29.01.2019 / FIUV

Пазіцыя № 16. “Абвяшчэнне чытанняў на лацінскай мове”🕑 10 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 16: АБВЯШЧЭННЕ ЧЫТАННЯЎ НА ЛАЦІНСКАЙ МОВЕ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Інструкцыя Universae Ecclesiae дазваляе пасля абвяшчэння чытанняў на лацінскай мове паўтараць іх на народнай мове; на ціхай жа Імшы дазваляецца чытаць іх толькі на народнай мове. Гэты артыкул мае на мэце растлумачыць і абараніць абмежаванне выкарыстання народнай мовы; выкладзеныя ў ім аргументы маюць дачыненне таксама да дыскусіі наконт магчымасці служэння ўсёй Імшы катэхумэнаў або выканання зменных частак Імшы на народнай мове. Першым аргументам з’яўляецца важная роля спеву Паслання і Евангелля на спяванай Імшы, якую абараняе касцёльнае заканадаўства. З гэтым звязана больш глыбокае пытанне аб тым, што чытанні выконваюць не толькі дыдактычную, але і культавую функцыю, і пераход з лацінскай мовы на народную падрывае гэтую ролю і адчуванне сакральнай літургічнай прасторы, якое ствараецца выкарыстаннем лацінскай мовы. Адпаведна, больш частае выкарыстанне народнай мовы на працягу літургіі будзе азначаць больш частую змену моў, а гэта будзе асабліва праблематычным.

1. У дачыненні да надзвычайнай формы рымскага абраду інструкцыя Universae Ecclesiae (2011) у № 26 сцвярджае наступнае:

Як прадугледжвае арт. 6 апостальскага паслання Summorum Pontificum, чытанні святой Імшы, якія знаходзяцца ў Імшале 1962 года, могуць прамаўляцца альбо толькі па-лацінску, альбо па-лацінску, а потым у перакладзе на народную мову, альбо нават — падчас ціхіх Імшаў — толькі на народнай мове.

На спяваных і ўрачыстых спяваных Імшах спяваць Пасланне і Евангелле на лацінскай мове трэба абавязкова [1]; на ціхіх Імшах існуе магчымасць чытаць іх толькі на народнай мове. З-за гістарычных прычын гэтая практыка на ціхіх Імшах ў розных краінах адрозніваецца, аднак у многіх месцах чытанні прамаўляюцца і на лацінскай мове. Паўтарэнне чытанняў на народнай мове там, дзе яны чытаюцца ці спяваюцца на лацінскай мове, з’яўляецца вельмі распаўсюджанай практыкай, хоць і абсалютна не паўсюднай.

2. Многія з тых, хто развівае выкарыстанне лацінскай мовы ў звычайнай форме рым­скага абраду (часта ў межах “рэформы рэформы”), прапануюць, каб на народнай мове чыталіся ўсе зменныя часткі Імшы або нават каб уся Імша да аферторыя служылася цалкам на народнай мове [2]. Адпаведна, варта растлумачыць заканадаўства і практыку надзвычайнай формы, бо гэтае тлумачэнне будзе карысным таксама і для такіх сітуацый [3].

3. Гэты артыкул прымае як дадзеныя некаторыя аргументы на карысць выкарыстання лацінскай мовы, пералічаныя ў Пазіцыі № 7 [4].

Культавая роля чытанняў

4. Адным з аспектаў, які дапамагае растлумачыць, чаму інструкцыя Universae Ecclesiae праводзіць розніцу паміж спяванымі і ціхімі Імшамі, з’яўляецца асаблівая каштоўнасць спеву чытанняў. Гэтая практыка сягае каранямі пачаткаў грыгарыянскага спеву ў габрэйскай святыні, а яе ўрачысты характар, прыгажосць і экспрэсіўнасць абсалютна непаўторныя. Страта гэтай практыкі была б сур’ёзным збядненнем літургічнай спадчыны Касцёла і літургічнага досведу вернікаў.

5. Гэтая традыцыя спеву чытанняў уздымае і больш шырокае пытанне пра ролю чытанняў у Імшы. Першапачаткова спеў чытанняў, мадуляцыі мелодыі ў сярэдзіне і канцы сказа і адрозненне мелодый для пытальнага і апавядальнага сказаў служылі для лепшай чутнасці і разумення тэкста [5]. Яны і далей служаць таму, каб вернікам было лягчэй сачыць за знаёмымі і важнымі тэкстамі, а таксама за тымі тэкстамі, дзе ў пэўны момант трэба ўкленчыць, як, напрыклад, падчас апісання смерці нашага Пана ў Евангеллях Мукі Пана [6]. Аднак у роўнай ступені яны надавалі абвяшчэнню чытанняў глыбока ўрачысты і літургічны характар, які можна параўнаць з характарам прэфацыі, і падкрэслівалі іх культавую ролю. Падкрэсліваюць гэта таксама і цырымоніі, асабліва добра бачныя ва ўрачыстай спяванай Імшы і пантыфікальнай Імшы, калі цэлебрант благаслаўляе таго, хто будзе чытаць тэкст, калі перад чытаннем кнігу акаджваюць, а пасля чытання цалуюць, калі святары і прыслугоўваючыя выконваюць адмысловыя перамяшчэнні ў прэзбітэрыі. Чытанне Евангелля ў напрамку поўначы сімвалізуе абвяшчэнне Евангелля язычнікам Паўночнай Еўропы. На ціхай Імшы культавая роля чытанняў падкрэсліваецца іх абвяшчэннем ад алтара Ахвяры.

6. Гэтую каштоўнасць абвяшчэння Святога Пісання як культавага акту пацвярджае абрад пасвячэння дыяканаў і субдыяканаў, якім даручаецца чытаць Евангеллі або Пасланні “як жывым, так і памерлым” [7].

7. Святое Пісанне, натуральна, мае дыдактычную каштоўнасць, аднак тое самае можна сказаць і пра зменныя часткі Імшы, а нават і пра сталыя. Таму немагчыма правесці дакладнае раздзяленне паміж дыдактычнай Імшой катэхумэнаў і культавай Імшой вернікаў. Як заўважае канстытуцыя пра святую літургію Другога Ватыканскага сабору,

Дзве часткі, з якіх у пэўнай ступені складаецца св. Імша, а менавіта літургія слова і эўхарыстычная літургія, так цесна звязаны паміж сабой, што складаюць адзін акт культу [8].

8. Улічваючы сказанае, здаецца натуральным, што чытанні трэба спяваць на лацінскай мове, на літургічнай мове Заходняга Касцёла. Таксама натуральна, што на ціхай Імшы, якая гістарычна і лагічна бярэ свой пачатак з урачыстай Імшы, чытанні варта таксама чытаць на лацінскай мове.

9. Ёсць таксама і два іншыя аргументы, якія ў пэўнай ступені маюць вагу ў пытанні таго, ці варта выконваць іншыя зменныя часткі ў цэлебрацыях у надзвычайнай форме на народнай мове.

Пастырскія аргументы

10. Па-першае, трэба разгледзець пытанне практычнай пастырскай каштоўнасці выканання чытанняў на народнай мове. У Імшах з народам, дзе чытанні выконваюцца на лацінскай мове, звычайнай практыкай з’яўляецца іх паўтарэнне на народнай мове перад казаннем. Адпаведна, нельга сцвярджаць, што існуе нейкая пастырская неабходнасць выконваць чытанні на народнай мове замест лацінскай; тут няма дылемы “альбо — альбо”. Адзіным аргументам для пропуску чытанняў на лацінскай мове можа быць невялікая эканомія часу.

11. Аднак трэба задаць пытанне, ці з’яўляецца неабходным паўтарэнне чытанняў на народнай мове ва ўмовах большасці сённяшніх Імшаў у надзвычайнай форме, калі вернікам, нават калі яны не маюць імшалаў з перакладамі, можна без праблем раздаць пераклад, раздрукаваны на адным лісце паперы. У гэтым сэнсе, сітуацыя змянілася, калі параўноўваць яе з 1940-мі гадамі, калі некаторым рэгіёнам даваўся дазвол на выкананне чытанняў на народнай мове: у той час пробашчы проста не маглі размножыць пераклады, сцягнуўшы іх з Інтэрнэту.

12. Тое самае датычыцца іншых зменных частак Імшы і, уласна кажучы, нязменных. Выкарыстанне лацінскай мовы не з’яўляецца перашкодай для разумення таго, што кажуць падчас Імшы, таму што кожны ахвотны можа лёгка сачыць за перакладам, а кожны, хто лічыць, што важна, каб вернікі маглі сачыць за Імшою на сваёй мове, можа лёгка забяспечыць даступнасць перакладаў [9].

13. Апошні аргумент прыводзіць даследчык Ласла Добшаі: калекта, сакрэта і малітва пасля Камуніі павінны захоўвацца на лацінскай мове, нават калі іншыя часткі Імшы перакладаюцца, таму што важна, каб каталікі былі знаёмыя з багатай лацінскай тэрміналогіяй гэтых малітваў [10].

Цэласнасць літургіі

14. Па-другое, трэба разгледзець пытанне цэласнасці літургіі. Пісьменнік Марцін Мозэбах кажа пра яго ў кантэксце “праблемы” казання:

Пры ўваходзе ў сакральную прастору літургіі любая перашкода прымушае мяне пакутаваць. Я пакутую кожны раз, калі тканіна літургіі (метафарычна кажучы) разрываецца… [Пад канец Евангелля] вернік ужо знаходзіцца глыбока ў іншым свеце. Ён зразумеў, што калі мова ідзе пра тое, каб зрабіць бачным аб’ектыўна “цалкам іншую” рэальнасць, усялякія прыхамаці і спантаннасць павінны знікнуць [11].

15. Гэтую атмасферу і адпаведную ўнутраную паставу перарывае казанне, якое мае абсалютна іншы, больш асабісты і празаічны, характар; яшчэ больш раздражняльным, як заўважае Мозэбах, можа быць чытанне аб’яў. Мозэбах не спрачаецца з размяшчэннем казання ў гэтым месцы літургіі (яно знаходзіцца там даволі даўно), а проста кажа:

Я сапраўды думаю, што важна разумець існаванне такой праблемы, нават калі пад рукой няма відавочнага рашэння [12].

16. Падобным чынам, можна казаць, што чытанні на народнай мове маюць свае плюсы, але трэба таксама прызнаць, што рэзкія пераходы ад лацінскай мовы (або іншай старажытнай літургічнай мовы) [13] да народнай і назад ствараюць праблему з пункту гледжання літургіі як сакральнай прасторы, асаблівым чынам пазначанай выкарыстаннем лацінскай мовы. Калі прамаўляць зменныя часткі Імшы на народнай мове, то гэта прывядзе да яшчэ больш частых пераходаў паміж сакральнай і свецкай мовамі. Лацінская мова не здолее ствараць і падтрымліваць адчуванне сакральнасці, калі яе пастаянна перапыняць, таму нават неабходныя перапынкі выклікаюць шкадаванне [14].

Заключэнне

17. Гэты артыкул меў на мэце абгрунтаваць заканадаўства Касцёла, выкладзенае ў інструкцыі Universae Ecclesiae, згодна з якой чытанні ў спяванай Імшы павінны выконвацца на лацінскай мове, а таксама шырокую практыку, калі чытанні выконваюцца на лацінскай мове нават у ціхай Імшы. Па сутнасці, абгрунтаванне заключаецца ў тым, што лацінская мова ў надзвычайнай форме рымскага абраду не з’яўляецца нязначным аспектам і што замена лацінскай мовы на народную ў пэўных частках Імшы не толькі змяншае літургічную якасць гэтых частак, але і парушае літургію як цэлае.

18. Гэты аргумент засноўваецца на назіранні, што Імшу катэхумэнаў нельга лічыць проста дыдактычным элементам, які не абавязкова мае выразны літургічны і культавы характар. Малітвы і абрады Імшы ў надзвычайнай форме проста не дазваляюць інтэрпрэтаваць структуру Імшы такім чынам.

19. Той жа аргумент можна яшчэ больш абгрунтавана прымяніць да выканання іншых зменных частак на народнай мове. Хоць гэта можа мець дыдактычнае значэнне для вернікаў, гэтыя часткі ўсё ж з’яўляюцца інтэгральным элементам культу, які прыносіцца Богу ў Імшы, а пастаянны пераход паміж лацінскай і народнай мовай сур’ёзна падрывае ўспрыманне вернікамі Імшы як сакральнай прасторы.


[1] У спяванай Імшы дапушчальна чытаць Пасланне, а не спяваць, аднак гэта вельмі рэдкая практыка.

[2] У кантэксце надзвычайнай формы гэтая частка Імшы вядомая як Імша катэхумэнаў, а ў звычайнай форме яна называецца літургіяй слова.

[3] Цікава адзначыць, што некаторыя літургічныя навукоўцы, прыхільныя выкарыстанню лацінскай мовы, такія як а. Эйдан Нікалс ОР і а. Джонатан Робінсан СО, лічаць, што абвяшчэнне чытанняў на народнай мове не патрабуе асаблівага абгрунтавання: гл. Nichols, “Looking at the Liturgy: a critical view of its contemporary form”, San Francisco: Ignatius Press, 1996, с. 120; Robinson, “The Mass and Modernity: walking to heaven backwards”, San Francisco: Ignatius Press, 2005, с. 336.

[4] Пазіцыя № 7, “Літургічная роля лацінскай мовы”.

[5] У 1296 г. сінод у Града (Італія) абмежаваў выкарыстанне складаных мелізматычных хадоў у спевах Евангелля, таму што “яны перашкаджаюць разуменню слухачоў, і таму пабожнасць у розумах вернікаў памяншаецца”. Цыт. па выд. Fr. Uwe Michael Lang, “The Voice of the Church at Prayer”, San Francisco: Ignatius Press, 2012, с. 153. Ланг сцвярджае, што раней у тым жа стагоддзі св. Францішак, пачуўшы, як на Імшы ў свята св. Мацвея спяваюць Евангелле пра выправу апосталаў на прапаведаванне (Мц 10:7-10), натхніўся заснаваць ордэн братоў меншых.

[6] Існуюць і іншыя прыклады, калі святары і вернікі павінны ўкленчыць у пэўны момант падчас абвяшчэння чытання: у свята Аб’яўлення Пана і яго актаву пры згадванні таго, што мудрацы ўпалі пакланіцца Дзіцяці; у другую нядзелю Мукі Пана, у свята Адшукання Святога Крыжа і ў свята Узвышэння Святога Крыжа падчас Паслання на словы “ut in nomine Iesu omne genu flectatur”; у трэцяй Імшы Божага Нараджэння, калі чытаецца прадмова Евангелля ад Яна; у канцы Евангелля ў сераду чацвёртага тыдня Вялікага посту (Ян 9:1-38). Таксама такія моманты існуюць падчас спеваў, а менавіта падчас велікапоснага тракта “Domine non secundum” і на верш Аллелюя ў свята Пяцідзясятніцы “Veni, Sancte Spiritus”.

[7] З Рымскага Пантыфікала: пры пасвячэнні субдыякана біскуп кажа: “Прымі гэтую кнігу Пасланняў і атрымай моц іх чытання ў Божым Касцёле як жывым, так і памерлым”. Пры пасвячэнні дыякана ён кажа: “Прымі моц чытання Евангелля ў Божым Касцёле як жывым, так і памерлым”.

[8] Другі Ватыканскі сабор, канстытуцыя пра святую літургію Sacrosanctum concilium, 56: “Duae partes e quibus Missa quodammodo constat, liturgia nempe verbi et eucharistica, tam arcte inter se coniunguntur, ut unum actum cultus efficiant”.

[9] Што датычыцца менш распаўсюджаных моў або шматмоўных супольнасцяў, у такіх выпадках забяспечыць вернікаў перакладамі будзе цяжэй. Тым не менш гэтую праблему вырашыць прасцей, чым знайсці спосаб выкарыстаць неабходныя мовы пры алтары, бо прамаўляць на многіх мовах нялёгка. Да таго ж, у такім выпадку неабходна, каб пераклады былі зацверджаны фармальным чынам.

[10] “Цытаты з літургічных тэкстаў і спасылкі на іх прысутнічаюць у працах Айцоў Касцёла і многіх духоўных аўтараў, а таксама ў малітвах і разважаннях святых. Святары і свецкія вернікі, якія маюць добрую тэалагічную фармацыю, але не ведаюць лацінскую літургію вельмі добра (г. зн. у дадзены момант не знаёмыя з літургічнымі тэкстамі), несумненна, адсякаюць сябе ад гістарычных архіваў касцёльнага жыцця. Няведанне слоўніка або сказаў, на якія даецца спасылка, азначае няздольнасць распазнаць іх кантэкст і паходжанне ў тэалагічнай і духоўнай літаратуры самой традыцыі” (László Dobsay, “The Restoration and Organic Development of the Roman Rite”, London: T&T Clark, 2010, с. 79). Добшаі прапануе прамаўляць на народнай мове іншыя часткі святой Імшы, перадусім малітву “Ойча наш”. Гэтая прапанова, аднак, не нясе пастырскай карысці, бо сэнс гэтай малітвы большасць вернікаў ведае з дзяцінства.

[11] Martin Mosebach, “The Heresy of Formlessness: The Roman Liturgy and its enemy”, San Francisco: Ignatius Press, 2006 (першая публікацыя на нямецкай мове: 2003), с. 49–50.

[12] Там жа, с. 52. Падобны аргумент можна прымяніць да іншых выпадкаў выкарыстання народных моў, якія даўно замацаваліся ў лацінскай літургічнай традыцыі, як, напрыклад, у сужэнскіх абяцаннях. Неабходнасць выкарыстання народнай мовы ў дадзеным месцы звязана з неабходнасцю забеспячэння сапраўднасці сакрамэнту сужэнства, таму гэты выпадак не можа служыць прэцэдэнтам для выкарыстання народнай мовы ў іншых месцах. Такую літургічную “праблему” не ўдасца вырашыць, але яна абмежавана адным канкрэтным выпадкам.

[13] Як, напрыклад, у выпадку “Kyrie” на грэцкай мове.

[14] Сярод прыкладаў можна назваць неабходны перапынак, звязаны з прамаўленнем сужэнскай прысягі на народнай мове, дзе на першым месцы стаіць магчымасць непасрэдна разумець сказанае.

Пакінуць каментар

Scroll Up