27.12.2018 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Гісторыя перыяду Нараджэння Пана🕑 8 хвілін

Перыядам Божага Нараджэння мы называем 40 дзён, якія пачынаюцца святам Нараджэння нашага Пана (25 снежня) і заканчваюцца святам Ачышчэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (2 лютага) [1]. Гэты перыяд з’яўляецца асобнай часткай літургічнага года, падобна як па сваім духу адрозніваюцца і такія літургічныя перыяды, як Адвэнт, Вялікі пост, Вялікдзень ці Пяцідзясятніца.

На працягу 40 дзён святкуецца адна і тая ж таямніца. Ані святы святых, якіх так шмат прыпадае на гэты перыяд, ані час Сямідзясятніцы [2], які часта прыносіць свой сумны фіялетавы колер яшчэ да таго, як закончыцца радасць Божага Нараджэння, здаецца, не могуць адцягнуць увагу святой Маці-Касцёла ад той нязмернай радасці, якую анёлы прынеслі яму (Лк 2:10) у тую святую ноч, якой увесь свет чакаў чатыры тысячы гадоў. Вернікі памятаюць, што літургія згадвае гэтае доўгае чаканне ў сваіх чатырох пакутных тыднях Адвэнту.

Звычай адзначаць урачыстасць Нараджэння нашага Збаўцы саракадзённым святам заснаваны на самім святым Евангеллі, бо яно кажа нам, што, правёўшы сорак дзён у сузіранні боскага Плёну яе слаўнага мацярынства, Найсвяцейшая Дзева Марыя накіравалася ў святыню, каб там у самай дасканалай пакоры выканаць тыя абрады, якіх Закон патрабаваў ад дачок Ізраэля, калі яны станавіліся маці.

Таму свята Ачышчэння Марыі з’яўляецца часткай свята Нараджэння Езуса, а звычай адзначаць гэты святы і слаўны саракадзённы перыяд, як адно вялікае свята, выглядае вельмі старажытным, прынамсі ў Рымскім Касцёле. Перадусім жа, што датычыцца Нараджэння нашага Збаўцы 25 снежня, св. Ян Хрызастом кажа нам у сваёй гаміліі на гэтае свята, што заходнія касцёлы ад самага пачатку хрысціянства адзначалі яго ў гэты дзень. Святы Ян не спыняецца на тым, каб толькі згадаць пра гэтую традыцыю: ён бярэцца паказаць, што традыцыя гэтая надзейная, бо Рымскі Касцёл мае ўсе падставы сцвярджаць, што ведае сапраўдны дзень Нараджэння нашага Збаўцы, таму што акты рэгістрацыі, якія складаліся ў Юдэі па загадзе Аўгуста, знаходзіліся ў публічных архівах у Рыме. Гэты святы доктар дадае і другі аргумент, які засноўваецца на Евангеллі св. Лукі і гучыць наступным чынам: са Святога Пісання мы ведаем, што святар Захарыя мусіў бачыць сваю візію ў святыні ў пост сёмага месяца (Лев 23:24 і далей) [3]; пасля гэтай візіі Альжбета, ягоная жонка, зачала св. Яна Хрысціцеля. Адсюль вынікае, што Найсвяцейшая Дзева Марыя бачыла анёла Габрыэля і зачала Збаўцу свету ў сакавіку, на шостым месяцы цяжарнасці Альжбеты, а таму Нараджэнне Езуса павінна было адбыцца ў месяцы снежні.

Аднак на Усходзе Божае Нараджэнне пачалі адзначаць у снежні толькі ў IV ст. Да гэтага яго часам святкавалі 6 студзеня, аб’ядноўваючы гэтае свята пад адзінай назвай Эпіфаніі з Аб’яўленнем нашага Пана мудрацам, а праз іх — усім язычнікам; часам жа, як кажа Клімэнт Александрыйскі, яно адзначалася ў 25 дзень месяца пахона (15 мая) або ў 25 дзень месяца фармуці (20 красавіка). Св. Ян Хрызастом у згаданай гаміліі, якую ён прамовіў у 386 годзе, кажа, што рымскі звычай адзначаць Нараджэнне нашага Збаўцы 25 снежня практыкаваўся ў Касцёле Антыёхіі на той момант толькі дзесяць гадоў. Верагодна, гэтая змена была зроблена з паслухмянасці жаданням Апостальскай Сталіцы, прытым што гэтыя жаданні дадаткова падмацоўваліся эдыктам імператараў Тэадозія і Валентыніяна, які з’явіўся пад канец IV ст. і загадваў зрабіць Нараджэнне і Аб’яўленне Пана асобнымі святамі. Адзіны Касцёл, які захаваў звычай святкавання абедзвюх таямніц 6 студзеня, гэта Касцёл Арменіі. Несумненна, гэта звязана з тым, што гэтая краіна не знаходзілася пад уладай [рымскіх] імператараў, а таксама з тым, што даволі хутка з-за схізмы і ерасі [4] яна выйшла з-пад уплыву Рыма.

Свята Ачышчэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якім заканчваецца саракадзённы перыяд Божага Нараджэння, у Лацінскім Касцёле пачало адзначацца вельмі даўно — настолькі даўно, што не здаецца магчымым нават устанавіць дату яго заснавання. Паводле аднадушнага меркавання літургістаў, гэта найбольш старажытнае з усіх святаў Багародзіцы, а паколькі Ачышчэнне Марыі згадваецца ў самім Евангеллі, яны справядліва заключаюць, што гадавіна гэтай падзеі пачала святкавацца ад самых пачаткаў хрысціянства. Зразумела, гэта датычыцца толькі Рымскага Касцёла, бо што датычыцца Усходняга Касцёла, то там гэтае свята было ўстаноўлена на 2 лютага толькі ў VI ст., пры ўладаранні імператара Юстыніяна. Гэта праўда, што да гэтага часу ўсходнія хрысціяне нейкім чынам ушаноўвалі гэтую таямніцу, аднак гэтае святкаванне не было паўсюдным звычаем і адзначалася праз некалькі дзён пасля Нараджэння Пана, а не ў сам дзень наведвання Марыяй святыні.

Якія ж асаблівасці мае Божае Нараджэнне ў лацінскай літургіі? Асаблівасці дзве: па-першае, гэта радасць, якую адчувае ўвесь Касцёл ад прыйсця Уцелаўлёнага Слова; па-другое, гэта захапленне той слаўнай Дзевай, якая стала Багародзіцай. Наўрад ці ў літургіі гэтага перыяду можна знайсці малітву ці абрад, які не дакранаецца да гэтых дзвюх вялікіх таямніцаў: Божага Дзіцяці і Дзевы-Маці.

Напрыклад, на працягу гэтых сарака дзён ва ўсе нядзелі і святы, якія не з’яўляюцца двайнымі [5], Касцёл трыма адмысловымі малітвамі ў святой Ахвяры Імшы згадвае плённае дзявоцтва [6] Багародзіцы. У тыя самыя дні ў Хвалах і Нешпарах ён просіць заступніцтва Марыі, абвяшчаючы яе заслугі Багародзіцы і яе некранутую чысціню [7], якая засталася з ёю нават пасля таго, як яна нарадзіла Сына. Акрамя таго, да самага свята Ачышчэння ў якасці заканчэння кожнай кананічнай гадзіны выкарыстоўваецца цудоўны гімн “Alma Redemptoris Mater”, напісаны манахам Германам Калекам. Менавіта такімі праявамі сваёй любові і захаплення Касцёл ушаноўвае Сына ў Яго Маці і паказвае сваю святую радасць падчас гэтага літургічнага перыяду, які мы называем Божым Нараджэннем.

Нашым чытачам вядома, што калі Вялікдзень прыпадае на сваю найбольш познюю дату, г. зн. на красавік, касцёльны каляндар налічвае шэсць нядзеляў пасля Аб’яўлення Пана [8]. Перыяд Божага Нараджэння (у сэнсе сарака дзён паміж святам Нараджэння Пана і святам Ачышчэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі) часам уключае чатыры з гэтых шасці гэтых нядзеляў; найчасцей жа —дзве, а часам толькі адну, як у выпадку, калі Вялікдзень выпадае настолькі рана, што ўжо ў студзені адзначаецца нядзеля Сямідзясятніцы і нават Шасцідзясятніцы. Аднак, як мы казалі вышэй, у абрадавых правілах гэтага перыяду нічога не змяняецца, толькі што ў гэтыя дзве нядзелі, якія папярэднічаюць Вялікаму посту, выкарыстоўваецца фіялетавае ўбранне і прапускаецца гімн “Gloria in excelsis”.

Падчас усяго перыяду Божага Нараджэння святая Маці-Касцёл з асаблівай пабожнасцю ўшаноўвае таямніцу Божага ўцелаўлення, аднак у той жа час яна ўводзіць у літургію гэтага перыяду тыя ўрыўкі святых Евангелляў, якія могуць здавацца заўчаснымі, таму што яны датычацца актыўнага жыцця Езуса. Так адбываецца таму, што на святкаванне ўсёй справы нашага адкуплення каляндар адмярае менш за шэсць месяцаў; іншымі словамі, Божае Нараджэнне і Вялікдзень стаяць так блізка (нават калі Вялікдзень выпадае максімальна позна), што гэтыя таямніцы ў календары вымушана нагрувашчваюцца, і таму некаторыя рэчы прыходзіцца згадваць нібы ў прадчуванні. Аднак літургія ніколі не адводзіць позірку ад Боскага Дзіцяці і Яго непараўнанай Маці і ніколі не стамляецца ўзносіць сваю хвалу падчас усяго гэтага часу ад Божага Нараджэння да таго дня, калі Марыя прыходзіць у святыню, каб ахвяраваць Езуса.

Грэкі таксама ў сваіх набажэнствах гэтага перыяду часта згадваюць мацярынства Дзевы Марыі, аднак асаблівым чынам яны ўшаноўваюць тыя дванаццаць дзён паміж Божым Нараджэннем і Аб’яўленнем, якія ў іх называюцца дадэкамеронам. У гэты час яны не ўстрымліваюцца ад мяса, а ў ранейшыя часы імператары Усходу, аддаючы пашану гэтай вялікай таямніцы, выдавалі пастановы аб тым, што да 6 студзеня ўключна не павінна выконвацца цяжкая праца, а суды павінны быць закрыты.

З гэтага нарысу гісторыі перыяду Божага Нараджэння мы можам зразумець характэрныя рысы гэтай другой часткі літургічнага года, якая заўсёды была найбольш любімай у хрысціянскім свеце. Пра тое, якія таямніцы заключае ў сабе літургія гэтага перыяду, мы распавядзем у наступнай частцы.


[1] Пасля літургічнай рэформы Паўла VI гэтае свята было перайменавана ў Ахвяраванне Пана. Згодна з актуальным літургічным календаром, перыяд Нараджэння Пана заканчваецца не святам Ахвяравання Пана, а святам Хросту Пана. — Заўв. перакл.

[2] Да рэформы Паўла VI ў літургічным календары існаваў перыяд падрыхтоўкі да Вялікага посту, які размяшчаўся перад Папяльцовай серадой і ўключаў у сябе тры нядзелі (Сямідзясятніцу, Septuagesima, Шасцідзясятніцу, Sexagesima, і Пяцідзясятніцу, Quinquagesima). Падчас яго не існавала адмысловых посных абавязкаў, але ў літургіі, напрыклад, выкарыстоўваўся фіялетавы колер і апускаўся спеў “Аллелюя”. — Заўв. перакл.

[3] Сёмы месяц, альбо месяц Тышрэй, прыпадае на канец нашага верасня і пачатак кастрычніка. — Заўв. перакл. англ. выд.

[4] Сёння агульна прынята меркаванне, што пры адрозненнях у фармуліроўках Армянская апостальская царква заўсёды трымалася артадаксальнай веры ў пытаннях хрысталогіі, у прыватнасці не вызнавала ерасі монафізіцтва. — Заўв. перакл.

[5] Лац. duplex — адна з вышэйшых ступеняў свята ў літургічным календары. У часы а. Геранжэ ў календары таксама існавалі паўдвайныя (semiduplex) і простыя святы (simplex). Пасля рэформы св. Яна ХХІІІ ў 1960 годзе святы пачалі класіфікаваць у 4 класы, а ў 1969 годзе Павел VI ўвёў сістэму ўрачыстасцяў, святаў і ўспамінаў, якою мы карыстаемся цяпер. — Заўв. перакл.

[6] У калекце “Deus, qui salutis æternæ, beatæ Mariæ virginitate fœcunda, humano generi præmia præstitisti: tribue, quæsumus; ut ipsam pro nobis intercedere sentiamus, per quam meruimus auctorem vitae suscipere, Dominum nostrum Iesum Christum Filium tuum. Amen”. (“Божа, Ты праз плённае дзявоцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўдзяліў чалавецтву дар вечнага збаўлення; дай нам, просім, спазнаць заступніцтва Той, праз Якую мы атрымалі Даўцу жыцця, Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына. Амэн”.)

[7] ℣. Post partum, Virgo, inviolata permansisti. ℟. Dei Genitrix, intercede pro nobis. (℣. Пасля родаў, Дзева, ты засталася некранутай. ℟. Маці Божая, заступіся за нас.)

[8] У тагачасным літургічным календары не існавала “звычайнага” перыяду ў тым сэнсе, у якім мы маем яго сёння. Зялёныя нядзелі паміж Аб’яўленнем Пана і перыядам Сямідзясятніцы (прадпосця) называліся нядзелямі пасля Аб’яўлення, а зялёныя нядзелі пасля Велікоднага перыяду — нядзелямі пасля Пяцідзясятніцы (або ў некаторых календарах — нядзелямі пасля Тройцы). — Заўв. перакл.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Christmas, vol. I, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1886.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up