21.12.2018 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Практыкаванне Адвэнту🕑 9 хвілін

Паколькі святы Касцёл, наша Маці, праводзіць час Адвэнту ў гэтай урачыстай падрыхтоўцы да патройнага прыйсця Езуса Хрыста; паколькі па прыкладзе мудрых паннаў ён перад прыйсцем Жаніха трымае свой светач запаленым, то нам, яго членам і яго дзецям, трэба ўвайсці ў гэты дух і прыняць да сэрца папярэджанне нашага Збаўцы: “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара” [1]. Насамрэч мы з Касцёлам маем тыя самыя спадзяванні. З пункту гледжання Бога, як кожны з нас, так і Касцёл з’яўляецца аб’ектам міласэрнасці і клопату. Калі Касцёл — Божая святыня, то гэта таму, што ён збудаваны з жывых камянёў; калі ён Нявеста, то гэта таму, што ён складаецца з усіх душаў, якія запрошаны да вечнага яднання з Богам. Калі напісана, што Збаўца прыдбаў Касцёл уласнай крывёю [2], то ці не мог бы кожны з нас сказаць пра сябе гэтыя словы св. Паўла: “Хрыстус палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне” [3]? Таму лёс наш такі ж, як у Касцёла, і падчас Адвэнту мы павінны старацца ўвайсці ў той самы дух падрыхтоўкі, у якім, як мы бачылі, знаходзіцца сам Касцёл.

Па-першае, нашым абавязкам з’яўляецца яднанне са святымі Старога Запавету, якія просяць аб прыйсці Месіі. Такім чынам мы аддаём доўг, які ўсё чалавецтва павінна Божай міласэрнасці. Каб старанна выканаць гэты абавязак, вернемся ў думках да тых чатырох тысяч гадоў, якія сімвалічна прадстаўлены чатырма тыднямі Адвэнту, і паразважаем пра цемру і злачыннасць, якія напаўнялі свет да прыходу Збаўцы. Няхай нашы сэрцы будуць напоўнены жывой удзячнасцю да Таго, хто ўратаваў чалавека, сваё стварэнне, ад смерці і сам зышоў з неба, каб на сваім досведзе зведаць усе нашыя слабасці — так, усе, акрамя граху. Будзем жа ўпэўнена ўсклікаць да Яго з глыбіняў нашых слабасцяў, бо нягледзячы на тое, што Ён ужо ўратаваў справу сваіх рук, Ён усё ж хоча, каб мы прасілі Яго аб уратаванні. Таму няхай нашыя жаданні і наша ўпэўненасць знаходзяць свой выраз у гарачых просьбах старажытных прарокаў, чые словы ў гэты перыяд чакання Касцёл кладзе на нашыя вусны; прыслухаемся ўважліва да тых пачуццяў, якія яны выказваюць.

Разабраўшыся з гэтым першым абавязкам, нам трэба розумам звярнуцца да таго прыйсця, якое наш Збаўца жадае здзейсніць у нашых уласных сэрцах. Як мы бачылі, гэтае прыйсце з’яўляецца поўным слодычы і таямніцы і вынікае з першага прыйсця. Бо Добры Пастыр прыходзіць не толькі для таго, каб наведаць сваю аўчарню агулам, а праяўляе свой клопат да кожнай авечкі, нават да той адной са ста, якая згубілася. Вось жа, каб ацаніць гэтую невыказную таямніцу, нам трэба памятаць, што мы можам падабацца Нябеснаму Айцу настолькі, наколькі Ён бачыць у нас свайго Сына Езуса Хрыста, таму гэты ласкавы Збаўца ўваходзіць у кожнага з нас і, калі мы згодзімся на гэта, перамяняе нас у сябе, каб адгэтуль жылі ў сабе не мы, а Ён. Фактычна, гэта адна вялікая мэта хрысціянскай рэлігіі — праз Езуса Хрыста зрабіць чалавека боскім. Менавіта гэтае заданне Бог даручыў Касцёлу, і Касцёл кажа сваім вернікам тыя ж словы, якія св. Павел сказаў галатам: “Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас” [4].

Аднак, паколькі, прыходзячы ў гэты свет, наш боскі Збаўца перад дасягненнем паўнаты людскога ўзросту спачатку аб’явіўся як слабое дзіця, і гэта дзеля таго, каб Ягоная ахвяра была ва ўсім поўная, тое ж Ён збіраецца зрабіць і з намі: Ён павінен паступова ўзрастаць унутры нас. Менавіта ў свята Божага Нараджэння Ён нараджаецца ў нашых душах і пралівае на увесь Касцёл ласку свайго нараджэння, якой, аднак, мы не заўсёды застаёмся вернымі.

Бо гэтая велічная ўрачыстасць пры кожным сваім надыходзе бачыць перад сабою людзей трох тыпаў. Першы тып, найменшы сваёй колькасцю, гэта тыя, якія ў паўнаце жывуць жыццём Езуса Хрыста, Які знаходзіцца ў іх, і імкнуцца да развіцця гэтага жыцця. Другі тып душаў больш шматлікі: гэтыя асобы сапраўды жывуць, бо Езус жыве ў іх, аднак яны хворыя і слабыя, таму што яны не клапоцяцца пра рост гэтага боскага жыцця; іхняя любоў зрабілася халоднай! [5] Астатнія асобы ўваходзяць у трэці тып: гэта тыя, хто не мае ў сабе гэтага жыцця і таму з’яўляецца мёртвым; бо Хрыстус сказаў: “Я жыццё” [6].

Вось жа, падчас Адвэнту наш Пан грукае ў дзверы ўсіх людскіх сэрцаў: часам так моцна, што людзі вымушаны звярнуць на Яго сваю ўвагу; часам так ціха, што неабходна праявіць уважлівасць, каб зразумець, што Езус просіць пусціць Яго. Ён прыходзіць спытацца, ці ёсць месца для Яго, бо Ён жадае нарадзіцца ў іх доме. Дом папраўдзе Ягоны, бо Ён стварыў і ахоўвае яго, аднак ён скардзіцца, што свае Яго не прынялі [7], прынамсі большая частка яго не прыняла. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся [8].

Народзіцца ж Ён у яшчэ большай прыгажосці, бляску і моцы, чым вы дагэтуль бачылі, о вернікі, якія захоўваеце Яго ў сабе як свой адзіны скарб і якія доўга не жылі аніякім іншым жыццём, як толькі Ягоным, фарміруючы свае думкі і справы на Ягоны ўзор. Вы адчуеце неабходнасць падабраць словы, каб выказаць сваю любоў; такія словы, якія Яму спадабаецца пачуць ад вас. Вы знойдзеце іх у святой літургіі.

Вы, што мелі Яго ў сабе, не ведаючы Яго, і валодалі Ім, не адчуваючы слодычы Яго прысутнасці, гэтым разам адкрыйце свае сэрцы і прывітайце Яго з большым дбаннем і любоўю. У гэтым годзе Ён паўтарае сваё прыйсце з нястомнай пяшчотай; Ён забыўся пра ўсю вашу былую непавагу. Ён кажа: “Вось чыню ўсё новае” [9]. Падрыхтуйце пакой для боскага Дзіцяці, бо Яно жадае расці ў вашай душы. Час гэтага прыйсця вельмі блізкі: няхай вашыя сэрцы будуць чуйнымі. І каб вы не спалі, калі Ён прыбудзе, чувайце, маліцеся і спявайце. Словы літургіі ўкладзены таксама для вашага карыстання: яны кажуць пра цемру, якую толькі Бог можа рассеяць; пра раны, залячыць якія можа толькі Ягоная міласэрнасць; пра слабасць, якую можа ўмацаваць толькі боская энергія.

Паслухайце і вы, хрысціяне, для якіх добрыя навіны, як нядобрыя, таму што вы памерлі ў граху. Да вас прыходзіць Той, хто з’яўляецца самім жыццём. Незалежна ад таго, трымаў вас смяротны грэх у сваіх нявольніках на працягу многіх гадоў ці толькі нядаўна нанёс вам рану, зрабіўшы сваёй ахвярай, — Езус, вашае жыццё, прыходзіць: навошта вам паміраць? Ён не жадае смерці грэшніка, але каб той навярнуўся і жыў [10]. Вялікае свята Яго Нараджэння будзе днём міласэрнасці да ўсяго свету; прынамсі да тых, хто пусціць Яго ў сваё сэрца; яны зноў уваскрэснуць да жыцця ў Ім, іхняе былое жыццё будзе зруйнавана, і дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножыцца ласка [11].

Аднак, калі пяшчота і прывабнасць гэтага таямнічага прыйсця не робяць на вас уражанне, таму што вашае сэрца надта цяжкое і не можа ўзняцца да такога даверу і таму што вы надта доўга пілі грэх, як ваду, і больш не ведаеце, што азначае з любоўю чакаць абдымкаў Айца, якім вы пагардзілі, то скіруйце свае думкі на яшчэ іншае прыйсце, якое адбудзецца ў страху і наступіць пасля ціхага прыйсця ласкі, якое вам прапануецца. Падумайце ў душы, як наша зямля будзе трымцець падчас прыйсця страшнага Суддзі; як нябёсы будуць уцякаць перад Ягоным абліччам і звівацца, як скрутак [12]; як чалавек жахнецца Яго суровага позірку; як стварэнне аслабее са страху, калі двухбаковы меч выйдзе з вуснаў яго Стварыцеля [13] і праб’е яго; як грэшнікі ўсклікнуць: “Горы, упадзіце на нас! Пагоркі, накрыйце нас! [14]” Гэтыя няшчасныя душы, якія не ведалі часу сваіх адведзінаў [15], будуць марна спрабаваць схавацца ад аблічча Езуса. Яны закрылі свае сэрцы перад Богачалавекам, Які ў сваёй непараўнальнай любові плакаў над імі, таму ў дзень суда яны жывымі пойдуць у той вечны агонь, які сваім полымем паглынае зямлю і яе плёны і спальвае падмуркі гор [16]. І там, дзе чарвяк не памірае [17], марнае вечнае шкадаванне будзе грызці іх бясконца доўга.

Таму няхай тыя, каго не кранае навіна пра прыйсце Нябеснага Лекара і Добрага Пастыра, Які аддае сваё жыццё за сваіх авечак, разважаюць падчас Адвэнту пра жудасную, аднак пэўную праўду пра тое, што многія самі адмаўляюцца ад адкуплення, не згаджаючыся ўдзельнічаць ва ўласным збаўленні. Яны могуць ставіцца да Дзіцяці, Якое мае нарадзіцца [18], з пагардай; аднак гэта таксама Магутны Бог, і няўжо яны думаюць, што змогуць устаяць перад Ім у той Дзень, калі Ён прыйдзе не каб збаўляць, а каб судзіць? Вось бы яны лепш ведалі пра гэтага боскага Суддзю, перад Якім трымцяць нават святыя! Няхай жа і яны выкарыстаюць літургію гэтага перыяду і даведаюцца, наколькі грэшнікі павінны Яго баяцца.

Кажучы гэта, мы не маем на ўвазе, што баяцца павінны толькі грэшнікі: не, баяцца варта кожнаму хрысціяніну. Калі страх не ідзе побач з больш шляхетным пачуццём, ён робіць чалавека рабом; калі ён суправаджае любоў, то ператвараецца ў пачуццё, якое напаўняе сэрца дзіцяці, калі яно пакрыўдзіла бацьку і просіць прабачэння. Хоць любоў праганяе страх [19], гэты святы страх усё ж часам прыходзіць і, як маланка, напаўняе самыя глыбіні душы. Ён прыносіць душы дабро. Яна абуджаецца ў больш шчырым адчуванні сваёй уласнай мізэрнасці і незаслужанай міласэрнасці свайго Адкупіцеля. Таму няхай ніхто не думае, што ён можа бяспечна прайсці праз гэты Адвэнт, не раздзяліўшы гэты святы страх, які напаўняе Касцёл. Бо Касцёл, хоць і ўзлюблены Богам, таксама моліцца аб гэтым страху і кожны дзень у Афіцыі Сэксты ўсклікае да Яго: “Прабі страхам Тваім маё цела” [20]. Для тых, хто толькі пачынае добрае жыццё, гэтая частка літургіі Адвэнту будзе асабліва карыснай.

З таго, што мы сказалі, добра бачна, што Адвэнт — гэта перыяд, асаблівым чынам прызначаны для практыкавання таго, што называецца ачышчальным жыццём і што маецца на ўвазе ў тым воклічы св. Яна Хрысціцеля, які пастаянна паўтараецца падчас гэтага літургічнага перыяду: “Падрыхтуйце дарогу Пану!” Таму няхай кожны шчыра стараецца выраўняць шлях, па якім Езус увойдзе ў ягоную душу. Няхай справядлівыя, згодна са словамі апостала, забудуць тое, што за імі [21], і працуюць над здабываннем новых заслугаў. Няхай грэшнікі адразу возьмуцца і разарвуць тыя ланцугі, якія цяпер знявольваюць іх. Няхай кінуць свае дрэнныя звычкі, якія яны набылі. Няхай аслабяць сваё цела і распачнуць старанную працу над тым, каб падпарадкаваць яго духу. Перадусім жа няхай яны моляцца з Касцёлам. І калі наш Пан прыйдзе, яны могуць спадзявацца, што Ён не абміне іх, а што ўвойдзе і будзе прабываць у іх, бо Ён меў на ўвазе кожнага, прамаўляючы гэтыя словы: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” [22].

[1] Лк 12:35-36.

[2] Дз 20:28.

[3] Гал 2:20.

[4] Гал 4:19.

[5] Ап 2:4.

[6] Ян 14:6.

[7] Ян 1:10.

[8] Ян 1:12, 13.

[9] Ап 21:5.

[10] Эзх 18:31-32.

[11] Рым 5:20.

[12] Ап 6:14.

[13] Ап 1:16.

[14] Лк 22:30.

[15] Лк 19:44.

[16] Дрг 32:22.

[17] Мк 9:48.

[18] Іс 9:6.

[19] 1 Ян 4:18.

[20] “Confige timore tuo carnes meas” (Пс 118:120, Вульгата). У сучаснай Літургіі гадзінаў гэты ўрывак гучыць у Малітве на працягу дня ў чацвер ІІІ тыдня: “Дрыжыць маё цела ад страху перад Табой” (“Horruit a timore tuo caro mea”). — Заўв. перакл.

[21] Флп 3:13.

[22] Ап 3:20.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Vol. 1: Advent, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1870.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up