07.01.2019 / Te igitur

“Аптымізацыя”: благаслаўленне вады ў свята Аб’яўлення Пана🕑 4 хвілін

Сакрамэнталіі Касцёла служаць для таго, каб праз малітву і выкарыстанне благаслаўлёных рэчаў выпрошваць у Бога неабходныя ласкі. Архітэктары новай літургіі, верагодна, палічылі, што можна не выпрошваць, а проста папрасіць, і таму многія абрады, звязаныя з сакрамэнталіямі, былі спрошчаны, скарочаны і перапісаны. Зразумела, Касцёл меў юрыдычнае права правесці такую “аптымізацыю”. Ці меў права маральнае і ці не страцілі мы чагосьці ў гэтай аптымізацыі, пытанне адкрытае.

У мінулы раз мы разглядалі абрады благаслаўлення попелу ў Папяльцовую сераду. Для інфармацыі і магчымасці параўнання быў пададзены парадак з новай Літургічнай агенды і старая форма з Рымскага Імшала 1962 года. Сапраўднасць абодвух абрадаў пад сумненне мы не ставім, але права рабіць высновы застаецца за чытачом.

Сёння ж мы звернемся да абраду благаслаўлення вады ў свята Аб’яўлення Пана і пабачым, што гэтае свята нездарма называюць Вадохрышчам, а асвячаную ў гэты дзень ваду лічаць лячэбнай.

Новая форма

(Літургічная агенда, 2010, с. 163; вада благаслаўляецца разам з крэйдай і кадзілам, але мы дадзім толькі той тэкст, які датычыцца вады)

Пане, Божа ўсемагутны, выслухай ласкава нашыя малітвы, калі мы ўзгадваем дзівосную справу нашага стварэння і яшчэ больш дзівосную справу нашага адкуплення, і благаславі + гэтую ваду. Ты стварыў яе, каб давала ўрадлівасць нівам, каб умацоўвала і ачышчала нашыя целы. Ты таксама ўчыніў ваду прыладаю Тваёй міласэрнасці, бо праз яе Ты вывеў свой народ з няволі і наталіў яго смагу ў пустыні. У прадказаннях прарокаў вада была знакам новага запавету, які Ты пажадаў заключыць з чалавецтвам. Нарэшце, праз ваду, якую Хрыстус асвяціў у Ярдане, Ты аднавіў у купелі адраджэння нашу сапсаваную натуру. Няхай жа гэтая вада нагадвае нам прыняты хрост, каб мы радаваліся разам з нашымі братамі і сёстрамі, ахрышчанымі ў час пасхальных урачыстасцяў. Праз Хрыста, Пана нашага. Н.: Амэн.

Падобная формула выкарыстоўваецца і ў свята Хросту Пана: “…якой мы будзем акропленыя на знак пакаяння і якой будзем акрапляць нашыя памяшканні і рабіць на сабе знак крыжа. Няхай гэтая вада нагадвае нам прыняты хрост…” Альбо, як казаў на Імшы адзін святар: “Нядаўна ж благаслаўлялі. Не ведаю, навошта другі раз тое самае, але, калі напісана, то давайце другі раз”.

Старая форма

Благаслаўленне вады паводле старых літургічных кніг адбывалася ў вігілію Аб’яўлення Пана, гэта значыць напярэдадні. У 1955 годзе гэтую вігілію як асобны літургічны дзень скасавалі, але звычай благаслаўляць ваду 5 студзеня захаваўся. Сам абрад сфарміраваўся пад уплывам візантыйскай літургіі і доўгі час практыкаваўся на ўзроўні мясцовых звычаяў. У Рымскі Рытуал — літургічную кнігу паўсюднага Касцёла — ён быў дададзены толькі ў 1890 годзе.

У скарачэнні благаслаўленне вады займае ў Рытуале 11 старонак. (Ніжэй мы ўклеім іх без перакладу.) Здзяйсняецца ён, зразумела, па-за Імшою і пачынаецца пакаянным абрадам: літаніяй да ўсіх святых (паралітургічнай), якую ўсе спяваюць укленчыўшы. Пасля словаў “Усім верным памерлым вечны супакой даць май ласку, Цябе просім” дадаюцца два радкі на асвячэнне вады:

Ut hanc aquam bene+dicere digneris, te rogamus. (Гэтую ваду благаславіць май ласку, Цябе просім.)
Ut hanc aquam bene+dicere et sancti+ficare digneris, te rogamus. (Гэтую ваду благаславіць і асвяціць май ласку, Цябе просім.)

Затым спяваюцца тры псальмы (28, 45 і 146), пасля якіх святар чытае ўрачысты экзарцызм супраць шатана і злых духаў.

Далей спяваецца евангельская песня Magnificat (або Benedictus, калі абрад адбываецца раніцай) з антыфонай, узятай з Божага Афіцыя:

Hódie cælésti Sponso iuncta est Ecclésia, quóniam in Iordáne lavit Christus eius crímina: currunt cum munéribus Magi ad regáles núptias, et ex aqua facto vino lætántur convívæ, allelúia.

Сёння Касцёл далучыўся да нябеснага Абранніка, бо Езус абмыў у Ярдане яго правіны. Мудрацы спяшаюцца з дарамі на каралеўскае вяселле; і госці вясельныя радуюцца, што вада ператварылася ў віно, аллелюя.

Затым пачынаецца непасрэдна благаслаўленне вады. Тут варта адзначыць, што ў цэлым парадак благаслаўлення вады ў старых літургічных кнігах істотна адрозніваўся ад цяперашняга. Не толькі з урачыстай нагоды Аб’яўлення Пана, але і для кожнага нядзельнага акраплення напачатку Імшы вада рыхтавалася наступным чынам:

  • святар чытаў экзарцызм над соллю;
  • благаслаўляў соль;
  • чытаў экзарцызм над вадою;
  • благаслаўляў ваду;
  • змешваў ваду і соль;
  • чытаў заключную малітву.

Адпаведна робіцца і ў дадзеным выпадку. Загалоўкам “exorcismus” у тэксце пазначаны экзарцызмы солі і вады, а благаслаўленні пачынаюцца заклікам “oremus” — “памолімся”.

Благаславіўшы ваду, святар акрапляе вернікаў, спяваецца гімн “Te Deum”, а вада раздаецца вернікам. Агулам абрад займае 30+ хвілін. На YouTube ёсць відэазапісы (напрыклад, тут).

Кс. Джон Зюльсдорф, аўтар блога WDTPRS, часта нагадвае: “Мы — гэта нашы абрады”. Гіпатэтычна святую Імшу можна звесці да формулы кансэкрацыі і ўдзялення Камуніі (калі мы лічым, што прыняцце Камуніі з’яўляецца цэнтральным актам Імшы, бо насамрэч гэта не так), благаслаўленне вады можна звесці да знаку крыжа над вадой, а малітву брэвіярыя можна… ну, вы памятаеце.

Аднак да чаго давядзе нас паўсюдная “аптымізацыя”? Магчыма, у нас будзе і Найсвяцейшы Сакрамэнт, і благаслаўлёная вада, і выкананы абавязак малітвы псальмамі, аднак мы страцім Божы культ, цноту рэлігійнасці, вытрымку ў малітве, у перспектыве — веру і апостальскі запал. Разам з тым перастане цаніцца і тое, што мы стараліся здабыць найбольш аптымальным, кароткім шляхам. І гэта пасярод тых часоў, калі такі акцэнт робіцца на асабістых адносінах з Богам? У чым жа яны тады выяўляюцца?

Дзякуючы Бенедыкту XVI і яго апостальскаму лісту Summorum Pontificum (2007) літургічныя кнігі, актуальныя ў 1962 годзе, зноў атрымалі права выкарыстоўвацца ў літургічнай практыцы Касцёла. Кожны святар для благаслаўлення вады можа выбраць стары парадак. Кожны вернік мае права прасіць (і атрымаць) благаслаўленне паводле старога парадку. Захаванне нашай спадчыны і развіццё нашага духоўнага жыцця залежыць толькі ад нас.

ІлюстрацыяNASA Johnson (Flickr, CC BY-NC).
Фота старонак з Rituale Romanum Ecclesiis Poloniae accomodatum, 1927.

Пакінуць каментар

Scroll Up