26.01.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Практыкаванне перыяду Нараджэння Пана (2)🕑 14 хвілін

Гэта працяг раздзела “Практыкаванне перыяду Нараджэння Пана”. Першая частка тут.

У іншым месцы мы паказалі, што час Адвэнту належыць да таго перыяду духоўнага жыцця, які ў тэалогіі духоўнасці называецца ачышчальным жыццём, калі душа ачышчае сябе ад граху і нагодаў да граху пры дапамозе страху перад Божым пакараннем і барацьбы з дрэннымі схільнасцямі. Мы прымаем як дадзенае, што кожная верная душа прайшла гэтыя няпростыя шляхі, прайсці якія неабходна, і затым была дапушчана да таго свята, на якое Касцёл запрасіў усё чалавецтва, сказаўшы яму ў суботу другога тыдня Адвэнту наступныя словы прарока Ісаі: “Гэта Ён, наш Бог, на Яго мы спадзяваліся, што Ён нас збавіць. Гэта Пан, у Ім наша надзея, будзем радавацца і весяліцца ў Яго збаўленні” (Іс 25). Як у доме нашага Айца шмат святліц (Ян 14:2), так падобна ў вялікую ўрачыстасць Божага Нараджэння, калі спаўняюцца гэтыя словы прарока Ісаі, сярод бясконцага натоўпу тых, хто прымае Хлеб жыцця, Касцёл бачыць розны настрой і розныя ўнутраныя паставы. Некаторыя памерлі, але ласка, дадзеная ім падчас святога перыяду Адвэнту, вярнула іх да жыцця; іншыя, духоўнае жыццё якіх ужо доўгі час было здаровым, так правялі свой Адвэнт, што святыя практыкаванні падвоілі іхнюю любоў да Пана, а ўваход у Бэтлеем стаў для іх аднаўленнем жыцця душы.

Вось жа, кожная душа, якая была дапушчана ў Бэтлеем, гэта значыць у дом хлеба, і з’ядналася з Тым, хто з’яўляецца Святлом свету, — тая душа больш не ходзіць у цемры. Таямніца Божага Нараджэння — гэта таямніца прасвятлення,  і ласка, якую яна нараджае ў душы, што яе прымае, выводзіць гэтую душу на другі этап духоўнага жыцця, які называецца асвятляльным жыццём. Адгэтуль нам больш не трэба нецярпліва чакаць прыйсця нашага Збаўцы: Ён прыйшоў, асвятліў нас, і мы вырашылі захоўваць гэтае святло, а нават падтрымліваць яго развіццё ў нашай душы па меры таго, як літургічны год раскрывае перад намі свае чарговыя перыяды таямніцаў і ласкаў. Бог дазваляе нам разважаць у сваіх душах пра паступовае развіццё ў Касцёле гэтага боскага святла і ісці за яго яснасцю да той еднасці, якая вянчае не толькі літургічны год, але і жыццё вернай душы, якая правяла год пад кіраўніцтвам Касцёла.

Аднак у таямніцы Божага Нараджэння гэтае святло даецца нам нібы прыцішаным, бо таго патрабуе нашая слабасць. Мы сапраўды пакліканы ведаць і наследаваць Божае Слова, Мудрасць Айца, аднак гэтае Слова, гэтая Мудрасць даецца нам у выглядзе Дзіцяці. Няхай нічога не перашкаджае нам прыйсці да Яго. Мы маглі б баяцца Яго, калі б Ён сядзеў на троне ў сваім палацы, але Ён ляжыць у калысцы ў стайні! Калі б гэта быў час Ягонай мукі, крывавага поту, Крыжа, пахавання або нават Ягонай славы і перамогі, мы маглі б сказаць, што нам нестае адвагі: але колькі адвагі трэба, каб падысці да Яго ў Бэтлееме, дзе пасярод цішыні і прыгажосці знаходзіцца малое Дзіця? “Гляньце на Яго і прасвятліцеся” (Пс 33:6), — кажа псальміст.

Хто растлумачыць нам гэтую падвойную таямніцу, якая здзяйсняецца ў гэты святы перыяд: таямніцу дзяцінства Езуса ў душы чалавека і таямніцу дзяцінства душы чалавека ў Езусе? Ніхто не выказаўся пра гэтую таямніцу так прыгожа, як св. Леў; паслухаем яго вялікія словы.

Дзяцінства, якім не пагардзіла веліч Сына Божага, з цягам гадоў перайшло да поўнай мужчынскай сталасці і, пасля здзяйснення трыумфу мукі і ўваскрасення, прамінулі ўсe моманты прынятага дзеля нас прыніжэння. Аднак сённяшняя ўрачыстасць нараджэння Езуса ад Дзевы Марыі аднаўляе ў нас зачаткі святасці. І калі адзначаем нараджэнне нашага Збаўцы, аказваецца, што мы святкуем нашае ўласнае нараджэнне да новага жыцця. Прыйсце Хрыста — гэта выток хрысціянскага народу, а нараджэнне Галавы — гэта нараджэнне цела. Кожны пакліканы выконвае адметную ролю, і ўсе дзеці Касцёла нараджаюцца ў розныя часы. Але як усе вернікі паходзяць з крыніцы хросту, бо ўкрыжаваныя разам з Хрыстом, яны ўваскрэслі ва ўваскрасенні і ўзнесены ва ўнебаўшэсці да правіцы Айца, так і народжаны яны разам з Хрыстом у гэтым нараджэнні. Кожны з вернікаў, хто ў любой частцы свету адраджаецца ў Хрысце, адрэзаўшы дарогу назад, праз гэта адраджэнне становіцца новым чалавекам. Ён ужо не лічыцца сярод спадкаемцаў цялеснага бацькі, але сярод парасткаў Збаўцы, які для таго стаў Сынам Чалавечым, каб мы змаглі стаць Божымі дзецьмі [1].

Так, гэтую таямніцу здзяйсняе ў нас святы перыяд Божага Нараджэння! Пра яе ж ідзе мова ў тых словах з Евангелля паводле св. Яна, якія Касцёл выбраў для трэцяй Імшы гэтага вялікага свята: “А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся” (Ян 1:12-13). Тыя, хто, ачысціўшы свае душы, вызваліўшыся ад рабства цела і крыві і адмовіўшыся ад усяго, што паходзіць ад мужа (бо пад мужам маецца на ўвазе грэшнік), жадаюць цяпер адкрыць свае сэрцы для Божага Слова, для Святла, якое свеціць у цемры і якое цемра не агарнула (Ян 1:5), — тыя, як я кажу, нараджаюцца з Езусам, нараджацца ад Бога, пачынаюць новае жыццё, як зрабіў сам Сын Божы ў таямніцы свайго нараджэння ў Бэтлееме.

Наколькі прыгожыя гэтыя пачаткі хрысціянскага жыцця! Наколькі вялікая слава Бэтлеема, гэта значыць Касцёла, які з’яўляецца сапраўдным домам хлеба! Бо ў гэтыя дні Божага Нараджэння ў ім, па ўсім свеце, нараджаецца незлічоная колькасць сыноў Божых. О, няспынная жыццядайнасць Божых таямніцаў! Як Ягня, забітае ад заснавання свету (Ап 13:8), з часоў сваёй адзінай ахвяры пастаянна і няспынна прыносіць сябе ў ахвяру, так, аднойчы нарадзіўшыся з Дзевы Марыі, Сын Божы робіць яе часткай сваёй славы, каб няспынна нараджацца ў душах людзей. Таму не трэба думаць, што годнасць боскага мацярынства Марыі змяншаецца альбо што нашыя душы цешацца такім жа вялікім гонарам, які быў дадзены ёй: далёка не так. “Узнімем, — кажа Беда Вялебны, — наш голас пасярод натоўпу, як гэта зрабіла жанчына з Евангелля, і скажам нашаму Збаўцу разам з Каталіцкім Касцёлам, правобразам якога была гэтая жанчына: Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе” [2]. Марыя атрымала сапраўды невымоўны прывілей, які робіць яе Маці Бога і Маці чалавека. Аднак нам варта памятаць таксама адказ, які даў наш Збаўца жанчыне, што прамовіла гэтыя словы: “Больш за тое, шчаслівыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго!” (Лк 11:28). “Гэтым Ён сцвярджае, — працягвае Беда Вялебны, — што шчаслівая не толькі тая, якая была годнай зачаць Божае Слова ў целе, але таксама і тыя, хто імкнецца зачаць тое ж Слова духоўна, слыхам веры і нарадзіць Яго і вырасціць Яго ў сваім сэрцы і ў сэрцы бліжняга, захоўваючы і робячы тое, што добрае. Бо сама Багародзіца была шчаслівай таму, што яна на пэўны час зрабілася служанкай патрэбаў Уцелаўлёнага Слова; аднак яна яшчэ больш шчаслівая таму, што яна захоўвала і рэалізоўвала любоў, належную яе Сыну”.

Ці ж не той самай праўдзе вучыць нас наш Пан пры іншай нагодзе, калі кажа: “Хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці” (Мц 12:50)? І ці не таму анёл быў пасланы менавіта да Марыі, а не да іншых дачок Ізраэля, бо яна ўжо зачала Божае Слова ў сэрцы сваёй гарачай і нераздзельнай любоўю, вялікай і глыбокай пакорай, а таксама непараўнальнай заслугай свайго дзявоцтва? І ці не таму гэтая благаслаўлёная між жанчынамі з’яўляецца найсвяцейшай сярод усіх стварэнняў, бо, аднойчы зачаўшы і нарадзіўшы Божага Сына, яна назаўсёды застаецца Ягонай Маці праз сваю вернасць у выкананні волі Нябеснага Айца, праз сваю любоў да нястворанага святла Божага Слова і праз сваю сужэнскую еднасць з Духам асвячэння?

Аднак ніводзін член людскога роду не пазбаўлены гонару, хоць і на пакорнай адлегласці, наследаваць Марыю ў яе духоўным мацярынстве, бо тым сапраўдным нараджэннем, якое адбылося ў Бэтлееме, якое мы цяпер адзначаем і якое ўвяло свет у Божыя таямніцы, гэтая Найсвяцейшая Маці Езуса паказала нам, якім чынам мы можам наследаваць яе вялікі прывілей. Падчас тыдняў Адвэнту нам трэба было падрыхтаваць дарогу Пану (Мц 3:3). Калі мы зрабілі гэта, то Ён быў зачаты ў нашых сэрцах. Цяпер жа нашы добрыя ўчынкі павінны нарадзіць Яго, каб у сваёй міласэрнасці наш Нябесны Айцец, бачачы ўжо не нас, а свайго ўласнага Сына Езуса, Які цяпер жыве ў нас, мог сказаць кожнаму з нас тое, што раней у паўнаце праўды ўжо сказаў пра Уцелаўлёнае Слова: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3:17).

Прыслухаемся да словаў св. Банавентуры, які ў адным са сваіх казанняў на Божае Нараджэнне тлумачыць гэтую таямніцу нараджэння Езуса ў душы чалавека:

Гэтае шчаслівае нараджэнне здараецца тады, калі душа, падрыхтаваная працяглымі роздумамі і разважаннямі, пераходзіць нарэшце да справы; калі цела падпарадкоўваецца духу, а добрыя справы выдаюцца ў належны час — тады ў душу вяртаюцца ўнутраны спакой і радасць. У гэтым нараджэнні няма ані пакутаў, ані болю, ані страху; паўсюль радасць, задавальненне і шчасце. Таму калі, о пабожная душа, ты жадаеш гэтага нараджэння, уяві сабе, што ты Марыя. Марыя сімвалізуе горыч: горка аплаквай свае грахі; яна сімвалізуе свяціла: ззяй сваімі цнотамі; яна, нарэшце, сімвалізуе гаспадыню: вучыся быць гаспадаром і кантраляваць свае злыя схільнасці. Тады ў табе народзіцца Хрыстус і прынясе табе вялікую радасць! Бо менавіта тады душа каштуе і бачыць, які салодкі яе Пан Езус Хрыстус. Яна перажывае гэтую слодыч, калі ў святой медытацыі корміць гэтае Боскае Дзіця, калі пакрывае Яго сваімі слязьмі, калі апранае Яго сваімі святымі заклікамі; калі прыціскае Яго да сэрца ў абдымках святой пяшчоты, калі, адным словам, клапоціцца пра Яго ў цеплыні сваёй ззяючай любові. О шчаслівая бэтлеемская калыска, бо ў табе я знаходжу Караля славы. Аднак яшчэ больш шчаслівая тая пабожная душа, якая мае ў сабе Таго, каго ты трымала толькі фізічна!

Цяпер жа, каб перайсці ад гэтага духоўнага зачацця да нараджэння нашага Пана Езуса, каб, іншымі словамі, перайсці ад Адвэнту да Божага Нараджэння, нам трэба няспынна трымаць позірк сваёй душы на Тым, хто жадае нарадзіцца ў нас і ў кім свет нараджаецца да новага жыцця. Як мага большае прыпадабненне да Езуса і наследаванне Яго павінны быць нашай мэтай і нашым жаданнем. І хоць такое наследаванне вымушана з’яўляецца недасканалым, мы ведаем ад апостала, што наш Нябесны Айцец дае яго як знак выбранасці, бо выбраныя робяцца падобнымі да вобраза Ягонага Сына (Рым 8:29).

Таму прыслухаемся да запрашэння анёлаў і пойдзем у Бэтлеем (Лк 2:15). Мы ведаем, які знак будзе дадзены нам: Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях (Лк 2:12). І вам, хрысціяне, таксама трэба стаць дзецьмі; не пагарджайце путамі духоўнага дзяцінства, адмоўцеся ад свайго духу пыхі, сустрэньце свайго Збаўцу, Які сышоў з неба, і з Ім укрыйцеся ў пакоры стайні. Так вы пачняце з Ім новае жыццё. Так Святло, якое разыходзіцца і павялічваецца аж да поўнага дня (Прып 4:18), асветліць далейшае падарожжа вашага жыцця. Так бачанне Бога, якое пакідае месца для веры і якое вы атрымаеце ў Бэтлееме, прычыніцца да сузірання Бога тварам у твар на гары Табор і падрыхтуе вас да шчаслівага яднання з Тым, хто з’яўляецца не проста Святлом, але паўнатою і сховішчам любові.

Дагэтуль мы казалі толькі пра жывых членаў Касцёла незалежна ад таго, пачалі яны сваё жыццё ласкі падчас перыяду Адвэнту ці ўжо жылі ў ласцы Духа Святога, калі літургічны год пачынаўся, і праводзілі Адвэнт у падрыхтоўцы да нараджэння разам з Езусам у чарговым годзе імкнення да дасканаласці. Але як жа мы можам абысці тых нашых братоў, якія памерлі ў граху, ды настолькі памерлі, што ані прыход Эмануэля, ані прыклад хрысціянаў ва ўсім паўсюдным Касцёле, што шчыра рыхтаваліся да гэтага прыходу, не змаглі іх узняць? Не, мы не забудземся пра іх: мы іх любім і прыходзім сказаць ім (бо і цяпер яны могуць атрымаць ласку і жыць), што аб’явілася дабрыня і любоў Бога, Збаўцы нашага (Ціт 3:4). Калі гэтая наша кніга раптоўна трапіць у рукі таго, хто яшчэ не саступіў настойліваму закліку ласкі, які прымушае іх навярнуцца да пяшчотнага бэтлеемскага Дзіцяці, да іхняга Пана і Бога, і хто праводзіў Адвэнт не ў падрыхтоўцы да таго, каб прыняць Яго ў дзень Нараджэння Пана, а ў абыякавасці і граху, то нам, магчыма, варта дапамагчы ім напамінам пра вялікую горыч іхняга стану, нагадаўшы пра старажытную дысцыпліну Касцёла, якая абавязвала ўсіх вернікаў пад страхам таго, што яны больш не будуць лічыцца каталікамі, прымаць Камунію ў свята Нараджэння Пана, а таксама ў Вялікдзень і на Спасланне Духа Святога. Фармальны дакумент з такім абавязкам мы знаходзім у 15-м каноне Сабору ў Агдзе (506). Мы таксама просім гэтых бедных грэшнікаў паразважаць над той радасцю, якую адчувае Касцёл, бачачы, што ва ўсім свеце нязмерная колькасць яго дзяцей нягледзячы на паўсюдны заняпад пабожнасці адзначае свята нараджэння Божага Ягняці сакрамэнтальным удзелам у Яго Целе і Крыві.

Грэшнікі, набярыцеся адвагі! Гэтае свята Божага Нараджэння з’яўляецца днём ласкі і міласэрнасці, калі і справядлівыя, і грэшныя сустракаюцца ў сяброўстве пры той самай радаснай таямніцы. Нябесны Айцец пастанавіў ушанаваць дзень нараджэння свайго Сына ўдзяленнем прабачэння ўсім, акрамя тых, хто ўпарта адмаўляецца ад яго. О, наколькі ж адпавядае гэты дар Божага прабачэння дню прыйсця дарагога Эмануэля!

Гэтае запрашэнне скіроўваем не мы; яго скіроўвае сам Касцёл. Так, менавіта Касцёл сваім боскім аўтарытэтам у гэты дзень, калі Божы Сын пачынае сваё зямное жыццё, запрашае вас узяць на сябе працу над сваім новым жыццём. Каб гэтае запрашэнне дайшло да вас больш эфектыўна, мы выкарыстаем словы вялікага і святога біскупа Сярэднявечча Рабана Маўра. У казанні на Нараджэнне Пана ён заахвочвае грэшнікаў увайсці і заняць месца побач са справядлівымі, у бэтлеемскай стайні, дзе нават вол і асёл прызнаюць у Дзіцяці свайго Настаўніка.

Я заклікаю вас, глыбока ўзлюбленыя браты, каб вы гарачым сэрцам прынялі тыя словы, якія ў гэтае найцудоўнейшае свята праз мяне прамаўляе да вас Пан, калі нават да няверных і грэшнікаў дакранаецца пачуццё раскаяння; калі злы чалавек схіляецца да міласэрнасці, скрушанае сэрца спадзяецца на прабачэнне, выгнанец прадбачыць вяртанне ў сваю краіну, а хворы чакае свайго аздараўлення; калі нараджаецца Ягня Божае, Якое бярэ на сябе грахі свету, гэта значыць Хрыстус, наш Збаўца. У гэты дзень нараджэння чалавек чыстага сумлення радуецца больш, чым звычайна; той жа, чыё сумленне адчувае віну, перажывае больш карысны страх. (…) Так, гэта прыгожае свята, якое прыносіць сапраўдную асалоду і прабачэнне ўсім, хто сапраўды каецца. Дзеці мае, я без ваганняў абяцаю вам, што кожны, хто ў гэты дзень пакаецца ад усяго сэрца і не вернецца да бруду сваіх грахоў, атрымае ўсё, аб чым папросіць; няхай толькі просіць з цвёрдай верай і не вяртаецца да грэшных задавальненняў.

У гэты дзень змываюцца грахі ўсяго свету — чаму б грэшнік упадаў у адчай? (…) У гэты дзень нараджэння нашага Пана ўзнясём да Езуса, найдаражэйшыя браты, свае абяцанні і выканаем іх, як напісана: “Давайце і выконвайце абяцанні Пану, Богу вашаму” (Пс 75:12). Дадзім жа нашыя абяцанні з упэўненасцю і любоўю. Ён дасць нам сілы для іх выканання. (…) Калі ж я кажу пра абяцанні, то няхай ніхто не думае, што я маю на ўвазе хуткацечныя абяцанні або абяцанні зямных дабротаў. Не, я маю на ўвазе, што кожнаму з нас трэба ахвяраваць тое, што наш Збаўца адкупіў, а менавіта сваю душу. “Але як, — скажа хтосьці, — як мы можам ахвяраваць душу таму, каму яна ўжо належыць?” Адказваю: ведучы святое жыццё, трымаючыся чыстых думак, робячы плённыя справы, адварочваючыся ад зла, ідучы за дабром, любячы Бога і бліжняга, аказваючы міласэрнасць (бо і мы самі патрабавалі міласэрнасці перад тым, як былі адкуплены), прабачаючы тым, хто грашыць супраць нас (бо і мы калісьці былі ў граху), падаўляючы пыху, бо менавіта з-за пыхі наш першы прабацька быў спакушаны і трапіў у грэх [3].

Касцёл, наша Маці, настолькі горача запрашае грэшнікаў на свята Божага Ягняці, што не будзе задаволены, пакуль дом не напоўніцца (Лк 14:23). Ласка новага нараджэння, удзеленая яму Сонцам справядлівасці, напаўняе Нявесту Езуса радасцю. Для Касцёла пачынаецца новы год, які, як і ранейшыя, будзе поўны кветак і пладоў. Ён, як арол, аднаўляе сваю маладосць. Вось-вось адкрыецца яшчэ адзін цыкл, або год, яго таямніцаў і пралье на яго верных дзяцей тыя ласкі, дзеля якіх Бог стварыў гэты цыкл як інструмент. У гэтым перыядзе Божага Нараджэння мы атрымліваем першыя плёны гэтых ласкаў: гэта веданне і любоў Божага Дзіцяці. Прымем іх уважлівым сэрцам, каб атрымаць таксама магчымасць узрастаць з Езусам у мудрасці, гадах і ласцы ў Бога і людзей (Лк 2:52). Таямніца Божага Нараджэння — гэта ўваходная брама да ўсіх іншых таямніц года; гэта тая брама, у якую кожны з нас павінен увайсці, таму што, хоць яна і найбольш нябесная, у той жа час яна дакранаецца да зямлі. Св. Аўгустын у адным са сваіх казанняў на Божае Нараджэнне прыгожа заўважае:

Пакуль мы яшчэ не можам разважаць пра таго, хто нарадзіўся перад заранкай (Пс 109:3) з Айца, то скіруемся да таго, хто ўначы нарадзіўся з Дзевы. Мы яшчэ не разумеем таго, што пакуль свеціць сонца, будзе трываць імя Ягонае (Пс 71:17), мы вызнаём, што Яго шацёр пастаўлены ў той, што чысцейшая за сонца (Пс 18:6). Пакуль мы яшчэ не можам бачыць Адзінароднага Сына, які трывае ў сваім Айцу, таму прыгадваем Жаніха, які выходзіць са шлюбнага пакоя (там жа). Пакуль мы яшчэ не падрыхтаваныя прыступіць да гасціны Айца нашага, таму трымаймася ясляў Езуса Хрыста, нашага Настаўніка (Іс 1:3) [4].

[1] Шостае казанне на Нараджэнне Пана, раздз. 2.  Цыт. паводле выд. “Літургія гадзінаў”.

[2] Каментарый на Евангелле паводле св. Лукі, кн. 4, раздз. 49.

[3] Чацвёртая гамілія на Нараджэнне Пана нашага Езуса Хрыста.

[4] Адзінаццатае казанне на Нараджэнне нашага Пана. Цыт. паводле выд. “Літургія гадзінаў”.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Christmas, vol. I, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1886.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up