17.01.2019 / FIUV

Пазіцыя № 15. “Лекцыянарый надзвычайнай формы”🕑 23 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 15: ЛЕКЦЫЯНАРЫЙ НАДЗВЫЧАЙНАЙ ФОРМЫ

У фармаце PDF

Кароткі змест: Лекцыянарый надзвычайнай формы рымскага абраду даволі істотна адрозніваецца ад лекцыянарыя звычайнай формы аднагадовым цыклам нядзельных чытанняў, аднагадовым цыклам чытанняў на святы, наборам чытанняў на будні Вялікага посту. За рэдкімі выключэннямі, кожная Імша мае адно Евангелле і адно іншае чытанне (калі не ўлічваць Апошняга Евангелля). Лекцыянарый жа звычайнай формы ўключае ў сябе значна большы пералік чытанняў, маючы трохгадовы цыкл нядзельных чытанняў і тры чытанні па нядзелях. Тым не менш лекцыянарый 1962 года мае вялікую каштоўнасць. У прыватнасці, нядзельны цыкл у ім вельмі старажытны; чытанні тэматычна звязаны са зменнымі малітвамі і спевамі Імшы, якія часта спасылаюцца на іх; аднагадовы цыкл чытанняў не толькі робіць магчымым добрае веданне чытанняў, але і дазваляе рыхтаваць літургічныя каментарыі, годныя захавання як помнікі традыцыі. Тым не менш набор чытанняў, з якімі вернікі сустракаюцца ў надзвычайнай форме, можна было б пашырыць, аднавіўшы практыку, скасаваную ў 1960 годзе, калі Евангелле нядзелі ці свята, прапушчанае з-за выпадзення на той жа дзень больш важнага свята, выкарыстоўвалі ў якасці Апошняга Евангелля, а перадусім заахвочваючы вернікаў да чытання Божага Афіцыя, асабліва Ютрані.

1. Адной з характэрных рысаў надзвычайнай формы рымскага абраду, у параўнанні са звычайнай формай, з’яўляецца яе лекцыянарый. Ён складаецца з аднагадовага цыкла чытанняў, у якім на кожную нядзелю, свята і будні дзень Вялікага посту прадпісаны адзін урывак з Евангелля і адно Пасланне [1]. У буднія дні па-за Вялікім постам чытанні (і зменныя малітвы са спевамі) бяруцца з папярэдняй нядзелі, калі толькі не служыцца ватыўная Імша. На сухія дні [2] і некаторыя іншыя нагоды [3] прадпісана больш чытанняў. У сваю чаргу, звычайная форма рымскага абраду мае трохгадовы цыкл нядзельных чытанняў, прычым на кожную нядзелю пададзены адзін урывак з Евангелля і два з іншых кніг Святога Пісання; таксама асобныя чытанні прызначаны на кожны дзень года.

Каштоўнасць лекцыянарыя 1962 года

2. Найбольш старажытнай часткай лекцыянарыя 1962 года з’яўляецца цыкл нядзельных Евангелляў, які з большага адпавядае тэмам, на якія прапаведаваў Папа Грыгорый Вялікі ў адпаведныя дні з 590 да 604 года. Аднак гэты цыкл, цыкл нядзельных Пасланняў, цыкл чытанняў на будні Вялікага посту і іншыя будні і цыкл на дні святых працягвалі развівацца да IX ст. [4], калі яны набылі тую форму, якой мы карыстаемся сёння [5].

3. Вельмі старажытнае паходжанне лекцыянарыя, спалучанае з яго пастаянным выкарыстаннем, патрабуе павагі. Па-першае, гэты лекцыянарый адлюстроўвае літургічную і біблійную думку Айцоў Касцёла. Па-другое, ён быў падмуркам літургічнага досведу і медытацыі для незлічоных пакаленняў дактароў, святых, навукоўцаў і людзей мастацтва ў Лацінскім Касцёле. Па-трэцяе, ён цесна звязаны са спевамі Імшы дня, якія часта спасылаюцца на яго тэксты і ствараюць музычны каментарый да іх. Па-чацвёртае, ён на працягу вельмі доўгага часу і ў вельмі разнастайных сацыяльных і культурных кантэкстах даказваў сваю каштоўнасць з духоўнага, пастырскага і іншых практычных пунктаў гледжання; таксама рымская літургія дзеліць яго з традыцыйнымі літургіямі англіканаў і лютэранаў [6].

4. Развіццё лекцыянарыя складвалася такім чынам, што нядзельныя Евангеллі і нядзельныя Пасланні сфарміравалі выразныя, незалежныя адзін ад аднаго цыклы [7]. У гэтым лекцыянарыі нам падаюць не сувязь паміж чытаннямі, якая залежыць ад экзэгетычных перакананняў біблеістаў той ці іншай эпохі, а больш фундаментальную прапрацоўку таямніцаў збаўлення.

5. Абмежаваны аб’ём лекцыянарыя дазваляе вернікам добра пазнаёміцца з цыклам чытанняў, асабліва калі яны карыстаюцца імшаламі і каментарыямі да літургіі, якія тлумачаць урыўкі Святога Пісання і іх сувязь з літургічным перыядам і зменнымі малітвамі і спевамі дня. Асацыяцыя святаў і канкрэтных нядзеляў з канкрэтным фрагментам Евангелля ці Паслання нагадвае практыку Усходніх Касцёлаў, дзе нядзелі часта атрымліваюць назву па Евангеллі дня.

6. Згаданыя імшалы для вернікаў і каментарыі, стварэнне якіх робіцца магчымым дзякуючы абмежаванаму набору літургічных тэкстаў [8], самі па сабе маюць вялікую каштоўнасць для развіцця духоўнасці вернікаў, і любая рэформа, якая робіць іх неактуальнымі, вядзе да практычнай страты вельмі вялікага корпусу народнай літургічнай эрудыцыі і духоўнасці [9].

Буднія цыклы

7. Лекцыянарый 1962 года адпавядае (за выключэннем новых святаў) лекцыянарыю Рымскага Імшала 1570 года. Апошні, у сваю чаргу, засноўваецца на Missale Romano-Seraphicum (Імшале францысканцаў) XIII ст. , які не меў чытанняў для будняў па-за Вялікім постам, тады як у ранейшых рымскіх кнігах, а таксама ў кнігах іншых абрадаў і звычаяў яны былі. Галіканскія Імшалы з чытаннямі для будняў па-за Вялікім постам заставаліся ў выкарыстанні да другой паловы XIX ст. [10]

8. Старажытныя буднія цыклы для Вялікага посту і па-за Вялікім постам маюць супрацьлеглыя характары. Велікапосны цыкл, які знаходзіцца ў Імшале 1962 года, мае вельмі разнастайныя ўрыўкі Евангелля, якія адпавядаюць гэтаму літургічнаму перыяду і суправаджаюцца неевангельскімі чытаннямі, часта ўзятымі са Старога Запавету і падабранымі так, каб яны тлумачылі Евангелле. Часта адно ці другое чытанне незвычайна доўгае. Гэтыя Імшы таксама маюць свае ўласныя зменныя малітвы, а адпаведныя спевы часам таксама доўгія, старажытныя і вельмі прыгожыя. Па гэтых прычынах да 1962 года рабіліся спробы пераглядаць каляндар так, каб зменшыць колькасць тых выпадкаў, калі гэтыя буднія Імшы перакрываюцца іншымі святамі [11].

9. Згодна з Імшалам 1962 года, у буднія дні па-за Вялікім постам для Імшы выкарыстоўваецца фармуляр папярэдняй нядзелі [12]. Старажытныя буднія цыклы па-за Вялікім постам падавалі асобныя чытанні для двух ці трох дзён тыдня [13], напрыклад паралельныя ўрыўкі да нядзельнага Евангелля ад іншых евангелістаў. Такі падыход з’яўляецца зразумелым у святле таго, што зменныя малітвы і спевы па-ранейшаму звязаны з гэтым Евангеллем.

10. Старажытны лекцыянарый для будніх дзён саступаў месца чытанням для святаў. Прытым цыкл святых у Рыме быў даволі вялікі, а ватыўныя Імшы набіралі ўсё большую папулярнасць. Таму, верагодна, рэдактары Рымскіх Імшалаў з ХІІІ ст. і далей палічылі, што ў буднім цыкле не было сэнсу: наўрад ці патрэбны цыкл чытанняў, які рэдка выкарыстоўваецца.

11. Канфлікт паміж цыклам для будніх дзён па-за Вялікім постам і вялікім цыклам святых са сваімі ўласнымі чытаннямі застаецца праблемай. Менавіта таму “альтэрнатыўны лекцыянарый” 1966 года [14] і лекцыянарый да Імшала 1970 года цалкам адбіраюць месца ў чытанняў з цыкла святых.

12. Страта цыкла святых была б вялікім ударам па літургічным выразе пабожнага ўшанавання святых. Больш значныя святыя маюць свае ўласныя чытанні і іншыя зменныя часткі, якія служаць каментарыямі да іх жыцця і працы; менш значныя святыя карыстаюцца агульнымі тэкстамі пра святых, якія ўключаюць даволі старажытныя і каштоўныя фармуляры і надаюць святам паасобных груп святых (дактароў Касцёла, абатаў, святых жанчын і інш.) заўважны і асаблівы характар [15].

13. Такая рэформа азначае, што чытанні, прызначаныя для ватыўных Імшаў, таксама павінны будуць саступіць месца чытанням будняў, што таксама нанясе ўдар па пабожнасці, да якой яны маюць дачыненне і для распаўсюджвання якой іх зацвярджалі Папы на працягу многіх стагоддзяў. Як святы святых, так і ватыўныя Імшы будуць суправаджацца чытаннямі, якія могуць быць неадпаведнымі, што будзе ствараць праблемнае напружанне ў літургіі [16].

14. Дадатковыя непераадольныя праблемы паўстануць з таго, што зменныя малітвы і спевы цыкла святых і ватыўных Імшаў, калі яны ўвогуле застануцца, не будуць мець тэматычнай ці характарнай сувязі з чытаннямі, хіба што абсалютна выпадкова.

Божы Афіцый

15. Інструкцыя Sacrosanctum concilium заклікала да больш “багатага” прадстаўлення Святога Пісання вернікам [17]. Адзін са спосабаў рэалізаваць гэты заклік, захаваўшы ўжо існую гармонію ў літургіі, заключаецца ў заахвочванні да больш шырокай практыкі Божага Афіцыя, а асабліва Ютрані (matutinum). Аб гэтым сапраўды просяць як інструкцыя Sacrosanctum concilium [18], так і Кодэкс кананічнага права [19].

16. Чытанні ў літургіі заўсёды мелі як культавую, так і настаўніцкую функцыю, аднак у Імшы больш падкрэсліваецца першая функцыя, тады як другая больш праяўляецца ў Афіцыі. Абрады, якімі абстаўлены чытанні падчас Імшы, заахвочваюць нас разглядаць іх як асаблівае ахвяраванне Богу, якое можна назваць “слоўным кадзілам” [20]. У сваю чаргу, Божы Афіцый з’яўляецца перадусім малітвай, аднак дыдактычная функцыя чытанняў у ім падкрэсліваецца, напрыклад, тым, што ў Ютрані чытаюцца каментарыі Айцоў Касцёла на толькі што прачытаныя ўрыўкі Святога Пісання.

17. Акрамя таго, сувязь паміж Ютранню і эўхарыстычнай літургіяй, асабліва ў нядзелі і святы, робіць гэтую гадзіну ідэальным дадаткам да Імшы дня; сапраўды, яе можна разглядаць як падрыхтоўку да Імшы [21].

18. Яшчэ нядаўна вернікам нічога не каштавала двойчы наведаць касцёл у нядзелю, каб паўдзельнічаць не толькі ў Імшы, але і ў Нешпарах; Ютрань таксама калісьці часта цэлебравалася ў парафіяльных касцёлах [22]. Верагодна, сёння ў выпадку свецкіх асобаў варта больш абапірацца на прыватную малітву Божым Афіцыем, хоць рэдкія публічныя цэлебрацыі вельмі паспрыялі б распаўсюджванню гэтай практыкі. Значны поспех асацыяцыі “The League for the Divine Office” ў распаўсюджванні прыватнага выкарыстання Божага Афіцыя на народнай мове сярод свецкіх у сярэдзіне ХХ ст. з’яўляецца важным прэцэдэнтам.

Заключэнне

19. Роля Святога Пісання ў літургіі не абмяжоўваецца лекцыянарыем. У аснове зменных і сталых частак Імшы ў надзвычайнай форме часта знаходзяцца псальмы [23]; ва ўсёй Імшы таксама сустракаецца шмат спасылак і цытат з іншых кніг Святога Пісання [24]. Таму нельга сцвярджаць, што Імша 1962 года або іншыя сакрамэнты і сакрамэнталіі, што здзяйсняюцца па кнігах 1962 года, не маюць біблійнага вымярэння [25].

20. Старажытны аднагадовы цыкл чытанняў, асабліва для нядзеляў, мае незаменную каштоўнасць, таму што ён прадстаўляе думку лацінскіх Айцоў Касцёла ў адпаведнасці з літургічнымі перыядамі і цыклам святаў, а таксама дазваляе вернікам, наколькі гэта магчыма, пазнаёміцца з чытаннямі (асабліва гэтаму дапамагае вялікая традыцыя літургічных каментарыяў) і адчуць сувязь са зменнымі малітвамі і спевамі дня.

21. Да дэкрэта Novum rubricarum (1960) [26], калі нядзеля ці свята скасоўваліся прыпадаючым на той жа дзень святам большай важнасці, у якасці Апошняга Евангелля выкарыстоўваліся не першыя вершы Евангелля паводле св. Яна, а ўласнае Евангелле скасаванай нядзелі ці свята [27]. Улічваючы важнасць нядзельнага цыкла, вяртанне да старой практыкі здаецца правільным; яна таксама можа стаць спосабам крыху пашырыць набор евангельскіх урыўкаў, якія чытаюцца на Імшы.

22. Перадусім, аднак, багацці Святога Пісання ўжо прадстаўлены ў літургічным кантэксце ў Божым Афіцыі, пераважна ў Ютрані. Прыярытэтам павінна быць заахвочванне вернікаў да карыстання ўжо існуючымі багаццямі літургіі, а не рэформа: такім быў ключавы прынцып для больш асцярожных членаў Літургічнага руху, напрыклад для кс. Уільяма Буша, лідара асацыяцыі “League for the Divine Office”, чые словы добра пасуюць да цяперашняй сітуацыі:

Не трэба жадаць паспешліва змяняць тое, што мы толькі пачынаем адраджаць. Трэба спыніцца і вывучыць, што такое літургія, і тады мы здолеем ацаніць, якія дастасаванні да сучасных умоваў могуць быць карыснымі; магчыма, іх будзе не столькі, колькі мы ўяўлялі сабе спачатку… [28]


Дадатак А: Урыўкі Святога Пісання, якія знаходзяцца ў лекцыянарыі 1962 года і адсутнічаюць у лекцыянарыі 1969 года

Пры дапамозе шматгадовых цыклаў стваральнікі лекцыянарыя 1969 года імкнуліся ўключыць у літургію значна большы аб’ём Святога Пісання. Трэба адзначыць, што нягледзячы на гэта пэўныя евангельскія ўрыўкі, знаёмыя тым, хто наведвае Імшу ў надзвычайнай форме па нядзелях, увогуле адсутнічаюць у нядзельным цыкле лекцыянарыя 1969 года.

У некаторых выпадках версія 1969 года прыводзіць іншую версію той перыкопы, што знаходзіцца ў старажытным лекцыянарыі; у іншых выпадках новы лекцыянарый не падае паралельнага ўрыўка. Варта пералічыць і тыя, і іншыя прыклады: апошняя група вылучана тоўстым шрыфтам, а ў тым выпадку, калі ўрыўка няма таксама ў буднім цыкле 1969 года, гэта таксама пазначана [29].

  • Евангелле паводле св. Мацвея:

6:16-21 “Калі посціце…”, “Не збірайце сабе скарбаў на зямлі” (вершы 19-21 таксама адсутнічаюць у буднім цыкле звычайнай формы);

8:1-13 Аздараўленне пракажонага; слуга сотніка (выкарыстоўваюцца адпаведна ўрыўкі ад св. Марка і св. Лукі);

8:23-27 Суцішванне буры (выкарыстоўваецца ўрывак ад св. Марка);

20:16b “Бо шмат пакліканых, але мала выбраных” (апушчана ў Евангеллі XXV нядзелі звычайнага перыяду, якое заканчваецца вершам 16a; паралельны верш з Мц 22:14 можна чытаць па жаданні ў XXVIII нядзелю звычайнага перыяду);

24:15-35 “Агіда спусташэння” (таксама адсутнічае ў буднім цыкле); у лекцыянарыі 1969 года адсутнічаюць таксама паралельнае месца ў Мк 13:14 і далей, спасылкі на агіду спусташэння ў прарока Даніэля (Дан 9:27, 11:31, 12:11) і ў 1 Кнізе Макабэяў (1 Мак 1:57);

26:1-13 Нарада ў Каяфы; дарагое намашчэнне (выкарыстоўваецца ўрывак ад св. Марка).

  • Евангелле паводле св. Марка:

16:14 “Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны сядзелі за сталом, і папракаў іх за бязвер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага” (ёсць толькі ў св. Марка).

  • Евангелле паводле св. Лукі:

8:4-15 Прыпавесць пра сейбіта (выкарыстоўваецца ўрывак ад св. Мацвея);

11:14-23 “Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў” (выкарыстоўваецца ўрывак ад св. Марка);

11:24-26 Вяртанне нячыстага духа (адпаведны ўрывак у св. Мацвея таксама выдалены) (таксама адсутнічае ў буднім цыкле);

11:27-28 “Шчаслівае ўлонне, якое насіла Цябе…” (толькі ў св. Лукі);

14:15-24 Вячэра і адмова запрошаных (выкарыстоўваецца ўрывак ад св. Мацвея);

18:31-34 “Ён выдадзены будзе…” (выдалена са св. Мацвея і св. Марка) (таксама адсутнічае ў буднім цыкле);

18:35-43 Аздараўленне сляпога каля Ерыхона (выкарыстоўваецца ўрывак ад св. Марка);

21:29-33 Прыпавесць пра смакоўніцу (выкарыстоўваецца ўрывак ад св. Марка).

  • Евангелле паводле св. Яна:

6:59 “Гэта Ён сказаў у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме” (толькі ў св. Яна);

8:46-59 “Ты самаранін і апанаваны злым духам”, “Абрагам… рады быў убачыць дзень Мой… раней, чым з’явіўся Абрагам, Я ёсць” (толькі ў св. Яна) (таксама адсутнічае ў буднім цыкле);

14:30-31 “Надыходзіць валадар гэтага свету”, “раблю так, як наказаў Мне Айцец” (толькі ў св. Яна) (таксама адсутнічае ў буднім цыкле);

16:1-4 “Вас адлучаць ад сінагогі” (толькі ў св. Яна) (таксама адсутнічае ў буднім цыкле);

16:5-11 “Ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”… князь гэтага свету ўжо асуджаны” (толькі ў св. Яна);

16:16-22 “Што гэта Ён кажа нам: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?”, “Вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае” (толькі ў св. Яна);

16:23-30 “Прасіце і атрымаеце… Айцец любіць вас… Цяпер Ты гаворыш адкрыта… Надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся…”  (толькі ў св. Яна).

Гэты спіс будзе значна даўжэйшы, калі да яго далучыць тыя ўрыўкі, якія ў лекцыянарыі 1969 года з’яўляюцца неабавязковымі, а таксама вершы, прапушчаныя ў Пасланнях [30]. Асабліва дзіўным з’яўляецца адзін прыклад з апошняй групы, а менавіта ўрывак з Першага паслання да Карынцянаў (11:27-29), які папярэджвае перад нягодным прыняццем святой Камуніі. У лекцыянарыі 1962 года ён прадпісаны на Вялікі Чацвер і на свята Божага Цела, аднак у лекцыянарыі 1969 года ён увогуле адсутнічае.

Як можна бачыць з гэтага спісу, нават калі браць прадстаўленасць Святога Пісання ў вузкім значэнні, замена лекцыянарыя 1962 года лекцыянарыем 1969 года прывяла не толькі да здабытку, але і да страты. Больш за тое, гэты спіс паказвае розніцу ў духу двух лекцыянарыяў: старажытны падбірае ўрыўкі, засноўваючыся на розных прынцыпах, і часта падкрэслівае тыя моманты, якія новы лекцыянарый імкнецца не падкрэсліваць [31].

Гэта пацвярджае галоўную думку, што кожны лекцыянарый з’яўляецца інтэгральнай часткай свайго адпаведнага Імшала і адлюстроўвае яго дух і прыярытэты [32].


Дадатак Б: сувязь паміж лекцыянарыем і спевамі

У асноўным тэксце артыкула абмяркоўваецца важны фактар, які неабходна ўлічваць пры рэфармаванні ці пашырэнні лекцыянарыя надзвычайнай формы рымскага абраду, а менавіта цесная сувязь паміж чытаннямі дадзенага фармуляра Імшы і іншымі зменнымі часткамі, перадусім спевамі. Зазвычай імшальныя фармуляры ў надзвычайнай форме не прадстаўляюць адзінай, відавочнай тэмы; як мы заўважылі раней, цыкл нядзельных Пасланняў не залежыць ад цыкла нядзельных Евангелляў, а разнастайныя ўласныя часткі — спевы, якія суправаджаюць працэсіі, сакрэта, якая прадказвае ахвяру, і г. д. — надта залежаць ад сваёй літургічнай функцыі і выступаюць у якасці асобнай дыдактычнай групы. Тым не менш у гэтых тэкстах ёсць шмат узаемных спасылак і яны могуць выступаць каментарыямі адзін да аднаго.

Найбольш яўна гэта праяўляецца, калі спевы пазычаюць свой тэкст з аднаго з чытанняў [33]. Хоць абсалютная большасць спеваў засноўваецца на псальмах, выключэнні з гэтага правіла часта натхняюцца чытаннямі дня. Так, павярхоўны аналіз нядзельнага цыкла паказвае, што ў шасці выпадках антыфона на Камунію ўзята з Евангелля дня (І і ІІ нядзеля пасля Аб’яўлення Пана, ІІ нядзеля пасля Вялікадня, ІІІ і XIV нядзеля пасля Пяцідзясятніцы). У свята Пяцідзясятніцы гэтая антыфона бярэцца з Паслання (Дзеі апосталаў). У V нядзелю пасля Вялікадня з Евангелля бярэцца верш Аллелюя. Такія ўзаемныя спасылкі, часам у выглядзе цытат, часам не, яшчэ часцей сустракаюцца ў фармулярах святаў і ў сухія дні. Падобная цесная сувязь існуе паміж нядзельнымі Евангеллямі і антыфонамі Ютрані і Нешпараў.

Больш незаўважную і ўсепранікальную сувязь паміж градуалам і спевам Аллелюя апісвае нямецкі даследчык спеву кс. Дамінік Ёнэр:

Старажытны Касцёл карыстаўся гэтымі спевамі ў якасці сродку, які дазволіў бы адбіць у сэрцах вернікаў навуку, агучаную Пасланнем, і падрыхтаваць іх да больш успрымальнага слухання Евангелля. Духавенства і свецкія вернікі павінны неадкладна атрымаць магчымасць цалкам аддацца разважанню над спевамі і іх зместам [34].

З улікам усіх згаданых фактараў было б немагчыма грунтоўна змяніць лекцыянарый надзвычайнай формы без парушэння звязнасці і цэласнасці Імшала.


[1] Фактычна, выбар урыўкаў не абмяжоўваецца Пасланнямі: яны могуць выбірацца таксама з Дзеяў апосталаў, Апакаліпсіса св. Яна ці са Старога Запавету.

[2] Сухая серада мае адно дадатковае чытанне; сухія суботы маюць агулам пяць дадатковых чытанняў. Сухія дні адзначаюцца чатыры разы на год. (Імшал 1962 года дазваляе цэлебраваць карацейшую форму суботняй Імшы.)

[3] Вельмі шмат чытанняў мае Пасхальная вігілія (асабліва ў тым выглядзе, які існаваў да рэформы 1955 года); Пальмавая нядзеля ў межах абраду благаслаўлення пальмаў мае дадатковае Евангелле (а да 1955 года мела таксама дадатковае Пасланне). Ва ўспамін усіх памерлых вернікаў і на Божае Нараджэнне святарам дазваляецца служыць тры Імшы, прычым кожная Імша мае свае ўласныя чытанні і іншыя зменныя часткі.

[4] Сярод рукапісных крыніц Рымскага лекцыянарыя самым старажытным і каштоўным з’яўляецца Вюрцбургскі манускрыпт (Comes Romanus Wirziburgensis, Universitätsbibliothek, кодэкс M. p. th. f. 62; рэд. Morin, Rev. bén. 27 (1910), 41–74 і 28 (1911), 296–330) — калекцыя з 16 аркушаў, верагодна, англійскай рукі каля 700 года (магчыма, канца VII ст.). Пералік Пасланняў, верагодна, адлюстроўвае рымскі ўжытак другой паловы VII ст.; пералік Евангелляў выглядае пазнейшым. У ім таксама знаходзіцца шырокі спіс Евангелляў для цыкла святых, але менш Пасланняў, што наводзіць на думку пра пэўную ступень свабоды або магчымасць выбару. На некаторыя нагоды гэты лекцыянарый падае альтэрнатыўныя Пасланні (напрыклад, аналагічныя ўрыўкі са св. Паўла, якія нельга сур’ёзна ўспрымаць як дадатковыя чытанні). Прадугледжаны ў ім і чытанні для надта шматлікіх нядзеляў пасля Аб’яўлення Пана і надта малой колькасці нядзеляў пасля Пяцідзясятніцы. На некаторыя тыдні пададзены чытанні для аднаго, двух ці трох будняў. Да IX ст. з’яўляюцца прадпісаныя чытанні на правільную колькасць нядзеляў, поўны набор чытанняў на будні Вялікага посту (да Папы Грыгорыя ІІ (+731) чацвер быў нелітургічным днём), фармалізаваныя агульныя тэксты пра святых, раздзяленне літургічных перыядаў і цыкла святых, а таксама грунтоўна перагледжаная сістэма чытанняў для будняў па-за Вялікім постам. Таксама ў гэты час назіраецца пэўнае разыходжанне паміж рымскімі і галіканскімі кнігамі.

[5] Калі не ўлічваць пазнейшыя святы, якія адзначаюцца ў нядзелі, а менавіта нядзелю Найсвяцейшай Тройцы і свята Святой Сям’і.

[6] Лекцыянарый “Кнігі агульнай малітвы” заснаваны на лекцыянарыі сарумскага Імшала, які па сутнасці дакладна адпавядае Рымскаму Імшалу; традыцыйны лютэранскі лекцыянарый заснаваны на лекцыянарыі Рымскага Імшала. Экуменічная каштоўнасць старажытнага аднагадовага цыкла прымусіла архітэктараў лекцыянарыя 1970 года сур’ёзна задумацца (гл. Annibale Bugnini, “The Reform of the Liturgy 1948–1975”, Collegeville, MN: The Liturgical Press, 1990, с. 415–416).

[7] Гэта асабліва бачна ў Адвэнце і Вялікім посце; перыяд пасля Пяцідзясятніцы не настолькі тэматычна выразны, але там гэта таксама заўважна. Пій Парш пісаў так: “З пункту гледжання сэнсу… цыкл можна падзяліць на тры групы. Першая група падкрэслівае цудоўныя аздараўленні. Апісанні цудаў Хрыста звязаныя паміж сабою, аднак гэтыя аповеды маюць на мэце перадусім не настаўленне вернікаў, а ўказанне на дзеянне Божай ласкі ў Імшы. Такою ж была галоўная мэта нашага Пана, калі Ён рабіў цуды…

Другая група імкнецца выкарыстоўваць кантрастныя сцэны: валадарства Бога супраць валадарства свету… Адпаведныя чытанні знаходзяцца пераважна ў Імшах ад VII да XIV нядзелі пасля Пяцідзясятніцы… Старажытная пабожнасць часта выкарыстоўвала гэты прыём…

Трэцяя група, якая засяроджваецца на парузіі, знаходзіцца ад XIV нядзелі да канца літургічнага года. Гэтыя Імшы адзначаюцца разнастайнасцю характараў і глыбінёю навучання”.

[8] Імшалы з тэкстамі толькі на нядзелі і важныя святы сапраўды могуць быць кішэннымі; дзіцячыя імшалы, у якіх адсутнічае пэўная частка лацінскіх тэкстаў або лацінскія тэксты ўвогуле, бываюць сапраўды вельмі малымі.

[9] Праспэр Геранжэ, абат Салемскага абацтва, “L’Année Liturgique”, на франц. мове, апублікавана ў 15 т. з 1841 па 1844 гг. (на англ. мове: “The Liturgical Year”, 1949). Бл. Ільдэфонса Шустэр, арцыбіскуп Мілана, “Liber Sacramentorum”, на італ. мове, апублікавана ў 5 т. у 1919 г. (на англ. мове: “The Sacramentary”, 1924). Пій Парш, “Das Jahr des Heiles”, апублікавана ў 3 т. у 1923 г. (на англ. мове: “The Church’s Year of Grace”, 1953). Гэтыя працы, асабліва творы Геранжэ і Парша, атрымалі і атрымліваюць шырокае распаўсюджанне. Тэкст “L’Année Liturgique” прынамсі часткова даступны анлайн на французскай (http://www.abbaye-saint-benoit.ch/gueranger/anneliturgique/index.htm) і англійскай мове (http://www.liturgialatina.org/lityear/).

[10] Акрамя галіканскіх (або “неагаліканскіх”) Імшалаў, якімі карысталіся ў розных дыяцэзіях Францыі, чытанні на буднія дні меў сарумскі Імшал, які выкарыстоўваўся на Брытанскіх астравах да канца XVI ст.; у Германіі такія чытанні ёсць у мюнстэрскім Імшале ажно 1835 года выдання.

[11] У календары 1962 года будні Вялікага посту маюць 3 клас, тады як будні астатняй часткі года — 4 клас. Зноў жа, многія святы, якія прыпадаюць на Вялікі пост, маюць ніжэйшую ступень, чым яны маглі б мець у іншым выпадку, таму яны адзначаюцца толькі як успаміны.

[12] Гэтае правіла захоўваецца нават у тым выпадку, калі папярэдняя нядзеля была заменена нейкім важным святам. Аднак на Імшы ў будні дзень не прамаўляецца “Credo”.

[13] Comes Romanus Wirziburgensis (каля 650 г.) вельмі нерэгулярна прадпісвае буднія чытанні на серады, пятніцы і суботы. Comes з Мюрбака (каля 700 г.) прадпісвае іх толькі на серады і пятніцы, але робіць гэта вельмі рэгулярна.

[14] “Альтэрнатыўны лекцыянарый”, апублікаваны 12 сакавіка 1966 г. для выкарыстання па выбары, складаецца з аднагадовага цыкла Евангелляў і двухгадовага цыкла першых чытанняў для ўсіх дзён літургічнага года de tempore, якія не могуць замяшчацца святамі 1 і 2 класа. Такім чынам, гэты лекцыянарый пакінуў прабелы для найбольш важных святаў. Нядзельны цыкл і цыкл пра святых не змяніліся. Гэты лекцыянарый быў заменены лекцыянарыем Імшала 1970 года.

[15] Пій Парш напісаў каментарыі да агульных тэкстаў пра святых: “The Church’s Year of Grace”, англ. выд., Collegeville, MN: The Liturgical Press, 1962, т. IV, с. 372–412.

[16] Іншыя зменныя часткі таксама ўвойдуць у гэтае напружанне, прычым і тады, калі яны будуць адпавядаць святу (а таму патэнцыяльна не будуць адпавядаць чытанням), як у выпадку эксперымента 1966 года, так і тады, калі яны будуць прывязаны да цыкла чытанняў (а таму не будуць звязаны са святам), як у Імшале 1970 года. Даследчык літургіі Ласла Добшаі каментуе гэта наступным чынам: “Трохгадовая сістэма цалкам разбурыла сувязь паміж літургічным днём (і яго тэкстамі) і вызначанымі перыкопамі; гэта страта як з літургічнай, так і з пастырскай перспектывы” (László Dobsay, “The Restoration and Organic Development of the Roman Rite”, London: T&T Clarke, 2010, с. 143).

[17] Sacrosanctum concilium, 51: “Каб падрыхтаваць для вернікаў багацейшы стол Божага слова, трэба шырэй адчыніць біблійныя скарбніцы, каб у адпаведны адрэзак гадоў народу чыталася важнейшая частка Святога Пісання”. (“Quo ditior mensa verbi Dei paretur fidelibus, thesauri biblici largius aperiantur, ita ut, intra praestitutum annorum spatium, praestantior pars Scripturarum Sanctarum populo legatur”.)

[18] Sacrosanctum concilium, 85: “Таму кожны, хто прысвячае сябе гэтай малітве, выконвае абавязак Касцёла і ў той жа час удзельнічае ў найвышэйшым гонары абранніцы Хрыста, паколькі, аддаючы Богу хвалу, стаіць перад Божым тронам у імя Маці-Касцёла”. (“Omnes proinde qui haec praestant, tum Ecclesiae officium explent, tum summum Sponsae Christi honorem participant, quia laudes Deo persolventes stant ante thronum Dei nomine Matris Ecclesiae”.)

100: “Пастыры павінны клапаціцца, каб у нядзелі і ўрачыстыя святы ў касцёлах з удзелам вернікаў цэлебраваліся галоўныя Гадзіны, асабліва Нешпары. Рэкамендуецца, каб і свецкія чыталі Афіцый ці са святарамі, ці на сваіх сходах, ці нават індывідуальна”. (“Curent animarum pastores ut Horae praecipuae, praesertim Vesperae, diebus dominicis et festis sollemnioribus, in ecclesia communiter celebrentur. Commendatur ut et ipsi laici recitent Officium divinum, vel cum sacerdotibus, vel inter se congregati, quin immo unusquisque solus”.) Пар. Redemptionis sacramentum (2004), 41: “Заахвочванню, распаўсюджванню і падтрымцы гэтага ўнутранага разумення літургічнага ўдзелу надзвычай дапамагае пастаянная і шырокая цэлебрацыя Літургіі гадзінаў, карыстанне сакрамэнталіямі і практыкаванне народнай хрысціянскай пабожнасці”. (“Ad hunc sensum interiorem participationis liturgicae suscitandum, promovendum et alendum valde utilia sunt assidua et diffusa celebratio Liturgiae Horarum, usus sacramentalium exercitiaque pietatis christianae popularis”.)

[19] Кодэкс кананічнага права (1983), 1174, § 2: “Да ўдзелу ў Літургіі гадзінаў, якая з’яўляецца дзеяннем Касцёла, у залежнасці ад абставінаў настойліва заклікаюцца і іншыя верныя хрысціяне”. (“Ad participandam liturgiam horarum, utpote actionem Ecclesiae, etiam ceteri christifideles, pro adiunctis, enixe invitantur”.)

[20] Д-р Пітэр Кваснеўскі, “Страта літургічных скарбаў цыклу святых”, The Latin Mass: A Journal of Catholic Culture and Tradition (восень 2007), с. 30–35: “Рэцытацыя тэкстаў Пісання свядома падпарадкоўваецца таму, як пасыл Пісання гістарычным чынам уцелаўляецца ў святых асобах. Іншымі словамі, чытанні служаць для таго, каб апраўляць, упрыгожваць і праліваць святло на аблічча Хрыста і на абліччы яго пераймальнікаў. Выкарыстанне Пісання ў літургіі з’яўляецца культавым, а не гамілетычным. Нам не чытаюць лекцыю: нас заклікаюць пакланіцца, схіліцца перад таямніцамі. Чытанні павінны функцыянаваць як слоўнае кадзіла, а не як шматслоўная інфармацыя”.

[21] Гл. “Catholic Encyclopedia” (1917), “Matins”: “У пэўным сэнсе гэтая гадзіна, магчыма, першапачаткова служыла падрыхтоўкай да Імшы, так бы мовіць Імшы катэхумэнаў, якая прынамсі мае тую ж будову, што і гэтая гадзіна: чытанне са Старога Запавету, затым Пасланні і Дзеі і, нарэшце, Евангелле; усё гэта перамяжоўваецца псальмодыяй і заканчваецца гаміліяй (пар. Cabrol: “Les Origines Liturgiques”, Paris, 1906, 334 і далей)”.

[22] Гэтая традыцыя аказала свой уплыў на англіканства, дзе Ютрань дагэтуль цэлебруецца публічна. Такую практыку ў сваёй парафіі зноў увёў Пій Парш. Ва Усходніх Касцёлах таксама перад Імшою зазвычай цэлебруецца Ютрань.

[23] Перадусім псальм 50 (“Asperges me”) або псальм 117 (верш у “Vidi aquam”) у акрапленні вернікаў у нядзелі; псальм 42 (“Iudica me”) у падрыхтоўчых малітвах; частка псальма 25 (“Lavabo”) пры абмыванні рук.

[24] У якасці аднаго з прыкладаў можна прывесці малітву “Supra quae” з Рымскага Канона, якая згадвае ахвяры Старога Запавету: ахвяру Абэля (Быц 4:4), ахвяру Абрагама (Быц 22:13) і ахвяру Мельхізэдэка (Быц 14:18).

[25] Калі спыніцца толькі на двух прыкладах, падчас пахавання прамаўляецца ўся песня Захарыі, а пры благаслаўленні жанчыны пасля нараджэння дзіцяці чытаецца псальм 23 (“Domini est terra”).

[26] Гл. Novum rubricarum, 509.

[27] Таму да 1960 года, калі на нядзелю прыпадала важнае свята і служылася не нядзельная Імша, нядзельнае Евангелле чыталася ў якасці Апошняга Евангелля замест пачатку Евангелля паводле св. Яна.

[28] William Busch, “On Liturgical Reforms”, Orate Fratres 11.8 (1936-7), с. 352–357, цыт. па Alcuin Reid, “The Organic Development of the Liturgy”, 2-е выд., San Francisco: Ignatius Press, 2005, с. 105. Кс. Буш актыўна перакладаў нямецкія працы а. Пія Парша на англійскую мову і дапамагаў у заснаванні асацыяцыі “The League for the Divine Office”. Іншым прадстаўніком Літургічнага руху, які праводзіў падобную розніцу паміж прыняццем і рэфармаваннем літургіі і якога таксама цытуе Рэйд, быў кс. Ханс Рэйнгальд, які ў 1947 годзе пісаў: “Сучасны Літургічны рух з’яўляецца паслухмяным, артадаксальным, сціплым. Першая рэч, якой ён патрабуе, гэта каб кожны з нас, мы самі, здзяйснялі літургію так, як яна пададзена ў кнігах, і падпарадкоўваліся ёй. Самавыпраўленне і ўдасканальванне. У другую чаргу мы чакаем, што яна адкрые нам вочы на дробязі і адкрыцці, якія зменяць нашае мысленне і нададуць яму большую дагматычную карэктнасць, прапарцыянальнасць і радасць. Трэцяя справа — гэта ўбачыць літургію, вернутую да сваёй прастаты і да сваіх крыніцаў. І толькі ў чацвёртую чаргу мы ўпадзем да ног Святога Айца і папросім аб рэформах” (Reid, с. 141–142).

[29] З ўдзячнасцю аўтару блога “Countercultural Father” (http://ccfather.blogspot.co.uk/2013/05/sunday-gospel-readings-in-ef-omitted.html).

[30] Больш грунтоўны аналіз праведзены ў выданні Fr Anthony Cekada, “Work of Human Hands: A theological critique of the Mass of Paul VI”, West Chester, OH: Philothea Press, 2010, с. 299–272. Спасылка на гэтую працу не азначае згоды з меркаваннямі, якія ў ёй абараняюцца.

[31] Святар-аратарыянец і навуковец кс. Джонатан Робінсан, крытыкуючы шматгадовы цыкл Імшала 1969 года, заўважае: “Я лічу, што разнастайнасць не ўзбагачае людзей, а хутчэй дэзарыентуе іх… Магчыма, так сталася таму, што падбор чытанняў, як заўважылі іншыя, быў зроблены так, каб задаволіць патрабаванні літургічных навукоўцаў, а не засноўваўся на традыцыйных літургічных прынцыпах”. “The Mass and Modernity: walking to heaven backwards”, San Fransisco: Ignatius Press, 2005, с. 332.

[32] А. Адрыян Насэн, які прымаў удзел у працы над лекцыянарыем 1969 года, пісаў, што новы лекцыянарый быў “прызначаны для таго, каб праз вялікі прамежак часу, аднак непазбежна змяніць тэалагічную ментальнасць і саму духоўнасць каталіцкага люду”. “‘La Parole de Dieu et Vatican II” у выд. P. Jounel, R. Kaczynski, G. Pasqualette (рэд.), “Liturgia, Opera Divina e Umana: studi sulla riforma liturgica”, Rome: Edizioni liturgiche, 1982, с. 136; цыт. па Cekada, op. cit., с. 273.

[33] Згаданыя ніжэй сувязі, зразумела, з’яўляюцца вынікам розных гістарычных працэсаў.

[34] Dom Dominic Johner, “Chants of the Vatican Gradual”, англ. выд: Collegeville, MN: St John’s Abbey Press, 1940, с. 6. (Упершыню апублікавана ў 1934 г.; перавыдадзена на Lulu.com.)

Пакінуць каментар

Scroll Up