01.01.2019 / Te igitur

Топ за 2018 год🕑 4 хвілін

Замяшанне вакол прозвішча кардынала Каспера, традыцыйная лацінская Імша ў Беларусі і ўдзяленне Камуніі ў паўторных шлюбах — гэтыя тэмы ў мінулым годзе заслужылі вашу найбольш пільную ўвагу. Апошні год прынёс нам 204 новыя артыкулы: прыгадаем пяць, якія адзначыліся найбольшай наведвальнасцю.

№ 5. Канкрэтна пра адпусты

Лістападаўскі артыкул пра адпусты з польскамоўнага блога “W obronie Tradycji i Wiary” трэці год запар выклікае вялікую цікаўнасць. Чаму? Таму што канкрэтна выкладае тую інфармацыю, якую, як думаюць некаторыя, усе і так добра ведаюць. Насамрэч жа, ніколі не шкодзіць паўтарыць, чым поўны адпуст адрозніваецца ад частковага, пры якіх “звычайных умовах” яго можна атрымаць і што канкрэтна трэба рабіць.

“Радыё Марыя” пачало таксама тлумачыць гэтыя рэчы, што не можа не радаваць, але ў гэтай тэме заўсёды ёсць магчымасць быць на крок наперадзе, тым больш калі ёсць такія цудоўныя падручнікі.

Чытаць артыкул

№ 4. Ліст Кангрэгацыі дактрыны веры наконт удзялення Камуніі асобам у паўторных саюзах (1994)

На шчасце, тэма ўдзялення святой Камуніі вернікам, якія знаходзяцца ў паўторных саюзах пры наяўнасці сапраўднага першага шлюбу, у 2018 годзе адышла на другі план. Часткова гэта здарылася таму, што цяпер кожны пры згодзе дзейснага Пантыфіка атрымаў магчымасць рабіць што хоча, а Германія, задаволіўшы свае намеры ў гэтай сферы, занялася больш пільнай справай удзялення Камуніі лютэранам, як можна меркаваць, з мэтай прывабіць большыя сумы касцёльнага падатку.

Тым не менш, праблема існуе, і ў гэтым блогу напісаны кіламетры тэкста ў абарону вучэння Касцёла. Сярод іх варта згадаць тэалагічную крытыку Amoris laetitia, дэкларацыю вернасці вучэнню Касцёла, заклік біскупаў Казахстана да малітвы і мадэльны прыклад сітуацыі разведзенай асобы ў паўторным саюзе.

Калі ж у вас няма часу пазнаёміцца з грунтоўнай аргументацыяй па гэтым пытанні, варта запамятаць агульны прынцып:

  • калі Святое Пісанне кажа, што нельга;
  • Айцы Касцёла аднадушна пацвярджаюць, што нельга;
  • вучэнне Касцёла, выкладзенае ў дакументах Папаў і біскупаў, кажа, што нельга;
  • а хтосьці прыходзіць і кажа вам, што канкрэтна ў вашым выпадку можна;
  • (бо асаблівыя сітуацыі, распазнанне, сумленне, зменшаная адказнасць і гэтак далей),

то гэта аўтаматычна чырвоны сігнал, бо каталіцкае вучэнне так не працуе, нават калі “можна” сказаў вам сам Папа Францішак.

Чытаць ліст Кангрэгацыі

№ 3. А. Ермашкевіч: “Мы ёсць у Беларусі і не патрабуем нічога незаконнага”

У красавіку мінулага года “Каталіцкі веснік” апублікаваў працяглы тэкст а. Аркадзя Куляхі OCD, у якім святар грунтоўна растлумачыў кананічны статус Брацтва св. Пія Х (FSSPX), беручы пад увагу таксама апошнія дэталі гэтай гісторыі. Сярод гэтых тлумачэнняў прагучалі і наступныя словы:

Аднак падаецца, што ў рыма-каталіцкіх парафіях нашай краіны вельмі мала або наогул няма вернікаў, якія б адзначаліся такой прывязанасцю [да традыцыйнай лацінскай Імшы — заўв. Te igitur], беручы пад увагу, што Касцёл у Беларусі пасля Другога Ватыканскага Сабору без перашкодаў перайшоў да здзяйснення сакрамантаў на нацыянальных мовах.

Трэба меркаваць, што гэтыя словы задумваліся як дадатковы аргумент супраць наведвання капліцы FSSPX, аднак яны выклікалі незадаволенасць тых самых вернікаў, якіх “вельмі мала або наогул няма”.

Праз месяц у тым жа выданні з’явіўся адказ іншага святара, вядомага сваёй прыхільнасцю старажытнаму рымскаму абраду: “Адчуваю сябе проста абавязаным заявіць, што МЫ ЎСЁ Ж ЁСЦЬ, і нас значна больш, чым здаецца!”

Чытаць артыкул

№ 2. Святы Пасхальны Трыдуум у надзвычайнай форме ў Віцебску ФОТА

На сённяшні дзень касцёл св. Барбары ў Віцебску застаецца адзіным месцам у дыяцэзіі, дзе вернікі могуць браць удзел у традыцыйнай лацінскай Імшы. Айцы-дамініканцы служаць яе штонядзелі ў 15:00. У 2018 годзе там у чарговы раз адбыўся Святы Пасхальны Трыдуум у надзвычайнай форме рымскага абраду. Фотагалерэя з гэтых пасхальных урачыстасцяў здабыла другое месца ў нашым рэйтынгу.

Глядзець фота

№ 1. Чаму прозвішча “Каспер” павінна знікнуць з беларускіх каталіцкіх СМІ

Правакацыйны загаловак дазволіў гэтаму артыкулу здабыць найбольшую папулярнасць. Нагодай для яго напісання паслужыла тое, што афіцыйны каталіцкі партал catholic.by — папярэдне сабраўшы на сваіх старонках такіх вядомых прыхільнікаў удзялення Камуніі асобам у неўрэгуляваных сужэнствах, як кардынал Кевін Фарэл, кардынал Філіп Барбарэн, арцыбіскуп Вінчэнца Палья, — вырашыў даць месца і пачынальніку ўсяго замяшання нямецкаму кардыналу Вальтэру Касперу. І гэта пры замоўчванні галасоў у абарону каталіцкага вучэння.

Адпаведна, падалося неабходным выкласці ўсю гісторыю так званай “прапановы Каспера”, якая ў выніку прайшла праз два сіноды на тэму сям’і і была ўключана ў адгартацыю Amoris laetitia ў зносцы 351. Паколькі ж у нас праўды веры ставіць пад пытанне можна, а свяшчэнны аўтарытэт афіцыйных органаў нельга, то вакол артыкула разгарэлася баталія, у якой упершыню быў больш-менш публічна абмеркаваны цяперашні дактрынальны крызіс, за што Богу падзяка.

Чытаць артыкул

Спадзяёмся, што новы год дасць нам новыя інфармацыйныя нагоды, што лонгрыды стануць яшчэ больш доўгімі, а пабожнага на гэтых старонках будзе больш, чым бязбожнага. Ад імя рэдакцыі і аўтараў дзякуем усім, хто быў з намі ў 2018 годзе.

Калі вам падабаецца чытаць Te igitur, падпішыцеся на старонкі ў Фэйсбуку і УКантакце і дазнавайцеся пра новыя артыкулы першымі. Таксама ў нас ёсць канал у Тэлеграме для тых, каму хочацца яшчэ больш. Дзякуй усім, хто будзе ласкавы памаліцца аб поспеху гэтай справы і адраджэнні традыцыйнай лацінскай Імшы ў Беларусі.

Шчаслівага новага году.

Ілюстрацыі: Wolfgang Sauber (CC BY-SA), Mazur/catholicchurch.org.uk (CC BY-NC-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up