22.12.2018 / Peter Kwasniewski

Калекты Адвэнту: да каго яны скіраваны і якое гэта мае значэнне?🕑 10 хвілін

Магчыма, гэта падрабязна абмяркоўвалі іншыя і я проста павольна рэагую, аднак у гэтым Адвэнце я кожную нядзелю ўдзельнічаў у Імшах у звычайнай і надзвычайнай формах з-за сваіх здвоеных харавых абавязкаў і ўпершыню заўважыў, наколькі моцна адрозніваюцца па змесце і характары калекты нядзельных Імшаў у дзвюх формах. Таму я вырашыў прааналізаваць гэты кантраст паміж адвэнтавымі калектамі [1].

У традыцыйнай лацінскай Імшы калекты І, ІІІ і IV нядзеляў Адвэнту звяртаюцца да Другой Асобы Найсвяцейшай Тройцы:

Абудзі, просім Цябе, Пане, сваю магутнасць і прыйдзі, каб Твая абарона вызваліла нас ад пагражаючай нам небяспекі нашых грахоў, а Твая моц нас збавіла. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом… (калекта І нядзелі Адвэнту, Імшал 1962).

Схілі сваё вуха, просім Цябе, Пане, да нашых просьбаў і праясні цемру нашых розумаў ласкай Твайго наведвання. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом… (калекта ІІІ нядзелі Адвэнту, Імшал 1962).

Абудзі, просім Цябе, Пане, сваю магутнасць і прыйдзі, і з вялікай магутнасцю паспяшы нам на дапамогу, каб з дапамогай Тваёй ласкі тое, чаму перашкаджаюць нашыя грахі, было прыспешана Тваім міласэрным прабачэннем. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом… (калекта IV нядзелі Адвэнту, Імшал 1962).

Малітва ІІ нядзелі Адвэнту звяртаецца да Бога Айца:

Абудзі, Пане, нашыя сэрцы, каб мы падрыхтавалі шляхі Твайму Адзінароднаму Сыну і дзякуючы Ягонаму прыйсцю былі годныя служыць Табе чыстым сэрцам. Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога… (калекта ІІ нядзелі Адвэнту, Імшал 1962).

Калі мы разгледзім сухія дні, то там сітуацыя больш складаная. Першая калекта сухой серады звяртаецца да Бога Айца (“Учыні, просім Цябе, усемагутны Божа… Праз Пана нашага”), тады як другая калекта звяртаецца да Сына (“Паспяшы, просім Цябе, Пане, і не затрымлівайся…”). Шэсць розных калектаў сухой суботы чатыры разы звяртаюцца да Айца, але першая і пятая скіраваны да Сына:

Божа, Ты бачыш, што мы церпім з прычыны нашых беззаконняў, літасціва ўчыні, каб мы былі суцешаны Тваім наведваннем. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом… (першая калекта, сухой суботы Адвэнту, Імшал 1962).

Ласкава выслухай, просім Цябе, Пане, малітвы Твайго народа, каб мы, што слушна церпім за нашыя грахі, былі суцешаны наведваннем Тваёй дабрыні. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом… (пятая калекта сухой суботы Адвэнту, Імшал 1962).

Калекта ў сухую пятніцу таксама адрасавана Сыну:

Абудзі, просім Цябе Пане, сваю магутнасць і прыйдзі, каб тыя, хто давярае Тваёй дабрыні, атрымалі хутчэйшае выратаванне ад усіх непрыемнасцяў. Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом… (калекта сухой пятніцы Адвэнту, Імшал 1962).

Калі не ўлічваць адмысловыя калекты для святаў (напрыклад, на Беззаганнае Зачацце), гэта ўсе калекты, якія ў традыцыйным Рымскім Імшале прыпадаюць на перыяд Адвэнту (важна таксама тое, што яны ніколі не прапускаюцца, таму што нават у святы адбываецца камемарацыя будняў Адвэнту). Адпаведна, Імшал падае агулам 7 калектаў, адрасаваных Сыну, і 6 калектаў, адрасаваных Айцу:

І нядзеля — Сын
ІІ нядзеля — Айцец
ІІІ нядзеля — Сын
Сухая серада — Айцец, Сын
Сухая пятніца — Сын
Сухая субота — Сын, Айцец, Айцец, Айцец, Сын, Айцец
IV нядзеля — Сын

Сыходзячы ў алегарычнае прадонне, як гэта рабіў Уільям Дзюран, адзначу, што, на думку Айцоў Касцёла, лічба 6 прадстаўляе стварэнне, таму што ў апісанні кнігі Быцця мова ідзе пра 6 дзён стварэння і таму што 6 — гэта адна з тых рэдкіх лічбаў, кампаненты якой, 1, 2 і 3, даюць вынік як пры складанні (1+2+3), так і пры памнажэнні (1×2×3), што ўказвае на адносную ўстойлівасць і трываласць створанага парадку: “І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым”. У той жа час шэсць крыху не дацягвае да сямі, лічбы дасканаласці і адпачынку, а гэта ўказвае на тое, што стварэнне, асабліва разумнае стварэнне, не з’яўляецца поўным, пакуль не адпачне ў Богу, і што пасля грэхападзення Адама яно ўздыхае, чакаючы адкуплення ад граху, Езуса Хрыста — Таго Адзінага, хто, “дададзены” да стварэння, давядзе яго да дасканаласці і канчатковага адпачынку ў благаслаўлёным бачанні. Такім чынам, выглядае вельмі прыгожа, што Айцу, Якому прыпісваецца моц стварэння сусвету, адрасавана шэсць калектаў, а Сыну, Якому прыпісваюць мудрасць і міласэрнасць адкуплення, адрасавана сем калектаў.

Што ж датычыцца звычайнай формы, то там многія старажытныя калекты Адвэнту былі выкрэслены або перапісаны. Пры гэтым амаль усе калекты былі змешчаны ў патрыцэнтрычны шаблон: ён вельмі падабаўся рэфарматарам, якія знаходзіліся пад уладай археалагізму або антыкварыянізму і дзе толькі можна выдалялі малітвы, скіраваныя да Сына [2]. У выніку мы атрымалі новы набор нядзельных калектаў, ніводная з якіх не адрасавана да Сына:

Усемагутны Божа, просiм Цябе, дай верным Тваiм такую ахвоту, каб добрымi справамi падрыхтаваліся да сустрэчы Хрыста, які прыходзіць, а ў судны дзень, далучаныя да Яго выбраных, маглі дасягнуць Валадарства Нябеснага. Праз Пана нашага Езуса Хрыста… (калекта І нядзелі Адвэнту, Імшал 1970/2002).

Усемагутны і мiласэрны Божа, учыні, каб зямныя клопаты не перашкаджалі нашаму імкненню ісці насустрач Твайму Сыну, а дар нябеснай мудрасцi няхай прывядзе нас да еднасці з Хрыстом, нашым Збаўцам. Які з Табою жыве і валадарыць… (калекта ІІ нядзелі Адвэнту, Імшал 1970/2002).

Божа, Ты бачыш, з якою верай народ Твой чакае свята Нараджэння Пана, дапамажы нам падрыхтаваць нашыя сэрцы, каб мы з радасцю і з хваляваннем святкавалі таямніцу нашага збаўлення. Праз Пана нашага Езуса Хрыста… (калекта ІІІ нядзелі Адвэнту, Імшал 1970/2002).

Усемагутны Божа, просім Цябе, улі ў нашыя сэрцы Тваю ласку, каб мы, пазнаўшы праз анёльскае звеставанне ўцелаўленне Хрыста, Твайго Сына, праз муку Яго і крыж былі прыведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Пана нашага Езуса Хрыста… (калекта ІV нядзелі Адвэнту, Імшал 1970/2002) [3].

Калекты для будняў, дададзеныя ў новы Імшал, таксама следуюць за тым жа прыкладам, хоць і ёсць два выключэнні: пятніца І тыдня Адвэнту выкарыстоўвае тую ж малітву, што і І нядзеля Адвэнту ў Імшале 1962 года, а калекта ранішняй Імшы 24 снежня падобная да другой калекты сухой серады ў Імшале 1962 года. Паколькі ў Імшале 1970/2002 года кожны дзень мае асобную калекту, тады як Імшал 1962 года выкарыстоўвае пэўныя малітвы зноў і зноў, просты падлік прыводзіць да вымоўнага рэзультату. З усіх адвэнтавых калектаў usus recentior 27 звернуты да Айца і толькі дзве да Сына. За той жа літургічны перыяд usus antiquior у сваіх калектах 21 раз звяртаецца да Сына як Бога і 12 разоў да Айца.

Якое гэта мае значэнне?

Гэтыя хрыстацэнтрычныя калекты usus antiquior як у сваім адрасаце, так і ў сваіх пастаянных паўторах падкрэсліваюць настойлівасць воклічу Касцёла падчас перыяду Адвэнту, воклічу ўсяго чалавецтва і ўсяго стварэння. Яно кліча і чакае, калі ягоны Пан у невымоўным цудзе прыйдзе проста ў сярэдзіну свайго стварэння, вылечыць яго і ўздыме з сярэдзіны: VENI, DOMINE — Прыйдзі, Пане Езу, не затрымлівайся. Мараната. Падыміся і ўратуй упаўшае чалавецтва. Прыйдзі вызвыліць нас з нашай мізэрнасці і граху. Мы заклікаем Месію, Хрыста Ізраіля, Які ўжо прыйшоў на зямлю, Якога мы зноў жадаем запрасіць у нашыя сэрцы і Які вернецца судзіць жывых і памерлых. Адвэнт — гэта перыяд чакання Адкупіцеля і Збаўцы, і мы ў сваёй святой нецярплівасці не можам стрымацца і заклікаем Яго. Зноў і зноў мы наўпрост кажам: EXCITA, абудзі сваю магутнасць і прыйдзі, не затрымлівайся, не маўчы, не будзь нябачны, не пакідай нас з нашымі беззаконнямі. О Слова, вечнае Жыццё, прымі цела і дакраніся да нас сваім целам. Толькі святы Касцёл, напоўнены Духам Божым, асмельваўся маліцца такім чынам, кладучы гэтыя словы ў вусны нашых папярэднікаў у веры і многіх святых, якія маліліся ў традыцыйным рымскім абрадзе.

Кажучы коратка, Імшал usus antiquior прадстаўляе нам такую духоўнасць Адвэнту, якая з’яўляецца адрознай і характэрнай для яго; з іншага боку, Імшал usus recentior падпарадкоўвае свае малітвы агульнаму правілу, прадпісанаму літургічнымі навукоўцамі. Старыя калекты вельмі экспрэсіўныя, эмацыйныя, быццам нявеста, якая чакае свайго Жаніха, Якому яна наўпрост спявае і шэпча. У сваёй гарачай любові яна яшчэ мацней заклікае Таго, чыё аблічча жадае ўбачыць, а не проста ветліва просіць Ягонага Айца паслаць Жаніха, калі настане адпаведны час (хоць, вядома, у сваёй ветлівасці Касцёл таксама пакорна звяртаецца да Айца, паколькі Айцец і Сын нераздзельныя ў сваёй боскасці). У літургічную малітву нібы пераносіцца гарачыня Песні песняў [4].

Сучасныя літургісты падыходзяць да літургіі так, быццам бы гэта апрыёрная навука: вы пачынаеце з агульных прынцыпаў і робіце з іх высновы. Тады, напрыклад, вам прыходзіцца змяняць калекты, таму што яны не дапасоўваюцца да вашага канкрэтнага набору прынцыпаў. У сапраўднасці літургія вельмі апастэрыёрная: гэта гістарычнае сведчанне, у якое рабілі ўнёсак шматлікія асобы; гэта масіўны арганічны комплекс дэталяў, якія маглі быць іншымі, але яны такія, якія ёсць; гэта рака, якая цячэ стагоддзямі і ў якую ўпадае незлічоная колькасць ручаёў. Таму мы павінны глядзець на літургію ў такім стане, у якім яна знаходзіцца, і старацца зразумець, чаму яна раскрылася менавіта так, а не рабіць над ёю гвалт, прымушаючы ўцелаўляць чыесьці выдуманыя прадумовы.

Змена ў калектах Адвэнту з’яўляецца добрым прыкладам рацыяналізму рэфарматараў. Адна справа, калі б нейкі літургічны абрад заўсёды ў пэўнае свята або пэўны перыяд кіраваў свае малітвы да Айца. Зразумела, ніхто не кажа, што ў гэтым ёсць штосьці няправільнае, бо гэта звычайны спосаб звароту ва ўсіх гістарычных Імшалах. Аднак зусім іншая справа, калі літургія (прычым літургія, якою ты молішся сам!) на працягу многіх стагоддзяў, магчыма нават настолькі доўга, наколькі ў нас ёсць магчымасць прасачыць па дакументах, заўсёды ў пэўныя дні малілася да Сына, адасабляючы іх як асаблівыя і годныя асаблівай пабожнасці да Божага Ягняці. Адсутнасць задумы над тым фактам, што ў выніку серыі рашэнняў камісіі адбылося выразанне і фактычнае спыненне гэтых шанаваных малітваў да нашага Пана за некалькі тыдняў да Яго Нараджэння, паказвае, наколькі для гэтых людзей літургія пераставала быць глыбока адчувальнай і перажыванай. Наадварот, яна зрабілася для іх ахвярай і пляцоўкай для выпрабавання сваіх тэорый паляпшэння, і ў гэтым сэнсе нечым ніжэйшым за іхнія жаданні і розумы. Гэта, магчыма, найгоршае абвінавачванне для ўсяго іхняга modus operandi: што малітвы, за якія каталікі мінулых стагоддзяў былі гатовыя пакласці сваё жыццё, успрынялі, як сыравіну, якую трэба нарэзаць і перамяшаць у прамысловай сталоўцы.

Сапраўды, вельмі іранічна, што ў якасці Паслання ў IV нядзелю Адвэнту ў традыцыйным рымскім абрадзе чытаецца ўрывак 1 Кар 4:1-5, дзе св. Павел кажа наступныя словы, якія будуць зноў і зноў паўтарацца ў Хвалах і Нешпарах на працягу чацвёртага тыдня:

Браты: Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі Божых таямніц. Ад распарадчыкаў жа патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным.

Св. Павел кажа нам, што слуга Хрыста, распарадчык Ягоных таямніц, павінен быць верны таму, што ён перадае або ўдзяляе, а менавіта сакрамэнтам, літургіі, спадчыне, якую ён атрымлівае ад іншых, у тым сэнсе, што ён не гаспадар, а слуга. Вядома, гэтае чытанне таксама знікла з Адвэнту: яго, несумненна, палічылі неадпаведным для гэтага перыяду.

У гэтыя апошнія дні Адвэнту, калі ў Нешпарах мы звяртаемся да Божага Сына ў вялікіх о-антыфонах, будзем жа клапатліва ставіцца да многіх прыхаваных і відавочных благаслаўленняў, якія Ён даў нам праз традыцыйную літургію. Падзякуем Яму за бясконцыя шляхі, якімі яна фарміруе і корміць нашыя душы ў школе служэння Пану. І будзем працаваць над яе паўсюдным вяртаннем у касцёлы ў як мага большым маштабе. У гэтым намеры папросім таксама нашага Суверэннага Караля і Вечнага і Найвышэйшага Святара: “Excita, quaesumus, Domine, potentiam tuam, et veni”.

Зноскі

[1] Зразумела, Лорэн Прыстас з’яўляецца набольшым навуковым аўтарытэтам у такіх пытаннях. Гл. раздз. 3 у яе кнізе “The Collects of the Roman Missals“.

[2] Многія прыклады такога субардынацыянізму і іх наступствы я абмяркоўваю ў раздз. 6 сваёй кнігі “Resurgent in the Midst of Crisis“.

[3] Я разумею, што вялікая доля гэтага матэрыялу была ўзята з гістарычных крыніц, аднак змяшчэнне і расстаноўка гэтых малітваў, а таксама скасаванне адпаведных традыцыйных малітваў з’яўляюцца для рымскага абраду чыстай і абсалютнай навінкай.

[4] Чытанні і антыфоны з Песні песняў сустракаюцца ў традыцыйным Імшале і Божым Афіцыі значна часцей, чым у кнігах Novus Ordo, аднак разглядаць прычыну гэтага трэба ў асобным артыкуле.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Юліус Шнор фон Каральсфельд, з цыклу “Біблія ў карцінах” (1851–1860).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і апублікаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up