05.01.2019 / Te igitur

“Twelve Days of Christmas”: песня з сакрэтным сэнсам?🕑 9 хвілін

Разважаючы над пытаннем абавязковых святаў, мы бачылі, што кананічнае права дае дазвол канферэнцыям біскупаў пераносіць цэлебрацыі абавязковых святаў з будняў на бліжэйшыя нядзелі. Так, напрыклад, свята Аб’яўлення Пана ў некаторых краінах адзначаюць не 6 студзеня, а ў бліжэйшую нядзелю (гэта, відаць, даволі частая з’ява, бо нават Рымскі Імшал і Літургія гадзінаў прадугледжваюць такі перанос у сваіх тэкстах).

Аднак у той жа Пазіцыі выказвалася меркаванне, што пераносіць гэтае свята на нядзелю не варта, бо гэтыя дванаццаць дзён ад Нараджэння да Аб’яўлення Пана маюць глыбокія гістарычныя карані і аказваюць моцны ўплыў на еўрапейскую культуру.

Паколькі Аб’яўленне Пана ў нас на нядзелю не пераносіцца і мы знаходзімся якраз на гэтым дванаццацідзённым адрэзку, варта прыгадаць найбольш вядомы прыклад “уплыву на еўрапейскую культуру” — англійскую песню “Twelve Days of Christmas” (“Дванаццаць дзён Божага Нараджэння”).

Многія гэтую песню ведаюць, а сюжэт там такі. Герой песні (або той, хто спявае) атрымлівае падарункі на кожны з дванаццаці дзён Божага Нараджэння; дакладней, іх яму пасылае “яго сапраўдная любоў”:

  • у першы дзень — курапатку на грушавым дрэве;
  • у другі дзень — дзвюх туркавак;
  • у трэці дзень — трох французскіх курэй;
  • у чацвёрты дзень — чатырох пявучых птушак;
  • у пяты дзень — пяць залатых пярсцёнкаў;
  • у шосты дзень — шэсць яйцаноскіх гусак;
  • у сёмы дзень — сем плывучых лебедзяў;
  • у восьмы дзень — восем працавітых даярак;
  • у дзявяты дзень — дзевяць танцуючых дамаў;
  • у дзясяты дзень — дзесяць скачучых лордаў;
  • у адзінаццаты дзень — адзінаццаць дудароў гудлівых;
  • у дванаццаты дзень — дванаццаць бубначоў грукатлівых.

Таксама кожны дзень гэты чалавек атрымлівае ўсе тыя падарункі, якія атрымаў у папярэднія дні: гэта значыць, у першы дзень — курапатку, у другі дзень — туркавак і курапатку, у трэці дзень — курэй, туркавак і курапатку… Такім чынам, песня набывае рэкурсіўны характар і атрымліваецца штосьці накшталт “Куры-шчабятуры”, толькі што ў Лявона Вольскага нічым добрым там не скончылася.

Які ж сэнс мае гэтая англійская песенька? Проста на забаву дзецям?

Вакол гэтага пытання і цяпер ідуць спрэчкі. Аднак у 1979 годзе канадскі гімнолаг Х’ю Маккелар выказаў меркаванне (таксама аспрэчанае), што словы гэтай песні служылі ў якасці катэхізіса. Дзякуючы ім малыя дзеці маглі запамінаць праўды веры ў той час, калі за вызнанне каталіцтва ў Англіі пагражала крымінальная адказнасць (1559–1829).

У сваім артыкуле ў часопісе The Hymn ён прывёў іншыя прыклады спеваў са схаваным сэнсам і адзначыў, што гэта далёка не новая ідэя. Англічане і раней укладалі палітычныя песні, у якіх крытыкавалі каралёў і значныя грамадскія падзеі. Чаму б тады, пытаецца Маккелар, не зашыфраваць у словах песні забароненыя каталіцкія праўды веры і не пакласці іх на простую музыку, каб гэты вясёлы твор займаў розумы дзяцей і не здаваўся падазроным для навакольных?

Магчыма, менавіта такі падыход і спрацаваў у выпадку песні “Дванаццаць дзён Божага Нараджэння”. Не заўсёды, па словах Маккелара, сімвалізм спрацоўваў у правільны бок, але ці трэба здзіўляцца, што сімвалы спараджаюць мноства інтэрпрэтацый у залежнасці ад укладу розуму таго, хто з імі сустракаецца? Варта наблізіцца да словаў песні з пазіцыі хрысціянскай веры — і схаваны сэнс адразу паўстане перад вачыма. Прывядзём працяглую цытату са згаданага артыкула і паглядзім, як можна растлумачыць словы гэтай песні і з якімі думкамі яна, магчыма, была створана.

* * *

Мая сапраўдная любоў паслала мне курапатку на грушавым дрэве

Героем песні з’яўляецца звычайны хрысціянін, “сапраўднай любоўю” якога з’яўляецца або павінен з’яўляцца Бог. Як яшчэ можна растлумачыць гэтую кумулятыўную структуру песні? Хто, акрамя Бога, можа і будзе штодня ў дадатак да новага дару паўтараць і аднаўляць ужо дадзеныя раней дары? Усе дары таксама пасылаюцца [sent], а не даюцца [given], бо герой песні мае свабодную волю і можа не прымаць тое, што пасылае яму Бог.

Лагічна, што падарункам на першы дзень Божага Нараджэння будзе сам Хрыстус, аднак навошта маскіраваць яго пад курапатку? Вядома, што гэтая птушка ўмее прыкідвацца параненай, каб адвесці драпежнікаў ад свайго гнязда, рызыкуючы пры гэтым сабою, каб уратаваць птушанятаў, якія не могуць абараніць сябе. Падобна і Хрыстус прынёс сябе ў ахвяру за нас. А калі па няшчасці драпежнік заспее курапатку да таго, як яна паспее ўзляцець у неба, то ці не згаладнеюць птушаняты да смерці, нават калі іх не знойдзе драпежнік? Касцёл даўно абвергнуў спекуляцыі пра тое, што Хрыстус насамрэч не паміраў або што Ён быў настолькі ўпэўнены ў сваім уваскрасенні, што ўвогуле не трывожыўся. Поспех Ягонай ахвяры не павінен зацямняць яе паўнаты. І гэтая пераможная курапатка знаходзіцца на дрэве, якое здалёк нагадвае яблыню, што згубіла Адама і Еву. Толькі тыя, хто набліжаецца да Хрыста, могуць убачыць, што гэтае дрэва дае больш мяккія і прыемныя плады, быццам яно, таксама як і Той, хто на ім знаходзіцца, “ціхае і пакорнага сэрца”.

Дзве туркаўкі, тры французскія куры, чатыры пявучыя птушкі

“Дзве туркаўкі” непасрэдна звязаны з ахвярай, якая была прадпісана ў святыні такім людзям, як Юзаф і Марыя, якія не маглі дазволіць сабе ягня. Туркаўкі, аднак, вядомыя сваёй прыязнасцю, таму яны могуць сімвалізаваць любую пару, члены якой, хоць здаюцца і застаюцца адрознымі, дапаўняюць адзін аднаго ў падтрымцы каталіцкай веры. Такой парай з’яўляюцца два Запаветы, а таксама іх унутраныя дзяленні: закон і прарокі, Евангеллі і пасланні, Пісанне і Традыцыя, розум і адкрыццё, вера і добрыя ўчынкі.

“Французскія куры”, прыгожыя, дарагія і экзатычныя, нагадваюць падарункі каралёў, чыё свята завяршае часавы адрэзак гэтай песні. Таксама і тэалагічныя цноты веры, надзеі і любові не вырастаюць з упаўшай прыроды чалавека аўтаматычна: імі надзяляе Бог, і над імі трэба працаваць, пакуль яны не заззяюць сваёй поўнай прыгажосцю.

“Пявучыя птушкі” могуць сімвалізаваць аўтараў чатырох Евангелляў, чатырох вялікіх прарокаў Старога Запавету (Ісаю, Ерамію, Эзэхіэля і Даніэля), чатыры паэтычныя кнігі Старога Запавету або чатыры каталіцкія ордэны, якія спецыялізаваліся на прапаведаванні. Магчыма, асобам, якія ігнаравалі разумныя парады з адпаведных крыніц, такім чынам нагадвалі пра чатырох вершнікаў Апакаліпсіса, што бясшумна падарожнічаюць у паветры.

Пяць залатых пярсцёнкаў

Пяць залатых пярсцёнкаў асаблівым чынам вылучаюцца нават у мелодыі. Толькі яны спяваюцца на размер 4/4, як і першы падарунак. Гэты ж радок заканчваецца дастаткова падкрэсленай кадэнцыяй, пасля якой цалкам змяняецца ход мелодыі. Аднак недасканалая кадэнцыя на дамінанце дазваляе спеваку зрабіць толькі невялікі, а не поўны прыпынак: спеў не можа спыніцца далёка ад сімвала Хрыста, і спявак не можа гэтага дазволіць.

Таму пад пяццю пярсцёнкамі трэба разумець пяць кніг Закону, які з прыйсцем Хрыста атрымаў завяршэнне, хоць па-свойму ён быў добры. Гэтыя пярсцёнкі могуць сімвалізаваць пяць дзясяткаў Ружанца, якія таксама вельмі добра скіроўваюць розум чалавека да Хрыста. Аднак, найбольш верагодна, яны сімвалізуюць пяць абавязковых сакрамэнтаў Касцёла (сужэнства і святарства з’яўляюцца неабавязковымі).

Калі вы паспрабуеце расцягнуць або сціснуць пярсцёнак, у вас можа штосьці атрымацца, але гэта ўжо нельга будзе назваць пярсцёнкам. Таксама закон, Ружанец і сакрамэнты патрабуюць таго, каб іх прымалі як ёсць або не прымалі ўвогуле. Яны супраціўляюцца зменам. Золата сярод іншых металаў добра апрацоўваецца, аднак не паддаецца карозіі. Яго можна сагнуць, але нельга сапсаваць.

Шэсць яйцаноскіх гусак, сем плывучых лебедзяў

Яйкі — гэта амаль усё, што гускі могуць даваць людзям, застаючыся пры гэтым жывымі. Шэсць яек азначаюць прыняцце працоўнай этыкі [погляду, згодна з якім цяжкая праца сама па сабе з’яўляецца вартай узнагароды — Заўв. перакл.] і адсоўванне ў бок сваіх інтарэсаў. Яны сімвалізуюць шэсць дзён стварэння і па аналогіі шэсць працоўных дзён, прызначаных для выканання ўсялякай працы.

Дарослыя лебедзі на вадзе настолькі ўвасабляюць прыгажосць і грацыю, што адразу нагадваюць сем дароў Духа Святога. Аднак маладыя лебедзі амаль настолькі ж брыдкія, як і сем смяротных грахоў, кіпцюроў якіх можна ў пэўнай ступені пазбегнуць пры дапамозе разважання над сямю пакутнымі псальмамі (6, 32, 38, 51, 102, 130 і 143, згодна з нумарацыяй у Бібліі караля Якуба), пакуль выкананне сямі ўчынкаў міласэрнасці да цела і сямі ўчынкаў міласэрнасці да душы не стане хутчэй прывілеем, чым прымусам.

Калі хто назірае за тым, як лебедзі без аніякага высілку дэманструюць сваю элегантнасць, яму не прыходзіць на думку, як шмат яны прайшлі ад сваіх бесперспектыўных пачаткаў. Аднак хрысціяне, якія ствараюць уражанне, што духоўнае жыццё даецца ім лёгка, прайшлі нашмат больш і патрабавалі значна больш дапамогі, чым лебедзі, якім трэба было проста дыхаць.

Восем працавітых даярак, дзевяць танцуючых дамаў, дзесяць скачучых лордаў, адзінаццаць дудароў гудлівых, дванаццаць бубначоў грукатлівых

Першыя людзі, якія з’яўляюцца ў песні, звярнулі б на сябе ўвагу Карла Маркса, бо яны займаюцца чыстай працай: каровы даюць малако, а забіраюць яго ўладальнікі каровы. У падобнай сітуацыі знаходзяцца Пётр, Ян, Якуб, Юда і ананімны аўтар Паслання да Габрэяў, чые восем пасланняў дапаўняюць Новы Запавет. Бо тое, што яны пішуць, нарадзілася не ў іхнім розуме: яны проста перадаюць гэта людзям, якія могуць атрымаць з гэтага карысць.

Таксама падчас цёмных часоў англійскім каталікам было прадпісана па магчымасці прымаць святую Камунію восем разоў на год, і ў кожным такім выпадку святар, які ўзначальваў набажэнства, быў толькі перадатчыкам ласкі. Таксама восем благаслаўленняў называюць шчаслівымі людзей, якія робяць тое, што правільна, хоць атрымаць сваю ўзнагароду яны спадзяюцца толькі ў будучыні.

Да гэтага стагоддзя танцы (хутчэй групавыя, чым парныя) выкарыстоўваліся з мэтай сацыялізацыі дзяцей, бо яно давала ім магчымасць практыкавацца ў пэўных стандартных сітуацыях з іншымі людзьмі. Любая неадпаведнасць у сінхроннасці іх рухаў адразу заўважалася і выпраўлялася.

Таксама і дзевяць пладоў Духа Святога, якія св. Павел пералічвае ў Гал 5:22-23, змешваюцца, аднак не перашкаджаюць адзін аднаму. Так жа робяць і анёльскія войскі, якіх агулам дзевяць і якія Павел згадвае ў розных месцах. Як дзевяць дамаў, яны рухаюцца ва ўпарадкаваным захапленні.

Яшчэ задоўга да тлумачэнняў Ісаака Ньютона людзі ведалі, што той, хто скача, як дзесяць лордаў, рызыкуе зваліцца з глухім грукатам. [Лорды скачуць, верагодна, таму, што ў часы ўкладання гэтай песні мужчыны з англійскай шляхты любілі бавіцца ў чахарду або нейкі яе аналаг. — Заўв. перакл.] У гэтым можна ўбачыць нашыя адносіны з дзесяццю запаведзямі, якія мы не можам зруйнаваць, бо яны цвёрда стаяць, што б мы ні рабілі; хутчэй мы самі разаб’емся аб іх.

Дзесяць гістарычных кніг Старога Запавету поўныя людзьмі, якія на сваім цяжкім досведзе зразумелі гэта. Большасць з іх, як тыя лорды, мелі ўсяго ўдосталь, аднак хацелі яшчэ і скакалі за тым, чаго хацелі, не зважаючы на запаведзі. Некаторым гэта не ўдавалася; іншыя атрымлівалі адплату большую, чым тое, чаго яны хацелі. Дзесяць паўночных плямёнаў Ізраэля, чые каралі бавіліся падобным чынам, даюць таму шматлікія прыклады.

У адрозненне ад сваіх суседзяў, якія служаць асновай для ўсялякіх розных сістэм, лічба 11 устойлівая да падобных спробаў зрабіць з ёю штосьці. Сярод інструментаў такой жа непахіснасцю валодае дуда. Аднак адну дуду лягчэй ігнараваць, чым адзінаццаць верных вучняў Хрыста. Яны абвяшчалі нязломнае вучэнне, якое не змякчалі і не ставілі пад пытанне — прыклад, годны наследавання для падпольных каталікоў.

Зноў жа, Мацвей (11:17) і Лука (7:32) згадваюць, што Езус незадаволена цытаваў людзей, якія скардзіліся: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі, мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі”. Англійскія каталікі мусілі прыняць той факт, што іхнія суседзі наўрад ці будуць танцаваць пад іхнюю дуду, якая, у адрозненне ад апостальскай, можа сціхнуць.

З рымскіх часоў барабаны разглядаліся не столькі як музычны інструмент, колькі як спосаб пасылаць сігналы на далёкія адлегласці, асабліва пасярод бітвы.

Дванаццаць малых прарокаў Старога Запавету пасылаюць свае сігналы праз стагоддзі, таксама як і дванаццаць пунктаў вучэння ў Апостальскім сімвале веры. У той жа час дванаццаць брамаў новага Ерузалема прывабліваюць нас і праз часы, і праз адлегласць. Барабанны бой зазвычай кіруе нейкай дзейнасцю; праз гук барабанаў на свята Аб’яўлення Пана гэтыя дванаццаць бубначоў заахвочваюць вернікаў наследаваць мудрацоў у пастаянным падарожжы да Хрыста, каб мы не зважалі на ўсе перашкоды і былі ўпэўненыя ў тым, што не можам вычарпаць дабрыню Бога, Які з’яўляецца адначасова праўдай і любоўю.

Ілюстрацыі: Xavier Romero-Frias (CC BY-SA); Delta (CC BY-NC-ND).

Пакінуць каментар

Scroll Up