21.01.2019 / Te igitur

Папа Францішак распускае камісію “Ecclesia Dei”🕑 6 хвілін

19 студзеня Папа Францішак спыніў паўнамоцтвы камісіі “Ecclesia Dei” і перадаў яе справы Кангрэгацыі дактрыны веры. Некаторыя ўспрынялі гэты крок як пагрозу для існавання традыцыйнай лацінскай Імшы, аднак хутчэй за ўсё гэта проста адміністратыўнае перакладанне паперы з патэнцыйна добрым вынікам для Брацтва св. Пія Х (FSSPX).

У мінулую суботу на афіцыйнай старонцы Ватыкана з’явіўся апостальскі ліст у форме motu proprio, пра падпісанне якога журналісты пачалі казаць яшчэ некалькі тыдняў таму. У ім Папа Францішак пастанавіў распусціць камісію “Ecclesia Dei”, якая ад моманту заснавання ў 1988 годзе каардынавала высілкі Святога Пасаду па ўрэгуляванні статусу Святарскага брацтва св. Пія Х і кантралявала дзейнасць іншых традыцыйных супольнасцяў, што знаходзіліся ў еднасці з Ватыканам.

З 2007 года Камісія таксама працавала з мясцовымі біскупамі над ажыццяўленнем motu proprio Бенедыкта XVI Summorum Pontificum, якім нямецкі Пантыфік дазволіў святарам лацінскага абраду свабодна цэлебраваць традыцыйную лацінскую Імшу.  Паколькі ж старажытны рымскі абрад больш не меў патрэбы ў ручным рэгуляванні, “Ecclesia Dei” асацыявалася з Кангрэгацыяй дактрыны веры і занялася пераважна перамовамі з FSSPX наконт прыняцця некаторых дакументаў Другога Ватыканскага сабору.

Цяпер жа, як піша Папа Францішак, “умовы, якія пабудзілі святога Пантыфіка Яна Паўла ІІ заснаваць Папскую камісію “Ecclesia Dei”, змяніліся” і пасля трыццаці гадоў існавання прыйшоў час перадаць згаданую працу Кангрэгацыі дактрыны веры.

На існаванні традыцыйнай лацінскай Імшы гэтае рашэнне наўрад ці адаб’ецца. Францішак прызнае, што “інстытуты і рэлігійныя супольнасці, якія прывычна цэлебруюць надзвычайную форму, сёння дасягнулі стабільнасці ў жыцці і колькасці”. Гэта таксама стала адной з прычын, чаму праца камісіі “Ecclesia Dei” ў гэтай сферы здалася Ватыкану непатрэбнай.

Сапраўдным жа бенефіцыярам гэтага рашэння можа стаць Брацтва св. Пія Х. Раней Францішак ужо зрабіў некаторыя крокі насустрач святарам гэтай супольнасці. Так, ён даў ім паўнамоцтвы, неабходныя для адпушчэння грахоў у сакрамэнце споведзі (звычайныя святары атрымліваюць гэтыя паўнамоцтвы ад свайго біскупа), а таксама дазволіў асіставаць пры заключэнні сужэнстваў.

З таго часу паміж FSSPX і Ватыканам вядуцца рэгулярныя перамовы наконт прыняцця вучэння Другога Ватыканскага сабору. Менавіта падпісанне дактрынальнай умовы на дадзены момант з’яўляецца галоўнай перашкодай для ўрэгулявання статусу гэтай святарскай супольнасці. Ад Апостальскай Сталіцы перамовы вяла камісія “Ecclesia Dei”. Некаторыя ж крыніцы сцвярджаюць, што FSSPX бачыла перашкоду ў існаванні гэтай камісіі і хацела б весці перамовы непасрэдна з Кангрэгацыяй дактрыны веры, а не сакратаром камісіі арцыбіскупам Гвіда Поца, з якім за многія гады так і не ўдалося дамовіцца. Верагодна, рэструктураванне камісіі “Ecclesia Dei” якраз і накіравана на спрыянне працэсу паяднання Брацтва св. Пія Х з Касцёлам.

Сапраўднай жа навіной для зацікаўленых традыцыйнай літургіяй будзе тое, што арцыбіскуп Гвіда Поца яшчэ адным дакументам, апублікаваным у той жа дзень, прызначаны на пасаду фінансавага кіраўніка сікстынскай капэлы. Сама ж капэла, якая ў апошнія месяцы трапляла ў скандалы, звязаныя з грашовымі злоўжываннямі, была ўключана ў службу папскіх літургічных цэлебрацый і трапіла пад кіраўніцтва папскага цырыманіярыя манс. Гвіда Марыні. Гэтыя перастаноўкі азначаюць, што арцыбіскуп Поца надалей не будзе займацца пытаннямі традыцыйнага руху, што нельга разглядаць інакш як страту іерарха, які быў добра знаёмы з праблематыкай у гэтай сферы і з функцыянаваннем многіх традыцыйных супольнасцяў.

Калі ж, як мяркуецца, персанал былой камісіі сфарміруе ўнутры Кангрэгацыі дактрыны веры асобную секцыю, то арыфметычна гэта будзе азначаць мяккае адсоўванне арцыбіскупа Поца ад спраў традыцыйнай літургіі і перадусім перамоваў з FSSPX.

Мы будзем сачыць за развіццём падзей.

Ніжэй прыведзены працоўны пераклад motu proprio з английскага перакладу LifeSiteNews.

* * *

Апостальскі ліст,
выдадзены ў форме motu proprio,
пра Папскую камісію “Ecclesia Dei”

Больш за трыццаць гадоў Папская камісія “Ecclesia Dei”, заснаваная 2 ліпеня 1988 года апостальскім лістом у форме motu proprio Ecclesia Dei adflicta, са шчырай уважлівасцю і пахвальным клопатам выконвала супрацоўніцтва з біскупамі і дыкастэрыямі Рымскай курыі, спрыяючы поўнай эклезіяльнай еднасці святароў, семінарыстаў, супольнасцяў і індывідуальных кансэкраваных мужчын і жанчын, звязаных з брацтвам, заснаваным біскупам Марсэлем Лефеўрам, якія жадалі застацца ў еднасці з Наступнікам Пятра ў Каталіцкім Касцёле, захоўваючы свае ўласныя духоўныя і літургічныя традыцыі [1].

Такім чынам яна, пакуль не было пастаноўлена іншага, выконвала сваю ўладу і кампетэнцыі ад імя Святога Пасаду над гэтым супольнасцямі і аб’яднаннямі [2]. Затым на моцы motu proprio Summorum Pontificum ад 7 чэрвеня 2007 года гэтая Папская камісія пашырыла паўнамоцтвы Святога Пасаду на тыя інстытуты і рэлігійныя супольнасці, якія былі прывязаны да надзвычайнай формы рымскага абраду і прынялі папярэднія традыцыі рэлігійнага жыцця, назіраючы за выкананнем і прымяненнем устаноўленых прадпісанняў [3].

Праз два гады мой Шаноўны Папярэднік Бенедыкт XVI сваім motu proprio Ecclesiae unitatem ад 2 чэрвеня 2009 года рэарганізаваў структуру гэтай Папскай камісіі, каб больш дастасаваць яе да новай сітуацыі, створанай зняццем экскамунікі з чатырох біскупаў, кансэкраваных без папскага мандату. Акрамя таго, улічваючы, што пасля гэтага акту ласкавасці пытанні, з якімі мела справу тая ж Папская камісія, набылі пераважна дактрынальны характар, ён больш арганічна злучыў яе з Кангрэгацыя дактрыны веры, у той самы час захоўваючы яе першапачатковыя мэты, аднак змяняючы яе структуру [4].

Цяпер жа, паколькі Feria IV [тэхнічная назва звычайнага пасяджэння супрацоўнікаў — Заўв. ТІ] Кангрэгацыі дактрыны веры 15 лістапада 2017 года сфармулявала просьбу, каб дыялог паміж Святым Пасадам і Святарскім брацтвам св. Пія Х праводзіўся непасрэдна вышэйзгаданай Кангрэгацыяй, паколькі звязаныя з гэтым пытанні маюць дактрынальны характар, на што я даў сваю згоду на аўдыенцыі з прэфектам 24 лістапада 2017 года, і паколькі гэтая прапанова была прынятая пленарным пасяджэннем той жа Кангрэгацыі, якое праводзілася 23–26 студзеня 2017 года, пасля дастатковага разважання я прыйшоў да наступнага рашэння.

Улічваючы, што сёння ўмовы, якія пабудзілі святога Пантыфіка Яна Паўла ІІ заснаваць Папскую камісію “Ecclesia Dei”, змяніліся; з увагі на тое, што інстытуты і рэлігійныя супольнасці, якія прывычна цэлебруюць надзвычайную форму, сёння дасягнулі стабільнасці ў жыцці і колькасці; прызнаючы, што мэты і пытанні, з якімі мела справу Папская камісія “Ecclesia Dei”, насілі пераважна дактрынальны характар; і жадаючы, каб гэтыя мэты сталі яшчэ больш відавочнымі для свядомасці касцёльных супольнасцяў, гэтым апостальскім лістом, дадзеным у форме motu proprio,

я пастанаўляю наступнае:

1. Папская камісія “Ecclesia Dei”, заснаваная 2 ліпеня 1988 года motu proprio Ecclesia Dei adflicta, распускаецца.

2. Абавязкі згаданай Камісіі цалкам перадаюцца Кангрэгацыі дактрыны веры, у межах якой будзе заснавана адмысловая секцыя, мэтай якой будзе працяг працы па чуванні, спрыянні і абароне, якую дагэтуль праводзіла скасаваная Папская камісія “Ecclesia Dei”.

3. Бюджэт Папскай камісіі зноў становіцца часткай звычайнага ўліку вышэйзгаданай Кангрэгацыі.

Я таксама пастанаўляю, каб гэтае motu proprio выконвалася нягледзячы на ўсё супярэчнае, нават вартае асобнага згадвання, было апублікавана ў L’Osservatore Romano ў нумары ад 19 студзеня 2019 года, неадкладна набываючы моц, і затым было дададзена ў афіцыйны бюлетэнь Святога Пасаду Acta Apostolicae Sedis.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 17 студзеня 2019 года, у шосты год Нашага пантыфікату.

Францішак

[1] Пар. Ян Павел ІІ, Ecclesia Dei adflicta, 2 ліпеня 1988, AAS, LXXX (1988), 12 (15 лістапада 1988), 1495-1498, 6a.

[2] Пар. Rescriptum ex Audientia Sanctissimi, 18 кастрычніка 1988, AAS, LXXXII (1990), 5 (3 мая 1990), 533-534, 6.

[3] Пар. Бенедыкт XVI, Summorum Pontificum, 7 чэрвеня 2007, AAS, XCIX (2007), 9 (7 верасня 2007), 777-781, 12.

[4] Пар. Бенедыкт XVI, Ecclesiae unitatem, 2 чэрвеня 2009, AAS, CI (2009), 8 (7 жніўня 2009), 710-711, 5.

Фота: Jim McIntosh (CC BY)

Пакінуць каментар

Scroll Up