18.12.2018 / А. Праспэр Геранжэ

А. Праспэр Геранжэ. “Літургічны год”. Таямніца Адвэнту🕑 9 хвілін

Цяпер, апісаўшы характэрныя рысы Адвэнту, што адрозніваюць яго ад астатняй часткі года, мы ўвойдзем у глыбокую таямніцу, якая займае думкі Касцёла падчас гэтага перыяду, і ўбачым, што гэтая таямніца прыйсця, або адвэнту, Езуса адначасова простая і патройная. Простая яна таму, што прыходзіць у ёй той самы Сын Божы; патройная ж яна таму, што Ён прыходзіць у тры розныя часы і трыма рознымі спосабамі.

“Падчас першага прыйсця, — кажа св. Бэрнард, — Ён прыйшоў у целе і слабасці, падчас гэтага сярэдняга — у сіле і духу, а падчас апошняга — у славе і велічы. Гэтае сярэдняе прыйсце — шлях, які вядзе ад першага да апошняга” [1].

У гэтым і заключаецца таямніца Адвэнту. Паслухаем жа, якім чынам гэтае патройнае прыйсце Хрыста апісвае ў сваім трэцім казанні на Адвэнт П’ер дэ Блуа: “Ёсць тры прыйсці нашага Пана: першае ў целе, другое ў душы, трэцяе на суд. Першае было апоўначы, як кажуць словы Евангелля: “А сярод ночы [2] ўзняўся крык: “Вось жаніх!” Але гэтае першае прыйсце ўжо даўно прайшло, бо Хрыста бачылі на зямлі, і Ён размаўляў з вялікай колькасцю людзей. Цяпер мы знаходзімся пасярод другога прыйсця, аднак толькі пры ўмове, што Ён можа прыйсці да нас, бо Ён сказаў, што, калі мы любім Яго, Ён прыйдзе да нас і паселіцца ў нас. Таму гэтае другое прыйсце для нас поўнае няпэўнасці, бо хто, акрамя Духа Божага, ведае тых, хто ад Бога? Тыя, хто ўздымаецца па-над сабою ў жаданні нябесных рэчаў, сапраўды ведаюць, калі Ён прыходзіць, аднак не ведаюць, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Што ж да трэцяга прыйсця, то яно, несумненна, здарыцца, аднак абсалютна незразумела, калі яно здарыцца. Бо няма нічога больш пэўнага за смерць і нічога менш пэўнага за гадзіну смерці. “Калі будуць гаварыць: «Спакой і бяспека», — кажа апостал, — тады неспадзяваная пагібель сустрэне іх, быццам пакуты парадзіху, і яны не ўцякуць”. Такім чынам, першае прыйсце было пакорным і схаваным, другое з’яўляецца таямнічым і поўным любові, трэцяе будзе велічным і страшным. У першым прыйсці Хрыстус быў несправядліва асуджаны людзьмі; у сваім другім прыйсці Ён робіць нас справядлівымі сваёй ласкаю; у трэцім Ён асудзіць усе рэчы справядліва. У першым прыйсці Ён быў Ягнём, у апошнім будзе Львом, а паміж гэтымі двума — найбольш пяшчотным з усіх сяброў” [3].

Таму падчас Адвэнту святы Касцёл у слязах і з гатоўнасцю чакае прыбыцця Езуса ў Яго першым прыйсці. Для гэтай мэты ён пазычае гарачыя словы прарокаў і дадае да іх свае ўласныя малітвы. Гэтыя ўздыханні Касцёла па Месіі з’яўляюцца не проста ўспамінам жаданняў старажытнага габрэйскага народа; яны рэальныя і эфектыўныя самі па сабе, яны ўплываюць на вялікі акт бясконцай шчодрасці Бога, у якой Ён даў нам свайго Сына. Спрадвеку малітвы старажытнага габрэйскага народа і малітвы хрысціянскага Касцёла ўзносіліся разам да прадбачлівага Божага слыху. І менавіта прыняўшы і выслухаўшы іх, Ён у вызначаны час спаслаў на зямлю расу, якая дала нам Збаўцу.

Касцёл таксама імкнецца да другога прыйсця, якое з’яўляецца наступствам першага і заключаецца, як мы толькі што бачылі, у наведванні Нявесты Жаніхом. Гэтае прыйсце адбываецца кожны год у свята Нараджэння Пана, калі новае нараджэнне Божага Сына вызваляе вернікаў ад путаў ярма, якім прыгнятае іх вораг [4]. Адпаведна, падчас Адвэнту Касцёл моліцца, каб яго наведаў Той, хто з’яўляецца яго Галавою і Жаніхом; каб наведаў яго ў іерархіі; каб наведаў яго ў членах, некаторыя з якіх жывуць, а некаторыя памерлі, аднак могуць зноў вярнуцца да жыцця; нарэшце, каб наведаў яго ў тых, хто не знаходзіцца ў еднасці з ім, і нават у самых няверуючых, каб яны навярнуліся да сапраўднага святла, якое свеціць нават і для іх. Выразы, якімі Касцёл просіць аб гэтым любячым і нябачным прыйсці, дакладна тыя ж, з якімі ён чакае прыйсця Езуса ў целе; бо абодва наведванні адбываюцца да тых самых людзей. Дарэмна прыйшоў бы Сын Божы васямнаццаць стагоддзяў таму дзеля наведвання і ўратавання чалавецтва, калі б Ён не прыходзіў зноў да кожнага з нас і ў кожны момант нашага жыцця, не прыносіў нам і не вырошчваў у нас звышнатуральнае жыццё, крыніцай якога з’яўляюцца Ён і Ягоны Дух Святы.

Аднак гэтым штогадовым наведваннем Жаніха Касцёл не задавольваецца; ён чакае трэцяга прыйсця, якое завершыць усе рэчы і адкрые брамы вечнасці. Ён ухапіўся за апошнія словы свайго Жаніха: “Так, хутка прыйду” [5] і ўсклікае да яго: “Прыйдзі, Пане Езу!” [6] Ён нецярпліва чакае, калі вызваліцца з цяперашняга часовага стану; ён чакае, калі напоўніцца лічба выбраных і калі ў нябёсах з’явіцца знак яго Збаўцы і яго Жаніха. Яго жаданні, выказаныя ў літургіі Адвэнту, даходзяць аж дасюль, і тут мы маем тлумачэнне словаў узлюбленага вучня ў ягоным прароцтве: “Настала вяселле Баранка, і падрыхтавалася жонка Ягоная” [7].

Аднак дзень Яго апошняга прыйсця да сваёй Абранніцы будзе страшным. Касцёл часта трымціць пры адной толькі думцы пра гэты жахлівы суд, у якім будзе выпрабавана ўсё чалавецтва. Ён кажа: “Гневу дзень і помсты хвілі, і свет гэты стане пылам — сведчаць так Давід з Сыбілай. Суд пачнецца справядлівы, свет залье наш плач тужлівы, нe схаваюць нас магілы”. Не тое каб Касцёл баяўся за сябе, бо ён ведае, што ў гэты дзень назаўсёды атрымае карону Хрыстовай Абранніцы; аднак яго мацярынскае сэрца трывожыцца ад думкі пра тое, што ў той самы дзень многія з яго дзяцей стануць па левую руку ад Суддзі і, не маючы ўдзелу з выбранымі, будуць звязаны па руках і нагах і кінуты ў цемру, дзе будзе вечны плач і скрыгатанне зубоў. Менавіта таму Касцёл у літургіі Адвэнту так часта кажа пра прыйсце Хрыста як пра жахлівае прыйсце і выбірае з Пісання тыя ўрыўкі, якія з найбольшай верагоднасцю выклічуць збавенны страх у розумах тых яго дзяцей, якія, магчыма, заснулі сном граху.

Гэта і ёсць патройная таямніца Адвэнту. У літургіі яна ўцелаўляецца ў дзвюх формах: па-першае, у малітвах, біблейскіх урыўках і падобных формулах, у якіх выкарыстоўваюцца пэўныя словы для перадачы тых пачуццяў, якія мы толькі што апісалі; па-другое, у знешніх абрадах, характэрных для гэтага святога часу, якія, прамаўляючы да знешніх пачуццяў, дапаўняюць выразны характар спеваў і словаў.

Перадусім трэба звярнуць увагу на колькасць дзён Адвэнту. Сорак — гэта лічба, якая была прынята Касцёлам ад пачатку, і яна дагэтуль захоўваецца ў амбразіянскай літургіі і ва Усходнім Касцёле. Хоць у пазнейшы перыяд Рымскі Касцёл і тыя, хто прыняў яго літургію, змянілі колькасць гэтых дзён, сама ідэя захоўваецца нават у тых чатырох тыднях, якія замяняюць першасныя сорак дзён. Новае нараджэнне нашага Адкупіцеля адбываецца праз чатыры тыдні, як і першае нараджэнне адбылося, паводле габрэйскай храналогіі і храналогіі Вульгаты, праз чатыры тысячы гадоў.

У Адвэнце, як і ў Вялікім посце, не цэлебруецца сакрамэнт сужэнства, каб зямная радасць не адцягвала ўвагу хрысціянаў ад тых сур’ёзных думак, якімі напаўняе іх чаканае прыйсце суверэннага Суддзі, або ад той радаснай надзеі, якую сябры Жаніха [8] маюць на хуткае запрашэнне на вечную шлюбную гасціну.

Цёмны колер убрання моцна нагадвае вернікам пра смутак, якім напаўняецца сэрца Касцёла. Па-за днямі святых выкарыстоўваецца толькі фіялетавы колер; дыякан не носіць далматыку, а субдыякан — туніку. Раней у некаторых месцах існаваў звычай выкарыстоўваць чорны колер. Гэтая жалоба Касцёла паказвае, наколькі поўна ён яднаецца з тымі сапраўднымі ізраільцянамі старажытнасці, якія ў мешкавіне і попеле чакалі Месію і аплаквалі Сіён, што страціў сваю прыгажосць, і Юду, ад якога адымецца жазло, “пакуль не прыйдзе той, якому яно належыць, і якога будуць слухацца народы” [9]. Гэты колер таксама сімвалізуе справы пакаяння, якімі Касцёл рыхтуецца да другога прыйсця, поўнага слодычы і таямніцы, якое адбываецца ў душах людзей адпаведна таму, наколькі яны прымаюць пяшчотную любоў Боскага Госця, Які сказаў: “Радасць мая з чалавечымі сынамі” [10]. Па-трэцяе, гэты колер выражае няўцешнасць Нявесты ў чаканні свайго Узлюбленага, Які доўга не прыходзіць. Як галубка, ён стогне ў сваёй адзіноце, чакаючы голасу Таго, хто скажа: “Прыйдзі з Лібана, нявеста, параніла ты сэрца маё” [11].

Таксама падчас Адвэнту, за выключэннем святаў, Касцёл прапускае анёльскі спеў “Gloria in excelsis Deo, et in terra pax hominibus bonae voluntatis”, бо гэтая хвалебная песня спявалася толькі ў Бэтлееме, над яслямі Боскага Дзіцяці. Анёлы пакуль не спяваюць, Дзева яшчэ не нарадзіла свой боскі скарб, яшчэ не час спяваць і нават не час казаць: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі”.

Зноў жа, напрыканцы Імшы дыякан не адпускае сабраны люд словамі “Ite, missa est”. Ён выкарыстоўвае іншы заклік: “Benedicamus Domino”, бо Касцёл быццам баіцца перапыніць малітвы свайго народу, якія наўрад ці могуць быць надта доўгімі падчас гэтых дзён чакання.

У тыя ж дні ў начной гадзіне Афіцыя святы Касцёл прапускае гімн праслаўлення “Te Deum laudamus”. У глыбокай сціпласці ён чакае найвышэйшага благаслаўлення, якое павінна сысці на яго, і тым часам ён асмельваецца толькі прасіць, маліць і спадзявацца. Аднак, калі прыйдзе слаўная гадзіна і пасярод найбольш цёмнай ночы раптоўна ўзыдзе над светам Сонца справядлівасці, тады Касцёл адновіць свой гімн падзякі, і на ўсім абліччы зямлі цішыня поўначы перарвецца радасным воклічам: “Каб жа выбавіць свет цэлы праз свае святыя раны, Сын Айца спрадвечны, цела Ты прыняў ва ўлонні Панны”.

Рубрыкі прадпісваюць, каб у будні Адвэнту напрыканцы кожнай кананічнай гадзіны некаторыя малітвы прамаўляліся на каленях і каб хор стаяў на каленях на працягу даволі вялікай часткі Імшы. У гэтым сэнсе практыка Адвэнту тая самая, што і ў Вялікім посце.

Аднак ёсць адна рыса, якою Адвэнт істотна адрозніваецца ад Вялікага посту: радаснае “Аллелюя”, слова радасці, падчас Адвэнту не скасоўваецца, хіба што раз ці два падчас будных дзён. Яно спяваецца на чатырох нядзельных Імшах Адвэнту і жыва кантрастуе з колерам убрання. У адну з гэтых нядзеляў — трэцюю — здымаецца забарона выкарыстання аргана, і ён можа нас радаваць сваім велічным гукам, а замест фіялетавага ўбрання можна выкарыстоўваць ружовае. Гэтыя намёкі на радасць, перамешаныя са святой журбою, вельмі выразна кажуць нам, што Касцёл яднаецца са старажытным народам Божым у малітве аб прыйсці Месіі (такім чынам аддаючы доўг, які ўсё чалавецтва павінна справядлівасці і міласэрнасці Бога), аднак у той жа час ён не забываецца, што Эмануэль ужо прыйшоў да яго, што Ён знаходзіцца ў Касцёле і што нават перад тым, як Касцёл адкрые вусны, каб папрасіць Пана збавіць яго, ён ужо адкуплены і прадвызначаны для вечнага яднання з Ім. Менавіта таму “Аллелюя” суправаджае ўздыханні Касцёла, і ён адначасова выглядае сумным і радасным у сваім чаканні надыходу той святой ночы, якая будзе больш яркай за самыя сонечныя дні і якая ўзнясе радасць Касцёла над яго смуткам.

[1] Св. Бэрнард. Пятае казанне на Адвэнт Пана.

[2] У Вульгаце: “media nocte”, апоўначы. — Заўв. перакл.

[3] П’ер дэ Блуа. Трэцяе казанне на Адвэнт.

[4] Калекта на Божае Нараджэнне.

[5] Ап 22:20.

[6] Там жа.

[7] Ап 19:7.

[8] Ян 3:29.

[9] Быц 49:10.

[10] Прып 8:31.

[11] Пп 4:8-9.


Аўтар: а. Праспэр Геранжэ (1805–1875), французскі святар, бенедыктынец, заснавальнік і абат Салемскага абацтва, адраджальнік манаскага жыцця пасля Французскай рэвалюцыі.
Выданне: Dom Prosper Guéranger, “The Liturgical Year”, Vol. 1: Advent, 2nd Ed., trans. Dom Laurence Shepherd, Dublin: James Duffy, 1870.
Ілюстрацыйнае фота: СС0.

Пакінуць каментар

Scroll Up