, інструкцыя зноў нагадвае пра сур’ёзнасць злачынства выкідання святых постацяў (якое вядзе да экскамунікі latae sententiae) у кантэксце таго, што пасля Камуніі вернікаў можа застацца вялікі лішак Найдаражэйшай Крыві (107); той самы параграф нагадвае чытачам, што, па-пятае, лішак Найдаражэйшай Крыві павінен спажыць святар, а не надзвычайны служыцель святой Камуніі. Па-шостае, асуджаецца практыка ўласнаручнага пагружэння, як і, па-сёмае, пагружэнне некансэкраванага хлеба (104). Па-восьмае, пагружэнне таксама мае на ўвазе выкарыстанне гостый адпаведных памераў (103). Нарэшце, па-дзявятае, удзяленне Камуніі з келіха забараняецца не толькі тады, калі існуе рызыка прафанацыі, але і тады, “калі значная колькасць людзей з розных прычын выбірае не прыступаць да келіха, бо тады ў нейкім сэнсе знак еднасці ставіцца пад сумненне” (“ubi pars notabilis populi ad calicem variis ex causis perseveranter nolit accedere, ablato igitur quodammodo signo unitatis”) (102).

[29] Балтымарскі катэхізіс (Q872): “Найсвяцейшая Эўхарыстыя з’яўляецца сакрамэнтам, калі мы прымаем яе ў святой Камуніі і калі яна захоўваецца ў табернакулюме алтара. Яна з’яўляецца ахвярай, калі яна прыносіцца на Імшы шляхам асобнай кансэкрацыі хлеба і віна, што азначае аддзяленне крыві нашага Пана ад Яго цела, калі Ён памёр на Крыжы”. “A Catechism of Christian Doctrine Prepared and Enjoined by order of the Third Plenary Council of Baltimore”, No. 3, London: Baronius Press, 2006, (рэпрынт выдання 1921 года), с. 164.

[30] Папа Бенедыкт XVI (кард. Ёзаф Ратцынгер) “The Theology of the Liturgy”, у выд. “Looking Again at the Question of the Liturgy with Cardinal Ratzinger: proceedings of the July 2001 Fontgombault Conference” (рэд. Alcuin Reid), с. 18–31, с. 20: “Здаецца, немалая частка каталіцкіх літургістаў сапраўды дайшла да высновы, што ў дыскусіі XVI ст. рацыю трэба прызнаць не за Трыдэнцкім саборам, а за Лютэрам. З аналагічным меркаваннем сёння можна сустрэцца таксама ў паслясаборных дыскусіях пра святарства. (…) Тую зацятасць, з якою змагаюцца супраць магчымасці — таксама пасля рэформы літургіі — служыць Імшу паводле Імшала 1962 года, можна зразумець толькі з той перспектывы, што гэта наступства адыходу ад Трыдэнцкага сабору. Гэтая магчымасць прадстаўляе сабою найбольш выразную і праз тое самую цяжкую спрэчнасць з поглядам, што сфармуляваная Трыдэнцкім саборам вера ў Эўхарыстыю страціла сваю важнасць”.

[31] Дэ Луга (Disputationes, 1869, т. IV, с. 39 і далей) вядзе мову пра дазвол, дадзены Папам Клімэнтам VI французскаму каралю, прыняць Камунію з келіха “ad maius gratiae augmentum”. З іншымі падобнымі адсылкамі гэты факт цытуецца ў Charles Harris, “The Communion of the Sick, Viaticum, and Reservation”, у выд. W. K. Lowther Clarke, Charles Harris, “Liturgy and Worship: A companion to the Prayer Books of the Anglican Communion”, London: Society for Promoting Christian Knowledge, 1932, с. 541–615, с. 614.

[32] Наконт важнасці захавання спосабу прыняцця святой Камуніі, традыцыйнай для Усходніх Касцёлаў, гл. інструкцыя Il Padre, incomprensibile (1996), 53: “Нават калі традыцыйны звычай выключае павелічэнне значэння іншых фактараў, таксама законных, і вядзе да адмовы ад пэўнай зручнасці, яго змена пацягне за сабою негарманічнае ўмяшальніцтва ў духоўную сістэму поглядаў, у якой ён знаходзіцца”.

[33] Св. Грыгорый Назіянскі піша (даслоўны пераклад): “Якое літургічнае начынне, хоць яно і недатыкальнае для многіх, аддаў я ў рукі беззаконных?” З кантэксту вынікае, што ён асуджае арыянаў, бо тыя правакавалі беспарадкі ў касцёлах, што належалі прававерным, і тады нават жанчыны з ніжэйшых слаёў грамадства забаўляліся са святымі прадметамі (Oration 33.3 (NPNF 2nd ser. 7.329); PG 36.217B).

[34] “Catechism of the Council of Trent”, перакл. John A. McHugh OP, Charles J. Callan OP, 1923, перавыд. Roman Catholic Books, с. 254.

[35] Мова ідзе пра тэкст кананічнага права, які памылкова прыпісалі Папу Сатэру.

[36] Fr William O’Brien, “A Handbook for the Sacristan: a detailed guide to prepare for liturgical functions” (imprimatur 1932; перавыд. Veritas Press, Santa Monica CA), с. 12: “Келіх і патэну не могуць браць свецкія асобы і тыя, хто не атрымаў вышэйшых пасвячэнняў. Аднак тым, хто распараджаецца гэтымі рэчамі, можа быць дадзены дазвол браць і рыхтаваць іх”.

[37] Martin Mosebach, “The Heresy of Formlessness”, San Francisco: Ignatius Press, 2006: прыгадваючы сітуацыю ў сваім мясцовым касцёле падчас дзяцінства, Мозэбах піша (с. 176): “Сакрыстыян меў асаблівы як для свецкай асобы прывілей: яму было дазволена дакранацца да святога начыння; сам біскуп даў яму гэты дазвол. А ягонаму сыну не даў. Калі сын рыхтаваў келіх, ён павінен быў апранаць белыя пальчаткі. Таксама ён рабіў гэта, калі выносіў цяжкую манстранцыю з шафы (ягоны бацька больш не мог падняць яе)”.

[38] Норма, якая ў Кодэксе кананічнага права 1917 года, забараняла ўсім, акрамя цэлебранта, прымаць Камунію з келіха, была скасавана. Аднак, хоць яна больш не мае кананічнай моцы, у надзвычайнай форме дагэтуль захоўваецца адпаведны літургічны прынцып.

[39] “Res sacrae, quae dedicatione vel benedictione ad divinum cultum destinatae sunt, reverenter tractentur nec ad usum profanum vel non proprium adhibeantur, etiamsi in dominio sint privatorum”.

[40] Гл. Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала 163, 183, 192.

[41] Кангрэгацыя Божага культу, інструкцыя Redemptionis Sacramentum (2004), 119: “Вярнуўшыся да алтара пасля ўдзялення Камуніі і стоячы пры алтары або пры крэдэнсе, святар ачышчае патэну або цыборый над келіхам, а затым ачышчае келіх згодна з прадпісаннямі Імшала і выцірае келіх пурыфікатарам. Калі прысутны дыякан, ён вяртаецца са святаром да алтара і ачышчае начынне. Дапушчальна, аднак, асабліва ў тых выпадках, калі трэба ачысціць некалькі сасудаў, пакінуць іх на карпарале на алтары або крэдэнсе адпаведна накрытымі, каб святар або дыякан ачысціў іх непасрэдна пасля Імшы, калі людзі былі адпушчаны. Акрамя таго, адпаведна ўстаноўлены акаліт можа дапамагчы святару ці дыякану ачышчаць і расстаўляць святое начынне пры алтары або крэдэнсе. Пры адсутнасці дыякана адпаведна ўстаноўлены акаліт пераносіць святое начынне на крэдэнс і там ачышчае, выцірае і расстаўляе яго звычайным чынам”. (“Sacerdos, ad altare post distributionem Communionis reversus, stans ad altare vel ad abacum purificat patenam vel pyxidem super calicem, postea purificat calicem, iuxta Missalis praescripta, et calicem purificatorio absterget. Ubi adsit Diaconus, ille cum Sacerdote ad altare revertitur et vasa purificat. Licet tamen vasa purificanda, praesertim si sint plura, opportune cooperta, in altari vel in abaco super corporale relinquere eaque statim post Missam, populo dimisso, a Sacerdote vel Diacono purificari. Item acolythus rite institutus Sacerdotem vel Diaconum in vasis sacris purificandis et componendis sive ad altare sive ad abacum adiuvat. Absente Diacono, acolythus rite institutus vasa sacra ad abacum defert ibique more solito ea purificat, abstergit et componit”.)

[42] Св. Тамаш Аквінскі, “Сума тэалогіі”, IIIa, q. 83, a. 6, ad 3: “Si vero venenum ibi adesse deprehenderit immissum, nullo modo debet sumere nec alii dare ne calix vitae vertatur in mortem”.

[43] De Defectibus X, 6: “Калі пасля кансэкрацыі у келіх трапіць штосьці атручанае або штосьці, што выклікае ваніты, кансэкраванае віно трэба пераліць у іншы келіх, дадаць столькі вады, каб келіх напоўніўся і каб постаць віна растварылася. Затым гэтую ваду трэба выліць у сакрарый. Трэба прынесці і кансэкраваць іншае віно разам з вадою”. (“Si aliquid venenosum ceciderit in calicem, vel quod provocaret vomitum, vinum consecratum reponendum est in alio calice aqua pleno, ita ut species vini dissolvantur; et huiusmodi aqua in sacrarium proiciatur. Aliud autem vinum cum aqua apponendum est, denuo consecrandum”.)

[44] Паведамленне ў Catholic Herald ад 31 ліпеня 2009 года.

[45] Калі мова ідзе пра (брытанскіх) англіканаў, то для іх спыненне выкарыстання келіха прадугледзеў Сакрамэнтальны акт 1547 года, выдадзены з прычыны эпідэміі бубоннай чумы.

[46] “Насупраць, жывы вірус, як устаноўлена метадам бляшак (для сезоннага H1N1) або метадам флуарэсцэнтнага фокусу (для pH1N1), выяўляўся на большасці паверхняў праз 4 гадзіны, а на некаторых няпорыстых матэрыялах — праз 9 гадзін, аднак праз 24 гадзін яго колькасць падала ніжэй за ўзровень выяўлення”. Greatorex JS, Digard P, Curran MD, Moynihan R, Wensley H, Wreghitt T, et al., “Survival of Influenza A(H1N1) on Materials Found in Households: Implications for Infection Control”, PLoS ONE 2011, 6(11), e27932. DOI: 10.1371/journal.pone.0027932.

[47] “У даследаванні Баркера і інш. паверхні, ачышчаныя растворам дэтэргента, перадавалі наравірус на незаражаныя паверхні. У выніку заражаная паверхня, ануча і пазней заражаныя паверхні давалі станоўчы рэзультат на наравірус. Аднак ачыстка растворам хлора канцэнтрацыяй 5000 ppm эфектыўна спыняла крос-кантамінацыю і пазбаўляла паверхні ад наравіруса”. Boone SA, Gerba CP, “Significance of Fomites in the Spread of Respiratory and Enteric Viral Disease”, Appl. Environ. Microbiol. 2007, 73 (6), 1687–1696. DOI: 10.1128/AEM.02051-06.

[48] Даследаванне вірусаў і разуменне таго, як яны распаўсюджваюцца, моцна развіліся з пачатку 1970-х гг. Так, напрыклад, наравірус быў адкрыты ў 1972 годзе.

[49] 24 ліпеня 2003 года, Prot. 89/78-174 98.

[50] Дакумент устанаўлівае эквівалентныя правілы для святароў, якія пакутуюць на цэліякію.

[51] Mike & Chris Spreitzer, “Reaching Out To Catholics With Celiac Disease” (Catholic Celiac Society). Практыка ўласнаручнага пагружэння Гостыі, дарэчы, забаронена інструкцыяй Redemptionis Sacramentum (2004), 104.

Пакінуць каментар

Scroll Up