03.01.2019 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Таямніца перыяду Нараджэння Пана🕑 12 хвілін

Усё ў гэты святы перыяд з’яўляецца таямніцай. Божае Слова, якое нарадзілася перад світаннем (Пс 109:3), нараджаецца ў часе як Божае Дзіця; Дзева становіцца Маці, але застаецца Дзевай; справы боскія змешваюцца са справамі людскімі; а высокая і нечуваная антытэза, выказаная ўзлюбленым вучнем у ягоным Евангеллі, “Слова сталася целам”, тысячай розных спосабаў паўтараецца ў малітвах Касцёла — і справядліва, бо яна выдатна ахоплівае ўвесь той цуд, які ў адной Асобе яднае прыроду Чалавека і прыроду Бога.

Бляск гэтай таямніцы засляпляе вочы розуму, аднак перапаўняе сэрца радасцю. Гэтая таямніца з’яўляецца выкананнем Божых планаў у часе. Гэта бясконцы аб’ект захаплення і здзіўлення для анёлаў і святых; больш за тое, гэта крыніца і прычына іхняга шчасця. Паглядзім цяпер, якім чынам Касцёл прадстаўляе гэтую таямніцу сваім дзецям, схаваўшы яе ў сімволіцы сваёй літургіі.

Чатыры тыдні нашай падрыхтоўкі скончыліся (яны былі вобразам тых чатырох тысячагоддзяў, якія папярэднічалі вялікаму прыйсцю), і мы дайшлі да 25 снежня, нібы да доўгачаканага месца салодкага адпачынку. Аднак чаму святкаванне Нараджэння нашага Збаўцы павінна быць пастаянным прывілеем толькі аднаго замацаванага дня, тады як увесь літургічны цыкл кожны год перабудоўваецца і дастасоўваецца да таго рухомага дня, якім з’яўляецца свята Яго Уваскрасення?

Гэта зразумелае пытанне, і мы бачым, што яно ўзнікала яшчэ ў IV стагоддзі ў знакамітым лісце св. Аўгустына Януарыю. Гэты святы настаўнік прапануе наступны адказ. Мы ўрачыста адзначаем дзень нараджэння нашага Збаўцы для таго, каб ушанаваць гэтае нараджэнне, якое прынесла нам збаўленне. Аднак дакладны дзень тыдня, калі Ён нарадзіўся, не мае аніякага містычнага значэння. Нядзеля ж, дзень уваскрасення Пана, з’яўляецца асаблівым днём, які, згодна з задумай Стварыцеля, павінен выказваць таямніцу, што будзе згадвацца ва ўсе часы. Св. Ізыдор Севільскі, старажытны тлумач святых абрадаў (доўгі час лічылася, што гэта тая ж асоба, што і адукаваны Алкуін), таксама прыняў такое тлумачэнне; гэтыя ж словы ў сваёй працы “Rationale” інтэрпрэтуе Дзюран.

Затым гэтыя аўтары адзначаюць, што, паводле святой традыцыі, стварэнне чалавека адбылося ў пятніцу — у той жа дзень, калі наш Збаўца панёс смерць для адкуплення чалавека. Уваскрасенне ж Пана адбылося на трэці дзень пасля Яго смерці, гэта значыць у нядзелю — у той жа дзень, калі было створана святло, як мы бачым гэта ў кнізе Быцця. “Дзве ўрачыстасці Езуса, мука і ўваскрасенне, — кажа св. Аўгустын, — не толькі нагадваюць нам пра гэтыя боскія падзеі, але і прадстаўляюць і абазначаюць таксама іншыя таямнічыя і святыя рэчы” [1].

Аднак не трэба лічыць, што калі свята нараджэння Езуса не замацавана за нейкім канкрэтным днём тыдня, то ў ягонай даце 25 снежня не схавана ніякая таямніца. Бо, па-першае, мы разам са старажытнымі літургістамі заўважаем, што Нараджэнне Пана па чарзе святкуецца ў кожны дзень тыдня, каб яго святасць магла ачысціць іх і зняць тое пракляцце, якое наклаў на іх грэх Адама. Па-другое, вялікая таямніца 25 снежня як свята нараджэння нашага Збаўцы датычыцца не таго падзелу часу на тыдні, які ўстанавіў сам Бог, а бегу таго вялікага Свяціла, якое сваім святлом і цеплынёю дае жыццё свету. Езус, наш Збаўца, Святло свету (Ян 8:12), нарадзіўся тады, калі ноч ідалапаклонства і злачынства была найбольш цёмнай, і 25 снежня, дзень Яго нараджэння — гэта той дзень, калі матэрыяльнае Сонца пачынае адваёўваць сваё першынство ў панавання змрочнай ночы і паказвае свету трыумф зыркага святла.

У нашым томе пра Адвэнт мы паказалі, што, па меркаванні Айцоў, скарачэнне светлавога дня можна лічыць сімвалам тых смутных часоў, якія папярэднічалі ўцелаўленню. Мы далучалі свае малітвы да малітваў народа Старога Запавету і разам з нашай святой Маці-Касцёлам заклікалі боскі Усход, Сонца справядлівасці, каб Ён быў ласкавы прыйсці і вызваліць нас ад смерці душы і цела. Бог выслухаў нашыя малітвы, і ў дзень зімовага сонцастаяння, які ў сваіх святах і страхах высока цанілі язычнікі старажытнасці, Ён дае нам адначасова прыроднае святло і Таго, хто з’яўляецца святлом нашых душаў.

Св. Грыгорый Ніскі, св. Амброзій, св. Максім Турынскі, св. Леў, св. Бэрнард і галоўныя літургісты з задавальненнем разглядаюць гэтую глыбокую таямніцу, якою Стварыцель сусвету пазначыў як прыродны, так і звышнатуральны свет. У перыяд Нараджэння Пана, як і падчас Адвэнту, Касцёл таксама пастаянна спасылаецца на гэтую таямніцу.

“У гэты дзень, які Пан стварыў, — кажа св. Грыгорый Ніскі, — цемра памяншаецца, святло павялічваецца, а ноч зноў змушана адступіць. Не, браты, дзеецца гэта не выпадкова і не з нейкай створанай волі, што гэтая прыродная змена пачынаецца ў той дзень, калі Той, хто з’яўляецца духоўным жыццём свету, праяўляе сябе ў ззянні свайго прыйсця. Сама прырода ў гэтым знаку раскрывае сакрэт тым, чыё вока дастаткова хуткае, каб гэта ўбачыць; пад імі я маю на ўвазе тых, хто здольны ацаніць гэтую дэталь прыходу нашага Збаўцы. Здаецца, прырода кажа: “Ведай, о чалавек, што пад гэтымі рэчамі, якія я паказваю табе, ляжаць схаваныя таямніцы. Ці ж не бачыш ты, што ноч, якая так доўга расла, раптоўна была абмежавана?” Уведай жа, што гэты дзень стаў поперак цёмнай ночы граху, якая, назбіраўшы ўсялякія грэшныя ўчынкі, дасягнула сваёй вышыні. Так, ад гэтага дня яе даўжыня будзе памяншацца, пакуль ад гэтай даўжыні не застанецца нічога, акрамя святла. Паглядзі, прашу цябе, на сонца і ўбач, як ягоныя прамяні мацнеюць і як яно ўсё вышэй узыходзіць на небе: уведай жа з гэтага, як іншае святло — святло Евангелля — сёння праліваецца над усёй зямлёю” [2].

“Узвесялімся ж, браты мае, — усклікае св. Аўгустын [3], — бо гэты дзень святы: не з-за бачнага Сонца, а з-за нараджэння Таго, хто з’яўляецца нябачным Творцам Сонца. (…) Ён выбраў гэты дзень для свайго нараджэння, як выбраў і Маці, з якой меў нарадзіцца, і стварыў Ён і дзень, і Маці. Дзень, які Ён выбраў, гэта дзень, калі пачынае павялічвацца святло; гэты дзень сімвалізуе працу Хрыста, Які дзень за днём аднаўляе нашага ўнутранага чалавека. Бо спрадвечны Стварыцель пажадаў нарадзіцца ў часе, і Ягоны дзень нараджэння абавязкова павінен быць у гармоніі з астатнім стварэннем”.

Той жа Айцец Касцёла ў іншым казанні на тое ж свята дае нам інтэрпрэтацыю таямнічых словаў св. Яна Хрысціцеля, якія цудоўна пацвярджаюць традыцыю Касцёла. Вялікі папярэднік нашага Пана аднойчы сказаў пра Хрыста: “Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым” (Ян 3:30). Гэтыя прароцкія словы ў сваім літаральным значэнні ўказваюць на тое, што місія Яна Хрысціцеля падыходзіла да завяршэння, таму што на ягонае месца прыходзіў Езус. Аднак, як нам кажа св. Аўгустын, яны маюць і другое значэнне: “Ян прыйшоў у гэты свет у той сезон, калі даўжыня дня памяншаецца; Езус нарадзіўся ў той сезон, калі даўжыня дня павялічваецца” [4]. Таму таямніца заключаецца як ва ўзыходзе слаўнай зоркі Яна Хрысціцеля ў час летняга сонцастаяння, так і ва ўзыходзе Божага Сына ў цёмны зімні перыяд [5].

Былі асобы, якія насміхаліся з хрысціянства як з “ідалапаклонства”, таму што яны адкрылі для сябе, што старажытныя язычнікі ў дзень зімовага сонцастаяння адзначалі свята Сонца! У сваёй неглыбокай эрудыцыі яны вырашылі, што не можа быць устаноўленай Богам такая рэлігія, у якой пэўныя абрады ці звычаі маюць па аналогіі нейкую сувязь са з’явамі гэтага свету. Іншымі словамі, гэтыя аўтары аспрэчвалі тое, што сцвярджае само Божае адкрыццё, а менавіта што Бог стварыў гэты свет дзеля Хрыста і Яго Касцёла. Той факт, што гэтыя ворагі нашай святой рэлігіі выставілі пярэчанні супраць сапраўднай веры, для нас, каталікоў, з’яўляецца дадатковым доказам таго, што яна заслугоўвае нашай самай адданай любові.

Такім чынам, мы паказалі вялікі сакрэт, схаваны ў Божай пастанове, якою Ён выбраў 25 снежня ў якасці дня нараджэння свайго Сына на зямлі, і растлумачылі фундаментальнае значэнне таямніцы гэтых сарака дзён. Цяпер нам неабходна разгледзець наступную таямніцу, а менавіта месца, дзе гэтае нараджэнне адбылося.

Гэтым месцам стаў Бэтлеем. Прарок кажа: “З цябе выйдзе для Мяне той, хто будзе Валадаром у Ізраэлі” (Міх 5:2). Габрэйскія святары вельмі добра ведаюць гэтае прароцтва, таму праз некалькі дзён яны распавядуць пра яго Іраду (Мц 2:5). Але чаму ў якасці месца нараджэння Езуса быў выбраны гэты непрыкметны горад, а не нейкае іншае месца? Будзьце ўважлівыя, хрысціяне, да гэтай таямніцы! Назва гэтага горада Давіда азначае “дом хлеба”: менавіта таму Той, хто з’яўляецца жывым хлебам, які сышоў з неба (Ян 6:41), выбраў яго ў якасці свайго першага зямнога дому. Нашыя айцы елі манну ў пустыні і памерлі (Ян 6:49), але вось Збаўца свету прыходзіць даць жыццё чалавеку праз сваё боскае Цела, якое з’яўляецца сапраўдным целам (Ян 6:51). Да гэтага часу Стварыцель і стварэнне былі аддзелены адзін ад аднаго; цяпер жа яны будуць прабываць разам у найбольш цеснай еднасці. Каўчэг Запавету з манай, якая карміла толькі цела, заменены Каўчэгам Новага Запавету, больш чыстым і незнішчальным, чым першы — Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, якая дае нам Езуса, Хлеб анёлаў, спажытак, што здзяйсняе ў нас боскую перамену. Сам Езус сказаў: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім” (Ян 6:56).

Менавіта гэтай боскай перамены свет чакаў чатыры тысячы гадоў; да яе ж Касцёл рыхтаваўся на працягу чатырох тыдняў Адвэнту. Нарэшце, яна прыйшла, і Езус гатовы ўвайсці да нас, калі мы вырашым прыняць Яго (Ян 1:12). Ён жадае з’яднацца з кожным з нас паасобку настолькі ж цесна, як праз уцелаўленне Ён з’яднаўся з усім чалавечым родам; і таму Ён пажадаў стаць Хлебам, нашым духоўным спажыткам. У гэты містычны перыяд Ён уваходзіць у душы людзей толькі з той мэтай, каб з’яднацца з імі. Ён уваходзіць, не каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго (Ян 3:17) і каб усе мелі жыццё і мелі ў дастатку (Ян 10:10). Гэты боскі Сябра нашых душаў не будзе задаволены, пакуль сам не стане на нашае месца, каб ужо жылі не мы, а Ён у нас; а каб гэтая таямніца здзейснілася больш прыемным чынам, гэты прыгожы Плён Бэтлеема пажадаў найперш прыйсці да нас як Дзіця, каб затым узрастаць у мудрaсцi і гaдах у Бoгa i ў людзей (Лк 2:40, 52).

І калі пасля такога наведвання ласкай і выхоўвання нас у сваёй любові Ён пераменіць нас у сябе, тады ў нас здзейсніцца яшчэ адна таямніца. Паяднаўшыся духам і сэрцам з Езусам, Сынам Нябеснага Айца, мы таксама станем сынамі таго самага Бога Айца. Узлюблены вучань, кажучы пра такую нашую годнасць, усклікае: “Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі!” (1 Ян 3:1). Цяпер мы не можам затрымацца, каб паразважаць пра гэтае нязмернае шчасце хрысціянскай душы, таму што ў нас будзе больш адпаведная нагода сказаць пра яго і паказаць, якімі сродкамі яго можна падтрымліваць і павялічваць.

Ёсць таксама і іншая тэма, пра якую, на жаль, мы вымушаны сказаць вельмі коратка. Ад самага дня Нараджэння нашага Збаўцы і да дня Ачышчэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў календары назіраецца вялікае багацце святаў святых, якія аддаюць пашану галоўнаму святу Бэтлеема і ў адданай любові збіраюцца вакол калыскі Божага Дзіцяці. Нават калі не казаць нічога пра тыя чатыры велічныя зоркі, якія так ярка ззяюць каля нашага боскага Сонца і ад якога яны бяруць сваю цудоўную прыгажосць, — пра св. Стэфана, св. Яна Евангеліста, св. Немаўлят і нашага св. Томаса Кентэрберыйскага — у якой яшчэ частцы літургічнага года на працягу той жа колькасці дзён сустракаецца такое дзівоснае сузор’е? Калегія апосталаў дэлегуе нам двух сваіх светачаў: св. Пятра і св. Паўла (першага ў свята рымскай катэдры; другога ў цудзе яго навяртання). Супольнасць мучанікаў пасылае нам шляхетных вучняў Хрыста: Цімафея, Ігнацыя з Антыёхіі, Палікарпа, Вінцэнта і Себасцьяна. Бліскучы шэраг рымскіх Пантыфікаў дадае нам чатырох сваіх прадстаўнікоў, а менавіта Сільвестра, Тэлесфора, Гігіна і Марцэла. Узвышаная група святых дактароў пасылае нам Гілярыя, Яна Хрызастома і Ільдэфонса; у іх кампаніі стаіць таксама чацвёрты біскуп, цудоўны Францішак Сальскі. Натоўп вызнаўцаў прадстаўлены пустэльнікам Паўлам, Антоніем, пераможцам д’ябла, Маўрам, апосталам манаскага жыцця, Пятром Наласка, вызваліцелем палонных, і Раймундам Пеньяфорцкім, знаўцам кананічнага права і кіраўніком людскіх сумленняў. Армія абаронцаў Касцёла кіруе да нас пабожнага караля Кнуда, які памёр, абараняючы нашу Святую Маці, і Карла Вялікага, які любіў называць сябе “пакорным прыхільнікам Касцёла”. Хор святых паннаў дае нам прыгожую Агнешку, шчодрую Эмерэнцыяну і непераможную Марціну. Нарэшце, з таго святога шэрагу, які знаходзіцца ніжэй за святых паннаў, а менавіта са святых удоваў мы маем Паўлу, адданую прыхільніцу калыскі Дзіцяці Езуса. Сапраўды, перыяд Нараджэння Пана — гэта цэльнае свята! Наколькі цудоўны гэты каляндар! Які стол падрыхтавала для нас літургія!

Некалькі словаў пра сімволіку колераў, якімі карыстаецца Касцёл падчас гэтага перыяду. Галоўным убраннем Касцёла з’яўляецца белы колер, які выкарыстоўваецца на кожным набажэнстве ад дня Божага Нараджэння да актавы Аб’яўлення Пана. Каб ушанаваць сваіх двух мучанікаў, св. Стэфана і св. Томаса Кентэрберыйскага, Касцёл апранаецца ў чырвоны колер; а спачуваючы Рахэлі ў яе галашэнні над забітымі Немаўлятамі, ён выкарыстоўвае фіялетавы колер. Аднак гэта адзіныя выключэнні. Ва ўсе іншыя дваццаць дзён Касцёл сваім белым убраннем паказвае радасць, якую прынеслі свету анёлы, прыгажосць нашага боскага Сонца, якое ўзышло ў Бэтлееме, беззаганную чысціню Дзевы-Маці і чыстае сэрца, якое павінны мець тыя, хто прыходзіць пакланіцца да таямнічай калыскі.

Што датычыцца астатніх дваццаці дзён, то Касцёл апранаецца ў адпаведнасці з тым святам, якое адзначае. Ён падбірае колер, які адпавядае ці то чырвані ружаў, якія ўпрыгожваюць мучаніка, ці то белі цменаў, якія вянчаюць біскупаў і вызнаўцаў, ці то, зноў жа, белі беззаганных лілій, уплеценых у вянкі дзеваў. У нядзелі, якія прыпадаюць на гэты час — калі толькі на іх не выпадаюць двайныя святы, што патрабуюць белага ці чырвонага колеру, або калі толькі не распачнецца перыяд Сямідзясятніцы з яго трыма жалобнымі нядзелямі падрыхтоўкі да Вялікага посту — выкарыстоўваецца ўбранне зялёнага колеру. Інтэрпрэтатары літургіі тлумачаць, што так робіцца для таго, каб навучыць нас, што ў нараджэнні Езуса, які з’яўляецца кветкай палёў (Пп 1:1), мы атрымалі надзею збаўлення і што пасля бляклай зімы паганства і Сінагогі зазелянела вясна ласкі.

На гэтым нам прыйдзецца скончыць сваю містычную інтэрпрэтацыю тых абрадаў, якія належаць да перыяду Божага Нараджэння ў цэлым. Нашы чытачы пабачаць, што ёсць яшчэ шмат іншых святых і сімвалічных звычаяў, пра якія мы не згадалі. Аднак пра тыя абрады, якія належаць да канкрэтных дзён і не з’яўляюцца характэрнымі для гэтай часткі літургічнага года ў цэлым, мы яшчэ скажам асобна, калі будзем разглядаць адпаведныя святы.

[1] Epist. ad Januarium.

[2] Гамілія на Божае Нараджэнне.

[3] Казанне на Нараджэнне Пана, ІІІ.

[4] Казанне In Natali Domini, XI.

[5] Амаль няма сэнсу дадаваць, што гэтае вучэнне Айцоў Касцёла, якое заключана ў літургіі Божага Нараджэння, абсалютна не падважаецца тым фактам, што ў некаторых частках Богам створанай зямлі Божае Нараджэнне прыпадае перыяд года, супрацьлеглы зіме. Наш Пан, прыходзячы на зямлю, абраў тое месца, у якім у тую ноч была зіма, і гэтым сваім выбарам Ён пазначыў таямніцу свайго прыйсця пасярод цемры і холаду. У нашых братоў у Аўстраліі, напрыклад, няма зімы, калі яны адзначаюць Божае Нараджэнне. Дакладней сказаць, іхняя вера і святая літургія з’яднаюць іх з намі ў перажыванні як зімы, так і таямніцы вялікага Нараджэння ў Бэтлееме. — Заўв. перакл. англ. выд.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Christmas, vol. I, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1886.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up