26.12.2018 / Te igitur

25 снежня — дзень зімовага сонцастаяння🕑 3 хвілін

Фактычная дата нараджэння нашага Пана ў чалавечым целе застаецца невядомай. Так мяркуюць не толькі сучасныя тэолагі, для якіх пераважна ўсё з’яўляецца невядомым, таму што “ў той час ні ў кога не было дыктафона“, але і тыя, хто шчыра спрабаваў разабрацца ў пытанні.

Каталіцкая энцыклапедыя” ў артыкуле 1908 года збірае ўсе гістарычныя даты святкавання Нараджэння Пана, усе даступныя тлумачэнні і разлікі, і, закруціўшы галаву сабе і чытачам, прыходзіць да таямнічай высновы, што нягледзячы на розныя тэорыі і на існаванне шэрагу аналагічных святаў у іншых культах будзе разумна прыняць, што той жа інстынкт, які ўстанавіў на 25 снежня — дзень зімовага сонцастаяння — рымскае свята непераможнага сонца (sol invictus), туды ж змясціў і хрысціянскае свята Нараджэння Пана.

Кс. Гжэгаж Снядах IBP у гэтым годзе на Імшы ў ноч Божага Нараджэння сцвердзіў, што пра дату 25 снежня казаў яшчэ св. Іпаліт Рымскі ў 204 годзе, а паколькі казаў не проста так, то так у тыя часы і лічылі.

Для многіх жа святых аўтараў справа выглядае ўвогуле зразумела: каб нарадзіцца ў целе і перамагчы цемру нашых душаў, Езус Хрыстус, Сонца справядлівасці, выбраў ноч зімовага сонцастаяння, бо ў гэтую ж ноч бачнае Сонца пачынае перамагаць зімовую цемру. Праспэр Геранжэ ў сваёй кнізе “Літургічны год” цытуе казанне святога Аўгустына:

Дзень, які Ён выбраў, гэта дзень, калі пачынае павялічвацца святло; гэты дзень сімвалізуе працу Хрыста, Які дзень за днём аднаўляе нашага ўнутранага чалавека. Бо спрадвечны Стварыцель пажадаў нарадзіцца ў часе, і Ягоны дзень нараджэння абавязкова павінен быць у гармоніі з астатнім стварэннем.

Такім чынам, для даты 25 снежня існуе калі не гістарычны кансэнсус, то прынамсі тэалагічна абгрунтаванае тлумачэнне, заснаванае на супадзенні Божага Нараджэння з зімовым сонцастаяннем.

Паколькі гэта распаўсюджаная ўзаемасувязь, да якой мы вернемся ў чарговых урыўках “Літургічнага года” а. Праспэра Геранжэ, варта зрабіць невялікі экскурс у праблемы календара і разабрацца ў тым, чаму сёння зімовае сонцастаянне больш не прыпадае на ноч з 24 на 25 снежня.

У 46 г. да н. э. рымскі імператар Юлій Цэзар правёў каляндарную рэформу і замест рымскага календара ўвёў юліянскі каляндар, у якім зімовае сонцастаянне па вызначэнні прыпадала на 25 снежня (як мы бачылі раней, тады гэта называлася восьмым днём перад студзеньскімі календамі, але не будзем ускладняць). Адпаведна, у год нараджэння Езуса Хрыста (а нарадзіўся Ён якраз на тэрыторыі, акупаванай Рымскай імперыяй) дзейнічаў той самы юліянскі каляндар, а значыць 25 снежня і зімовае сонцастаянне супадалі.

Праблема ў тым, што юліянскі каляндар не зусім дакладны. Год паводле гэтага календара (365,250 дня) прыблізна на 11 хвілін даўжэйшы за сонечны год (365,242 дня). З-за гэтай розніцы грамадзянскія даты пачынаюць адставаць ад астранамічных на тры дні ў кожныя чатыры стагоддзі. Так, да XVI ст. назбіралася такая вялікая памылка, што зімовае сонцастаянне прыпадала не на 25, а на 12 снежня.

У 1582 годзе Папа Грыгорый ХІІІ ўвёў больш дакладны грыгарыянскі каляндар і пастанавіў перавесці гадзіннікі і мабільныя тэлефоны з 4 кастрычніка адразу на 15 кастрычніка. Гэта дазволіла кампенсаваць тыя 10 дзён розніцы, якія назбіраліся паміж Нікейскім саборам (325 г.) і 1582 годам. Яшчэ тры дні памылкі, якія набеглі паміж увядзеннем юліянскага календара і Нікейскім саборам, улічаны не былі. У выніку зімовае сонцастаянне часткова наблізілася да сваёй сапраўднай даты і пачало назірацца прыблізна 22 снежня.

Такім чынам, разыходжанне паміж датай Божага Нараджэння і зімовым сонцастаяннем тлумачыцца памылкай юліянскага календара і яе кампенсацыяй у XVI ст. Фактам, аднак, застаецца тое, што ў год нараджэння Хрыста гэтыя даты супадалі. Не разыходзіліся яны і ў касмічнай перспектыве, у сістэме каардынат нябесных свяцілаў, якімі б недасканалымі календарамі мы ні акрэслівалі гэта на зямлі.

Што датычыцца юліянскага календара, то працягвае адставаць. З 1582 года, калі розніца паміж календарамі складала 10 дзён, назбіралася яшчэ тры дні, і цяпер календары разыходзяцца на 13 дзён. Гэта добра бачна па святкаванні Божага Нараджэння ў праваслаўных: з-за адставання юліянскага календара 25 снежня 2018 года ў іхнім літургічным календары наступіць толькі тады, калі па грыгарыянскім календары будзе ўжо 7 студзеня 2019 года. Кожныя 128 год гэтая розніца павялічваецца на адзін дзень.

Ілюстрацыя: Asmdemon (CC BY-SA)

Пакінуць каментар

Scroll Up