04.02.2019 / Te igitur

Робім закладкі для брэвіярыя🕑 4 хвілін

Чытанне вялікіх тэалагічных трактатаў пагражае галаўным болем, пастаяннае шкадаванне па традыцыйнай лацінскай Імшы — дэпрэсіяй, а тым часам кожны пакліканы да таго, каб несці рэальную карысць свету, а не толькі выклікаць галаўны боль і дэпрэсіі. Таму сёння мы пяройдзем ад тэарэтычнай тэалогіі да практычнай і будзем рабіць закладкі для рымскага брэвіярыя 1961 года.

Перад намі tomus prior амерыканскага выдавецтва Benzinger Brothers. Кніга захавалася добра. Абрэз ужо не белы, крыху адстае вокладка, але сам блок цэлы і ўсе старонкі на месцы. Найменш пашчасціла закладкам. Імі можна карыстацца, але яны даволі брудныя, і калі іх замяніць, то трымаць кнігу будзе больш прыемна. (Было ў вас такое, што да прыгожай кнігі ці ружанца больш ахвотна вяртаешся?)

Найбольш складаная частка ў гэтай гісторыі — знайсці матэрыял для новых закладак. Падобна, што ў крамах не засталося такіх самых баваўняных стужак, з якіх робяць закладкі ў брэвіярыях. Магчыма, гэта адмысловыя стужкі для выдавецкіх мэтаў, а ў швейных крамах яны нікому не патрэбныя. Што застаецца?

Атласныя стужкі знешне падобныя да арыгінальных закладак, аднак у іх ёсць пэўныя недахопы. Зазвычай яны крыху шырэйшыя, таму менш гнуткія. Да таго ж, яны сінтэтычна-бліскучыя і маюць ненатуральны, брыдкі колер.

Замест іх возьмем тонкія шнурочкі. Яны бываюць сінтэтычныя або часткова з воўны, але тут застаецца арыентавацца на асартымент крамы. Не варта браць надта тоўстыя, бо кніга не будзе закрывацца, а з-за гэтага ў сумцы ці заплечніку пашкодзяцца старонкі. Надта тонкія таксама не падыходзяць, бо, пацягнуўшы за закладку, можна надарваць старонку.

Што да колеру, то тут кожны сабе гаспадар. Больш эстэтычна будзе выглядаць брэвіярый з закладкамі літургічных колераў, але чаму б не выбраць нейкую сваю схему, дзе кожны колер будзе разумна адпавядаць той ці іншай частцы брэвіярыя?..

Такім чынам, глядзім па магчымасцях. Нам трапілася вось такое. Шэсць шнурочкаў па паўметры можна ўзяць у краме літаральна за капейкі.

Далей нам трэба выразаць кавалак картону, за які закладкі будуць мацавацца. Гэты кавалак картону мы будзем хаваць за пераплёт, таму выражам загатоўку 2,5×5 см і паспрабуем, ці добра яна пасуе.

Меркаванні тут два. Па-першае, картон не павінен быць надта шырокі, бо ён будзе дэфармавацца пры адкрыцці і закрыцці кніжкі. Па-другое, ён не павінен быць надта вузкі, але звязана гэта не з тым, што ён можа праваліцца ўсярэдзіну (не праваліцца), а з тым, што нам трэба прыклеіць да яго шэсць шнурочкаў.

Пасуе вельмі добра, таму цяпер выразаем сапраўдную загатоўку 5×5 см і робім нажом надрэз пасярэдзіне, каб яе можна было скласці ўдвая.

Цяпер трэба падумаць, у якім парадку скласці рознакаляровыя закладкі. Зрабіць гэта можна абсалютна любым спосабам, напрыклад:

  1. Ordinarium — чырвоная
  2. Psalterium — белая
  3. Proprium de tempore — жоўтая
  4. Proprium sanctorum — зялёная
  5. Commune sanctorum — сіняя
  6. Officium defunctorum — чорная

Асаблівай логікі тут няма: толькі што афіцый за памерлых, які аўтар гэтых радкоў чытае досыць рэгулярна, наўмысна будзе закладзены чорнай закладкай, а псалтыр — самая ўжываная частка — белай, каб па бруднай белай закладцы было відаць, хто моліцца, а хто не моліцца.

І тады ў такім парадку раскладаем шнурочкі на картоне, папярэдне парасплятаўшы крыху канцы, каб яны лепш замацаваліся клеем.

Дзеля зручнасці пад картонам часова падклейваем закладкі скотчам у адно.

Тады мажам адну палову картона суперклеем, накладаем шнурочкі, мажам другую палову і прыціскаем яе з іншага боку шнурочкаў. Калі трэба, раўняем прадукт нажніцамі.

І закладаем картон за пераплёт.

Далей раскладаем закладкі па адпаведных частках брэвіярыя. Чырвоная ідзе ў сталыя часткі.

Белай закладкай пазначаем псалтыр.

Жоўтая ідзе на перыяд пасля Аб’яўлення Пана.

Зялёнай закладваем святых.

Сіняй закладкай пазначаем агульныя тэксты пра святых (у дадзеным выпадку любыя, бо святы Блажэй у гэтым годзе ўсё адно не адзначаецца).

І, нарэшце, афіцый за памерлых.

Цяпер закладкі трэба абрэзаць. Калі хто не ведае, то зазвычай кнігу адкрываюць наступным чынам: бяруць знізу за закладку, цягнуць направа праз вугал і той жа закладкай адкідаюць верхнюю палову кнігі налева. (Таму закладкі і адрываюцца.) Адпаведна, гэтай жа мерай і будзем мераць неабходную даўжыню.

Можна не адразаць вельмі роўна, бо ўсё адно закладкі будуць “поўзаць” па кніжцы і атрымаецца няроўна. Калі канцы закладак будуць расплятацца, іх прыйдзецца памачыць у бескаляровым лаку для пазногцяў.

Зверху ўсё гэта выглядае не ідэальна, бо закладкі ўсё ж таўставатыя, але ў цэлым уражанне прыемнае. Мінімальны тэст на прыдатнасць да Божай службы, opus Dei, такая закладка вытрымлівае.

На гэтым усё. У наступнай частцы мы складзём з запалак камунійную балюстраду і навучымся, як правільна абрэзаць любімы пробашчавы арнат.

Пакінуць каментар

Scroll Up