21.01.2019 / Peter Kwasniewski

Грэючыся ў промнях Аб’яўлення Пана: вяселле ў Кане🕑 4 хвілін

Калі мы дадзім сабе працу паскрэбці паверхню гіганцкага новага лекцыянарыя, якім так ганарыцца літургічная рэформа, то адкрыем для сябе вельмі дзіўныя рэчы. Найбольш нечаканым для мяне было адкрыццё, што ўрывак з другога раздзела Евангелля ад св. Яна пра вяселле ў Кане — адзін з найбольш маляўнічых, кранальных і тэалагічна глыбокіх фрагментаў ва ўсіх Евангеллях — у Імшы Novus Ordo чытаецца толькі раз на тры гады (у год С). У старой жа Імшы ён чытаецца кожны год у ІІ нядзелю пасля Аб’яўлення Пана, як гэта няспынна рабілася на працягу стагоддзяў.

Вяселле ў Кане — гэта месца, дзе наш Пан упершыню праяўляе сваю славу; дзе ў пэўным сэнсе пачынаецца Ягоная “гадзіна” — гадзіна мукі і крыжа; дзе Ягоныя вучні ўпершыню пачынаюць верыць у Яго; дзе Ягоная Маці праяўляе сябе як дасканалая заступніца. Тут мы бачым не проста невычэрпныя ўрокі для духоўнага жыцця, як на любой іншай старонцы Евангелляў — тут гэтыя ўрокі архетыпныя; яны не маюць паралеляў у іншых месцах. Гэта, можна сказаць, “базавае” Евангелле або “супер-Евангелле”, якое заўсёды павінна знаходзіцца недалёка ад нашых сэрцаў і думак. Штогадовы напамін пра яго здаецца натуральным. Старая літургія, як зазвычай, дзейнічае ў згодзе з правільным інстынктам. Новая ж літургія, наадварот, ставіцца да гэтага ўрыўка Евангелля як да чарговай кантрольнай кропкі пасярод хуткага маршу скрозь такую колькасць Святога Пісання, якую зможам адолець цягам двух ці трох гадоў.

Гэты евангельскі фрагмент з’яўляецца вельмі добрай нагодай сказаць пра больш шырокую праблему: пра знішчэнне перыяду Аб’яўлення Пана. Тыя, хто наведвае традыцыйную лацінскую Імшу, ведаюць, наколькі прыгожа, наколькі пяшчотна, наколькі любоўна Касцёл грэецца ў промнях нованароджанага Хрыста, маладога Хрыста, Хрыста ракі Ярдан і цуду ў Кане. Перыяд Аб’яўлення Пана — гэта адзін з самых паэтычных і кранальных літургічных перыядаў (або, лепш сказаць, “падперыядаў”). Ён пачынаецца самім святам Аб’яўлення Пана, якое ў згодзе з пастаянным звычаем стагоддзяў адзначаецца 6 студзеня, на “дванаццаты дзень” пасля Божага Нараджэння (а не ў бліжэйшую нядзелю, каб адпавядаць дыктатарскаму працоўнаму графіку свету). Праз тыдзень, на восьмы дзень, 13 студзеня, Касцёл у сваім календары usus antiquior святкуе Хрост Пана. Затым ІІ нядзеля пасля Аб’яўлення Пана прыносіць нам Евангелле пра вяселле ў Кане. У гэты перыяд ушаноўваюцца тры вялікія тэафаніі, тры вялікія Божыя аб’яўленні: наведванне мудрацоў, хрост у Ярдане і вяселле ў Кане. Кожнай падзеі — без паспешлівасці, без непатрэбнага сціскання або чаргавання — даецца свая поўная належная ўвага. Ёсць у гэтым перыядзе Аб’яўлення Пана пэўнае няспешнае адчуванне, быццам час спыніўся. Касцёл — нібы маці, якая бачыць, што яе дзеці надта хутка растуць; Ён усё ніяк не можа адысці ад маладога Хрыста.

Перыяд Аб’яўлення Пана — гэта фасфарэсцэнцыя пасля адкрыцця Хрыста свету. Хрыстус з’яўляецца сапраўдным Асветніцтвам, замест якога д’ябал марна (хоць калі-нікалі са значным часовым поспехам) стараецца ўстанавіць свае замены, перадусім рацыяналістычны і ліберальны светапогляд, пад якім каталікі жылі на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў, які яны павольна прымалі і які амаль цалкам знішчыў іхняе літургічнае жыццё.

Фултан Шын сказаў знакамітыя словы: “Кожны чалавек нарадзіўся, каб жыць; толькі Хрыстус нарадзіўся, каб памерці”. Калі тыдні пасля Аб’яўлення Пана прамінаюць, мы набліжаемся да Сямідзясятніцы — таго цудоўнага трохтыдневага пераходу ад нявіннай радасці Божага Нараджэння да пакуты і рэфлексіі Вялікага посту. Наколькі ж цудоўна традыцыйная літургія валодае псіхалогіяй! Ніводзін нармальны чалавек не захоча пераходзіць ад Божага Нараджэння да так званага “звычайнага” перыяду, каб потым раптоўна быць укінутым у Вялікі пост, што здараецца з ім у календары Novus Ordo, які не зважае на патрэбы сэрца.

Старажытная літургія ведае лепш: нам трэба перайсці ад літургічнага перыяду, які эмацыйна найбольш супярэчыць Вялікаму посту, да самога Вялікага посту пры дапамозе асаблівага пераходнага перыяду, якім з’яўляецца час Сямідзясятніцы, або прадпосця.

Вернемся ў малое мястэчка Кану, у бесперспектыўнае месца, якое было ўвекавечана цудоўным здарэннем у прысутнасці Слова, Якое сталася целам. Рашэнне нашага Пана прысутнічаць на вясельным свяце і там выканаць свой першы цуд традыцыйна разглядаюць як тое, што Пан благаславіў сужэнскі стан, прадказваючы ўстанаўленне сакрамэнту сужэнства і заключэнне свайго ўласнага сужэнскага саюзу са сваёй беззаганнай Нявестай, які дайшоў да кульмінацыі ў поўным прынясенні сябе ў дар на Крыжы. Святы Ян наўмысна звязвае Кану з Кальварыяй, што можна ўбачыць пры вывучэнні раздзелаў 2 і 19 яго Евангелля. Паводле св. Тамаша Аквінскага, сужэнства набывае сваю хрысціянскую веліч, сваю сакрамэнтальнасць з таго факту, што яно прадстаўляе і пэўным чынам робіць прысутным неразрыўны саюз Хрыста і Касцёла. Ці ж не дастаткова гэтага, каб убачыць, што гэтае Евангелле, актуальнае ў кожны момант гісторыі, з’яўляецца асабліва цэнтральным і неабходным у нашыя часы, калі дар сужэнства няправільна разумеецца, абгаворваецца, знішчаецца, перайначваецца, падступна прыніжаецца — часам, на жаль, і каталіцкімі іерархамі? Тым больш ёсць у нас прычынаў трымацца штогадовага чытання пра вяселле ў Кане, якое можна пачуць на традыцыйнай лацінскай Імшы.

Няхай Бог у сваёй міласэрнасці прывядзе Рымскі Касцёл да як мага хутчэйшага паўторнага адкрыцця нязмернай боскай і людской мудрасці, якая была і застаецца заключанай у старажытным календары, каб вернікі прыкладалі сваё жыццё да гэтага вытанчанага рытму святаў і літургічных перыядаў.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыя: Герард Давід, “Шлюб у Кане”, каля 1500 года.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up