20.12.2018 / FIUV

Пазіцыя № 14.2. “Рэформа Вялікага тыдня ў 1955 годзе. Змены ў літургіі”🕑 17 хвілін

ПАЗІЦЫЯ № 14.2: РЭФОРМА ВЯЛІКАГА ТЫДНЯ Ў 1955 ГОДЗЕ. ЗМЕНЫ Ў ЛІТУРГІІ

У фармаце PDF

Кароткі змест: У першай частцы Пазіцыі № 14 абмяркоўваліся некаторыя агульныя аспекты рэформы Вялікага тыдня ў 1955 годзе; у другой частцы даецца кароткі агляд рэформаў у паасобных літургіях. Найбольш важныя змены былі ўнесены ў Пасхальную вігілію: перадусім гэта цалкам пераробленае благаслаўленне пасхала і скарачэнне колькасці чытанняў. Важныя змены таксама былі зроблены ў літургіі Пальмавай нядзелі (перадусім скарачэнне колькасці малітваў на благаслаўленне пальмаў) і Вялікай пятніцы (Імша раней асвячаных дароў была моцна скарочана). У якасці высновы трэба сказаць, што форма літургіі 1570 года каштоўная і важная і не зусім зразумела, чаму няможна дазволіць, каб яна працягвала выкарыстоўвацца ў жывой літургіі Касцёла. У дадатку пералічаны некаторыя змены, зробленыя ў 1955 годзе, у якіх прадчуваюцца змены, што мелі з’явіцца не толькі ў літургіі Вялікага тыдня, але і ва ўсім Імшале; не ўсе яны былі рэалізаваны, з-за чаго ў Імшале 1962 года ўзніклі супярэчнасці.

1. Гісторыя абрадаў Вялікага тыдня надзвычай складаная і характарызуецца ўзаемным уплывам рымскіх і галіканскіх звычаяў, а таксама ўсходніх літургій. Аднак Імшал 1570 года распачаў перыяд стабільнасці, які трываў аж да 1950-х гг., таму яго можна лічыць “класічным” у тым сэнсе, што ён з’яўляецца натуральным пунктам адліку ў гісторыі літургіі. Гэтым Імшалам карысталіся святыя і дактары Касцёла, якія жылі на працягу гэтага доўгага перыяду часу, а таксама — у большай ці меншай ступені — святыя ранейшых часоў; ён жа фармаваў іхняе разуменне таямніцаў Вялікага тыдня. Першая частка гэтага артыкула была прысвечана агульнымі прынцыпам рэформы 1955 года; у другой частцы мы больш дэтальна разгледзім некаторыя важныя элементы абрадаў 1570 года, якія былі скасаваны або зменены ў 1955 годзе.

2. Пальмавая нядзеля. Благаслаўленне пальмаў у абрадах 1570 года папярэджвалася сухой Імшою (missa sicca). У Рымскім Імшале гэта быў адзіны прыклад абраду, які паў­сюдна здзяйсняўся ў Сярэднявеччы [1]; у 1955 годзе ён быў скасаваны. У тым жа годзе быў значна скарочаны вельмі прыгожы і на дзіва цэльны набор з васьмі доўгіх малітваў благаслаўлення, адна з якіх мела форму прэфацыі і далучаную акламацыю “Sanctus”. Паводле парадку 1955 года, каб абрад было лепш бачна, пальмы благаслаў­ляюцца на часовым асобным стале. Гэта адлюстроўвае прыярытэты часу: бачнасць важнейшая за ўрачыстасць [2]. Таксама ў 1955 годзе быў скасаваны папулярны познесярэднявечны абрад, калі падчас урачыстага уваходу працэсіі ў касцёл у зачыненыя дзверы ўдаралі працэсійным крыжам [3].

3. Чытанне Мукі Пана паводле св. Мацвея на Імшы скарацілі, апусціўшы апісанне вячэры ў доме пракажонага Сымона і Апошняй вячэры. Такая ж змена была зроблена ў чытаннях Мукі Пана паводле св. Марка і св. Лукі адпаведна ў аўторак і сераду Вялікага тыдня. У выніку гэтага літургія Вялікага тыдня — а насамрэч увесь Імшал 1962 года — былі пазбаўлены ўсіх сінаптычных апісанняў Апошняй вячэры. Гэтую памылку прызналі і часткова выправілі ў межах рэформы 1970 года.

4. Вялікі чацвер. Гэта не закранае парафіяльных цэлебрацый, аднак трэба заўважыць, што стварэнне ў 1955 годзе асобнай Імшы Хрызма для благаслаўлення алеяў было “археалагічнай” спробай рэканструяваць літургію, якая не служылася шмат стагод­дзяў. Каб зрабіць гэта, прыйшлося напісаць шэраг новых літургічных тэкстаў [4].

5. Ад самага ўвядзення ў Імшу Вялікага чацвярга абрад абмывання ног (“mandatum”) адбываўся пасля заканчэння Імшы, пасля распранання алтароў [5]. Рэкамендацыя 1955 года перанесці яго на месца пасля казання не мае гістарычных прэцэдэнтаў [6]. Тое, што ў якасці месца правядзення абраду быў указаны хор, стварыла праблему з удзелам свецкіх мужчын [7].

6. Вялікая пятніца. Уражваючая цырымонія, якая паходзіла з Позняга Сярэднявечча і суправаджала працэсію ад Цямніцы да галоўнага алтара і Імшу раней асвячаных дароў [8], была ў 1955 годзе скасавана. Пасля рэформы працэсію сталі праводзіць у цішыні, а абрад Камуніі пачаў прадстаўляць сабою амаль што выключна рэцытацыю “Pater noster” і эмбалізму. Прамаўленне Малітвы Панскай разам з вернікамі не мела прэцэдэнтаў і значна адрознівалася ад таго, як гэтая малітва прамаўлялася на працягу ўсяго года (гл. Дадатак).

7. Часткова матывацыяй для скасавання многіх малітваў Імшы раней асвячаных дароў паслужыла тое, што рэфарматары палічылі недарэчнымі згадкі пра “ахвяру” пры фактычнай адсутнасці самой Эўхарыстычнай ахвяры. Аднак бл. Ільдэфонса Шустэр, абмяркоўваючы Імшу раней асвячаных дароў, заўважае:

Сёння ў знак жалобы прынашэнне Эўхарыстычнай ахвяры не здзяйсняецца. Замест яе мы прыносім Богу заслугі крывавай ахвяры Кальварыі, з якой мы злучаемся праз пакору і скруху сэрца. Паварочваючыся да людзей, [святар] кажа: “Маліцеся, браты, каб мая і вашая ахвяра была прыемнай Богу Айцу ўсемагутнаму” [9].

Таму такі від ахвяры прысутнічае на кожнай Імшы. Можна таксама казаць пра асоб­ную ахвяру, якую прыносяць вернікі ў малітве “Orate fratres” [10], а таксама пра “ахвяру хвалы”, якая згадваецца ў малітве “Memento” Рымскага Канона [11].

8. Падазронасць рэфарматараў да гэтай рысы Імшы раней асвячаных дароў уздымае пытанне пра метадалогію рэформы. Хоць гэта і праўда, што “Orate fratres” і падобных малітваў Імшы, якія датуюцца ХІІ ст., не было ў самых старажытных варыянтах літургіі Вялікай пятніцы [12], увагу на сябе звяртае меркаванне рэфарматараў, што публічныя малітвы Касцёла, якія няспынна выкарыстоўваліся на працягу васьмі стагоддзяў (нават калі і не ўсюды) і былі ўключаны ў Імшал, выдадзены пасля Тры­дэнцкага сабору, маглі мець тэалагічныя хібы, тады як, паводле Шустэра, яны маюць цалкам лагічнае абгрунтаванне. Такая пастава, як здаецца, не адпавядае словам Папы Пія ХІІ ў энцыкліцы Mediator Dei:

Зразумела, што ніводзін шчыры каталік не можа адмовіцца прыняць фарму­лёўкі хрысціянскага веравучэння, пад натхненнем і кіраўніцтвам Духа Святога, з вялікай карысцю для душаў акрэсленыя ў пазнейшы час і аб’яўленыя ў якасці догматаў веры, таму што яму захацелася вярнуцца да старых формул. Падобна ніводзін разумны каталік не можа адкінуць існуючае заканадаўства Касцёла і вярнуцца да прадпісанняў, заснаваных на ранейшых крыніцах кананічнага права. Настолькі ж відавочна неразумная і памылковая стараннасць таго, хто ў справах літургіі жадае вярнуцца да абрадаў і звычаяў старажытнасці, адкіда­ючы новыя ўзоры, уведзеныя з волі Божага провіду, каб адказаць на змену абставін і сітуацыі [13].

9. Пасхальная вігілія. Тры малітвы благаслаўлення новага агню былі заменены адной, а цырымоніі, звязаныя з пасхалам, былі цалкам перароблены з выкарыстаннем тэкстаў і абрадаў, укладзеных нанова. Заявы рэфарматараў, што нашэнне пасхала гістарычна было спынена толькі таму, што ён павялічыўся ў памерах, або што выкарыстанне трыкірыя вынікала з патройнага паўтарэння закліку “Lumen Christi”, не з’яўляюцца гістарычна карэктнымі [14]. Само па сабе знікненне трыкірыя вартае шкадавання, бо гэта цудоўны прыклад уплыву ўсходніх літургій [15].

10. Рэформа 1955 года перакрэсліла даўнюю ролю гімна “Exsultet”, які выкарыстоўваўся для благаслаўлення Пасхала. Замест яго малітвай благаслаўлення Пасхала зрабілі малітву “Veniat ergo quaesumus”, якая на працягу многіх стагоддзяў выкарыстоўвалася для благаслаўлення зёрнаў кадзіла, дадаўшы да яе слова “cereum” (воск) [16]. Словы гімна “Exsultet” пра “ахвяру кадзіла” з ХІІ ст. былі звязаны са змяшчэн­нем у пасхале зёрнаў кадзіла [17]; логіка далейшых словаў, якія ўказвалі на запальванне самога пасхала і іншых светачаў, таксама была страчана [18].

11. Надзвычай старажытны набор з дванаццаці чытанняў са Старога Запавету ў старэйшай літургіі быў заменены чатырма чытаннямі [19], што істотна змяніла ў ёй баланс элементаў: літургія перастала быць у сціслым значэнні вігіліяй — часам чування і чакання. Самі рэфарматары выказвалі шкадаванне наконт гэтай змены; як кажа Адрыян Фортэск’ю, усе дванаццаць чытанняў “ствараюць цудоўную гісторыю адносінаў Бога са сваім народам да прыйсця Хрыста” [20]. Імшал 1970 года аднавіў больш поўны набор чытанняў, прынамсі для выкарыстання па выбары.

12. Благаслаўленне хрысцільнай вады было ў 1955 годзе перанесена з баптыстэрыя ў прэзбітэрый [21], дзе гэты абрад маглі бачыць людзі, хоць часта гэта прыводзіла да таго, што для святой вады прыходзілася выкарыстоўваць звычайнае вядро. Імшал 1970 года вярнуў здзяйсненне абраду пры хрысцільні.

13. Велікодныя Ютрань і Хвалы (matutinum і laudes), якія цэлебраваліся вечарам Вялікай суботы пасля Камплеты (Вігілія адбывалася яшчэ раніцай) і якія паходзяць з VIII ст. і маюць вялікае гістарычнае значэнне [22], былі ў 1955 годзе скасаваны. Іх значэнне заключалася ў тым, што яны былі першымі набажэнствамі Велікоднай нядзелі і азначалі заканчэнне Вялікага посту. Многія тэксты гэтых гадзінаў былі зноў выкарыстаны ў Гадзіне чытанняў Велікоднага панядзелка ў Літургіі гадзінаў 1970 года, а таксама ў Ютрані Велікоднай нядзелі ў Antiphonale Monasticum 2005 года.

14. Вігілія Пяцідзясятніцы. Скасаванне гэтага адпаведніка Пасхальнай вігіліі пры адсутнасці ўсялякай кампенсацыі здаецца сур’ёзнай стратай літургічнага багацця.

Заключэнне

15. З перспектывы больш чым паўстагоддзя сэнс рэформы, сфармаванай клопатамі тых дзён, здаецца вельмі дзіўным. Ужо праз дзесяцігоддзе, калі пачаў рыхтавацца Імшал 1970 года, на месца гэтых клопатаў прыйшлі зусім іншыя, і Вялікі тыдзень 1955 года, з большага не вытрымаўшы праверкі часам, быў адкінуты. Сапраўды, як было заўважана вышэй, Імшал 1970 года ў некаторых момантах пайшоў насустрач крытыцы супраць рэформы 1955 года. Таму не павінна здзіўляць, што многія з тых, хто прывязаны да старажытнай лацінскай літургічнай традыцыі, не жадаюць бачыць яе праз акуляры першай паловы 1950-х гадоў: хоць кожная эпоха мае права законным чынам уплываць на арганічнае развіццё літургіі, рэформа Вялікага тыдня ў 1955 годзе зрабіла некалькі радыкальных зменаў ў тым, што не змянялася на працягу чатырох стагоддзяў.

16. З улікам гістарычнай каштоўнасці абрадаў Імшала 1570 года, не зусім зразумела, чаму ў кантэксце motu proprio Summorum Pontificum яны не могуць быць дазволены для настаўлення вернікаў у неразрыўнасці са шматлікімі пакаленнямі іх папярэднікаў.

Тое, што было святым для папярэдніх пакаленняў, застаецца святым і вялікім і для нас, і гэта няможна адразу цалкам забараніць ці нават палічыць шкодным. Мы ўсе павінны захоўваць багацці, якія ўзраслі ў веры і малітве Касцёла, і даваць ім належнае месца [23].


Дадатак: Рэформы 1955 года і Імшал 1962 года

Хоць літургія Вялікага тыдня шмат у чым з’яўляецца ўнікальнай, тым не менш яна адпавядае агульным літургічным прынцыпам, характэрным для ўсяго Імшала. У выніку рэформы 1955 года абрады Вялікага тыдня сталі выключэннем з некаторых гэтых прынцыпаў; у некаторых выпадках здаецца, што да гэтых выключэнняў будзе дастасавана і ўся астатняя частка Імшала. Так, у 1955 г. “Confiteor” і адпушчэнне грахоў былі скасаваны для Вялікага чацвярга, а ў 1961 г. — для ўсяго астатняга года. Аднак у іншых выпадках адпаведныя змены ва ўвесь Імшал да 1962 г. зроблены не былі: яны адбыліся ў другой палове 1960-х гг. або апынуліся ў Імшале 1970 года. Адпаведна, у Імшале 1962 года з’явіліся супярэчнасці і разыходжанні, якія не былі задуманы рэфарматарамі, а ўзяліся з выпадковасцяў гісторыі літургіі.

Важна таксама адзначыць, што, нават калі ў выніку рэформаў другой паловы 1960-х гг. была дасягнута пэўная аднастайнасць, такі стан рэчаў не задумваўся як пастаянны. Інструкцыя Abhinc tres annos (1967) тлумачыць:

Некаторыя са зменаў, прадыктаваных пастырскімі меркаваннямі, падалося магчымым увесці адразу, калі яны, як здавалася, не перашкаджалі канчатковай рэформе літургіі, якая мела адбыцца. Яны здаюцца карыснымі для паступовай рэалізацыі гэтай рэформы, і іх можна ўвесці простай праўкай рубрык, а не існуючых літургічных кніг [24].

Далей пералічаны некаторыя з такіх зменаў.

Пальмавая нядзеля

Падчас благаслаўлення пальмаў і наступнай працэсіі, а таксама падчас літургіі Вялікай пятніцы скасавана выкарыстанне маніпулаў. Пасля 1962 г. гэтую змену пашырылі на ўвесь літургічны год [25].

Абрад “Asperges” скасаваны. Імшал 1970 года падае яго як адзін з варыянтаў (пры выкарыстанні ён замяняе абрад пакаяння).

Пальмы благаслаўляюцца ў руках вернікаў або на стале, аддаленым ад алтара, а таксама тварам да людзей. Хоць гэтая змена і з’яўляецца часткай агульнай спробы зрабіць літургічнае дзеянне больш бачным, яна ўваходзіць у канфлікт з благаслаўленнем свечак у свята Ачышчэння (Маці Божай Грамнічнай), у свята св. Блажэя і благаслаўленнем попелу ў Папяльцовую сераду.

Звычай, калі вернікі цалуюць благаслаўленую пальму і далонь цэлебранта, скасаваны; гэта частка сістэматычнага супраціву пацалункам у межах рэформы Вялікага тыдня, але гэта ўваходзіць у канфлікт з нормамі благаслаўлення свечак у свята Ачышчэння [26].

Падрыхтоўчыя малітвы на Імшы скасаваныя, як і ў выпадку Пасхальнай вігіліі. Прынцып, згодна з якім падрыхтоўчыя малітвы прапускаюцца, калі Імшы папярэднічае іншы абрад, у Імшале 1962 года быў пашыраны на некаторыя выпадкі, напрыклад на Папяльцовую сераду, але ў іншых выпадках усё засталося па-старому, напрыклад у шлюбнай Імшы, якая служыцца пасля абраду сакрамэнту сужэнства, або ў нядзельнай Імшы, перад якой выконваецца акрапленне вернікаў. Паколькі на спяваных Імшах усё адно трэба спяваць інтроіт і “Kyrie”, скасаванне падрыхтоўчых малітваў проста падаўжае той час, калі святар вымушаны сядзець на крэсле ў чаканні, пакуль спевы скончацца і можна будзе пачаць “Gloria”. Аднак гэта супярэчыць прынцыпам інструкцыі св. Пія Х пра сакральную музыку Tra le sollecitudini [27]. У любым выпадку, пазнейшыя рэформы пайшлі іншым шляхам, скараціўшы падрыхтоўчыя малітвы пры дапамозе пропуску псальма “Iudica” [28].

Малітва “Orate fratres” прамаўляецца гучным голасам, а вернікі павінны адказваць; тое ж будзе ў Пасхальнай вігіліі. Гэта, безумоўна, звязана з практыкай дыялогавай Імшы ў той час, але гэта не згаджаецца з нормамі, выкладзенымі ў інструкцыі De musica sacra (1958), якая, сцвярджаючы, што вернікі павінны прамаўляць усе адказы прыслугоўваючых, кажа толькі пра ціхую Імшу.

Паўтарэнне цэлебрантам тэкстаў, якія спяваюцца іншымі прыслугоўваючымі або хорам, скасоўваецца для ўсяго Вялікага тыдня. Агульны прынцып, паводле якога тэксты не павінны дублявацца, не быў да 1962 года сістэматычным чынам прыменены да ўсяго Імшала [29].

Апошняе Евангелле скасоўваецца, акрамя тых выпадкаў, калі перад Імшою не благаслаўляюцца пальмы; таксама яно скасоўваецца ў Вялікі чацвер і ў Пасхальную вігілію. Зноў жа, некаторыя прыхільнікі рэформы выступалі супраць Апошняга Евангелля, але ў Імшале 1962 года яно не было скасавана як такое [30].

Вялікі чацвер

Псальм 21, які прамаўляецца падчас распранання алтароў, узяты з перагледжанага Псалтыра Пія ХІІ. Пасля 1945 года, калі гэты Псалтыр быў выдадзены, ён выкарыстоў­-ваўся для складання новых літургічных тэкстаў, аднак існуючыя тэксты ніколі не замяняліся. Гэта азначае, што спевы і іншыя тэксты, заснаваныя на псальмах, у рэфармаванай літургіі Вялікага чацвярга ўсё яшчэ выкарыстоўваюць старажытныя лацінскія Псалтыры, тады як абрад распранання алтароў пераключаецца на Псалтыр Пія ХІІ. Цягам пазнейшых рэформаў літургічнае выкарыстанне Псалтыра Пія ХІІ было спынена на карысць Псалтыра Новай Вульгаты, апублікаванай у 1969 годзе. Праблемы, звязаныя з выкарыстаннем Псалтыра Пія ХІІ, абмяркоўваюцца ў Пазіцыі № 5, “Выкарыстанне Вульгаты і старажытных лацінскіх Псалтыроў”.

Змяшчэнне абраду “mandatum” пасля Евангелля сведчыць пра намер у выніку далей­шых рэформаў выкарыстаць гэты час для тых дадатковых абрадаў, якія раней адбываліся перад Імшою ці пасля яе. У якасці прыкладаў можна назваць абрад сакрамэнту сужэнства падчас Імшы за маладых, а таксама благаслаўленне попелу і пасыпанне галоваў у Папяльцовую сераду [31].

Благаслаўленне напрыканцы Імшы прапускаецца, таму што пасля яе наступаюць іншыя абрады. Гэты прынцып, аднак, не прымяняецца ў Імшале 1962 года паслядоўна (яўным выключэннем з’яўляецца свята Божага Цела).

Вялікая пятніца

Вернікі прамаўляюць “Pater noster” разам з цэлебрантам. Як і ў выпадку іншых зменаў, згаданых пры абмеркаванні літургіі Пальмавай нядзелі, гэты звычай звязаны з практыкай дыялогавай Імшы, але ў дадзеным выпадку яго выкарыстанне ў спяванай Імшы з’яўляецца анамаліяй.

Як і падчас благаслаўлення пальмаў у Пальмавую нядзелю, маніпулы не выкарыстоў-ваюцца (гл. вышэй).

Пасхальная вігілія

Хрысцільная вада благаслаўляецца на вачах вернікаў, як і пальмы ў Пальмавую нядзе­лю (гл. вышэй).

Падчас “аднаўлення абяцанняў хросту” выкарыстоўваецца народная мова, а вернікі ўступаюць у дыялог з цэлебрантам. У гэтым праяўляецца не толькі згаданы вышэй нязвыклы пераход ад спяванага да размоўнага дыялогу, але і раней невядомае выкарыстанне народнай мовы, якое пасля 1962 года пашырылася на ўсе літургіі на працягу года [32].

У гадзіне Хвалаў, якая цэлебруецца пасля Пасхальнай вігіліі, выкарыстоўваецца перагледжаная песня “Benedictus”, якая паходзіць з Псалтыра Пія ХІІ, падобна як гэты Псалтыр выкарыстоўваецца і ў Вялікі чацвер (гл. вышэй).


[1] Philip Goddard, “Festa Paschalia: A history of the Holy Week liturgy in the Roman Rite”, Leominster: Grace­wing, 2011, с. 266.

[2] Гл. Пазіцыя № 4, “Літургічная арыентацыя”.

[3] Goddard, op. cit., с. 268.

[4] Тыя тэксты, што захаваліся, паходзяць са старога гелазіянскага сакрамэнтарыя, які датуецца VIII ст.

[5] У Пантыфікале ХІІ ст., гл. Goddard, op. cit., с. 153.

[6] Калі гэты абрад зараджаўся ў манаскіх і катэдральных супольнасцях, яго праводзілі ў асобным будын­ку, напрыклад у доме супольнасці.

[7] Да 1955 года Імшал не ўказваў месца правядзення абраду, таму, калі ногі абмывалі свецкім мужчынам, якім прыходзілася здымаць і апранаць абутак і шкарпэткі, адпаведным месцам была нава. Цікава, што Святая Кангрэгацыя абрадаў забараніла біскупам здымаць і апранаць літургічныя тапачкі у прэзбі­тэрыі (дэкрэт ад 4 снежня 1952 года): апранаць іх можна было толькі ў сакрыстыі.

[8] Развіццё гэтай цырымоніі адбывалася пераважна ў ХІІ ст.: гл. Goddard, op. cit., с. 184–189.

[9] Schuster, т. ІІ, с. 221.

[10] “Orate fratres, ut meum ac vestrum sacrificium acceptabile fiat apud Deum Patrem omnipotentem”. (“Малі­цеся, браты, каб мая і вашая ахвяра была прыемнай Богу Айцу Усемагутнаму”.)

[11] Успамін жывых: “qui tibi offerunt hoc sacrificium laudis” (“якія прыносяць Табе гэтую ахвяру хвалы”). Як і ў выпадку многіх іншых літургічных тэкстаў, магчымы іншыя інтэрпрэтацыі, якія не абавязкова выключаюць адна адну.

[12] Малітва “In spiritu humilitatis” са сваёй згадкай пра ахвяру з’явілася ў літургіі Вялікай пятніцы ў ХІІ ст., а малітвы “Orate fratres” і “Dirigatur Domine” — у ХІІІ ст.: гл. Goddard, op. cit., с. 186–187.

[13] Пій ХІІ, энцыкліка Mediator Dei, 63: “Quemadmodum enim e catholicis cordatus nemo, eo consilio ductus ut ad veteres revertat formulas, a prioribus Conciliis adhibitas, illas respuere potest de christiana doctrina sententias quas Ecclesia, adspirante moderanteque divino Spiritu, recentiore aetate, ubere cum fructu, composuit retinendasque decrevi itemque quemodmodum e catholicis cordatus nemo vigent leges repudiare potest, ut ad praescripta regrediatur, quae antiquissimis hauriantur canonici iuris fontibus; ita pari modo, cum de sacra Liturgia agitur, qui ad antiquos redire ritus consuetudinesque velit, novas repudiando normas, quae ex providentis Dei consilio ob mutatas rerum condiciones fuere inducte non is procul dubio, ut facile cernere est, sapienti rectoque movetur studio”.

[14] Увогуле існуюць гістарычныя прэцэдэнты, калі пасхал уносілі ў касцёл, аднак яго ніколі не запаль­валі і не благаслаўлялі перад змяшчэннем у прэзбітэрыі; зазвычай ён знаходзіўся ў прэзбітэрыі ад самага пачатку: Goddard, op. cit., с. 221–223, 281. Больш дэтальна гэтае пытанне разглядаецца ў выд. A. J. MacGregor, “Fire and Light in the Western Triduum”, Alcuin Club Collection, 1992, с. 327–338, 390–396.

[15] Пра паходжанне трыкірыя гл. Goddard, op. cit., с. 221 і MacGregor, op. cit., с. 266–276.

[16] У якасці альтэрнатывы гімну “Exsultet” у старым гелазіянскім сакрамэнтарыі (каля 740 г.) знаходзіц­ца малітва благаслаўлення пасхала, якая пачынаецца словамі “Deus mundi conditor”. Апошні абзац гэтай малітвы, “Veniat ergo quaesumus”, захаваўся ў пазнейшых Рымскіх Пантыфікалах у якасці благаслаў­лення аднаго толькі кадзіла, тады як “Exsultet” уваходзіў туды пад загалоўкам “Benedictio cerei”. Гл. таксама László Dobszay, “The Restoration and Organic Development of the Roman Rite”, London: T&T Clark, 2010, с. 255 і зноска 54.

[17] У Рыме з ХІІ ст. да рэформы 1955 года кадзіла змяшчалася ў пасхал падчас спеву “Exsultet”, на словы “Suscipe sancte pater incensi huius sacrificium” (“Прымі, святы Ойча, гэтую ахвяру кадзіла”): гл. Goddard, op. cit., с. 219. Перапынак у спеве “Exsultet” таксама быў карысны для дыякана, які выконваў выключна складаны спеў.

[18] Словы “quam in honorem Dei rutilans ignis accendit” (“[светач], які на ўшанаванне Бога запальвае яркі пломень”) былі звязаны з запальваннем пасхала; словы “Qui licet sit divisus in partes” (“ён аддае частку свайго святла”) былі звязаны з запальваннем іншых светачаў.

[19] Паходжанне і развіццё набораў чытанняў для Пасхальнай вігіліі, якія сапернічалі і аказвалі ўзаемны ўплыў, з’яўляецца складанай справай. Набор з дванаццаці чытанняў, які паходзіць з галіканскага гелазіянскага сакрамэнтарыя VIII ст., быў прыняты ў Рыме каля 1000 года. Ён адпавядае набору, які выкарыстоўваўся ў V ст. у Ерузалеме і ў якім палову чытанняў складаюць па сутнасці тыя ж фрагменты Святога Пісання. Гелазіянскі набор выкарыстоўвалася ў Галіі, аднак паходзіць ён з рымскага абраду пасвячэння святароў. Грыгарыянскі ж набор, які мае толькі чатыры чытанні, паўстаў у якасці папскага абраду, які выкарыстоўваўся ў Латэранскім саборы ў Рыме. Гл. Goddard, op. cit., с. 224–231. Варта заўважыць, што аналагічнае набажэнства ў візантыйскай Боскай літургіі мае пятнаццаць чытанняў, якія сваім зместам значна перакрываюцца з Пасхальнай вігіліяй 1570 года.

[20] Adrian Fortescue, “Holy Week”, London: Burns Oates & Washbourne, 1951, с. xxviii.

[21] Акрамя выпадкаў, калі ў касцёле быў асобны баптыстэрый.

[22] У іх знаходзіцца дыялог паміж анёламі і жанчынамі “Quem quaeritis” (“Каго шукаеце?”), які сфар­міраваўся на падставе вялікай традыцыі сярэднявечных велікодных пастановак.

[23] Бенедыкт XVI, ліст да біскупаў з нагоды публікацыі motu proprio Summorum Pontificum.

[24] Святая Кангрэгацыя абрадаў, інструкцыя Abhinc tres annos (1967).

[25] Выкарыстоўваць маніпул па выбары дазволіла інструкцыя Tres hinc annos (1967), 25, а ў Імшале 1970 года яго няма ў спісе прадметаў убрання.

[26] Пацалункі далоні цэлебранта і прадмета, які яму даюць ці ў яго бяруць, былі скасаваныя для ўсяго літургічнага года саборнай інструкцыяй Inter oecumenici (1964), 36 (d). Прадпісанні гэтай інструкцыі набылі моц у 1965 годзе.

[27] Грыгарыянскія спевы інтроітаў і “Kyrie”, калі іх распачаць разам з пачаткам падрыхтоўчых малітваў ці крыху загадзя, можна скончыць якраз у час, каб цэлебрант мог пачаць спеў “Gloria” (або калекты, калі гэты гімн прапускаецца) і не мусіў чакаць. У выпадку даўжэйшых спеваў, напрыклад, большасці паліфанічных “Kyrie”, святару трэба сядзець у крэсле, чакаючы іх завяршэння. Пры скасаванні падрыхтоўчых малітваў гэтае чаканне ствараецца або расцягваецца. Св. Пій Х у сваім motu proprio Tra le sollecitudini (1903), 22–23 пісаў: “Не дазволена трымаць святара пры алтары, каб ён доўгі час, не прадугледжаны літургіяй, чакаў з прычыны спеву альбо музыкі… Увогуле трэба лічыць вельмі сур’ёзным злоўжываннем, калі літургія ў сваіх функцыях пачынае выглядаць другаснай і нібыта прыслугоўвае музыцы, бо музыка з’яўляецца ўсяго толькі часткай літургіі і яе пакорнай служанкай”. Гэтае пытанне разглядаецца ў Пазіцыі № 9, “Цішыня і нячутнасць у надзвычайнай форме рымскага абраду”.

[28] Гэта было зроблена інструкцыяй Inter oecumenici (1964), 48 (c).

[29] Гэты прынцып быў прыменены да ўсяго Імшала інструкцыяй Inter oecumenici (1964), 48 (a). Гэта стварае тую самую праблему, пра якую мы казалі ў зносцы 27, бо скарачаецца час, даступны для выканання спеву, або падаўжаецца час, калі святар сядзіць у крэсле ці чакае пры алтары.

[30] Яго скасавала для ўсяго літургічнага года інструкцыя Inter oecumenici (1964), 48 (j).

[31] У Імшале 1962 года як цэлебрацыя сакрамэнту сужэнства, так і благаслаўленне попелу з пасыпаннем галоваў адбываюцца перад пачаткам Імшы, аднак у Імшале 1970 года яны знаходзяцца пасля Евангелля (і гаміліі).

[32] Выкарыстанне народных моваў у “дыялогавых формулах” і многіх іншых частках Імшы было дазволена на працягу ўсяго літургічнага года інструкцыяй Inter oecumenici (1964), 57 (c).

Пакінуць каментар

Scroll Up