14.01.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Практыкаванне перыяду Нараджэння Пана (1)🕑 7 хвілін

Гэта першая частка раздзела “Практыкаванне перыяду Нараджэння Пана”. Другую частку апублікуем неўзабаве.

Вось і надышоў для вернай душы час сабраць плёны тых высілкаў, якія яна зрабіла (падчас пакутных тыдняў Адвэнту), каб падрыхтаваць месца прабывання для Божага Сына, Які жадае ў ёй нарадзіцца. Настала вяселле Баранка, і падрыхтавалася жонка Ягоная (Ап 19:7). Жонкай з’яўляецца Касцёл; жонкай з’яўляецца і кожная верная душа. Наш Пан дае ўсяго сябе ўсёй аўчарні, а таксама кожнай авечцы ў гэтай аўчарні, удзяляючы ёй столькі любові, быццам бы Ён любіць толькі адну яе. У якім жа ўбранні нам выйсці і прывітаць Жаніха? Дзе мы знойдзем каштоўныя камяні і жамчужыны, каб аздобіць сваю душу для гэтай шчаслівай сустрэчы? Пра ўсё гэта распавядзе нам святая Маці-Касцёл у сваёй літургіі. Таму, несумненна, наш найлепшы план на Божае Нараджэнне — як найбольш блізка трымацца Касцёла і рабіць тое, што робіць ён; бо ён найбольш любы Богу і менавіта яго мацярынскіх наказаў нам трэба слухацца.

Аднак перад тым, як сказаць пра містычнае прыйсце ўцелаўлёнага Слова ў нашыя душы, перад тым, як распавесці сакрэты гэтай высокай блізкасці паміж Творцам і стварэннем, даведаемся спачатку ад Касцёла пра абавязкі, якія людская прырода і кожная з нашых душаў маюць перад Божым Дзіцём, Якога нябёсы нарэшце далі нам як асвяжальную расу, якую мы прасілі праліць на зямлю. Падчас Адвэнту мы ядналіся са святымі Старога Запавету ў малітве аб прыйсці Месіі, нашага Збаўцы; цяпер жа, калі Ён прыйшоў, паразважаем над тым, якую пашану мы павінны Яму аддаць.

У гэты святы перыяд Касцёл прыносіць Божаму Дзіцяці ахвяру свайго глыбокага пакланення, захапленне сваёй нязмернай радасці, дар сваёй бязмежнай удзячнасці і адданасць сваёй гарачай любові. Гэтыя ж чатыры прынашэнні: пакланенне, радасць, удзячнасць і любоў — павінен прыносіць свайму Езусу, свайму Эмануэлю, бэтлеемскаму Дзіцяці, кожны хрысціянін. У малітвах літургіі ўсе гэтыя чатыры пачуцці выказаны лепш, чым ва ўсіх іншых набажэнствах. Аднак, каб лепш засвоіць гэтыя каштоўныя малітвы Касцёла, неабходна спачатку старанна разгледзець прыроду кожнага з гэтых чатырох пачуццяў.

Першым нашым абавязкам пры калысцы Збаўцы з’яўляецца пакланенне. Пакланенне — гэта галоўны рэлігійны акт, аднак у таямніцы нараджэння нашага Пана ёсць штосьці, што накладае на нас дадатковы абавязак пакланення. У небе анёлы закрываюць свае абліччы і падаюць ніцма перад тронам Яхвэ, дваццаць чатыры старэйшыны кідаюць вянкі перад тронам (Ап 4:10) Ягняці. Што ж тады можам зрабіць мы, грэшнікі і нягодныя члены сям’і Адкупіцеля, калі сёння сам вялікі Бог паказаўся нам дзеля нас у прыніжэнні і без усёй сваёй славы, калі абавязкі стварэння перад сваім Стварыцелем выконвае сам Стварыцель, калі спрадвечны Бог схіляецца не толькі перад найвышэйшай веліччу Боства, але нават перад грэшным чалавекам, якога стварыў?

Будзем жа імкнуцца сваім глыбокім пакланеннем хоць крыху аддаць належнае Богу, Які так прыніжае сябе дзеля нас. Аддадзім яму хоць крыху таго, чаго Ён пазбавіў сябе з любові да нас і з паслухмянасці свайму Айцу. На нас ускладзены абавязак наколькі гэта магчыма наследаваць паставу анёлаў у небе і ніколі не набліжацца да Боскага Дзіцяці без кадзіла пакланення, сцвярджэння нашай уласнай поўнай нягоднасці і, нарэшце, паважлівага стаўлення ўсёй нашай істоты. Усё гэта належыць бясконцай велічы бэтлеемскага Дзіцяці тым больш, што Бог такім чынам прынізіў сябе дзеля нас. Гора нам, калі з-за знешняй бездапаможнасці Боскага Дзіцяці або з-за блізкіх адносінаў з Тым, хто гатовы аказаць нам сваю пяшчоту, мы занядбаем гэты першы свой абавязак або забудземся, кім з’яўляецца Ён, а кім мы!

Гэтай пакоры навучыць нас прыклад Яго благаслаўлёнай Маці. Яшчэ перад тым, як стаць Маці, Марыя была пакорнай перад Богам; стаўшы Маці, яна яшчэ больш праяўляла пакору перад Тым, хто быў яе Богам і яе Дзіцём. Таксама і мы, бедныя грэшнікі, што грашым так часта і так доўга, павінны ад усёй душы пакланяцца Таму, хто сышоў настолькі нізка. Нам неабходна дазнавацца, якім чынам адплаціць Яму сваёй пакорай за гэтую калыску, за гэтыя пялюшкі і за гэты ўзыход Ягонай славы. І ўсё ж нашыя высілкі ніколі не дазволяць нам так прынізіць сябе, каб стаць нароўні з Яго прыніжэннем. Толькі Бог можа дасягнуць прыніжэння Бога.

Аднак Касцёл, наша Маці, прапануе Божаму Дзіцяці не толькі ахвяру свайго глыбокага пакланення. Таямніца Эмануэля, Бога з намі, з’яўляецца для яго таксама крыніцай выключнай радасці. Паглядзіце на песні, што спяваюцца Касцёлам у гэты святы перыяд, і вы знойдзеце цудоўнае спалучэнне двух пачуццяў: глыбокай пашаны да Бога і вялікай радасці з прычыны Яго нараджэння. Радасць! Ці ж не да радасці заклікалі самі анёлы, якія спявалі на зямлі? Таму Касцёл вучыцца наследаваць шчаслівых пастухоў, якія з радасцю пабеглі ў Бэтлеем (Лк 2:16), і радасных мудрацоў, якія амаль не памяталі сябе ад задавальнення, калі пры выхадзе з Ерузалема яны зноў убачылі зорку, якая прывяла іх да месца, дзе было Дзіця (Мц 2:10). Калядная радасць — гэта хрысціянскі інстынкт, які нарадзіў так шмат калядак. На жаль, як і многія іншыя прыгожыя традыцыі стагоддзяў веры, яны знікаюць у нашыя часы. Аднак Рым заахвочвае іх, штогод з радасцю запрашаючы з Апенінскіх гор тых музыкаў (pifferari), што напаўняюць вуліцы Вечнага горада сваімі пранізлівымі мелодыямі.

Таму прыйдзіце, верныя дзеці Касцёла, раздзяліце з ім яго радасць! Гэта не час уздыхаць і плакаць. Бо Дзіця нарадзілася нам! (Іс 9:6) Той, каго мы так доўга чакалі, прыйшоў і пасяліўся між намі (Ян 1:14). Сапраўды, вялікай і доўгай была нашая нявызначанасць; будзем жа любіць Таго, хто прыйшоў да нас, яшчэ больш. Надта хутка прыйдзе той дзень, калі гэтае Дзіця, што нарадзілася нам, стане Мужам цярпення (Іс 53:3), і тады мы будзем спачуваць Яму. Але цяпер нам трэба радавацца і весяліцца з Ягонага прыйсця, і спяваць з анёламі вакол Ягонай калыскі. Неба спаслала нам у падарунак сваю ўласную радасць; радасць нам патрэбная, і сорак дзён — гэта не так шмат, каб нашыя сэрцы насыціліся ёю. Пісанне кажа нам, што мірнае сэрца — як пастаяннае свята (Прып 15:15) [1], а мірнае сэрца можа быць толькі там, дзе ёсць супакой. Вось жа, у гэтыя дні якраз Супакой прыйшоў на зямлю; а на зямлі супакой, кажуць анёлы, людзям добрай волі!

Цесна і нераздзельна з гэтай таямнічай радасцю звязана пачуццё ўдзячнасці. Сапраўды, удзячнасць належыць Таму, каго не знеахвоціла нашая нягоднасць  і не стрымала бясконцая пашана, годная Яго суверэннай велічы; Таму, хто быў ласкавы нарадзіцца са свайго стварэння і выбраў стайню сваім месцам нараджэння. О, як жа горача Ён жадаў паспрыяць справе нашага збаўлення, што прыбраў усё, што магло напужаць нас пры набліжэнні да Яго, і сваім прыкладам заахвоціў нас шляхам пакоры вярнуцца да неба, ад якога мы аддаліліся з-за пыхі!

Таму прымем жа з удзячнасцю гэты каштоўны дар, гэтае боскае Дзіця, нашага Адкупіцеля. Ён — Адзінародны Сын Айца, Які так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго адзінага (Ян 3:16). Сын беспярэчна ўхваляе волю свайго Айца і прыходзіць ахвяраваць сябе, таму што гэта Яго ўласная воля (Іс 53:7). Ці ж не дасць нам Айцец, пытаецца апостал, разам з Ім таксама ўсяго? (Рым 8:32) О, неацэнны дар! Як жа мы зможам расплаціцца за яго адпаведнай удзячнасцю? Мы настолькі бедныя, што нават не ведаем, як ацаніць яго. Адзін Бог, боскае Дзіця ў калысцы, ведае кошт бэтлеемскай таямніцы, дадзенай нам.

Ці ж застанецца наш доўг невыплачаным назаўсёды? Не зусім: мы можам выплаціць яго любоўю, якая, хоць і з’яўляецца абмежаванай, аддае сябе без меры і можа бясконца ўзрастаць у сваёй моцы. Таму Касцёл, прынёсшы свайму Збаўцу пакланенне, гімны радасці і ўдзячнасць, ахвяруе Яму таксама сваю гарачую любоў. Касцёл кажа Яму: “Які прыгожы Ты, мой Узлюблены, і які прывабны! (Пп 1:15) Наколькі прыемны для мяне Твой узыход, о боскае Сонца справядлівасці! Як ззяе маё сэрца ў цеплыні Тваіх промняў! Езу найдаражэйшы, немагчыма ўстаяць перад той слабасцю і пакорай Дзіцяці, якімі Ты здабываеш мяне для сябе!” Такім чынам, усе словы Касцёла заканчваюцца любоўю; і ўсе ягоныя пакланенне, праслаўленне і падзяка, выказаныя ў спевах, перамяняюцца ў любоў.

Хрысціяне, будзем жа наследаваць нашу Маці і аддадзім свае сэрцы нашаму Эмануэлю. Пастухі прыносяць Яму свае простыя дары, мудрацы прыносяць Яму свае каштоўныя падарункі, і ніхто не павінен з’яўляцца перад Божым Дзіцём без чагосьці, што будзе вартым прыняцця. Таму ведайце, што нічога не будзе Яму прыемным, акрамя таго, па што Ён прыйшоў сюды, — нашай любові. Менавіта дзеля яе Ён сышоў з неба. Сапраўды жорсткім было б сэрца таго, хто сказаў бы: “Не будзе Яму маёй любові”.

Вось тыя абавязкі, якія мы маем перад нашым боскім Настаўнікам у гэтым першым Ягоным прыйсці, якое, па словах св. Бэрнарда, адбылося “ў целе і слабасці” і здзейснілася дзеля нашага збаўлення, а не дзеля асуджэння свету.

Што датычыцца Ягонага іншага прыйсця, якое станецца ў Апошні дзень у велічы і магутнасці, то пра яго мы разважалі падчас Адвэнту. У нашых душах павінен быў абудзіцца са сну страх будучага гневу, а праз пакору сэрца мы рыхтавалі іх да прыняцця Езуса ў тым Ягоным таямнічым наведванні, калі Ён прыходзіць у душу чалавека. Менавіта гэтую невымоўную таямніцу прамежкавага прыйсця мы цяпер і растлумачым.

[1] Вульгата: “…secura mens quasi iuge convivium”. — Заўв. перакл.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Christmas, vol. I, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1886.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up